Наталля Казлоўская
Актуальнасць пытанняў, звязаных з беларускім нацыянальным Адраджэннем і распрацоўкай такой праблемы, як беларуская нацыянальная ідэя, абумоўлена перш за ўсё тым драматычным момантам, які сёння перажывае наша краіна.
Усім добра вядома, што гістарычныя веды адыгрываюць вельмі важную ролю як у жыцці асобнага чалавека, так і ў жыцці цэлага грамадства. Нельга паўнацэнна жыць днём сённяшнім, з надзеяй думаць пра будучыню, не ведаючы свайго мінулага. “Першая скрыпка” ў гэтым трыо належыць менавіта мінуламу. У апошнія гады былі зроблены значныя дасягненні ў выяўленні і распрацоўцы так званых “белых плям” у нашай айчыннай гісторыі, якая яшчэ зусім нядаўна здавалася такой добра вядомай і зразумелай. Нягледзячы на ўсё пазітыўнае, што было зроблена ў гэтым плане, на сённяшні дзень застаецца шэраг нявырашаных пытанняў, якія засталіся нам ад мінулых часоў і, нібыта путы, стрымліваюць наш рух уперад.
Па-першае, сучасная беларуская гістарыяграфія атрымала ў спадчыну вядомы тэзіс “двух зол” беларускай гісторыі – польскага і расійскага, у адпаведнасці з якім беларускія землі разглядаліся, з аднаго боку, як усходнія рубяжы Польшчы, а беларусы лічыліся часткай польскага народу, а з другога боку, Беларусь аб’яўлялася часткай Расіі, а яе народ – часткай рускага народ. У канчатковым выніку гэта прыводзіла да адмаўлення самога факта існавання беларускага этнасу, яго мовы і культуры. У стварэнні і распаўсюджванні гэтых ідэй гістарычныя даследаванні і адпаведна самі гісторыкі ігралі не апошнюю ролю, калі для вырашэння пытання аб правах на валоданне краем “призывали к ответу вещественные и письменные памятники старины” [1, с. 23]. Пры тлумачэнні найбольш важных падзей беларускай гісторыі ўвесь цяжар адказнасці за лёс беларусаў, такім чынам, аўтаматычна перакладваўся на плечы іншых – палякаў альбо рускіх. У гэтай сувязі лагічна паўстае пытанне (хоць і рытарычнае): дзе ўвесь гэты час былі беларусы, што рабілі яны? А можа, у адпаведнасці з лепшымі рысамі нацыянальнага характару, (ураўнаважанасць, талерантнасць, паслухмянасць) [дадзены “лепшыя рысы нацыянальнага характару” зьяўляюцца міфалагемамі – Рэд.] увесь час прасядзелі па сваіх хатах за зачыненымі на засоў дзвярыма? Гэты памылковы, на маю думку, комплекс непаўнавартасці настолькі моцна ўкараніўся ў нашых думках, увайшоў у нашае жыццё, што нават сёння, атрымаўшы незалежнасць, мы, на вялікі жаль, не ведаем, што з ёй рабіць і як ёю распарадзіцца на сваю карысць. Лёс дае нам яшчэ адзін шанц даказаць усяму свету, а ў першую чаргу самім сабе, што мы нічым не горшыя за іншыя народы і ў стане вырашаць свае праблемы самастойна. НАСТАЎ ТОЙ ЧАС, КАЛІ ПАРА ЎЖО ЗРАЗУМЕЦЬ, ШТО ТОЛЬКІ МЫ, БЕЛАРУСЫ, НЯСЕМ АДКАЗНАСЦЬ ЗА КОЖНЫ НАШ КРОК, ЗА КОЖНУЮ СТАРОНКУ Ў НАШАЙ ШМАТТОМНАЙ ГІСТОРЫІ.
Па-другое, у айчыннай гістарыяграфіі шырокае распаўсюджанне атрымаў тэзіс аб сялянскім паходжанні беларускай нацыі. Лічылася, што шляхта і магнаты ў сілу сваёй класавай існасці і канфесійнай прыналежнасці не маглі быць абаронцамі інтарэсаў простага беларускага народу, і як вынік сцвярджалася, што беларусы не мелі свайго вышэйшага саслоўя, бо яно было цалкам акаталічана і апалячана. Яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. М.О.Каяловіч (1828-1891), ідэолаг і хросны бацька канцэпцыі “заходнерусізму”, у трактоўцы беларускай гісторыі ў адной з прац адзначыў, што “история русско-литовского государства (маецца на ўвазе ВКЛ – Н.К.) состоит из отдельных и непримиримых историй: шляхетско-польской и народной, или западно-русской” [2, с.265]. У віну шляхце ставілася перш за ўсё арыентацыя на Захад, у той час калі народ ішоў у бок Расіі [2, с. 50]; каталіцкае веравызнанне, далучэнне да польскай культуры, якое непасрэдна звязвалася з ужываннем польскай мовы як у паўсядзённым жыцці, так і на дзяржаўным узроўні. Нават сёння, нягледзячы на тое, што шляхецкая тэматыка прыцягвае да сябе ўсё большую ўвагу даследчыкаў (друкуюцца навуковыя артыкулы, складаюцца шляхецкія радаводы), пішуцца кандыдацкія дысертацыі, застаецца яшчэ шмат догмаў і шаблонаў, якія акутваюць гісторыю беларуска-літоўскага шляхецтва. Звужанасць тым самым паняцця беларускасці становіцца значнай перашкодай на шляху Адраджэння і не спрыяе кансалідацыі нацыі.
Шляхта была прывілеяваным саслоўем у Польшчы, Чэхіі, Літве, Беларусі і Украіне ў ХІІІ – пач. ХХ ст. [3, с. 341]. Беларуска-літоўскае шляхецтва мела пэўныя асаблівасці, якія вельмі часта выпадаюць з поля зроку даследчыкаў, але маюць выключнае значэнне ля разумення стратэгічна важных аспектаў нашай мінуўшчыны. Па-першае, ШЛЯХТА БЫЛА ШМАТЛІКІМ САСЛОЎЕМ і складала, па розных звестках, ад 8 да 10% насельніцтва. Для параўнання, у краінах Заходняй Еўропы і ў Расіі колькасць дваранства не перавышала 2% насельніцтва. Па-другое, шляхецтва было вельмі дыферэнцаваным саслоўем, аб’ядноўваючы ў сваіх радах як прадстаўнікоў магнацтва, буйных земляўласнікаў, так і сярэднюю і дробную шляхту, якая вельмі часта сваім матэрыяльным становішчам нагадвала сялянства. Такой размежаванасці не назіралася нават у Польшчы. А.П.Грыцкевіч, вядомы беларускі гісторык, адзін з буйных даследчыкаў гісторыі шляхты ВКЛ, у адным з сваіх артыкулаў прыводзіць наступныя лічбы: на пачатак ХVІ ст. 0,8% усіх феадалаў складалі магнаты (усяго 23 фаміліі), якія валодалі 1/6 усіх зямельных уладанняў, дробная ж шляхта ў той час складала 75,2% ад агульнай колькасці феадалаў. Пры гэтым ёй належала толькі 15% усіх феадальных уладанняў [4, с. 16]. Аб’ядноўвала іх толькі адно – трэці раздзел Літоўскага Статута, які ўяўляў сабой спалучнасць нормаў шляхецкага права, з аднаго боку, і абавязкі вялікага князя ў адносінах да шляхты – з другога [ 5 ]. Але жыццё – рэч складаная, таму ў рэчаіснасці не ўсё адпавядала літары закону. Наогул, у сацыяльнай псіхалогіі шляхецтва спалучаліся самыя супярэчлівыя пачаткі. Сярэдняя і дробная шляхта ганарылася сваёй роўнасцю з магнатамі, “залатой вольнасцю”, магчымасцю прымаць самы актыўны ўдзел у дзяржаўным жыцці краіны. У той жа час яна была вымушана служыць тым жа магнатам, залежаць ад іх эканамічна і палітычна, цярпець здзекі, пабоі, гвалты. У сваім найніжэйшым слоі – шарачкі, шляхта-галата – яна вельмі шчыльна прымыкала да асноў сялянскага жыцця, зведаўшы на сваіх уласных плячах усе цяжкасці паўсядзённага сялянскага побыту. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ўключэння беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі ад шляхты сталі патрабаваць доказаў яе паходжання, “чтобы никто дворянским правом кроме дворян не мог пользоваться” [6, с. 571]. Але значная частка шляхецтва такіх доказаў не мела, бо ў межах былой дзяржавы спецыяльнага аддзела геральдыкі не існавала і праверкай радаслоўных ніхто не займаўся. Акрамя таго, большая частка шляхты не мела сродкаў на пошук такіх доказаў у архівах.
Наогул трэба адзначыць, што праблема інкарпарацыі шляхты ВКЛ у шэрагі расійскага дваранства адна з самых маладаследаваных тэмаў у нашай айчыннай гісторыі і, несумненна, патрабуе грунтоўнага і ўсебаковага даследавання. Разам з тым трэба прызнаць, што так званыя разборы шляхты пачаліся задоўга да задушэння паўстання 1830-31 гг. і мелі пад сабой хучэй прычыны эканамічнага характару. Напрыклад, указ Сената ад снежня 1816 г. адзначыў, што “в присоединённых губерниях более 200 тысяч душ мужского пола чиншевой шляхты состоят без положения в оклад и никаких податей казне не платят… Открывается, что многие люди простого стану, дабы избавиться от повинностей, стараются присоединить себя к состоянию действительного шляхетства… Правительствующий сенат полагает… чиншевой шляхте учинить разбор” [7, с. 465]. Цікавасць уяўляе і ўказ ад 3 сакавіка 1809 г., у якім падкрэслена, што “в губерниях от Польши приобретённых… порочный состав самого сословия дворян, в коем первейший помещик имел равную свободу избрания, равный голос с так называемым шляхтичем, между тем как под сим именем всегда был человек без всякого понятия о чести, без собственности и часто наёмщик какой-либо партии… Нужно очистить сословие дворян от сей толпы, к буйствам обыкшей…” [8, с. 839]. Толькі з цягам часу, калі палітыка кнута і перніка, якую праводзіў расійскі ўрад у адносінах да шляхты “губерний от Польши отошедших”, не толькі не зрабіла з яе надзейнага саюзніка, але і прымусіла заняць варожую ў адносінах да царскага кіраўніцтва пазіцыю, разборы шляхты сталі дзейсным сродкам абмежавання незалежнасці і апазіцыйнасці мясцовай шляхты. У выніку гэтага значная частка беларуска-літоўскага шляхецтва апынулася за межамі правоў і свабод “благородного российского дворянства”: тыя, хто не быў зацверджаны ў дваранскім званні, уліліся ў рады дзяржаўных сялян і “городских обывателей” [9, с. 553]. Выказванне аб тым, як далёка яны былі ад народу, будзе ў гэтым выпадку не зусім дакладным.
У ХІХ ст. шляхта істотна змянілася. Яна ўжо не грала важнай ролі ў палітычным жыцці краіны (дый краіна была ўжо не тая), яе эканамічны стан мала чым адрозніваўся ад эканамічнага стану сялянства. Значная частка шляхецтва была неадукаванай. Разам з тым патрэба асветы, адукацыі, цяга да культурнага жыцця ў выхадцаў саслоўя захоўвалася. “В ЗАПАДНЫХ ГУБЕРНИЯХ ЕСТЬ ОБЩЕЕ РАСПОЛОЖЕНИЕ К ОБРАЗОВАНИЮ – ЭТО ОТЛИЧИТЕЛЬНЫЙ ХАРАКТЕР СТРАНЫ. Грамотные бродяги здесь на каждом шагу. В крае увеличивается число грамотных и учёных негодяев, пренебрегающих ремеслом отцов” [13, с.451]. На дзяржаўнай службе яны не знаходзяцца ці з беднасці, ці таму, што не дваране. Але менавіта з іх выйшла значная колькасць рэвалюцыйных дзеячаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, менавіта з дробнай шляхты пачала фармавацца разначынная інтэлігенцыя. Шляхецтва ў саюзе з сялянствам прымала самы актыўны ўдзел у руху за нацыянальнае адраджэнне беларускага народу. 3 шляхты паходзілі: Я.Баршчэўскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, А.Вярыга-Дарэўскі, Ф.Багушэвіч, А.Абуховіч, К.Каліноўскі і інш.
Вельмі яскрава эвалюцыю шляхецкага светапогляду адлюстравала ў сваіх творах Э.Ажэшка (1841-1910), выдатная польская пісьменніца, удзельнік паўстання 1863 г., чалавек актыўнай грамадзянскай пазіцыі. У яе творы “Над Нёманам” шляхта другой паловы ХІХ ст. – гэта “простой деревенский народ… для которого в далёком прошлом сияло солнце человеческих прав и человеческого достоинства” [14, с.307]. Яго прадстаўнікі ў далёкім мінулым карысталіся дваранскімі прывілеямі і мелі адпаведныя дакументы, але “в силу всякого рода обстоятельств эти привилегии уже давно утрачены” [14, с. 39]. У разгляданыя часы галоўным заняткам гэтых людзей, якія здабывалі хлеб цяжкай працай сваіх рук [14, с. 102], з’яўлялася праца на зямлі, з якой іх звязвалі кроўныя сувязі. Ад мінулых часоў і пакаленняў шляхта другой паловы ХІХ ст. захавала пачуццё гордасці, людской годнасці, “прямую, ні перед кем не гнувшуюся спину, проницательный и смелый взгляд” [14, 307]. Захавалася і памяць аб трагічных і гераічных падзеях мінуўшчыны, сябрах, што заўчасна загінулі “за будущее сложили головы” [14, с. 215]. Пісьменніца праўдзіва перадае настроі герояў і цэлай эпохі, калі “дух демократизма всеуравнивающим плугом распахивал общественную целину. Верхи общества в порыве раскаяния склонились к низам, готовые вознаградить их за все несправедливости, умоляя о снисхождении и доверии” [14, с. 39]. Найбольш перадавая частка тагачаснага беларускага грамадства добра разумела: каб дасягнуць мэты, трэба “соеденить в одну цепь отдельные звенья усилий” [14, с. 350].
Тыя страты, якія панесла беларуская нацыянальная інтэлігенцыя у барацьбе супраць расійскага ўраду ў ХІХ – пач. ХХ ст. і ў выніку палітычных рэпресій у ХХ ст., разарвалі вельмі важны ланцужок, які звязваў не адно пакаленне беларусаў. Тым самым была парушана не толькі генетычная сувязь, але і пераемнасць культурных, гістарычных, нацыянальных традыцый.
Што да праблемы “шляхта і беларуская мова” (так умоўна яе акрэслім), то тут лічу неабходным прывесці некаторыя аргументы, якія ставяць пад сумненне заявы на конт таго, што прадстаўнікі найвышэйшых колаў беларускага грамадства катэгарычна не прымалі беларускую мову, размаўляючы выключна па-польску. Аргумент першы. У цудоўным зборніку Г.Кісялёва “Героі і музы: Гісторыка-літаратурныя нарысы” прыводзяцца ўспаміны былога мінскага губернатара А.Сямёнава, занатаваныя вядомым славістам, гісторыкам В.М.Бадзянскім (1808-1877): “Князь Сапега, стары, не раз сам-насам мне (Сямёнаву) прызнаваўся, што толькі з кіравання Чартарыйскага ў званні папячыцеля Віленскага ўніверсітэта, заснаванага паводле яго думкі, ніжэйшае дваранства стала моцна апалячвацца, а да таго яно амаль зусім не было знаёма з польскаю моваю, літаратураю, ГАВОРАЧЫ СВАЁЙ НАРОДНАЮ МОВАЮ” [10, с. 28]. Аргумент другі. У маскоўскай газеце “День” (выдавалася з 1861 па 1865 гг., выдавец-рэдактар І.Аксакаў) пад псеўданімам “житель Белоруссии” быў надрукаваны артыкул “Что такое польская народность в Белоруссии?”, які пазней, у 1885 г., быў перадрукаваны С.Шалковічам у “Сборнике статей…” [11, с.318]. У прыватнасці, аўтар адзначае, што ДРОБНУЮ ШЛЯХТУ ДА ПАЛЯКАЎ ПРЫЛУЧЫЦЬ ЦЯЖКА. “Большая её часть сосредоточена нередко в огромных околицах или арендует у помещиков небольшие участки земли, ни в занятиях своих, ни в правах, ни в обычаях, ни даже в степени умственного развития ничем не отличается от крестьянства за весьма небольшим исключением – только незначительное меньшинство её занимает в помещичьих фольварках должности экономов, писарей, держит себя выше простого народа и с грехом пополам умеет объясняться по-польски” [11, с. 320]. Што да непасрэдна дваранства, то і яго, на думку аўтара, акрамя рэлігіі з палякамі нічога не звязвае: “ОДИН КАТОЛИЦИЗМ ДЕЛАЕТ БЕЛОРУСОВ ПОЛЯКАМИ” [11, с. 321]. Мовай польскай яны валодаюць дрэнна, “постоянно мешая его с туземным белорусским наречием”, з дзяцінства жывуць і выхоўваюцца на Беларусі, якая “калі і не Расія, то яшчэ больш не Польшча” [11, с.321]. Аргумент трэці. Гісторык П.Церашковіч прыводзіць дадзеныя перапісу насельніцтва 1897 г. Згодна з ім, з 153 тысяч прадстаўнікоў САСЛОЎЯ ДВАРАН 43,3% прызналі РОДНАЙ МОВАЙ БЕЛАРУСКУЮ [12, с.94]. Дзейнасць гэтых беларускамоўных дваран не знайшла свайго адлюстравання на старонках беларускай гісторыі.
Цяжкім застаецца таксама і пытанне аб канфесійнай прыналежнасці беларуска-літоўскай шляхты. Трэба прызнаць, што рэлігійна-культурнае жыццё большай часткі беларускага грамадства было вельмі нестабільным. Тут сыходзіліся розныя плыні хрысціянізацыі, розныя культурныя ўплывы. Акрамя традыцыйнага праваслаўя і каталіцызму доўгі час захоўваліся язычніцкія культы і святы. У перыяд Рэфармацыі значная частка шляхты перайшла ў кальвінізм, які пры спрыяльных абставінах мог пераўтварыцца ў беларускую нацыянальную рэлігію. Пасля уніі 1596 г. на працягу XVII-XVIII стст. большая частка насельніцтва Беларусі стала ўніятамі. У 1839 г. унія была скасавана, пачаўся масавы зварот насельніцтва ў праваслаўе, што вельмі часта не было свядомым выбарам самога народу, а мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкай. Улічваць трэба і тое, што на беларускіх землях жылі яўрэі, якія спавядалі іўдаізм, татары – іслам. Гэтае права было замацавана ў Статуце ВКЛ. Тут можна правесці паралель з днём сённяшнім, калі сучасная ідэя недатыкальнасці правоў асобы на свабоду сумлення з’яўляецца асноўнай дактрынай прававой дзяржавы. Ці не памыляемся мы, калі з такой лёгкасцю католікаў, якія жылі ў межах сучаснай Беларусі, лічым палякамі, а праваслаўных – беларусамі? Ці не падмяняем мы тым самым нацыянальную прыналежнасць прыналежнасцю канфесійнай?
А.П.Сапуноў (1851-1924), вядомы гісторык, краязнаўца, у адной з сваіх прац на гэта адзначыў: “Особено важно и досадно по своим последствиям смешение слов поляк и католик. ВЕДЬ ЭТО ЖЕ НЕЛЕПО: НЕ ВСЕ ПОЛЯКИ – КАТОЛИКИ, А ТЕМ БОЛЕЕ НЕ ВСЕ КАТОЛИКИ – ПОЛЯКИ. Мелкая шляхта и крестьяне-католики в домашнем быту говорят, обыкновенно, ПО-БЕЛОРУССКИ и почти ничем не отличаются от своих православных собратьев. Зачислять в число поляков этих белоруссов только потому, что они католики, ЭТО УЖЕ ПРЯМО ЭТНОГРАФИЧЕСКИЙ ГРАБЁЖ, если позволено так выразиться” [15, с. 12].
Рэлігія, якая ў сваёй існасці з’яўляецца фактарам наднацыянальным і аб’яднальным, нас, наадварот, раз’ядноўвае. Каб ацаніць уплыў рэлігіі на развіццё беларускага нацыянальнага руху, неабходна ўсебакова поўна і грунтоўна, а галоўнае, аб’ектыўна асвятліць у навуковых працах дзейнасць касцёлу і царквы як рэлігійных інстытутаў, іх стаўленне да дзяржавы, улады, нацыі, да адукацыі як важнага элемента ў фармаванні грамадскай свядомасці. Асобай ацэнкі патрабуе дзейнасць духавенства ў актывізацыі (ці стрымліванні) нацыятворчых працэсаў. Такіх прац у нашай гістарыяграфіі небагата.
В.Ластоўскі адзначыў, што “гісторыя – гэта фундамент, на якім будуецца жыцьцё народу. І нам, каб адбудаваць сваё жыцьцё, трэба пачаць з фундаменту, каб будынак быў моцны. А фундамент у нас важны, гісторыя наша багата: “жатва много, а делатель мало”, як кажа сьвятое пісаньне…” [16, с. 5]. Гісторыю неабходна вывучаць. Яна як карані дрэва, якія бяруць сокі зямлі і надаюць тым самым моц маладым галінкам. Толькі тады, калі мы азірнемся назад у наша мінулае, прымем яго такім, якім яно было, без перайначвання, без перапісу ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры, без пошуку ворагаў і вінаватых, толькі тады, калі мы зразумеем, што БЕЛАРУСКАСЦЬ у розных формах і з рознай інтэнсіўнасцю ПРАЯЎЛЯЛАСЯ СЯРОД РОЗНЫХ САЦЫЯЛЬНЫХ ПЛАСТОЎ, у тым ліку сярод беларуска-літоўскай шляхты, мы здолеем выпрацаваць Нацыянальную ідэю, якая аб’яднае ўвесь народ беларускай зямлі незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці і сацыяльнага паходжання пад сцягам незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.
Літаратура:
1. Виленский временник. Издание Виленского генерал-губернаторского управления. – Вильно, 1913. – Кн.6, ч. 1.
2. Коялович М.О. Чтения по истории Западной России.- Спб., 1884.
3. БелСЭ. – Мн., 1974. – Т. 11.
4. Грыцкевіч А.П. Беларусь у канцы 15 – першай палове 16 стст. (да 450-годдзя беларускага кнігадрукавання) // Весці АН БССР. Сер. грам. навук. – 1967. – №3. – С. 14-22.
5. Статут 1588г. – Мн., 1989.
6. ПСЗІ. – Т. 19. – 13865.
7. ПСЗІ.- Т. 33. – 26108.
8. ПСЗІ. – Т. 30. – 23513.
9. ПСЗI. – Т. 32. – 32000.
10. Кісялёў Г. Героі і музы: Гісторыка-літаратурныя нарысы. – Мн., 1982.
11. Сборник статей, разъясняющих польское дело по отношению к Западной России. – Вильно, 1885. – Вып. 1.
12. Запруднік Я. Дваранства і беларуская мова // Беларусіка-Аlbaruthenica.- Мн., 1994. – Кн. 2.
13. Улащик Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861г. в Литве и Западной Белоруссии. – М., 1965.
14. Ожешко Э. Над Неманом. – Мн., 1985.
15. Сапунов А. Белоруссия и белорусы. – Витебск, 1910.
16. Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. – Мн., 1992.
Ад рэдакцыі: на час правядзеньня канферэнцыі Наталля Казлоўская – выкладчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (Гародня).