nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ХОЧАЦЦА ЎДАКЛАДНІЦЬ ЛЯВОНА. Частка ІІ. (Д пр-п 11, 12)

4 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

4.
(Зьміцер Панкавец: ) “Ці бачыце вы, спадар Лявон, сэнс у існаваньні зараз Саюзу пісьменьнікаў?”
(Баршчэўскі: ) “Псыхалягічна літаратары павінны мець месца хоць дзеля таго, каб часам сабрацца ды абмеркаваць нейкія рэчы. Тым больш у Беларусі пісьменьнікі адыгрываюць яшчэ й сымбалічную ролю – як абаронцы мовы. Дзяржаўная мова – гэта саветызм, ад чаго трэба адыходзіць. Бо такое вызначэньне ўводзіць у зман людзей. Як гучыць “афіцыйная мова”, чалавек адразу разумее: ёй трэба валодаць чыноўнікам, а я на якой хачу, на такой і гавару… І зусім іншая рэакцыя на спалучэньне “дзяржаўная мова”… Тут шмат непаразуменьняў, згадаць хоць бы сумны рэфэрэндум… Таму афіцыйнай павінна быць адна мова – беларуская. А дзяржаўнай – ніводная”.

Дыскусія па мове занад-та зацягнулася. Пара ставіць кропку.
У будучай беларускай дзяржаве наша беларуская мова будзе і дзяржаўнай, і афіцыйнай, і дзяржаўна-афіцыйнай. А, галоўнае – ЯНА БУДЗЕ АДЗІНАЙ ДЗЯРЖАЎНА-АФІЦЫЙНАЙ МОВАЙ. Беларуская мова – гэта адна з галоўных каштоўнасьцяў беларускага народу – сьвятая каштоўнасьць. Таму тыя асобы, якія захочуць жыць у нашай беларускай дзяржаве, будуць абавязаны дэманстраваць сваю павагу і да нашай мовы, і да ўсіх іншых агульнанацыянальных каштоўнасьцяў беларусаў. A гэта значыць, што ў будучай Беларускай дзяржаве і беларусы, і небеларусы будуць абавязаны карыстацца беларускай мовай ня толькі, калі яны будуць знаходзіцца на дзяржаўных пасадах (будуць чыноўнікамі). На беларускай мове будуць працаваць усе школы, усе ВНУ, Акадэмія Навук, усе тэатры й кінатэатры, уся рэклама, усе вулічныя абвесткі, усе СМІ (дзяржаўныя і прыватныя), якія будуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі й узначальвацца яе грамадзянамі. Беларуская мова будзе мовай працы прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці, мовай гандлёвых і фінанасавых аперацый і г.д. Больш за тое, кожны чалавек не заўсёды будзе мець магчымасьць гаварыць «на такой мове, на якой захоча». У ПРЫВАТНЫХ, ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ВЫПАДКАХ ТАК – НА ЯКОЙ ЗАХОЧА, але, калі чалавек – грамадзянін Беларусі – захоча выступіць публічна, перад групай грамадзян (на сходзе, мітынгу, даць інтэрвю па радыё ці тэлебачаньні й г.д.), ці ён, выконваючы свае прафесійныя абавязкі, будзе вымушаны карыстацца нейкай мовай, ён на тэрыторыі Беларусі АБАВЯЗАНЫ БУДЗЕ рабіць гэта па-беларуску. Калі выступаць у СМІ будзе замежны грамадзянін, які ня ведае беларускай мовы, яго словы павінны будуць перакладацца на беларускую мову. Прычына ўсё тая ж: у будучай Беларускай Дзяржаве беларуская мова будзе адзінай афіцыйна-дзяржаўнай мовай.
Руская мова, якая вось ужо больш двух стагоддзяў выкарыстоўваецца як адзін з галоўных сродкаў імперскай палітыкі, скіраванай на прыгнёт, на разбурэньне беларускіх сьвятых каштоўнасьцяў, якія аб’ядноўваюць нацыю, на падпарадкаваньне беларускага народу паразітычным інтарэсам расейскай імперскай бюракратыі, у будучай Беларусі зойме месца адной са славянскіх моваў (такой жа, як цяпер займаюць, напрыклад, польская і ўкраінская мовы) – г.зн. мовы хоць і братніх, але іншых народаў. Дадзены падыход да моўнай праблемы ў будучай Беларусі аб’яўляецца чарговым дактрынальным прынцыпам працы нашай рэдакцыі (Д пр-п 11).
Зусім іншае, асобнае пытаньне – гэта правільная тэхналогія нармалізацыі моўнай сітуацыі ў Беларусі (г.зн. тэхналогія ўвядзеньне беларускай мовы ў якасьці адзінай афіцыйна-дзяржаўнай мовы). Яна ўключае правільную пасьлядоўнасьць этапаў беларусізацыі й аптымальныя яе тэмпы. Нават у спрыяльных варунках (а на іх лепш не разьлічваць) на поўную нармалізацыю моўнай сітуацыі ў нашай будучай дзяржаве спатрэбіцца ня менш, як 25-30 гадоў. Пра тое, якімі будуць першыя крокі ў гэтай справе, мы ўжо пісалі раней (гл. Д пр-п 7).

5.
(Даніла: ) “Вы, спадар Баршчэўскі, нацыяналіст ці гуманіст?”
(Баршчэўскі: ) “Я ГУМАНІСТ, але не бяз пэўнага піетэту да нацыяналістаў у станоўчым сэнсе. У тым сэнсе, што ў эпоху глябалізацыі старое паняцьце нацыі адышло ў нябыт. Сёньня нацыя – гэта ня тыя, хто жывуць на адной тэрыторыі, а тыя, у каго адзін культурны код. Для каго Багдановіч, Купала, Караткевіч значаць больш, чым Пушкін, Лермантаў або Міцкевіч там ці Гётэ з Шылерам… Вось гэта і ёсьць культурны код.Чалавек зь ім можа жыць у Амэрыцы (і жывуць там такія людзі), у Нямеччыне – паўсюль! Яны ёсьць нацыяй! Гэта ўжо ня проста супольнасьць, аб’яднаная тэрыторыяй… Іншая справа, для нашай нацыі фатальна, што яе трэба пашыраць, што яна замалая… Застаецца нявысьветленай ідэнтыфікацыі чалавек, які яшчэ толькі намацвае свае культурніцкія арыенціры. Вось зь ім і трэба працаваць – трэба ПРЫВОДЗІЦЬ НА НАШЫЯ АРЫЕНЦІРЫ як мага больш людзей”.

І вось, нарэшце, два галоўных пытаньня, на якія я хацеў бы зьвярнуць асаблівую ўвагу.
ПЕРШАЕ – гэта «глабалізацыя і лёс нацыяў». Дадзенаму пытаньню мы напэўна прысьвяцім не адзін артыкул – і таму, што яно надзвычай важнае, і таму, што тут шмат чаго ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы наўмысна пераблытана пэўнымі сіламі (напрыклад, як бачыце, нацыі спрабуюць пазбавіць адной з базавых каштоўнасьцяў – ЭТНІЧНАЙ ТЭРЫТОРЫІ; маўляў, трэба «прыводзіць людзей на нейкія культурніцкія арыентацыі» і ўсё; і, як бачыце, некаторыя, нават, вельмі інтэлектуальныя людзі даволі лёгка паддаюцца на гэтыя інфармацыйна-псіхалагічныя правакацыі). Трэба самым сур’ёзным чынам разабрацца і што такое на самай справе «глабалізацыя» (першы артыкул, прысьвечаны асьцярожнай крытыцы распаўсюджаных уяўленьняў пра глабалізацыю, ужо выстаўлены намі; гл. https://nashaziamlia.org/2006/04/25/64/), і што такое «нацыі», і як павінны ў норме суадносіцца гэтыя дзьве глабальныя зьявы. Пакуль я хацеў бы толькі аб’вясьціць пра рэдакцыйныя планы і выказаць нязгоду з выказваньнем паважанага спадара Лявона, што маўляў «у эпоху глябалізацыі старое паняцьце нацыі адышло ў нябыт». А, можа, не старое адышло ў нябыт, а толькі неяк па-новаму пачало выглядаць, а, можа, няверна мы разумеем новае?…

ДРУГОЕ ПЫТАНЬНЕ зьдзівіла яшчэ больш. Агульнавядома, што гуманіст – гэта той, хто любіць людзей, усё чалавецтва. Гэта той, хто ў сваіх пачуцьцях прыхільнасьці, у сваім жаданьні «дабра для іншых» павінен выходзіць за рамкі нейкай абмежаванай групы (сям’я, родныя; сябры, калегі па працы; рэлігійная секта; сацыяльная група; народ) на ўзровень усяго чалавецтва. І на гэтым узроўні ўніверсальныя рысы, уласьцівыя для ўсіх людзей і кожнага асобнага чалавека, павінны быць таксама каштоўнымі для чалавека-гуманіста. Але, на справе, адказ на пытаньне: дадзеная асоба сапраўдны гуманіст ці не – істотна больш складаны і абумоўлены шэрагам дадатковых чыньнікаў.
Для паўнавартаснага адказу на пытаньне, хто ёсьць сапраўдным гуманістам, трэба вырашыць некалькі пытаньняў:
– Першае. Ці зьяўляеца гуманістам той, хто зьяўляецца «гуманістам для сябе», які грамадскі аніяк не выяўляе сябе праз тыя ці іншыя АЛЬТРУІСТЫЧНЫЯ УЧЫНКІ. Ці мае права чалавек, які анічога БЕСКАРЫСЬЛІВА і добраахвотна не аддаваў ад сябе для дабра іншых, саманазывацца гуманістам. Мала лі што чалавек сам пра сябе лічыць. Як ён паводзіць сябе ў РЭАЛЬНЫМ ЖЫЦЬЦІ, дзе абставінаў, якія дазваляюць яму праявіцца, заўсёды больш, чым дастаткова – вось крытэр ісьціны. Што, у нас мала «ўбогіх і страждушчых»? І калі чалавек лічыць сябе гуманістам, а на справе ніколі аніякіх альтруістычных учынкаў не зьдзяйсьняў – дык які ж ён гуманіст! Проста прызнаваць сябе гуманістам недастаткова, бо гэта выглядае нібы чалавек купіў сабе баявы ордзен, прышчапіў і носіць… НЕ, так ня пойдзе. Права называцца гуманістам трэба запрацаваць! Акрамя таго, несумніўна не зьяўляецца гуманістам той, хто прэзентуе сябе такім (на словах), а на справе, па жыцьцю рэгулярна паводзіць сябе антыгуманна – паразітычна, злачынна, а таксама той, хто атрымлівае грошы за сваю «гуманітарную дзейнасьць» ці з боку расейскіх сьпецслужбаў, ці з боку «дэмакратычнага Захаду».
– Другое. Акрамя прысутнасьці практычных альтруістычных учынкаў, каб мець права называцца гуманістам, чалавеку трэба дэманстраваць ПАСТАЯНСТВА гуманістычных паводзінаў й іх адпаведны МАШТАБ. Недастаткова раз у два гады даць жабраку капеечку. Гуманізм як жыццьцёвае крэда – вось яшчэ адна рыса сапраўднага гуманіста.
– Трэцяе. Абсалютная большасьць праблем чалавецтва бяруцца з-за таго, што на людзях увесь час імкнуцца паразітаваць тыя ці іншыя сацыяльныя паразіты. Таму ў рэальным жыцьці быць гуманістам таксама азначае АБАВЯЗКОВА ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ЗМАГАНЬНІ ЗЬ ІМІ. Таму гуманістам ня можа быць той, ХТО НЯ МАЕ ВОРАГАЎ! Калі вы ўвесь час бачыце чалавека ідэальна апранутым і ў чыстых белых пальчатках – гэта не гуманіст!!!
– І апошняе, галоўнае. Ці мае права чалавек называць сябе гуманістам, калі ён «любіць чалавека ваабшчэ, чалавецтва ўвогуле», але ня любіць сваіх дзяцей і бацькоў, свой народ? Адказ відавочны: ня можа быць чалавек сапраўдным гуманістам, калі пры гэтым ён ня будзе ўніверсальным нацыяналістам! Бо не бывае такога, каб чалавек НЕ любіў, не паважаў, не цаніў сваіх бацькоў, іншых блізкіх яму людзей, не цаніў, не паважаў, не любіў свой уласны народ, а вось усё чалавецтва ён бы і паважаў, і цаніў, і любіў (?!). Калі чалавек так заяўляе, ён альбо хлусінік, альбо крывадушнік, бо у гэтых рэчах павінна быць поўная пераемнасьць (гл. малюнак). Каб дарасьці да гуманіста, трэба абавязкова прайсьці й уключыць у сябе стадыю ўніверсальнага нацыяналіста. Гэта элементарна, як двойчы два. Канешне жа, далей кожны сапраўдны гуманіст – гэта больш, вышэй, чым толькі нацыяналіст, але пры гэтым ён АБАВЯЗКОВА і (+) універсальны нацыяналіст! Прычына ў тым, што гуманізм і нацыяналізм НЕ зьяўляюцца альтэрнатывамі. Зусім наадварот – універсальны нацыяналізм ёсьць неад’емнай складовая частка гуманізму. Адсюль атрымліваецца, каб называць сябе гуманістам трэба СПАЧАТКУ БЫЦЬ СОЦЫЯАЛЬТРУІСТАМ хаця б узроўню ЗВЫЧАЙНАГА НАЦЫЯНАЛІСТА. У цяпершняй Беларусі да такіх людзей належаць тыя, хто актыўна ўдзельнічалі ў мітынгах, пікетах, іншых грамадска-палітычных акцыях, хто ўступаў й працаваў у тых ці іншых прабеларускіх арганізацыях, якія змагаліся за нашу мову, школу, сімвалы, хто «сядзеў», плаціў штарфы, быў пазбаўлены працы і г.д., І ЎСЁ ГЭТА ЗА ТОЕ, што змагаўся (як мог) за аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу. Спачатку беларус павінен мець доказы рэальнага змаганьня за СВОЙ НАРОД, а затым ужо перажываць, напрыклад, «за працоўных Афрыкі». (З другога боку, канешне жа ня можа быць гуманістам і чалавек, які «не дарос» да ўсьведамленьня значэньня агульналюдскіх каштоўнасьцяў, якія прысутнічаюць у кожнага чалавека, і на ўзроўні «любові толькі да свайго народу» адхіліўся ад універсальнага нацыяналізму ў бок нацыяналізму эгаістычнага, які звычайна завецца ШАВІНІЗМАМ (гл. малюнак)).
��ман�зм1.gif
Паколькі на ўлоўку з няверна зададзеным пытаньнем, дзе дзьве непарыўна зьвязаныя рэчы аказаліся штучна падзеленымі й прадстаўленымі як альтэрнатывы, папаўся нават такі чалавек як Лявон Баршчэўскі, ўводзім чарговы дактрынальны прынцып: чалавек можа быць сапраўдным гуманістам толькі тады, калі ён ужо праявіў сябе як ўніверсальны нацыяналіст (Д пр-п 12).З нагоды разгледжанага правільна задаць трэба было такое пытаньне: хто ёсьць Лявон Баршчэўскі – У БОЛЬШАЙ СТУПЕНІ гуманіст ці нацыяналіст? На фоне таго, што вядома пра яго дзейнасьць на карысьць беларускага народу, адказ залежыць толькі ад таго, хто ён па нацыянальнасьці. Калі Лявон лічыць сябе беларусам, дык ён нацыяналіст. Калі ён лічыць сябе рускім – тады сп-р Лявон сапраўды гуманіст!

6.
(Галіна: ) “Паважаны спадар Лявон, што для вас зьяўляецца сэнсам жыцьця?”
(Баршчэўскі: ) “Калі адкажаш на такое, то пара ўжо паміраць… Напэўна, усё ж быць карысным для іншых, рабіць нешта для некага. Інтэлігент павінен думаць менавіта пра іншых. Думаць адказна і адказваць за зробленае – менавіта тым ён адрозьніваецца ад неінтэлігента”.

Пытаньне сэнсу жыцьця разам з пытаньнямі сацыяльнай справядлівасьці, вызначэньня правільнага кірунку гуманістычнага прагрэсу і да т.п. ёсьць адным з ключавых пытаньняў, на якое мы маем намер паспрабаваць даць адказ на нашым сайце (не зьбіраючыся пры гэтым паміраць…). На гэтае пытаньне, верагодна, давядзецца адмыслова пісаць не адзін артыкул. Таму спробу адказу сп-ра Лявона на дадзенае пытаньне выкарыстоўваем толькі як нагоду, каб абвясьціць пра некаторыя нашы планы.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы