Аляксандр Рабкоў
Адразу трэба адзначыць, што ў 1812 г. беларускімі лічыліся Віцебская і Магілёўская губерніі, а большая частка сённяшніх беларускіх зямляў мела назву Літва. Таму, гаворачы пра адраджэнне беларускага нацыянальна-дзяржаўнага духу, я маю на ўвазе спробу адрадзіць дзяржаўнасць Вялікага княства Літоўскага, якое знікла з карты Еўропы ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.
Зразумела, Княства Літоўскае, пра якое я вяду гаворку, трымалася на французскіх штыках і распалася ў адначассе з адыходам Вялікай арміі, але разам з тым гэта было ўтварэнне, якое мела ўсе атрыбуты дзяржаўнасці (межы, ворганы ўлады, рэгулярныя войскі). І ідэю такой дзяржавы падтрымвалі не толькі грамадскія вярхі.
Насельніцтва беларуска-літоўскіх земляў падтрымала новы рэжым і аказала супраціў рускай арміі. Вось факты: шавельскія абшарнікі ўзбройваліся і абаранялі свае землі ад рускіх; жыхары Пінскага павету не пастаўлялі коней і валоў для вывазу харчавання і артылерыі, потым паўсталі і перашкодзілі рускім эвакуяваць склады; атрад пад камандай Твардоўскага напаў на абозы арміі Тармасава і ўзяў у палон 80 чалавек. Ф.Горніч захапіў абоз уланскага палка рускай арміі, абмундзіраваў і ўзброіў свой атрад у дзве тысячы чалавек, з якіх сфармаваў егерскі полк і тры эскадроны кавалерыі. У Крожах сяляне, змабілізаваныя для вывазу хлеба, павыпрагалі коней і пайшлі ў лес; жыхар Мазырскага павету Богуш схаваў у лесе транспарт з 12 валоў, прызначаны для рускай арміі, і перадаў потым французам; Пётр Білінскі, кіраўнік маёнтку Віктарышкі (на шляху Вільня – Ашмяны) узброіў сялянаў і, акружыўшы групу расійскіх марадзёраў, якія рабавалі маёнтак, узяў у палон 55 чалавек і адканваяваў іх у Вільню [И.Кудряшов. Призрак Великой Литвы. // Родина. – 1992. – №6-7. – С. 33].
Сяляне шчыра чакалі Напалеона як вызваліцеля ад прыгоннай залежнасці: быў прыклад герцагства Варшаўскага, і сустракалі французаў нават з большым энтузіязмам, чым шляхта. У Менску перад маршалам Даву жанчыны ўсцілалі кветкамі плошчу [АВАК, Т. 37. С. ХІІІ], у тэатры ставілі п’есу “Пераход праз Нёман, ці Вызваленне Літвы”, напісаную кіраўніком аддзялення скарбу Менскага Дэпартаменту ВКЛ Янам Ходзькам, дарэчы, ягоны подпіс стаіць і пад дакументам аб далучэнні Заходняй Русі да Варшаўскай канфедэрацыі [АВАК, Т. 37, док. 387].
Д.Баўца ў сваёй працы “Szkolnictwo Polskie na Ziemiach Litеwsko-Ruskich 1803-1832” [Люблин, 1991. – Т. 1. – С. 349] адзначае, што студэнты Віленскага ўніверсітэту, сярод якіх быў высокі працэнт ураджэнцаў Беларусі, хацелі стварыць “акадэмічны легіён”, але Напалеон гэты праект не зацвердзіў, і мноства студэнтаў проста ўступілі ў Вялікую армію. У 1813 годзе рэктар Снядэцкі, апраўдваючыся перад рускімі ўладамі, спрабуе паменшыць колькасць іх у напалеонаўскім войску, але ў прыватным лісце прызнае, што з 500 чалавек на 1812 год іх колькасць сёння складае ледзь толькі 160. І гэта студэнты – найбольш адукаваная і прагрэсіўна настроеная частка грамадства.
А наогул асабліва праявіўся нацыянальна-дзяржаўны дух, калі фармавалася войска ВКЛ. Лёс новай дзяржавы вызначаўся на палях бітвы. І 5 ліпеня 1812 г. Напалеон распарадзіўся стварыць узброеныя сілы Княства – 5 пяхотных і 4 кавалерыйскія палкі, арганізаваныя і абмундзіраваныя на польскі ўзор, але на блясе ківеру ЗАМЕСТ БЕЛАГА ПОЛЬСКАГА АРЛА БЫЛА “ПАГОНЯ” [И.Кудряшов Вооруженные силы Литовского княжества 1812. – М., 1991. – С. 17]. Нельга не ўлічваць таго, што ў 1812 годзе ў расійскай арміі служыла шмат літоўскіх ураджэнцаў. Яшчэ да вайны былі выпадкі дэзерцірства, аб чым сведчаць шматлікія справы па іх лапанні ў нацыянальна-гістарычным архіве РБ у Гродне, а з пачаткам вайны колькасць дэзерціраў з расійскай арміі рэзка павялічылася. Яны папаўнялі шэрагі фармаваных войскаў ВКЛ – толькі 18-ы пяхотны полк А.Хадкевіча атрымаў 354 чалавекі. Цяжкасці пры фармаванні войска ВКЛ былі. Аднак усё-ткі на зіму яно мела 19 тысячаў чалавек, улучаючы жандармерыю. І хаця нумарацыю палкоў армія ВКЛ мела польскую, але ПАДПАРАДКОЎВАЛАСЯ ШТАБУ ВЯЛІКАЙ АРМІІ.
І няважна, што, ваюючы на сваёй тэрыторыі, вайсковыя аддзелы ВКЛ атрымалі паразу: амаль цалкам былі знішчаны 22-і і 23-і пяхотныя, 18-ы ўланскі палкі, а гвардзейскі полк генерала Канонка загінуў у баі пад Слонімам, на бацькаўшчыне свайго камандзіра, узятага там у палон. Яны працягвалі змаганне, абараняючы Вільню, крэпасць Модлін, а некаторыя ў складзе корпусу Даву да красавіка 1814 г. змагаліся пад Гамбургам.
Нядоўга праіснавала ВКЛ, узноўленае Напалеонам, але не выпадкова А.Пагодзін прыводзіць словы А.Міцкевіча з паэмы “Пан Тадэвуш” у артыкуле “Напалеон і Літва” [Отечественная война и русское общество 1812-1912 гг. – Т. 3. – С. 162]: “О вясна, як ты памятная таму, каму давялося цябе перажыць у той год у нашым краі, як ты цвіла хлебам і зёлкамі, як ты блішчала людзьмі, як ты была поўная падзей і багата надзеямі”.
Ад рэдакцыі: на час правядзеньня канферэнцыі Аляксандр Рабкоў – настаўнік гісторыі Гродзенскай СШ №28; асьпірант кафедры ўсеагульнай гісторыі ГрДУ (Гародня).