nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ІДЭЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ Ў ГІСТАРЫЧНЫМ АСПЕКЦЕ І Ў СУЧАСНАСЦІ (кБНІ)

25 чэрвеня, 2006 | Няма каментараў

Анатоль Грыцкевіч

У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. у прэамбуле згадана пра ШМАТВЯКОВУЮ ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ Беларусі. У беларускай гістарычнай навуцы прызнана, што першапачатковымі беларускімі дзяржавамі былі Полацкае, Тураўскае, а потым і Смаленскае княствы, якія займалі адпаведна паўночна-цэнтральную, паўднёвую і ўсходнюю (на ўсход ад Дняпра) тэрыторыю сучаснай Беларусі. Першай сярод іх была Полацкая дзяржава, створаная на аснове полацкага згрупавання крывічоў. Гэта галоўны асяродак не толькі беларускай дзяржаўнасці, але і яе культуры, галоўны асяродак хрысціянства на тагачасных беларускіх землях.

Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі сучаснай Беларусі ад самага пачатку свайго існавання вялі актыўную барацьбу за сваю незалежнасць ад Кіеўскай дзяржавы. Асабліва энергічна гэтая барацьба вялася ў XI ст., у час панавання ў Полацку легендарнага і папулярнага князя Усяслава Чарадзея (дарэчы, папулярнага і ў Кіеве, дзе кіяўляне ў 1068 г. прагналі князя Ізяслава і абвясцілі сваім князем вызваленага імі з “порубу” (вязніцы) Усяслава Полацкага). Дзякуючы няспыннай барацьбе палачанаў і распаду “імперыі Рурыкавічаў” полацкаму княству ўдалося захаваць сваю незалежнасць ад Кіева.

Тураўскае княства спачатку было падпарадкаванае Кіеву, але ўжо ў другой палове ХІІ ст. Тураўскае княства вызваляецца з-пад апекі кіеўскіх князёў, і з 1162 года афіцыйна прызнаецца кіеўскім князем самастойным са сваёй княжацкай дынастыяй. Смаленскае княства, якое ўтварылася пазней за Полацкае і Тураўскае на аснове аб’яднання смаленскага згрупавання крывічоў, хоць, у адрозненне ад Полацка, ніколі не ваявала супраць Кіева, шляхам кампрамісаў з Кіеўскай дзяржавай змагло захаваць сваю самастойнасць.

Такім чынам, у ранейшы перыяд свайго існавання першыя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі, іх насельніцтва адстаялі сваю незалежнасць, што паўплывала на далейшы гістарычны лёс гэтых земляў, на ўмацаванне не толькі ідэй дзяржаўнасці, але і таксама ідэі незалежнасці.

Ідэя незалежнасці беларускіх земляў узмацнілася ў перыяд існавання Вялікага княства Літоўскага і Рускага – САМАСТОЙНАЙ І НЕЗАЛЕЖНАЙ ДЗЯРЖАВЫ, дзе галоўную ролю адыгрывалі беларускія і літоўскія землі, а першапачатковай сталіцай быў Наваградак, а потым Вільня. Гэтая дзяржава праіснавала некалькі стагоддзяў — ад сярэдзіны ХІІІ ст., ад панавання Міндоўга, да канца ХVІІІ ст., да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Ад сярэдзіны ХV ст. дзяржава называлася афіцыйна Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, калі Жамойцкія землі канчаткова ўвайшлі ў яе склад. Беларускія гісторыкі яшчэ ў 20-х гг. XX ст. называлі яе Беларуска-Літоўскай дзяржавай, і гэтая назва ўсталявалася цяпер у беларускай гістарычнай навуцы. Яна была пацверджана і ўдзельнікамі міжнароднай канферэнцыі ў Менску ў красавіку І992 г. і ўжываецца цяпер шырока. Абгрунтаваннем такога погляду З’ЯЎЛЯЕЦЦА Ў АСНОЎНЫМ БЕЛАРУСКІ ХАРАКТАР ДЗЯРЖАВЫ, панаванне ў ёй беларускай культуры, ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ, ПЕРАВАГА БЕЛАРУСКІХ ФЕАДАЛАЎ у органах кіравання як у цэнтры (сойм, паны-рада), так і на месцах (у ваяводствах і паветах Беларусі і Літвы), а таксама даволі шырокая аўтаномія Жамойціі ў складзе дзяржавы. Украінскія землі ў Вялікім княстве Літоўскім мелі шырокую аўтаномію і жылі сваім асобным палітычным жыццём.

Ядром гэтай дзяржавы былі Віленшчына, Заходняя і Цэнтральная Беларусь, якія да другой паловы XIX ст. і называліся Літвой (нават у Расійскай імперыі — літоўскімі губернямі). Беларуссю ў ХVІ — ХVІІ стст. называліся Падзвінне, Падняпроўе і Смаленшчына. Дарэчы, менавіта гэтая тэрыторыя і ў афіцыйных дакументах Маскоўскай дзяржавы, пачынаючы з ХVІ — ХVII стст. і да XIX уключна, таксама называецца Беларуссю, а ўсё, што на захад ад яе, – Літвою. Таму з гістарычнага пункту гледзішча назвы Беларусь і Літва для нашай дзяржавы ІДЭНТЫЧНЫЯ. Менавіта ГІСТАРЫЧНЫМІ НАШЧАДКАМІ БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ І З’ЯЎЛЯЮЦЦА ЦЯПЕРАШНІЯ ДЗЯРЖАВЫ БЕЛАРУСЬ І ЛЕТУВА.

Аднак традыцыйная мадэль дзяржаўнасці, што было характэрна для беларускіх княстваў ранейшага перыяду, захавалася і ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве (гэта істотна адрознівалася ад Маскоўскага вялікага княства, а потым царства). Гэта СТРУКТУРА АБЛАСНОГА САМАКІРАВАННЯ, а не жорсткая сістэма баяраў-намеснікаў. Адсюль увядзенне ў ХVІ ст., паводле польскага ўзору, сістэмы шляхецкага павятовага самакіравання з павятовымі соймікамі, судамі і парламентарным прадстаўніцтвам, хаця асновай былі традыцыі вечавага і абласнога самакіравання больш ранняга часу. Гэта таксама палітычная сістэма канстытуцыйнай манархіі з шырокімі правамі сойму, у склад якога ўваходзіла і рада паноў, альбо паны-рада, і таксама абмежаваная роля ў кіраўніцтве гаспадара, альбо вялікага князя (дарэчы, абедзве формы тытулу – беларускага паходжання). Адметнай рысай дзяржавы былі таксама гарантаваныя правы падданых, і перш за ўсё, зразумела, шляхты; у тым ліку недатыкальнасць асобы, гарантаванне маёмасці і зямлі, захаванне старажытных правоў (прынцып “старыны”), кадыфікацыя права (Статуты 1529, 1566 і 1588 гг.), магдэбургскае права гарадоў з іх адноснай незалежнасцю ад манарха. Дыктатура цара ці караля ПОЎНАСЦЮ ВЫКЛЮЧАЛАСЯ як неўласцівая беларускай незалежнай традыцыі, дарэчы, як і польскай.

Трэба дадаць, што ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве існавалі розныя канфесіі, перш за ўсё — праваслаўная і рымска-каталіцкая, а з ХVІ ст. пашырылася і пратэстанцтва. Тут жылі таксама татары-мусульмане і жыды. Усе гэтыя канфесіі суіснавалі ў адной дзяржаве. Пры панаванні хрысціянства з цягам часу пераважнай у правах становіцца каталіцкая канфесія. Аднак гэта не змяніла лаяльных адносінаў улады ў цэлым да іншых канфесій, што знайшло адлюстраванне ў шэрагу заканадаўчых актаў ХV i ХVІ стагоддзяў  (з актам Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г. уключна – ужо пасля ўтварэння федэратыўнай Рэчы Паспалітай).

Ідэя незалежнасці Беларусі ўмацоўвалася на працягу стагоддзяў і правядзеннем адпаведнай знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага і Рускага падчас барацьбы з Тэўтонскім ордэнам і Залатой Ардою ў ХІІІ — ХІV стст. Агульная барацьба з Тэўтонскім ордэнам ПРЫВЯЛА ДА ЗБЛІЖЭННЯ З ПОЛЬШЧАЙ і да заключэння шэрагу дзяржаўных уній паміж Польшчай і Беларуска-Літоўскай дзяржавай. Вынікам саюзу сталася агульная перамога пад Грунвальдам, памяць пра якую захавалася ў народзе як гістарычная падзея, што змяніла ход гісторыі і садзейнічала захаванню самастойнасці сваёй дзяржавы.

Заключэнне ж уній канфедэратыўнага характару ў канцы ХІV — пачатку ХVІ ст. паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай (на аснове персанальнай уніі) не змяніла самастойнага дзяржаўнага ладу Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Яна па-ранейшаму праводзіла незалежную дзяржаўную ўнутраную і знешнюю палітыку як у час панавання Вітаўта Вялікага, так і пры яго наступніках, нават калі большасць з іх сумяшчалі троны ў Вільні і Кракаве.

Ідэя незалежнасці дзяржавы ўзмацнілася у ХV — ХVІ стагоддзях у перыяд войнаў Беларуска-Літоўскай дзяржавы з Маскоўскім вялікім княствам і Крымскім ханствам, калі ад нападаў маскоўскіх войскаў больш цярпелі беларускія землі, а ад крымскіх татараў — украінскія, хаця татары на пачатку ХVІ ст. даходзілі і да Беларусі. Ад гэтага перыяду ў гістарычнай традыцыі, у беларускіх летапісах і хроніках захавалася апісанне бітвы пад Клецкам улетку 1506 г., калі беларускае паспалітае рушэнне на чале з дворным маршалкам князем Міхалам Глінскім разграміла дазвання войска крымскіх татараў, калі была вызвалена НЕКАЛЬКІ ДЗЯСЯТКАЎ ТЫСЯЧАЎ палонных беларусаў.

Яшчэ большы след у гісторыі Беларусі пакінула бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г., калі 30-тысячнае войска беларускіх і польскіх рыцараў на чале з гетманам – вялікім літоўскім князем Канстанцінам Іванавічам Астрожскім разграміла 80-тысячную армію маскоўскіх баяраў. Суверэнітэт Беларуска-Літоўскай дзяржавы быў абаронены. Вынікам гэтай бітвы было ўсталяванне яе на ўсходзе дзяржаўнай мяжы, якая практычна захавалася да нашых дзён. Пра гэтую бітву неаднаразова нагадвалі беларускія летапісы. У Кароткім Валынскім летапісе засталася пахвала князю Астрожскаму, гімн пераможцу і яго слаўным рыцарам. Пра бітву пад Оршай складалі вершы паэты, паведамляў у сваёй хроніцы М.Стрыйкоўскі, а таксама М.Бельскі. Да нашых дзён захавалася гістарычная беларуская народная песня, якая завяршаецца словамі:
Слава Оршы ўжо не горша!
Слаўся пан Астрожскі!

Яе і цяпер спяваюць беларускія барды.

У выніку агрэсіўных памкненняў Маскоўскай дзяржавы на захад, і перад усім Лівонскай вайны, якая стварыла пагрозу дзяржаўнаму існаванню Беларуска-Літоўскай дзяржавы, у выніку кампрамісу паміж кіраўнічымі коламі Польшчы і Вялікага княства Літоўскага і Рускага ў 1569 г. у Любліне была заключана новая дзяржаўная унія, якая стварала новую федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую, заснаваную НА ФЕДЭРАТЫЎНАЙ АСНОВЕ, не толькі з агульным манархам, але і з супольным соймам. У новай федэрацыі абедзве дзяржавы захавалі сваю самастойнасць, асобны дзяржаўны апарат, свой дзяржаўны лад, свае законы, свае войскі, скарб, свае мовы. Агульны сойм прымаў розныя законы для Польшчы і для Літвы.

Заключэнне Люблінскай уніі прадвызначала гістарычны лёс і чатырох народаў, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай — польскага, літоўскага, беларускага і ўкраінскага. Тым не менш пры агульнай знешняй палітыцы ва ўнутранай, а ў пэўнай ступені і ў знешняй, кожная з дзвюх дзяржаваў захавала сваю самастойнасць. Беларуска-Літоўская дзяржава прыняла ў 1588 г. новы Статут, у якім ПАДКРЭСЛІВАЛАСЯ САМАСТОЙНАСЦЬ гэтай дзяржавы адносна (хоць і саюзнай) Польшчы. Пацвярджаліся артыкулы былых Статутаў аб забароне польскай шляхце ў Літве і Беларусі атрымоўваць і набываць якім-небудзь чынам маёнткі і зямельныя ўладанні, а таксама займаць дзяржаўныя пасады. Польская шляхта разглядалася ЯК ЧУЖАЗЕМЦЫ. Практыка захавала да канца ХVІІІ ст. замяшчэнне судовых ды іншых дзяржаўных пасадаў толькі асобамі, якія ведалі беларускую мову (каб ведаць, чытаць і разумець старадаўнія акты); нават і пасля рашэння аб каэквацыі правоў канфедэрацыі 1696 г., паводле якога польская мова станавілася афіцыйнай мовай Вялікага княства Літоўскага.

Нягледзячы на абвастрэнне рэлігійных адносінаў унутры дзяржавы ў канцы ХVІ — першай палове ХVІІ ст., звязаных з прыняццем Берасцейскай царкоўнай уніі, унутранае становішча ў Беларусі не дайшло да стадыі рэлігійнай грамадзянскай вайны, як гэта адбывалася ў гэты перыяд у Францыі, Германіі, Нідэрландах, дый на Украіне. Ужо ў першай палове ХVІІ ст. большасць насельніцтва Беларусі была акаталічана. У выніку гэтага ў канцы ХVІІІ ст. на тэрыторыі Беларусі уніяты (грэка-католікі) складалі тры чвэрці насельніцтва, а сярод сялян іх было 80 адсоткаў. Праваслаўныя складалі тады толькі 6,5% [у адпаведным друкаваным выданьні па прычыне тэхнічнай памылкі рэдактара пададзена «12 адсоткаў» – Рэд.] насельніцтва. Кіраўнічыя ж групы грамадства — магнаты і шляхта — амаль цалкам сталіся рымскімі каталікамі. У Рэчы Паспалітай адбываўся працэс не толькі палітычнай эмансіпацыі  (каэквацыі) беларуска-літоўскай шляхты, але і рост яе культурнага ўзроўню, еўрапеізацыі. Хоць у свядомасці беларуска-літоўскай шляхты захавалася яе своеасаблівасць, пачуццё сваёй самастойнасці ад польскай шляхты, але з цягам часу ўзнікаюць агульныя традыцыі, якія былі заснаваныя на супольным удзеле ў войнах для абароны супольнай федэратыўнай дзяржавы.

Агульнасць інтарэсаў абедзвюх частак Рэчы Паспалітай праявілася падчас доўгай і цяжкай вайны з Расійскай дзяржавай у 1654 — 1667 гг., калі ў самым пачатку гэтай вайны большая частка Беларусі са сталіцай Вільняй апынулася пад расійскай акупацыяй,  якую царскі ўрад ператварыў у рэжым анэксіі беларускіх земляў, з масавым вывадам беларускага насельніцтва ў Маскоўскую дзяржаву.

На тэрыторыі Беларусі, акупаванай маскоўскімі войскамі, пачаўся шырокі народна-вызвольны рух, у якім удзельнічала не толькі беларуская шляхта, але і гараджане ды сяляне. Прыкладамі ўдзелу ў руху шырокіх мас насельніцтва з’явіліся паўстанні гараджан у Магілёве (1661 г.), Дзісне, Мсціславе, Шклове, Гомелі, Себежы, у Старым Быхаве. У гэтых гарадах паўстанцы самастойна ліквідавалі рускія гарнізоны. Шырокім быў і сялянскі рух супраць іншаземцаў. Як адзначаў дыпламат германскага Імператара А.Майерберг, што ехаў праз Беларусь з Вены ў Маскву, здзекі і гвалт маскавітаў прывялі да таго, што народ “выгнаў іх са сваіх земляў”. У ваенных дзеяннях рэгулярных войск разам з атрадамі беларуска-літоўскага войска ўдзельнічалі і польскія атрады. Доўгая вайна скончылася вызваленнем Беларусі з-пад маскоўскай акупацыі і захаваннем незалежнасці Беларуска-Літоўскай дзяржавы.

Ідэя незалежнасці Беларусі была галоўнай падчас паўстання 1794 г., якое ахапіла Заходнюю Бедарусь і Літву і ішло ў адным рэчышчы з паўстаннем у Польшчы. “Акт паўстання народу літоўскага” заклікаў да аднаўлення незалежнасці і суверэнітэту Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай. У адрозненне ад праграмы паўстанцаў у Польшчы, праграма паўстанцаў у Вільні была больш радыкальная. Яна заклікала не толькі да “вольнасці”, але і да “грамадзянскай роўнасці”. Таму ў паўстанні 1794 г. на Беларусі ўдзельнічала не толькі шляхта, але і сяляне. У “Песні беларускіх жаўнераў 1794 году” быў своеасаблівы заклік:
Пойдзем жыва да Касцюшкі,
Рубаць будзем Маскалюшкі!

Хоць паўстанне 1794 года скончылася няўдачай, аднак яго нацыянальна-вызвольныя традыцыі захаваліся як прыклад для паўстанцаў 1831 і 1863 гадоў, прыклад для наступных пакаленняў у аднаўленні сваёй незалежнай дзяржавы беларускага народу.

Ідэя незалежнасці Беларусі была адной з асноўных пры падрыхтоўцы праектаў аднаўлення Вялікага княства Літоўскага, якія распрацоўваліся на пачатку XIX ст. у магнацкіх колах. Гэта праекты Адама Чартарыскага і Міхала Клеафаса Агінскага. Зыходзячы з даўніх дзяржаўных традыцыяў, гэтыя дзеячы прапаноўвалі (кожны па-свойму) адрадзіць Вялікае княства Літоўскае са сваім дзяржаўным ладам, сваім войскам, фінансамі, сталіцай у Вільні, але пад вярхоўнай уладай расійскага імператара. Імператар Аляксандр ІІ выкарыстоўваў гэтыя праекты ў сваёй палітыцы, але пасля франка-расійскай вайны 1812 года да іх больш не вяртаўся. Такім чынам, ідэя незалежнасці Беларусі абмяркоўвалася і ў найвышэйшых колах Расійскай імперыі ў дыпламатычных і ўнутраных адносінах.

Выкарыстаў гэтую ідэю і Напалеон. Адразу пасля заняцця тэрыторыі Літвы і часткі Беларусі ў ліпені 1812 г. у Вільні было абвешчана ўзнаўленне Вялікага княства Літоўскага ў складзе Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў і Беластоцкай вобласці. Але Напалеон не дазволіў уключыць у склад новай дзяржавы уласна Беларусь, г.зн. Магілёускую і Віцебскую губерні, пакідаючы іх для магчымых перамоваў аб міры з Аляксандрам І як тэрыторыю, якую можна было б пакінуць Расіі ў абмен на прызнанне ёю тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Дзяржава гэтая была цалкам падпарадкаваная Напалеону і была ліквідаваная пасля заняцця тэрыторыі Беларусі і Літвы расійскімі войскамі ў снежні 1812 г. і новым захопам гэтай тэрыторыі Расіяй.

Ідэя незалежнасці Беларусі адрадзілася падчас паўстання 1863 г. Кіраўнік радыкальнага крыла чырвоных на Беларусі Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі, які двойчы ўзначальваў паўстанцкі ўрад на Беларусі і Літве, салідарызаваўся з праграмай варшаўскага кіраўніцтва паўстаннем, але стаяў за незалежную Беларусь у саюзе з Польшчай. Дарэчы, за свой сепаратызм ён быў адхілены ад кіраўніцтва паўстаннем групай белых пры падтрымцы Варшавы, а калі вярнуўся да кіраўніцтва і стаўся дыктатарам паўстання, то ўмовы для барацьбы з царызмам ускладніліся (карныя меры Мураўёва-вешальніка), і паўстанне пайшло на спад. Нягледзячы на задушэнне паўстання, ідэя незалежнасці Беларусі засталася і перадалася новаму пакаленню свядомых беларусаў. Каліноўскі паставіў асноўную мэту — ДАСЯГНЕННЕ ДЗЯРЖАЎНАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ ў форме ўзноўленага Вялікага княства Літоўскага са сталіцай у Вільні.

Паслядоўнікамі Каліноўскага сталіся беларускія студэнты ў Пецярбургу, якія на пачатку 80-х гадоў XIX ст. стварылі палітычную падпольную арганізацыю “Гоман”, але яны, у адрозненне ад Каліноўскага, бачылі будучыню Беларусі як аўтаномнага краю ў складзе сацыялістычнай федэральнай Расіі. У канцы XIX ст. узмацніўся беларускі адраджэнскі рух, а ў 1903 — 1904 гт. было аформлена стварэнне першай беларускай нацыянальнай палітычнай партыі — Беларускай сацыялістычнай грамады — сялянскага кірунку. Падчас расійскай рэвалюцыі 1905 — 1907 гг. БСГ на сваім ІІ з’ездзе ў Менску ў канцы 1905 – пачатку 1906 г. патрабавала палітычнай аўтаноміі для Беларусі ў складзе Расійскай дзяржавы (без царскага самаўладдзя). Але ўжо ў 1907 г. адзін з дзеячоў нацыянальнага руху Вітольд Жукоўскі з Вільні выступіў з праграмай барацьбы ЗА НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ у саюзе з Літвой і  Каронай (Польшчай).

У нашаніўскі перыяд Адраджэння сярод беларускіх дзеячоў панавалі яшчэ аўтанамісцкія погляды на будучыню Беларусі. У гэты час Іван Луцкевіч прапагандаваў ідэю незалежнасці беларуска-ўкраінскай федэрацыі (на ўзор былога Вялікага княства Літоўскага). Такім чынам, і ў нашаніўскім асяроддзі ўзнавіліся незалежніцкія погляды.

У снежні 1915 г. у Вільні, акупаванай нямецкімі войскамі падчас 1-й сусветнай вайны, была створана Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага – палітычная арганізацыя, якая дамагалася ўтварыць незалежную Беларуска-Літоўскую дзяржаву паводле федэратыўнага прынцыпу (для абедзвюх яе частак – беларускай і літоўскай). Ініцыятарамі яе былі браты Луцкевічы, браты Станкевічы, паэтэса Канстанцыя Буйло, пісьменнік Максім Гарэцкі. У Канфедэрацыю ўвайшлі прадстаўнікі арганізацый беларусаў, літоўцаў, палякаў і яўрэяў. Група “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі” на чале з Вацлавам Ластоўскім, у адрозненне ад Канфедэрацыі, адмовілася ад федэрацыі і выступала за ПОЎНУЮ ДЗЯРЖАЎНУЮ НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Такім чынам, у Вільні, тагачасным беларускім палітычным цэнтры, была ўзноўлена ідэя незалежнасці Беларусі.

Другім палітычным цэнтрам тагачаснага беларускага нацыянальнага руху пасля лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі стаўся Мінск, дзе кіраўнічую ролю выконваў Беларускі нацыянальны камітэт, абраны на з’ездзе беларускіх арганізацый і партый. На чале Камітэта стаяў Раман Скірмунт, былы дэпутат Дзяржаўнай думы Расіі і буйны землеўладальнік у Пінскім павеце. Менскія дзеячы ліберальнага кірунку мелі прарасійскую арыентацыю. У ліпені 1917 г. у Менску на ІІ з’ездзе беларускіх арганізацый і партый замест Беларускага нацыянальнага камітэта была абрана Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый і партый, якая ўвасабляла левыя, у тым ліку і сацыялістычныя, сілы беларускага нацыянальнага руху. У кастрычніку 1917 г. Цэнтральная Рада была пашырана за кошт арганізацый беларусаў-вайскоўцаў, што служылі ў расійскім войску. Цэнтральная Рада была пераўтворана ў адзіны палітычны цэнтр пад назвай Вялікая Беларуская Рада. Асобна дзейнічала Беларуская сацыялістычная грамада. Мінскія дзеячы ва ўмовах рэвалюцыі ў Расіі працягвалі заставацца на аўтанамісцкіх пазіцыях, выказваючыся за абвяшчэнне Беларускай дэмакратычнай рэспублікі са сваім войскам, але ў складзе Расійскай федэрацыі народаў.

Бальшавіцкі пераварот у Петраградзе і саветызацыя Беларусі ў канцы 1917 г. не пакідалі надзеі і на аўтаномны варыянт. Пра гэта сведчаць адносіны бальшавіцкай улады да Усебеларускага з’езду, скліканага ў Мінску ў снежні 1917 г. Хоць на з’ездзе было шмат прыхільнікаў аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, але ўжо чуліся галасы і пра поўную яе незалежнасць. Мясцовае бальшавіцкае кіраўніцтва на чале з А.Мясніковым, убачыўшы, што дэлегаты з’езду абмяркоўваюць пытанне аб абвяшчэнні Беларускай рэспублікі, разагналі з’езд, хаця большасць дэлегатаў не разлучалася з Расіяй і не адмаўляла савецкую ўладу. На ўзброеную барацьбу нацыянальныя мінскія дзеячы не пайшлі. Аднак ідэя Беларускай Народнай Рэспублікі была імі дэклараваная. Рада з’езду на чале з Я.Лёсікам перайшла на нелегальнае становішча і сталася юрыдычнай пераемніцай усёй паўнаты ўлады з’езду. Яна абрала Выканаўчы (Спаўняючы) Камітэт Рады на чале з Язэпам Варонкам, які павінен быў заняцца беларусізацыяй саветаў і ўзяць уладу ў свае рукі ў адпаведны момант.

Пасля ўцёкаў бальшавікоў з Мінска 19 лютага 1918 г. пасля таго як нямецкія войскі пачалі наступ па ўсім фронце, Выканаўчы Камітэт Рады выйшаў з падполля і спрабаваў узяць уладу ў свае рукі, вылучыўшы са свайго складу беларускі ўрад (Народны Сакратарыят Беларусі на чале з Язэпам Варонкам). Нямецкія войскі занялі Мінск і амаль усю тэрыторыю Беларусі. Германія заключыла з савецкай Расіяй Берасцейскі мір (3 сакавіка 1918 г.), не прызнаўшы беларускую ўладу. Тым не менш Народны Сакратарыят і Выканкам Рады працягвалі сваю дзейнасць. 9 сакавіка 1918 г. Выканаўчы Камітэт Рады выдаў другую Устаўную Грамату да народаў Беларусі, у якой абвяшчаў утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у межах этнаграфічнай Беларусі. Гэтая грамата абвяшчала дэмакратычны лад у краіне. Але аб самастойнасці Беларусі ў ёй не згадана. Беларускія мінскія дзеячы па-ранейшаму стаялі на аўтанамісцкіх пазіцыях.

У гэты ж час беларускія палітычныя дзеячы ў Вільні дзейнічалі у незалежніцкім кірунку. 25 — 27 студзеня 1918 г. яны правялі канферэнцыю, якая стварыла Віленскую Беларускую Раду. 18 лютага гэтая Рада абвясціла аб разрыве сваіх сувязяў з Расіяй. Далей беларускія палітычныя сілы Вільні і Мінска аб’ядналіся. Рада Усебеларускага з’езду ў Мінску абвясціла сябе Радай БНР. Яна запрасіла ў свой склад 9 прадстаўнікоў Віленскай Рады, у тым ліку братоў Івана і Антона Луцкевічаў, Вацлава Іваноўскага.

На паседжанні Рады БНР у Мінску, якое пачалося а 8 гадзіне вечара 24 сакавіка 1918 года, па ініцыятыве Антона Луцкевіча і па прапанове Аркадзя Смоліча ўжо раніцай 25 сакавіка было прынята рашэнне АБ АБВЯШЧЭННІ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ Беларускай Народнай Рэспублікі. Прыхільнікі саюзу з Расіяй — прадстаўнікі земстваў, гарадоў і яўрэйскай сацыялістычнай партыі Бунд — выступілі супраць незалежнасці і выйшлі са складу Рады БНР. Члены Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі і эсэры ад галасавання ўстрымаліся. 25 сакавіка 1918 г. трэцяй Устаўной Граматай Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай, і ўсе дзяржаўныя сувязі з Расіяй разрываліся. Брэсцкі мірны дагавор касаваўся. Ідэя незалежнасці Беларусі здзяйснялася.

Акт 25 сакавіка 1918 года паўплываў і на наступныя падзеі. Бальшавікі ў Маскве вымушаныя былі лічыцца з трэцяй Устаўной Граматай да народаў Беларусі, з абвяшчэннем незалежнасці Беларусі. У лістападзе 1918 г. урад Леніна нават спрабаваў дамовіцца з тагачасным урадам БНР на чале з Антонам Луцкевічам, лідарам беларускіх сацыял-дэмакратаў, але потым спыніў перамовы. Урэшце 1 студзеня 1919 г. была абвешчана ў Смаленску Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка як свайго роду адказ на стварэнне БНР. Фактычна стваралася марыянетачная савецкая дзяржава з яе папяровым “суверэнітэтам”. Калі было трэба, то праз два месяцы яе аб’ядналі з такой самай савецкай Літоўскай рэспублікай, потым увогуле ліквідавалі, потым — 31 ліпеня 1920 г. — зноў абвясцілі незалежную Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь, але ў паменшаных памерах (без Віцебскай і Гомельскай губерняў, у тым ліку і Магілёва). Гэтая БССР і стала часткай Савецкага Саюзу ў 1922 г. Аднак існаванне БССР спрыяла росту нацыянальнай самасвядомасці, якая ў 30-я гады жорстка падаўлялася ўладай.

Між тым урад і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі працягвалі існаваць. Але гэта былі толькі сімвалы незалежнасці Беларусі, якія захоўвалі і нацыянальную сімволіку, што сталася ў БНР ДЗЯРЖАЎНАЙ, — гістарычны герб “Пагоню” і бела-чырвона-белы сцяг. Спроба бальшавікоў ліквідаваць замежную дзейнасць эмігранцкіх уладаў БНР у 1925 г. цалкам не ўдалася, хоць некалькіх міністраў, у тым ліку былога прэм’ера В.Ластоўскага,  прэм’ера А.Цвікевіча, яны змаглі перацягнуць на Беларусь, каб потым расправіцца з імі. Пры гэтым бюро цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі намагалася, каб эміграцыйная Рада міністраў БНР афіцыйна перадала свае паўнамоцтвы савецкаму ўраду БССР (адчуваючы нелегітымнасць свайго рэжыму). Аднак Рада БНР на чале з яе прэзідэнтам працягвала сваю дзейнасць у Празе, потым пасля 2-й сусветнай вайны – у ЗША, дзе і застаецца цяпер. Сваёй сімвалічнай улады незалежная БНР ЯШЧЭ НЕ ПЕРАДАЛА на Беларусь з-за неспрыяльных умоваў для незалежнасці ў самой Беларусі.

Усім вядомыя падзеі апошніх гадоў. У перыяд развалу савецкай імперыі пад націскам апазіцыі Вярхоўны Савет Беларусі 27 ліпеня 1990 г. прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У выніку правалу бальшавіцка-кансерватыўнага путчу ў Маскве і перамогі тагачасных дэмакратычных сіл у Расіі на чале з Б.Ельцыным была забаронена дзейнасць КПСС. Напалоханая камуністычная большасць Вярхоўнага Савета БССР таксама прыпыняе дзейнасць КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі. 25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет надае Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР сілу закону. 19 верасня 1991 г. нечарговая сесія Вярхоўнага Савета прымае закон аб новай назве дзяржавы –  Рэспубліка Беларусь. Абвяшчаюцца дзяржаўны беларускі нацыянальны бела-чырвоны-белы сцяг  і  старадаўні нацыянальны і дзяржаўны герб “Пагоня”. 8 снежня 1991 г. галоўныя дзяржаўныя кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісваюць пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаваў і ліквідацыі СССР. 10 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет Беларусі амаль аднагалосна дэнансуе Саюзны дагавор ад 30 снежня 1922 года. Такім чынам, СССР канчаткова знікае з палітычнай мапы свету. Перад Беларуссю адкрыліся магчымасці будаваць сваю самастойную дзяржаву.

Аднак магчымасці дасягнення рэальнай незалежнасці былі змарнаваныя. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, выбраны ў 1990 годзе, па-ранейшаму быў апанаваны прадстаўнікамі камуністычнай наменклатуры, якая захавалася на вяршыні ўлады. Апазіцыя Беларускага Народнага Фронту “Адраджэнне” мела крыху болей за 30 дэпутатаў у парламенце (10% ад агульнай колькасці дэпутатаў). Менавіта яна з’яўлялася носьбітам ідэі незалежнасці Беларусі, бо НАМЕНКЛАТУРНАЯ БОЛЬШАСЦЬ Вярхоўнага Савета была ПРЫХІЛЬНІЦАЙ ІНТЭГРАЦЫІ З РАСІЯЙ І ЎТВАРЭННЯ НОВАГА СССР. Атрымліваючы палітычную дапамогу ад кіраўніцтва Расіі, наменклатура ў Беларусі перайшла ў наступ і захоўвала ранейшы эканамічны лад з камандна-адміністрацыйнай сістэмай кіравання і амаль без правядзення рэформаў. Каб падмацаваць пазіцыі прамаскоўскага ўраду Вячаслава Кебіча, парламенцкая большасць паскорыла прыняцце канстытуцыі Беларусі, якая дасюль марудна распрацоўвалася. Канстытуцыя Беларусі была прынята 15 сакавіка 1994 года. Яна прадугледжвае падзел улады паміж трыма яе галінамі, захаванне дэмакратычных правоў грамадзян нашай краіны, а таксама, паводле расійскага ўзору, моцную ўладу прэзідэнта. Галавой дзяржавы расійскімі кіраўнічымі коламі і беларускай наменклатурай меркавалася выбраць Вячаслава Кебіча – былога члена бюро ЦК Кампартыі Беларусі, шчыльна звязанага з прамыслова-фінансавымі манаполіямі Расіі перш за ўсё з “Газпромам”. Другім кандыдатам маскоўскай кіраўнічай эліты быў папуліст і дэмагог, дэпутат Аляксандр Лукашэнка, які ўзначальваў парламенцкую камісію па барацьбе з карупцыяй, быў дырэктарам саўгаса ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. ГЭТА СТАЎЛЕНІК РАСІЙСКАГА ВАЕННА-ПРАМЫСЛОВАГА КОМПЛЕКСУ І РАСІЙСКАГА КДБ (ФСБ). Дзякуючы папулісцкай кампаніі і абяцанням перамагчы карупцыю, “запусціць заводы” і палепшыць эканамічны стан насельніцтва, а таксама шалёнаму цкаванню дэмакратычных кандыдатаў А.Лукашэнка выйграў прэзідэнцкія выбары 10 ліпеня 1994 г. Такім чынам, расійская кіраўнічая эліта захавала свае палітычныя пазіцыі ў Беларусі, хаця В.Кебіч больш бы адпавядаў тагачаснаму згрупаванню Б.Ельцына і В.Чарнамырдзіна. Прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка менш прадказальны, псіхічна няўстойлівы і вельмі, да хваравітасці, амбіцыйны з намерамі выйсці на больш шырокую палітычную прастору ў якасці інтэгратара Беларусі і Расіі (а пры нагодзе і Украіны) у агульную дзяржаву тыпу СССР ці Расійскай імперыі з прэзідэнтам А.Лукашэнкам на чале. Ад верасня 1998 г., калі расійскі ўрад узначаліў Я.Прымакоў, палітычныя сувязі паміж А.Лукашэнкам і расійскім урадам яшчэ больш узмацніліся. АБОДВА ГЭТЫЯ ЛІДАРЫ НАЛЕЖАЦЬ ДА КДБ. Я.Прымакоў (генерал-палкоўнік КДБ) у 1991 г. быў першым намеснікам старшыні КДБ СССР, а потым начальнікам службы знешняй разведкі Расіі (а яшчэ раней уваходзіў у склад палітбюро ЦК КПСС). А Лукашэнка ў свой час быў маёрам-палітруком у памежных войсках КДБ СССР. Праўда, цяпер яго шанцы стаць прэзідэнтам Расіі ці саюзу Беларусі і Расіі зменшыліся, бо акадэмік-генерал КДБ больш адпавядае камуністычна-шавіністычным сілам і ФСБ Расіі, чым нейкі там маёр. Але такая сітуацыя аблягчае расійскаму кіраўніцтву ўключэнне Беларусі ў склад Расійскай імперыі ў любым выглядзе (саюз, канфедэрацыя, фэдэрацыя, адзіная саюзная дзяржава). Панславянская ідэя А.Лукашэнкі [мы лічым, што ў Лукашэнкі толькі “панславянская” рыторыка, форма, якой ён прыкрываецца, а зьмест, схаваная ідэя – расейска-імперскія; калі Лукашэнка сапраўды клапаціўся пра славян, ён бы не зьнішчаў беларускі народ праз этнацыдныя тэхналогіі – Рэд.] супрацьстаіць ідэі незалежнасці Беларусі. За гады прэзідэнцкага кіравання ў Беларусі праводзіцца паход супраць беларускай мовы, культуры, адукацыі, супраць дэмакратычных свабод і партый – практычна супраць суверэнітэту Беларусі. Ідзе шырокі наступ з боку прэзідэнта і яго адміністрацыі на беларускую гістарычную навуку, што праводзіцца з выкарыстаннем падпарадкаваных прэзідэнту сродкаў масавай інфармацыі, каб прыпыніць працэс вызвалення беларускай гістарычнай навукі ад догмаў і стэрэатыпаў, якія панавалі ў ёй у савецкі час, паставіць гэты працэс у жорсткія бюракратычныя адміністрацыйныя рамкі. Усе гэтыя меры каардынуюцца расійскімі палкоўнікамі, якія ўваходзяць у склад бліжэйшага кола прэзідэнцкай адміністрацыі.

У траўні 1995 г. прэзідэнт арганізаваў ганебны рэферэндум ва ўмовах дэзінфармацыі насельніцтва і дамогся надання рускай мове статусу другой дзяржаўнай (а фактычна – адзінай), замены дзяржаўных нацыянальных герба “Пагоня” і бела-чырвона-белага сцяга гербам і сцягам былой БССР (з нязначнымі зменамі). Вынікі рэферэндуму былі скарыстаныя прэзідэнтам для ўмацавання сваёй улады і адцягнення ўвагі народу ад значнага пагаршэння эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі ў краіне з-за адсутнасці рэформаў і захавання ва ўладзе старой наменклатуры. Усебаковы крызіс на Беларусі працягваецца.

Прэзідэнт пастаянна парушае канстытуцыю і законы, адгарадзіўся ад свайго народа шматлікай аховай, шыкоўна пабудаванай рэзідэнцыяй, браніраваным аўтамабілем, які рухаецца ў суправаджэнні яшчэ не менш як пяці машын. У Беларусі ўсталёўваецца дыктатарскі рэжым паўднёваамерыканскага ці афрыканскага тыпу. А.Лукашэнка абвясціў узорам для сябе палітыку Адольфа Гітлера.

Дэмакратычныя сілы Беларусі, і перш за ўсё Беларускі Народны Фронт, вядуць барацьбу за незалежнасць краіны. Вясной 1996 г. у гэтую барацьбу ўключылася і моладзь, якая раней актыўна не ўдзельнічала ў палітычных падзеях. Гэтая барацьба праходзіць пад знакам НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ, што ўсё больш аб’ядноўвае новыя пласты беларускага грамадства, якое ў значнай ступені застаецца яшчэ савецкім.

Каб умацаваць свой рэжым, а таксама для магчымых выбараў прэзідэнта агульнаславянскай дзяржавы, прэзідэнт А.Лукашэнка паглыбляе палітычныя і эканамічныя сувязі з Расіяй. Але ў Расіі ёсць свае геапалітычныя інтарэсы ў краінах былога СССР. Які б урад ні сядзеў у Крамлі — «дэмакратычны», камуністычны ці нават манархічны, — ЁН ЗАЎСЁДЫ БУДЗЕ ПРАВОДЗІЦЬ ІМПЕРЫЯЛІСТЫЧНУЮ ПАЛІТЫКУ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА БЕЛАРУСІ. Беларусь для Расіі — ваенна-стратэгічны плацдарм для наступу або для палітычнага ціску на Польшчу, Украіну і Летуву. Гэта таксама транспартны эканамічны калідор у Еўропу.

Падпісанне 2 красавіка 1996 г. дагавору аб стварэнні супольніцтва Беларусі і Расіі (што выклікала шэраг шматтысячных дэманстрацый супраціву) засведчыла планы расійскай анэксіі Беларусі. Наступным крокам да захопу Беларусі стаўся антыканстытуцыйны пераварот у лістападзе 1996 г., калі былі сфальсіфікаваныя вынікі кансультацыйнага рэферэндуму і зменена канстытуцыя Беларусі з наданнем прэзідэнту дыктатарскіх паўнамоцтваў. Гэты дзяржаўны пераварот быў праведзены пры дапамозе расійскіх кіраўнічых колаў. У красавіку 1997 г. супольнасць была перайменавана ў саюз Беларусі і Расіі. Апошнім крокам у інкарпарацыі Беларусаў у склад Расіі сталася падпісанне 25 снежня 1998 г. прэзідэнтамі Расіі і Беларусі Б.Ельцыным і А.Лукашэнкам (насуперак канстытуцыям абедзвюх дзяржаваў) шэрагу дакументаў, дзе засведчана імкненне стварыць у другой палове 1999 года “саюзную дзяржаву” ў складзе Расіі і Беларусі. Гэты ПЛАН АЗНАЧАЕ ЛІКВІДАЦЫЮ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ. Маскоўскія ўрадавыя колы прапануюць пры гэтым утварыць дзейсны мытны саюз, зону вольнага гандлю, адзінае ці падвоенае грамадзянства, адзіную валюту, агульную абаронную структуру, знешнепалітычны саюз, зразумела, з кіраўніцтвам у Маскве. Антыбеларускі рэжым, які пануе ў Беларусі, ідзе на “інтэграцыю” не толькі з-за амбіцыйных памкненняў А.Лукашэнкі заняць прэзідэнцкую пасаду ў Расіі або ў саюзнай дзяржаве – ССР (Саюзе Суверэнных Рэспублік, як у 1991 г. хацеў перайменаваць СССР прэзідэнт Савецкага Саюза М.Гарбачоў), але І З-ЗА БАНКРУЦТВА ЭКАНАМІЧНАЙ ПАЛІТЫКІ.  А.Лукашэнка давёў эканоміку Беларусі да ручкі, а народ да галечы І СПРАБУЕ ЎЦЯЧЫ АД АДКАЗНАСЦІ.

У цяперашніх умовах ідэя незалежнасці Беларусі застаецца вельмі актуальнай у беларускім грамадстве. У гэтым рэчышчы кампанія запісу ў грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі мае вялікае значэнне ў маральным сэнсе як засведчанне сваёй патрыятычнай пазіцыі і падтрымкі незалежнасці Беларускай дзяржавы. Беларускі Народны Фронт “Адраджэнне” стаўся непасрэдным прадаўжальнікам  справы тых патрыётаў Беларусі, якія яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя змагаліся за дзяржаўную незалежнасць, дэмакратыю і нацыянальна-культурнае адраджэнне нашай Бацькаўшчыны.

Ідэі НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЭМАКРАТЫІ з’яўляюцца палітычна актуальнымі. Іх падтрымліваюць усё больш шырокія колы людзей, прадстаўнікі дэмакратычных партыяў Беларусі. Ідэі НАЦЫЯНАЛЬНАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ гуртуюць вакол сябе апазіцыйныя сучаснаму рэжыму палітычныя і грамадскія сілы.

23 красавіка 1999 г.

Ад рэдакцыі: Анатоль Грыцкевіч – доктар гістарычных навук, прафесар; буйны вучоны і  грамадскі дзеяч (Мінск).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы