nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

МІНУЛАЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА І БЕЛАРУСІ Ў КАНЦЭПЦЫЯХ РАСІЙСКІХ ВУЧОНЫХ У ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIX СТАГОДДЗЯ (кБНІ)

2 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Сяргей Дубавец

Гістарычнае мінулае народу – мацнейшы фактар згуртавання нацыі. АДЛЮСТРАВАННЕ ГІСТАРЫЧНЫХ ПАДЗЕЙ З ПУНКТУ ГЛЕДЖАННЯ СВАЙГО НАРОДУ і насутпнае вывучэнне гісторыі – толькі так мы можам не згубіць наша мінулае.

А калі такое вывучэнне гістарычнага мінулага пачалося? Дзе вытокі нашай гістарычнай самасвядомасці? На гэтыя пытанні я паспрабаваў адказаць, вывучаючы працы вучоных-гуманістаў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага і Беларусі, якія працавалі ў канцы XVIII – першай палове XIX стагоддзяў.

Да падзелу Рэчы Паспалітай галоўнай у гістарыяграфіі ВКЛ і Беларусі была польская гістарыяграфічная традыцыя, якая разглядала Беларусь як польскую правінцыю з шэрагам мясцовых асаблівасцяў.

Расійская гістарыяграфія не мела да пачатку XIX стагоддзя значных прац па гісторыі ВКЛ і Беларусі. А працы, якія датычыліся гэтых тэрыторый, выдаваліся для службовага карыстання. Першыя экспедыцыі навукоўцаў у Беларусь былі ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя (І.І.Ляпёхіна ў 1773 г., У.І.Севергіна ў 1802 г.) [ 1 ], але гэта былі азнаямленчыя прыродазнаўча-навуковыя экспедыцыі.

У расійскай гістарычнай навуцы пачатку XIX стагоддзя вылучаюцца сваёй канцэптуальнай абгрунтаванасцю працы М.М.Карамзіна. Гісторыю Беларусі ён разглядаў у кантэксце расійскай дзяржаўнасці: гісторыю «старажытнарускіх княстваў» на тэрыторыі Кіеўскай дзяржавы, уз’яднанай дынастыяй Рурыкавічаў, лічыў перарванай літоўскім, а затым польскім панаваннем і лагічна завершанай уз’яднаннем з Расіяй [ 2 ]. Але мясцовую гістарычную думку яго працы прыцягнуць не маглі, таму што мясцовыя даследчыкі пускалі ў навуковы абыходак усё больш гістарычных крыніц, якія НЕ ПАЦВЯРДЖАЛІ ПОГЛЯДАЎ КАРАМЗІНА на гістарычнае мінулае ВКЛ і Беларусі.

Мы бачым, што праца ў стварэнні найбольш поўнага вобразу мінуўшчыны гэтых тэрыторый, які адпавядаў бы палітычным патрабаванням расійскай улады, была складаная. Мясцовыя магнаты, якія былі асноўнымі збіральнікамі старажытных дакументаў, “чужых” не пускалі. Таму першую спробу пераарыентацыі масавай шляхецкай думкі расійская ўлада хацела зрабіць пры дапамозе мясцовых даследчыкаў. Асноўным цэнтрам збору дакументаў і вывучэння іх у першай трэці XIX стагоддзя быў Віленскі універсітэт. Але на працягу гэтага часу змяніць погляд даследчыкаў-гісторыкаў на мінуўшчыну ВКЛ і Беларусі расійскія ўлады не змаглі. Таму асноўным заставаўся канцэптуальны погляд польскай гістарыяграфіі, якая разглядала і пасля падзелу Беларусь як частку Польшчы. І гэты погляд быў адлюстраваны ў працах вучоных першай паловы XIX стагоддзя.

Найбольш выдатным, значным і канцэптуальна абгрунтаваным з’яўляўся погляд выдатнага польскага гісторыка І.Лелявеля, які горача спрачаўся з Карамзіным і даказваў па мясцовых крыніцах недасканаласць многіх яго поглядаў на гісторыю ВКЛ і Беларусі. Ён сваімі працамі зрабіў вялікі ўклад не толькі ў польскую гістарыяграфію, але і ў гістарыяграфію Беларусі і Літвы. Ён першы ў Вільні пачаў выкладаць гісторыю з пункту гледжання патрабаванняў так званай «новай школы». У сваіх даследаваннях І.Лелявель прымяніў крытычныя метады вывучэння гістарычных крыніц і гістарычна-параўнальны метад у вывучэнні гістарычнай мінуўшчыны. У параўнанні з наяўнай у яго час польскай гістарыяграфічнай традыцыяй ён выкладаў гісторыю сярэдніх вякоў, гісторыю Рэчы Паспалітай не як гісторыю каралёў і князёў, а ЯК ГІСТОРЫЮ ДЗЯРЖАЎ І САЦЫЯЛЬНЫХ ДАЧЫНЕННЯЎ, ГІСТОРЫЮ КУЛЬТУРЫ НАРОДАЎ [ 3 ].

Яго паслядоўнікам быў І.Ярашэвіч. Ён, карыстаючыся метадамі гістарычнага даследавання, распрацаванымі І.Лелявелем, першым з польскіх і мясцовых навукоўцаў у сваёй працы «Оbraz Litwy» прапанаваў канцэпцыю існавання феадальнага ладу ў ВКЛ, у стварэнні якога Ярашэвіч вызначыў галоўнымі ўнутраныя прычыны. Але, як і І.Лелявель, ён лічыў Беларусь правінцыяй Польшчы і не лічыў яе гісторыю самастойным аб’ектам навуковага даследавання [ 4 ].

Між тым расійскія ўлады ПАТРАБАВАЛІ выпрацоўкі вобразу законнай прыналежнасці атрыманых пасля разбору земляў. Вопыт першай трэці ХІХ стагоддзя, калі ўлады хацелі прыцягнуць да гэтай працы мясцовых даследчыкаў, быў няўдалы. Пасля закрыцця Віленскага універсітэта царская ўлада паспрабавала другую тактыку дасягнення сваёй мэты. Расійская ўлада зразумела, што толькі збіраючы крыніцы па гісторыі ВКЛ і Беларусі і падаючы гэтыя крыніцы з пункту гледжання законнасці паделу Рэчы Паспалітай, можна прыцягнуць на свой бок большасць беларуска-літоўскай шляхты. 3 гэтай мэтай апрацоўкі сабранага матэрыялу былі ўтвораны ў сярэдзіне 30-х гадоў XIX стагоддзя “Губернские статистические комитеты”.

У гэты ж перыяд большую ўвагу да гісторыі “Западной Руси” пачала праяўляць і расійская дваранская гістарыяграфія. Так, у 1837-41 гг. выходзіць праца М.Г.Устралава «Русская история». У ёй аўтар разглядае ВКЛ не як ворага Расіі, а як тэрыторыю, на якой здаўна «кипела русская жизнь» [ 5 ]. Войны паміж Расіяй і ВКЛ ён разглядаў як барацьбу паміж Рурыкавічамі і Гедымінамі. Ён лічыў, што «показать судьбу русского народа за Днепром, все бедствия, которые он испытал под игом поляков, всю политику римского двора и варшавских сеймов, изобразить все действия наших единоплеменников, отторгнутых от лона общей матери случайным сцеплением обстоятельств и снова возвращенных под кров родимый – есть одна из важнейшых задач русского бытоописания» [ 6 ].

Менавіта ў гэты ж час па даручэнні Сіноду, І.Грыгаровіч [ 7 ] працаваў над гісторыяй украінскай і беларускай царкоўных епархі. Пры яго актыўнай дапамозе было падрыхтавана пяць тамоў “Актов Западной России” і чатырнаццаць тамоў “Актов, относящихся к истории Южной и Западной России”. Яго праца, як і праца М.Г.Устралава [ 8 ], склала дакументальную аснову ВЯЛІКАДЗЯРЖАЎНАЙ І МАНАРХІЧНАЙ ВЕРСІІ гісторыі Беларусі, якая была асноўнай на працягу доўгіх гадоў.

Рознымі былі мэты звароту да гісторыі Беларусі ў гэты перыяд. Далёка не заўсёды гэта было сведчаннем прызнання самастойнага шляху развіцця беларусаў, але безумоўнае тое, што ўзрасла зацікаўленасць і ў польскім, і ў рускім грамадстве да абуджэння духоўнага жыцця нашага народу. Гэтая зацікаўленасць і адлюстравалася ў вострай палітычнай і ідэйнай барацьбе Ў ДЗВЮХ ГІСТАРЫЧНЫХ ВЕРСІЯХ мінулага Беларусі (НАЦЫЯНАЛІСТЫЧНАЙ ПОЛЬСКАЙ І ВЯЛІКАДЗЯРЖАЎНА-МАНАРХІЧНАЙ РАСІЙСКАЙ).

Але менавіта ў гэты час, магчыма, нечакана для прыхільнікаў гэтых канцэпцый з’яўляецца трэцяя версія гістарычнай мінуўшчыны Беларусі. Гэты погляд быў адлюстраваны ў працы Турчыновіча «Обзор истории Белоруссии с древнейших времен» (1857). Мэтай гэтай працы стала характарыстыка Беларусі, якая МАЕ СВАЮ ГІСТОРЫЮ. Канцэптуальны погляд аўтара адлюстраваны ва ўводзінах да гэтай працы: «Её древняя, ее собственная история мало известна, новая же начинается с XV столетия, тесно связана с политической историей Литвы, Польши и России. По своему географическому положению Белоруссия сделалась поприщем, на котором в течение последних четырёх столетий РЕШАЛИСЬ ОРУЖИЕМ, ПОЧТИ ВСЕ ВОПРОСЫ, составлявшие политическую жизнь этих держав – и ПОСЛЕДСТВИЯ ЭТОЙ ВЕКОВОЙ, КРОВОПРОЛИТНОЙ БОРЬБЫ СОСТАВЛЯЮТ СУДЬБУ И НОВУЮ ИСТОРИЮ БЕЛОРУССКОГО КРАЯ» [ 9 ].

Згодна з гэтым разуменнем спецыфікі гістарычнага мінулага Беларусі Турчыновіч фактычна зводзіць гісторыю краю да ваенна-палітычных і рэлігійных падзей. Тлумачыць прычыны і характар сацыяльных рухаў у Беларусі XIV – ХVIII стст. з пункту гледжання клерыкальнай і дваранскай гістарыяграфіі. Сацыяльна-эканамічны бок гэтых падзей аўтар практычна не бачыць. Праца Турчыновіча са сваім метадалагічным падыходам – тыповы твор дваранскай гістарыяграфіі таго часу, дзе, галоўным чынам, увага канцэнтруецца на палітычнай гісторыі – гісторыі палітычных падзей і палітычных дзеячаў. Сама палітычная гісторыя Беларусі разглядаецца як шэраг падзей, якія ён адлюстроўвае рознымі гістарычнымі крыніцамі, хоць гісторык калі-нікалі падыходзіць крытычна да апавядальных крыніц XIV – ХVІІ стст.

І ўсё ж, нягледзячы на традыцыйны падыход да выкладання гістарычнага працэсу, тыповага ў дваранскай гістарыяграфіі тых гадоў, кніга Турчыновіча была выдатнай і прыкметнай з’явай на шляху стварэння БЕЛАРУСКАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ.

Упершыню ў гэтай працы Баларусь была разгледжана не як частка Расіі, Літвы ці Рэчы Паспалітай, а ЯК ГІСТОРЫЯ САМАСТОЙНАГА НАРОДА са сваёй мінуўшчынай, са сваім гістарычным лёсам. Такім чынам, мы можам сцвярджаць, што з гэтай канцэптуальнай працы Турчыновіча і пачалася гістарычная нацыянальная самасвядомасць адукаванага беларускага грамадства.

Мы бачым, што ў працах гісторыкаў першай паловы XIX стагоддзя было шмат памылковых тэарэтычных палажэнняў, фактычных недасканаласцяў, пераважала лакальная, краязнаўчая тэматыка, апісальнасць. Гэта тлумачылася ўзроўнем самой гістарычнай навукі ў краі – недастатковай распрацаванасцю крыніцазнаўчай базы па шэрагу кірункаў гістарычных даследаванняў. Але менавіта ў гэты перыяд з’яўляюцца першыя працы, у якіх ужываліся КРЫТЫЧНЫ І ПАРАЎНАЛЬНЫ МЕТАДЫ ГІСТАРЫЧНАГА ДАСЛЕДАВАННЯ, прапануюцца найбольш абгрунтаваныя канцэптуальныя погляды на гісторыю ВКЛ і Беларусі. Але найбольш значным з’яўляецца іх уклад у гістарычную навуку: ЯНЫ ПАСТАВІЛІ ШЭРАГ ПЫТАННЯЎ (этнагенэз беларускага і літоўскага народаў, шляхі і прычыны ўтварэння дзяржаўнасці на беларуска-літоўскіх землях, роля знешніх і ўнутраных палітычных фактараў у дзяржаўным развіцці ВКЛ і іншыя), на якія спрабавалі і спрабуюць адказаць наступныя пакаленні гісторыкаў.

Літаратура:
1. Таранович В.П. Экспедиция академика И.И.Лепёхина в Белоруссию и Лифляндию в 1773 г. // Архив истории науки и техники. –  М.-Л.,1835. – Т.1. – Вып.1. – С. 545-568; Записки путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические хозяйственные и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1802 г. академиком В.Севергиным. – СПб., 1803.
2. Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времён до 1917 года. – М., 1993.-С. 293-318.
3. Lelewel J. Nauki dające poznawać źródła historyczne. – Wilno, 1822.
4. Наш радавод: Караў Д.У.  У вытокаў беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі канец XVIII 50-я гады XIX стагоддзя. – Гродна, 1993. –  Кн 5.-Ч.ІІ. – С.285.
5. Устрялов Н.Г. Русская история. – СПб.,1837. – Т.1. – С.444.
6. Там сама. – С.445.
7. Пичета В.И. Введение в русскую историю (Источники и историография). – М., 1923. – С.19.
8. Устрялов Н.Г. Исследование вопроса, какое место в русской истории должно занимать Великое княжество Литовское. – СПб., 1839.
9. Турчинович О.В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времён. – СПб., 1857.-Ч.VII.

Ад рэдакцыі: на час правядзеньня канферэнцыі Сяргей Дубавец –  асьпірант кафедры ўсеагульнай гісторыі ГрДУ (Гародня).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы