(прыглядаемся да Захаду – 5)
Рэдакцыя.
Старшыня міжнароднага камітэту Бундэстагу, нямецкі хрысьціянскі дэмакрат Рупрэхт Поленц выступіў супраць забароны на ўезд у Нямеччыну іранскага прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінежада ў часе цяперашняга чэмпіянату сьвету па футболе. “Калі іранскі прэзыдэнт вырашыў прыбыць у Нямеччыну, ён можа гэта зрабіць. Гэта прадугледжана міжнароднымі правіламі”, заявіў парлямэнтар.
Пры гэтым Рупрэхт Поленц адхіліў усе параўнаньні з забаронай на ўезд у Нямеччыну беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі. Як падкрэсьліў Поленц, рашэньне адносна санкцыяў супраць Лукашэнкі прынятае Еўрапейскім Зьвязам. Што да іранскага кіраўніка, то тут размова ідзе пра пэўныя абавязаньні Нямеччыны як гаспадара ўсясьветнага першынства па футболе. “Прэзыдэнт Ірана выказаў жаданьне трапіць на гульні чэмпіянату ў тым выпадку, калі іранская нацыянальная зборная трапіць у адну восьмую фіналу”, сказаў нямецкі палітык і выказаў пры гэтым меркаваньне, што “спадар Ахмадзінежад не падобны да чалавека, які б добраахвотна хацеў бы пачуць у свой бок асьвістаньне ЎСЯГО шматтысячнага стадыёну і які б не разумеў, што яму ўсё ж лепш заставацца дома”. Што да футбольных заўзятараў Нямеччыны [гэта хто такія? – Рэд.] і розных іншых краінаў сьвету [а гэта хто? – Рэд.], то напярэдадні ў Нюрнбэргу ЯНЫ ВЫКАЗАЛІ СВОЙ РАШУЧЫ ПРАТЭСТ У ЗЬВЯЗКУ З МАГЧЫМЫМ ВІЗЫТАМ.
Тым часам футбалісты іранскай зборнай спадзяюцца ўбачыць свайго прэзыдэнта на чэмпіянаце. Напярэдадні яны падарылі Махмуду Ахмадзінежаду футболку, на якой напісаны нумар 24, а таксама ягонае імя.
Наш каментар:
Па-першае, спадзяемся, што сп-р Поленц добры і сумленны чалавек, але хто ён такі ў параўнаньні з прэзідэнтам Ірану Махмудам Ахмадзінежадам, каб даваць яму нейкія парады.
Па-другое, калісьці мы абмяркуем, чым сапраўды істотным адрозьніваюцца такія людзі, як Лукашэнка і Ахмадзінежад. Баімся, што гэтыя ПРЫНЦЫПОВЫЯ адрозьненьні для большасьці дэпутатаў Бундэстагу і Еўрапарламенту застаюцца невядомымі.
Па-трэцяе, прагназуем, што калі прэзідэнт Ахмадзінежад зьявіцца на трыбуне футбольнага стадыёну, колькасьць вітаючых яго будзе значна большай, чым колькасьць тых, хто будзе «рашуча пратэставаць»… Хай гэта паслужыць прасьвятленьню мазгоў розным дэпутатам, «заўзятарам» і ўсёй «еўрапейскай супольнасьці».