nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ГІСТАРЫЧНЫЯ АСНОВЫ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ (кБНІ)

26 чэрвеня, 2006 | Няма каментараў

Эдвард Зайкоўскі

У першабытныя часы, ва ўсялякім разе пачынаючы з ранняга бронзавага веку, тэрыторыя нашай краіны была заселеная плямёнамі, прыналежнасць якіх да індаеўрапейскай моўнай сям’і не выклікае сумнення. У раннім жалезным веку (апошнія стагоддзі да н.Х. – першыя стагоддзі па н.Х.), як пераканаўча сведчаць дадзеныя археалогіі і мовазнаўства, насельніцтва амаль усёй тэрыторыі Беларусі размаўляла на балцкіх, ці балтыйскіх, мовах (роднасных летувіскай, латышскай ды вымерлай прускай і яцвяжскай) і належала да разлеглага Pax Balticum (свету балцкіх народаў), што распасціраўся ад ніжняе Віслы да цяперашняй Масквы і ад Балтыйскага мора – да правабярэжнай Прыпяці і да р.Сейм.

Згодна з некаторымі аўтарытэтнымі меркаваннямі (напрыклад, У.М.Тапарова), на аснове адной з заходніх груп балтаў дзякуючы змешванню з іншымі этнасамі ўтварылася праславянская супольнасць. У той частцы Еўропы, якая не ўвайшла ў склад дзяржаваў антычнасці, найперш Рымскай імперыі, балты разам з германцамі, славянамі, часткай іранцаў, кельтаў і фіна-уграмі складалі адзін з асноўных этнасаў. Паколькі тэрыторыя Pax Balticum  вельмі доўга была пазбаўленая іншаэтнічных міграцый і асіміляцыйных працэсаў, то мовы і духоўная культура балтаў захавалі вельмі шмат са спрадвечнай індаеўрапейскай спадчыны.

Бурлівыя падзеі сярэдзіны першага тысячагоддзя па н.Х. (падзенне Заходняй Рымскай імперыі, Вялікае перасяленне народаў) закранулі і Беларусь.  Яе паўднёва-заходняя частка ўжо ў VI стагоддзі аказалася заселенай славянамі, а сярод балцкіх плямёнаў яшчэ раней адбылося перагрупаванне. Інтэграцыйныя працэсы сярод насельніцтва Цэнтральнай і Усходняй Беларусі прывялі да фармавання групы роднасных археалагічных культураў, усходняя мяжа якіх супадае з усходняй этнаграфічнай мяжой беларусаў.

Засяленне большай часткі Беларусі славянамі адбывалася ў другой палове першага тысячагоддзя па н.Х. Пасля складвання ўсходнеславянскіх княстваў гэты працэс ішоў пры непасрэднай падтрымцы дзяржаўнай улады з яе ўзброенай сілай, а з канца Х стагоддзя – і хрысціянскай царквы. Апорай славянскай каланізацыі былі гарады, дзякуючы якім праходзіла славянізацыя і хрысціянізацыя навакольнага балцкага насельніцтва.

У адрозненне ад іншых славянскіх краінаў, дзе асімілёўваліся цалкам чужародныя этнасы (у будучай Расіі – фіна-угры, у Балгарыі – фракійцы, грэкі і цюркі і да т. п.), у Беларусі (а яшчэ ў нейкай меры ў Польшчы) адбывалася асіміляцыя этнасу блізкароднаснага, што на ўзроўні дамінавання традыцыйнай культуры рабіла гэты працэс значна больш гарманічным. Як сведчаць дадзеныя антрапалогіі, З’ЯЎЛЯЮЧЫСЯ ПА МОВЕ Ў АСНОЎНЫМ СЛАВЯНАМІ, сучасныя беларусы па крыві, ПАВОДЛЕ ГЕНАФОНДУ ЗАСТАЛІСЯ Ў БОЛЬШАЙ ЧАСТЦЫ БАЛТАМІ.

Полацкае княства, якое існавала ўжо ў ІХ-Х стст., не змагло аб’яднаць і ўзначаліць усе крывіцкія землі са Смаленскам і Псковам уключна. Прычынай гэтага былі не толькі вялізныя памеры тэрыторыі крывіцкага племені, але і размяшчэнне крывічоў на шляху “з варагаў у грэкі”, што падстаўляла іх пад удары ўладароў як Ноўгарада, так і Кіева, якія імкнуліся авалодаць найважнейшымі воднымі шляхамі і волакамі. Тым не менш да пачатку 980-х гадоў землі полацкіх крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў (фактычна ядро будучай Беларусі) захоўвалі незалежнасць ад улады Кіева і пры спрыяльным збегу абставінаў маглі б стаць самастойнай сілай ва Усходняй Еўропе.

Хрысціянізацыя беларускіх земляў (уключаючы Полацкае княства), з’яўляючыся працэсам станоўчым і прагрэсіўным, з пункту гледжання гістарычна-дзяржаўніцкага мела некаторыя асаблівасці, якія з’явіліся вытокамі пазнейшых палітычных, культурных ды іншых ускладненняў. Асаблівасці былі такія.

Усталяванне такой жа разнавіднасці хрысціянства, як і на будучых украінскіх і рускіх землях, г. зн. праваслаўя. Гэтая асаблівасць не вяла б да негатыўных наступстваў, КАЛІ Б на тэрыторыі Беларусі  ці хаця б у Полацкай дзяржаве З САМАГА ПАЧАТКУ існавала незалежная ад Кіева (потым – ад Масквы) царкоўная праваслаўная іерархія.

Літургічнай мовай праваслаўя ў гэтай частцы Еўропы з’яўлялася стараславянская мова, якая шмат стагоддзяў аказвала значны ўплыў і на свецкую пісьмовасць. У далейшым стараславянская мова стала тым фактарам, які ў руках больш моцнага служыў ідэалагічнай зброяй. Пазней адной з прычын заняпаду старабеларускай літаратурнай мовы, зніжэння яе грамадскай ролі была адарванасць ад жывой народнай мовы, недастатковая пераадоленасць уплываў закасцянелай царкоўнаславяншчыны. З пункту гледжання дзяржаўнасці і нацыяўтварэння было б лепей, калі б хрысціянства ўся Беларусь прыняла на гадоў 400 пазней, але ў іншай канфесійнай разнавіднасці, чым некаторыя суседзі.

Упершыню асноўная частка беларускіх земляў аб’ядналася ў адзінай дзяржаве пры вялікім князю Альгердзе, а завершана было гэтае аб’яднанне пры Вітаўце. Але Альгерд не змог выканаць важнай задачы – стварэння аўтакефальнай ці хаця б непасрэдна падпарадкаванай Канстанцінопалю царквы.

Прыняцце пасля Крэўскай уніі часткай насельніцтва каталіцтва мела як адмоўныя, так і станоўчыя вынікі. Да адмоўных трэба аднесці іерархічную падпарадкаванасць польскаму епіскапу і раскол беларусаў па канфесійнай прыкмеце; да станоўчых – што беларусы-каталікі аказаліся ў далейшым менш прыдатнымі для русіфікацыі, чым праваслаўныя [затое, яны сталі прыдатнымі для апалячваньня – Рэд.]. Дасягнуўшы вяршыні магутнасці пры Вітаўце, Вялікае княства Літоўскае пры яго слабых пераемніках паступова губляла знешнепалітычную ініцыятыву, асабліва ў адносінах з Маскоўскай дзяржавай. У пачатку XVI ст. ВКЛ страціла значныя тэрыторыі на ўсходзе.

Люблінская унія 1569 года ў многім была вымушаным крокам, паколькі войскі Івана Жахлівага стаялі ў Полацку і пагражалі Вільні. Праўда, у выніку уніі ад ВКЛ былі адарваныя не толькі ўкраінскія землі, АЛЕ І БЕЛАРУСКАЕ ПАДЛЯШША, што ў далейшым прывяло да паступовай паланізацыі яго насельніцтва.

Пошукі шляхоў рэлігійнай кансалідацыі мелі вынікам Берасцейскую царкоўную унію і стварэнне грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы. Да моманту падзелаў Рэчы Паспалітай уніятамі сталі тры чвэрці насельніцтва Беларусі. Да недахопаў трэба аднесці тое, што ўніятамі не стала эліта тагачаснага грамадства (магнаты і большая частка шляхты), якая непасрэдна пераходзіла з праваслаўя ў рыма-каталіцтва. Трэба прызнаць, што ўніяцкая царква была створана ў нас занадта позна. Калі б гэта адбылося ў часы поўнай незалежнасці ВКЛ і сувязі з Польшчай былі значна слабейшымі (напрыклад, у часы Вітаўта ці хаця б да Лівонскай вайны), ды яшчэ пры ўмове пераходу ва ўніяцтва не толькі праваслаўных, але і каталікоў лацінскага абраду, вынікі былі б значна больш станоўчымі. Такая унія сапраўды прывяла б да максімальнай рэлігійнай кансалідацыі ўсіх пластоў грамадства, да захавання пазіцый нацыянальнай культуры і да ўзнікнення нацыянальнай беларускай рэлігіі паміж каталіцкай Польшчай і артадаксальнай Масковіяй. Усталяванне ў Вялікім княстве канфесіі, нават пры суіснаванні розных абрадаў, ліквідавала б канфесійны бар’ер паміж беларусамі і літоўцамі і паспрыяла б далейшай беларусізацыі этнічнай Літвы [рэдакцыя не падзяляе кантэксту дадзеных поглядаў, Летува павінна быць Летувай, а Беларусь, прычым уся – Беларусьсю. – Рэд.], дзе яшчэ не існавала сваёй пісьмовасці. Але склалася так, што некалькі спробаў пашырэння Фларэнційскай царкоўнай уніі 1439 г. не далі радыкальных вынікаў. Другім шляхам стварэння беларускай нацыянальнай царквы, адрознай ад суседніх краін, было пашырэнне і ператварэнне ў дамінавальную якой-небудзь разнавіднасці пратэстантызму, напрыклад кальвінізму ці антытрынітарства, але пры больш спрыяльным збегу палітычных варункаў. Пасля пачатку Контррэфармацыі пратэстанцкаму ВКЛ давялося б цяжка паміж каталіцкай Польшчай і фанатычна-праваслаўнай Масквой. Лепшыя шанцы былі б пры існаванні побач рэлігійнага саюзніка, пажадана этнічна далёкага. Але ўладанні, напрыклад, пратэстанцкай Швецыі сталі межаваць з ВКЛ толькі ў XVII ст., калі ў нас выразна абазначылася ўжо перамога Контррэфармацыі. Таму спроба Януша і Багуслава  Радзівілаў у 1655 г. знайсці для ВКЛ паратунак ад Масковіі і Польшчы ў саюзе са Швецыяй, хоць у іншыя часы была б перспектыўнай (і не пагражала асіміляцыяй з боку апошняй), гістарычна аказалася запозненай.

Ваенныя дзеянні ў паўднёвай частцы Беларусі, выкліканыя «экспартам Хмяльніччыны» з Украіны, і маскоўскі «патоп» 1654-1667 гг. прычынілі нашай краіне спусташэнні, якія можна супаставіць з нашэсцем Батыя для іншых усходнеславянскіх земляў, і ПРЫВЯЛІ ДА ДЭМАГРАФІЧНАЙ КАТАСТРОФЫ. ВКЛ як дзяржава ўсё больш занепадала. Паўночная вайна, не прынёсшы абсалютна ніякага знешнепалітычнага выйгрышу для Беларусі, яшчэ раз моцна яе спустошыла.

Падзелы Рэчы Паспалітай сталіся магчымымі ў выніку як вонкавых, так і ўнутраных фактараў. Праекты пачатку ХІХ ст. пра аднаўленне ВКЛ хаця б як аўтаномнай часткі Расейскай імперыі не былі рэалізаваныя (да чаго магло прывесці станоўчае вырашэнне такога пытання, паказвае прыклад Фінляндыі). Ліквідацыя ўніяцтва ў 1839 г. зрабіла немагчымым шлях нацыянальнага Адраджэння праз нацыянальную царкву, як гэта сталася ва ўкраінцаў Галічыны. Гэты і некаторыя іншыя палітычныя крокі царызму (адмена прыгоннага права і т.п.) прадвызначылі няўдачу вызвольнага паўстання 1863-64 гг. Кастусь Каліноўскі – фігура велічная і гераічная – быў сынам свайго часу. Тым не менш паўстанне пад кіраўніцтвам гэтага чалавека спазнілася на 30-50 гадоў. ВЫНІКІ РУСІФІКАТАРСКАЙ ПАЛІТЫКІ МУРАЎЁВА-ВЕШАЛЬНІКА І ЯГО ПЕРАЕМНІКАЎ НЕ ЛІКВІДАВАНЫЯ ДА НАШАГА ЧАСУ. Выключна негатыўна трэба ацэньваць ролю ў гісторыі Беларусі расейскай арміі і пераважна адмоўна – РАСЕЙСКАЙ ШКОЛЫ. Злавеснае значэнне расейскай арміі заключаецца не толькі і можа нават не столькі ў яе ўдзеле пры задушэнні вызвольных паўстанняў, але і ў выхаваўчай  ролі. Народная гаспадарка Беларусі не толькі губляла самых фізічна здаровых мужчын (у беларускіх губернях у рэкруты доўгі час забіралі большы працэнт насельніцтва, чым ва ўнутрырасейскіх), але са службы яны звальняліся ўжо досыць русіфікаванымі як лінгвістычна, так і палітычна. Пасяляючыся ізноў у родных вёсках, былыя салдаты аказвалі пэўнае русіфікацыйнае ўздзеянне на сваякоў і аднавяскоўцаў. Як сведчаць метрычныя кнігі цэркваў, досыць шмат у сельскай мясцовасці пражывала адстаўных унтэр-афіцэраў, якія за час працяглай службы яшчэ больш паспявалі абрусець.

З’яўляючыся ў прынцыпе станоўчай і прагрэсіўнай з’явай, народная адукацыя (царкоўнапрыходскія школы і народныя вучэльні) у канкрэтных умовах дарэвалюцыйнай Беларусі была найперш інструментам русіфікацыі: калі вучні засвойвалі навыкі пісьмовасці толькі на расейскай мове, атрымлівалі ўяўленне толькі пра расейскую літаратуру і па-расейску скіраваныя першасныя ўяўленні па гісторыі.

У выніку «патопу» сярэдзіны XVII ст., паланізацыі мяшчанства ў часы позняй Рэчы Пасталітай і канцэнтрацыі ў гарадах і мястэчках яўрэйскага насельніцтва Беларусь засталася з этнічна чужымі гарадамі, што з’явілася адной з найважнейшых прычын, якія тармазілі беларускае Адраджэнне. Многія з прадпрымальных беларусаў, хто змог разбагацець, у такім горадзе асімілёўваліся. Пачынаючы з часоў Мураўёва значная частка праваслаўных святароў, чыноўнікаў, настаўнікаў, не кажучы ўжо пра вайскоўцаў, прысылалася з карэннай Расеі. ВЫКЛЮЧНА ПРАЎРАДАВУЮ ЛІНІЮ ПРАВОДЗІЛА ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА, што пацвярджаецца амаль поўнай адсутнасцю праваслаўных сярод беларускіх літаратараў ды іншых адраджэнцаў ХІХ стагоддзя. У адрозненне ад літоўцаў ці ўкраінцаў, дзе важную ролю ў якасці базы адраджэння адыгралі Малая Літва і Галіцыя, Беларусь не мела свайго “П’емонту”.

Першае Беларускае Адраджэнне пачатку ХХ ст. у палітычных адносінах мела пераважна левую арыентацыю, што нельга ацэньваць толькі станоўча. Адсутнасць моцнай цэнтрысцкай ці правай партыі адштурхоўвала ад беларускага руху значную частку буйных землеўладальнікаў – “краёўцаў”, сельскую, нешматлікую гарадскую буржуазію беларускага паходжання як патэнцыйных фундатараў беларушчыны. Матэрыяльная база і досыць немалыя фінансавыя сродкі гэтых людзей спатрэбіліся б як культурніцкай, так і чыста палітычнай дзейнасці. САЦЫЯЛЬНЫ РАДЫКАЛІЗМ стваральнікаў БНР верагодна перашкодзіў прызнанню гэтай дзяржавы ўплывовымі краінамі Захаду.

Другое Беларускае Адраджэнне 1920-х гадоў праходзіла ў краіне, падзеленай на дзве часткі больш моцнымі суседзямі. У таталітарным СССР яно ўвесь час знаходзілася пад кантролем кіраўніцтва камуністычнай партыі і падпарадкаваных яму органаў дзяржбяспекі і па ўказанні Масквы сінхронна з першымі хвалямі рэпрэсіяў у пачатку 1930-х гадоў было згорнута. Прычынай рэпрэсіяў супраць беларускага руху ў Заходняй Беларусі былі аўтарытарнасць рэжыму ў Польшчы пасля перавароту 1926 года, ПРАВАКАЦЫЙНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ САВЕЦКІХ СПЕЦСЛУЖБАЎ па лева-радыкалізацыі беларускіх арганізацый і ў якасці прыкладу – рэпрэсіі супраць “нацдэмаў” у БССР. Асноўнай сілай, якая цвяроза ацэньвала рэчаіснасць і пазбягала небяспечных ухілаў, з’яўлялася Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (пазней БНА).

Фармальна з’яўляючыся адной з краінаў-пераможцаў у 2-й сусветнай вайне, БССР тым не менш страціла частку тэрыторыі (Беласточчына). Яшчэ больш значнымі былі людскія страты, асабліва інтэлігенцыі. Але частка людзей, якія апынуліся ў выніку вайны за межамі СССР, далі магутны імпульс жыццю беларускай дыяспары на Захадзе.

Атрымаўшы незалежнасць у выніку распаду СССР, Беларусь, акрамя моцнай эканамічнай залежнасці ад былога цэнтру, атрымала ў спадчыну грамадства з шэрагам асаблівасцяў.

Пачынаючы з сярэдзіны XVII ст., ЛЕДЗЬ НЕ Ў КОЖНЫМ ПАКАЛЕННІ ЗНІШЧАЛІСЯ САМЫЯ  ІНІЦЫЯТЫЎНЫЯ, АДМЕТНЫЯ, ТАЛЕНАВІТЫЯ ЛЮДЗІ, УСЯЛЯКІЯ ПРАЯВЫ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ АДМЕТНАСЦІ БЫЛІ НЕБЯСПЕЧНЫМІ. Гэты працэс дасягнуў свайго апагею ў перыяд сталінізму. У выніку ў значнай часткі беларусаў амаль на генным узроўні замацавалася пачуццё страху, якое захоўваецца дагэтуль.

Комплекс уласнай нацыянальнай непаўнавартасці, найперш у параўнанні з больш моцнымі суседзямі. Гэты комплекс у некалькіх апошніх пакаленняў беларусаў дапаўняецца адмоўным псіхалагічным стэрэатыпам нацыяналізму (вынік рэпрэсій і шматгадовай камуністычнай прапаганды).

Досыць значны працэнт этнічных расейцаў і цалкам зрусіфікаваных людзей іншых нацыянальнасцяў, адносна большая колькасць у параўнанні з іншымі былымі савецкімі рэспублікамі прадстаўнікоў такіх грамадска актыўных групаў як адстаўныя вайскоўцы, супрацоўнікі карных органаў, партыйныя функцыянеры. Акрамя таго, Беларусь стала адстойнікам для праімперскіх элементаў, якія ўцяклі з краінаў Балтыі.

Недастаткова поўная сацыяльная структура нацыянальна арыентаванай часткі грамадства: амаль адсутнічаюць прадстаўнікі буйной адміністрацыйнай, гаспадарчай і тэхнічнай наменклатуры, недастаткова прадпрымальнікаў.

У грамадстве колькасна пераважае homo soveticus з усімі яго недахопамі.

Большая частка насельніцтва зусім не ведае беларускай гісторыі і жыве ЗАСВОЕНЫМІ СА ШКОЛЫ І МАСКУЛЬТУРЫ ІМПЕРСКІМІ СТЭРЭАТЫПАМІ.

АГУЛЬНАЯ З РАСЕЯЙ ІНФАРМАЦЫЙНАЯ ПРАСТОРА, у выніку чаго ў галовах простых абывацеляў усё пераблыталася.

Нават у першай палове1990-х гадоў большасць абласных і раённых газетаў, якія ў асноўным чытаюць на перыферыі, заставаліся занадта “чырвонымі” і антынезалежніцкімі.

Усе гэтыя фактары і прывялі да таго, што мы маем зараз.

Пры папулярызацыі нацыянальнай ідэі і яе гістарычным абгрунтаванні ў любога народу выключна важнае значэнне набывае засваенне набору сімвалаў, своеасаблівага знакавага коду, уласцівага пэўнай нацыі. Несумненна, да такога набору сімвалаў адносяцца СЦЯГ, ГЕРБ І ГІМН. Акрамя таго, пэўныя часткі этнічнай тэрыторыі, помнікі культуры, даты, падзеі, дзеячы нацыянальнай гісторыі ўзводзяцца ў ранг ключавых, сакралізуюцца. Напрыклад, такія сакралізаваныя сімвалы: для ўкраінцаў – рака Дняпро, для армян – гара Арарат, для яўрэяў усяго свету – “Сцяна плачу” (рэшткі Іерусалімскага храма), для палякаў – Вісла, Вавель, Баляслаў Храбры і Юзаф Пілсудскі. Пры стварэнні набору беларускіх нацыянальных сімвалаў неабходна мець на ўвазе, што Дняпро не можа быць сакралізаванай ракой, у гэтай якасці ён даўно ўжо ўспрымаецца ўкраінцамі, да таго ж пачынаеца і канчаецца ён далёка за межамі Беларусі. На ролю рэкаў-сімвалаў не падыходзяць таксама Прыпяць, Дзвіна, Сож. Найбольш прыдатнай з’яўляецца Вілія (што мае абгрунтаванне і ў дахрысціянскай міфалогіі),  магчыма, у нейкай меры Нёман і Бярэзіна. Не з’яўляючыся горнай краінай, Беларусь мае, тым не менш, прыдатнуюую для сакралізацыі вяршыню – гару Святую (цяпер афіцыйна гара Дзяржынская) у Койданаўскім раёне, амаль на былой мяжы Заходняй і Усходняй Беларусі, на ГАЛОЎНЫМ ЕЎРАПЕЙСКІМ  ВОДАПАДЗЕЛЕ (да таго ж адносна недалёка ад сталіцы). Пры выбары ў якасці  агульнанацыянальнага сімвалу помніка дойлідства  ёсць некалькі варыянтаў: Камянецкая вежа, Сафійскі сабор у Полацку, руіны Наваградскага замка, Мірскі замак, Каложа; за сучаснымі межамі – Верхні замак у Вільні. Камянецкая вежа мае тую вартасць, што гэта канфесійна нейтральны аб’ект, але вежа пабудаваная як фарпост чужой дзяржавы (Валынскага княства) на нашай тэрыторыі. Першапачатковы Сафійскі сабор знішчаны ў пачатку XVIII ст., значыць трэба выкарыстоўваць рэканструяваны вобраз гэтага храма і сучасную Сафію. Пры разглядзе іншых пералічаных помнікаў таксама знаходзяцца аргументы як “за”, так і “супраць”.

Для набору нацыянальных сімвалаў неабходна і сакралізаваная сталіца – гістарычная або цяперашняя, або разам і тое і іншае. У якасці гістарычных сталіцаў у нас былі Полацк, Наваградак, Вільня. Ёсць дастаткова міфалагічна-фальклорных, археалагічных і гістарычных матэрыялаў для сакралізацыі ранняй гісторыі як гэтых гарадоў, так і Менска.

Пры вызначэнні ключавых для масавай свядомасці постацяў нацыянальнай гісторыі можна ў пэўнай ступені зыходзіць з ужо аформленых традыцый. У першай палове ХІХ ст., пакуль не распачалася мураўёўская русіфікацыя, найбольш шанаванымі гістарычнымі постацямі ў народзе былі, згодна з фальклорам і паведамленнямі сучаснікаў, Рагвалод, Рагнеда, Альгерд, Вітаўт, Стэфан Баторый.

Істотнае значэнне мае не толькі змест нацыянальнай гісторыі, але і ў якой упакоўцы гэта падносіцца масаваму чытачу, яе “дызайн”. Таму ў плане пераймання прыкладам (хоць і высокага кошту) могуць з’яўляцца кнігі з серыі “Оксфардская бібліятэка”. У гісторыі культуры і тэхнікі неабходна больш папулярызаваць тых дзеячоў з Беларусі,  якія ў сваёй галіне апярэдзілі нашых суседзяў.

Высока ацэньваючы хрысціянскія духоўныя каштоўнасці, тым не менш немагчыма ўявіць фармаванне нацыянальнай свядомасці грэкаў ці скандынаўскіх народаў без рамантызацыі і гераізацыі вобразаў язычніцкага мінулага. Відавочна, такі этап у развіцці непазбежны і для беларусаў, тым больш што асноўныя вобразы дахрысціянскай міфалогіі роднасныя для ўсёй Еўропы.

Ад рэдакцыі: на час правядзеньня канферэнцыі, Эдвард Зайкоўскі – кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сябра БНФ “Адраджэньне”, старшыня Рады этнаграфічнага цэнтра “Явар” (Менск).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы