Аляксандр Заранок
Ідзі, Беларус, толькі сцёжкай сваёй!
Сцёжкай сваёю
Да Сонца ідзі!
Змітрок Бядуля
Развіццё нашай краіны як суверэннай і незалежнай дзяржавы патрабуе дакладнага асэнсавання. Адказ на пытанне “Ці патрэбная нашаму народу свая самастойная дзяржава?” – адзін з самых складаных у цяперашніх умовах. Многія палітыкі з імперскім светапоглядам лічаць, што найлепшым для беларускага народу было б добраахвотнае адмаўленне ад сваёй нацыянальнасці, ад сваёй культуры, ад сваёй мовы, ад сваёй дзяржаўнасці на карысць іншай дзяржавы. Такая добраахвотная асіміляцыя, на іх думку, будзе для яго найвышэйшым шчасцем.
Такія погляды ёсць НЕ ШТО ІНШАЕ, ЯК ЗДРАДА СВАЙМУ НАРОДУ, СВАЁЙ ДЗЯРЖАВЕ, СВАЁЙ БАЦЬКАЎШЧЫНЕ. Большасць нашых беларусаў такія погляды адхіляе. Але сёння паўстае шэраг пытанняў: якой быць нашай дзяржаве? Якія гістарычныя карані яна мае? Якое месца павінна займаць наша дзяржава ў сусветнай супольнасці?
Адказ на наступныя пытанні ў дзяржаўным будаўніцтве ўвасабляе ў сабе такое паняцце, як нацыянальная ідэя. Дык дзе гістарычныя карані нашай дзяржаўнасці? Гістарычныя факты сведчаць: засяленне сучаснай тэрыторыі нашай дзяржавы славянскімі плямёнамі, нашымі продкамі пачалося ў IV-VI стагоддзях новай эры і працягвалася аж да ўтварэння ў IX стагоддзі першых княстваў – Полацкага і Турава-Пінскага. З гістарычных крыніц дакладна вядома, што тут пасяліліся плямёны крывічоў, дрыгавічоў, ліцвінаў і некаторыя іншыя. Гэтыя плямёны аб’ядналіся ў пачатку ХІІІ стагоддзя ў адзіную дзяржаву – Вялікае княства Літоўскае.
Так была створана наша дзяржава. Але апошнім часам у нашым друку назіраецца стракатасць поглядаў у ацэнцы цэлых перыядаў нашай дзяржаўнасці і гісторыі. Яшчэ і цяпер існуе шмат прапагандысцкіх міфаў аб уяўнай неабгрунтаванасці лёсаў беларусаў ад апекі імперскіх уладаў Расіі, якія нібыта ратавалі іх ад гвалтоўнага апалячвання і акаталічвання. Што на самой справе адбылося? Два стагоддзі з таго часу прайшло, калі галасаваннем пасля сейму Рэчы Паспалітай была ратыфікавана Канстытуцыя 3 траўня 1791 года – наша першая нацыянальная канстытуцыя. Згодна з ёю захоўваўся федэратыўны характар краіны з падзелам на Польшчу і Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, дзе толькі скасоўваліся асобныя ў іх органы кіравання, скарбу і войска. Аднак трэба сказаць, што пры гэтым адбылася цікавая трансфармацыя. Рэч Паспалітая, што калісьці складалася з дзвюх адметных і самастойных краін, непрыкметна, але няўхільна ператваралася ва ўнітарную дзяржаву, якую з цягам часу практычна пачалі называць Польшчаю.
Вось некалькі цытат толькі з адной травеньскай Канстытуцыі 1791 года: “У імя Бога, у Тройцы Адзінага, Кароль Станіслаў Аўгуст з Божае ласкі і волі народу кароль Польскі, Вялікі князь Літоўскі, Рускі, Прускі, Мазавецкі, Жмудскі, Кіеўскі, Валынскі, Падольскі, Падляшскі, Інфлянцкі, Смаленскі, Северскі, Чарняхоўскі. Разам з саслоўямі, якія, аб’яднаўшыся ў падвойным ліку, ПРАДСТАЎЛЯЮЦЬ ПОЛЬСКІ НАРОД”.
Як бачна адсюль, злучаліся дзве дзяржавы з асобнымі войскамі, скарбамі, знешняй палітыкай, а пасля аб’яднання, пасля прыняцця Канстытуцыі адна з іх, ВКЛ, згубіла і асобныя органы кіравання, і скарб, і войска, і дзяржаўную беларускую мову. Паступова колішняя Русь, якою так ганарыўся Францішак Скарына, пачала рэальна ператварацца ў неаадзельную частку Польшчы, дзе няўтульна станавілася для беларушчыны і чагосьці літоўскага.
Між тым некаторыя нашы палітыкі, гісторыкі і эканамісты сёння з усіх сіл намагаюцца пераканаць просты народ, быццам Вялікае княства Літоўскае да канца XVIII стагоддзя заставалася беларускай, самастойнай і ва ўсіх адносінах шчаслівай дзяржавай. Зусім наадварот. Каб супрацьдзеіць беларускай незалежніцкай ідэі, польскія соймы прымалі пастановы і ўводзілі розныя законы, накіраваныя на аслабленне беларускага народу… Гэтак яшчэ ў 1697 годзе была прынята пастанова, паводле якой у Вялікім княстве Літоўскім ЗАБАРАНЯЛАСЯ ЎЖЫВАЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ ў справаводстве судоў ды іншых урадавых установах, а ў 1699 годзе было забаронена абіраць праваслаўных грамадзян у самаўрады. Гэтыя пастановы былі нажом у спіну беларускага народу: яны пазбаўлялі развіцця беларускае пісьменства, культуру і адначасова пазбаўлялі вялікую большасць народу палітычных правоў. Тут трэба нам нагадаць, што Літоўскі Статут быў напісаны на беларускай мове, а вось законы Вялікага княства Літоўскага ў XVIII стагоддзі ствараліся на польска-лацінскай трасянцы, якая афіцыйна лічылася польскай мовай. У “Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага можна прачытаць: “Адарваная ад народу сваёй кастовасьцю, шляхта не разумела ўжо значэння роднай мовы, не была ўжо самаістым народам і культурным індывідумам, а дзеля гэтага не ставіла крэпкага адпору. На сойме 1697 г. не аказалася прадстаўнікоў нацыі”. ШЛЯХТА ПАЧУВАЛА СЯБЕ ЎЖО НАЦЫЯНАЛЬНА ПАЛЯКАМІ. Гэтым актам шляхта выкрасліла сябе з радоў нашай народнасці, паставіла над сабой як над прадстаўніцай нацыі і дзяржавы нагробны знак адступніцтва”.
А яшчэ ёсць сэнс згадаць словы нашага паэта Максіма Багдановіча: “К концу XVII столетия летаргия белорусской национальной жизни обозначилась вполне ощутительно. Литовско-русское государство, с 1569 г. связанное унией с Польшей, успело утратить львиную долю своей самостоятельности. Высший и средний слой белорусского дворянства очень быстро денационализировался. Лишённый классов, крепких экономически и культурно, придавленный крепостной зависимостью, белорусский народ не только не мог продолжить развитие своей культуры, но не был в состоянии даже просто сберечь уже добытое раньше”. Одним из наиболее печальных проявлений указанного обнищания белорусской культуры, бесспорно, следует признать почти полное исчезновение печатной книги на белорусском языке».
Такім чынам, страціўшы сваю мову, Беларусь паспела згубіць да канца XVIII стагоддзя не толькі культуру, літаратуру, але і тое, што мы сёння называем усведамленнем нацыянальнай адметнасці, самабытнасці, – сувязь з роднымі традыцыямі.
За ўсё XVIII стагоддзе з набыткаў нашай нацыянальнай культуры можна толькі адзначыць ці пералічыць на пальцах пару інтэрмедый, некалькі апавяданняў і вершаў, надрукаваных у польскім зборніку. ВОСЬ ШТО ЗНАЧЫЦЬ ЗГУБІЦЬ СЁННЯ СВАЮ ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ І НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ.
Пасля далучэння Беларусі да Расіі працэс паланізацыі аўтаматычна не спыніўся. Паралельна ішоў працэс русіфікацыі беларускага народу. Можна смела сказаць, што да самага паўстання Кастуся Каліноўскага адбывалася свайго роду спаборніцтва за ўплыў на асноўную масу насельніцтва Беларусі паміж каталіцызмам і рускім праваслаўем. Рэлігійная палітыка надзейна служыла задачы ўсямернага ўмацавання “адзінства і непадзельнасці” ўсёй дзяржавы. Пры Рэчы Паспалітай папа Рымскі і кароль узяліся пераўтварыць праваслаўныя цэрквы і манастыры ва ўніяцкія. Каралеўскія чыноўнікі на працягу кароткага часу закрылі ў Беларусі амаль усе праваслаўныя манастыры. Манахі былі выгнаны, а манастырская маёмасць разам з цэрквамі была перададзена ўніяцкім падлізнікам. Праваслаўных святароў гвалтоўна стрыглі, білі і катавалі. У Канстытуцыі і законах з усёй катэгарычнасцю падкрэслівалася, што галоўнай рэлігіяй у Рэчы Паспалітай з’яўляецца рыма-каталіцкая, а спроба перайсці ў іншую веру ўяўляла сабой крымінальнае злачынства і каралася ў адпаведнасці з законам.
Барацьба беларускага народу супраць каталіцызму была барацьбой за сваё элементарнае права на жыццё, на хлеб і на волю. Гэтая барацьба пачалася ў пачатку XV стагоддзя, калі лёс беларусаў апынуўся ў руках польскага караля Уладыслава Ягайлы. Гэты кароль, які быў вялікім князем літоўскім, дзеля свайго славалюбства не толькі адрокся ад веры сваіх продкаў, але і, пазбавіўшыся сваёй бацькаўшчыны, далучыў яе да Польшчы на правах “меншага брата”. Калі ён здабыў сабе польскую каралеўскую карону і прыняў каталіцызм, насталі страшэнныя часы для Заходняй Украіны і Беларусі. У адной з грамат ён пісаў: “Я даў зарок і клятву заклікаць, залучыць, нават прымусіць да паслушэнства рымскай царкве ўсіх літоўцаў абодвух станаў і ўсялякага звання, да якой бы веры яны ні належалі”. Калі праваслаўныя літоўцы адмаўляліся здрадзіць сваёй веры, Ягайла асуджаў іх на пакуты і на смерць.
На так званым Гарадзельскім сойме, які адбыўся ў 1413 годзе, у праваслаўных было адабрана права займаць дзяржаўныя пасады. Але гэта быў толькі пачатак цярністага шляху праваслаўных, якім давялося ісці на працягу некалькіх стагоддзяў у час панавання каралеўскай Польшчы на нашых беларускіх землях.
Але найбольш жорсткім атрадам ваяўнічага каталіцызму быў ордэн езуітаў, заснаваны ў 1540 годзе іспанскім езуітам Ігнаціем Лаёлам. Праз некалькі гадоў пасля заснавання гэтага чорнага ордэна ў Польшчу прыбылі першыя езуіты, выкліканыя польскім каралём для крыжовага паходу супраць праваслаўных. З таго часу для нашага народу пачынаецца крывавае ліхалецце, з якога і нарадзілася так званая унія.
Першая думка пра ўнію, гэта значыць ІДЭЯ ПРЫЦЯГНЕННЯ ПРАВАСЛАЎНЫХ ПАД СКІПЕТР КАТАЛІЦКАЙ ЦАРКВЫ, узнікла ў езуітаў у часы панавання польскага караля Сігізмунда ІІІ, вядомага сваім каталіцкім фанатызмам. Першая спроба была зроблена езуітамі ў Маскве. Папскі пасол доўгі час угаворваў цара Івана Грознага аб’яднаць праваслаўную царкву з рымскай, спасылаючыся на фларэнтыйскую унію. Цар адказаў езуіту: “Ведаем мы пра гэтую унію і пра твой сабор несправядлівы, які адкінулі грэкі і нашы продкі. А хоць бы і былі якія грэкі, што прынялі калісьці тую унію, дык мы верым Хрысту і Евангеллю, а не тым грэкам. Ведаем мы і тое, што былі ў Рыме і папы-епіскапы праваслаўныя, набожныя і нават святыя; тых мы паважаем. Але ў далейшым папы са сваёй рымскай царквой адпалі ад адзінай праваслаўнай усяленскай царквы, пачалі задзіраць нос і сваволіць, уводзілі розныя новыя вучэнні супраць веры праваслаўнай. Гэтых пап мы не прызнаем сапраўднымі намеснікамі святога апостала Пятра, уладзе іх не падпарадкоўваемся”.
Паслу езуітаў давялося павярнуць з Масквы з пустымі рукамі. На нарадзе езуітаў у Вільні ён заявіў: “Няма чаго і думаць цяпер пра унію ва Усходняй Еўропе, або Маскоўскай Русі. Там цар і народ адной веры. Больш надзейнай з’яўляецца гэтая унія ў Заходняй Русі, якая падпарадкаваная польскаму каралю, бо сам кароль належыць да рымска-каталіцкай царквы”.
Праваслаўнае насельніцтва захопленай польскімі каралямі Заходняй Русі ведала, якая небяспека пагражала яму. Яно ўсведамляла, што унія – гэта мост да лацінства, а потым і да поўнага апалячвання.
У 1569 годзе шляхта вырашыла скасаваць і тыя нешматлікія вольнасці, якія яшчэ мелі зняволеныя ёю народы. Кароль склікаў у Любліне з’езд прадстаўнікоў польскіх, літоўскіх і рускіх земляў. Польскія шляхцічы, якіх на з’ездзе была пераважная большасць, прапанавалі палітычную унію, гэта значыць поўнае зліццё Літвы, Беларусі і Украіны з Польшчай.
Прадстаўнікі праваслаўных народаў ні за што не хацелі згадзіцца і неўзабаве значная частка іх пакінула Люблін. Аднак польская шляхта на чале з каралём вырашыла абавязкова правесці унію.
Першым выступіў супраць гэтай уніі князь Канстанцін. У сваёй адозве ён пісаў: “З маладосці маёй я выхаваны маімі сумленнымі набожнымі бацькамі ў праўдзівай веры, у якой з божай дапамогай і да гэтага часу прабываю і спадзяюся непахісна прабываць да канца жыцця”. Пратэставала супраць уніі і праваслаўнае свяшчэнства. У пісьме да Навагрудскага ваяводы духавенства Вільні пісала: “Мы, усё праваслаўнае віленскае духавенства, пратэставалі перад богам і ўсім хрысціянскім народам як у кнігах нашых духоўных, так і на ўсіх свецкіх урадах, што мы пра такое адступленне і не ведалі і на тое не давалі сваёй згоды і абавязваемся непахісна стаяць пры ўсёй набожнасці святой усходняй царквы”.
Аднак усе гэтыя галасы пратэсту былі марным лямантам у пустыні. Кароль і яго шляхта і не думалі адмаўляцца ад здзяйснення сваіх планаў. Справа уніі была вырашаная.
Пра тагачаснае становішча праваслаўных у шляхецкай каталіцкай дзяржаве вельмі пераканаўча сведчыць зварот да польскага сойма: “У нас яшчэ ў 1596 годзе, зараз жа пасля Брэсцкага сабору, які скінуў усіх уладык-адступнікаў, што прынялі унію, былі адабраны архірэйскія кафедры і маёнткі, і, не зважаючы на ўсе нашыя просьбы на працягу многіх гадоў, на неаднаразовую ўхвалу сойма і абяцанкі караля вярнуць нам забранае, яны апошняга часу засталіся за ўніятамі. Тых з нас, хто служыў у ратушы, выгналі з ратуш і пазбавілі права займацца гандлем, а ў каралеўскіх гарадах забаронена нават мець сядзібу”.
Асабліва лютым ворагам праваслаўных быў Полацкі епіскап-езуіт Іасафат Кунцэвіч. Вось што пісалі пра справы Кунцэвіча яго сучаснікі: “Страшная справа, неймаверная, варварская, лютая. У мінулым годзе ў тым жа беларускім горадзе Полацку ой жа супастат-епіскап, каб яшчэ больш дапячы гараджанам, наўмысна загадаў выкапаць з зямлі хрысціянскія целы, нядаўна пахаваныя ля царкоўнай агароджы і выкінуць з магіл на з’ядзенне сабакам, нібы якую падлу”.
Зразумела, што беларусы ўсёй душой зненавідзелі гэтага лютага ўніяцкага езуіта. Канцлер Леў Сапега неаднаразова звяртаўся да Кунцэвіча з пісьмамі, у якіх засцерагаў яго адносна вынікаў яго палітыкі. Ён пісаў яму: “Кіруючыся не столькі любоўю да бліжняга, колькі мітуснёй і асабістай карыслівасцю, вы злоўжываеце сваёй уладай, сваімі ўчынкамі запалілі тыя небяспечныя іскры, якія ўсім нам пагражаюць згубным і знішчальным пажарам. Калі, барані божа, айчына наша страсянецца (вы сваёй суровасцю пракладзяце да гэтага шлях), што будзе з вашай уніяй?”. Здаецца, лепш ахарактарызаваць унію, як гэта зрабіў Леў Сапега, вельмі цяжка.
Няшчадна рабавалі жыхароў зямлі беларускай хто толькі мог: і няпрошаныя госці з блізкіх і далёкіх земляў, і свае так званыя “абаронцы”.
Вялікае княства Літоўскае перастала існаваць пасля так званых трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Пасля далучэння Беларусі да Расіі пачаўся працэс русіфікацыі. Паход Суворава прынёс нашай зямлі разбурэнне, смерць людзей, захаванне прыгоннага права сялянства. Далучэнне Беларусі да Расіі не дало магчымасці палепшыць становішча сялянства на працягу некалькіх стагоддзяў – да самай адмены прыгоннага права.
Але і перамога паўстання Касцюшкі паставіла б крыж на ідэі нашага нацыянальнага адраджэння, няхай ён і абяцаў сялянам асабістую свабоду, змяншэнне паншчыны і дзяржаўную абарону. З гісторыі мы ведаем дастаткова прыкладаў, як гэтыя абяцанкі выконваліся. Трэба адзначыць, што з паразай паўстання Касцюшкі ў нас з’явілася незапланаваная надзея на беларускае нацыянальнае адраджэнне.
У XVIII стагоддзі ў Беларусі, у адрозненне ад Расіі і Польшчы, яшчэ не было свайго беларускамоўнага літаратурнага працэсу, хаця сям-там выпадкова нараджаліся паасобныя творы – праўда, без надзеі трапіць у друк.
У ХІХ стагоддзі становішча пачало мяняцца, хоць і запаволена. Побач з фальклорнымі помнікамі пачалі трапляць у друк паэтычныя і драматычныя творы Яна Чачота, В.Дуніна-Марцінкевіча ды іншых аўтараў, у тым ліку і ананімныя творы. З’явіўся моцны стымул для збірання фальклору, помнікаў старадаўняга пісьменства, для вывучэння мінуўшчыны нашага беларускага краю. Усё гэта стварала трывалую аснову для адраджэння мастацкай творчасці на мове беларускага народу.
Плённым вывучэннем гісторыі Беларусі і помнікаў нашага старога пісьменства займаліся і рускія навукоўцы. Агульнымі намаганнямі вучоных з небыцця было выцягнута багацце мастацкіх твораў, дакументаў, звестак з гісторыі Беларусі.
Літаратурная творчасць 20-50-х гадоў падрыхтавала глебу для выкарыстання беларускай мовы ў публіцыстыцы наступных гадоў, звязанай з адменай прыгоннага ладу і падзеямі паўстання Кастуся Каліноўскага. Газета “Мужыцкая праўда” – яскравы таму прыклад. На яе старонках раскрывалася класавая існасць самадзяржаўя, рабаўнічы характар рэформы 1861 года.
Беларускае мастацкае і мастацка-публіцыстычнае слова з цягам часу з’явілася фундаментам, на якім адрадзілася і беларуская нацыянальная свядомасць, затурканая з часоў Рэчы Паспалітай. Усё гэта было не заслугай самаўладдзя, а з’явілася непрадбачаным вынікам новай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Расіі.
З нараджэннем у пачатку ХІХ стагоддзя расійскага рэвалюцыйнага руху ў барацьбе з царскім дэспатызмам абазначыліся і новыя падыходы ў рашэнні беларускага пытання. Першымі з ім сутыкнуліся дзекабрысты і ўдзельнікі польскага “Патрыятычнага грамадства”. Будучы праціўнікамі царскай палітыкі нацыянальнага прыгнёту, дзекабрысты ў сваіх канстытуцыйных праектах спачатку не надавалі значэння таму факту, што Расійская імперыя была шматнацыянальнай дзяржавай. Выключэннем для іх была толькі Польшча. І толькі праз рашэнне польскага пытання яны прыйшлі да ўсведамлення наяўнасці ў Расіі нацыянальнага пытання і ўпершыню выказалі свае адносіны да беларускіх земляў. У гэтым пытанні дзекабрысты і польскія рэвалюцыянеры прайшлі складаны шлях ад узаемных прытэнзіяў адзін да другога і спрэчак вакол канкрэтных тэрыторый да прагрэсіўнай ідэі аб усенародным рэферэндуме ў інтарэсах сумесных дзеянняў супраць тыраніі і дэспатызму ў інтарэсах брацкіх народаў. У выніку чаго была дасягнута дамоўленасць пасля перамогі паўстання правесці рэферэндум, даць магчымасць беларускаму народу самому вызначыць свой лёс. Але гэтага не здарылася. На пачатку ХХ стагоддзя ў Расіі пачаўся дэмакратычны рух, які прывёў да развалу імперыі і атрымання калоніямі незалежнасці. Аднак расійскія бальшавікі, якія здолелі захапіць уладу, ЗАХАВАЛІ ІМПЕРЫЮ ПАД НОВАЙ НАЗВАЙ І АФАРБОЎКАЙ. Пераўтварэнне бальшавіцкімі ўладамі Расійскай імперыі ў дзяржаву дыктатуры пралетарыяту ў выглядзе СССР не прывяло да нацыянальнага адраджэння нашай Бацькаўшчыны. Каланіяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народу ў гэтай таталітарнай краіне яшчэ больш узмацніўся. Асабліва цяжкі прыгнёт зазнавала сялянства, якое па-ранейшаму заставалася нацыянальным па духу. Гарадское насельніцтва падпала пад русіфікацыю і ўрэшце рэшт стала каланіяльным.
Далейшае развіццё грамадства і распачатая ў СССР палітыка перабудовы непазбежна вялі да распаду каланіяльна-камуністычнай імперыі, уздыму нацыянальна-вызвольнага руху. У камуністычных калоніях пачаўся працэс фармавання нацыянальна-палітычных партый, якія ставілі сваёй мэтай дасягненне незалежнасці для свайго народу, стварэння сваёй нацыянальнай дэмакратычнай прававой дзяржавы. Барацьба гэтых партый прывяла да незалежнасці краін Балтыі, а затым і астатніх рэспублік былога СССР. Наш беларускі народ быў настолькі русіфікаваны і прыгнечаны, што не здолеў нават аднавіць нацыянальную ідэю. Замест нацыянальнай ідэі ў масавай свядомасці беларусаў панаваў імперскі светапогляд і настальгія па мінулым. Абвяшчэнне незалежнасці нашай Бацькаўшчыны ў 1991 годзе для многіх беларусаў было нейкай незразумелай недарэчнасцю. Народ не разумеў, што на самой справе адбываецца.
Працэсы дэкаланізацыі і дэкамунізацыі ў нашай рэспубліцы ішлі вельмі марудна і супярэчліва. Каланіяльна-камуністычны прыгнёт паступова вяртаўся ў грамадскае жыццё. Наш народ быў затлумлены КАМУНА-ФАШЫСЦКАЙ ІДЭАЛОГІЯЙ. Пры дапамозе рэферэндуму мы зноў сталі жыць ПАД КАЛАНІЯЛЬНА-КАМУНІСТЫЧНЫМІ СЦЯГАМ І ГЕРБАМ, А ДЗЯРЖАЎНАЙ МОВАЙ ФАКТЫЧНА ЗНОЎ СТАЛА РУСКАЯ.
Распад каланіяльна-камуністычнай імперыі ў 1991 годзе істотна не змяніў палітычнага і сацыяльна-эканамічнага становішча беларускага народа. У Беларусі ЎЛАДА ПА-РАНЕЙШАМУ ЗАСТАЛАСЯ Ў РУКАХ КІРАЎНІЧАЙ КАМУНІСТЫЧНАЙ ЭЛІТы, якая здолела захаваць сваё палітычнае панаванне на сённяшні дзень.
Прыняцце новай Канстытуцыі 1994 года нельга разглядаць як факт аднаўлення незалежнасці Бацькаўшчыны. Гэтая Канстытуцыя нават фармальна не пацвердзіла факта аднаўлення нашай гістарычнай дзяржавы. Як відаць, народ, які падпадаў пад двухсотгадовую каланізацыю і асіміляцыю з Захаду і Усходу, не мог стаць суверэнным у адзін момант, без напружанай барацьбы за сваё духоўнае вызваленне, за нацыянальнае адраджэнне.
Мы павінны ўлічваць той факт, што дзяржава [так у аўтара – Рэд.] і ПРАКАМУНІСТЫЧНАЯ ЎЛАДА ДЗЕЛЯ СВАЙГО САМАЗАХАВАННЯ НЕ ЗАЎСЁДЫ КІРУЮЦЦА ІНТАРЭСАМІ НАЦЫІ і ў большасці выпадкаў ужываюць любыя сродкі і метады, каб захаваць ТОЛЬКІ СВАЮ ЎЛАДУ. Што і здарылася ў нашай краіне.
Сёння адраджэнне беларускай нацыі немагчымае без актыўнай пазіцыі кожнага чалавека ці дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый. Нельга не прывесці тут словы польскага пісьменніка Тадэвуша Канавіцкага, які сказаў: “У ЦЯПЕРАШНІ ГІСТАРЫЧНЫ МОМАНТ БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛІЗМ ПАВІНЕН СТАНАВІЦЦА ЎСЁ БОЛЬШ АГРЭСІЎНЫМ, ДЫНАМІЧНЫМ, МАГЧЫМА, НАВАТ У НЕЙКАЙ СТУПЕНІ ЗАХОПНІЦКІМ, ПАКОЛЬКІ Ў ГЭТЫМ ЁСЦЬ ШАНЦ СФАРМАВАЦЬ ДА КАНЦА БЕЛАРУСКУЮ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ СВЯДОМАСЦЬ, якая з многіх прычын усё яшчэ застаецца слабай. Беларусь зараз нагадвае чалавека яшчэ нерэанімаванага, сэрца якога яшчэ толькі пачынае біцца”. Сёння ТОЛЬКІ ПРЫ ЎМОВЕ НАНОВА ВЫХАВАНАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ мы зможам духоўна адрадзіцца і прыйсці да паўнавартай нацыянальнай палітыкі, да ўздыму і росквіту нашай рэспублікі. Бо нацыянальная ідэя ў каланіяльна-камуністычнай імперыі не мела свабоднага развіцця. Замест яе камуністычныя ўлады навязвалі і цяпер навязваюць нашаму народу ідэі “заходне-русізму”, камуністычную ідэю зліцця нацый.
Але такія КАЛАНІЯЛІСЦКІЯ ПОГЛЯДЫ наш народ адкідае. У сваёй падсвядомасці ён захаваў, як святыню, нацыянальную ідэю. І трэба нам усім спадзявацца, што настане такі гістарычны момант, калі яна запануе ў грамадскім жыцці. І тады ніякія сілы ўжо не здолеюць утрымаць наш народ у нацыянальным прыгнёце. Сёння кожны сумленны чалавек, кожная палітычная партыя, грамадская арганізацыя павінны прыкласці ўсе намаганні дзеля таго, каб выканаць сваю гістарычную задачу – адрадзіць нашу Бацькаўшчыну, вярнуць яе гістарычную сімволіку, мову, культуру.
Каланіяльны перыяд у сваім жыцці беларускі народ павінен як мага хутчэй закончыць. Тое, аб чым марылі лепшыя сыны нашай Бацькаўшчыны, павінна стаць рэчаіснасцю. Народ, калі ён хоча быць цывілізаваным і заняць свой пачэсны пасад між народамі, абавязаны вярнуць сабе гонар, свабоду, сумленне, павагу. НЕЛЬГА, КАБ ТО АДНА, ТО ДРУГАЯ КРАІНА СТАНАВІЛІСЯ ГАСПАДАРАМІ НАШАГА ЛЁСУ. Вось як разважалі лепшыя сыны нашай Бацькаўшчыны ў цяжкія часы беларускага нацыянальнага адраджэння (падаем верш беларускага паэта Змітрака Бядулі “Тры сцежкі”):
Тры сцежкі на нашай зямельцы праходзяць –
Тры сцежкі.
Адна на Захад – да Варшавы,
Другая на Усход – да Масквы.
А трэцяя – проста ўпярод
Ідзе ды ідзе, ды ідзе –
Далёка – да самага Сонца, –
Тры сцежкі.
***
Тры варты на сцежках стаяць і чакаюць –
Тры варты.
Адна ўся ў чорных сутанах лацінкай,
І хітры – змяіны язык езуітаў
Усіх кліча-заве да гатыцкіх харомаў,
І рукі панам цалаваць.
Другая ўся ў залатых пазументах.
І грубаю голаснай лаянкай кліча,
Кулак яе сціснуты. Біцца гатова.
Ганяе ўсіх пад цар-звон на паклон.
А трэцяя варта ў світках у белых,
У паясах, тканых рукамі сялянак –
Усё ў васільках ды ў макавых кветках.
Бароды сівыя да самых грудзей.
І вочы сіяюць, бы зоркі.
Нічога не кажуць, а граюць на гуслях,
У спевах без слоў уся відаць Беларусь:
Шчыр-боры шумяць і жаўронкі спяваюць.
Хвалююцца рэчкі. Ратаі аруць.
І чуецца гора няшчаснай зямелькі,
І чуюцца слёзы бяздольнай краіны.
І граюць на гуслях. І спевы без слоў.
Ой, дужа гавораць, чаруюць душу.
* * *
Ідзі, беларус, толькі сцёжкай сваёй!
Сцёжкай сваёю
Да Сонца ідзі!
Як бачым, на працягу ўсіх вякоў беларускія землі былі аб’ектам экспансіянісцкай палітыкі кіраўнічых колаў Расіі і Польшчы, якія рабілі ўсё, каб пасеяць варожасць паміж брацкімі народамі і тым самым замацаваць сваё панаванне на гэтай зямлі. Нам трэба ўсім аб гэтым памятаць сёння і шанаваць сваю Бацькаўшчыну так, як шанавалі яе нашыя продкі, лепшыя сыны і дочкі Беларусі, змагаючыся за яе незалежнасць.
Ад рэдакцыі: у час правядзеньня канферэнцыі Аляксандр Заранок прадставіўся жыхаром вёскі Сырод Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласьці.