nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ДА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ АЎТАКЕФАЛІІ (Ч.4)

29 мая, 2006 | Няма каментараў

(з выданьня “Голас Царквы беларускай”, 2006 г., №24)

На падставе агульнага духоўнага пісьма мітрапаліта Антона і япіскапа Макара Хараненкі ў 1991 годзе архіяпіскап Саратаўскі і Вольскі Пімен пры саслужэнні яшчэ аднаго япіскапа здзейсніў хіратонію айца Пятра Гушчы ў япіскапы. Хіратонія адбылася ў Свята-Траецкім кафедральным саборы горада Саратава. Такім чынам уладыка Пётр заняў мейсца супачылага ўладыкі Макара і права звацца япіскапам Полацкім і Наваградскім, месцаахоўнікам мітрапалітавага пасаду.

У час гэтак званай перабудовы БАПЦ на Бацькаўшчыне рабіла неаднаразовыя спробы рэгістрацыі сваіх прыходаў, але ўлады БССР у вельмі рэзкай форме адмаўлялі ў гэтым. Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква на Бацькаўшчыне таксама неаднаразова імкнулася дамагчыся аб’яднання з дзвюма замежнымі галінамі БАПЦ, якія базуюцца ў Злучаных Штатах Амерыкі і Канадзе. Але ейныя мітрапаліты Мікалай (Канада) і Ізяслаў (ЗША) адмовілі ў гэтым, спаслаўшыся на тое, што БАПЦ у Беларусі ня мае дзяржаўнай юрыдычнай рэгістрацыі, і паставілі ўмовы, што калі прыходы БАПЦ у Беларусі будуць зарэсітраваныя ў Міністэрстве юстыцыі, дык тады і пойдзе размова пра аб’яднанне. Бачачы немагчымасць свайго ўз’яднання з БАПЦ у замежжы, Кансысторыя БАПЦ на Бацькаўшчыне пачала ладзіць супрацоўніцтва з Амерыканскім Сусветным Патрыярхатам, на чале якога стаіць патрыярх Юры Рыжы, сапраўдны патрыёт Бацькаўшчыны.

Улады РБ, заўважыўшы няўхільны рост аўтарытэту БАПЦ сярод патрыятычна арыентаваных праваслаўных, пачалі весці супраць яе барацьбу. Абапіраючыся на сваіх агентаў у ЗША і засылаючы правакатараў у шэрагі самой Царквы ў Беларусі, улады ставілі на мэце раз’яднанне Царквы і яе распад. Цяпер супраць БАПЦ вядзецца раз’юшаная вайна самымі бруднымі метадамі, у якой удзельнічаюць як антынародныя ўлады РБ, так і Беларускі Экзархат Расейкай Праваслаўнай Царквы.

Так, асабліва добра царкоўныя справы ішлі ў вёсцы Строчычы пад Менскам. Богаслужбы праводзіліся ў царкве на тэрыторыі музея драўлянага дойлідства, якім кіруе спадар Ткацэвіч. Але праз некаторы час тагачасны міністр культуры Сасноўскі забараніў набажэнствы.

Вельмі моцныя пазіцыі мела БАПЦ у 1996-98 гг. у г.Ліда, дзе прыход святога Панцеляймона аб’ядноўваў амаль усіх праваслаўных вернікаў горада і наваколля, дзякуючы дзейнасці светлай памяці айца Васіля Мялешкі.

Трэба адзначыць і тое, што вялікую падтрымку БАПЦ аказваў айцец Уладзіслаў Чарняўскі з Вішнева, вялікі патрыёт нашай Айчыны, перакладчык Бібліі на беларускую мову.

Некаторы час у Сёмкава-Гарадоцкім прыходзе плённа працавалі святары Аляксандр Шымбалёў і Аляксандр Шчагалюцін, якіх улады прымусілі перайсці ў Расейскую Праваслаўную Царкву.

У 1997 годзе па абвінавачванні ў хуліганстве быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі япіскап Пётр Гушча. Цяпер яму даводзіцца дзейнічаць у глыбокім падполлі, пазбягаючы арышту. БАПЦ вельмі ўдзячная той маральнай і матэр’яльнай падтрымцы, якую аказвала Украінская Лютаранская Царква ў справе абароны япіскапа Пятра пад час судовага пераследу. Асабістая падзяка япіскапу УЛЦ Вячаславу Гарпінчуку.

Дзякуючы Богу і з дабраславення ўладыкі Пятра (Гушчы) пры грашовай дапамозе шчырага патрыёта Фёдара Леанідавіча Казміровіча ў 2000 годзе было выдадзена Явангелле ў перакладзе айца Ў.Чарняўскага.

Далей улады пачалі жорстка разганяць набажэнствы, якія ладзіць БАПЦ, а святароў і актывістаў штрафаваць. Працягваюць гэта рабіць і зараз.

На нашу думку, цяперашні ўрад РБ па сваёй сутнасці з’яўляецца антынацыянальным, антыбеларускім, бо аказвае ўсебаковую падтрымку іншаземнай Расейскай Праваслаўнай Царкве, якая была занесена ў нашу краіну на штыхах расейскай акупацыйна-імперскай арміі 200 гадоў таму і якая займаецца русіфікацыяй беларускага народу.

На 2004 год у юрысдыкцыі БАПЦ у Беларусі налічвалася 12 прыходаў і груп. У сучаснай палітычнай сітуацыі ў Беларусі БАПЦ ня мае магчымасці развівацца больш хуткімі тэмпамі.

Трэба сказаць, што цікавасць да дзейнасці БАПЦ узрастае ў асяроддзі беларусаў замежжа. І хаця ня ўсё там адбываецца толькі станоўчае [прыклады разбуральнай дзейнасьці расейскіх спецслужбаў на гэтым полі будуць прадастаўлены пазьней – Рэд.], мы – прадстаўнікі Беларускай Аўтакефаліі на Бацькаўшчыне – з вялікай зацікаўленасцю назіраем за дзейнасцю япіскапа БАПЦ на эміграцыі Васіля (Касцюка), высвячанага мітрапалітам Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Мяфодзіем у Цярнопалі.

Спадзяёмся, што пройдзе некаторы час і ўсе галіны Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы аб’яднаюцца і будзе ўтворана адзіная моцная Царква, якая атрымае падтрымку як з боку сапраўднага беларускага святарства, так і з боку шырокіх колаў беларускага грамадства і, нягледзячы на цяжкасці, здолее стаць сапраўды нацыянальнай Царквой Беларусаў!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы