nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ ГІСТАРЫЯГРАФІЯ ХХ СТАГОДДЗЯ І ФАРМАВАННЕ ГІСТАРЫЧНАГА МЕНТАЛІТЭТУ БЕЛАРУСАЎ (кБНІ)

7 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Дзмітры Караў

Вывучэнне аб’ектыўных (прыродна-рэчавых, сацыяльна-культурных, палітычных) фактараў фармавання гістарычнай свядомасці беларусаў, даследванне спецыфікі праяўлення іх гістарычнай памяці, раскрыццё яе структуры і заканамернасцяў развіцця, выяўленне ступені ўплыву гістарычнай свядомасці на працэс кансалідацыі беларускага этнасу і спецыфікі яго праяўлення ў розных сацыяльных і канфесійных групах – увесь гэты блок пытанняў практычна не вывучаўся ў айчыннай гістарыяграфіі ХХ ст. Некаторыя крыніцазнаўчыя праблемы былі распрацаваны ў працах А.Шахматава, С.Пташыцкага, М.Доўнар-Запольскага, А.Цвікевіча, А.Шлюбскага, У.Чамярыцкага, М.Улашчыка, А.Рэзніка, А.Мальдзіса, А.Каўкі, В.Грыцкевіча і інш. Аднак увесь вялікі комплекс гістарыяграфічнай інфармацыі не стаў яшчэ аб’ектам спецыяльнай увагі даследчыкаў.

Зазначым, што ў ХХ ст. гістарыяграфія атрымлівае статус важнай прылады дзяржаўнай палітыкі ў сферы ідэалогіі, становіцца важным элементам камунікацыйнага механізму перадачы міжпакаленнай інфармацыі або інстытуту этнізацыі.

На пачатку ХХ ст., развіваючыся ў рамках трох розных гістарычных плыняў (афіцыйна-ахоўніцкай, ліберальна-дэмакратычнай, народніцкай), беларуская гістарыяграфія напружана шукала сваё месца ў сістэме славянскіх гістарыяграфій. І ў залежнасці ад палітычнай і ідэалагічнай арыентацыі гэтых плыняў знаходзіла яго то ў ідэі Вялікай Расіі і імперыі як складовай і неад’емнай яе часткі (“заходнерусізм”), то ў сцвярджэнні свайго сапраўднага нацыянальнага і культурнага гістарычнага “я” (народнікі, дэмакраты).

Нараджэнне беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі было цяжкім, штучна стрымлівалася імперскай палітычнай сістэмай. Але ў канцы ХIХ ст. яна ўсё ж нарадзілася. Пачынаецца пара напружанага роздуму аб месцы беларусаў сярод іншых народаў, аб пройдзеным гістарычным шляху і яго перспектывах. Мяняецца змест аб’екта і прадмета даследавання. Гістарычная навука, якая раней цікавілася ў большасці палітычнай і канфесійнай гісторыяй, звяртае сваю ўвагу НА ГІСТОРЫЮ СЯЛЯНСТВА, БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ, САЦЫЯЛЬНЫХ ДАЧЫНЕННЯЎ і г.д. У рамках яе структуры вылучыліся галіновыя аддзелы: гістарычнае краязнаўства, гістарычная геаграфія, этнаграфія, археалогія, археаграфія і архівазнаўства, крыніцазнаўства і іншыя гістарычныя дысцыпліны.

З дапамогай  расійскай ліберальнай універсітэцкай гістарычнай навукі беларуская гістарыяграфія набірала сілу. І хоць па тэмпах развіцця і ступені сваёй прафесійнай сталасці яна яшчэ адставала як ад вялікарускай, так і ўкраінскай гістарыяграфіі, быў назапашаны патэнцыял для наступнага яе развіцця ў рэжыме “аўтаномнага плавання”. НА ПЕРШЫ ПЛАН У ГІСТОРЫКАЎ-ДЭМАКРАТАЎ ВЫХОДЗІЦЬ НАРОД, А НЕ ДЗЯРЖАВА, раскрываюцца прыгажосць і багацце яго духу, трагізм і своеасаблівасць  нацыянальнай гісторыі беларусаў.

Дэмакратычная плынь беларускай гістарыяграфіі мае яшчэ адну вельмі вялікую заслугу ў развіцці беларускай грамадскай думкі ХХ ст. Знакамітымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі М.Багдановічам і І.Канчэўскім былі акрэслены АСНОВЫ ГІСТОРЫІ І ФІЛАСОФІІ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ.

Першыя дваццаць гадоў ХХ ст. – гэта час стварэння нацыянальных канцэпцый мінулага Беларусі і першых спробаў данесці іх да масавай свядомасці (працы М.Доўнар-Запольскага, В.Ластоўскага, братоў А. і І.Луцкевічаў, В.Іваноўскага, Я.Канчэра, У.Ігнатоўскага, А.Цвікевіча, газета “Наша ніва”). У гэты час беларускі этнас атрымаў вельмі моцныя, хоць і неаднародныя па сваёй ідэалагічнай і палітычнай афарбоўцы імпульсы для развіцця гістарычнай самасвядомасці.

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. і падзеі грамадзянскай вайны ВЫЛУЧЫЛІ НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПЫТАННЕ ў якасці аднаго з найважнейшых, у якім сканцэнтраваліся шматлікія сацыяльна-эканамічныя і палітычныя супярэчнасці, што дасталіся Беларусі ў спадчыну ад царскай Расіі.

На гістарычную свядомасць беларусаў у гэты перыяд самы вялікі ўплыў, несумненна, аказалі найбольш значныя ў ідэалагічных адносінах сілы.

Зразумела, ступень залежнасці беларускай гістарыяграфіі ад пануючай палітычнай і ідэалагічнай парадыгмы ў рамках паслякастрычніцкага сямідзесяцігоддзя была розная, але ў цэлым гэта ўсё ж былі варыяцыі ў рамках адной якасці. Можна вылучыць 4 асноўныя этапы ў яе развіцці:
I этап – 20-я гг. ХХ ст.
II – 30-я – сярэдзіна 50-х гг.
III – другая палова 50-х – сярэдзіна 80-х гг.
IV – другая палова 80-х – пачатак 90-х гг.

У рамках “савецкага” бачання гісторыі ідэя нацыянальнай своеасаблівасці гістарычнага працэсу народаў СССР разглядалася АМАЛЬ ЯК КРАМОЛЬНАЯ, “НАЦЫЯНАЛІСТЫЧНАЯ”. Разам з тым гістарыяграфія таго часу дае магчымасць фіксаваць працэс “крышталізацыі” двух тыпаў гістарычнага менталітэту – “афіцыйнага” масавага, які складаўся пад уздзеяннем камуністычнай ідэалогіі, і “дысідэнцкага”, тады нацыянальнага. Нельга не адзначыць і тое, што ў тыя  гады ідэя этнічнага “я” не займала цэнтральнага месца ў сістэме гістарычных уяўленняў насельніцтва Беларусі. Таму “дысідэнцкая літаратура” не знаходзіла шырокага попыту нават у колах інтэлігенцыі і студэнцтва.

Падзеі другой паловы 80-х гг. зруйнавалі шмат якія старыя ідэалагічныя ўяўленні і метадалагічныя падыходы да вывучэння гісторыі Беларусі, бязлітасна паказалі памылковасць шмат якіх гістарычных канцэпцый.

Варта адзначыць і тое, што дамінантнае для савецкай гістарыяграфіі Беларусі  канцэнтрацыя ўвагі на праблемах сацыяльна-эканамічнай гісторыі (гісторыя аграрных дачыненняў, гісторыя гарадоў, сацыяльных рухаў) мела і свой негатыўны бок: з поля зроку даследчыка выпалі шмат якія іншыя праблемы, а менавіта гісторыя палітычных інстытутаў, партый і рухаў, міжканфесійных дачыненняў, пытанні культуры, прыніжалася значэнне гістарычнай геаграфіі і дэмаграфіі, крыніцазнаўства і дапаможных гістарычных дысцыплін, гістарычнай генеалогіі, філасофіі і метадалогіі гісторыі.

Пачатак 90-х гадоў – час трэцяй спробы нацыянальнага адраджэння беларусаў у ХХ ст. – характарызуецца ўздымам актыўнасці беларускіх вучоных у справе вывучэння “белых плям” мінулага свайго народа. Сведчанне таму – міжнародныя і рэспубліканскія канферэнцыі 1990-х гг., дзе былі зроблены спробы метадам “мазгавой атакі” з удзелам вучоных Польшчы, Літвы, Расіі, Англіі, ЗША і іншых краін развязаць некаторыя тугія “вузлы” беларускай гісторыі.

Распачаліся інтэнсіўныя спробы стварэння сваёй канцэптуальнай мадэлі гістарычнага мінулага беларускага этнасу, НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ПРАГРАМ ГІСТАРЫЧНАЙ АДУКАЦЫІ І ПАДРУЧНІКАЎ ПА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ. Гэта вельмі важна для фармавання новага гістарычнага менталітэту нацыі. Сама па сабе актыўнасць пошуку сваіх гістарычных каранёў, выхад гісторыкаў на шырокую аўдыторыю, ліквідацыя манаполіі на гістарычную праўду, разбурэнне многіх гістарыяграфічных міфаў – моманты, несумненна, пазітыўныя. Але ўсё ж поспех або няўдача ў пераасэнсаванні гісторыі Беларусі будзе залежаць ад доказнасці і збалансаванасці падыходаў да рашэння найважнейшых праблем беларускай мінуўшчыны,  у тым ліку ад карэктнасці і грунтоўнасці іх метадалагічнай апрацоўкі. На жаль, гэтых момантаў сёння якраз не хапае шмат якім працам беларускіх даследчыкаў.

Станаўленне гэтай гістарычнай навукі павінна мець на ўвазе не толькі акадэмічныя мэты (набыццё фундаментальных новых ведаў), але і агульнаграмадзянскія: павышэнне навуковага і сацыяльнага статусу беларускай гістарыяграфіі; фармаванне культуры нацыянальнага гістарычнага мыслення, адраджэнне ўплыву гістарычнай навукі краіны ў сферы ліквідацыі гістарычнага бяспамяцтва нацыі, інтэнсіўнае лячэнне хваробы – “гістарычнага манкуртызму”.

Актуальнасць апошняй праблемы ў другой палове 90-х г. для Беларусі абвастрылася у сувязі з фармаваннем свядомай палітыкі сённяшняга рэжыму на рэанімацыю “савецкай ментальнсці” і вяртанне беларусаў “у СССР”.

Ад рэдакцыі: на час канферэнцыі Дзмітры Караў – доктар гістарычных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, дырэктар Заходнебеларускага гуманітарнага цэнтра дасьледваньняў Усходняй Еўропы (Гародня).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы