nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАРАДЖЭНЬНЕ БЕЛАРУШЧЫНЫ (кБНІ)

30 чэрвеня, 2006 | Няма каментараў

Мікола Хаўстовіч

У нашым грамадзтве пытаньне пра нараджэньне і станаўленьне нацыянальнае думкі да нядаўняга часу амаль не закраналася. Адно што рабіліся спробы знайсьці ў пісьмовых помніках глыбокае старажытнасьці тэрмін «Белая Русь», а таксама вытлумачыць значэньне гэтага тэрміна. Палеміка філёлягаў і гісторыкаў урэшце завяршылася выданьнем зборніка «Імя тваё Беларусь».

Аднак нельга лічыць слушным імкненьне асобных дасьледнікаў зьвязваць станаўленьне беларускае нацыянальнае ідэі зь першымі згадкамі Alba Russii ў пэўных іншамоўных крыніцах. Аніводзін усходнеславянскі летапіс ХІ — ХVІІ стагодзьдзяў ня ведае тэрміну «Белая Русь», дык зусім неверагодна, каб існаваў ён у мове жыхароў Полаччыны ці Магілёўшчыны як саманазва. Alba Russia з «Апісаньня земляў» (Дублінскі рукапіс) [ 1 ] толькі зь вялікімі намаганьнямі можна дастасаваць да тэрыторыі сучаснае Беларусі. Даволі дзіўным здаецца той факт, што місыянер Вайслан сустрэўся тут … з карэлам. Больш праўдападобна, што Alba Russia знаходзілася на поўначы Русі (белая ад сьнегу?) паблізу ад карэльскіх земляў. Дарэчы, апісваючы землі, аўтар нічога ня кажа пра разьмяшчэньне Alba Russii, хоць даволі дакладна падае становішча Літвы, Русі ды іншых, нават дробных краін.

Не карыстаўся, а значыць ня ведаў тэрміна «Белая Русь» Францыск Скарына — палачанін, патрыёт свайго краю. Усё гэта пацьвярджае думку, што толькі напрыканцы ХVІІ — ХVІІІ стагодзьдзях гэтае найменьне замацавалася за жыхарамі Віцебшчыны і Магілёўшчыны. І няма падставаў гаварыць пра «Белую Русь» як пра саманазву: тэрмінам у ХІІІ — ХVІІ стагодзьдзях карысталіся ці не выключна іншаземцы. Чаму? Пытаньне застаецца адкрытым. Саманазва ж нашых продкаў у эпоху Сярэднявечча — Літва, ліцьвіны альбо Русь, русіны. Калі пагадзіцца, што Літва — гэта славянскае племя, дык усё стане на свае мейсцы, стане зразумелым, чаму найменьне «Русь» за параўнальна кароткі пэрыяд дастасавалася да аграмаднай прасторы. На нашу думку, зьвязана гэта з пашырэньнем хрысціянства ўсходняга абраду сярод усходніх славян, у большай або меншай ступені залежных ад Кіева. Тыя ліцьвіны, што прынялі хрысціянства, сталі называцца русьсю, іншыя — захавалі сваё ранейшае найменьне. Утворанае на славянскіх землях у ХІІІ стагодзьдзі Вялікае княства Літоўскае толькі тады назвалася Рускім, калі ў ягоны склад увайшлі Кіеўскія землі — першапачатковая Русь. А вось рускім называецца насельніцтва ня толькі Кіеўшчыны, але і праваслаўныя іншых частак Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Такім чынам, дзякуючы царкве канфэсыёнім «русь» у хуткім часе ператварыўся ў этнонім.

Найменьні «Белая Русь», «беларускі», «беларусец» у адносінах да нашых земляў зьяўляюцца толькі напрыканцы ХVІІ стагодзьдзя ў часе войнаў Маскоўскае дзяржавы з Рэччу Паспалітаю. Відаць, менавіта ад маскоўцаў зыходзіла ініцыятыва назваць насельнікаў сумежнага гаспадарства (тых, хто вызнаваў рускую – г.зн. праваслаўную веру) беларусцамі. Пэўныя адрозьненьні (мова, лад жыцьця ды іншае) не дазвалялі Маскве называць праваслаўных ліцьвінаў гэтак жа, як і насельнікаў уласнае дзяржавы. Таму выкарыстаньне тэрміна «беларусцы» было надзвычай удалым: гэта давала Расіі мажлівасьць пераканаўча абгрунтаваць сваю захопніцкую палітыку.

У 1686 годзе Масковія і Рэч Паспалітая падпісалі Грымултоўскі трактат, паводле якога кіеўскі мітрапаліт (Кіеў з 1654 года ў складзе Расіі) станавіўся на чале праваслаўнае царквы Вялікага княства Літоўскага. Магілёўскі епіскап пачынае афіцыйна называцца беларускім. Суперніцтва цэркваў паспрыяла таму, што ў хуткім часе і каталіцкія іерархі ўсходніх рэгіёнаў называюцца беларускімі. Жорсткая рэлігійная барацьба, ганеньні на праваслаўных, палітыка акаталічвання з боку езуітаў і польскага касьцёлу — усё гэта прымусіла «беларусцаў» шукаць дапамогі. Праваслаўныя іерархі (Іеранім Ваўчанскі, Мельхісэдэк Яворскі, Феафан Леантовіч) пачынаюць усё часьцей і часьцей зьвяртацца да Масковіі. Яны дамагліся, што ў Варшаве пры расейскім паслу знаходзіўся спэцыяльны камісар, якому праваслаўныя дасылалі скаргі пра ганеньні. Часам гэтыя скаргі накіроўваліся непасрэдна да цара. Найбольш яскравы прыклад — чалабітная Г.Каніскага на імя Кацярыны ІІ, дзе магілёўскі епіскап настойліва раіць імператрыцы даслаць каралю Рэчы Паспалітае ультыматыўную грамату, як зрабіў гэта ў 1722 годзе Пётр І.

Яшчэ больш катэгарычнаю была запіска Ф.Леантовіча ад 24 лістапада 1762 года, у якой ён адказваў на запыт, «какая политическая польза может последовать Российскому нашему государству па случаю защищения грекороссийских наших в польском государстве исповедников», наступным чынам: «Российскому нашему государству можно будет на 600 верст самой лучшей и плодородной земли, с бесчисленным православным народом, перед всем светом праведно и правильно у поляков отобрать» [ 2 ]. (В.Ключэўскі ў «Курсе русской истории» падаў гэты факт як нібыта сказанае адным з ігуменаў у часе каранацыі Кацярыны ІІ).

Праваслаўныя іерархі баранiлі сваю веру і толькі веру. Сьцьвярджаць, як гэта робяць асобныя публіцысты, што ў ХVІІІ стагодзьдзі «адзіным ідэйным барацьбітом за беларушчыну быў беларускі праваслаўны епіскап Каніскі», ня будзе слушным. Кацярына ІІ (з дапамогаю Г.Каніскага) гуляла беларускаю картаю, вядома, не дзеля таго, каб інсьпіраваць беларускую думку, беларускае пытаньне, беларускую аўтаномію. Як пакажа разгортваньне падзей, гэтая карта стала часовым інструмантам у руках царызму: лічаныя гады губерні называліся беларускімі, а пасля гэты тэрмін Мікалай І увогуле забараніў.

Але справа была зробленая. Узьнікла база дзеля станаўленьня беларускае нацыянальнае ідэі.

Тут варта зазначыць, што беларускі, вобразна кажучы, сьцяг напрыканцы ХVІІІ стагодзьдзя перахапілі ў праваслаўных езуіты, каб адзьдзячыць Кацярыне ІІ за дазвол ордэну працягваць дзейнасьць на тэрыторыі Расейскае імпэрыі. Езуіты пачалі называцца беларускімі, пачалі называць сваіх студэнтаў і шкаляроў беларусамі [ 3 ]. А з тае прычыны, што ўніяцкія сьвятары навучаліся ў езуітаў, дык і Уніяцкая царква спрычынілася да пашырэньня беларускае сьвядомасьці сярод насельнікаў былога Вялікага княства Літоўскага.

У той час на тэрыторыі сучаснае Беларусі існаваў грунт дзеля ўзьнікненьня шэрагу нацыянальных рухаў. Лепш за ўсё пачуваліся ліцьвіны. Іхная «партыя» была наймацнейшаю. Праўда, рымская легенда, што ляжала ў аснове ліцьвінскага міфу, скіравала іхную дзейнасьць у жамойцкі бок: узьнікае тэзіс пра жамойцкую мову як родную мову старажытных ліцьвінаў. Ідэолягі ліцьвінскага руху імкнуцца давесьці сваё неславянскае паходжаньне: гэта, на іх думку, павінна абгрунтаваць беспадстаўнасьць русыфікацыі ліцьвінаў (нічога супраць русыфікацыі беларусаў яны ня мелі). Дзякуючы Т.Нарбуту узьнікае цэласная канцэпцыя ліцьвінскае гісторыі.

Нешматлікай, але надзвычай моцнай на Беларусі была польская «партыя». Яна мела ўплыў на ліцьвінскую «партыю», імкнулася давесьці, што ў тагачасных умовах барацьба з Масквою павінна ісьці пад рэчпаспалітаўскім (польскім) сьцягам. З тае прычыны, што польская мова і касьцёл лучылі ліцьвінаў з палякамі, ліцьвінскі рух ня мог адасобіцца ад польскага.

Беларускі рух сваё станаўленьне пачаў толькі ў трыццатыя гады ХІХ стагодзьдзя. Нейкі час ягоная дзейнасьць ішла ў рэчышчы агульнага рэчпаспалітаўскага руху. Яно й ня дзіўна! Беларусы — выхаванцы езуітаў — яшчэ добра памяталі пра сувязі, якія лучылі іх зь іншымі насельнікамі Вялікага княства Літоўскага. Крыху пазьней, калі «выхаваньнем» беларусаў занялася расейская школа, беларускі рух разьдзяліўся на дзьве плыні: адна зь іх па-ранейшаму гарнулася да ліцьвінскага ды рэчыпаспалітаўскага руху, другая стала на прарасейскія пазыцыі.

Зрэшты, у другой палове ХІХ стагодзьдзя гэтая прарасейская плынь беларускага руху перастае быць беларускаю – яна хутка прыйшла да «западнорусизма». Ейныя прадстаўнікі становяцца «истинно русскими людьми», што, трэба сказаць, і было пажаданым [для расейскіх імперцаў – Рэд.] ды лягічным завяршэньнем гульні царызму зь «беларускаю картаю».

Аднак, як мы ўжо сказалі, беларускі рух складаўся з дзьвюх плыняў. І калі адна зь іх, прарасейская плынь, вяла рух да згубы, дык іншыя здолелі вылучыць са свайго асяродзьдзя прадстаўнікоў, што пачалі фармаваць беларускую нацыянальную ідэю.

Першыя праявы беларускага руху заўважаюцца ў літаратурнай працы Каятана Касовіча, які ў 1835 годзе ў газеце «Молва» (№№ 21 і 50) пісаў пра беларускія народныя песьні.

Больш пасьпяховай беларускай працай трэба лічыць літаратурную і грамадзкую дзейнасьць братоў Грымалоўскіх – Валяр’яна, Клемэнса, Юльяна. Менавіта яны ўпершыню ў гісторыі беларускага прыгожага пісьменства ў тытуле выдадзенага ў Пецярбурзе ў 1837 годзе польскамоўнага трохтомніка сказалі пра сваю нацыянальную прыналежнасьць: «Вершаваныя творы трох братоў, Валяр’яна, Клемэнса, Юльяна Грымалоўскіх – беларусаў» [ 4 ]. Замілаваньне беларускім фальклёрам, звычаямі народу прыводзіць Грымалоўскіх да думкі пра неабходнасьць творчасьці на мове свайго народу. Мажліва, яны не былі першымі, хто разважаў над гэтым пытаньнем, але ўпершыню ў пісьмовых крыніцах зафіксавана менавіта іхнае сьвядомае стаўленьне да літаратурнае працы на беларускай мове. Вядомы тагачасны паэт Аляксандр Гроза ў лісьце крытыку і пісьменьніку Міхалу Грабоўскаму ад 16 чэрвеня 1841 года пісаў: «Браты Грымалоўскія хочуць свой беларускі дыялект вывесьці з усеагульнага забыцьця. (…) Заахвочваю — як магу — гэтых найлепшага жаданьня маладых людзей. Я ня так даўно пісаў да аднаго зь іх, выказваючы яму, якая яго чакае слава, калі пакладзе кутні камень новае, славянскага роду літаратуры» [ 5 ]. І хоць беларускамоўных твораў братоў Грымалоўскіх мы сёньня ня ведаем, аднак бясспрэчнае тое, што на пачатку 40-х гадоў ХІХ стагодзьдзя Грымалоўскія знаходзіліся ў цэнтры літаратурна-грамадзкага жыцьця Беларусі, што яны былі ініцыятарамі выданьня часопіса «Rubon».

Але найбольш плённай у распрацоўцы беларускай нацыянальнай ідэі была літаратурная і грамадзкая чыннасьць Яна Баршчэўскага. Сучасьнікі сьведчаць пра палымяны зь юначых гадоў беларускі патрыятызм засьцянковага шляхціца [ 6 ] з Полаччыны. У часе навучання ў Полацкай езуіцкай Акадэміі і гувэрнёрства на Беларусі ён пісаў літаратурныя творы на беларускай мове. Мова твораў вызначалася асяродзьдзем, дзеля якога яны пісаліся. Пераезд Я.Баршчэўскага ў Пецярбург, уплыў А.Міцкевіча, польскамоўных рамантыкаў прадвызначылі зварот паэта да творчасьці на польскай мове. Але жыцьцё ў Пецярбурзе пазбавіла яго ад уплыву польскае ідэалёгіі. Кола ягоных знаёмых абмяжоўваецца выхадцамі зь Беларусі, патрыятызм якіх насіў беларускі характар. Добрае веданьне Беларусі, яе народу, традыцый і гісторыі вылучае Я.Баршчэўскага ў асяродзьдзі пецярбурскіх беларусаў. Ён карыстаецца павагаю землякоў.

Знаёмства з Т.Шаўчэнкам падштурхнула паэта да выкарыстаньня ў сваёй творчасьці (дасюль рэлігійна-сэнтымэнтальнай) беларускіх легендаў і паданьняў. Так узьнікаюць баляды «Русалка-спакусьніца», «Дзявочая крыніца», «Дзьве бярозы», «Зарослае возера». Вядома, і да знаёмства з Кабзаром Я.Баршчэўскі любіў і ведаў свой край (таму ён і зацікавіў вялікага ўкраінца), але цяпер узьнікае жаданьне служыць Бацькаўшчыне, аддаючы ёй свае веды. Менавіта цяпер ён згаджаецца стаць выдаўцом-рэдактарам альманаха «Незабудка», разумеючы, што нават такое малое выданьне можа зрабіць шмат дзеля абуджэньня літаратурна-грамадзкае думкі на Беларусі.

Зьяўленьне ў «Незабудцы» баляд Я.Баршчэўскага прыцягнула да іх увагу крытыкі: паэту раяць (М.Грабоўскі, Л.Штырмер, Р.Падбярэскі) перадаць зьмест балядаў прозаю. Так узьнікае думка напісаць твор пра Беларусь, каб расказаць пра гэты малавядомы, але самабытны край сьвету і землякам. Можа, у першую чаргу землякам. Але Я.Баршчэўскі адмовіўся ад простае перадачы сродкамі польскае мовы беларускіх легендаў і паданьняў; ён не зьбіраўся дагаджаць польскай крытыцы, якая чакала ад яго напаўфальклёрных зборнікаў. Ягоны «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — гэта гімн роднай Беларусі, гэта сьцьвярджэньне ейнай самабытнасьці, рэгіянальнай адасобленасьці. «Шляхціц Завальня», аднак, не публіцыстычны, а мастацкі твор. Зрэшты, у той час, калі нават саму назву «Беларусь» было забаронена ўжываць у афіцыйных паперах (Мікалай І ня меў, як ягоная бабка Кацярына ІІ, патрэбы «апраўдвацца» перад Эўропаю за падзелы Рэчы Паспалітае), выступіць у друку з прапагандаю беларускіх (ці нейкіх іншых) незалежніцкіх ідэй не выпадала. Адзінай магчымасцю выказаць ідэі, якія вызнавала невялікая група беларускае інтэлігенцыі, заставалася ўвасабленьне іх у мастацкім творы. Гэта дазволіла б пашыраць іх у грамадзтве, якое стаяла на парозе нацыянальнага самавызначэньня. І Я.Баршчэўскі выдатна справіўся з пастаўленаю жыцьцём задачаю. У «Шляхціцы Завальні» пісьменьнік закранае асобныя пытаньні, зьвязаныя з беларускаю нацыянальнаю думкаю. Ім робіцца спроба геаграфічнага апісаньня краю, ягонае гісторыі і нават эканамічнага стану. Яшчэ з большаю паўнатою Я.Баршчэўскі падае своеасаблівасьці нацыянальнага характару беларуса, ягоны сьветапогляд, раскрывае ўнутраную прыгажосьць ягонае душы. Пры дапамозе сыстэмы вобразаў-сымбаляў выказваецца асноўная думка кнігі: Беларусь — гэта край, які мае сваю гісторыю; гэта край, мінулае якога было куды шчасьлівейшае, чым сёньняшні дзень; гэта край, насельніцтва якога — АСОБНЫ НАРОД, які можа і павінен жыць без дыктату з боку суседзяў, жыць паводле законаў ды традыцый сваіх продкаў, а не па звычаях ды парадках іншых народаў. Беларусам трэба адно толькі ЎСПОМНІЦЬ СВАЁ СЛАЎНАЕ МІНУЛАЕ, тых, хто загінуў за волю ды незалежнасьць Бацькаўшчыны; каб іхныя сэрцы прасякліся мужнасьцю, гонарам за сваіх продкаў, што дасьць ім адвагу ІСЬЦІ СВАІМ, а не падказаным суседзямі шляхам. Найбольш яскрава ідэю кнігі Я.Баршчэўскага выяўляе сымбалічны вобраз Плачкі. Пераасэнсаваўшы галоўны вобраз «Трэнасу» М.Сматрыцкага, пісьменьнік надае яму значэньне галоўнага ідэйнага стрыжня твора, што зьвязвае разрозьненыя апавяданьні-прытчы ў цэласны малюнак нацыянальнага жыцьця беларусаў. Толькі згадаўшы пра Яе ў першым томіку (чатыры першыя апавяданьні), Я.Баршчэўскі робіць Плачку цэнтральным вобразам ва ўсіх астатніх. Цяпер Яна так ці інакш будзе зьяўляцца ў кожным апавяданьні, а адно зь іх — шостае — цалкам прысьвечана гэтай гераіні. Плачку бачаць толькі на Беларусі, на мейсцах знакамітых бітваў, на могілках, дзе пахаваны славутыя героі краю. Яна прыносіць сюды кветкі, плача па сваіх дзецях, якія — трэба думаць — або загінулі, або ім Яна ня можа «даверыць таямніцу свайго сэрца». Просты люд з прычыны свае неадукаванасьці, а шляхта ды паны з-за свае неразумнасьці ды палахлівасьці ня могуць зразумець Плачку. А гэта зьяўляецца прычынаю Яе сьлёз. Забытая амаль усімі Плачка-Беларусь мусіць апрануць сялянскі строй, бо вышэйшыя клясы беларускага грамадзтва адвярнуліся ад Яе, ім непатрэбная Яе Жывая вада, што, пэўна, не аднаму б абудзіла ягоную нацыянальную самасьвядомасьць. Паны і шляхта нічога ня хочуць ведаць пра Плачку, пагардліва глядзяць на сялянскую сірату. Наадварот, яны зьвязваюцца з Чарнакніжнікам, аддаюць свой край пад уладу Белае Сарокі, гаспадыні Паўночнае краіны (выдатны алегарычны вобраз Кацярыны ІІ!), а самі ў вобліку мядзьведзяў вартуюць яе багацьці; яны наводзяць на Беларусь асташоў, якія нішчаць нашую прыроду ды псуюць норавы люду. Малюнак, створаны Я.Баршчэўскім, адпавядаў рэальнаму стану нацыянальнага жыцьця на Беларусі. Нацыянальна сьвядомых людзей былі толькі адзінкі. Але яны былі, і пісьменьнік верыць у лепшую будучыню свайго краю, свае Беларусі, спадзяецца, што паны і шляхта павернуцца да мясцовых праблемаў, мясцовага жыцьця, мясцовых традыцыяў. Дастаткова толькі атрымаць веды пра мінулае краю, што будзе спрыяць узьнікненьню нацыянальнага сьветапогляду, пачуцьця павагі ды любові да Беларусі. Ужо ёсьць людзі (Сын Буры, Пакутны Дух), якія ведаюць, хто такая Плачка, якія сваёй дзейнасьцю імкнуцца пашыраць веды пра Яе. Шляхціц Завальня ды асобныя яго госьці таксама разумеюць Плачку.

Кніга Я.Баршчэўскага, напісаная на польскай мове, накіравана да адукаваных землякоў, якія ня ведаюць роднае мовы, пагарджаюць ды цураюцца яе. А выракшыся свайго народу, чалавек ня можа ведаць ягоных традыцый, звычаяў, яго душу, ня можа зразумець ягоную філязофію. Такія людзі звысока, з пагардаю глядзяць НА ЎСЁ СВАЁ; яны ня ведаюць свайго ды не прызнаюць за ім аніякае вартасьці. Я.Баршчэўскі ж сваім творам імкнуўся пазнаёміць суайчыньнікаў з уяўленьнямі простага люду, зь філязофіяй яго паняцьцяў. Пісьменьнік спрабуе давесьці, што народ, які стварыў такую высокамастацкую, паэтычную культуру, заслугоўвае іншага стаўлення да сябе.

Беларускі нацыянальны рух 40-х гадоў ХІХ стагодзьдзя ня здолеў цалкам сфармавацца і адасобіцца, але патрыятычныя памкненьні нацыянальна сьвядомых прадстаўнікоў беларускага грамадзтва якраз і знайшлі сваё выяўленьне ў выказанай Я.Баршчэўскім беларускай нацыянальнай ідэі. Гісторыка, як Т.Нарбут у ліцьвінаў, беларусы ў той час ня вылучылі са свайго асяродзьдзя, дык жывілі нацыянальную ідэю толькі літаратура ды фальклярыстыка. Асабліва значнымі былі працы А.Рыпінскага («Беларусь»), І.Храпавіцкага («Погляд на паэзію беларускага люду»), Р.Падбярэскага («Беларусь і Я.Баршчэўскі» ды «Лісты пра Беларусь»), літаратурныя творы А.Грот-Спасоўскага, Т.Лады-Заблоцкага ды інш. Усё гэта стварала аўру вакол беларускай нацыянальнай ідэі.

Магутны зарад нацыянальнай энэргіі, што несла кніга Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», так ці інакш узьдзейнічаў на беларусаў, абуджаючы іхную нацыянальную сьвядомасьць. Непасрэдным прадаўжальнікам працы Я.Баршчэўскага ў 50-60-я гады ХІХ стагодзьдзя стаў віцяблянін Арцём Вярыга-Дарэўскі. Ягоная літаратурна-грамадзкая праца прывабіла да беларускай справы нават асобных прадстаўнікоў ліцьвінскага руху (В.Дунін-Марцінкевіч, У.Сыракомля, В.Каратынскі).

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя беларуская нацыянальная ідэя спакваля працягвала сваё станаўленьне. Яна ўцягвала ў арбіту свайго ўзьдзеяньня ўсё больш шырокія грамадзкія колы з заходніх правінцый Расейскае імпэрыі. Вынішчэньне М.Мураўёвым ў 1863-64 гадах літаральна ўсяе апазыцыі да царызму на нейкі час запаволіла разьвіццё беларушчыны, але ўжо напрыканцы 80-х гадоў ХІХ стагодзьдзя ідэі Я.Баршчэўскага і ягоных наступнікаў знаходзяць сваіх новых прыхільнікаў. Паказальна, што сярод першых быў Карусь Каганец, сын высланага (мажліва, разам з А.Вярыгам-Дарэўскім) у Сібір паўстанца 1863 года.

Такім нам бачыцца шлях станаўленьня і разьвіцьця беларускае нацыянальнае ідэі ў ХVІІІ — ХІХ стагодзьдзях. Менавіта ў 30-40-я гады ХІХ стагодзьдзя ўзьнік міт пра крывіцка-полацкія карані беларускае нацыі. А літаратурна-мастацкае адлюстраваньне гэты міт знайшоў у зборніку Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях». І зусім неістотна, што літаратар зьвяртаўся да адукаванага чытача на польскай мове: «зашыфраваная» ў мастацкую алегорыю нацыянальная ідэя знаходзіла водгук у сэрцах беларусаў. «Шляхціц Завальня», зьявіўшыся ў той час па-беларуску, быў бы ўсяго толькі фальклёрным зборнікам накшталт пазьнейшых выданьняў А.Сержпутоўскага.

Зьвернем увагу, што перад літаратарамі сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя існавала дастаткова сур’ёзная праблема, сур’ёзнае пытаньне: хто я — ліцьвін ці беларус? Уся гісторыя нібыта сьведчыла на карысьць ліцьвінскага паходжаньня, аднак сёй-той з ліцьвінаў падсьвядома цягнуўся да шматмільённага вясковага люду. Створаная палітыкамі блытаніна ў найменьнях падзяліла адзіны народ на беларусаў і ліцьвінаў ды штурхала яго ў розныя бакі. І толькі напрыканцы ХІХ стагодзьдзя, калі бар’ер паміж беларусамі ды ліцьвінамі стаў непераадольным (бо зьніклі ў віхуры 1863 года тыя, хто спалучаў у сабе два гэтыя пачаткі), ліцьвін пачаў канчаткова атаясамляцца з жамойтам. Гэтаму спрыяла і афіцыйная палітыка царызму.

Але да 1864 года ліцьвінская ідэя была ў больш блізкіх дачыненьнях з беларускаю ідэяю, чым з жамойцкаю. Прадстаўнікі ліцьвінскага руху не вялі ідэалягічнае вайны зь беларускім нацыянальным рухам. Як найлепшае сьведчаньне гэтаму — «Альбом» А.Вярыгі-Дарэўскага.

Пэўнае значэньне ў разьвіцьці беларускае нацыянальнае ідэі мела і рэвалюцыйна-публіцыстычная дзейнасьць К.Каліноўскага. Гераічны чын гэтага чалавека ня даў зьнікнуць у беларускім народзе духу волі. У выніку БЕЛАРУСКА-ЛІЦЬВІНСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ ЎВАБРАЛА Ў СЯБЕ ДУМКУ ПРА ДЗЯРЖАЎНУЮ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ КРАЮ. Менавіта з гэтага часу ідэя самастойнага існаваньня дзяржавы на нашых землях атрымала беларускае гучаньне. Неспрыяльныя палітычныя ўмовы апошняе трэці ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя прымусілі гоманаўцаў (1884) і нашаніўцаў (1906-1915) вылучыць на першы плян ідэю аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі, але калі сытуацыя зьмянілася, беларускія дзеячы вярнуліся да ідэі К.Каліноўскага.

ТАМУ СЁНЬНЯ СЛУШНА БУДЗЕ КАЗАЦЬ ПРА БЕЛАРУСКА-ЛІЦЬВІНСКУЮ ІДЭЮ. Бо і першая, і другая нацыянальныя ідэі ГРУНТАВАЛІСЯ НА АДНЫМ МЭНТАЛІТЭЦЕ, НА АДНЫХ І ТЫХ ЖА НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНЫХ І ДУХОЎНЫХ КАШТОЎНАСЦЯХ.

Літаратура:
1. Гл.:Спадчына.- 1993.- №6.- С.63-65.
2. Цыт. па: Щебальский П. Русская политика и русская партия в Польше // Русский вестник. – 1864.- Т.53.- С.343-372.
3. Гл.: К.С.Сербинович Воспоминания. // Русская старина.- 1874.- Сентябрь.- С.46.
4. Poezje trzech braci, Walerjana, Klemensa, Juliana Grzymałowskich, Białorusinów. W trzech   tomach.- Petersburg, 1837.
5. Гл.: Korrespondenсja literacka M.Gr…skiego. Wilno, 1842.- S.25-26.
6. Уніяцкі, а пазьней праваслаўны епіскап Антоні Зубко ў часопісе «Русский вестник» (т.53 за 1864  год)  гаворыць, што Я.Баршчэўскі, яго далёкі сваяк, быў сынам уніяцкага святара зь вёскі Мурагі, аднак хаваў сваё паходжаньне.

Ад рэдакцыі: у час правядзеньня канферэнцыі Мікола Хаўстовіч – кандыдат філалагічных навук, дацэнт філалагічнага факультэта БДУ (Менск).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы