Віталь Хромаў
Раней мы ўжо расказалі пра некаторыя пікантныя асаблівасьці біяграфіі будучага патрыярха Рускай Праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (РПЦ) мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага Кірыла (Гундзяева), які зараз разам са сваім штучным барытонам рэгулярна мільгае ў «скрыні» з нагоды і без нагоды (https://nashaziamlia.org/2006/06/02/130/#more-130). Але сеціва запоўнена ня менш цікавымі падрабязнасьцямі біяграфіі цяперашняга патрыяха РПЦ Алексія ІІ. Паколькі людзі маюць права на праўду, вырашана прадставіць некаторыя найбольш даставерныя доказы супрацоўніцтва сп-ра Рыдзігера з КГБ.
Дасьледваньне мінулага сп-ра Рыдзігера, а цяпер патрыярха Алексія ІІ, варта пачаць з часоў Другой сусьветнай вайны. Тады, па прызнаньні яго самаго (інтэрвю газеце «Известия» ад 10 сьнежня 2002 году), яму давялося працаваць у… фашыстоўскіх канцлагерах. Цытуем: «У 1943 годзе ў Таліне мне давялося дапамагаць бацьку-сьвятару, які акармляў рускіх ваеннапалонных. Але гэта былі фашыстоўскія канцэнтрацыйныя лагеры… Япіскап Нарўскі Павал дабіўся згоды немцаў на духоўнае акармленьне зьняволяных, дапамогу ім харчамі й адзеньнем. … Мой бацька горача подтрымаў Уладыку і амаль штодзённа стаў бываць у лагерох. Псаломшчыкам бацька, як правіла, браў з сабой будучага мітрапаліта Талінскага і ўсёй Эстоніі Карнілія, а хлопчыкам-прыслужнікам – мяне». Здавалася б, усё патлумачана і ўсё нармальна. Але на справе для дасьведчаных людзей дадзенае інтэрвю пакідае больш пытаньняў, чым дае адказаў. Судзіце самі.
Па-першае, усімі канцэнтрацыйнымі лагерамі камандаваў Гімлер. Цытуем аператыўны загад галоўнага ўпраўленьня дзяржаўнай бясьпекі Нямеччыны №10 ад 16.08.1941, складзены на падставе асабістых дырэктываў Гітлера: «Рэлігійную апеку ваеннапалонных ня трэба асабліва заахвочваць ці падтрымліваць. Там, дзе сярод ваеннапалонных ёсьць духоўныя асобы, яны могуть, калі гэта адпавядае жаданьням саміх савецкіх, займацца рэлігійнай дзейнасьцю. Прыцягненьне сьвятараў з тэрыторыі генерал-губернатарства альбо самога Рейха да рэлігійнага акармленьня савецка-рускіх ваеннапалонных выключана». Што значыць ВЫКЛЮЧАНА для педантычнага нямецкага начальніка канцлагера, думаю, зразумела. Але сп-р Рыдзігер-старэйшы неяк здолеў абыйсьці гэты істотны момант. Як? А толькі так: ён быў для нечага патрэбны немцам…
Па-другое, зьвяртаемся зноў да ўспамінаў Алексія II: «З айцом Аляксандрам (Кісялёвым) я быў знаёмы з юнацкіх гадоў, калі хлопчыкам дапамагаў яму на багаслужэньнях. Потым ЯГО ЛЁС склаўся няпроста. У канцы вайны ён зьехаў з Эстоніі. Ні я, ні мае бацькі нічога пра яго ня чулі. І вось аднойчы, калі я ўжо быў архірэем і апынуўся ў службовай камандыроўцы ў Амерыцы, мне ў гатэль раптам патэлефанаваў айцец Аляксандр і запрасіў да сябе ў царкву. Сустрэча была вельмі чулай. Абняліся, расцалаваліся… На нейкі час анямелі. А потым пагрузіліся ў агульныя шчымлівыя для кожнага ўспаміны: я – пра дзяцінства, ён – пра радзіму». Як бачна з гэтай цытаты, айцец Аляксандр Кісялёў – блізкі знаёмы Рыдзігера: яны некалі жылі ў Таліне (там сп-р Кісялёў быў настаяцелем храма, дзе падвізаўся бацька будучага патрыярха РФ і пачынаў сваю кар’еру сам будучы патрыярх). Дык вось, у час Другой сусьветнай вайны сп-р Кісялёў узначальваў духоўнае ўпраўленьне «Камітэту вызваленьня народаў Расеі» (КОНР), які быў створаны немцамі, і разам са сваімі падпарадкаванымі займаўся… вербоўкай ВАЕННАПАЛОННЫХ КАНЦЭНТРАЦЫЙНЫХ ЛАГЕРАЎ у «Рускую вызвольную Армію» (РОА). Сам жа КОНР і РОА ўзначальваў вядомы генерал-лейтэнант Уласаў, у якога духаўніком быў… сп-р Кісялёў. Любы сьвятар мог папасьці ў канцэнтрацыйны лагер ТОЛЬКІ З САНКЦЫІ сп-ра Кісялёва (айца Аляксандра), а «акармленьне» ваеннапалонных мела на мэце ні што іншае, як… ІХ ВЯРБОЎКУ Ў РОА!
Па-трэцяе, калі верыць мемуарам нямецкіх генералаў, дык з рускімі сьвятарамі яны абыходзіліся сносна, а калі-нікалі й увогуле дапамагалі аднаўляць храмы, вярталі канфіскаваныя бальшавікамі царкоўныя прыналежнасьці й інш. Але гэта датычыла выключна толькі сьвятароў, якія працавалі ЗЬ МІРНЫМ НАСЕЛЬНІЦТВАМ на акупаванай тэрыторыі. Потым і гэтых сьвятароў НКВД саджала ў савецкія канцэнтрацыйныя лагеры. Са сьвятарамі, які «працавалі» з ваеннапалоннымі быў іншы расклад: тых, хто «акармляў» ваеннапалонных, НКВДшнікі альбо расстрэльвалі, альбо… пераключалі на працу на НКВД. Ці мог пазьбегчы такога выбару будучы патрыярх і яго бацька? Ці магло НКВД, якое расстрэльвала толькі за ПАДАЗРЭНЬНЕ ў супрацоўніцтве з немцами – узять і проста адпусьціць Алёшу Рыдзігера і яго бацьку? Ці магло НКВД ня ведаць усяго пра іх дзейнасьць пад час акупацыі?
НКВД, якое зьявілася ў Таліне ў 1944-м напэўна паглыблялася ва ўсе гэтыя пытаньні па поўнай праграме. Тым ня менш, здарыўся «цуд»: сямейства Рыдзігераў чакісты ня толькі адпусьцілі. Рыдзігер-малодшы зрабіў пасьля гэтага яшчэ і вялікую кар’еру. Замест паездкі на Салаўкі, ён ў 30 год стаў япіскапам…
Такім чынам, усе факты ўпарта сьведчаць, што пасьля прыходу савецкіх войскаў у Талін, Рыдзігераў прывялі ў НКВД і зрабілі прапанову, ад якой яны не змаглі адмовіцца. У выніку, сямейства Рыдзігераў перайшла да НКВД у спадчыну ад гестапа. І нічога надзвычай дзіўнага ў гэтым няма. Наадварот, такія «супрацоўнікі» лічыліся самымі пакладзістымі й актыўнымі ў здабычы і дастаўцы каштоўных зьвестак пра тых, каго яны «акармлялі». Тым больш, што ў некалі «буржуазнай» Эстоніі ў НКВД, як зразумела, быў непачаты край «працы». З тых часоў Алёша Рыдзігер і «акармляе страждушчых»… на карысьць новых паноў.
Гэтым зьвесткам больш ТРОХ ГАДОЎ. Іх заўважылі, ды яшчэ як. Веруючыя пісалі лісты з пытаньнямі да Рыдзігера. Але адказу – няма. Няма і абвяржэньня «клеветы». Анічога… Проста, відаць Бог, якому служыць расейскае афіцыйнае праваслаўе знаходзіцца не на Небе, а на зямлі, у вядомым будынку… на Лубянцы.
P.S. Большасьць прадстаўленых зьвестак узята з сайта рускіх шавіністаў: http://ari.ru