nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Чаму ж аб’ядналіся РПЦМ і РПЦЗ

7 чэрвеня, 2006 | Няма каментараў

Многія былі зьдзіўлены рашэньнем аб’яднацца, здавалася б яшчэ нядаўна двух заклятых ворагаў – Рускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату (РПЦМ) і Рускай Праваслаўнай Царквы Замежнай (РПЦЗ). Выстаўляем  матэрыял, які аналізуе прычыны гэтага. Ён зроблены на падставе артыкула Аляксандра Міларадавіча, які зьявіўся ў сеціве яшчэ ў 2003 г.
Ад рэдакцыі: Віталь Хромаў, Барыс Керзач.

Першы ў гісторыі візыт дэлегацыі Рускай Праваслаўнай Царквы Замежнай (РПЦЗ) у Маскву для аднаўленьня кантактаў з РПЦ Маскоўскага Патрыярхату (РПЦМ) праходзіў у лістападзе 2003 году. Галавой дэлегацыі РПЦЗ быў архіяпіскап Берлінскі й Германскі Марк. Ён папрасіў прабачэньня за ўсе рэзкія выказваньні ў адрас «Царквы-Маці», якія назьбіраліся за 75 гадоў падзелу дзьвюх яе частак… СМІ паведамілі, што сустрэча ў цэлым адбылася ў «благостной» атмасьферы. Але пра Бога казалася мала…

Адасабленьне РПЦЗ ад расейскай Царквы адбылося ў 20-е гады мінулага стагоддзя. Гіерархі, якія тады эмігравалі, палічылі для сябе немагчымым падпарадкоўвацца сьвяшчэннаначальлю РПЦМ, паколькі лічылі яе падпарадкаванай ЧК. Што, дарэчы, пацьверджана дзясяткамі шумных выкрываньняў у сувязі з рассакрэчаньнем некаторых ГБ-шных архіваў. Чаго варта толькі гісторыя «агента Драздова», зараз – Сьвяцейшага Патрыярха ўсея Русі Алексія ІІ. Зразумела, што само існаваньне РПЦЗ усе гэтыя гады стаяла косткай у горле «Царквы-Маці» і «кампетэнтных ворганаў», якія яе курыравалі. Чым жа на самай справе выкліканы выбух раптоўнай і ўзаемнай «братняй любові» абедзьвюх цэркваў?

РПЦМ сёньня – гэта ня проста найвялікшае рэлігійнае аб’яднаньне ў Расеі. Яна аб’ядноўвае 130 япархіяў, больш за 13.000 прыходаў (разам з Украінай – каля 22.000), 570 манастыроў (для параўнаньня – у 1980 годзе манастыроў было толькі 18). Пастырскае служэньне зьдзяйсьняюць больш за 150 архіярэяў, 17.500 сьвятароў, 2.300 дзякаў. Абласканая ўсімі галінамі расейскай улады РПЦМ стала практычна афіцыйнай дзяржаўнай царквой. Уся былая партыйная наменклатура, пераўтвораная ў цяперашнюю «дэмакратычную ўладу», абажае пазаваць у храмах са зьнічкай у атачэньні веруючых…

Але галоўны падарунак ад сьвецкай улады для ўлады царкоўнай – маса маёмасных, налогавых, мытных і юрыдычных прывілеяў й ільгот. Сучасная РПЦМ – найвялікшая нацыянальная карпарацыя з велізарнай уласнасьцю, разгалінаванай сецьцю філіялаў, недатыкальнымі для фіскальных органаў рахункамі. РПЦМ мае магутны эканамічны і палітычны ўплыў [відаць, зманлівае сьцьверджаньне: “Усялякаў ўлада ад Бога”, – выказанае пад сводам царквы, шмат каштуе… – Рэд. ]. Усё гэта робіць «Царкву-Маці» надзвычай прыцягальным КАМЕРЦЫЙНЫМ ПАРТНЭРАМ для сваёй замежнай падчаркі. А тое, што нябачны «рост актываў» тлумачыцца пакорлівасьцю і лаяльнасьцю сучаснага топ-мэнэджмэнта РПЦМ да НАМЕНКЛАТУРЫ, якая мае ўладу (МАЎКЛІВАЕ ДАБРАСЛАЎЛЕНЬНЕ ЎСЕНАРОДНАГА ЖАБРАЦТВА І НЕВЕРАГОДНАГА ЎЗБАГАЧЭНЬНЯ АЛІГАРХІЧНЫХ КОЛАЎ, РАЗГУЛУ ЗЛАЧЫННАСЬЦІ, БОЙНІ Ў ЧАЧНІ Й Т.Д., І Т.П.), архіяпіскап Берлінскі й Германскі імкнецца проста не заўважаць. Сьхіляючыся перад такім эканамічным патэнцыялам, можна і ў «агента Драздова» папрасіць прабачэньня…

РПЦМ таксама вельмі зацікаўлена ў будучым [на той час – Рэд.] аб’яднаньні. РПЦЗ аб’ядноўвае 500 прыходаў, якія наведвае да 500.000 праваслаўных, якія жывуць больш чым у 30 краінах (найбольш у ЗША, Аўстраліі, Германіі, Канадзе, Францыі). У юрысдыкцыі РПЦЗ 16 япархіяў, 39 манастыроў і ськітоў. З пачатку 1990-х прыходы РПЦЗ з’явіліся нават на тэрыторыі РФ.

Аднак, што стаіць за гэтымі лічбамі? Канешне, паўмільёна прыхаджан – гэта добра, але ў лепшыя часы колькасьць прыхаджан РПЦЗ дасягала палутара мільёнаў. Ды і «якасьць» прыхаджанаў цяпер істотна пагоршылася. Наведваюць яны царку значна меньш – бывае раз на год. Раней гэта былі эмігранты першай хвалі й іх дзеці, для якіх царкоўны прыход сімвалізаваў сувязь з Айчынай. Прыхаджане актыўна ўдзельнічалі ў справах прыходаў, у іх фінансаваньні, шчодра ахвяравалі грошы ў царкоўныя касы. Гэта мела вырашальную ролю ў пераўтварэньні РПЦЗ у магутную ўстанову, напоўненую клерыкаламі, пасадамі, сінекурамі й г.д. – усім ТЫМ, ШТО ЎЛАСЬЦІВА БЮРАКРАТЫЧНАЙ СІСТЭМЕ. Кар’еру ў РПЦЗ абралі многія эмігранты.

Як вядома з «законаў» Мэрфі, бюракратычныя ўстановы ствараюць для рэалізацыі нейкай мэты. Але пасьля таго, як установа набірае нейкую крытычную масу арганізацыйнага апарата, пабудуе гіерархію, УСТАНОВА ПАЧЫНАЕ ЗАЙМАЦЦА ВЫКЛЮЧНА ТЫМ, КАБ ЗАБЯСЬПЕЧЫЦЬ УЛАСНАЕ ІСНАВАНЬНЕ.

РПЦЗ ня стала выключэньнем. Калі колькасьць прыхаджан паменьшылася, зьнізіўся іх запал, абмялелі ахвяраваньні, калі сярод новай хвалі эміграцыі ўвогуле абсалютная большасьць людзей увогуле ня мела разуменьня, што такое праваслаўе, а для таго, каб апынуцца на Радзіме трэба было проста купіць білет, для апарата РПЦЗ насталі цяжкія часы. А апарат існуе. Япіскапы, архіяпіскапы, іх памагатыя, ігумены храмаў, і т.д. Іх трэба ўтрымліваць. Ёсьць такая-сякая ўласнасьць, і яе трэба ўтрымліваць. Вось і давялося шукаць выйсьце. А выйсьце вось яно – у аб’яднаньні з Маскоўскай патрыярхіяй.

У Расеі праваслаўе таксама перажывае заняпад. Людзі не забылі, што Маскоўскі патрыярхат ствараўся пад кантролем НКВД, і што ў многіх «пастыраў», у тым ліку і ў самаго патрыярха, асноўная прафесія… далёка не служэньне Богу. Але гэта Ў ДУХОЎНЫМ ПЛАНЕ, А НЕ Ў ФІНАНСАВЫМ. РПЦМ, заключыўшы пагадненьне з расейскімі ўладамі (а, дакладней, набыўшы яе ў спадчыну), атрымалі вялікія эканамінчыя прэферэнцыі наўзамен за брэнд. Улады плоцяць РПЦМ так добра, што і паства стала ня вельмі жа патрэбнай… РПЦМ стала бюракратычнай структурай, якая заклапочана выключна сваім забесьпячэньнем. Не да Бога ёй цяпер…

Калі мэта адна – уласны дабрабыт – і ёсьць вялікі заказчык у асобе расейскай дзяржавы, чаму б не аб’яднаць структуры. Раней былі праблемы.
Па-першае, сярод кіраўнікоў РПЦЗ былі шчырыя, веруючыя людзі, якія не маглі дапусьціць такой змовы – сумленьне не дазваляла ўступіць у сувязь з арганізацыяй, створанай рукамі НКВД-КГБ. Па-другое, у каго-нікаго з гіерархаў РПЦЗ былі ілюзіі, што новая ўлада ў Расеі шчыра вырашыць адмовіцца ад сталінскай спадчыны – РПЦЗ і стваралася жа як часовая арганізацыя, якая павінна была пасьля перамогі над бальшавікамі вярнуцца на Радзіму і аднавіць там сапраўдную РПЦ. Памыліліся, бальшавікі й цяпер пры ўладзе. І прырода іх улады аказалася такой, што менавіта РПЦМ з УСІМІ ЯЕ РОДАВЫМІ ПЛЯМАМІ ЁЙ ЯК РАЗ І ПАТРЭБНА…

З часам у РПЦЗ сталі перавагаць адміністратары, бюракраты. А, як мы ўжо казалі, у гэтых умовах самым важным становіцца дабрабыт самой гэтай структуры. Ні пры якіх абставінах не дапусьціць яе скарачэньня. Калі зыходзіць з рэаліяў, трэба, каб нехта зышоў…  А навошта гэта рабіць, калі ёсьць пакупнік, зацікаўлены ў інфраструктуры калісьці канкуруючай фірмы. І ня так важна, што Алексій з кампаніяй праявілі яшчэ і сваё хамства, прымусіўшы Марка прыніжана прасіць прабачэньня «за ўсе рэзкія выказваньні ў адрас Царквы-Маці, якія назьбіраліся за 75 гадоў падзелу дзьвюх яе частак»…  РПЦМ 75 гадоў дарбраслаўляла ўсе зладзействы бальшавікоў. У дадатак «стучалі», падманвалі людзей і г.д. І тое, што пра гэта казалі за мяжой, за гэта Марк прасіў прабачэньня! ЗА ПРАЎДУ ПРАСІЎ!!!

З усяго гэтага ганебнага чыну можна зрабіць выснову, што і аднаму, і другому боку служэньне Богу і праўдзе не патрэбна. Але гэтага мала. Прабачэньне, якое папрасіў Марк, ёсьць крывадушная здрада памяці ўсіх тых змагароў з прыгнятальнікамі народаў Расеі, якія на працягу 75 гадоў змагаліся за яе вызваленьне, на плячох якіх узьнікла й існавала РПЦЗ. Рабілі б хаця б усё моўчкі, можа яшчэ нічога… Але вось гэта прабачэньне, насуперак ісьціне і памяці, надало дзейству нейкае сатанісцкае адценьне…

Так што бачна: топ-мэнэджмэнт дзьвюх роднасных рэлігійных карпарацыяў бачыць у аб’яднаньні  ўсе тыя эканамічныя плюсы, якія абяцае ўтварэньне транснацыянальнай манаполіі з разьвітай філіяльнай сеткай. І ніякае антыманапольнае заканадаўства тут не перашкодзіць. Хаця б для прыстойнасьці ня занадта дэманстравалі б «узаемнае жаданьне»…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы