nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Элітнае швэдскае кіно «пакаралі» за субтытры на беларускай мове

8 чэрвеня, 2006 | Няма каментараў

(ФІКСУЕМ АКТЫ ЎЛАДНАГА ВАРВАРСТВА – 5,
Дзякуем і запамінаем – 2
)

Да Нацыянальнага дня Швэцыі, які адзначаўся 6 чэрвеня, прадпрыемства “Менскі кінавідэапракат” падрыхтавала своеасаблівы «падарунак» – адмовілася прадставіць арганізатарам Дзён культуры Швэцыі ў Беларусі традыцыйную для такіх выпадкаў пляцоўку –кінатэатр “Перамога”.

Стужку рэжысэркі Агнеты Фагерстром-Улсон “Нож у сэрца” (гэты фільм ляўрэат прэстыжнага міжнароднага фэстывалю “Prix Italia”) дэманстравалі Ў БОЛЬШ ЧЫМ СЬЦІПЛАЙ залі Палацу культуры вэтэранаў. Як высьветліў карэспандэнт «Свабоды», прычынай для адмовы ў арэндзе кінатэатра “Перамога” сталі БЕЛАРУСКІЯ СУБТЫТРЫ ДА ФІЛЬМУ (фільм паказваюць на мове арыгіналу зь беларускімі субтытрамі).

Супрацоўніца Цэнтру швэдскіх дасьледаваньняў Вольга Рызмакова пацьвердзіпа: “Звычайна фільмы швэдскага тыдня ідуць у кінатэатры “Перамога”, але гэтым разам ня выйшла… І менавіта з-за тытраў. Афіцыйная вэрсія — ня прыйдуць людзі, навошта паказваць? Таму швэды былі вельмі рады, што нарэшце ёсьць такая магчымасьць — паказаць на беларускай мове, зь беларускім тэкстам”. Аташэ ў пытаньнях культуры аддзяленьня ў Менску амбасады Швэцыі ў Маскве Мортан Франкбі перакананы: “Мы ў Беларусі, чаму не паказаць зь беларускімі субтытрамі? Перакладалі студэнты зь Менску [выпускнікі й студэнты Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Вольга Рызмакова, Вольга Якаўчэнка і Іна Насовіч – Рэд.] , вельмі разумныя студэнты. Ім было нялёгка, таму што ў фільме шмат дыялектаў, слэнгу”.

Мы вельмі ўсьцешаныя бачыць чарговую праяву інтэрнацыянальнай салідарнасьці ў адносінах да беларусаў у дадзеным выпадку з боку прадстаўнікоў швэдскага народа – канкрэтна, супрацоўнікаў Швэдскай амбасады. Выказваем ім шчырую падзяку. Паводзіны ж прадстаўнікоў «Менскага відэапраката» фіксуем, як чарговы акт дэбільнай этнацыднай дыктатуры, якая пакуль што правіць баль на нашай зямлі.

Рэдакцыя сайта на падставе матэрыялаў радыё «Свабода».

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы