nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ФІКСУЕМ АКТЫ ЎЛАДНАГА ВАРВАРСТВА – 6

13 чэрвеня, 2006 | Няма каментараў

Прыводзім чарговыя доказы, што намі – беларусамі – «кіруюць» агрэсіўныя праімперскія шэрасьці (у асноўным, зь мясцовых…). Усе матэрыялы ўзяты з сайта радыё «Свабода».
Рэдакцыя.

Беларускага студэнта асудзілі за беларускі сьцяг

Судзьдзя Цэнтральнага суду Гомелю Марына Дамненка вынесла папярэджаньне студэнту першага курсу факультэта прыкладной матэматыкі дзяржунівэрсытэта імя Ф.Скарыны Зьмітру Жалезьнічэнку за карыстаньне нацыянальным гістарычным сьцягам. 16 траўня на Цэнтральным стадыёне г.Гомелю, дзе праходзіла таварыская сустрэча моладзёвых зборных Беларусі і Расеі, ён махаў бел-чырвона-белым сьцягам. На сустрэчы прысутнічаў куратар беларускага футболу, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Генадзь Нявыглас ды шматлікае мясцовае начальства. У перапынку паміж першым і другім таймамі АМОН затрымаў студэнта Жалезьнічэнку са сьцягам і перадаў супрацоўнікам Цэнтральнага райаддзелу міліцыі. На студэнта склалі пратакол паводле артыкулу 167 (частка 2) Адміністрацыйнага кодэксу “Незаконнае выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі”. Судзьдзя Марына Дамненка разглядала справу пра бел-чырвона-белы сьцяг літаральна 5 хвілінаў. Пакуль падтрымліваць беларускіх спартоўцаў сапраўднай нацыянальнай сымболікай без наступстваў можна толькі за межамі Беларусі.

Матчы чэмпіянату сьвету камэнтуюць па-руску

На чэмпіянаце сьвету ў футболе згуляныя першыя дзевяць сустрэчаў. Многія беларускія заўзятары зьдзіўленыя, што рэпартажы вядуцца толькі па-расейску (падчас жа папярэдняга першынства ў Японіі і Паўднёвай Карэі матчы камэнтаваліся толькі па-беларуску). Што зьмянілася за чатыры гады? Аказваецца, тады патрабаваньне камэнтаваць на нацыянальнай мове было закладзенае ўмовамі кантракту. Сёлета «ўсё залежыць ад рашэньня самога камэнтатара», якія, «натуральна», абіраюць рускую мову – пракаментаваў адзін з каляспартовых бюракратаў, нехта Герстэн… І гэта нягледзячы на тое, што ў спартовую рэдакцыю яшчэ да пачатку чэмпіянату сьвету прыходзілі лісты, у якіх заўзятары прасілі камэнтаваць матчы на беларускай мове. Аднак гэтыя пажаданьні аніяк ня ўлічваюцца…

Найлепшыя кнігі забірае сабе прэзыдэнцкая бібліятэка

Сёньня ў Доме літаратараў супрацоўнікі прэзыдэнцкай бібліятэкі пачалі забіраць найлепшыя кнігі з фонду Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Паводле кіраўніцтва творчай арганізацыі, даводзіцца саступіць частку свайго кнігазбору, бо судовыя выканаўцы патрабуюць на гэтым тыдні вызваліць памяшканьне. Кнігі ў Доме літаратараў — адзіная маёмасьць, якая засталася на сёньня ў Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік справаў СПБ Анатоль Івашчанка, даводзіцца разьвітвацца й з апошнім: “Сёньня, як і абяцалася, працуюць прадстаўнікі прэзыдэнцкай бібліятэкі. Найперш іх цікавяць самыя каштоўныя кнігі — якія маюць аўтографы й дарчыя надпісы”. Са словаў Івашчанкі, бібліятэцы Дома літаратара роўна 30 гадоў. За гэты час яна атрымала ўсе падпісныя выданьні былога СССР. На падараваных кніжках — аўтографы знакамітых пісьменьнікаў. У беларускім фондзе аўтарскія асобнікі — перадусім, Купалы, Коласа, Караткевіча, Быкава, Мележа. Разам у фондах больш за 50 тысяч тамоў.
Нагадаем: 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта — цяпер кіраўніцтва Саюзу мусіць пакінуць Дом літаратара й сплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду. Застаецца чатыры дні на тое, каб вызваліць памяшканьне бібліятэкі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы