Яўген Мірановіч
Грамадскія, палітычныя, эканамічныя і нацыянальныя адносіны на тэрыторыі чатырох паўночна-ўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай СТВАРАЛІ АТМАСФЕРУ КАЛОНІІ. Спосаб польскага праўлення на землях, населеных беларусамі, ад самага пачатку не спрыяў усталяванню карэктных дачыненняў паміж дзяржаўнай уладай і мясцовым насельніцтвам. Разам з замацаваннем дзяржаўных структур ПАЧАЛІСЯ ЛІКВІДАЦЫЯ БЕЛАРУСКАГА ШКОЛЬНІЦТВА, РАЗБУРЭННЕ АБО АДБІРАННЕ ЦЭРКВАЎ, пераслед падазроных у спрыянні камунізму. Паколькі ў Польшчы перамагла нацыяналістычная канцэпцыя палітыкі ў дачыненні да нацыянальных меншасцяў, на практыцы сталі ажыццяўляцца найгоршыя і самыя брутальныя метады асіміляцыі беларусаў і ўкраінцаў.
Ва ўмовах парламенцкага кіравання (1921-26 гг.) не рэалізавалася, аднак, ніводная кампактная праграма нацыянальнай палітыкі. Гэтыя пытанні належалі кампетэнцыі чатырох ведамстваў: Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства ваенных спраў, Міністэрства замежных спраў і Міністэрства веравызнанняў і публічнай асветы. За гэты перыяд урады змяніліся дзесяць разоў, а кіраўнікі названых ведамстваў змяняліся значна часцей. Таму палітыка на паўночна-ўсходніх крэсах вызначалася перш за ўсё ЛАКАЛЬНАЙ АДМІНІСТРАЦЫЯЙ, якая беларусаў лічыла элементам ніжэйшай катэгорыі, адсталым, прымітыўным, якога лёгка можна апалячыць. Адміністрацыйныя кадры папаўняліся чыноўнікамі з цэнтральных ваяводстваў. У Беларусь часта прысылаліся людзі, якія не праявілі сябе на папярэдняй пасадзе або скампраметаваліся. Гэтая адміністрацыя ажыццяўляла перш за ўсё такую палітыку, якой чакалі мясцовыя памешчыкі і якая не заўсёды адпавядала інтарэсам польскай дзяржавы.
Тым часам для змякчэння грамадскага напружання патрэбная была аграрная рэформа. Аднак кожнае дзеянне ў гэтым кірунку давяло б да змяншэння ўласнасці, якая заставалася б у польскіх руках. Таму на аснове закону ад 20 снежня 1920 г. сюды былі прывезены ПАСЯЛЕНЦЫ З ЦЭНТРАЛЬНАЙ ЧАСТКІ ПОЛЬШЧЫ. Перасяляліся галоўным чынам былыя жаўнеры і афіцэры, якіх надзялялі зямлёй і падтрымвалі крэдытамі на асваенне гаспадаркі. Асаднікі мелі ўздзейнічаць на беларускае асяроддзе з мэтаю яго асіміляцыі, быць апорай мясцовай адміністрацыі і тым фактарам, які тармозіў бы антыдзяржаўныя выступленні. Асаднікі найчасцей выконвалі абавязкі солтысаў, войтаў, лаўнікаў (засядальнікаў), ставаліся ніжэйшай прыступкай улады. Часта на новае месца жыхарства прыязджалі яны з пісталетам або вінтоўкай. У выпадку патрэбы яны абавязаныя былі дапамагаць войску, паліцыі, лясной ахове, прымаць удзел у аблавах на партызан.
Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавору ўлады хутка давялі да заняпаду беларускае школьніцтва на Віленшчыне. Урад спыніў фінансавую падтрымку, паколькі існаванне гэтых школ палічыў супярэчным нтарэсам дзяржавы. Пад уздзеяннем агітацыі нацыяналістычных згрупаванняў У БЕЛАРУСАЎ БЫЛА АДАБРАНА БОЛЬШАСЦЬ АСВЕТНЫХ УСТАНОЎ. У іншых ваяводствах беларускія школы былі закрыты на пачатку 1921 г.
Беларускія палітыкі не былі згодныя з рэчаіснасцю, якую на населенай беларусамі тэрыторыі стваралі польскія ўлады. Дзеячы, раней звязаныя з Найвышэйшай Радай, якая ўзнікла пасля расколу ў Радзе БНР, — Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, ксёндз Адам Станкевіч, Аркадзь Смоліч, Лявон Дубейкаўскі, Эдуард Будзько, Фабіян Ярэміч — лічылі, што ва ўмовах нездзяйснення нацыянальных памкненняў, паражэнняў у галіне будовы сваёй дзяржавы і падзелу Беларусі трэба прынамсі шукаць магчымасці для праіснавання народу. Зыходзілі яны з меркавання, што змаганне з польскай дзяржавай можа толькі пагоршыць сітуацыю беларусаў і ў тых ўмовах самым галоўным павінна быць АСВЕТНАЯ ПРАЦА З НАРОДАМ — змаганне за асвету на роднай мове, стварэнне вытворчых кааператываў, удзел у парламенцкіх выбарах. Браніслаў Тарашкевіч быў перакананы, што парламентарызм і польская дэмакратыя створаць беларусам магчымасць поўнага нацыянальнага жыцця. Прыхільнікі пошукаў пагаднення з палякамі называлі сябе рэалістамі і прагматыкамі. Вясною 1921 г. яны стварылі Беларускі палітычны камітэт (БПК), які супрацоўнічаў у барацьбе на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з уплывамі эміграцыйнага ўрада БНР Вацлава Ластоўскага. БКП быў неафіцыйнай арганізацыяй. Інтарэсы гэтай групы афіцыйна прадстаўляў віленскі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК).
У сакавіку 1922 г. дэлегацыя Беларускага палітычнага камітэта з Тарашкевічам на чале была прынятая начальнікам дзяржавы Юзафам Пілсудскім і прэм’ер-міністрам Антоніем Панікоўскім. Беларусы выказалі найважнейшым асобам у дзяржаве свае пажаданні Ў ГАЛІНЕ РАЗВІЦЦЯ АСВЕТЫ НА РОДНАЙ МОВЕ. Патрабавалі яны стварыць пры Міністэрстве асветы ўстанову па справах беларускага школьніцтва, выдзеліць Віленскай беларускай гімназіі датацыю, адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ды абняць усіх беларускіх дзяцей навучаннем на роднай мове. Апрача галантнасці і абяцанняў пацікавіцца справамі беларускай асветы польскія ўлады беларусам не мелі чаго прапанаваць.
У красавіку 1922 г. дзеячы Беларускага палітычнага камітэта заснавалі Палітычную камісію, якую складалі Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч і Вячаслаў Багдановіч. Камісія мела распрацаваць прынцыпы працы афіцыйнага Беларускага нацыянальнага камітэта на глебе польскай дзяржаўнасці, а перш за ўсё падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў. Трымаючыся сваіх поглядаў, дзеячы БПК хацелі змагацца за беларускія нацыянальныя інтарэсы ў Польшчы, скарыстоўваючы дэмакратычныя механізмы дзяржавы.
Іншую пазіцыю ў стаўленні да польскай дзяржавы выяўлялі дзеячы, верныя эміграцыйнаму ўраду БНР у Коўне. 26 верасня 1921 г. з ініцыятывы прэм’ера ўрада Вацлава Ластоўскага ў Празе была склікана Беларуская нацыянальна-палітычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, нацыянал-сацыялістаў і беспартыйных дзеячаў. Амаль палову ўдзельнікаў канферэнцыі (18) складалі дэлегаты БПСР. На працягу пяці дзён нарадаў удзельнікі канферэнцыі распрацавалі план дзеяння ў новых палітычных умовах. У прынятай на заканчэнне канферэнцыі рэзалюцыі было сказана, што БЕЛАРУСЬ ПАВІННА БЫЦЬ НЕПАДЗЕЛЬНАЙ І НЕЗАЛЕЖНАЙ ДЗЯРЖАВАЙ. Адзінай легальнай уладай з’яўляецца ўрад БНР, які атрымаў мандат ад Рады. Рыжскі дагавор удзельнікі канферэнцыі назвалі трактатам аб падзеле, а ўсталяваны парадак па абодва бакі рыжскай мяжы — АКУПАЦЫЯЙ БЕЛАРУСІ ДЗВЮМА СУСЕДНІМІ ДЗЯРЖАВАМІ. У рэзалюцыі “ўсе актыўныя беларускія сілы” заклікаліся да барацьбы ўсімі магчымымі сродкамі “супраць падзелу Беларусі”. “КОЖНАГА, ХТО ПРЫЗНАЕ РЫЖСКІ ДАГАВОР, ТРЭБА ПРЫЗНАЦЬ ВОРАГАМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ”, — заявілі ўдзельнікі канферэнцыі.
Беручы пад увагу, — як было сказана ў рэзалюцыі, асабліва нялюдскі ПЕРАСЛЕД БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ, ІНТЭЛІГЕНЦЫІ І НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ДЗЕЯЧАЎ у польскай акупацыйнай зоне, вырашана выслаць пратэст у Лігу Нацый з патрабаваннем адкінуць “польскі імперыялізм на лінію рэк Нарвы і Буга”. З’езд прадстаўнікоў беларускіх сацыялістычных партый у Празе ўхваліў таксама рэзалюцыю ў справе дзейнасці генерала Станіслава Булак-Балаховіча, які быў названы аферыстам і ўзурпатарам ды абвінавачаны ў злачынствах і грабяжах на беларускім і яўрэйскім мірным насельніцтве.
Хаця ўсе прынятыя ў Празе дакументы аднолькава ацэньвалі польскі і савецкі бок, аднак партызанскі рух на практыцы арганізаваны быў толькі на заходнім баку рыжскай мяжы. Праўдападобна, так дзеялася па волі літоўскіх і нямецкіх пратэктараў урада Ластоўскага. Менавіта Нямеччына і Літва падтрымвалі фінансава і забяспечвалі зброяй і амуніцыяй беларускія партызанскія атрады пры іх узнікненні. Звыш таго, галоўная палітычная сіла ў эміграцыйным урадзе — эсэры традыцыйна праяўлялі заходнерускія тэндэнцыі. Пачатак бальшавіцкай палітыкі беларусізацыі ў БССР спрыяў трактаванню іх як патэнцыйных саюзнікаў беларускай справы.
На пачатку 1922 г. з малалікіх узброеных групаў ствараліся буйнейшыя падраздзяленні, якія мелі пачаць паўстанцкую кампанію ў выпадку польска-літоўскага канфлікту. Увесь партызанскі рух кантраляваўся эсэрамі, якія дзейнічалі ў пагадненні з урадам Ластоўскага. У адпаведнасці з дырэктывай Паўстанцкага камітэта, бліжэй неакрэсленага складу, беларускія ваенныя структуры павінны ў канспірацыйных мэтах весці дзейнасць як асветныя гурткі, кааператыўныя арганізацыі, царкоўныя брацтвы. Ваенная вертыкаль эсэраўскай арганізацыі мела назву “Брацтва беларусаў”. Некаторыя камандзіры, каб падкрэсліць сялянскі характар руху, карысталіся назвай “Брацтва сялян-беларусаў”.
Побач з эсэраўскай арганізацыяй дзейнічаў таксама арыентаваны на Мінск “Саюз сялянскай самааховы”.
Беларускай паўстанцкай арганізацыяй у Польшчы кіраваў Галоўны беларускі штаб, які меў шчыльныя сувязі са штабам літоўскай арміі. Галоўнаму беларускаму штабу падначаленыя былі камандаванні чатырох паўстанцкіх групаў са штабамі ў Аранах, Уцянах, Мерачы (на Літве) і, праўдападобна, ў Вільні. Штабы паасобных групаў мелі весці АРГАНІЗАЦЫЙНУЮ, ПАЛІТЫЧНУЮ, РАЗВЕДВАЛЬНУЮ І АПЕРАЦЫЙНУЮ дзейнасць. У рамках аперацыйнай дзейнасці рыхтаваліся планы дыверсійна-сабатажных акцый у адносінах да стратэгічных аб’ектаў — мастоў, віядукаў, вакзалаў, тэлефонных і тэлеграфных станцый, а таксама наступальныя дзеянні супраць атрадаў польскага войска. З Літвы паступала паўстанцам зброя, амуніцыя, выбуховыя матэрыялы, грошы. Камандзір чацвёртай групы Вячаслаў Разумовіч “Хмара”, чый штаб знаходзіўся ў Мерачы, кіраваў канспірацыйнай структурай з амаль 8 тысяч чалавек. Большасць з іх займалася земляробствам і ніколі не прымала ўдзелу ў арганізаваных лакальнымі камандзірамі акцыях. Праўдападобна, патэнцыйныя паўстанцы не надта добра арыентаваліся таксама ў якім палітычным кантэксце адбывалася іхная канспірацыйная дзейнасць. У выдаванай камандзірам атрада, які дзейнічаў у ваколіцах Белавежскай пушчы, Германам Шыманюком “Скамарохам” часопісе “Беларускі партызан” пісалася перш за ўсё пра лютасці і здзекі польскага боку з беларусаў. Удзельніцтва ў партызанскім руху мела быць абаронай і адначасна помстай за крыўды, нанесеныя народу. Дзяржаўная ідэя ў змесце гэтых публікацый была ледзь прыкметная.
Паколькі структуры беларускай паўстанцкай арганізацыі ствараліся галоўным чынам з думкай аб удзеле ў польска-літоўскай вайне, дзейнасць беларускіх канспіратараў абмяжоўвалася да непрадбачаных Галоўным штабам акцый, якія праводзілі лакальныя камнадзіры. Былі гэта перш за ўсё напады на пастарункі паліцыі, цягнікі, склады, магазіны, леснічоўкі, двары. Злоўленыя ў аблавах партызаны, у прынцыпе, прыгаворваліся да найвышэйшай меры пакарання. Першая экзекуцыя схопленых партызан атрада Германа Шыманюка адбылася 24 мая 1922 г.
15 сакавіка 1923 г. Савет Лігі Нацый прызнаў усходнія межы Польшчы з СССР і Літвой. Перспектыва польска-літоўскай вайны стала нерэальнай. Гэта стала прычынаю адмовы літоўскага ўрада ў падтрымцы беларускага цэнтра ў Коўне. Змена літоўскай палітыкі выклікала неабходнасць пераносу структур БНР у Берлін, а пазней у Прагу. Сталіца Чэхаславакіі ў другой палове дваццатых гадоў стала галоўным цэнтрам беларускай палітычнай эміграцыі.
У новай палітычнай сітуацыі канспірацыйныя беларускія структуры на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай, якія ствараліся з восені 1921 г., пачалі распадацца. Паліцыі ўдалося арыштаваць арганізатараў беларускага руху на Гродзеншчыне і Беласточчыне. У маі 1923 г. у Беластоку адбыўся працэс 45 канспіратараў, у тым ліку двух дэпутатаў польскага парламента -— Сяргея Барана і Сымона Якавюка.
У 1923 г. частка колішняй эсэраўскай канспірацыі апынулася пад кантролем прысланых з Мінска або Масквы эмісараў. Між іншым, на базе групаў, якія раней дзейнічалі ў рамках “Брацтва беларусаў” і “Саюза сялянскай самааховы”, ствараліся структуры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.
1924 год характарызаваўся самай вялікай напружанасцю беларускіх выступленняў супраць польскай улады. Былі гэта як дзеянні інспіраваныя камуністычнымі арганізацыямі, так і звычайная рэакцыя на паводзіны адміністрацыі, паліцыі і войска.
Палітыка польскага ўрада вагалася паміж дзвюма тэндэнцыямі, з аднаго боку прымаліся меры рэпрэсіўнага характару, з другога боку вяліся нясмелыя пошукі палітычных спосабаў вырашэнні канфліктаў. Партызанcкі рух ліквідаваўся пры дапамозе рашучых ваенных дзеянняў. Стварэнне новай ваеннай структуры — Корпуса аховы пагранічча (КАП), камандзіры якога атрымалі паўнамоцтвы весці контрразведвальную і паліцыйную дзейнасць, масавыя арышты, якія вяліся ў 1923-25 гадах, абмежавалі развіццё ўсялякіх формаў нелегальнай дзейнасці, але не ліквідавалі яе поўнасцю.
Урад рыхтаваў таксама некалькі праектаў эканамічных і палітычных рашэнняў, якія мелі стварыць шанц нармалізацыі сітуацыі ў паўночна-ўсходніх ваяводствах. Першым такія меры прыняў прэм’ер Уладзіслаў Сікорскі. Па яго загадзе Канстанты Сракоўскі вясною 1923 г. падрыхтаваў рапарт аб сітуацыі беларускага насельніцтва. Летам 1923 г. Палітычны камітэт Рады Міністраў падрыхтаваў закон аб дзяржаўнай мове. Закон дапускаў магчымасць карыстацца беларускай мовай у судах і школах, ва ўстановах жа абавязваў ужываць ВЫКЛЮЧНА ПОЛЬСКУЮ МОВУ. Адстаўка ўрада Сікорскага спыніла працу ў пошуку палітычных вырашэнняў праблемаў на тэрыторыі, населенай беларусамі. Палітыку Сікорскага ў нацыянальным пытанні намагаўся працягваць урад Уладзіслава Грабскага. Апрача стварэння згаданага Корпуса аховы пагранічча кабінет Грабскага падрыхтаваў г.зв. моўныя законы. Былі яны ўхваленыя Сеймам у якасці закону 31 ліпеня 1924 г. Для разрадкі напружання ва ўсходніх ваяводствах было дазволена арганізаваць двухмоўныя школы, у якіх можна было вучыцца беларускай і ўкраінскай мовам у польскіх школах. Гэты закон вырашаў пытанне толькі ў фармальным плане. Інтэрпрэтацыйныя акты да гэтага закону на практыцы рабілі немагчымым якое-небудзь развіццё беларускага школьніцтва. У заходняй частцы Беластоцкага ваяводства, у Беластоцкім, Бельскім і Сакольскім паветах, наогул юрыдычна забаронена было ствараць школы з навучаннем на беларускай мове. Год пасля ўвядзення закону двухмільённая беларуская меншасць мела 3 школы з 425 вучнямі з выкладаннем прадметаў на роднай мове і 19 двухмоўных, у якіх роднай мове вучыліся 1683 вучні. Усіх дзяцей, якія гаварылі па-беларуску і наведвалі ўсеагульныя школы, было звыш 125 тысяч. На кожную тысячу беларускіх дзетак толькі 3,5 мелі магчымасць вывучаць родную мову.
Каб адвесці беларусаў ад партызанскага руху, урад Грабскага разглядаў магчымасць правядзення аграрнай рэформы з улікам інтарэсаў няпольскага насельніцтва. Абмяркоўваўся нават намер увядзення беларускай мовы ва ўстановы тых паветаў, у якіх пераважную колькасць грамадзян складалі беларусы. Прыхільнікам палітычных рашэнняў ва ўрадзе Грабскага быў Станіслаў Тугут. Ён прапанаваў парцэляваную зямлю перадаць беларусам, правесці дэмакратычныя муніцыпальныя выбары ва ўсходніх ваяводствах і адкрыць мясцоваму насельніцтву шырэйшы доступ да дзяржаўных і муніцыпальных устаноў.
Аднак на практыцы для дасягнення нармалізацыі на ўсходзе краіны большае значэнне надавалася дзеянням КАПа і паліцыі, чым увядзенню развязак эканамічнага і палітычнага характару. Дзеля змены прывычак крэсавай адміністрацыі неабходная была вялікая рашучасць цэнтральнага ўрада. Воля паасобных міністраў рацыяналізаваць нацыянальную палітыку аказалася малазначным фактарам і не паўплывала на ўвядзенне асноўных зменаў у гэтай галіне. Бязлітаснае спагнанне падаткаў, паліцыйны тэрор і самаўпраўства чыноўнікаў толькі спрыялі росту папулярнасці прасавецкіх аб’яднанняў, асабліва КПЗБ.
У канцы 1924 г. Камінтэрн памяняў палітыку ў адносінах да Польшчы. Ён адмовіўся ад маланкавых партызанскіх акцый, якія хаця парушалі ўстойлівае становішча ва ўсходніх ваяводствах, аднак вялі да вынішчэння патэнцыйных рэвалюцыйных кадраў у выніку штораз больш паспяховай барацьбы польскай дзяржбяспекі з падпольнымі структурамі. Стратэгічныя планы Камінтэрна прадугледжвалі падрыхтоўку “працоўных мас” да ўсеагульнай рэвалюцыі. Найбольш паспяховым метадам падрыхтоўкі было ПРЫЗНАНА ЎЗДЗЕЯННЕ НА ГРАМАДСТВА ПРАЗ ПАСРЭДНІЦТВА ЛЕГАЛЬНЫХ ГРАМАДСКІХ, ПАЛІТЫЧНЫХ, КУЛЬТУРНЫХ, АСВЕТНЫХ І ГАСПАДАРЧЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ. Дзеля гэтага трэба было ініцыяваць іх узнікненне або пераймаць кантроль над наяўнымі ўжо структурамі.
На парламенцкіх выбарах у лістападзе 1922 г. беларускія згрупаванні, аб’яднаныя ў Беларускім цэнтральным выбарчым камітэце, атрымалі 11 мандатаў у Сейме і 3 у Сенаце Рэчы Паспалітай. Дэпутаты абедзвюх палат польскага парламента заснавалі Беларускі пасольскі клуб, які ўзначаліў Браніслаў Тарашкевіч — прадстаўнік, (разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім і Фабіянам Ярэмічам), беларускіх сацыял-дэмакратаў. Дэпутатам Сейма стаў таксама прадстаўнік беларускай хрысціянскай дэмакратыі ксёндз Адам Станкевіч. Самую шматлікую групу беларускіх парламентарыяў складалі беспартыйныя — Аляксандр Уласаў, Вячаслаў Багдановіч, Міхал Кахановіч, Аляксандр Назарэўскі.
Згодна раней абранай палітычнай арыентацыі Тарашкевіч спрабаваў атрымаць палітычныя і культурныя канцэсіі ў карысць беларусаў пры скарыстанні дэмакратычных механізмаў польскай дзяржавы. У студзені 1923 г. дэпутаты, згуртаваныя ў Беларускім пасольскім клубе, прапанавалі праект культурнай аўтаноміі для беларусаў, у прыватнасці стварыць краёвы парламент у Вільні, дапусціць ужыванне беларускай мовы ў школах і судах, правесці аграрную рэформу і перадаць зямлю для мясцовых сялян, спыніць вайсковае асадніцтва, стварыць ваенізаваныя фармаванні на пранцыпе грамадзянскай тэрытарыяльнай абароны замест гарнізонаў, якія сваёй прысутнасцю правакавалі антыдзяржаўныя выступленні. Беларускія парламентарыі патрабавалі таксама вярнуць Праваслаўнай царкве храмы, якія ў 1919-1922 гадах былі пераменены на касцёлы. У тагачасных умовах гэтыя патрабаванні былі нерэальнымі і ПОЎНАСЦЮ ІГНАРАВАЛІСЯ польскай парламентарнай большасцю і чарговымі ўрадамі.
Тарашкевіч не знеахвочваўся абвінавачаннямі ў паланафільстве, якім падпадаў з боку розных беларускіх арганізацый. Ён намагаўся, каб парламентарыі захававалі лаяльнасць у дачыненні да польскай дзяржавы. У верасні 1923 г. ён вёў размовы з кандыдатам на пост прэм’ер-міністра Станіславам Тугутам і ад імя Беларускага пасольскага клуба абяцаў падтрымку для новага ўрада ўзамен на спыненне вайсковага асадніцтва, скасаванне зняволеным беларусам абвінаваўчых актаў, стварэнне ў ведамстве асветы пасады намесніка міністра па справах беларускага школьніцтва, адстаўку навагрудскага ваяводы і замену яго чыноўнікам беларускай нацыянальнасці, стварэнне адной школьнай акругі для земляў, заселеных беларусамі, і даручэнне абавязкаў намесніка куратара для чалавека, які выводзіцца з гэтага асяроддзя, адкрыццё гімназіі і дзвюх беларускіх настаўніцкіх семінарыяў з прысваеннем ім статусу публічных школ. Стварыць урад Тугуту не пашанцавала, а як міністр без партфеля ва ўрадзе Уладзіслава Грабскага ён нямнога мог зрабіць, паколькі астатнія міністры да беларускіх пытанняў ставіліся непрыхільна.
Адсутнасць якіх-колечы саступак з польскага боку, хаця б у карысць беларускай культуры або асветы, АДСУТНАСЦЬ НАВАТ ЖЭСТАЎ, якія стваралі б надзею на змену палітыкі ў наступныя гады, сталі прычынай адыходу часткі беларускіх парламентарыяў ад дэклараванай раней лаяльнасці ў стаўленні да ўрада і інстытутаў польскай дзяржавы. Восенню 1923 г. Сымон Рак-Міхайлоўскі, Васіль Рагуля і Пётр Мятла стварылі асобны дэпутацкі гурток “Беларускіх незалежных сацыялістаў”. У адрозненне ад Браніслава Тарашкевіча, парламенцкую трыбуну яны выкарыстоўвалі для адлюстравання таго, што дзеялася на беларускіх землях.
Весткі аб развіцці нацыянальнага жыцця, што прыходзілі з БССР, сведчылі тагачасным прыхільнікам прапольскай арыентацыі памеры іх памылковых палітычных разлікаў. У 1925 г. нішто яшчэ не паказвала, што некалькі гадоў пазней беларуская культура і яе стваральнікі стануць першымі ахвярамі сталінскага таталітарызму.
Змена палітычнай арыентацыі Браніслава Тарашкевіча даспявала даволі доўга. У палове ліпеня 1925 г. ён раіўся у гэтай справе ў Гдыні з Аляксандрам Цвікевічам, які неўзабаве адмовіўся ад усіх пастоў ва ўрадзе БНР і выехаў у Мінск. Тарашкевіч жа разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Пятром Мятлой, Паўлам Валошыным і Юрыем Сабалеўскім выйшлі з Беларускага пасольскага клуба і заснавалі новы клуб Беларускай работніцка-сялянскай грамады (БСРГ). У час выступленняў у Сейме і на старонках друку Тарашкевіч тлумачыў, што стаўка на атрыманне аўтаноміі для “Белай Русі” ад польскага ўрада АКАЗАЛАСЯ ПАМЫЛКОВАЙ. “У нас такіх ілюзій няма. Мы раз назаўсёды ад гэтых усіх ілюзій былі вылечаны”, — падкрэсліваў правадыр Грамады. Ніколі ён, аднак, дэталёва не ўдакладняў канчатковую мэту, за якую хоча змагацца разам з палітычнай партыяй, што стварылася на базе клуба. Затое часта паўтараў пра “саюз рабочых і сялян польскіх і беларускіх” і “незалежнасць Белай Русі ў цеснай сувязі з народамі, якія рашыліся на новую грамадскую структуру”. Гэтая новая структура была толькі ў народаў СССР.
Дэпутаты Грамады, у адрозненне ад калег з Беларускага пасольскага клуба, перасталі шукаць пагаднення з польскай парламентарнай большасцю і кампрамісных развязак з паасобнымі кабінетамі. Гаварылі перш за ўсё пра цёмныя бакі крэсавай рэчаіснасці, рэлікты феадалізму, злоўжыванні адміністрацыі, нахабнасць паліцыі, пародыі судовых працэсаў над беларусамі. Тарашкевіч рашыўся на поўнае супрацоўніцтва з камуністамі, стаў сябрам КПЗБ і нават быў удзельнікам ІІІ Канферэнцыі гэтай партыі, якая адбывалася ў лістападзе 1925 г. у Маскве.
Да майскага дзяржаўнага перавароту (1926 г.) Грамада была малалікай арганізацыяй. Пасля года існавання, у чэрвені 1926 г., гуртавала яна 569 сяброў. У лістападзе гэтага ж года БСРГ налічвала ўжо 62 тысячы, а ў снежні — звыш 100 тысяч супольнікаў. Раптоўны рост колькасці супольнікаў гэтай партыі з аднаго боку быў выкліканы настроямі, якія панавалі ў беларускім асяроддзі, з другога — паводзінамі лакальнага дзяржаўнага апарату пасля майскага перавароту, які чакаў інструкцыі, баючыся прымаць якія-небудзь меры, паколькі яны маглі б аказацца супярэчнымі намерам новай урадавай каманды. Пасіўнасць лакальнага дзяржаўнага апарату дала правадырам Грамады шанц стварыць партыйныя структуры ва ўсіх паветах, у якіх жылі беларусы.
Для пераважнай большасці беларускіх сялян Грамада давала надзею на змены, была сілай, якая заступілася за іхныя чалавечыя і грамадзянскія правы, стала партыяй, якая ўголас сказала пра польскую крэсавую ўладу тое, што аб ёй думала большасць беларусаў. Была арганізаванай формай пратэсту супраць зневажальнай рэчаіснасці. Тактыка правадыроў цікавіла нямногіх. Людзі давяралі ім і ўключаліся ў розныя формы дзейнасці, прапанаваныя партыяй.
Дзеячы Грамады перанялі кантроль над Таварыствам беларускай школы, Беларускім навуковым таварыствам, Беларускім выдавецкім таварыствам, віленскім Беларускім нацыянальным камітэтам, Беларускім кааператыўным банкам, Беларускім студэнцкім саюзам. Іншыя беларускія партыі ў той час заставаліся ў цяні БСРГ.
13 лістапада дэпутаты Народна-нацыянальнага саюза ўнеслі ў Сейме прапанову неадкладна забараніць Грамаду, а баявыя дружыны Польскай сацыялістыянай партыі актыўна ўключыліся ў разгон мітынгаў і сходаў, арганізаваных гэтай партыяй. Роспуск Грамады прадвызначыла пазіцыя крэсавых памешчыкаў, асабліва Аляксандра Мяйштовіча, тагачаснага міністра юстыцыі. Ноччу з 14 на 15 студзеня 1927 г. кіраўнікі партыі, а заадно дэпутаты польскага Сейма, былі арыштаваныя. Зняволенне парламентарыяў супярэчыла абавязваючым законам, якія гарантавалі ім недатыкальнасць у часе выканання дэпутацкіх абавязкаў. Парламенцкая большасць адобрыла арышты і забарону Грамады.
Зняволенне правадыроў Грамады і забарона партыі НЕ ВЫКЛІКАЛІ НІЯКАЙ РЭАКЦЫІ ні Мінска, ні Масквы. У кіраўніцтве ВКП(б) распрацоўваліся ўжо ПЛАНЫ РАСПРАВЫ з беларускім нацыянал-дэмакратызмам. Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валошын, Сабалеўскі і іншыя лідары Грамады пакінулі прапольскую арыентацыю і захапіліся тым, што дзеялася ў Савецкай Беларусі ў галіне развіцця нацыянальнага руху. Яны ўяўлялі самую дасканалую форму нацыянал-дэмакратызму. Магчыма, што правадыры БСРГ былі першымі ахвярамі бальшавіцкай расправы над беларускім нацыянальным рухам. Многае паказвае на тое, што агенты Камінтэрна дапамаглі атрымаць польскаму боку доказы супрацоўніцтва лідараў Грамады з савецкімі палітычнымі цэнтрамі.
Асуджаныя правадыры Грамады пасля некалькіх гадоў зняволення ў польскіх турмах былі перададзены ўладам СССР у рамках абмену палітвязнямі. Загінулі яны падчас масавых рэпрэсій у 1937-38 гадах, абвінавачаныя ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы.
Ад рэдакцыі: на час правядзеньня канферэнцыі канферэнцыі Яўген Мірановіч – доктар гістарычных навук, выкладчык Беластоцкага універсітэта; рэдактар «Беларускага гістарычнага зборніка»; старшыня Праграмнай Рады тыднёвіка «Ніва» (Беласток).