Сярод значных фігур беларускай апазіцыі сябрам рэдакцыі вядомы, у тым ліку асабіста, два чалавекі, стаўленьне да якіх у нас, мякка кажучы, неадназначнае. З аднаго боку гэта людзі, якія з’яўляюцца несумніўнымі беларускімі патрыётамі й інтэлектуаламі, а з другога боку ў іх такія характары, што… “зварыць зь імі агульную кашу” практычна немагчыма. Гэтыя людзі – Зянон Пазьняк і Вячаслаў Сіўчык. Нягледзячы на дадзеную супярэчнасьць, рэдакцыя сайта будзе распаўсюджваць матэрыялы, створаныя і гэтымі асобамі, у такой ступені, у якой яны будуць спрыяць зьдзяйсьненьню АБ’ЕКТЫЎНЫХ ІНТАРЭСАЎ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ. Асабліва гэта будзе адбывацца тады, калі іх пазіцыя супадае з прынцыповымі поглядамі сябраў рэдакцыі амаль што абсалютна.
Рэдакцыя.
ВЕРА I ПАЛІТЫКА
Мы, беларусы, — хрысьціянскі народ. Гісторыя нашай веры драматычная. Мы перанялі ўсходняе Хрысьціянства ад Грэцыі цераз Балгарыю і Сербію. Аднак Беларусь не была Ўсходам і на працягу ўсёй гісторыі, ад часоў заснаваньня моцнай дзяржавы, — Вялікага Княства Літоўскага — змагалася з усходняй дэспотыяй, якая называлася спачатку Залатой Ардой, затым Маскоўшчынай, потым — Расеяй. (“Мы на самым краі Хрысьціянства”, — пісаў Мікола Гусоўскі.) У барацьбе з Усходам і ў змаганьні з Расеяй — увесь зьмест нашай тысячагадовай гісторыі.
Тут канфлікт цывілізацыяў, і Беларусь — на падзельнай мяжы. Гэта не магло не ўплываць на нашу веру. Усходняя імпэрыя, што ваявала супраць нас, таксама пераняла Хрысьціянства з Усходу і, узмацніўшыся, пачала выкарыстоўваць рэлігійную ідэнтычнасьць у сваіх палітычных інтарэсах.
Гэта спрыяла таму, што найбольш актыўныя беларускія вярхі, змагаючыся з Масквой, зьмянялі ўсходні абрад на заходні, адсякаючы маніпуляцыі ўсходняга непрыяцеля. Але гэта не палепшыла становішча.
У XVI стагоддзі, у часы распаўсюджаньня пратэстанцызму ў Эўропе, частка беларускай арыстакратыі прыняла пратэстанцтва і паспрабавала кансалідаваць народ на падставе моднага тады кальвінізму. 3 гэтага нічога не атрымалася. Беларускае грамадзтва рабілася ўсё больш шматканфэсійным і індэферэнтным.
Аднак у самым канцы XVI стагоддзя ўдалося ажыцьцявіць вялікую кансалідацыйную ідэю: заключыць Царкоўную Вунію паміж Усходнім і Заходнім Хрысьціянствам на Беларусі.
Цяпер, гледзячы здалёку, трэба прызнаць, што гэта была найвялікшая падзея ў беларускай гісторыі. Праз няпоўныя 200 гадоў Вунія, культурна і духоўна, скансалідавала беларускае грамадзтва і заклала падваліны пад будучыню беларускай нацыі, найглыбейшым чынам паўплывала на беларускае сакральнае мастацтва, вобразную творчасьць і сьведамасьць беларусаў. Вунія дала ў рукі беларусам пастаянны і натуральны абаронны шчыт перад разбуральнай і рэлігійнай па форме агрэсіяй усходняй імпэрыі.
У канцы XVIII стагоддзя, перад разборамі Рэчы Паспалітай, беларускае хрысьціянскае насельніцтва складалася з 80 адсоткаў вуніятаў, 5-ці адсоткаў праваслаўных і 15-ці адсоткаў каталікоў.
У першай палове XIX стагоддзя расейцы, захапіўшы Беларусь, расправіліся з Вуніяй. Было забіта і замардавана тысячы беларусаў, вуніяцкіх сьвятароў і вернікаў, спаленыя тысячы беларускіх кніг, абразоў, твораў мастацтва, пазачыняныя і разбураныя вуніяцкія школы, кляштары і сьвятыні, зачынены Віленскі ўнівэрсітэт. Генацыд беларусаў ажыцьцяўлялі спэцыяльныя расейскія карныя атрады з казакаў. Падзеі зьдзеку над беларускім насельніцтвам, людабойства і вымардаваньне веры апісаныя часткова ў “Актах пакутніцкай Вуніі”, выдадзеных яшчэ ў XIX стагоддзі на польскай мове. Аднак самы беларусы гісторыі гэтага страшнага вынішчэньня яшчэ не напісалі.
* * *
У сярэднявеччы, за часы існаваньня феадальных дзяржаваў, веравызнаньне мела вялікае значэньне для кансалідацыі грамадзтва. Новы час прынёс новыя, ужо не рэлігійныя, а нацыянальныя ідэі кансалідацыі і запатрабаваў новую форму дзяржаўнасьці, заснаванай не на феадальным праве і ўласнасьці, а на волі нацыі.
Аб’яднаўчым, сьведамым ідэйным чыньнікам нацыянальнага грамадзтва зьяўляецца ўжо не рэлігія, як раней, а нацыянальная культура і, перш за ўсё, — нацыянальная мова, нацыянальная літаратура і нацыянальны тэатр.
Пытаньне канфэсійнасьці на Беларусі перастала быць прыярытэтным. Да стварэньня сваёй новай нацыянальнай дзяржавы ў пачатку 1918 года, беларускае грамадзтва прыйшло шматканфэсійным.
Шматканфэсійнасьць паглыбілася ў ХІХ-ХХ стагоддзях, перш за ўсё, з прычыны палітычных дзеяньняў непрыяцеля ў Беларусі. Аднак гэта ўжо не зьмяніла і не аслабіла культурнага адзінства беларускага народу (як таго спадзяваліся з Усходу і Захаду).
На сёньняшні дзень беларускае грамадзтва складаецца з чатырох, прыкладна роўных групаў людзей, якія так ці інакш згуртаваныя альбо зьвязаныя з каталіцкім ды вуніяцкім касьцёлам, праваслаўнай (артадаксальнай) царквой*, пратэстанцкімі абшчынамі і сьвецкім атэізмам (бязбожніцтвам). Апошняя група не зьяўляецца канфэсіяй. Але яна ў рэальнасьці, бадай, ці не найбольшая, хоць адкрыта сябе не выяўляе і прыстасоўваецца да абставінаў. (Камунізм не мінае бяссьледна.)
* * *
У другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі на Беларусі аднавіўся рух беларускага Адраджэньня, тады былі адроджаныя і прынцыпы нацыянальнай кансалідацыі грамадзтва, разбураныя рускімі камуністычнымі калянізатарамі.
Галоўнымі фактарамі адраджэнскай кансалідацыі грамадзтва ў барацьбе за свабоду былі БЕЛАРУСКАЯ МОВА І КУЛЬТУРА, САЦЫЯЛЬНАЯ СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ, ЭКАНАМІЧНАЯ ЎЛАСНАСЬЦЬ І НЕЗАЛЕЖНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА.
Адначасна Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” сфармуляваў палітычныя дачыненьні да рэлігіі і канфэсійных групаў насельніцтва. Фронт прызнае свабоду сумленьня і паважае рэлігійныя традыцыі беларускага народу. За агульны кансалідацыйны чыньнік нацыі бярэцца БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І БЕЛАРУСКІЯ ІНТАРЭСЫ, РЭАЛІЗАВАНЫЯ Ў БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЗЯРЖАВЕ. 3 гэтага гледзішча, беларускія адраджэнцы раўназначна станоўча адносяцца да ўсіх беларускіх хрысьціянскіх канфэсіяў і да нехрысьціянскіх канфэсійных мяншыняў, прызнаюць свабоду сумленьня, у тым ліку, і права на невызнаньне ніякай рэлігіі (але гэта не ўхваляецца). Беларуская дзяржава, якой будуць кіраваць беларусы-адраджэнцы, ня стане перасьледваць атэістаў, але дзяржаўная палітыка мусіць быць скіраваная на стварэньне ўмоваў, для разьвіцьця каштоўнасьцяў Хрысьціянства, высокага ўзроўню ГРАМАДЗКАЙ МАРАЛІ І МАРАЛЬНАЙ АСОБЫ ЧАЛАВЕКА.
Акупацыйныя ўлады ў Беларусі, якога б ідэалягічнага кшталту яны ні былі, заўсёды аддавалі прыярытэт той канфэсіі, якая зьяўлялася пераважнай у іхняй краіне. Яны стараліся, перш за ўсё, падпарадкаваць беларускія канфэсіі пад іерархію акупацыйнай дзяржавы. Нават рускія бальшавікі-бязбожнікі, зьнішчаючы ўсё рэлігійнае, тым ня менш апасродкавым чынам аддавалі перавагу праваслаўнай царкве. (Асабліва ў апошнія часы існаваньня СССР.)
Немалаважнае значэньне ў растлумачэньні такога дзіўнага, на першы погляд, прыярытэту бальшавікоў, мела “кагэбізацыя” рускай праваслаўнай царквы. У 1929 годзе, пры Патрыярху Сергію, бальшавікі зламалі супраціўленьне праваслаўнага кіраўніцтва, і рускае кіруючае праваслаўе (нясучы адначасна страты ў людзях і ў веры) пайшло на супрацоўніцтва з камуністамі і НКВД. Чэкісты НАПРАСТКІ ЗАСЫЛАЛІ СВАЕ КАДРЫ Ў ДУХОЎНЫЯ СЭМІНАРЫІ І АКАДЭМІІ, У СТРУКТУРЫ ПРАВАСЛАЎЯ і, пры спрыяньні патрыярхаў, хутка кагэбізавалі іерархію рускай праваслаўнай царквы, ператварыўшы яе ў своеасаблівы аддзел КГБ.
Тут зазначу, што РУСКАЯ ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА БЫЛА ПАДПАРАДКАВАНАЯ ДЗЯРЖАВЕ І СТРАЦІЛА САМАСТОЙНАСЬЦЬ ЯШЧЭ Ў ПАЧАТКУ XVIII СТАГОДДЗЯ, пры цары Пятры-шалёным (як называлі яго беларусы).
У XIX стагоддзі ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА ЎЖО Ў ЗНАЧНАЙ СТУПЕНІ ЗЬВЯЗАНАЯ З ПАЛІЦЫЯЙ І ПЕРАТВАРЫЛАСЯ Ў ВЫРАБЛЕНУЮ ЗБРОЮ РУСКАГА САМАДЗЯРЖАЎЯ, КАЛЯНІЯЛЬНАГА ЎЦІСКУ І ІМПЭРСКАЙ ЭКСПАНСІІ.
Пасьля распаду СССР і савецкай сістэмы сацыялізму, палітычная ўлада вышэйшага праваслаўнага клеру павялічылася. КАГЭБІЗАВАНАЕ ПРАВАСЛАЎЕ СТАЛА ІМІТАВАЦЬ ДЗЯРЖАЎНУЮ ІДЭАЛЁГІЮ КАГЭБІЗАВАНАЙ РАСЕІ. На праваслаўныя сьвяты кіраўнікі Крамлю (былыя бязбожнікі і энкавэдзісты) выстройваюцца ля алтара са сьвечкамі ў правай руцэ. Патрыярх Маскоўскі Алексій II (ён жа генерал КГБ Рыдзігер, агентурная клічка “Дроздов”) неаднаразова “БЛАГОСЛАВЛЯЕТ” ГЕНАЦЫД У ЧАЧЭНІІ І ВЫНІШЧЭНЬНЕ ЧАЧЭНЦАЎ, УХВАЛЯЕ ВАЙНУ, УЗНАГАРОДЖВАЕ БЯЗБОЖНІКА ЛУКАШЭНКУ ПРАВАСЛАЎНЫМ ОРДЭНАМ, ВЫСТУПАЕ ІНІЦЫЯТАРАМ І ПРАВОДЗІЦЬ КАНАНІЗАЦЫЮ (ПРЫЛУЧЭНЬНЕ ДА АБЛІЧЧА СЬВЯТЫХ) АДНАГО З НАЙБОЛЬШЫХ ЗЛАЧЫНЦАЎ ХХ-ГА СТАГОДДЗЯ — РУСКАГА ЦАРА МІКАЛАЯ II (“КРЫВАВАГА “). * *
* * *
Пасьля заняцьця Беларусі савецкім войскам ў 1944 годзе, ізноў была адноўленая ўлада маскоўскага патрыярхату над праваслаўнымі беларусамі.
Але беларусы бачылі, што такое маскоўская царква. Як і ў ранейшыя часы, адбываўся адплыў да пратэстантызму, хоць пратэстанцкія абшчыны за саветамі надзвычай жорстка перасьледвалі. (Вернікаў не ўладкоўвалі на працу, выдумвалі штучныя абвінавачваньні, судзілі ды ссылалі, зьдзекваліся над дзецьмі, вялі шалёную прапаганду, прыдумвалі дзікія небыліцы, распальвалі нянавісьць да пратэстантаў і г.д.)
Прычыны такіх асабліва жорсткіх адносінаў бальшавікоў да пратэстантаў былі палітычныя. ГЭТЫЯ ВЕРНІКІ ВЫПАДАЛІ З-ПАД КАНТРОЛЮ КГБ. Каталіцкі касьцёл бальшавікі прыгаварылі на фізічнае выміраньне, перакрыўшы ўзнаўленьне кадраў сьвятароў (стары ксёндз паміраў і касьцёл зачыняўся, парафія зьнікала). Праваслаўе кагэбісты кантралявалі поўнасьцю праз свае кадры і сэмінарыі, а вось з пратэстанцтвам нічога не атрымлівалася.
Інфільтраваць яго агентурай было значна цяжэй. Пратэстанцкія абшчыны складаліся ў асноўным з простых беларусаў, на якіх бальшавік, акрамя страху, практычна ня меў ніякага ўплыву.
Такая ж сітуацыя засталася і цяпер, у час аднаўленьня на Беларусі расейскага нэакаляніялізму. Рэжым Лукашэнкі зразумеў, што паставіць сабе на службу беларускіх пратэстантаў (ці хоць бы часткова нэўтралізаваць, як каталіцкі касьцёл) яму ня ўдасца. Таму рэакцыя супраць пратэстантаў грубая і тыпова кагэбоўская: дыскрэдытацыя, пагрозы, паклёп і т.п. Імкнуцца запалохаць вернікаў.
Аднак за ўсім гэтым стаіць “стратэгічная” задача расейскага гэбізму: ВЫКЛІКАЦЬ У БЕЛАРУСІ НЯНАВІСЬЦЬ ПА КАНФЭСІЙНАЙ ПРЫКМЕЦЕ, СПРАВАКАВАЦЬ КАНФЛІКТЫ НА РЭЛІГІЙНАЙ ГЛЕБЕ І ПОТЫМ “КАМАНДАВАЦЬ ПАРАДАМ” — лавіць рыбу ў мутнай вадзе.
200 гадоў працуюць рускія спэцслужбы над гэтай мэтай у Беларусі. Што толькі ні прыдумвалі: і “чорныя сотні”, і каталажкі, але так нічога і не атрымалася. I не атрымаецца. Я гэта кажу ўпэўнена, бо ведаю беларусаў.
* * *
Калі мы гаворым пра беларускае хрысьціянства, беларускае праваслаўе, беларускае каталіцтва ці беларускае вуніяцтва, то мы, вядома ж, разумеем, што Хрысьціянства ёсьць адзіным, і мы ня маем на ўвазе нейкую яго выключнасьць у Беларусі ці выпаданьне з агульнай сусьветнай дарогі Веры. “Беларускае” абазначае тое, што НЯ МУСЯЦЬ БЕЛАРУСКІМІ ВЕРНІКАМІ І ГРАМАДЗЯНАМІ БЕЛАРУСІ КІРАВАЦЬ З ЗАМЕЖНЫХ ЦЭНТРАЎ ПАТРЫЯРХІ-ГЭБІСТЫ ЧУЖОЙ ДЗЯРЖАВЫ І ЛЕЙТЭНАНТЫ Ў СУТАНАХ. Гэта супярэчыць НАШЫМ НАЦЫЯНАЛЬНЫМ ІНТАРЭСАМ.
Павінна быць так, як у вольных людзей, як у іншых вольных краінах Эўропы і як некалі ў нас было. БЕЛАРУСКАЙ ЦАРКВОЙ ПАВІННЫ КІРАВАЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ПЕРШАЕРАРХІ, КАРДЫНАЛЫ І БІСКУПЫ. Хопіць акупацыі.
Аддзяленьне царквы ад дзяржавы абазначае, што царква не зьяўляецца дзяржаўным інстытутам улады і не выконвае функцыяў дзяржаўнай улады. Юрыдычна ЯНА ЗНАХОДЗІЦЦА НА ПРАВАХ ГРАМАДЗКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ І ПАДЛЯГАЕ ЎСІМ ДЗЯРЖАЎНЫМ ЗАКОНАМ.
Царква ня мае такога юрыдычнага статусу, каб займацца кантрабандай, гандляваць цыгарэтамі ды гарэлкай, вывешваць сьцягі чужых дзяржаваў у алтарах і кіравацца антыбеларускай справай. Могуць быць прынятыя спэцыяльныя законы па канфэсіях, але яны павінны адпавядаць Канстытуцыі краіны.
* * *
Калі зазірнуць далей у будучыню вольнай Беларусі, у той час, калі мы адновім наш Беларускі дом і наш Беларускі Храм, калі будзем мець Беларускі нацыянальны ўрад, Беларускае кіраўніцтва і Беларускі друк, калі мы вернем дзяржаўнасьць Беларускай мовы і станем, нарэшце, сапраўднымі гаспадарамі ў сваёй краіне, то будучыня Беларускага Хрысьціянства ўяўляецца мне вельмі добрай. Зарукай таму зьяўляецца памяркоўнасьць і разумнасьць нашых людзей. Беларус ня любіць варагаваць з суседам і з усімі імкнецца жыць мірна.
Распаўсюджаная зьява на Беларусі, калі ў адным мястэчку, дзе людзі ведаюць адзін аднаго, стаіць касьцёл, царква і частка жыхароў — пратэстанты. Аднак няма канфліктаў. Усё функцыянуе нармальна, людзі супрацоўнічаюць, працуюць, жэняцца і выходзяць замуж у межах насельніцтва, а не канфэсіяў.
ТАКІЯ ДАЧЫНЕНЬНІ ВЫПРАЦАВАНЫЯ СТАГОДДЗЯМІ І ЗЬЯЎЛЯЮЦЦА АСАБЛІВАСЦЮ БЕЛАРУСАЎ. Палітыканы чужых дзяржаваў увесь час хацелі ўшчыміцца ў гэтыя асаблівыя людзкія дачыненьні беларускага грамадзтва і навесьці свае парадкі. Безумоўна, што яны нарабілі шкоды, але, у прынцыпе, нічога не дамагліся. I не дамогуцца. Жыцьцёвая сіла людзкага адзінства беларусаў мацнейшая за наносную нянавісьць палітычных маніпулятараў.
Я лічу, што мы, беларусы, павінны вельмі шанаваць і мацаваць нашую людзкую памяркоўнасьць у канфэсійных дачыненьнях паміж сабой. Бо гэтая добрая рыса ёсьць псіхалягічнай асновай нашага культурна-нацыянальнага адзінства. А ўвогуле, калі падумаць глыбей, гэта ёсьць рыса духоўнай велічы беларусаў, падстава да сапраўднай дэмакратыі, моцы і вышыні будучай вольнай беларускай дзяржавы. ГЭТАЯ ВЕЛІЧ БЕЛАРУСІ САПРАЎДЫ БУДЗЕ, БО ЯНА ЎЖО САПРАЎДЫ БЫЛА І ПАКІНУЛА НАМ ПРАЗ ВЯКІ НАЙВЯЛІКШАЕ БАГАЦЬЦЕ — ЗДОЛЬНЫ, ПРАЦАВІТЫ, ПАМЯРКОЎНЫ І МІРНЫ НАРОД.
*******************************************
* У Беларусі з XIX стагоддзя, у выніку расейскай акупацыйнай палітыкі, усталявана кіраўніцтва (юрысдыкцыя) Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ). Беларуская Праваслаўная Царква дзейнічае ў эміграцыі.
** Нагадаю, што рускі цар-алькаголік Мікалай II асабіста аддаў загад расстраляць 9-га студзеня 1905 года мірнае шэсьце людзей, якіх з іконамі і царкоўнымі харугвамі прывёў да царскай рэзыдэнцыі ў Пецярбургу праваслаўны поп-правакатар Гапон. Было забіта 1118 чалавек. У гісторыі гэтая трагічная падзея вядомая пад назвай “крывавая нядзеля”. Цара Мікалая II, пасьля гэтага расстрэлу, назвалі “крывавым”. Ніколі не было ні скрухі, ні пакаяньня ў гэтага чарговага страшнага і апошняга рускага цара. I тое, што бальшавікі па-бандыцку без суда расстралялі яго разам з сям’ёй, выглядае як Боская кара забойцу сотняў людзей. Тут усё сімвалічна, нават, што суда не было. Бо такіх чакае Боскі Суд. Я ўжо не ўспамінаю тут пра жонку цара ды Распуціна, ды пра ўвесь гэты вядомы ў гісторыі бруд. Праз 80 гадоў нашчадкі камісараў у сутанах аб’яўляюць “сьвятым”… забойцу нявінных людзей.
Зянон ПАЗЬНЯК, “Беларускія Ведамасьці”, 2001, № 8 (38)
Паводле сайта: http://www.zianonpazniak.de