Барыс Керзач, Алесь Астроўскі
У часы прыснапамятнага СССРа ў армейскім асяродку быў папулярны адзін анэгдот. І хаця аднаму з нас пэўны час давялося паслужыць прапаршчыкам, мы ўсё роўна хочам яго расказаць. Галоўнае, каб маладыя беларусы нешта разумелі ў гэтым жыцьці!
Карацей, было так. Ідзе прапаршчык па пустыні. Бачыць, перад ім пад высачэзнай і таўшчэзнай пальмай сядзіць малпа і ўверх пазірае.
– Чаго ты тут сядзіш? – пытаецца прапаршчык.
– Ды, вось, ДУМАЮ, як фінікі дастаць – адказвае малпа.
– ЧАГО ТУТ ДУМАЦЬ, трэсьці трэба!
Кожны раз, калі «апазіцыя» раптам пачынала бегаць, мітусіцца, нешта там «арганізоўваць» (відаць, «бабкі» ўкінулі: іншым чынам сучасную «апазіцыю» нешта прымусіць рабіць немагчыма), у нас паўставаў вобраз гэтага прапаршчыка. Прычына простая. Ніхто з апазіцыянераў ніколі не імкнуўся адказаць на пытаньні: ШТО робім? ЧАМУ робім? І, галоўнае, НАВОШТА мы гэта робім? У чым СЭНС усёй мітусьні?
Нават на сваім сайце мы ўжо некалькі разоў пісалі, што ПАВІННА ЗРАБІЦЬ АПАЗІЦЫЯ Ў ПЕРШУЮ ЧАРГУ (калі, канешне, яна хоча быць сапраўднай альтэрнатывай рэжыму – Апазіцыяй, а не «апазіцыяй»), каб дасягнуць посьпеху (гл. https://nashaziamlia.org/2006/04/10/27, https://nashaziamlia.org/2006/04/11/30 і https://nashaziamlia.org/2006/05/07/81). У сувязі з гэтым нам вельмі прыемна бачыць хаця і квёлыя, але ўсё ж такі зрухі аб’яднанцаў (скарочаная назва «аб’яднанай апазіцыі») у патрэбным кірунку.
Як паведаміла радыё Свабода, 2 чэрвеня г.г. А.Мілінкевіч сустрэўся ў Менску больш як з дваццацьцю вядомымі ў краіне аналітыкамі, палітолагамі й прадстаўнікамі незалежных сацыялагічных інстытутаў. Абмяркоўваліся вынікі мінулай палітычнай кампаніі й планы «аб’яднаных дэмакратычных сіл» на бліжэйшую перспектыву. Напрыканцы дыскусіі Мілінкевіч прапанаваў утварыць Раду экспэртаў у рамках кампаніі “За свабоду”, якая будзе ДАПАМАГАЦЬ ВЫПРАЦОЎВАЦЬ СТРАТЭГІЮ й тактыку аб’яднаных дэмсілаў. Палітолаг Сяргей Нікалюк заявіў, што «ягоная галоўная задача — РАСПРАЦАВАЦЬ СТРАТЭГІЮ. Але для гэтага СПАЧАТКУ ТРЭБА ПРЫЙСЬЦІ ДА АДЗІНАГА РАЗУМЕНЬНЯ, БАЧАНЬНЯ ТАГО, ШТО АДБЫВАЕЦЦА Ў КРАІНЕ і АНАЛІЗУ ТАГО, ШТО МОЖА АДБЫЦЦА».
Да гэтай інфармацыі дададзім яшчэ адну. 22 траўня Палітрада аб’яднаных дэмсілаў ужо ўхваліла СТРАТЭГІЮ аб’яднанай апазыцыі ў рамках агульнанацыянальнай кампаніі “За свабоду”. У адпаведнасьці зь ёй мяркуецца МІРНЫМІ ГРАМАДЗЯНСКІМІ ДЗЕЯНЬНЯМІ прымусіць уладу пайсьці на перамены, ВЫПРАВІЦЬ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКУ Ў АДСТАЎКУ і правесьці свабодныя выбары па крытэрах АБСЭ.
Такім чынам, праз год пасьля пачатку кампаніі, праз 8 месяцаў пасьля абраньня адзінага, пасьля чарговай страты шанцаў у выбарчай кампаніі, пасьля ўсіх гэтых «пэрформансаў» і «флэш-мобаў», аб’езду рэгіёнаў з мэтай «параіцца з актывам» і г.д., і т.п. аб’яднанцы вырашылі заняцца «распрацоўкай стратэгіі перамогі». Ці не зарана? Можа, яшчэ пачакаць некалькі гадкоў?…
Ну, да ладна. Лепш позна, чым ніколі. Але застаецца пэўная трывога, якую мы лепш выкажам праз некалькі пытаньняў.
Першае. ШТО ТАКОЕ «свабода» ў разуменьні аб’яднанцаў? ЗА ЯКУЮ такую «свабоду» яны змагаюцца і «свабоду» ДЛЯ КАГО?
Другое. Куды падзеўся «Ценявы урад» (ён жа «Нацыянальны камітэт»), які быў створаны напрыканцы мінулага году «зь лепшых прадстаўнікоў «беларускай» эліты» для вырашэньня тых задач (ВЫПРАЦОЎКА СТРАТЭГІІ), за якія зараз бярэцца «Рада экспертаў»? Нагадаем, што ў “Ценявы” ўрад тады ўвайшлі вельмі таленавітыя, вельмі здольныя маладыя людзі, якія НЕ НАЛЕЖЫЛІ да палітычнай апазыцыі (хто ня верыць, гл. http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/2/D232F253-3F5B-4FF5-87B1-BEAB33FABE73.html)
Трэцяе. Якую яшчэ стратэгію павінна распрацаваць «Рада экспертаў», калі за 2 тыдні да гэтага «Палітрада» ўжо ня толькі выпрацавала, а і ўхваліла нейкую стратэгію?
Чацьвертае, самае цікавае. Вельмі хочацца даведацца, а НАВОШТА «АБ’ЯДНАНАЙ» АПАЗІЦЫІ ЎВОГУЛЕ ПЕРАМОГА? Што яны зь ёй будуць рабіць, калі яна на іх, ня дай Бог, зваліцца?!
Мы перакананы, ні на воднае з гэтых пытаньняў, як і раней, мы адказу не атрымаем. Проста група людзей, якая зараз займае важнейшае для лёсу беларускага народу месца «лідараў» «беларускай дэмакратычнай апазіцыі» й імітуе «змаганьне з рэжымам», вырашае свае персанальныя задачы. Іх сапраўдныя ПОГЛЯДЫ, ІНТАРЭСЫ, МЭТЫ – гэта самая вялікая таямніца для ўсёй беларускай грамадскасьці… Менавіта адсюль і бярэцца ўвесь гэты раскардаж ва ўнутранай арганізацыі й хаас у вонкавых дзеяньнях аб’яднанцаў-касмапалітазаванцаў!
Таму рэдакцыя сайта працягвае зьвяртацца да ўсіх беларускіх патрыётаў-інтэлектуалаў – сапраўдных прадстаўнікоў нацыянальнай эліты: прыміце ўдзел у стварэньні ПРАГРАМНАГА ВОБРАЗУ БУДУЧАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ і ЯГО АБАСНАВАНЬНІ, як МЭТЫ, сэнсу, зьместу, кірунку ўсёй нашай грамадска-палітычнай дзейнасьці. Нагадаем, вашыя прапановы, каб быць апублікаванымі на нашым сайце, павінны адлюстроўваць АБ’ЕКТЫЎНЫЯ ІНТАРЭСЫ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА, узгодненыя з ПРАГРЭСІЎНЫМ КІРУНКАМ РАЗЬВІЦЬЦЯ агульналюдскай цывілізацыі.