Антон Шукелойць – кіраўніка Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня на эміграцыі – разважае пра падзеі 1930-1940-х гадоў, якія і так перакручаныя, але яшчэ і сфальшаваныя, замоўчаныя ворагамі Беларусі.
З. Пазьняк: Як утварылася Беларуская Аўтакефальная царква ў 1942 годзе? Якія былі дзеяньні, дзеячы, як гэта рабілася і што выканкрэтна самы бачылі ў той час?
А. Шукелойць: Я думаю, што Рада БНР у Першую Сусьветную вайну мела на ўвазе аднаўленьне дзейнасьці Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы. Таксама, як і стварэньне беларускай адміністрацыі каталіцкай царквы і свабоды для іншых веравызнаньняў. У сувязі з гэтым, ужо пры бальшавіках (гэта значыць у Беларускай ССР, на пачатку ейнага існаваньня, у часы так званага НЭПу і беларусізацыі) была адноўленая Беларуская Аўтакефальная царква зь мітрапалітам Мэльсіхадэкам на чале. Было некалькі япіскапаў.
Незадоўга пасьля гэтага аднаўленьня бальшавікі (бачачы небясьпеку для Расейскай праваслаўнай царквы) арыштавалі мітрапаліта Мэльсіхадэка і царкоўных дзеячоў, асабліва япіскапаў, а потым і сьвятарства. Гэтак ужо недзе ў канцы 30-х гадоў упала гэтая Аўтакефальная царква ў савецкай Беларусі.
Да прыходу немцаў на тэрыторыі БССР не было ніякай царкоўнай арганізацыі, не было легальна адчыненых цэркваў. У Менску не было ні адной дзейнай праваслаўнай, ані каталіцкай царквы. (Гэта значыць, перад 1941-м годам.)
Немцы ў Менск прывезьлі аднаго праваслаўнага “бацюшку” — Уладзімера Фінкоўскага (маладога сьвятара, па паходжаньні — зь беларускай праваслаўнай сям’і на Ашмяншчыне, з Гальшанаў). Ягоная цётка, а таксама дачка цёткі (ведамыя мне йшчэ з часоў майго перабываньня ў школьніцтве) абедзьве былі настаўніцамі. Так што ведамая беларуская сям’я (праўда, з такім расейскім душком). Вось гэты айцец Фінкоўскі і стаў першым праваслаўным сьвятаром у Менску.
У Менску, недзе на пэрыферыі, былі чатыры манашкі, якіх бальшавікі не саслалі. Яны ім былі патрэбныя (шылі коўдры для бальшавіцкіх камісараў). Вось гэтыя манашкі і прыйшлі ў сваю царкву, што за пляцам Волі…
З. Пазьняк: Царква знаходзілася на цяперашняй вуліцы Інтэрнацыянальнай (раней, у 17-м стагоддзі — Зборавая, пры расейцах у 19-м стагоддзі — Прэабражэнская). Гэтая царква называлася таксама Прэабражэнская. Пры цары яна была пераробленая з былога Бенедыктынскага касьцёла кляштару Бенедыктынак.
У 1978 г. мне акурат удалося зрабіць археалягічныя раскопкі гэтага кляштару, які ў 1960-м годзе ўзарвалі саветы.
А. Шукелойць: Так, гэта помнік гісторыі. Манашкі вярнуліся тады ў гэтую царкву. Яна была ня вельмі вялікая, адна такая заля, якая скарыстоўвалася для нейкага спартовага клюбу, і дзеля гэтага тут нічога ня трэба было спэцыяльна рабіць. Проста прышлі ў гэтую залю. Там збудавалі часовы іканастас, атрымаўшы іконы зь Беларускага музэю. Гэта тады мяне йшчэ там не было, кіраўніком тады быў Габрыель Віер, які ім выдаў патрэбныя іконы і патрэбны ўтвар (дараносіцы, дарахавальніцы і інш.).
Вось гэты айцец Уладзімер Фінкоўскі і пачаў тут сваю місійную працу з тымі чатырмя манашкамі.
З. Пазьняк: У якой мове пачаў?
А. Шукелойць: Па-мойму, у беларускай мове. Адміністрацыя (на чале з доктарам Тумашам) тады ўжо ў аснаўным была беларуская, так што ў царкве гучэла царкоўнаславянская мова, а ў якой ён мове пропаведзі гаварыў… Шчыра кажучы, я там ня быў і ня чуў. Магу толькі меркаваць.
Палажэньне ў Менску было такое, што засталіся толькі дзьве царквы (наагул цэрквы былі моцна зьнішчаныя). Так быў падарваны на пляцы Волі Kатэдральны сабор (у 1936 г.), другі сабор Чыгуначны, за Домам ураду, быў падарваны таксама. Вельмі ў дрэнным стане, пераробленая на чатыры паверхі, была Жоўтая так званая царква на Ніжнім Рынку.
Словам, палажэньне было даволі дрэннае для праваслаўных, і тады горад адступіў для праваслаўнай царквы будынак былога Францішканскага каталіцкага манастыра і будынак касьцёла Бэрнардынак, які скарыстоўваецца цяпер як Kатэдральны сабор.
Пасьля незадоўга прыехала ў Менск група маладых праваслаўных сьвятароў, гадунцоў Варшаўскай духоўнай акадэміі. Вось такім першым быў айцец Іаан Kушнер, што заняў царкву на Вайсковых могілках. Вельмі сімпатычны сьвятар. Потым недзе ў 1943-м ці 1942-м ён наехаў на міну і загінуў.
Другі прыехаў айцец Мікалай Лапіцкі, які заняў Чыгуначную капліцу (Чыгуначная царкоўка малая). Чыгуначнікі мелі невялікую царкву, па-мойму, нават дзераўляную, на пляцы, што між унівэрсітэтам і чыгункай.
Так што былі ўжо тры царквы: Прэабражэнская, царква на Вайсковых могілках на Даўгабродзкай вуліцы (яна была ў даволі добрым стане, там нічога перарабляць ня трэба было, быў нават захаваны іканастас) і тая Чыгуначная.
Іншыя будынкі царкоўныя прыходзілася аднаўляць (перарабляць). Наступным будынкам, які рыхтавалі для карыстаньня — гэта была Жоўтая царква на Ракаўскай вуліцы (Вялікая старая беларуская царква сьвятога Пятра і Паўла). І туды прыехаў таксама з заходняй Беларусі айцец Іосіф Балай — вельмі стары чалавек, йшчэ з царскай школы, вельмі добры прамоўца. І ў яго сакратаром быў Баравы — той ведамы царкоўны дзеяч, прафэсар, які цяпер яшчэ можа й жыве (Які працаваў у Маскве. Ягоны сын у Менску займаецца рэстаўрацыяй помнікаў гісторыі і архітэктуры). Гэты Баравы быў тады яшчэ нежанаты, я яго ведаў. Такое становішча было. Царкву на Старажоўскіх могілках таксама пачалі аднаўляць.
Сярод менскай адміністрацыі аказалася паважная група маладых людзей, праваслаўных, з вышэйшай асьветай, такіх, як суддзі, напрыклад, Леанід Галяк, Аркадзь Арэхва, Юльян Саковіч, інжэнер Іван Kасяк і гэтак далей. Гэтыя маладыя людзі пачалі рабіць захады, каб аднавіць дзейнасьць Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы.
У манастыры ў Жыровіцах сядзеў старыепіскап Панцелеймон. За польскіх часоў ён не хацеў прызнаць Польскай аўтакефальнай царквы, разьлічваў на падпарадкаваньне расейскай царкве, і таму яго саслалі ў Жыровіцкі манастыр. Палякі саслалі. Цяпер яго адтуль выцягнулі, бо адзіны епіскап быў. Быў, праўда, яшчэ адзін у Горадні, але Горадня тады належыла не да беларускай адміністрацыі, а непасрэдна да нямецкай.
Пачалі раздумвацца, як аднавіць аўтакефальную царкву. Было двох такіх манахаў-беларусаў. Адзін закончыўшы Варшаўскі ўнівэрсітэт, паходзіў зь Вялейшчыны, прозьвішча Нарко. Потым стаўся Фелафей. (Фолётэуш па-польску). Фелафей ужо быў раней, яго за польскіх часоў пасьвяцілі ў манахі. Ён быў настаяцелем праваслаўнай царквы, па-мойму, ў Львове.
Другі быў таксама манах з Наваградчыны, здаецца, айцец Мартас. Стараньнем доктара Шчорса, што быў старшынёй Беларускага камітэту ў Варшаве, іншых праваслаўных беларусаў (адваката Шкялёнка, доктара Войтэнкі) былі зробленыя захады перад Польскім мітрапалітам (які пазытыўна ставіўся да беларусаў), каб хіратанізаваць двух гэтых манахаў і гэтым дапамагчы ў стварэньні беларускай царкоўнай адміністрацыі дзеля аднаўленьня Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы.
Мітрапаліт Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (здаецца, Дзіянісій) хіратанізаваў гэтых двух манахаў. Яны прыехалі ў Менск. Фелафей Нарко асеў у Менску ў Прэабражэнскую царкву, а другі, Мартас, — у Наваградку.
Такім парадкам на тэрыторыі Беларусі знайшлося двух маладых япіскапаў-беларусаў у групе гадунцоў Варшаўскай духоўнай акадэміі, сьведамых беларусаў, зь веданьнем мовы (мову ў іх выкладаў доктар Янка Станкевіч).
Пачаліся захады перад нямецкай адміністрацыяй, гэта значыць — перад Kубэ. Kубэ даў дазвол. Там, па-мойму, гэтымі справамі непасрэдна займаўся ня Kубэ, а нейкі адзін з адміністрацыі, здаецца, доктар Юрда. Ён даў дазвол, і пачаліся рыхтаваньні дзеля аднаўленьня дзейнасьці Аўтакефальнай царквы. Усё гэта было арганізавана, адбыўся вялікі зьезд у 1942-м годзе.
Паколькі мітрапаліт Панцелеймон быў супраць, маладая група беларускіх дзеячоў (асаблівую актыўнасьць выказалі Саковіч і Kасяк) гэтага Панцелеймона адправілі ў манастыр, недзе ў Ляды (ці ня ў Віцебшчыне). Пад кіраўніцтвам уладыкі Фелафея Нарко (які ўзначаліў усё) адбыўся гэты вялікі зьезд сьвятарства і праваслаўных дзеячоў у Прэабражэнскай царкве, які абвесьціў аўтакефалію Беларускай Праваслаўнай царквы (На працягу, мусіць, трох дзён былі нарады, розныя рэфэраты, чытаньні).
З. Пазьняк: Пытаньне: Kасяк і Саковіч адправілі Панцелеймона ў Ляды. Як яны гэта зрабілі?
А. Шукелойць: Гэта дзякуючы іхным стараньням, паколькі ён не згаджаўся на аднаўленьне аўтакефаліі. Я думаю, што немцы яго адправілі туды. А Kасяк і Саковіч дапамаглі, каб адправілі.
Гэтыя падзеі ўсе мне добра ведамыя. Меў туды пайсьці прывітаць аднаўленьне аўтакефаліі ксёндз айцец Гадлеўскі і, магчыма, Kушаль. Тым часам, паколькі там у дыскусіі часта гаварылася, што аднаўленьне аўтакефаліі гэта вось, можа быць, акцыя каталікоў, дык там гэтыя старэйшыя нашы дзеячы адыйшлі ўбок. Але пасьля таго, як аўтакефалія была абвешчана, тады нашыя калегі (Галяк, Арэхва, Саковіч) кажуць, што ўсё ж каталікі мусілі б іх прывітаць і спадарыня Галяк (жонка Галяка) прыбегла да мяне ў музэй, каб я неадкладна зьявіўся да ксяндза Гадлеўскага (ён тады жыў на вуліцы Гаруна — цяпер Kамсамольская) і адтуль накіраваўся на прывітаньне гэтага зьезду з нагоды абвешчаньня аўтакефаліі.
Я тады быў у неадпаведнай вопратцы (марынарка і гальштук чорныя, але порткі — галіфэ). Гэтак я зьявіцца не хацеў, а тут дахаты няма часу йсьці, таму я пабег скарэй да ксяндза Гадлеўскага. Той даў мне свае порткі чорныя і чаравікі. I так нас трох сабралася: Язэп Найдзюк, я і яшчэ адзін манах быў, прывезены ксяндзом Глякоўскім у Менск, францішканец Станіслаў Васькевіч, здаецца. Думаю, што ліст прывітальны напісаў Гадлеўскі, я ня меў часу разглядаць яго, Найдзюк ужо прачытаў яго, пэўна, пару разоў. Так мы накіраваліся ў Прэабражэнскую царкву. Нас там ўжо чакалі. Мы ўвайшлі з падворку, укланіліся перад саборам. Найдзюк прачытаў прывітаньне ад беларусаў-каталікоў, уручылі яго Прэзыдыюму, уладыку архіепіскапу Фелафею і пайшлі. Вось гэтак і адбылося.
З. Пазьняк: Хто стаў першым мітрапалітам?
А. Шукелойць: Заставаўся той жа самы Панцелеймон. Ужо падышлі бальшавікі пад Віцебск. (Ён там і сядзеў, ня быў на гэтым вялікім Саборы). Ён лічыўся мітрапалітам, бо найвышэйшай рангі. Але калі ўжо бальшавікі падыйшлі блізка, тады тут зрабілі захады перад нямецкімі ўладамі, што бальшавікі могуць заняць гэтыя Ляды і яго там схопяць, а ён антыбальшавік. Дык паехалі яго перавезьлі.
А тут тады ў Прэабражэнскай царкве служыў уладыка Фелафей Нарко. Ён з вышэйшай асьветай чалавек, вучыўся за мяжой, у Грэцыі, інтэлігентны чалавек, прыстойны, вельмі прыгожа вёў літургію, царкоўныя службы. І царква поўнілася людзьмі. Хор быў вельмі прыгожы, таму што ў гэтым хоры дараблялі сабе крыху да свайго жыцьця артысты Беларускага опэрнага тэатру.
З. Пазьняк: І потым, калі прышлі бальшавікі ў 1944-м годзе і ўступілі ў Менск, які быў лёс Праваслаўнай Аўтакефальнай царквы і сьвятароў?
А. Шукелойць: Усе гэтыя актыўныя дзеячы, уладыка Фелафей і ўся герархія (за гэты час былі хіратанізаваныя пяць ці шэсьць япіскапаў) разам з эвакуацыяй Менска выехалі цягніком на эміграцыю. На эміграцыі ў Нямеччыне яны трымаліся разам, а потым вырашылі ўвайсьці як аўтаномная адзінка (так яны думалі) ў Расейскую зарубежную праваслаўную царкву. Але гэтая аўтаномія скончылася. Там Панцелеймон быў на сваім мейсцы, на сваім кані, і казаў: “Перажылі палякоў, перажывём і касякоў.” Так што і палякаў, і беларускіх нацыяналістых, што аднаўлялі аўтакефальную царкву, ён перажыў.
Частка нашых людзей не хацела падпарадкавацца перакідваньню Панцелеймона. І пачаліся зноў захады дзеля стварэньня герархіі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы. У гэтым заслуга двух сьвятароў, якія не падпарадкаваліся — айцец Хфедар Данілюк (ён жа былы афіцэр Слуцкага паўстаньня) і айцец Сьцяпан Войтэнка (ведамы дзеяч з заходняй Беларусі). Тады пачаліся захады з боку Міколы Абрамчыка перад Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквой дзеля аднаўленьня Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай царквы. Украінцы дазволілі аднаму са сваіх япіскапаў адыйсьці да беларусаў — уладыка Сергій адыйшоў. (Потым выехаў у Аўстралію і там памёр.) Быў хіратанізаваны адзін з праскіх гадунцоў інжэнер Уладзімер Тамашчык, які прыняў імя Васіля.
Першую аўтакефальную службу Божую ў Амэрыцы адслужыў у Брукліне айцец Хведар Данілюк. Я быў на гэтай першай службе ў такіх сьціплых умовах так званай “Беларускай хаткі” ў Брукліне.
Паводле сайта: http://www.zianonpazniak.de