(вось, гэта іншая справа)
Сёньня ўвечары тэлеканал “Эўраспорт” вёў наўпроставую трансьляцыю тэніснага матчу са знакамітых тэнісных кортаў “Ралан Гарос” у Парыжы. У матчы другога раўнду сустракаліся беларуская спартоўка Анастасія Якімава і вядомая бэльгійская тэнісістка Жусьцін Энэн-Ардэн. Нечакана нават для спэцыялістаў Якімава прабілася ў наступны этап, перайграўшы перад гэтым амэрыканку Джыл Крэйбас у першым коле. І хоць менш вопытная 20-гадовая беларуска сёньня саступіла бэльгійскай зорцы (2:6, 5:7), камэнтатары вельмі высока ацанілі яе прафэсійны ўзровень.
Для тэлезаўзятараў паказальным было тое, што інфармацыя пра Анастасію Якімаву, а таксама лік у гэймах і сэтах, дэманстравалася побач зь БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫМ СЬЦЯЖКОМ каля прозьвішча беларускі. Такім чынам, Беларусь на адным з самых прэстыжных тэнісных турніраў была прадстаўленая пад нацыянальна-гістарычным бел-чырвона-белым сьцягам.
Прадстаўнікі беларускай грамады Бэльгіі паведамілі Радыё Свабода, што маюць намер навіраваць КІРАЎНІЦТВУ ТЭЛЕКАНАЛУ “ЭЎРАСПОРТ” ліст з падзякай.
Рэдакцыя «нашайзямлі.орг» зь вялікай радасьцю далучаецца да гэтага.
Паводле сайта http://www.svaboda.org за 1 чэрвеня 2006 г.