nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АПАЗІЦЫЯ ВЫРАШЫЛА АДМЫЦЦА. ПРАЎДА, ТОЛЬКІ ДА КАЛЕНАК… (Такая «апазіцыя» – 5)

21 чэрвеня, 2006 | Няма каментараў

Барыс Керзач, Алесь Астроўскі

Як паведаміла радыё «Свабода», на днях лідары «аб’яднанай апазіцыі» ў асобах Мілінкевіча і Вячоркі наведалі Еўропу, дзе сустрэліся з шэрагам важных персон (з кіраўніком Эўракамісіі Жазэ-Мануэлем Барозу, віцэ-сьпікерамі Эўрапарлямэнту Яцкам Сарыюшам-Вольскім і Эдвардам Макміланам Скотам, з прадстаўнікамі кабінэту гэнэральнага сакратара Рады Эўразьвязу Хавіера Саляны). Аказваецца, задалі яны сабе гэты клопат толькі для таго, каб перад самітам «васьмёркі» ў Пецярбурзе паведаміць вядучым палітыкам Еўропы ЭЛЕМЕНТАРНЫ ТРУІЗМ.

Мілінкевіч і Вячорка ўпершыню спрабавалі сур’ёзна патлумачыць прымаючаму боку, што «беларуская дэмакратыя і незалежнасьць» – рэчы непарыўна зьвязаныя. Прычым, іх галоўны аргумент быў такі: «У краіне, дзе няма дэмакратычных працэдураў, няма празрыстых і свабодных выбараў, ня можа быць і рэфэрэндуму, ЯКІ БУДЗЕ ПРЫНЯТЫ ДЭМАКРАТЫЧНЫМІ КРАІНАМІ. І яны мусяць адкрыта сказаць [відаць, маецца на ўвазе ў Пецярбурзе – Б.К.]: рэфэрэндум ва ўмовах Беларусі ня можа быць легітымным». Па дадзеных усё тых жа СМІ (http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/06/5f0cfed9-6cbd-4eda-b06c-2a51394d448a.html), «лідары апазіцыі» нібы сустэліся ў Брусэлі з разуменьнем.

Канешне, такую падзею мы не маглі дазволіць сабе пакінуць па-за ўвагай.

Па-першае, нягледзячы на ўсю безнадзейнасьць г.зв. «аб’яднанай апазіцыі», нягледзячы на яе запэцканасьць «палітычным брудам» з галавы да ног за ўсе гады «змаганьня з рэжымам» (у тым ліку і ў апошнюю кампанію), мы гатовыя вітаць любыя станоўчыя крокі «аб’яднанай апазіцыі» ў правільным кірунку (што мы ў дадзены момант і робім). Нарэшце. Правільна. Хураааа! Апазіцыя зразумела хаця б тое, што «дэмакратыя і незалежнасьць» непарыўна зьвязаны, і спрабуе гэта патлумачыць іншым.

Але, па-другое, хочацца даведацца: а што падзьвігнула «аб’яднаную апазіцыю» на такія рашучыя і ахвярныя дзеяньні? Пытаньне заканамернае, бо, як да гэтай пары, за ёю сьхільнасьці да альтруізму не назіралася. Найбольш верагоднае тлумачэньне такое: на «лідараў аб’яднанай апазіцыі» пачынае ціснуць страх будучага суду беларускай гісторыі. Вычэрпаны гіганцкія рэсурсы часу і ня толькі, беззваротна страчаны ўсе шанцы і магчымасьці. А дасягненьняў – нуль. Трэба зрабіць хоць штосьці карыснае і для беларускага грамадства, каб потым, хоць неяк, хоць нечым апраўдацца. Вось і прадпрыймаюцца ДЗЕЯНЬНІ, каб змыць хоць частку свайго «палітычнага бруду». Іншыя прычыны нехарактэрных паводзінаў сучаснай «аб’яднанай апазіцыі» мы, пакуль, уявіць сабе ня можам…

Трэцяе. Але, неабходна заўважыць, што існаваньне сапраўднай дэмакратыі непарыўна зьвязана ня толькі з незалежнасьцю дзяржавы, у якой яна будуецца. Дадаткова дэмакратыя яшчэ зьвязана, напрыклад, са СВАБОДАЙ і САМАСТОЙНАСЬЦЮ НАРОДА, якому дадзеная краіна належыць. Народ павінен мець магчымасьць абіраць у свае палітычныя кіраўнікі прадстаўнікоў сваёй НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ЭЛІТЫ – самых лепшых, найбольш вібітных асоб, а не таго, каго яму падсуне бюракратыя ці алігархія. Акрамя таго, для будаўніцтва дэмакратыі (іначай, народаўладдзя), павінен быць у наяўнасьці й САМ НАРОД. Гэты народ не павінен падвяргацца ні ГЕНАЦЫДУ – фізічнаму вынішчэньню (што, напрыклад, адбываецца сёньня з чачэнскім народам), ні ЭТНАЦЫДУ – вынішчэньню ўсёй сістэмы агульнанацыянальных каштоўнасьцяў (мовы, культуры, гісторыі, нацыянальнага сьветагляду, сімвалаў і г.д.). У тым ліку і праз гэтыя каштоўнасьці адбываецца аб’яднаньне і структураваньне простай сукупнасьці грамадзян у сістэму зь істотна больш высокім арганізацыйным узроўнем – НАРОД. А для зьдзяйсьненьня этнацыду дастаткова татальнага выкарыстаньня інфармацыйна-псіхалагічных механізмаў (гэта тое, што адбываецца ў Беларусі сёньня).

Чацьвертае. Цікава, да якой вышыні «адмыцьця» дойдуць нашыя апазіцыянеры? Да пахавай вобласьці (калі скажуць Захаду пра сувязь паміж дэмакратыяй і простым біялагічным выжываньнем беларускага народа)? Да пояса (калі скажуць яшчэ і пра неабходнасьць для беларускай дэмакратыі спынньня этнацыду)? А, можа, да грудзей (калі скажуць пра неабходнасьць для дэмакратыі поўнай свабоды і самастойнасьці беларускага народа)? А можа, нават, да шыі (калі скажуць, што для рэалізацыя дэмакратыі неабходна, каб у Беларусі палітычная ўлада была толькі ў прадстаўнікоў нацыянальнай элітай)? Наўрад ці. Хутчэй за ўсё каленкамі й закончыцца…

Справа ў тым, што Захад шмат гадоў ствараў «аб’яднаную апазіцыю» не для таго, каб яна яму нешта тлумачыла. Усё яны там добра ведаюць, але кіруюцца ўласнымі інтарэсамі. І сапраўдная дэмакратыя ў чужых краінах (ды й увогуле дзе б там ні было) ім ужо даўно не патрэбна. Ім патрэбны лібералізм, які зьяўляецца адной з альтэрнатываў дэмакратыі. Дэмакратыя – гэта народаўладзьдзе. ГЭТА ТАКАЯ ПАЛІТЫЧНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ Ў ДЗЯРЖАВЕ, ЯКАЯ СКІРАВАНА НА РЭАЛІЗАЦЫЮ АБ’ЕКТЫЎНЫХ ІНТАРЭСАЎ АДПАВЕДНАГА НАРОДА – ГАСПАДАРА ДЗЯРЖАВЫ. А ЛІБЕРАЛІЗМ – ГЭТА ДЭМАКРАТЫЯ БЕЗ НАРОДА. Такой «дэмакратыі» адпавядае вобраз «цырульні адрэзаных галоваў». Бо сапраўды так. У БЕЛАРУСІ ПРАЗ ЭТНАЦЫДНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ ЗЬНІШЧАЕЦЦА БЕЛАРУСКІ НАРОД, а Захад гаворыць пра парушэньні абстрактных прынцыпаў абстрактнай дэмакратыі. Гэта ўсё роўна, як цырульнік робіць некаму прычоску – дакладна, воласок да воласку, і сканцэнтраваны толькі на гэтым, а ў той ж час нехта адразае кліенту галаву. І пры гэтым цырульнік нібы нічога не заўважае і галоўнай праблемай лічыць толькі якасьць прычоскі…

Зыходзячы з прадстаўленага мы не чакаем, што «лідары беларускай апазіцыі» асьмеляцца тлумачыць лідарам «дэмакратычных еўрапейскіх краін» сувязь паміж лёсам дэмакратыі ў Беларусі й лёсам беларускага народа. Калі яны зь першага разу нечага не зразумелі, ім з другога ўсё ясна патлумачаць. Хаця, хто яго ведае…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы