nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛ-САЦЫЯЛІЗМ і АСЯРОДЗЬДЗЕ “НОВАГА ШЛЯХУ” (кБНІ)

9 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Лена Глагоўская

Пасьля разгрому Беларускай сялянска-работніцкай Грамады у 1927 г. і палітычных пераменаў у Польшчы, асабліва пасьля парляманцкіх выбараў у 1930 г., беларускі нацыянальны рух у ІІ Рэчыпаспалітай апынуўся ў тупіку. Найбольшай беларускай партыяй у пачатку 30-х гадоў была Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Свае ўплывы сярод беларускага насельніцтва разьвівала пасьпяхова Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Не ўдалося аб’яднаньне беларускіх плыняў у Цэнтральным саюзе беларускіх культурна-асьветных арганізацыяў і інстытуцыяў – (Цэнтрасаюз), утвораным у сувязі з парляманцкімі выбарамі 1930 г. [1].

Побач з актыўным хадэцкім і камуністычным кірункамі ў 1933 г. зьявілася новая плынь у беларускім руху – нацыянал-сацыялізм. Яе ідэолагамі сталі вядомыя беларускія дзеячы: Фабіян Акіньчыц, Уладыслаў Казлоўскі, Альбін Стаповіч, Лявон Дубейкаўскі. Ф. Акіньчыц адным з першых увайшоўся ў арганізацыю Грамады, быў сябрам Цэнтральнага сакратарыяту і юрысконсультам. У 1928 г. у працэсе Грамады засуджаны на 8 гадоў турмы. Звольнены ў 1930 г., увайшоў ў Цэнтрасаюз. У гадах 1931-32 шукаў магчымасьцяў вырашэньня беларускай справы шляхам паразуменьня з палякамі. Расчараваўшыся ў грамадоўскай і палёнафільскай плынях, у 1933 г. пачаў выдаваць часопіс “Новы Шлях” як орган беларускай нацыянал-сацыялістычнай думкі. Далучыліся да яго А. Стаповіч (Уладзімір Загорскі) і У. Казлоўскі. А. Стаповіч, публіцыст і музыказнаўца, былы  выдавец ‘’Беларускай Крыніцы’’ і дзеяч БХД, ад якой у 1928 г. быў выбраны дэпутатам у польскі сойм, у 1930 г. быў адным з арганізатараў беларускіх радыкалаў. У. Казлоўскі, прафэсійны афіцэр польскага войска, у 1930 г. падаўся ў адстаўку. Пераехаў у Вільню, дзе заняўся паэтычнай і публіцыстычнай творчасьцю. Зарганізаваў Гімнастычна-спартовае таварыства “Гайсак”, якога польскія ўлады не зарэгістравалі.

Вялікі ўплыў на развіцьцё беларускай нацыянал-сацыялістычнай думкі мела папулярная ў Эўропе, асабліва ў Нямеччыне, нацыянал-сацыялістычная ідэя, заснаваная на нацыяналізьме і антысэмітызьме.

Вопыт успомненых дзеячаў у беларускім руху дапамог ім у распаўсюджваньні нацыянал-сацыялістычных поглядаў на заходнебеларускіх землях. Яны  заснавалі свой часопіс   “Новы Шлях”. Першы нумар выйшаў 25 лістапада 1933 г. На працягу чатырох гадоў, 1933 – 37, было выдадзена 24 нумары. У 1937 г. польскія ўлады забаранілі выдаваць газэту ў Вільні і дзейнічаць Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі ў памежнай зоне.

На старонках “Новага Шляху” даказваўся выбар менавіта гэтага шляху як найбольш адпаведнага для беларускага народу. У звароце да чытачоў пісалі: “Наступіў час, калі частка беларускага грамадзянства, ідэолёгія каторага ня можа ўмясьціцца ў рамкі існуючых буларускіх палітычных партыяў – павінна забраць голас. (…) Той кірунак, да якога мы належым і каторы акрасьляем як нацыянал-соцыялістычны, павінен знайсьці шырокае распаўсюджаньне сярод беларускага грамадзянства і выкрысталізавацца ў сваім тэорэтычным угрунтованьні’’[2].

Спалучэньне нацыянальнай ідэі з сацыялістычнай бачылася як галоўная ўмова для аб’яднаньня і незалежнасьці беларускага народу. Будучы адначасна нацыяналістамі і сацыялістамі, згаданыя дзеячы выпрацавалі адпаведную канцэпцыю беларускай дзяржаўнасьці і яе ладу.

Беларускі нацыяналізм патрэбны быў ЯК СУПРАЦІЎЛЕНЬНЕ ПАЛІТЫЦЫ ПАЛЯНІЗАЦЫІ І РУСЫФІКАЦЫІ. Сацыялістычныя погляды вынікалі з крытыкі марксізму, гаспадаркі і палітыкі ў Савецкім Саюзе. Крытыкуючы марксізм, беларускія нацыянал-сацыялісты ставілі яму ў віну  ідэю дыктатуры пралетарыяту як зусім не прыдатную ў беларускім, у большасьці аграрным, грамадзтве. Лічылі, што асновай гаспадаркі павінны быць каапэратывы. Адкідалі марксізм, даказваючы, што кожная нацыя мае свае асаблівасьці, і сацыялістычная ідэя мусіць з імі лічыцца [3]. Крытыкуючы сацыялістычнае будаўніцтва ў савецкіх вёсках (калектывізацыю, непісьменнасьць старшынёў калгасаў), сацыялістычны лад на вёсцы ўяўлялялі як такі стан, пры якім земляробскае насельніцтва пазбылася б усякай эксплёатацыі, ці то буржуазнай, ці пралетарскай [4].

Галоўныя вехі беларускага нацыянал-сацыялізму зводзіліся да змаганьня за незалежнасьць і паляпшэньне жыцьця, за дабрабыт усяго беларускага народу. НАЙБОЛЬШ ШКОДНЫМ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ ЛІЧЫЎСЯ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗМ (міжнародны сацыялізм). У ім бачылі  пагрозу для самастойнага існаваньня народаў, асабліва тых, якія мелі нізкую нацыянальную сьведамасьць.

Галоўнымі лёзунгамі беларускай нацыянал-сацыялістычнай ідэалёгіі былі: “Супраць чужога і свайго капіталізму – свой сацыялізм, супраць чужога нацыяналізму – свой нацыяналізм’’[5]. Абапіраючыся на гэтыя лёзунгі вясной 1934 г. Арганізацыйная камісія беларускага нацыянал-сацыялістычнага актыву ў асобах: Ф. Акіньчыц (старшыня), У. Казлоўскі (сакратар), Антон Данусэвіч, У. Загорскі і Язэп Кратовіч – агучыла  чатыры тэзы. Паклікаючыся на славутую гісторыю беларускага народу, згаданыя асобы лічылі, што ТОЛЬКІ БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА ЗМОЖА ЗАБЯСЬПЕЧЫЦЬ  БЕЛАРУСАМ ДАБРАБЫТ І РАЗВІЦЬ УСЕ ЯГО ДУХОЎНЫЯ ВАРТАСЬЦІ. Таму асноўнай мэтай беларускіх нацыянал-сацыялістаў з’яўлялася “незалежная, бясклясавая, працоўная Беларуская Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах’’[6].

Сацыяльна-палітычныя погляды нацыянал-сацыялістаў вызначаліся ДАБРОМ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ І ДАБРАБЫТАМ КОЖНАГА ПРАЦОЎНАГА БЕЛАРУСА. Асновай эканамічнага жыцьця яны лічылі ПРАЦУ і права кожнага беларуса на поўнае карыстаньне вынікаў яго працы. Выказваліся супраць экплуатацыі ліберальнай і капіталістычнай сыстэмы. ЗЯМЛЯ ПАВОДЛЕ ІХ З’ЯЎЛЯЛАСЯ ЎЛАСНАСЬЦЮ НАЦЫІ, нацыя надзяляе ёю тых грамадзянаў, каторыя на ёй працуюць у каапэратыўных аб’яднаньнях або індывідуальна. Справы палітычнага ладу адкладалася на час дзяржаўнай незалежнасьці.

Чарговую тэзу вызначалі дачыненні з іншымі народамі. Яны залежалі ад эканамічнай і палітычнай ролі народаў на беларускіх землях. Асобае месца нацыянал-сацыялісты ў сваёй ідэалёгіі адводзілі жыдам – лічылі іх галоўнымі віноўнікамі эканамічнага заняпаду беларусаў. Палякаў абвінавачвалі ў палянізацыі, а расейцаў – у русыфікацыі беларускага народу.

Стаўленне да рэлігіі вызначалі паводле карысьці або шкоднасьці для беларускай нацыі. Сьцьвярджалі, што каталіцкае і праваслаўнае духавенства на беларускіх землях галоўным чынам спрычынілася да палянізацыі і русыфікацыі, а таксама падтрымоўваньня інтарэсаў абшарнікаў і капіталістаў. Заклікалі весьці рашучую барацьбу з “польска-каталіцкім і маскоўска-праваслаўным клерам’’[7].

У №4 “Новага Шляху” ад 18 ліпеня 1934 г. фармуляваліся абавязкі беларускага нацыянал-сацыяліста: СТАВІЦЬ ДАБРО СВАЁЙ НАЦЫІ І ЯЕ ПРАЦОЎНЫХ ВЫШЭЙ ЗА АСАБІСТАЕ ДАБРО І КАРЫСЬЦЬ, лічыць мову адной з найважнейшых прыкметаў нацыі і ПАСЛУГОЎВАЦЦА БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ УСЮДЫ НА БЕЛАРУСІ, выяўляць нэгатыўную ролю жыдоў і паноў на беларускай зямлі, выступаць супраць мяшаных сужонстваў, пры кожнай нагодзе ўсьведамляць у беларускасьці тутэйшых “палякаў” і “рускіх”, выбіраць – у меру магчымасьці – такую працу ў жыцьці, каб быць як найменей залежным ад чужога дзяржаўнага апарату і больш удзяляцца грамадзкай працы для дабра сваёй нацыі. Да абавязкаў беларускага нацыянал-сацыяліста належалі таксама: ЗМАГАНЬНЕ З УСІМІ ВАРОЖЫМІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ СІЛАМІ, дэмаскаваньне нацыянальных лёзунгаў камуністаў, папулярызаваньне фізычнага выхаваньня, пашыраньне ідэяў нацыянал-сацыялізму [8].

Беларускія нацыянал-сацыялісты рэальна глядзелі на ўплывы ў грамадзтве іншых беларускіх плыняў і змаганьне паміж камуністамі і хадэкамі. Выразна казалі: ‘’Нам не па дарозе ні з камуністамі, ні з соцыялістамі-ўгадоўцамі, ні з існуючымі буржуазнымі партыямі’’[9]. Вельмі крытычна адносіліся да былых “грамадоўцаў”, якія або ўцяклі ў Савецкі Саюз, або перайшлі ў палёнафільскую плынь. Крытыкавалі пасла Фабіяна Ярэміча за яго бяздзейнасьць у беларускім руху [10]. Былому беларускаму сэнатару Вячаславу Багдановічу закідалі прарасейскасьць [11]. КПЗБ не лічылі беларускай партыяй – толькі жыдоўскай, якая дзейнічала са шкодай для беларускай справы [12].

У траўні 1935 г. беларускія нацыянал-сацыялісты Ф.Акіньчыц, У.Казлоўскі, Павел Арцішэўскі ўвайшлі ў склад Беларускага нацыянальнага камітэту, “для таго каб яны стаялі за аўтарытэт гэтай Беларускай Цэнтралі і прычыніліся да папулярызацыі тых ідэяў, правадніком якіх заўсёды быў Камітэт’’[13]. У.Казлоўскі стаў сакратаром БНК. Крытыкуючы выбарчы закон, беларускія нацыянал-сацыялісты адмовіліся ад удзелу ў парляманцкіх выбарах 1935 г. [14] .

Узорам для беларускіх нацыянал-сацыялістаў быў адпаведны нямецкі рух. Аднак умовы разьвіцьця нацыянал-сацыялізму былі зусім рознымі: у Нямеччыне ён стаўся ДЗЯРЖАЎНАЙ ІДЭАЛЁГІЯЙ, а беларусам у Польшчы – МЕЎ ДАПАМАГЧЫ Ў РАЗВІЦЬЦІ ІХ СЬВЯДОМАСЬЦІ І СТОЙКАСЬЦІ.

Ужо ў 1936 г. была сфармуляваная і абвешчана на старонках “Новага Шляху’’ праграма Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі. Мэтай БНСП было аб’яднаньне беларускага грамадзтва на аснове гэтай праграмы. Складалася яна з 13 частак: І – Палітычныя мэты, ІІ – Нацыянальна-ўзгадаваўчыя мэты, ІІІ – Адносіны да іншых народаў, ІV – Сацыяльна-эканамічныя мэты, V – Зямельная справа, VI – Работніцкія справы, VII – Палітычныя і прававыя дамаганьні, VIII – Агульна-эканамічная і фінансавая палітыка, ІХ – Асьвета, Х – Рэлігія, ХІ – Самаўрады, ХІІ – Суд, ХІІІ – Шлях да зьдзяйсьненьня праграмы [15]. Так грунтоўна створаная праграма была вынікам ранейшых дыскусій. Яна мела выразны нацыянальны характар: на першы план ставілася НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ЎЗГАДАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ І БАРАЦЬБА З ДЭСТРУКЦЫЙНЫМІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ СІЛАМІ. Прадугледжвалася супрацоўніцтва з іншымі беларускімі нацыянальна-незалежніцкімі партыямі і падтрымка культурных і гаспадарчых мерапрыемстваў з беларускім нацыянальным характарам.

Праграма была скіраваная да прыхільнікаў беларускага нацыянал-сацыялізму, каб уступалі ў БНСП. Актывісты партыі хацелі ў хуткім часе склікаць з’езд. У сакавіку 1936 г. у “Новым Шляху’’ быў апублікаваны праект арганізацыйнага статуту БНСП [16]. Як найвышэйшая ўлада меркаваўся зьезд, скліканы раз на тры гады. На ім прапанавалася выбіраць Цэнтральны Камітэт (5 сяброў і 2 заступнікі) і рэвізійную камісію. ЦК вылучаў бы спасярод сябе провад: старшыню, сакратара і скарбніка. У ЦК уваходзіў бы таксама рэдактар партыйнага часопісу.

Дзеля пашырэньня ідэяў БНСП аўтары праграмы ладзілі сустрэчы ў Беларускім студэнцкім саюзе. Ф.Акіньчыц чытаў там рэфэрат “Нацыянальнае, работніцкае і аграрнае пытаньні ў ідэалёгіі Беларускага Нац.-Сацыялізму’’, У.Казлоўскі – “Антыфашыстоўскі фронт” і “Беларусы’’, Баранавіч – “Газэта “Po Prostu’’ і Беларусы’’[17].

8 сьнежня 1936 г. у БНСП увайшла група Беларускіх незалежных радыкалаў на чале з Канстантым Юхневічам [18].

Правесьці зьезд, аднак, не ўдалося з прычыны ЗАБАРОНЫ ЎЛАДАЎ. У траўні і чэрвені 1937 г. у паасобных раёнах адбыліся канфэрэнцыі сяброў і прыхільнікаў БНСП. На іх абгаворваліся справы ўтварэньня ЦК і статута БНСП. У выніку нарадаў быў абраны ЦК БНСП у складзе: Ф.Акінчыц, У.Казлоўскі, К.Юхневіч, Алёйзы Пецюкевіч і Антон Сапко. У провад партыі ўвайшлі: Ф.Акінчыц – старшыня, У.Казлоўскі – сакратар, К.Юхневіч – скарбнік [19].

18 кастрычніка 1937 г. ЦК БНСП атрымаў ад віленскага ваяводы Людвіга Бацянскага распараджэньне аб забароне дзейнасьці на тэрыторыі памежнага паса (30 км ад дзяржаўнай мяжы), „gdyż działalność tej partii jest niewskazana ze względów bezpieczeństwa publicznego” [20]. Падобныя распараджэньні выдалі таксама ваяводы: палескі – 29 верасьня, беластоцкі – 30 верасьня, наваградзкі – 11 кастрычніка. У адказ на распараджэньні, якія выразна абмяжоўвалі дзейнасьць БНСП, 7 лістапада 1937 г. ЦК партыі пастанавіў: 1) перанесьці сядзібу ЦК БНСП і рэдакцыю “Новага Шляху’’ ў Ліду на вуліцу Ціхую, 4 (Вільня знаходзілася ў памежнай зоне), 2) выдаць загад сябрам, якія жывуць у прыгранічнай зоне, каб падпарадкаваліся распараджэньням адміністрацыйных уладаў [20]. ЦК таксама заклікаў, каб моцна трымаліся сваіх партыйных перакананьняў. Адначасна провад БНСП паведамляў, што не забараняецца дзейнасьць партыі за абшарам памежнай зоны.

Абмежаваньне дзейнасьці БНСП і распаўсюджваньня яе ідэалёгіі ў памежнай зоне, у якой знаходзілася Вільня – цэнтр беларускага руху ў ІІ Рэчыпаспалітай, у значнай меры абмежавала дзейнасьць партыі, зводзячы яе да правінцыйнага ўзроўню. Аднак лідары БНСП не зракліся сваёй ідэалёгіі і дзейнічалі там, дзе дазвалялі на тое ўмовы. Пасьля 22 чэрвеня 1941 г. яны ПОЎНАСЬЦЮ ЎКЛЮЧЫЛІСЯ Ў БЕЛАРУСКУЮ ДЗЕЙНАСЬЦЬ на акупаваных немцамі беларускіх землях, за якую ў большасьці прыплацілі жыцьцём (Ф.Акінчыц, У.Казлоўскі, А.Пецюкевіч).

Допісы:
1. E.Wappa. Okoliczności powstania Centralnego Związku Białoruskich Organizacji i Instytucji Kulturalno-Oświatowych („Centrasajuzu”) i jego udział w wyborach 1930 r. // Białoruskie Zeszyty Historyczne.- 1994.- № 1.- S. 63-72.
2. Ад рэдакцыі // Новы Шлях.- 1933.- № 1.- С. 1.
3. А.Булат. Нацыянальны соцыялізм // Новы Шлях.- 1933.- № 1.- С. 3-5.
4. С.Булат. Соцыялізм на вёсцы // Новы Шлях.- 1933.- № 2.- С. 1-3.
5. Ул. К. Што нас уратуе // Новы Шлях.- 1934.- № 1.-  С. 5.
6. Нашыя тэзы // Новы Шлях.- 1934.- № 2(4).- С. 1.
7. Тамсама.- С. 2.
8. Абавязкі беларускага нац.-соцыяліста // Новы Шлях.- 1934.- № 4(6).- С. 1-2.
9. Ф.Акінчыц. Актуальнае пытаньне // Новы Шлях.- 1934.- № 7(9).- С. 2.
10. Да справы чарговага абнаўленьня Беларускага Нацыянальнага Камітэту // Новы Шлях.- 1935.- № 3(13).-  С. 5.
11. A.Stepowic. Atkrytaje piśmo // Новы Шлях.- 1934.- № 4(6).- С. 7; А.Полацкі. Беларуская справа і справа і расейцы // Новы Шлях.- 1934.- № 7(9).- С. 4-5.
12. Калі гэта скончыцца? // Новы Шлях.- 1936.- № 5(20).- С. 4-5; B. Mety kamunistau u adnosinach da biełaruskaha nacyjanalna-adradżenskaha ruchu // Новы Шлях.- 1936.- № 6(21).- С. 4-5.
13. Да справы…- С. 4.
14. Выбары і нашае становішча // Новы Шлях.- 1934.- № 4(14).- С. 1.
15. Новы Шлях.- 1936.- № 1(16).- С. 1-5.
16. Новы Шлях.- 1936.- № 3(18).- С. 3-5.
17. На беларускім нацыянальным фронце ў Вільні // Новы Шлях.- 1936.- № 3(18).-  С. 8.
18. Камунікат // Новы Шлях.- 1937.- № 1(22).- С. 2.
19. Наш Шлях.- 1937.- № 2 (23).- С. 1-4.
20. Kamunikat Centralnaha Kamitetu B.N.S.P. // Новы Шлях.- 1937.- № 3(24).- С. 1.

Ад рэдакцыі: на час правядзеньня канферэнцыі Алена Глагоўская – кандыдат навук, выкладчыца кафедры беларускай культуры Беластоцкага універсітэта (Беласток).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы