nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ГІСТАРЫЧНЫЯ ПАДСТАВЫ БЕЛАРУСКАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ (кБНІ)

26 чэрвеня, 2006 | Няма каментараў

Алесь Краўцэвіч

Гаворачы пра беларускую самасвядомасць, патрэбна адразу ўдакладніць яе дэфініцыю, паколькі сёння існуюць розныя сэнсавыя напаўненні гэтага паняцця. Напрыклад, як беларускую акрэсліваюць уласную самасвядомасць удзельнікі “Славянскага сабору” і прыхільнікі прэзідэнта Лукашэнкі, якія выступаюць супраць існавання беларускай дзяржаўнасці і культуры.

Мы разумеем гэтае паняцце аналагічна іншым еўрапейскім народам. БЕЛАРУСКАЯ САМАСВЯДОМАСЦЬ сёння – гэта ўласцівае АСОБЕ ЎСВЕДАМЛЕННЕ СВАЁЙ ПРЫНАЛЕЖНАСЦІ ДА БЕЛАРУСКАГА ЭТНАСУ і НЕАБХОДНАСЦІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЗЯРЖАВЫ ЯК ГАРАНТА ВЫЖЫВАННЯ І ПАЎНАВАРТАСНАГА ЖЫЦЦЯ ГЭТАГА ЭТНАСУ. Беларуская самасвядомасць найвыразней праявілася ў пачатку ХХ ст. Яе кульмінацыя – абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 г. суверэннай беларускай дзяржавы – БНР. Менавіта гэтую падзею даследчыкі лічаць ЗАВЯРШЭННЕМ ФАРМАВАННЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ.

Фенаменальнасць з’явы беларускай самасвядомасці праявілася ў яе незвычайнай жыццёвасці на працягу некалькіх стагоддзяў ва ўмовах не проста неспрыяльных, а актыўна варожых для яе праяваў і самога існавання. Аднак гэтыя некалькі неспрыяльных стагоддзяў сталі прычынай сённяшняй сацыяльнай абмежаванасці беларускай самасвядомасці, уласцівай адносна невялікай частцы народу. Прычыны такой жыццёвасці выпадае шукаць толькі ў гісторыі этнасу. Можна меркаваць, што быў нейкі этап ці этапы спрыяльнага развіцця народа і, адпаведна, фармавання самасвядомасці яго прадстаўнікоў. Менавіта на гэтых этапах быў назапашаны патэнцыял, які дапамог яму выжыць унаступныя некалькі стагоддзяў крызісу.

У развіцці беларускага этнасу і беларускай самасвядомасці можна вылучыць тры буйныя этапы: 1) фармаванне (ранняе і развітае сярэднявечча – VІІІ – ХV стст.), 2) кансервацыя ў незавершаным стане (другая палова ХVІ – ХІХ ст.), 3) адраджэнне (канец ХІХ – першыя дзесяцігоддзі ХХ ст.). Галоўную ролю ў стварэнні беларускага этнасу адыгралі дзве буйныя гістарычныя з’явы, што адбыліся ў сярэднявеччы: 1) працэс балта-славянскіх кантактаў; 2) дзейнасць дзяржаўнай арганізацыі Вялікага княства Літоўскага.

Балта-славянскае ўзаемадзеянне, якое распачалося ў VІ ст. н.э. з прыходам на балцкія і вугра-фінскія землі Падняпроўя і Падзвіння славянаў – носьбітаў пражскай культуры, працягвалася каля паўтары тысячы гадоў і ахапіла ўсю тэрыторыю краіны і прылеглыя раёны Украіны, Расіі, Латвіі, Летувы, Польшчы. Менавіта гэтае ўзаемадзеянне стварыла падставовыя этнічныя адметнасці беларускага народу. Мясцовае балцкае насельніцтва паступова асімілёўвалася славянамі і, у сваю чаргу, перадало апошнім шматлікія рысы сваёй культуры. На гэтай выснове грунтуецца агульнапрынятая сёння г.зв. субстратная тэорыя этнагенэзу беларусаў, аўтарам якой з’яўляецца археолаг Валянцін Сядоў.

Адметнасцю працэсу балта-славянскіх кантактаў была яго храналагічная нераўнамернасць. На Падняпроўі і Падзвінні ён быў у асноўным завершаны ў ХІІ – ХІІІ стст. [ 1 ] (стварыліся субэтнасы крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў), а на Панямонні актыўна распачаўся ў канцы Х ст. і працягваўся да сярэдзіны ХХ ст. Але ўсюды вынік быў аднолькавы – пашырэнне этнічнай беларускай тэрыторыі.

У Х – ХІ стст. на тэрыторыі Беларусі стварыліся першыя дзяржавы: Полацкае, Тураўскае, Смаленскае, потым Гарадзенскае княствы. Аднак вырашальную ролю ў фармаванні беларускага этнасу адыграла Вялікае княства Літоўскае – дзяржава, якая ўзнікла ў сярэдзіне ХІІІ ст. Амаль усе сённяшнія еўрапейскія народы сфармаваліся ў эпоху сярэднявечча І ПАД МОЦНЫМ УПЛЫВАМ ДЗЯРЖАЎНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ. Вялікае княства Літоўскае злучыла ў адзінае цэлае беларускія землі і тым самым паскорыла стварэнне беларускага народу. У той самы час, напрыклад, французскія каралі аб’ядноўвалі розныя этнічна і культурна землі пад сваёй уладай і стваралі сучасны французскі народ.

Дзяржава з’явілася магутным рухавіком, каталізатарам працэсу этнагенэзу. Менавіта дзяржава як найбольш эфектыўная арганізацыя кіравання грамадствам (у параўнанні з тэрытарыяльна-пляменнай) праз наданне афіцыйнага статусу беларускай мове прыспешыла і забяспечыла выніковы поспех працэсу фармавання беларускай мовы і культуры, а гэта значыць – этнасу. Сёння даследчыкі звяртаюць увагу на дакладнае супадзенне палітычнай мяжы Вялікага княства Літоўскага (найперш на ўсходзе і поўдні) з этнічнай беларускай мяжой [ 2 ].

Балта-славянскае ўзаемадзеянне стварыла этнічную аснову беларусаў, дапамагло выпрацаваць адметныя этнавызначальныя рысы народу: мову, асаблівую матэрыяльную і духоўную культуру. Дзяржаўная арганізацыя Вялікага княства Літоўскага будавалася на гэтай новастворанай этнічнай аснове і тым самым падтрымлівала і ўмацоўвала яе. Менавіта ў гэтай дзяржаве ад другой паловы ХІІІ ст. да сярэдзіны ХVІ ст. адбывалася найбольш актыўнае фармаванне беларускага этнасу. Дзяржаўны статус беларускай мовы спрыяў стварэнню нацыянальнай сацыяльнай эліты, у якую ўвайшлі таксама прадстаўнікі балцкіх родаў. Адбывалася развіццё прафесійнай беларускай элітарнай культуры на аснове культуры народнай.

Палітычная і, адпаведна, культурная арыентацыя Вялікага княства Літоўскага на заходнееўрапейскую цывілізацыю забяспечыла стварэнне асаблівай нацыянальнай мадэлі культурна-грамадскай арганізацыі на паграніччы ўсходнееўрапейскай і заходнееўрапейскай цывілізацый. Вядомы расейскі гісторык і палітык Павал Мілюкоў пісаў у канцы ХІХ ст.: “Феадальныя элементы з тых часоў пачалі хутка ўзмацняцца і ў заходнерускім грамадстве. Склаўся кампактны клас мясцовай арыстакратыі, які спецыяльным “прывілеем” 1447 г. канчаткова вызваліўся ад княскага суда і княскіх падаткаў. Такім чынам на літоўска-рускім захадзе палітычная эвалюцыя ўвайшла ў заходнееўрапейскую каляіну” [ 3 ]. Што тычыцца духоўнага жыцця, то тут дзейнічала такая самая сістэма, якую філосаф Сямён Падокшын называе ліберальна-плюралістычнай або рэнесансна-гуманістычнай мадэллю рэлігійна-інтэлектуальнага жыцця [ 4 ].

Гэтая мадэль ахапляла ўсе слаі беларускага грамадства і значна паўплывала на стварэнне адметнага беларускага менталітэту, асаблівага стэрэатыпу грамадскіх паводзін. Канец ХV – ХVІ ст. лічацца “залатым векам” беларускага народу, часам, калі ён меў магчымасць паўнавартаснага культурна-дзяржаўнага развіцця. Менавіта ў гэты час беларускі этнас набыў патэнцыял, які дазволіў яму выжываць на працягу некалькіх стагоддзяў крызісу нават пасля страты нацыянальнай эліты, амаль цалкам асіміляванай (“спольшчанай” ці “зрушчанай”).

Прычынай цяжкага і працяглага крызісу беларускага этнасу стала геапалітычнае становішча Беларусі, менавіта суседства з дзяржавай азіяцкага тыпу, збудаванай на мангола-татарскі ўзор – Маскоўскім княствам (царствам – з 1547 г. і імперыяй – з 1721 г.). Пераняўшы палітычную арганізацыю манголаў, пазней з вялікімі намаганнямі вызваліўшыся ад іх панавання, змілітарызаваная Маскоўская дзяржава скарыстала ўвесь свой назапашаны ваенны патэнцыял для заваёвы беларускіх і ўкраінскіх земляў. Распачатая ад пачатку ХVІ ст. серыя войнаў паставіла Вялікае княства Літоўскае ў цяжкае становішча. У гэтых умовах кіраўніцтва дзяржавы было змушана пайсці на вунію з Польскім каралеўствам і стварэнне канфедэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Магнатаў, якія кіравалі дзяржавай, да вуніі змусіла шляхта – асноўная ваенная сіла дзяржавы, якая імкнулася праз канфедэрацыю з Польшчай атрымаць правы і вольнасці польскай шляхты. Адным з наступстваў вуніі стала хуткая добраахвотная паланізацыя беларускай шляхты і як вынік – СТРАТА БЕЛАРУСКІМ ЭТНАСАМ САЦЫЯЛЬНАЙ ЭЛІТЫ – самай моцнай матэрыяльна, самай актыўнай культурна і палітычна часткі грамадства.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі апынуліся цалкам у складзе Расейскай імперыі, і да паланізацыі дадалася татальная русіфікацыя, асабліва ўзмоцненая пасля паўстання 1863 г. У выніку БЕЛАРУСКІ ЭТНАС ЗАСТАЎСЯ БЕЗ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ. Ён не меў такіх культурных плацдармаў-“п’емонтаў”, як летувісы ў Прусіі (Малая Літва – Клайпедскі край), а ўкраінцы ў Аўстра-Венгрыі (Галіцыя), дзе меліся пэўныя ўмовы для нацыянальна-культурнага жыцця, немагчымага ў Расейскай імперыі.

Захавальнікам, носьбітам беларускіх этнічных традыцый засталося сялянства. Патэнцыял гэтых традыцый, назапашаны ў часы Вялікага княства Літоўскага, аказаўся дастаткова значным, каб перажыць паланізацыю і русіфікацыю і дажыць да ХХ ст. Напэўна, толькі наяўнасцю гэтага патэнцыялу ды магутнай гістарычнай інерцыяй можна вытлумачыць далейшую асіміляцыю беларускім сялянствам летувіскага, якую этнографы фіксавалі яшчэ ў ХІХ і нават у сярэдзіне ХХ ст. [ 5 ].

У часы Вялікага княства Літоўскага рэгіянальная самасвядомасць – ліцвінская (Віленшчына, Наваградчына, Гарадзеншчына, частка Меншчыны), русінская (Віцебшчына, Полаччына, Магілёўшчына) і палеская – паступова саступала, найперш сярод шляхты і гараджанаў, АГУЛЬНАМУ ЎСВЕДАМЛЕННЮ СЯБЕ ЛІЦВІНАМІ з роднай мовай русінскай (рускай, старабеларускай, у Маскоўскай дзяржаве яе называлі літоўскай). Можна меркаваць, што ПРЫ НАРМАЛЬНЫХ УМОВАХ РАЗВІЦЦЯ ЭТНАСУ СЁННЯ ЁН БЫ НАЗЫВАЎСЯ ЛІЦВІНАМІ, А НАШЫЯ ПАЎНОЧНЫЯ СУСЕДЗІ – ЖАМОЙТАМІ. Аднак экстрэмальныя знешнепалітычныя ўмовы, страта дзяржаўнасці перапынілі гэты працэс амаль на два стагоддзі. Назва “беларусы” з ХVІ – ХVІІ стст. пачала ўжывацца ў Маскоўскай Русі для акрэслення насельнікаў усходняй часкі Вялікага княства Літоўскага з мэтай акцэнтавання ўвагі на іх блізкасці да расейцаў-маскавітаў. Як саманазва яна была прынятая адраджэнцамі ў канцы ХІХ ст. Сярод сялянскай масы доўгі час захоўвалася няпэўнае самаакрэсленне як “тутэйшыя”.

Менавіта НА АСНОВЕ ТРАДЫЦЫЙНАЙ СЯЛЯНСКАЙ КУЛЬТУРЫ І МОВЫ адбылося беларускае адраджэнне ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст., а таксама спробы пабудовы беларускай дзяржаўнасці і культуры (БНР і БССР у 20-я гады). Менавіта сялянства ў пачатку ХХ ст. рэпрадукавала магутную хвалю нацыянальнай інтэлігенцыі, якая потым была знішчана ў сталінскіх засценках. Сялянства здолела нарадзіць яшчэ адну, хоць і значна слабейшую, хвалю пасляваеннай нацыянальнай інтэлігенцыі. Сёння беларускае сялянства блізкае да знікнення як сацыяльная з’ява і пытанне стаіць адназначна: ЦІ ЗМОЖА ГОРАД ПРЫНЯЦЬ АД ЯГО ЭСТАФЕТУ БЕЛАРУСКАСЦІ? Калі не, то поўны заняпад беларускага этнасу, беларускай самасвядомасці можна лічыць толькі справай часу.

Высновы:
Асноўныя этнічныя падставы для фармавання беларускай самасвядомасці (адметная ад суседзяў традыцыйная народная культура, мова) стварыліся на працягу VІ – ХІІ стст. у выніку працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння.
Найважнейшую ролю ў яе станаўленні адыграла дзейнасць дзяржаўнай арганізацыі Вялікага княства Літоўскага. Афіцыйны статус беларускай мовы і культуры ў гэтай дзяржаве спрыяў утварэнню паўнавартаснага этнасу са сваёй сацыяльнай і духоўнай элітай – асноўнага носьбіта самасвядомасці.
Беларуская самасвядомасць у асноўных рысах сфармавалася ў сярэднявеччы ў ХІІІ – ХVІ стст. і выяўлялася ў акрэсленні сябе ліцвінамі.
Падчас працяглага этнічнага крызісу, у ходзе якога была страчана сацыяльная эліта (шляхта) і ўласная дзяржаўнасць, захавальнікам этнічнай традыцыі і зародкаў самасвядомасці засталося сялянства.
У найноўшы час менавіта на аснове традыцыйнай сялянскай культуры адбылося адраджэнне самасвядомасці ва ўласна беларускай форме.
Захаванне беларускага этнасу, беларускай самасвядомасці магчымае толькі пры актыўнай падтрымцы яе з боку нацыянальнай дзяржавы.

Літаратура:
1. Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья.- М., 1970.- С. 191;  Штыхаў Г.В. Крывічы.- Мн., 1992.
2. Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья.- С. 181; Bednarczuk L. Wokół etnogenezy Białorusinów // Acta Baltico-Slavica.- 1984.- 16.- S. 47.
3. Милюков П. Очерки по истории русской культуры.- М., 1918.- С. 146.
4. Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз).- Мн., 1998.- С. 14, 39.
5. Гринблат М.Я. К вопросу об участии литовцев в этногенезе белорусов // Вопросы этнической истории народов Прибалтики. Труды Прибалтийской обьединённой комплексной экспедиции. – М., 1959.- Т. 1.- С. 530, 543.

Ад рэдакцыі: Алесь Краўцэвіч – доктар гістарычных навук, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (Гародня).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы