nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ХОЧАЦЦА ЎДАКЛАДНІЦЬ ЛЯВОНА. Частка І. (Д пр-п 9, 10)

3 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

Зь Лявонам Баршчэўскім я пазнаёміўся, і даволі блізка, у другой палове 1990-х. У нас ёсьць нават сумесная кніга: «Палітычная барацьба за незалежнасьць Беларусі ў варунках інфармацыйнага таталітарызму і каляніялізму. – Гародня, Менск, Магілёў. – 1998. – 201 с.». Нядаўна сп-р Лявон даў інтэрвю «Свабодзе», большасьць палажэньняў якога (адкрытых і кантэкстных) я падзяляю. Але ёсьць і спрэчныя. Паколькі наш сайт ідэалагічны – менавіта тое, што спрэчнае, і ёсьць для нас самым цікавым і важным. Пры гэтым ня варта думаць, што маё стаўленьне да сп-ра Лявона неяк пагоршылася. Лічыў і, хутчэй за ўсё, буду лічыць яго чалавекам, які зрабіў і робіць вельмі шмат добрага для нашага народу.

1.
Па-першае, у мяне ўзьнік пэўны нядосыт у сувязі з азначэньнем інтэлігента, якое даў сп-р Лявон у адказах на пытаньні Андрэя Белагубава з Магілёва: “Кім ёсьць беларускі інтэлігент: стомленым бясконцымі спрэчкамі й змаганьнем з рэчаіснасьцю чалавекам, альбо чалавекам, які пэўна глядзіць у будучыню?”
На гэта Лявон Баршчэўскі адказаў: “Інтэлігента вылучае ў першую чаргу ПАЧУЦЬЦЁ АДКАЗНАСЬЦІ [тут і далей важнае выдзелена мной вялікімі літарамі – А.А.]. І калі ты адказваеш ня толькі перад сабой, перад сваёй сям’ёй, а й перад Богам, перад будучыняй, то ты робіш тое, ШТО МОЖАШ рабіць. Што ТАБЕ ЎДАЕЦЦА, што ты ўмееш. І чым больш будзе такіх людзей, тым хутчэй мы пераадолеем гэту прорву, якую сьвядома ўзводзілі пры розных рэжымах паміж інтэлігенцыяй і паспалітым народам. Засыпаць яе можна толькі дзякуючы асабістым высілкам”.

На мой погляд, для інтэлігента, як прадстаўніка пэўнай сацыяльнай групы, характэрна ня толькі АДКАЗНАСЬЦЬ, але і ЭТЫЧНАСЬЦЬ, ПРЫНЦЫПОВАСЬЦЬ, ПРЫСТОЙНАСЬЦЬ, якія ў дадатак прысутнічаюць у чалавека разам з РАЦЫЯНАЛЬНЫМ, ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫМ АСЭНСАВАНЬНЕМ РЭЧАІСНАСЬЦІ. Трэба абавязкова ўлічваць спалучэньне гэтых абедзьвюх груп рыс, бо, з аднаго боку, прыстойнасьць, этычнасьць, маральнасьць і г.д. можа мець й іншыя карані (напрыклад, рэлігійныя), а інтэлект бяз спалучэньня з пералічанымі рысамі чалавека – не заўсёды можа быць выкарыстаны для дабра. Праўда, для класічнага інтэлігента характэрна таксама і тое, што ў яго ў час выпрабаваньняў хапае духу, як правіла, толькі на пасіўнае супраціўленьне злу, на “НЯ ЎДЗЕЛ У ЗЛЕ” (гл. малюнак; спалучэньне рысаў, якое “стварае” інтэлігента, пазначана сінім колерам; лічба 1 пазначае ўзровень класічнага інтэлігента).

�н��л�ген���.gif

Спалучэньне якасьцяў, характэрнае для інтэлігенцыі, ужо робіць яе выбітнай сацыяльнай групай. Нельга пагадзіцца з ленінскім, што “інтэлігенцыя – гэта г*но”.  Той ацэньваў чалавека ці сацыяльную групу толькі па патэнцыйнай прыдатнасьці для выкарыстаньня ў будучай рэвалюцыі. І паколькі інтэлігенцыя, якая заўсёды жадае ДАКЛАДНА БАЧЫЦЬ МЭТЫ сваёй дзейнасьці (а таму і заўсёды сумняецца ў правільнасьці таго ці іншага кроку – гэта, дарэчы, таксама важнейшая рыса інтэлігенцыі), для рэвалюцыйнага авантурыста – Леніна – асаблівай карысьці не ўяўляла. Таму ён яе так і называў. На справе, любы чалавек заўсёды можа ганарыцца, калі яго назавуць сапраўдным інтэлігентам. Гэта ўжо нямала. Таму інтэлігенцыя – гэта канешне жа “дабро”, аднак звычайна пасіўнае, асьцярожнае й неарганізаванае,  індывідуальнае… Але ў наш час зло нахрапіста, агрэсіўна, яно апанавала ўсё наша грамадства – як гіфы плесені прарастаюць усю тоўшчу хлебнага бохана. Таму сёньня проста ня быць саўдзельнікам зла і пры гэтым разьлічваць на станоўчыя зьмены ў грамадстве – маўляў, усё само неяк усталюецца – абсалютна не выпадае. Зыходзячы з гэтага і быць класічным інтэлігентам, “які ня ўдзельнічае ў зле”, таксама ўжо недастаткова. Гэта ня дасьць аніякага грамадскага выніку. Абставіны сёньняшняй Беларусі патрабуюць ЗМАГАНЬНЯ СА ЗЛОМ. А для гэтага дадаткова трэба, каб у чалавека былі АКТЫЎНАСЬЦЬ, ВОЛЯ, АХВЯРНАСЬЦЬ, ІМКНЕНЬНЕ АБ’ЯДНАЦЦА ЗЬ ІНШЫМІ, АРГАНІЗАВАЦЦА, СТРУКТУРАВАЦЦА, ДАКЛАДНА ВЫЗНАЧЫЦЬ МЭТУ І СТРАТЭГІЮ, каб узмацніцца, каб максімальна падвысіць шанц дасягнуць істотна лепшага заўтра (гл. малюнак). Толькі людзі, якія маюць яшчэ і гэтую (трэцюю) групу ўласьцівасьцяў (у дадатак да дзьвюх папярэдніх), выходзяць на больш высокі ўзровень – узровень 2, характэрны ўжо ня проста для класічных інтэлігентаў, а, калі жадаеце, для звыш- ці постінтэлігентаў – ПРАДСТАЎНІКОЎ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ЭЛІТЫ, сапраўдных герояў нашага часу. Сярод беларусаў і такіх людзей дастаткова.

2.
Дзіўнае ўражаньне – нейкі «раскардаш» у думках і пачуцьцях – выклікаў у мяне кантэкст адказу сп-ра Лявона на пытаньне Міколы Сыскевіча: “Пасьля вайны на тэрыторыю Берасьцейшчыны з Расеі завезьлі мноства “цікавых” расейскіх кабет, які панараджалі дзяцей… Пагадзіцеся, што гэта была заплянаваная асыміляцыя?”.
(Адказ Баршчэўскага): “Мая маці, дарэчы, руская, так што і я, можа быць, падпадаю пад вашую лёгіку… Аднак тым ня менш не пачуваю сябе чужым на Беларусі – праблема зусім ня ў гэтым. КУДЫ БОЛЬШ ВАЖНА, ШТО ПАСЬЛЯ МАСАВАГА ВЫНІШЧЭНЬНЯ ГАБРЭЯЎ У БЕЛАРУСІ НА ПАСАДЫ КІРАЎНІКОЎ АДДЗЕЛАЎ КУЛЬТУРЫ, АДУКАЦЫІ САПРАЎДЫ ПРЫСЫЛАЛІ ЛЮДЗЕЙ З РАСЕЙСКАЙ ГЛЫБІНКІ, ЗУСІМ НЯ З ПІЦЕРА ЦІ МАСКВЫ… ГЭТА БЫЛІ ЛЮДЗІ, ЯКІХ ЦЯЖКА АДНЕСЬЦІ ДА ІНТЭЛІГЕНЦЫІ. ВОСЬ ЯНЫ ЎВА МНОГІХ ВЫПАДКАХ САПРАЎДЫ НАНЕСЬЛІ НАМ ГЕРАСТРАТАВЫ СТРАТЫ. Такім чынам, справа тут ня ў голасе крыві, а ў КУЛЬТУРНІЦКІМ КОДЗЕ. Наколькі ён узьнікае ў чалавека і наколькі той умее разьвіць яго ў сабе. Бо чыста збоку яго не насадзіць”.

Па-першае, зьдзіўляе тое, што сп-р Лявон НЕ выказвае незадавальненьня, не абураецца, не пратэстуе, што пасьля апошняй вайны на пасады кіраўнікоў аддзелаў культуры, адукацыі (дарэчы, і большасьці іншых кіроўных пасад) НЕ НАКІРОЎВАЛІ БЕЛАРУСАЎ, а, па-другое, атрымліваецца, што ён лічыць, што лепш, каб гэтыя пасады займалі габрэі (у іх, маўляў, «культурніцкі код» той, што трэба), а калі не габрэі, дык рускія зь Піцера ці Масквы. Тады нібы было б усё ў парадку… Такі кантэкст сьветагляду выглядае асабліва дзіўным, калі ўлічыць, што сп-р Лявон шмат гадоў быў намесьнікам старшыні й выконваючым абавязкі старшыні БНФ «Адраджэньне». Паколькі я ўжо выказваў сваю пазіцыю (у т.л. і на нашым сайце) адносна аналагічных асаблівасьцяў сьветагляду ў яшчэ аднаго знакамітага й інтэлігентнага чалавека – Пятра Краўчанкі (гл. артыкул «Наша галоўная праблема – этнацыд, наша мэта – беларуская дзяржава») – узьнікае падазрэньне, што мы маем  дачыненьне СА СЬВЕТАГЛЯДНЫМ ПАРОКАМ, які шырока распаўсюджаны ў беларускім інтэлігенцкім асяродку. А гэта як раз тое – вывіх у сьветаглядзе беларусаў – што рэдакцыя сайта павінна імкнуцца ўпраўляць, у тым ліку і праз увядзеньне чарговага дактрынальнага прыцыпу.
Паколькі БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА – гэта ў норме ў значнай ступені Дом, Храм, ЗЯМЛЯ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ, і паколькі нават ва ўмовах цяперашняга этнацыду ў час апошняга перапісу беларусамі сябе назвалі 82% жыхароў нашай краіны, давайце прымем і зафіксуем, што аддзеламі культуры, адукацыі, а таксама эканомікай, палітыкай, ідэалогіяй, інфармацыяй, аховай здароўя, дэмаграфіяй, спортам, турызмам, экалогіяй і г.д. у Беларусі на 82% павінны кіраваць (займаць кіраўнічыя пасады) тыя, хто шчыра лічаць сябе беларусамі (больш 82% можна, менш – нельга). У будучай Беларускай Дзяржаве ўладзе трэба будзе адмыслова і пастаянна сачыць за гэтым. Хай гэта палажэньне будзе чарговым дактрынальным прынцыпам працы нашай рэдакцыі (Д пр-п 9). Дарэчы, ня менш важна, каб і сярод прыбіральшчыц, сантэхнікаў, асанізатараў, палеводаў, даярак, гандлярак і г.д. у Беларусі таксама абсалютная большасьць была беларусаў. Але пра гэта ў іншы раз.

3.
(Спадар: ) “Вось гэтыя 70 зь нечым працэнтаў, якія выбралі беларускую мову паводле перапісу, гэта – моц і надзея беларушчыны?”
(Баршчэўскі: ) “На жаль, тут я мушу вас расчараваць. БОЛЬШАСЬЦЬ ЗАЎСЁДЫ КАНФАРМІСЦКАЯ. Яна лічыць, што лепш напісацца тым, чым называецца дзяржава – так надзейней, ня будзе праблем у жыцьці… ДЗЯРЖАВА ПОЛЬШЧА – ЗНАЧЫЦЬ ПАЛЯК, ДЗЯРЖАВА БЕЛАРУСЬ – ЗНАЧЫЦЬ БУДУ БЕЛАРУСАМ… Гэта яшчэ не культурніцкі патрыятызм. А культурніцкі – гэта калі вы схопіце за рукаў чалавека і скажаце: “Дарагі сябра, ня думаючы НАЗАВІЦЕ ІМЯ ПАЭТА!” Калі пачуеце ня “Пушкін” ці “Лермантаў”, а – “Купала, Багдановіч”, вось тады тое, што трэба…”

Шчыра кажучы, гэты адказ зьдзівіў мяне яшчэ ў большай ступені. Справа ў тым, што тут многае перавернута з ног на галаву. Нацыянальная прыналежнасьць чалавека сапраўды вызначаецца ім самім, але ключавыя пытаньні, якія яму пры гэтым трэба задаць (ці ён задае сам сабе) гучаць так: КІМ ТЫ САБЕ ЛІЧЫШ-АДЧУВАЕШ, ДА ЯКОГА НАРОДУ СЯБЕ ПРЫЛІЧАЕШ? Беларусам (да беларусаў), рускім (да рускіх), украінцам (да украінцаў), чачэнцам і г.д. ці кем-небудзь яшчэ? (першае, пытаньне) А ЧАМУ ТЫ СЯБЕ ЛІЧЫШ, НАПРЫКЛАД, БЕЛАРУСАМ? (другое пытаньне).
І калі чалавек адкажа, што ён лічыць сябе, напрыклад, беларусам (маўляў, ён так сам сябе ўспрымае), і затым дадасьць: таму, што ў яго бацькі беларусы (ці хаця б адзін з бацькоў беларус, сам ён жыве ў Беларусі і таму лічыць беларускі народ, беларускую культуру, гісторыю, сьветагляд і г.д. СВАІМІ) – значыць перад вамі сапраўды БЕЛАРУС. А ўжо далей, потым, калі гэты чалавек даведаецца, што, напрыклад, Багдановіч і Колас былі выбітнымі паэтамі й таксама былі беларусамі, ён будзе гэтым ганарыцца. А да Шэкспіра ці Лермантава ў яго ня будзе такога стаўленьня – хаця ён будзе й іх  лічыць выбітнымі паэтамі, ганарыцца гэтым ён ня будзе. Калі беларус даведаецца, што Сувораў патапіў у крыві польска-беларускае вызвольнае паўстаньне, ён пачне ставіцца да яго негатыўна. І гэта няглядзечы на тое, што да той пары ўсё інфармацыйнае асяродзьдзе ўпарта намаўляла яму, што гэта «выбітны палкаводзец». Калі ён даведаецца пра значэньне і вынік бітвы пад Воршай пад кіраўнітцвам Канстанціна Астрожскага, ён, як беларус, будзе думаць: вось як добра, нашы маскалям тады накастылялі… Але, гэта будзе ўжо потым, калі ён пра ўсё даведаецца (бо можа і не давадацца). Значыць, чалавек становіцца беларусам не з-за таго, што яму давялося начытацца Купалы, а зусім па іншай прычыне. Яшчэ не прачытаўшы Купалу (а можа і ўвогуле ніколі не чытаючы), ён заранёў і заўсёды  будзе ганарыцца «сваім Купалам».
Вельмі яскрава гэты ж прынцып вызначэньня сябе беларусам выяўляецца ў адносінах да нашай мовы. Ёсьць беларусы, якія ёю добра валодаюць і ганарацца тым, што яны «нармальныя беларусы». Ёсьць беларусы, якія валодаюць беларускай мовай слаба, ці ўвогуле не валодаюць. Але гэтыя – другія – прызнаюць гэта сваім НЕДАХОПАМ. І канешне жа хацелі бы валодаць мовай свайго народу, калі б гэта не патрабавала «зашмат» высілкаў. Такім чынам, нават валоданьне ці невалоданьне беларускай мовай ня ёсьць крытэрам беларус ты ці не. Ёсьць значна больш істотны фон, на якім валоданьне мовай можа выглядаць так ці інакш, але гэта азначае яшчэ далёка ня ўсё. І гэтым фонам, гэтай БАЗАВАЙ АДЗНАКАЙ зьяўляецца: які народ чалавек лічыць СВАІМ! Такое самавызначэньне чалавека зьяўляецца падставай для далейшай адпаведнай яго паставы ў грамадскай рэчаіснасьці – каго лічыць сваім паэтам, пісьменьнікам, а каго чужымі, каго лічыць добрым гістарычным дзеячам, а каго кепскім, якія гістарычныя ці грамадска-палітычныя працэсы лічыць станоўчымі, а якія адмоўнымі й г.д. Усё гэта будзе далей суадносіцца са значэньнем той ці іншай падзеі, асобы для ЯГО народа.
Паколькі такія відавочныя рэчы таксама аказаліся складанымі для часткі нашай інтэлігенцыі, уводзім чарговы дактрынальны прынцып працы нашай рэдакцыі (Д пр-п 10): вызначэньне таго, ці лічыць чалавека беларусам ці не, залежыць ад таго, кім ён сябе шчыра вызначае (адчувае), ад таго, ці далучае ён сам сябе да беларускага народу ці не. Пры гэтым, хаця б адзін зь яго бацькоў (ці, як мінімум, дзядоў) павінен быць беларусам – г.зн. таксама сам сябе вызначаць беларусам!
А вось, пераходзячы ў нашых разважаньнях зь індывідуальнага на грамадскі ўзровень, каб тут нармалізаваць сітуацыю, мы канешне жа павінны імкнуцца да таго, каб кожны беларус ня толькі ганарыўся Купалам, Багдановічам, Коласам, Караткевічам, Быкавам і многімі іншымі нашымі выбітнымі пісьменьнікамі й паэтамі, а і добра ведаў іх творчасьць.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы