nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

СКЛАД і ІДЭАЛОГІЯ СКРАЙНЕ ПРАВЫХ У БЕЛАРУСІ НА ПАЧАТКУ ХХ ст. (кБНІ)

8 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Валянцін Міхедзька

Нацыянальная гістарычная памяць павінна аднолькава захоўваць і станоўчы, і адмоўны досвед, інакш станецца немагчымым вызначэнне сапраўдных сацыяльных, палітычных, этычных арыенціраў развіцця нацыі.

Відавочна таксама, што “непрыгожыя” старонкі гісторыі даюць больш магчымасцяў для самапазнання народу. Вось такой малавядомай старонкай адмоўнага досведу беларусаў трэба лічыць удзел у РАСІЙСКІХ МАНАРХІЧНЫХ ЭКСТРЭМІСЦКІХ ЗГРУПАВАННЯХ, якія дзейнічалі ў Беларусі на пачатку ХХ ст.

Гэтыя крайне правыя згрупаванні стварыліся напярэдадні і ў гады рэвалюцыйнага крызісу 1905-07 гг. па ўсёй імперыі і атрымалі шырокую вядомасць пад агульнай назвай “чорная сотня”. У Беларусі крайне правыя часцей вызначалі сябе як «патриоты» ці  «русские люди». Галоўнай мэтай іх дзейнасці было захаванне неабмежаванага ЦАРСКАГА САМАЎЛАДДЗЯ, ПАНУЮЧАГА СТАНУ «РУССКОЙ НАРОДНОСТИ» і ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ. Асаблівым клопатам чарнасоценцаў у Беларусі была “абарона расійскіх дзяржаўных асноваў” у краі. Крайне правыя адзначыліся ў Беларусі арганізацыяй і чынным удзелам у крывавых яўрэйскіх пагромах – у Гомелі, Магілёве, Оршы, Рэчыцы, Полацку ды іншых гарадах, мястэчках, сёлах краю. Па самых асцярожных падліках, з 1903 да пачатку 1906 г. у Беларусі адбылося не менш за 50 пагромаў, падчас якіх загінулі дзясяткі і былі паранены сотні чалавек, нанесены велізарныя матэрыяльныя страты [1].

Сярод манархічных арганізацыяў найбольшым уплывам карыстаўся “Союз русского народа”. У Беларусі ў часы свайго росквіту (1906-1908 гг.) ён меў 46 мясцовых аддзелаў, якія былі створаныя ў кожным губернскім цэнтры, большасці павятовых гарадоў, мястэчках, па сёлах і вёсках. Колькасць людзей, якія ўваходзілі ў чарнасоценныя арганізацыі, хутка ўзрастала адпаведна з заняпадам рэвалюцыі і пэўны, хаця і кароткі, час была вельмі значнай. Так, аддзелы “Союза русского народа” аб’ядноўвалі ў 1907-08 гг. у Мінскай губерні да 3800 чалавек, у Магілёўскай губерні да 15000 чалавек, у Віцебскай губерні (у межах сучаснай РБ) – да 2500 чалавек. У Віленскай і Гродзенскай губернях чарнасоценцы былі нешматлікімі [2]. Трэба адзначыць, што ў краі дзейнічалі і іншыя крайне правыя арганізацыі – гэта і  “Русский народный союз во имя Архангела Михаила», і значная колькасць больш  дробных утварэнняў.

З’яўленне “чорнай сотні” ў Беларусі не было вынікам натуральнага працэсу ўнутранай ідэалагічнай дыферэнцыяцыі мясцовага грамадства, а сталася перад усім РЭАКЦЫЯЙ КАЛАНІЯЛЬНАГА РЭЖЫМУ НА ЎЗДЫМ РЭВАЛЮЦЫЙНАГА І НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ ў краі. Крыніцай распаўсюджання правага экстрэмізму і крайняга антысемітызму, ядром кансалідацыі крайне правых, чарнасоценных сілаў з’явілася асяроддзе служкаў і адданых прыхільнікаў рэжыму. Перш за ўсё гэта БЫЛІ РЭАКЦЫЙНЫЯ КОЛЫ МЯСЦОВАЙ АДМІНІСТРАЦЫІ, ВОЙСКА І ПАЛІЦЫІ І ШЧЫЛЬНА ЗВЯЗАНЫЯ З ІМІ ПРАДСТАЎНІКІ МЯСЦОВАЙ ТАК ЗВАНАЙ «РУССКОЙ ИНТЕЛЛИГЕНЦИИ», якая складалася з паштова-тэлеграфных і чыгуначных службоўцаў, выкладчыкаў гімназій, праваслаўных святароў. У значнай ступені склад і палітычныя погляды гэтага згрупавання былі абумоўленыя МЭТАНАКІРАВАНАЙ ПАЛІТЫКАЙ УРАДА Ў РУСІФІКАЦЫІ КРАЮ. Вялікую частку адміністрацыі і мясцовай «русской интеллигенции» складалі выхадцы  з унутраных губерняў імперыі, якія аселі тут на працягу другой паловы ХІХ ст. Шмат было і мясцовых ураджэнцаў, якіх прымалі на дзяржаўную службу пры ўмове іх выключнай “добранадзейнасці”. Яны займалі пераважна ніжэйшыя і сярэднія пасады, і, з выразу А.Цвікевіча, зрабіліся “паслухмяным матэрыялам паліцэйскага рэжыму”. Займаючы прывілеяванае становішча ў краі, большасць прадстаўнікоў гэтага асяроддзя добра разумелі, ШТО ЯНЫ ЗАБЯСПЕЧАНЫ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРСКАЙ УЛАДАЙ, ТАМУ СВЯДОМА ПАДТРЫМЛІВАЛІ РЭЖЫМ І ПАТРАБАВАЛІ ПАШЫРЭННЯ РЭПРЭСІЎНЫХ ЗАХАДАЎ У БАРАЦЬБЕ СУПРАЦЬ АПАЗІЦЫІ. Рэакцыйнасць у гэтых колах звычайна спалучалася з вялікадзяржаўным расійскім шавінізмам, варожасцю да “іншародцаў”. Антысемітызм меў тут глыбокія карані і быў абумоўлены не толькі ўсёй палітыкай заканадаўчага абмежавання правоў яўрэяў, але і рэлігійнай і нават расавай непрыязню [3].

Абарона самаўладдзя для мясцовых крайне правых-«патриотов» з’яўлялася натуральным наступствам абароны правоў і прывілеяў “господствующей народности” імперыі ў “іншапляменным” асяроддзі. Крайне правыя былі ўпэўненыя, што «русский народ», да якога яны далучалі і беларусаў, “генетычна” прыхільны да самаўладдзя. Дарэчы, чарнасоценцы працяглы час пазбягалі выкарыстоўваць нават у геаграфічным сэнсе назвы “беларусы”, “Беларусь”. Яны лічылі беларускае насельніцтва «русским» без адценняў, а Беларусь – Расіяй, чым адрозніваліся нават ад “западноруссов”. Пазней у статуце “Союза русского народа” было проста адзначана, што “союз не делает различия между великороссами, белороссами и малороссами»; а «русский язык есть господствующий язык… империи»[4].

Крайне правыя былі перакананыя, што супраць “праваслаўя, самаўладдзя і рускай народнасці” маглі выступаць толькі “варожыя іншародцы”. Гэтыя меркаванні грунтаваліся не толькі на тэарэтычных падставах, але і на рэальнай практыцы русіфікацыі краю. Не дзіўна таму, што мясцовыя «русские патриоты»-чарнасоценцы выказвалі гарачыя сімпатыі да М.М.Мураўёва-“вешальніка”[5]. Апазіцыю рэжыму яны, адпаведна, разглядалі выключна праз этнічныя катэгорыі, нават часта насуперак рэчаіснасці. З-за таго, што найбольшую антыўрадавую актыўнасць у краі праяўлялі яўрэйскія арганізацыі, найперш  Бунд, «патриоты» разглядалі рэвалюцыйны рух ЯК НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПАЎСТАННЕ ЯЎРЭЯЎ СУПРАЦЬ РАСІІ І РУСКІХ. Барацьбу супраць “крамолы” чарнасоценцы разумелі галоўным чынам як барацьбу супраць яўрэяў, якіх крайне правыя лічылі галоўнай небяспекай для рускага панавання ў краі. Палякаў таксама лічылі нядобранадзейнымі і падазронымі, “масонамі”, але ж не такімі небяспечнымі, як яўрэі. Мясцовыя чарнасоценцы выказваліся таксама аб існаванні польска-яўрэйскай “змовы”[6].

Пагромная дзейнасць «патриотов» у Беларусі была абумоўленая не толькі канкрэтнымі прыкладамі кшталту кішынёўскага пагрому 1903 г., але і досведам мураўёўскай палітыкі. Біць “жыдоў-дэмакратаў” (так у тыя часы называлі ўдзельнікаў рэвалюцыйных групаў), як калісьці ў 1863 г. “паноў-інсургентаў”, заклікалі мясцовае “рускае” насельніцтва.

Аналіз пагромных падзеяў паказвае, што абсалютная большасць іх з’яўлялася карнымі акцыямі рэжыму супраць яўрэйскага насельніцтва. Амаль паўсюдна была адзначана шчыльная сувязь, супрацоўніцтва і ўзаемадапамога паміж ваенна-паліцэйскімі структурамі і чарнасоценнымі пагромшчыкамі [7]. Непрыхаванае спачуванне і апеку мелі крайне правыя і з боку некаторых прадстаўнікоў вышэйшай улады ў краі, напрыклад мінскага губернатара П.Г.Клінгенберга. Апекавалі «патриотов» і праваслаўныя ерархі: архіепіскап мінскі Міхаіл, епіскап магілёўскі Мітрафан, епіскап гродзенскі Міхаіл [8].

Трэба прызнаць, значная частка пагромнай бруднай працы – забойствы, рабаўніцтва, знішчэнне дамоў і маёмасці яўрэяў – была выканана рукамі мясцовых жыхароў, у асноўным сялян, мяшчан, рабочых [9]. Між тым традыцыйна стаўленне беларусаў да яўрэяў было збольшага хутчэй абыякава-нейтральным, чым варожым. Але ў той самы час беларускае насельніцтва, у масе сваёй кансерватыўнае, з’яўлялася ва ўмовах этнаканфесійнай сегрэгацыі прыдатнай глебай для ўздзеяння крайне правых. Канешне, нельга адмаўляць і ўплыву адмоўнага ўражання, якое стваралі ў кансерватыўнай патрыярхальнай масавай свядомасці антыўрадавыя выступленні, да таго ж збройнага характару.

Разглядаючы матывацыю ўдзелу мясцовага насельніцтва ў пагромах, адзначым яе разнастайнасць. Перш за ўсё гэта прага помсты, якая ўтваралася пад  уздзеяннем правакацыйных чуткаў аб быццам бы здзейсненых яўрэямі забойствах хрысціян ці знішчаных яўрэямі цэрквах, альбо ў выніку  простых збройных правакацыяў [10]. Штурхала да ўдзелу ў пагроме і жаданне парабаваць. “Рускі начальнік казаў: “Бяры, хлопча, што хочаш. Сёння наш дзень – адказу не будзе”, – сведчыў пагромшчык. Беспакаранасць разбэшчвала: “Я… лічыў, што выйшлі такія правы, збіваць і рабаваць яўрэяў, і… начальства за гэта не будзе караць” [11]. Чарнасоценцы запалохвалі насельніцтва, быццам ураўнанне яўрэяў у правах з хрысціянамі пагоршыць становішча хрысціян. Асабліва актыўна гэтае запалохванне адбывалася пасля выхаду маніфесту 17 кастрычніка 1905 года, які мясцовыя крайне правыя сустрэлі з абурэннем і нянавісцю. Так, падчас аршанскага пагрому правадыр пагромшчыкаў паліцэйскі пісар Сініцкі звярнуўся да натоўпу сялян і мяшчан: “Браткі, зараз узняліся жыды і палякі, хочуць усю Расію забраць у свае рукі, вам зараз зноў прыйдзецца насіць памыі ў жыдоў, як вы насілі іх пры прыгоне, зараз нам час пастаяць за сябе, інакш мы будзем у іхных руках… мы павінны іх біць і ірваць, пакуль ніводнага жыда не застанецца” [12]. Гэтая фобія выразна прысутнічае ў большасці пагромаў увосень 1905 г. Урэшце, трэба адзначыць і просты прымус да ўдзелу ў пагроме з боку паліцыі і адміністрацыі. Удзельнік аршанскага пагрому сведчыў, як “стараста… загадаў сялянам ад імя начальства збірацца ў Оршу, хто з чым здолее – са стрэльбамі, сякерамі, кіямі, каб супакоіць паўстаўшых жыдоў” [13]. Разам з тым адзначым, што няма дастатковых сведчанняў рэлігійнай абумоўленасці дзеянняў сялянска-мяшчанскай групы пагромшчыкаў. Палітычная матывацыя гвалту для гэтай групы, відаць, таксама была нязначная. Пагрозы ў бок “дэмакратаў” не могуць сведчыць аб усвядомленым адмаўленні праграмных мэтаў рэвалюцыйных арганізацыяў, тым больш што масавая свядомасць пад вызначэннем “дэмакрат” разумела нешта накшталт крымінальнага злачынцы [14].

Такім чынам, шараговыя пагромшчыкі ішлі на злачынствы, нават не маючы ў большасці сапраўдных перакананняў, былі паслухмяным матэрыялам У РУКАХ КРАЙНЕ ПРАВЫХ АРГАНІЗАТАРАЎ І КІРАЎНІКОЎ ПАГРОМАЎ.

Пайменныя спісы чарнасоценных арганізацыяў Віцебска, Гомеля, Гродна, Брэста, Баранавічаў ды іншых сведчаць, што не толькі шараговы склад, але і кіраўніцтва ў абсалютнай большасці складалі беларусы. Апорай крайне правых былі дробнае чынавенства, гарадскія дробныя ўласнікі, заможнае сялянства, святары. У перыяд росквіту чарнасоценных арганізацыяў туды запісваліся сем’ямі, групамі сваякоў, нават вёскамі [15]. Вакол “ідэйнага” ядра экстрэмістаў-пагромшчыкаў групаваліся звычайныя “вернападданыя” канфармісты. У сялянскім асяроддзі асабліва адчувальным было ўздзеянне вясковай адміністрацыі, святароў і настаўнікаў. Пэўны час вялікую ролю адыгрываў і прагматычны карыслівы разлік. Людзі спадзяваліся, што прыналежнасць да чарнасоценнай арганізацыі забяспечыць ім спрыянне ўладаў і палепшыць жыццёвыя перспектывы. Адзначым аднак, што аблічча чарнасоценных арганізацыяў, іх практычная дзейнасць вызначаліся ўсё ж у большасці выпадкаў менавіта экстрэмісцкім “ідэйным” ядром.

Пры ўсёй адданасці самаўладдзю, ва ўмовах сацыяльна-палітычнага крызісу царызму крайне правыя мусілі рэагаваць на відавочныя хібы рэжыму. Патрабуючы ад урада выкарыстання жорсткіх захадаў на здушэнне нацыянальна-вызвольнага і рэвалюцыйнага руху, чарнасоценцы адначасова ставіліся да вышэйшых уладаў з недаверам і падазронасцю. Крайне правыя лічылі, што “бюракратыя” захапіла частку ўлады цара і “аддзяліла ягоную светлую асобу ад народу”. Таму прызнавалася неабходнасць удасканалення манархічнага ладу. Гэта прапанавалася зрабіць шляхам склікання Дзяржаўнай думы, якая мела б толькі дарадчыя функцыі і абіралася ці, хутчэй, прызначалася выключна з «излюбленных русских людей». На думку крайне правых, Дума павінна была атрымаць “права” прасіць цара аб вызваленні з пасадаў асобных “дрэнных” чыноўнікаў. Разам з тым крайне правыя неаднойчы падкрэслівалі, што Дума ні ў якім разе не павінна хаця б у чымсьці абмяжоўваць уладу цара [16]. На дарадчых функцыях і “национально-русском” абліччы Думы  крайне правыя настойвалі  нават пасля выхаду  маніфесту 17 кастрычніка 1905 г. Частка мясцовых крайне правых  у сваёй абароне манархіі нават дазваляла сабе крытыкаваць самога цара за быццам бы залішнюю мяккасць і ставіла яму ў прыклад Аляксандра ІІІ і Мураўёва-“вешальніка”[17].

Пераважная частка мясцовых чарнасоценцаў належала да найбольш агрэсіўнай плыні крайне правых, якую ўзначальваў А.І.Дубровін. Гэты кірунак адлюстроўваў імкненні і настроі разначынных нізоў сярэдняга класу. Мясцовыя “патриоты”-дубровінцы варожа ставіліся не толькі да ўрадавай бюракратыі, але і да “інтэлігенцыі”. Калі з асяроддзя крайне правых вылучылася адносна памяркоўная парламенцкая плынь на чале з В.М.Пурышкевічам, мясцовыя чарнасоценцы палічылі гэта адступніцтвам і “здрадай” і абвясцілі, што “…Пуришкевич и его бюрократическая партия имеют большую разницу с Союзом Русского Народа, который борется за бедный обездоленный русский народ в его массе, но не только за ряды интеллигенции…”[18]. Адметнай асаблівасцю дубровінцаў было шырокае ўжыванне дэмагогіі і папулісцкіх заклікаў, якія часам ішлі нават насуперак імкненням мясцовых уладаў. Такіх нязгодных з імі прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі чарнасоценцы вызначалі як “падкупленых жыдамі ды палякамі”[19].

Занятыя выключна барацьбой з яўрэйскім “засильем”, мясцовыя крайне правыя фактычна пакінулі па-за ўвагай эканамічныя пытанні. Эканамічныя прапановы насілі самы нявызначаны  характар, накшталт: “более правильное взимание податей”, “содействие подъёму промышленности вообще, сельского хозяйства в особенности”, “наилучшее использование народных богатств”, “освобождение от зависимости от иностранных рынков”. Чарнасоценцы выступалі ў абарону прыватнай уласнасці, але перад усім – дробнай. Да буйных уласнікаў – “капиталистов” крайне правыя, асабліва дубровінцы, ставіліся варожа. Па рабочым і аграрным пытаннях мясцовыя крайне правыя выказвалі таксама толькі агульныя пажаданні аб неабходнасці пазбавіць рабочых і сялян ад “залішняй” эксплуатацыі. Але крыніцай гэтай эксплуатацыі зноў-такі  лічыліся яўрэі ды іхнія памагатыя. Не мелі чарнасоценцы  і вызначанай пазіцыі ў дачыненні да сталыпінскіх пераўтварэнняў. Увогуле, для чарнасоценцаў было характэрнае патрабаванне пашырэння дзяржаўна-паліцэйскага кантролю над сацыяльнай і эканамічнай сферамі [20].

Чарнасоценства – з’ява  досыць супярэчлівая. З аднаго боку, ёй была ўласцівая ідэалогія пляменнага апалчэння, мэтай якога была пабудова фактычна монаэтнічнага патрыярхальнага грамадства. У ВАРУНКАХ АДСУТНАСЦІ Ў БОЛЬШАСЦІ  БЕЛАРУСКАГА НАСЕЛЬНІЦТВА  ВЫРАЗНАЙ ЭТНІЧНАЙ САМАІДЭНТЫФІКАЦЫІ АДБЫВАЛАСЯ ПРЫШЧАПЛЕННЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРСКАЙ СВЯДОМАСЦІ. Энергія  і сілы народу скіроўваліся НЕ НА ЗМАГАННЕ ЗА ЎЛАСНЫЯ ПРАВЫ І ГОДНАСЦЬ, а супраць такіх самых бяспраўных і прыгнечаных людзей. У той жа час чарнасоценства належала ўжо ХХ стагоддзю. Зварот да шырокіх масаў, дэмагогія, вызначэнне адзінага дзейснага сродку дасягнення палітычных мэтаў, арганізаванасць – усё гэта набліжае яго да найбольш жорсткіх таталітарных ідэалогій і практык найноўшага часу.

Адзначым таксама, што нават ЗНАКАМІТАЯ “ПАМЯРКОЎНАСЦЬ” НЕ СТАЛАСЯ НАДЗЕЙНАЙ ПЕРАШКОДАЙ ДА ЎДЗЕЛУ БЕЛАРУСАЎ У ЗЛАЧЫННЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ “ЧОРНАЙ СОТНІ”, якая, відавочна, з’яўлялася ў ХХ стагоддзі першым прадвесцем сталінскага і гітлераўскага генацыду.

Літаратура:
1. Падлічана аўтарам на падставе наступных матэрыялаў: Гомельский процесс. Подробный отчет.-Спб.,1907; Восход.- 1904.- №№20-22; Последние известия.- 1904.- №198; Обнинский В. Полгода русской революции.- Вып.1.- М.,1906.- С.44-45; Дзяржаўны Архіў Расійскай Федэрацыі (далей – ДА РФ). Ф. 102 ДП АА. 1905(2). Спр.2000 ч. 9. Арк 29 зв,    35; Спр.2000 ч. 10. Арк. 13, 22; Ф. 124. Оп.65. Спр. 90, 141, 166.
2. ДА РФ. Ф. 102.4 справаводства. 1907. Спр. 164. Арк. 102, 111, 253-254, 272, Нацыянальны Гістарычны   Архіў РБ (далей НГА РБ). Ф. 295. Оп. 1. Спр. 7694. Арк. 43, 515, 543.
3. Цвікевіч А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мыслі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХв.-   Мн. 1993.- С. 90, 274, 281; Гомельский процесс…- С. 123, 137, 151, 325, 433, 785, 898, 901, 904.
4. Палітычныя партыі Беларусі. Сер. «Гістарычныя сшыткі».- Сш. 2.- Мн., 1994.- С. 237.
5. ДА РФ. Ф.102 ДП АА. 1905(2). Спр. 2000 ч. 9. Арк. 36-37 зв.
6. Там сама.
7. Гомельский процесс…- С. 71, 88, 91, 101, 127-128, 781, 852; Дело о погроме в Орше 21-24 октября 1905 г. Обвинительный акт и судебное следствие.- Спб., 1908.- С. 6,   8, 11, 14, 21, 41, 54, 57; Последние известия.- 1904.- №№198, 199,201. ДА РФ. Ф. 102. ДП АА. 1905 (2).   Спр. 1350 ч. 17 «А». Арк. 96-97, 146-147, 151-152, 202-203, 254-256.
8. ДА РФ. Ф. 116. Оп. 1. Спр. 41. Арк. 4-5 зв.; Ф. 102. 4-е спр-ва. 1910. Спр. 258. Арк. 9-10 зв.; Шибеко З.В.,  Шибеко С.Ф. Минск: Страницы жизни дореволюционного города.- Мн., 1990.- С. 50.
9. Гомельский процесс…- С.45-47; Дело о погроме в Орше…- С. 26-49; ДА РФ. ДП АА. 1905 (2). Спр. 2000   ч.9. Арк. 29 зв., 32 зв.-35; Спр. 2000 ч.10. Арк. 13.
10. Там сама.
11. Восход.- 1905.- №5; Дело о погроме в Орше…- С.57.
12. Дело о погроме в Орше…- С.5.
13. Там сама.- С. 57.
14. Гомельский процесс…- С. 899-900.
15. ДА РФ. Ф. 116, Спр. 41. Арк. 16; Спр. 84. Арк. 74; Спр. 284. Арк. 2-3, 18; Спр. 291. Арк. 3-15.
16. Российские партии, союзы, лиги. Сб-к программ…- Спб., 1906.- С. 118-119.
17. Да РФ. Ф. 102. ДП АА. 1905(2). Спр. 2000 ч. 9. Арк. 36-37 зв.
18. ДА РФ. Ф. 117. Оп. 1. Спр. 33. Арк. 5.
19. ДА РФ. 4-е спр-ва. 1910. Спр. 258. Арк. 1-3 зв., 4-4 зв., 13 зв.; Ф. 116. Оп. 1. Спр. 41. Арк. 4-5 зв. НГА РБ; Ф. 1430. Оп. 1. Спр. 48687. Арк. 1 зв.
20. ДА РФ. Ф. 102. ДП АА. 1905(2). Спр. 1350 ч. 17 «А». Арк. 268; Российские партии, союзы и лиги…- С. 118-121.

Ад рэдакцыі: у час правядзеньня канферэнцыі Вялянцін Міхедзька – выкладчык Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, асістэнт кафедры гісторыі Беларусі (Гомель).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы