nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКІ НАРОД У ТВОРАХ ГІСТОРЫКАЎ-ЗАХОДНЕРУСІСТАЎ (кБНІ)

6 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Аляксандр  Літвінскі

Заходнерусізм – адзін з найбольш уплывовых кірункаў грамадска-палітычнай і навукова-гістарычнай думкі Беларусі і Расіі другой паловы XIX – пачатку XX ст. Выкліканы да жыцця ў першую чаргу падзеямі паўстання 1863-1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі, ён з самага пачатку набыў яскравыя рысы паланафобіі, таму што галоўнай мэтай дзеячаў гэтага кірунку якраз і была барацьба з ідэалогіяй, якой натхняліся паўстанцы, а таксама, шырэй, барацьба з самымі рознымі, у тым ліку, калі казаць пра землі былога ВКЛ, і “краёвымі” праявамі польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Гэтай мэты прадстаўнікі заходнерусізму імкнуліся дасягнуць разнастайнымі сродкамі. Бадай што найгалоўнейшым з іх быў актыўны ўдзел у навукова-гістарычных даследаваннях, на грунце якіх склалася цэлая гістарыяграфічная школа, у той час, асабліва ў 60-80 гг. ХІХ ст., вельмі ўплывовая. Яе безумоўным лідэрам быў ураджэнец польска-беларускага этнічнага памежжа М. В.Каяловіч, які зрабіў неблагую навуковую кар’еру, стаўшы прафесарам Пецербургскай духоўнай Акадэміі. Яго аднадумцамі, вучнямі і паслядоўнікамі былі такія навукоўцы, як П.Д.Бранідаў, П.В.Баброўскі, П.М.Жуковіч і інш. Да таго ж, дзякуючы шырокамаштабнай падтрымцы з боку расійскіх уладаў, як цэнтральных, так і ў першую чаргу рэгіянальных (асабліва сумна вядомага  М.М. Мураўёва), утварылася цэлая сістэма, якая праз органы друку, навучальныя ўстановы, навуковыя цэнтры прапагандавала погляды заходнерусістаў. Сярод такіх прапагандыстаў трэба назваць перш за ўсё К.А.Гаворскага і С.Л.Шаўковіча.

Вышэйзгаданы антыпаланізм гэтай плыні гістарычнай навукі вымагаў стварэння сваёй, адрознай ад польскай канцэпцыі  гісторыі ВКЛ (“Заходняй Расіі”, па тэрміналогіі Каяловіча і яго паслядоўнікаў – адсюль і назва плыні). Якое ж месца ў навуковых пабудовах заходнерусістаў адводзілася беларускаму народу? З упэўненасцю можна сцвярджаць, што гісторыкі гэтага кірунку НЕ БАЧЫЛІ Ў БЕЛАРУСКІМ НАРОДЗЕ САМАСТОЙНАЙ, АДРОЗНАЙ АД РУСКАГА НАРОДУ ІСНАСЦІ. Трацячы вельмі шмат сіл на абгрунтаванне тэзісу аб тым што “Заходняя Расія” – гэта ні ў якім разе не польскі край, яны ў той жа час НЕ НАДАВАЛІ ВЯЛІКАГА ЗНАЧЭННЯ ФАКТАМ АДРОЗНЕННЯ БЕЛАРУСАЎ І ВЯЛІКАРУСАЎ, таму што, для большасці з іх (за выключэннем хіба што П.В.Баброўскага) адзінства “трох галін рускага племені” (у дадатак яшчэ і ўкраінцаў) вызначалася агульнасцю іх славянскага паходжання і асабліва прыналежнасцю насельніцтва як Расіі (“Усходняй Расіі”, згодна з іх тэрміналогіяй), так і Украіны ды Беларусі да адзінавыратавальнай, з іх пункту гледжання, праваслаўнай рэлігіі. Уласцівыя беларусам моўныя, культурныя, побытавыя рысы, якія аддзялялі іх ад вялікаросаў, не мелі, на думку большасці прадстаўнікоў гэтай гістарыяграфічнай плыні, этнавызначальнага значэння.

Увогуле, у творах гэтых гісторыкаў можна заўважыць пэўную неакрэсленасць у адносінах да тлумачэння тэрміна “беларускі народ”. На гэта, акрамя ўсяго іншага, былі і аб’ектыўныя прычыны – у першую чаргу нераспрацаванасць навукова-метадычнага апарату, асабліва тэрміналогіі маладой тады яшчэ этнаграфічнай (этналагічнай) навукі і звязаная з гэтым перавага эмпірычных даследаванняў у гэтым кірунку перад тэарэтычным абагульненнем. Таму ў навуковых працах другой паловы ХІХ стагоддзя назіраецца некаторая блытаніна ў такіх “апорных” словах, як “мова”, “дыялект” (“наречие”), “народ”, “народнасць”, “нацыя”, “племя” і г.д. І калі заходнерусісты ўжывалі тэрмін “беларускі народ”, то гэта для іх часта было тоесным выразу “беларускае племя”, што для сучасных даследчыкаў, зразумела, зусім не тое самае.

Трэба сказаць, што пазіцыя М.В.Каяловіча ў пытанні, якое насельніцтва адносіцца да беларускага народу, была супярэчлівай. З аднаго боку, ён быццам згаджаўся, што НЕ МОЖНА ВЫЗНАЧАЦЬ ЭТНІЧНУЮ ПРЫНАЛЕЖНАСЦЬ, ЗЫХОДЗЯЧЫ ТОЛЬКІ З КАНФЕСІЙНАГА ФАКТАРУ. Напрыклад, ён заяўляў, што Беларусь (канешне ж, у “заходнерускім” разуменні) – гэта краіна, “дзе народ размаўляе па-беларуску”[1]. Аднак ён фактычна супярэчыў сам сабе, сцвярджаючы, што канфесійны фактар нібыта “найлепшы” для размежавання палякаў і беларусаў і “што пройдзе… стагоддзе, калі можна будзе ўзяцца за які-небудзь жывы бок Заходне-Рускага жыцця, акрамя веры”[2]. Іншую пазіцыю займаў другі відны гісторык заходнерусісцкага кірунку П.В.Баброўскі. Па-першае, ён у даволі катэгарычнай форме не згаждаўся лічыць прынцып веравызнання ў якасці асноўнага прынцыпу этнічнага падзелу паміж беларусамі і палякамі. Па-другое, ён вылучыў фактар мовы паўсядзённых зносінаў (не “царкоўнай” і не “касцельнай”!) у якасці галоўнага для вызначэння этнічнай прыналежнасці жыхароў Беларусі. Па-трэцяе, навуковец звярнуў увагу на важнасць традыцыйнай культуры, перш за ўсё фальклору, для вызначэння прыналежнасці да таго ці іншага этнасу. Ён рашуча адстойваў ТЭЗІС АБ АДЗІНСТВЕ ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ І Ў ПРАВАСЛАЎНЫХ БЕЛАРУСАЎ, І Ў БЕЛАРУСАЎ-КАТОЛІКАЎ. Па-чацьвёртае, ён прызнаваў адзінства і своеасаблівасць “МАРАЛЬНАЙ ФІЛАСОФІІ” беларусаў (найлепшы, хаця і не ў поўнай меры адэкватны адпаведнік гэтаму выразу Баброўскага ў сачаснай нам тэрміналогіі – НАЦЫЯНАЛЬНЫ ХАРАКТАР, або менталітэт [выраз “маральная філасофія” лепшы, чым “менталітэт” – Рэд.]). Урэшце рэшт, навуковец паставіў пад вялікае сумненне абавязковую неабходнасць наяўнасці адзінай і агульнапрынятай саманазвы (аўтаэтноніма) для этнічнай ідэнтыфікацыі, бо АБ’ЕКТЫЎНЫ ЗМЕСТ ЭТНАЎТВАРАЛЬНЫХ АДЗІНАК (мовы, фальклору, звычаяў і г.д.) важнейшы за суб’ектыўнае самавызначэнне індывіда [3].

І ўсё ж П.В.Баброўскі не прыйшоў да высновы аб існаванні самастойнага, асобнага ад рускага беларускага народу-этнасу. Ён, хаця і заклаў фактычна асновы тэорыі і метадалогіі навуковых даследаванняў беларусаў, не змог, як і яго аднадумцы, адказаць на пытанне, як сумясціць прызнанне этнаграфічнай самабытнасці насельніцтва Беларусі з разгляданай праблемай існавання асобнага беларускага этнасу. Для яго, як і для іншых прадстаўнікоў аналізуемай плыні гістарычнай навукі, беларусы, пры ўсёй сваёй адметнасці, заставаліся “заходнімі рускімі”. Мала таго, астатнія заходнерусісты лічылі якраз канфесійны фактар галоўным, фактычна неабходным і дастатковым для ўключэння праваслаўных беларусаў у склад рускага этнасу. Яны прыклалі шмат намаганняў для замацавання ў масавай свядомасці стэрэатыпу: “раз праваслаўны – то рускі, раз католік – дык паляк”. Няма патрэбы спецыяльна даказваць шкоднасць гэтага стэрэатыпу для працэсу фармавання нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

Але ж гісторыкі разгляданай школы ўсё роўна мусілі неяк тлумачыць факт рэальных адрозненняў беларусаў ад рускіх. А гэтыя адрозненні кідаліся ў вочы кожнаму, хто вывучаў розныя бакі побыту беларусаў. Лягчэй за ўсё было б абвясціць гэты край польскім, зыходзячы з непадзельнага панавання ў ім да 60-х гг. ХІХ стагоддзя польскай культуры (маецца на ўвазе сфера адукацыі, навукі, мастацкай літаратуры, або так званая культурная пабудова). Беларусы ў такім выпадку рэпрэзентаваліся як усходняя галіна польскага народу. Трэба сказаць, што такі безумоўна памылковы погляд калі і не падтрымліваўся, дык і не сустракаў супраціўлення ў расійскім грамадстве першай паловы ХІХ стагоддзя. “Нават рускія навукоўцы той эпохі (пачатку ХІХ ст. – А.Л. ) мелі… надзвычай смутныя ўяўленні аб гістарычным становішчы і ўласцівасцях заходняга краю”[4], – зазначыў з гэтай нагоды адзін з прадстаўнікоў заходнерусісцкай гістарыяграфіі П.М.Жуковіч. Зразумела, заходнерусісты з вялікім імпэтам пачалі даказваць, што край гэты не ёсць польскі і НЕ БЫЎ ІМ ФАКТЫЧНА НІКОЛІ. Усе яны дружна адзначылі губнасць польскага ўплыву на Беларусь, і некаторыя з іх імкнуліся насадзіць вялікарускі вобраз жыцця, не зважаючы ні на якія мясцовыя асаблівасці. Асабліва “праславіўся” ў гэтым сэнсе К.А.Гаворскі[5]. Іншыя, як М.В.Каяловіч, займалі больш памяркоўную пазіцыю.

Незалежна ад таго, станоўча ці адмоўна гісторыкі-заходнерусісты ставіліся да этнічнай сваеасаблівасці беларусаў, прычыны апошняй яны шукалі ў гістарычным мінулым Беларусі.

Праўда, М.В.Каяловіч аддаў пэўную даніну геаграфічнаму дэтэрмінізму, паколькі прычыну “малаініцыятыўнасці” беларусаў у параўнанні з украінцамі–“маларосамі” ён бачыў у “беднасці і ўбогасці” беларускай прыроды [6]. Аднак усё ж галоўная прычына няшчасцяў беларусаў у ходзе гісторыі заключалася, паводле Каяловіча, ва ўплыве на гэтыя землі “польскай, езуіцкай”, “вельмі дрэннай цывілізацыі” [7]. Падзяляючы асноўны пастулат славянафільства аб безумоўнай перавазе праваслаўя над каталіцызмам, ён і яго аднадумцы не шкадавалі чорнай фарбы для напісання карціны заняпаду “Заходняй Расіі” ў выніку пранікнення сюды “духу лацінства” [8]. Беларускі народ паказваўся заходнерусістамі як аб’ект польска-каталіцкай экспансіі і адначасова як яго праціўнік. Аднак бясплённымі былі б спробы знайсці ў гэтых творах такі падыход да гісторыі беларускага народу, пры якім ён разглядаўся б як супольнасць сацыяльных групаў з уласцівымі ім асобнымі інтарэсамі і сістэмай каштоўнасцяў. Амаль заўсёды ў працах Каяловіча і яго прыхільнікаў ён выступае як нейкае цэлае, знітаванае адзінай праваслаўнай верай, як народ “увогуле”. З усіх формаў грамадскай актыўнасці навукоўцаў гэтай школы цікавіць толькі актыўнасць, накіраваная на абарону праваслаўнай веры ад каталіцкага націску. Вось чаму гісторыя ВКЛ да эпохі Люблінскай 1569 г. і Берасцейскай царкоўнай 1596 г. уній раскрываецца імі праз апісанне дзейнасці князёў-уладатрымальнікаў.

Адзін П.Дз.Бранцаў дае разгорнутую ацэнку беларускага народу ў “далюблінскі” перыяд. Ён пісаў: “Як беларускі і маларускі народ, падобна да ўсіх славянскіх народаў, вылучаўся непастаянствам, няцвёрдасцю ў перакананнях і палітычнай нетактоўнасцю (? – А.Л.), так, наадварот, вялікарускі народ вылучаўся і вылучаецца пастаянствам і цвёрдасцю ў перакананнях і палітычным тактам, як беларусы і маларосы дзейнічалі ў большасці выпадкаў пад уплывам хвіліны, імпэту, без сістэмы, урыўкамі, так, наадварот, вялікарускі народ дзейнічаў і дзейнічае сістэматычна, з разлікам і халодным розумам. ЯК БЕЛАРУСКІ, ТАК І МАЛАРУСКІ НАРОД, ПАДОБНА ДА ЎСІХ СЛАВЯН, БАЧЫЎ ПАЛІТЫЧНЫ ІДЭАЛ У СВАБОДЗЕ, НЕЗАЛЕЖНАСЦІ, У НЕПАДПАРАДКАВАННІ КОЛЬКІ-НЕБУДЗЬ ВЫДАТНАМУ АЎТАРЫТЭТУ, У ДЭЦЭНТРАЛІЗАЦЫІ, так, наадварот, вялікарускі народ бачыў і цяпер бачыць свой палітычны ідэал у падпарадкаванні адзін другому, у цэнтралізацыі і прызнанні вышэйшага аўтарытэту, найвышэйшай абсалютнай манархічнай улады, якую ён прызнае ў якасці сакральнай і недатыкальнай” [9]. Як можна заўважыць, гэтая ацэнка носіць спекуляцыйны характар, таму што з тэксту працы Бранцава немагчыма зразумець, якія фактары беларускай, украінскай і расійскай гісторыі паслужылі гісторыку крыніцамі для такіх высноваў. Калі пагадзіцца з ім, што тыя рысы нацыянальнага характару, якія ён прыпісывае беларусам і ўкраінцам, З’ЯЎЛЯЮЦЦА ГЕНЕТЫЧНА СЛАВЯНСКІМІ, то, ізноў-такі, незразумела, чаму яны ЗНІКЛІ Ў РУСКАГА НАРОДУ. Цікава пры гэтым адзначыць, што, у адрозненне ад большасці навукоўцаў славянафільскай арыентацыі, П.Д.Бранцаў не лічыць вялікаросаў сваеасаблівым эталонам славянства, што, аднак, не перашкаджае яму выказвацца пра іх у апалагетычным тоне [10].

Большую цікавасць да фактаў народнай актыўнасці беларусаў у гісторыі гісторыкі-заходнерусісты праяўляюць, калі гаворка заходзіць пра падзеі, звязаныя з заключэннем царкоўнай уніі 1596 г. і з далейшым распаўсюджаннем уніяцтва. Яны рашуча адмаўляюцца бачыць у ім хоць які-небудзь станоўчы сэнс. Трэба пры гэтым адзначыць, што яны прызнавалі існаванне крызісу праваслаўнай царквы ВКЛ у якасці адной з найважнейшых перадумоў уніі. На думку П.М.Жуковіча, хаця унія і была “справай пераважна польскай дзяржаўнай палітыкі і агульнай рымска-каталіцкай рэакцыі”[11], усё ж “гэтая палітыка і гэтая рэакцыя”[12] ЗАЙМЕЛІ СПРЫЯЛЬНУЮ ГЛЕБУ ў тагачасным грамадстве дзякуючы несамавітаму становішчу праваслаўя, што і прывяло да вышэйзгаданага крызісу, які заключаўся “ў крайнім заняпадзе ў той час заходнерускай праваслаўнай царквы, а таксама ў антаганізме з ёй найвышэйшай царкоўнай іерархіі і парафіян, якія канцэнтраваліся ў царкоўных брацтвах”[13]. Гэты антаганізм раскрываўся ў творах заходнерусістаў усебакова, і сімпатыі іх былі, канешне ж, на баку брацтваў. Усяляк падкрэсліваўся вузкаіерархічны, а значыць, і антынародны характар уніі. Характарызуючы раскол, які адбыўся на Берасцейскім саборы 1596 г. паміж прыхільнікамі і праціўнікамі уніі, Жуковіч сцвярджае, што там сутыкнуліся два юрыдычныя падыходы да уніі: калі епіскапат адстойваў прынцып, згодна з якім парафіяне павінны былі падпарадкоўвацца любым яго рашэнням, то парафіяне з гэтым не згаджаліся і не хацелі ісці за епіскапатам у справе “здрады праваслаўю”[14].

Барацьба беларускага (як і ўкраінскага) народу супраць уніі паказваецца ў творах М.В.Каяловіча як паступовае адступленне абаронцаў праваслаўя пад націскам пераўзыходных сіл каталіцызму, якія карысталіся падтрымкай уладаў Рэчы Паспалітай. Услед за “адступніцтвам” найвышэйшага духавенства прыйшла чарга і “заходнебеларускай арыстакратыі”, у выніку чаго справа барацьбы супраць “лацінства” – “народная, заходнеруская справа перайшла пад абарону сярэдняга стану – гарадскога, мяшчанскага і яшчэ больш, чым у арыстакратыі, сканцэнтравалася ў пытанні аб веры”[15]. Мяшчанства, з пункту гледжання навукоўца, магло выконваць некаторы час гэтую функцыю, таму што ў выніку адноснай слабасці гарадскога жыцця ў параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы ў гарадах не было яшчэ, на момант заключэння уніі, моцнага наплыву іншаземцаў, які мог бы падарваць яго маральныя асновы [16]. Другой прычынай было Магдэбургскае права, па якім “кіраванне гарадамі было ў руках саміх грамадзян”[17], і якое, трэба так разумець, стымулявала іх энергічнасць і ініцыятыўнасць. На пярэднім краі слаўныя брацтвы, дзейнасцю якіх Каяловіч захапляўся і нават прапанаваў іх адрадзіць ва ўмовах ХІХ ст. Аднак і “гарадскі” этап змагання супраць уніі закончыўся няўдачай. Цікава, што гісторык лічыць адным з фактаў спрыяння ўніяцтву забойства полацкага ўніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча ў выніку шырокавядомых падзей 1621 г. у Віцебску, бо яно (дакладней, расправа з паўстанцамі – віцебскімі мяшчанамі, учыненая ўладамі Рэчы Паспалітай) паказала бясплённасць змагання за чысціню праваслаўя і ў дадатак стварыла так неабходны для прапаганды царкоўнага аб’яднання вобраз пакутніка за веру [18]. Да гонару прафесара ПДА, ён, нягледзячы на тое, што паказвае Кунцэвіча ў якасці антыгероя беларускай гісторыі і цалкам прызнае справядлівасць віцебскага паўстання, усё ж называе яго забойства “гнюснай справай”[19]. Увогуле, заходнерусісты ў цэлым былі супраць гвалтоўных формаў палітычнай барацьбы і асуджалі іх праявы.

Падводзячы вынік разгляду працэсу распаўсюджання ўніяцтва, М.В.Каяловіч са скрухай вымушаны быў канстатаваць яго перамогу, адзначаючы, што “ўсе літоўска-рускія вобласці польскага каралеўства выпрабавалі на сабе яе (уніі – А.Л.) удары і праваслаўныя ўсюды былі прыгнечаныя настолькі, што самі сваімі ўласнымі сродкамі не маглі ўжо стварыць ёй сур’ёзныя цяжкасці”[20]. Пры гэтым і сама унія “… для сябе, уласна – выпрацавала няшмат, але вельмі шмат для лацінства”[21]. Такім чынам, Каяловіч не прызнаваў за ўніяцтвам самастойнай існасці. Пры такім падыходзе не магло нават і ставіцца пытанне аб ролі ўніяцкай царквы ў захаванні этнакультурнай спадчыны беларусаў, паколькі, згодна з Каяловічам, гэта не мела аніякага значэння, раз само ўніяцтва з’яўлялася адступленнем ад чысціні праваслаўя, а значыць, усё, што было звязана з канфесіяй, якая ўзнікла ў 1596 г., было безумоўна заганным – дзе ўжо тут было весці размову аб нейкіх станоўчых момантах.

Як было ўжо сказана, усе беды беларускага народу гісторыкі-заходнерусісты звязвалі з пераможным шэсцем па яго зямлі польскага варыянту каталіцызму. Гэтая канцэптуальная выснова распаўсюджвалася, між іншым, і на сферу сацыяльных дачыненняў. Так, М.В.Каяловіч пісаў: “Паны былі католікамі, хлоп – рускі або ліцвін. Усё рускае і літоўскае рабілася нізкім, ганебным. Выпрацоўвалася нацыянальнае хлопства”[22]. І яшчэ: “Цяжкі ўвогуле пан для хлопа, але непараўнальна больш цяжкі польскі пан для рускага (і, канешне, літоўскага) хлопа; і яшчэ больш цяжкі лацінскі польскі пан для рускага праваслаўнага ці нават уніяцкага хлопа, – тут дадаецца рэлігійнае хлопства”[23]. Пытанне, якім чынам растлумачыць УЗНІКНЕННЕ І РАЗВІЦЦЁ ПРЫГОННАГА ПРАВА Ў РАСІІ, якая як быццам не зазнала ні польска-каталіцкага ўплыву, ні ўніяцтва, Каяловіч дыпламатычна АБЫХОДЗІЦЬ. Затое безапеляцыйна (і фактычна бяздоказна) заяўляе, што “польскае хлопства – бясспрэчна горшы стан, чым прыгонная залежнасць ад Расіі”[24]. Намаляваўшы гэткую бязрадасную карціну поўнага заняпаду беларускага народу ў складзе Рэчы Паспалітай, ён робіць дзве ўзаемазвязаныя высновы: па-першае, “як ні пакутаваў тут (у Беларусі. – А.Л.) народ ад польскіх шаленстваў, але не мог нічога зрабіць. Яго раскіданасць, пры мностве панаў, аніяк не дазваляла яму супрацьпаставіць сваю сілу”[25]; па-другое (гэта па-свойму лагічна вынікае з першай высновы), “народ… патрабаваў далучэння да праваслаўя”[26], што ва ўмовах XVIII ст. азначала ДАЛУЧЭННЕ ДА РАСІІ, якое, як няцяжка здагадацца, гісторыкі-заходнерусісты лічылі пераломнай і, канешне ж, станоўчай падзеяй у гісторыі беларускага народу. Нават у масавай раздачы беларускіх земляў з прыгоннымі сялянамі М.В.Каяловіч бачыў дадатную з’яву. “Вядома, што Кацярына раздавала саноўнікам маёнткі ў нованабытых землях. Стаўшы праз гэта блізка да народу, угледзеўшыся ў яго сапраўднае становішча, гэтыя саноўнікі нярэдка рабіліся зусім іншымі людзьмі, – з сяброў і апекуноў палякаў і лацінаў ператвараліся ў раўнівых прыхільнікаў праваслаўя…”[27], з задавальненнем адзначаў лідар заходнерусістаў. Ці бліжэй пры гэтым станавіліся беларускія сяляне да сваіх гаспадароў, яго не цікавіла.

Фактычна салідарызуецца са сваім настаўнікам і П.М.Жуковіч, калі заяўляе, што “…пасля шматвяковых намаганняў і ахвяраў народнай працы дзяржава наша [Расiйская імперыя – А.Л.] вырашыла, нарэшце, адну з асноўных задач – аб’яднала тры галоўныя галіны рускага народу. Тэрытарыяльныя набыткі імператрыцы Кацярыны былі рускімі этнаграфічнымі набыткамі – у існасці”[28]. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што Жуковіч прызнаваў факт ПАГАРШЭННЯ СТАНОВІШЧА СЯЛЯН, якія апынуліся ў складзе Расіі: “быў дазволены продаж сялян без зямлі”[29]. Аднак не гэты факт з’яўляўся для гісторыі вызначальным, бо хаця раздачы зямлі не мелі, на яго думку, мэтай “абрусення краю”[30], але ж яны вялі нібыта да росту ў асноўнай масе беларускага насельніцтва рускай самасвядомасці і спрыялі пераходу ўніятаў у праваслаўе [31].

Самыя ж падзеі, што прывялі да скасавання ў 1839 г. на беларускіх землях уніі, падзеі вельмі складаныя і ў любым выпадку неадназначныя, атрымалі ў заходнерусісцкай гістарыяграфіі апалагетычную ацэнку. “Уз’яднанне ўніятаў 1839 г. – было падзеяй найвялікшай важнасці ў жыцці паўночна-заходняга краю, якая не мела сабе роўных на ўсім працягу папярэдняй яго гісторыі пад рускай уладаю. З рускага погляду, яна тым у асаблівасці была важная, што проста і рашуча вылучыла на першы план заходнерускі народ. Да гэтага часу польская інтэлігенцыя засланяла сабою, у вачах рускага грамадства і ўрада, яго рускую народную масу, і апошняя, пад абалонкай уніі ўяўлялася чымсьці больш блізкім да Польшчы, чым да Расіі”[32], – піша Жуковіч і нават параўноўвае ліквідацыю уніі з адменай прыгоннага права [33]. Згаджаецца з ім і П.В.Баброўскі. Характарызуючы не толькі ўсю палітыку Мікалая І у гэтай галіне, ён сцвярджае, што ў выніку гэтай палітыкі “туземнаму народанасельніцтву Заходняй Расіі дадзены былі спосабы і сродкі да абароны яго першабытных скарбаў – мовы [?! – Рэд.] і веравызнання, якія суседняя Польшча старалася падмяніць сваімі, легкадумна і груба замахваючыся на найсвяцейшыя праявы рускага народу, – а гэты народ у ХІХ ст. складалі сяляне і белае грэка-ўніяцкае духавенства”[34]. Як бачым, напісана так, каб у расійскага чытача склалася ўражанне, што большая частка насельніцтва Беларусі – адвеку руская – размаўляе на рускай мове, што яшчэ раз падкрэслівае факт прызнання заходнерусістамі (нават ліберальнага кірунку, як П.В.Баброўскі) беларускага народу толькі ў якасці часткі народу рускага – часткі, хаця не пазбаўленай пэўнай самабытнасці, але ўсё ж не самастойнай.

Аднак аналіз сітуацыі, што склалася на Беларусі да сярэдзіны ХІХ ст., паказвае, што сама па сабе ліквідацыя уніі не прывяла да кардынальных зменаў у этнакультурным становішчы. Па-ранейшаму панавала польская культура, а беларускае сялянства, няхай сабе ў большай сваёй масе ўжо фармальна праваслаўнае, заставалася гэткім жа бяспраўным, як і раней. Таму яшчэ большыя спадзяванні на актывізацыю “народнага жыцця”, якую прадстаўнікі разгляданай плыні гістарычнай навукі звязвалі з далейшай русіфікацыяй, яны ўсклалі на перыяд пасля задушэння паўстання 1863-64 гг.

Трактоўка гэтага паўстання ў іх досыць простая: гэта быў, у іх разуменні, шляхецкі бунт, які адной з мэтаў, між іншым, прадугледжваў адабранне ў беларускага сялянства той волі, якая яму была дадзена маніфестам Аляксандра ІІ ад 19 лютага 1861 г. Не абцяжарваючы сябе доказамі, гэтую думку заходнерусісты адстойваюць у многіх сваіх  творах той эпохі. З непрыхаванай радасцю яны адзначаюць, што народ не пайшоў за паўстанцамі. “Але ні газеты, ні заклікі, ні брашуры з плакатамі, нішто не паўздзейнічала на сялян: сяляне не прысталі да жонда [паўстанцкага – А. Л.] і не пайшлі ў рокаш”[35], – сцвярджае Бранцаў і дадае: “Нават і просты народ, адчуўшы сілу, сам стаў клапаціцца аб умацаванні праваслаўна-рускіх пачаткаў і, перш за ўсё, выявіў гэта ў садзейнічанні ўладкаванню праваслаўных цэркваў… Самыя католікі… цэлымі парафіямі пачалі пераходзіць у праваслаўе, прычым касцёлы ператвараліся ў праваслаўныя цэрквы. Словам, руская справа і праваслаўе бачна ажылі, у краі ўсюды стала распаўсюджвацца перакананне, што край, адвеку рускі і праваслаўны, толькі няправільна захоплены каталікамі і імі гвалтоўна злацінізаваны. Думка аб адраджэнні ўсяго рускага стала ўсеагульнаю, – палякі і яўрэі сталі масамі пераходзіць ва ўрадавыя школы і вывучаць рускую мову”[36]. Аднак намаляваная Бранцавым карціна, “па-заходнеруску” ідылічная, была вельмі далёкая ад рэальнасці, прасякнутая непакоем за будучыню “заходнерускай справы”. Як адзначаюць даследчыкі самай рознай арыентацыі, царызм неўзабаве (пад канец 60-х гг. ХІХ ст.) узяў курс на прымірэнне з паланізаванай шляхтаю, што стварала небяспеку для ўкаранення рускіх пачаткаў у беларускім народзе. Пры гэтым Каяловіч меў надзею на перараджэнне гэтай шляхты ў рускім духу: “Мы сапраўды ад усёй душы жадалі б, каб палякі Заходняй Расіі зрабіліся і рускімі, і праваслаўнымі, каб яны… успомнілі, што не заўсёды былі палякамі і лацінянамі, і што ў тыя часы, калі яны не былі ні палякамі, ні лацінянамі, яны часта блізка стаялі да народу і выпрацоўвалі шмат дабротаў народных”[37]. Агульная выснова Каяловіча наконт будучыні беларускага народу гучала рашуча і нават ваяўніча: “Выратаваць Рускі і Літоўскі народ Заходняй Расіі ад польскай шляхты і яўрэяў і апраўдаць сваё гістарычнае пакліканне перад славянамі – вось рускія задачы ў Заходняй Расіі”[38]. Зазначым, што непрыхільнае стаўленне гісторыка да яўрэяў тлумачыліся наяўнай у той час іх перавагай у гандлёвай сферы, якую ён трактаваў як засілле, што перашкаджае развіццю “заходнерускага” народу.

Былі ў М.В.Каяловіча, так бы мовіць, “глабальныя” планы наконт лёсу беларусаў. Ён іх звязваў з рэалізацыяй так званай славянскай ідэі, якую ён разумеў, нягледзячы на некаторыя агаворкі ў ліберальным духу, як фактычна панславянскую, якая прадугледжвала б аб’яднанне славян пад апякунствам Расіі [39].

Калі разглядаць гістарыяграфічную дзейнасць прадстаўнікоў заходнерусізму і перш-наперш, яго лідара М.В.Каяловіча, то, зыходзячы з вышэйсказанага, трэба адзначыць ЯЕ БЕЗУМОЎНУЮ ВАРОЖАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ. Апошняя, па вялікім рахунку, фактычна зводзіцца да пастулата аб існаванні САМАСТОЙНАГА БЕЛАРУСКАГА ЭТНАСУ (але ні ў якім разе часткі рускага або польскага). Права на этнічную незалежнасць і самадастатковасць беларусам прыходзілася даказваць у барацьбе з усімі, хто адмаўляў за імі такое права. Сярод апошніх бадай што на першым месцы знаходзіліся заходнерусісты. Разгляд іх гістарычных твораў толькі пацвярджае выснову, зробленую А.Цвікевічам аб тым, што заходнерусізм – гэта “плынь у гісторыі грамадскай думкі на Беларусі, якая лічыла, што Беларусь не з’яўляецца краінай з асобнай нацыянальнай культурай і не мае дзеля гэтага права на самастойнае культурнае і палітычнае развіццё, але што яна з’яўляецца культурнай і дзяржаўнай часткай Расіі і таму павінна быць разглядана як адзін з яе сустаўных элементаў”[40].

Такім чынам, ЗАХОДНЕРУСІЗМ ПАВІНЕН РАЗГЛЯДАЦЦА ЯК СВЕАСАБЛІВЫ НЕГАТЫЎ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ, ідэалогія, якая вызнае практычную адмову рэалізацыі гэтай ідэі на карысць агульнарускай або, шырэй, агульнаславянскай.

Заўвагі.
1. Коялович М. О. О расселении племён Западнорусского края России // Сборник статей, разъясняющих польское дело по отношении к Западной России.- Вып. 1 Сост. и изд. С.В.Шолкович. – Вильно, 1885. – С. 150.  Заўвага: Тут і далей пры цытаванні твораў гісторыкаў-заходнерусістаў пераклад з рускай мовы на беларускую зроблены аўтарам.
2. Там сама. – С. 144.
3. Гл.: Бобровский П.О. Можно ли одно вероисповедание принять в основании племенного разграничения славян Западной России? // Русский Инвалид. – 1864. – №75, 80.
4. Жукович П.Н. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. – СПб., 1895. – С. 17 і наст.
5. Гл.: Цвікевіч А. Западнорусизм. – Мн., 1993. – С. 17-104.
6. Гл.: Коялович М.О. Лекции по истории Западной России. – М., 1864. – С. 26, 43.
7. Там сама. – С. 43.
8. Коялович М.О. Литовская церковная уния. – СПб., 1861. – Т. 2. – С. 54.
9. Брянцев П.Д. История Литовского государства с древнейших времен. – Вильно, 1889. – С. 119-120.
10. Гл. там сама. – С. 120-122.
11. Жукович П.Н. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией.- Вып. 1. – СПб., 1901. – С. 386.
12. Там сама.
13. Там сама.
14. Гл. там сама. – С. 218-221.
15. Коялович М.О. Лекции по истории Западной России. – М., 1864. – С. 262-263.
16. Гл. там сама. – С. 212.
17. Там сама. – С. 212-213.
18. Коялович М.О. Литовская церковная уния. – СПб., 1861. – Т. 2. – С. 54.
19. Там сама. – С. 132.
20. Там сама. – С. 237.
21. Там сама. – С. 239.
22. Коялович М.О. Лекции по истории Западной России. – М., 1864. – С. 219.
23. Коялович М.О. О расселении племён Западного края России // Сборник статей…- Вып. 1. – С. 144.
24. Коялович М.О. Лекции по истории Западной России. – М., 1864. – С. 369.
25. Там сама. – С. 337.
26. Там сама. – С. 363.
27. Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униятств старых времён. – СПб., 1873. – С. 132.
28. Жукович П.Н. О русском землевладении… – С. 3.
29. Там сама. – С. 4.
30. Там сама. – С. 11.
31. Гл. там сама. – С. 14.
32. Там сама. – С. 20.
33. Гл. там сама. – С. 31.
34. Бобровский П.О. Русская греко-униятская церковь в царствование императора Александра I. – СПб., 1890. – С. 304.
35. Брянцев П.Д. Польский мятеж 1863 г. – Вильно, 1892. – С. 63.
36. Там сама. – С. 238-239.
37. Коялович М.О. Верноподданничество поляков Западной России // Сборник статей…- Вып. 2. – Вильно, 1887. – С. 361.
38. Ён жа. Лекции… – С. 393.
39. Ён жа. Грюнвальдская битва 1410 г. – СПб., 1885. – С. 18.
40. Цвікевіч А. Ук. твор. – С. 7.

Ад рэдакцыі: у час правядзеньня канферэнцыі Аляксандр Літвінскі – настаўнік Масцішчанскай сярэдняй школы (Наваградскі раён).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы