nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Пра аб’яднаньне РПЦ за мяжой з Маскоўскім патрыярхатам РПЦ

7 чэрвеня, 2006 | Няма каментараў

Паводле Кастуся Бандарука

Руская праваслаўная царква за мяжой (РПЦ за мяжой) была створаная ў 1924 годзе групай эпіскапаў ў эміграцыі ў Срэмскіх Карлаўцах на чале з кіеўскім мітрапалітам Антонам Храпавіцкім, які ў 1917 годзе быў адным з кандыдатаў на патрыяршы трон. Эпіскапы патлумачылі свой крок тым, што яны ня ў стане выконваць загады патрыярха Ціхана, паколькі ТОЙ НЕСВАБОДНЫ і дзейнічае пад ціскам з боку савецкай ўлады. У такіх гістарычных абставінах яны вырашылі арганізаваць незалежныя царкоўныя структуры. У 1927 годзе эпіскапы ў эміграцыі парвалі лучнасьць з Масквою, калі намесьнік патрыярха Сяргей Страгародзкі падпісаў славутую ДЭКЛЯРАЦЫЮ ЛЯЯЛЬНАСЬЦІ ў дачыненьні да савецкіх уладаў. РПЦ у замежжы цягам дзесяцігодзьдзяў не прызнавала Маскоўскі Патрыярхат і абвінавачвала яго ў “граху сергіянства” – супрацоўніцтве зь бязбожнай ўладай, з КГБ, у падпарадкаваньні КГБ і ў сымпатыях да савецкага ладу. Царква ў замежжы была таксама супраць экумэнізму і міратворчай дзейнасьці Маскоўскага Патрыярхату.

Цяпер РПЦ за мяжой налічвае каля паўмільёна вернікаў ў 30 краінах сьвету. Найболей іх у ЗША, Аўстраліі, Нямеччыне, Канадзе і Францыі. У царквы 19 эпіскапаў, 16 эпархіяў, 600 сьвятароў, 30 манастыроў, 454 парафіі. У Джорданвілі ў ЗША царква мае сваю духоўную сэмінарыю, публікуе свае пэрыядычныя выданьні “Праваслаўная Расея”, “Праваслаўнае жыцьцё” на рускай і ангельскай мовах. У 1990 годзе парафіі царквы ў замежжы зьявіліся таксама на тэрыторыі Расеі, дзе ў Суздалі пад юрысдыкцыю гэтай царквы перайшоў архімандрыт Валянцін Русанцаў. У 1996 годзе ён быў пазбаўлены сану патрыярхам Аляксеем, але тым ня меней ўзначальвае суздальскую эпархію з цэнтрам ў Суздалі.

Цяпер у Сан-Францыска РПЦ за мяжой абвясьціла ПРА АБ’ЯДНАНЬНЕ з Маскоўскім патрыярхатам РПЦ. Агульназамежны сабор РПЦ, які адбыўся ў амэрыканскім горадзе Сан-Францыска, абвясьціў пра аб’яднаньне з Маскоўскім патрыярхатам. Царкоўныя герархі замежжа здымаюць са сваіх маскоўскіх адзінаверцаў ранейшыя абвінавачаньні за падпарадкаваньне “бязбожным уладам” і супрацоўніцтва з КДБ [ці не зарана? – Рэд.]. Завяршаецца працяглы працэс, які пачаўся ў пачатку 1990-х. Тады, пасьля краху Савецкага Саюзу патрыярх Аляксей ІІ неаднаразова заклікаў замежную царкву да аб’яднаньня з “царквою-маці”. У траўні 2004 году адбылася сустрэча паміж ім і мітрапалітам РПЦ у замежжы Лаўрам, у часе якой было вырашана пачаць працэс збліжэньня і прымірэньня, паколькі нібыта [вось-вось, “нібы та”! – Рэд.] адпалі галоўныя прычыны расколу – бязбожная ўлада і яе ўмяшаньне ў царкоўнае жыцьцё.

Чацьверты сабор царквы ў замежжы ў Сан-Францыска з удзелам 11 эпіскапаў і 150 сьвятароў прагаласаваў (травень 2006 г.) за аднаўленьне эўхарыстычнага адзінства. Гэта значыць, што з фармальнага боку РПЦ цяпер адзіная. ВЕРНІКІ І СЬВЯТАРЫ МОГУЦЬ РАЗАМ СЛУЖЫЦЬ І ПРЫЧАШЧАЦЦА. Аднак важна адзначыць, што ЗАСТАНУЦЦА ДЗЬВЕ АСОБНЫЯ АДМІНІСТРАЦЫІ. Царква ў замежжы захавае свае храмы і свае ўстановы. Такім чынам, гэта няпоўнае аб’яднаньне.

Нельга таксама забываць, што рашэньне аб аб’яднаньня не было адзінагалосным. Гучэлі папрокі на адрас Маскоўскага патрыярхату ў тым, што той не пакаяўся ў граху “сергіянства”, не асудзіў сваю ранейшую рабалепную пазыцыю ў дачыненьні да ўладаў, ні тых эпіскапаў, якія супрацоўнічалі з савецкім КДБ, альбо занялі свае пасады дзякуючы бязбожным уладам. ПАКАЯНЬНЯ САПРАЎДЫ НЕ БЫЛО, і таму на думку многіх, няма поўнай падставы для аб’яднаньня з Маскоўскім патрыярхатам.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы