nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПРАБЛЕМА ЗАХОДНЕРУСІЗМУ ў БЕЛАРУСКАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ НАЙНОЎШАГА ЧАСУ (кБНІ)

12 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Прадстаўляем апошні артыкул з гістарычнага раздзела матэрыялаў канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя” (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.). Яго аўтары –  Аляксандр Літвінскі, Дзмітры Караў – прадстаўлены раней.
Рэдакцыя.

Кожнае грамадства мае ПРАВА НА ГІСТАРЫЧНУЮ ПАМЯЦЬ. Аднак, нягледзячы на, здавалася б, несумненную бясспрэчнасць гэтай сентэнцыі, дадзенае права не заўсёды ўдаецца рэалізаваць. На тое, як прынята казаць, ёсць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Не мінула горкая доля гістарычнага бяспамяцтва і беларускі народ. Вось чаму працэс самаідэнтыфікацыі з тымі ці іншымі з’явамі, падзеямі, асобамі гісторыі, без якога не можа быць трывалай нацыянальнай самасвядомасці, адбываецца ў беларусаў так супярэчліва і нават пакутліва.

У які ўжо раз робіцца спроба вырашыць пытанне аб месцы і ролі чалавечай супольнасці, што склалася на захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны, у гісторыі і ў сучасным свеце. Як вядома, адказаў на гэтае пытанне прапаноўвалася некалькі. Адзін з варыянтаў адказу імкнуўся абгрунтаваць т. зв. “заходнерусізм” – плынь у грамадска-палітычным руху Расійскай імперыі і Беларусі другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стст., галоўным пастулатам якой было АДМАЎЛЕННЕ БЕЛАРУСАМ У ПРАВЕ НА СТВАРЭННЕ ЎЛАСНАЙ НАЦЫІ і вызначэнне іх (пры некаторых агаворках) як “заходніх рускіх”. Адпаведным чынам гісторыкі гэтага кірунку інтэрпрэтавалі гісторыю Беларусі (“Западной России”, па іх тэрміналогіі). Таму выклікаюць цікавасць ацэнкі наступнымі пакаленнямі беларускіх гісторыкаў заходнерусізму як з’явы гістарыяграфіі. Асабліва цікава прасачыць за поглядамі “жрацоў Кліо” савецкага перыяду, калі беларускі народ БЫЦЦАМ БЫ стварыў (у нейкім сэнсе аднавіў) сваю дзяржаўнасць, але так і не стаў гаспадаром свайго лёсу. У дваістым становішчы апынуліся прадстаўнікі грамадскіх навук. З аднаго боку, афіцыйна марксісцка-ленінска-сталінская ідэалогія прызнавала існаванне Беларусі (няхай сабе і ў форме БССР), з другога боку, канцэпцыя адметнай беларускай гісторыі АБВЯШЧАЛАСЯ НАЦЫЯНАЛІСТЫЧНАЙ, а яе рэальныя або ўяўныя носьбіты вельмі часта развітваліся з жыццём у Курапатах ці на гулагаўскіх “будоўлях камунізму”.

Пільны ідэалагічны кантроль, выхад з-пад якога быў заўсёды небяспечным для кар’еры, калі не для жыцця, савецкіх гісторыкаў, не заахвочваў распрацоўку праблематыкі фармавання нацыянальнай свядомасці беларусаў, да якой адносіцца, на наш погляд, і праблема гістарыяграфіі заходнерусізму (як, дарэчы, і іншых яе плыняў). Дагэтуль адзінай працай, прысвечанай заходнерусізму, з’яўляецца кніга вядомага дзеяча беларускага нацыянальнага руху, кіраўніка ўрада БНР у 1923-25 гг. Аляксандра Цвікевіча, які падзяліў лёс шматлікіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, загінуўшы ў трагічным 1937 г. Рэпрэсіі супраць яго твораў пачаліся яшчэ раней. Напрыклад, праца “Западно-русизм”, якая і цікавіць нас, надрукаваная ў 1929 г., дайшла да нашага часу толькі цудам, таму што яе трохтысячны наклад амаль увесь быў знішчаны адразу пасля друкавання з загаду ідэалагічных “цэнзараў-цэрбераў” з ВКП(б). Але “рукапісы не гараць”, і мы маем выдатную магчымасць пазнаёміцца з разважаннямі Цвікевіча 70-гадовай даўніны, якія, аднак, не страцілі сваёй актуальнасці.

Адразу трэба адзначыць, што гэты твор прысвечаны агляду заходнерусізму як кірунку грамадскай думкі. Уласна гістарычныя працы “западноруссов” упамінаюцца мімаходзь і не падпадаюць гістарыяграфічнаму аналізу. Аднак праца Цвікевіча вельмі важная і з гістарыяграфічнага пункту гледжання, бо вельмі добра, на наш погляд, паказвае светапоглядныя карані заходнерусізму, яго шчыльную сувязь з палітыкай царскага ўраду, дае цікавыя характарыстыкі асобным прадстаўнікам гэтага кірунку. А без уліку гэтых фактараў немагчыма разгледзець гістарычныя працы Каяловіча, Баброўскага, Шалковіча і іншых прадстаўнікоў гістарыяграфіі заходнерусізму.

Ужо на першых старонках аўтар дае вызначэнне заходнерусізму як кірунку гістарычнай і грамадска-палітычнай думкі Расіі ХІХ – пачатку ХХ стст., які сцвярджаў “што Беларусь не з’яўляецца краінай з асобнай нацыянальнай культурай і НЕ МАЕ ДЗЕЛЯ ГЭТАГА ПРАВА на самастойнае культурнае і палітычнае развіццё, але што яна павінна быць разглядана як адзін з яе [Расеі – Рэд.] сустаўных элементаў” [12, с. 7;  заўвагі: а) у спасылках на крыніцы, што даюцца ў тэксце ў дужках, першая лічба азначае нумар крыніцы ў змешчаным ніжэй спісе выкарыстанай літаратуры, б) тут і далей, у адрозненне ад Цвікевіча, пры цытаванні выкарыстоўваецца сучасны правапіс].

Акрэслена Цвікевічам і кола прадстаўнікоў гэтай плыні – ураджэнцаў Беларусі ў яе этнаграфічных межах паводле стану на ХІХ ст., якія выступалі за “адзіную і непадзельную” Расію, хаця і прызнавалі ў пэўным сэнсе спецыфіку Беларусі ў складзе імперыі. Указаны асноўныя кірункі іх дзейнасці – грамадска-палітычны, гістарыяграфічны, культурніцкі (так званы “этнаграфізм”). Зроблена спроба перыядызацыі гэтага руху: “эмбрыянальны” перыяд (канец XVIII ст. – 50-я гг. ХІХ ст.), для якога характэрнае фармаванне перадумоваў развіцця заходнерусізму; “мураўёўскі” (60-я гг. ХІХ ст.), звязаны з дзейнасцю К.Гаворскага і яго “Вестника Западной России»; «паслямураўёўскі» перыяд (70-я гг. ХІХ ст.); 80-90 гг. ХІХ ст. – галоўнай фігурай заходнерусізму гэтых двух перыядаў з’яўляецца М.В.Каяловіч, найбольш выдатны прадстаўнік гэтага кірунку; пачатак ХХ ст. – значная актывізацыя дзейнасці “западноруссов”. Асноўным крытэрыем пры вылучэнні вышэйназваных перыядаў у Цвікевіча з’яўляецца палітыка царскага ўраду на Беларусі і яго стаўленне да “заходнерускай партыі” – ад стрымана-халоднага (тады заходнерусізм перажываў заняпад) да актыўнай падтрымкі (тады заходнерусізм набіраў адносную моц). Аналізуюцца і іншыя фактары, напрыклад узровень пранікнення расійскага і польскага капіталу на Беларусь і змены ў сувязі з гэтым грамадска-палітычнага становішча на Беларусі.

Сваё апавяданне А.Цвікевіч вядзе грунтоўна, пазбягаючы залішне эмацыянальных ацэнак. І хаця вядома, што “западноруссы” – яго ідэйныя апаненты, нават антаганісты, ён ніколі не апускаецца да гнеўных “філіпікаў” у іх адрас, чым у лепшы бок адрозніваецца ад прадстаўнікоў пазнейшай савецкай гістарыяграфіі, для якіх вельмі часта “ідэалагічна бездакорная” лаянка з’яўляецца самым важкім аргументам (“супраць лому няма прыёму”). Імкненне супрацьдзейнічаць польскай культурнай экспансіі на землі Беларусі – вось асноўны пабуджальны матыў дзейнасці Каяловіча і яго аднадумцаў. Недавер да беларускага нацыянальнага руху, які ўзмацняўся і пераходзіў у адкрытую варожасць разам з узмацненнем гэтага руху, тлумачыўся ізноў жа антыпаланізмам прадстаўнікоў заходнерусізму (беларускасць, на іх думку, была ўсяго толькі “польскай інтрыгай”). У доказ гэтага сцверджання Цвікевіч некалькі разоў цытуе творы Каяловіча і іншых “заходнеруссов” [12, с. 221, 320]. Разам з тым Цвікевіч адзначае наяўнасць у заходнерусізме двух накірункаў: афіцыёзнага (найбольш яркі прадстаўнік – К.Гаварскі) і больш гнуткага ліберальнага (да якога аўтар прылічае М.В.Каяловіча). Не ставіць ён знака роўнасці паміж палітыкай царскага ўраду і надзеямі “западноруссов”, паказваючы, што заходнерусізм як мясцовы рух, які рабіў стаўку на культурніцкія метады асіміляцыі беларусаў (праз адукацыю, царкву і г.д.), не заўсёды падтрымліваўся афіцыйным Пецярбургам з яго недаверам да мясцовых людзей як безнадзейна сапсаваных Польшчай і стаўкай на адміністрацыйныя метады і на выхадцаў з вялікарускіх губерніяў. “На справе заўсёды выходзіла, – піша Цвікевіч, – што “западно-русс” у сістэме расійскай дзяржаўнасці павінен займаць другое, калі не трэцяе, месца і што ні расійскі ўрад, ні расійскае дваранства, ні расійскі капітал НІКОЛІ НЕ ДАЗВАЛЯЎ… БЕЛАРУСУ ПА ПАХОДЖАННЮ ВЫСОЎВАЦЦА НА ПЕРШЫЯ РОЛІ Ў ДЗЯРЖАВЕ нароўні з вялікарусам” [12, с. 323].

Гэта абумовіла ваганні многіх прадстаўнікоў заходнерусізму, да якіх Цвікевіч залічвае вядомых этнографаў Стукаліча, Раманава, Сапунова, паміж заходнерусізмам і беларускасцю. Нават Каяловіч, як можна зразумець з гэтага твору, не быў зусім вольны ад такога рода ваганняў. Аўтар не адмаўляе прыхільнікам гэтай плыні ў своеасаблівым “тутэйшым” патрыятызме, аднак вельмі яскрава паказвае асноўную супярэчлівасць заходнерусізму: нягледзячы на ўсё замілаванне беларускай спецыфікай, ён аб’ектыўна імкнуўся да растварэння Беларусі ў складзе “Вялікай Расіі” [12, с. 327-329].

Цвікевіч, аднак, прызнае навуковую каштоўнасць некаторых прац прадстаўнікоў заходнерусізму, якія, як гэта ні парадаксальна, паспрыялі беларускаму нацыянальнаму адраджэнню. Гэта працы Каяловіча па вызначэнні этнічных межаў беларусаў, П.В.Баброўскага – аб важнасці тых ці іншых этнавызначальных фактараў для беларусаў [гл. 12, с. 173-178], творы вышэйназваных этнографаў. Ён дае цікавую ацэнку адной з асноўных прац Каяловіча “Литовская церковная уния”. “Безумоўна, па багацці гістарычнага матэрыялу гэтая праца павінна быць адной з лепшых у сваім родзе. Шэраг трапных гістарычных характарыстык, дэталёвае апісанне ўсіх інтрыг, якімі карыстаўся Рым пры правядзенні сваіх планаў… – усё гэта знайшло свой падрабязны адбітак” [12, с. 150-151]. Аднак падрабязнага аналізу гістарычных твораў Каяловіча і яго аднадумцаў і духоўных нашчадкаў у Цвікевіча, як ужо было адзначана, няма.

Затое ў яго працы змешчаны бліскучы, на наш погляд, аналіз СВЕТАПОГЛЯДНАЙ АСНОВЫ ЗАХОДНЕРУСІЗМУ – СЛАВЯНАФІЛЬСТВА [12, с. 200-212]. Вельмі сціслая, але і вельмі грунтоўная характарыстыка славянафільства ў Цвікевіча найбольш каштоўная тым, што ён звяртае ўвагу як на моцныя бакі іх тэорыі (аргументаваная абарона славянства ад досыць пагардлівага стаўлення да яго з боку нямецкіх гісторыкаў і філосафаў – ад Гегеля да, адзначым ад сябе, Энгельса; крытыка істотных хібаў заходнееўрапейскай цывілізацыі, антыпрыгонніцтва, імкненне да ўсебаковага вывучэння славянскіх народаў і інш.), так і на слабыя яе бакі. Галоўнай праблемай, якая так і не была вырашана славянафільствам, была праблема стасункаў “праваслаўна-абшчыннага” ідэалу, які, на думку славянафілаў, існаваў у дапятроўскай Русі, і гістарычнага вопыту каталіцкай часткі славянства (напрыклад, палякаў), да таго ж пазбаўленай абшчыннасці. Славянафільства, як заўважае Цвікевіч, не пераадолела своеасаблівы “руссоцентризм”, КАЛІ ЎСЁ НЯРУСКАЕ, НЕПРАВАСЛАЎНАЕ І НЕАБШЧЫННАЕ ПАДАЗРАВАЛАСЯ Ў “НЕСЛАВЯНСКАСЦІ” і таму не знайшло спачування ў іншых славянскіх народаў. Адсюль вынікала стаўленне да беларусаў (да ўкраінцаў, дарэчы, таксама) як да сапсаваных “пальшчызнай” рускіх, і ставілася задача вяртання іх Расіі, якая была галоўнай для заходнерусізму. Гэтым тлумачыцца і адзначаная аўтарам гістарыяграфічная тэндэнцыйнасць школы Каяловіча. “Западно-русизм” у асобе Каяловіча… не хацеў бачыць большай гістарычнай сувязі Беларусі з Заходняй Еўропай, чым з Маскоўскім княствам” [12, с. 228].

Уважлівы чытач знойдзе ў даследаванні А.Цвікевіча яшчэ шмат цікавага (неардынарныя характарыстыкі асобных гістарычных і культурных дзеячоў, своеасаблівы погляд на беларускае нацыянальнае адраджэнне на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў і г.д.). Аднак неабходна адзначыць, што ў гэтай працы аўтару не ўдалося пазбегнуць характэрных для яго часу недахопаў у асноўным метадалагічнага характару. Асноўным з іх з’яўляецца залішні сацыялізм. Відавочна, што Цвікевіч, які пісаў сваю працу ў другой палове 20-х гадоў ХХ стагоддзя, знаходзіўся пад уздзеяннем уплывовай тады школы М.М.Пакроўскага з яе схільнасцю тлумачыць з’явы гістарычнага жыцця з пазіцый марксізму (а дакладней кажучы, эканамічнага матэрыялізму). Напрыклад, у прадмове да свайго твору Цвікевіч фармулюе “галоўную тэзу: развіццё грамадска-палітычнага жыцця на Беларусі ўвесь час  знаходзілася ў беспасрэднай залежнасці ад барацьбы польскага і расійскага капіталу за беларускі рынак” [12, с. 5]. І тут жа скардзіцца на адсутнасць ці малую інфарматыўнасць навуковых прац па гісторыі эканомікі Беларусі. У сувязі з гэтым яго “галоўная тэза” выглядае маладоказнай, як маладоказнымі, непераканаўчымі выглядаюць спробы тлумачыць любыя хістанні расійскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі ступенню актыўнасці расійскага або польскага капіталу, хаця некаторыя заўвагі па гэтым пытанні не пазбаўлены цікавасці. Нельга таксама тлумачыць прыход каталіцкай культуры ў беларускі нацыянальны інтэлігенцкі рух заняпадам у канцы ХІХ ст. шляхецкага фальварка, як гэта робіць аўтар. Хутчэй за ўсё, першасную ролю адыграла тут культурна-гістарычная традыцыя “ліцвінства”, якая не перарывалася ні ў Рэчы Паспалітай, ні ў Расійскай Імперыі і якая не дазваляла мясцовай шляхце цалкам спаланізавацца. Цікава, што прыход у беларускі рух з боку заходнерусізму тлумачыцца найперш духоўным фактарам – парадаксальным уздзеяннем заходнерускай тэорыі, якая падкрэслівала адметнасць “Западной России”.

Аднак гэтыя недахопы не закрэсліваюць, зразумела, станоўчых вартасцяў твора А.Цвікевіча. Пакуль што ён застаецца адзіным творам, у якім дадзена досыць грунтоўная і ў цэлым пераканаўчая ацэнка заходнерусізму.

Іншыя навуковыя працы па гэтай праблеме носяць характар агляду. Гістарыяграфіі заходнерусізму надаецца ў іх няшмат увагі. Як правіла, ідзе пералік асноўных дзеячоў гэтага кірунку і іх твораў без істотнага аналізу. Яшчэ адна асаблівасць прац такога тыпу – гэта разгляд гістарыяграфіі заходнерусізму побач (не ў параўнанні, а менавіта побач) з іншымі накірункамі дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. Аднак гэта не азначае, што дадзеныя працы маюць малую навуковую вартасць. Яны – нібы тое люстэрка, у якім адлюстроўвалася гісторыя савецкай гістарычнай навукі. Ацэнка, якую давалі творам сваіх папярэднікаў савецкія гісторыкі, залежала ад метадалагічных крытэрыяў, асабістых поглядаў гэтых гісторыкаў (нягледзячы на ідэалагічную нівеліроўку, адметнасць у поглядах усё ж існавала) і эпохі, якая ўладарна (занадта ўладарна) дыктавала свае ўмовы (так званы “сацыяльны” заказ). Таму немагчыма не заўважыць адрозненні ў навуковых падыходах паміж працамі, да прыкладу, 20-х і 30-х гадоў нашага стагоддзя.

Першай паслякастрычніцкай працай па дадзенай праблематыцы з’явіўся твор “патрыярха” беларускай гістарычнай навукі У.І.Пічэты “Введение в русскую историю”, у якім даецца аўтарская ацэнка некаторых прац такіх прадстаўнікоў заходнерусізму, як Каяловіч, Жуковіч, Харлампковіч [9, с. 184-186]. Ацэнка ў цэлым невысокая: “Общая концепция исторических судеб белорусских земель, представленная… М.О.Кояловичем, не может быть предметом серьёзного научного внимания. Автор не столько изучает исторические явления, сколько даёт волю своему оскорблённому национальному чувству… Чтения по истории России – прекрасный показатель того, как не нужно изучать исторические явления» [9, с. 184]. Гэта можна растлумачыць тым, што сам Пічэта да рэвалюцыі належаў да ліберальнай гістарыяграфічнай школы, вельмі адметнай па сваіх метадалагічных прынцыпах ад школы заходнерусізму. Гэтая школа, у адрозненне ад Каяловіча і яго паслядоўнікаў, большую ўвагу звяртала на сацыяльна-эканамічныя, чым на канфесійна-палітычныя фактары гісторыі. Аднак хібы метадалогіі сваіх навуковых апанентаў разгледжаны недастаткова – гэта не дазволіў зрабіць аглядны характар працы. Разам з тым Пічэта адзначае ўзрастанне навуковага ўзроўню прац Жуковіча ў параўнанні з Каяловічам і Харламповічам у параўнанні з двума вышэйзгаданымі. Але ўсё ж такі ён ставіць гістарыяграфію заходнерусізму ніжэй за творы, напрыклад, Любаўскага, Леантовіча, Доўнар-Запольскага, Грушэўскага [9, с. 178-181].

Праца Пічэты была выдадзена ў адносна ліберальныя 20-я гг. ХХ ст. А ў 30-я, як вядома, сталінскі таталітарызм дасягнуў свайго апагею. Вельмі характэрнай для яго ідэйна-палітычнай атмасферы з’явілася праца В.К.Шчарбакова “Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі”. Як можна зразумець з назвы, развіццё беларускай гістарыяграфіі асвятляецца тут з пункту гледжання марксісцкай метадалогіі, “прыпраўленай” палітычнай кан’юнктурай. Аўтар не аналізуе працы сваіх папярэднікаў, а нібыта судзіць іх, выносячы, трэба сказаць, бязлітасны прысуд. Гэта рэзка зніжае навуковую вартасць твору. Абсалютызацыя класавай пазіцыі прыводзіць да таго, што аўтар фактычна не бачыць істотнай розніцы паміж прадстаўнікамі заходнерусізму і ліберальнай гістарыяграфіі (хіба толькі ў тым, што Каяловіч і яго аднадумцы належалі да дваранска-клерыкальнага лагеру, а, напрыклад, Любаўскі – да лагеру буржуазнага). Дарэвалюцыйных гісторыкаў ён успамінае як выканаўцаў волі царызму ды расійскай буржуазіі і таму ставіцца да іх з непрыхаванай варожасцю. Сацыялагізм, характэрны для яго працы, адметны падкрэсленай вульгарнасцю.  Цытаты з твораў Леніна, якія аздабляюць гэты опус, выкарыстоўваюцца як вытрымкі з бездакорнага канону. Вось як тлумачыць аўтар змену поглядаў на гісторыю Беларусі, якая адбылася на мяжы ХІХ-ХХ стст. сярод расійскіх гісторыкаў: “Гісторыкі чарнасоценна-русіфікатарскага напрамку… якія належалі да плыні “Заходняга русізму”, не маглі ў канцы ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў задаволіць інтарэсы і патрабаванні рускай буржуазіі” [13, с. 36]. Пытанне аб унутранай логіцы развіцця навукі, выкліканага яе пазнавальнай функцыяй, увядзеннем у абарот новых гістарычных крыніц, удасканаленнем метадаў даследавання і г.д., фактычна здымаецца. І хаця крытыка недахопаў “заходнерускай” канцэпцыі [13, с. 20-30] даволі пераканаўчая, яўная тэндэнцыйнасць Шчарбакова прымушае ставіцца да яе з насцярогай. Дарэчы, гэтая крытыка таму з’яўляецца пераканаўчай, што найбольш слабыя бакі дадзенай канцэпцыі былі раскрытыя ў творах прадстаўнікоў расійскай ліберальнай і беларускай нацыянальна-дэмакратычнай гістарыяграфіі, для якіх Шчарбакоў не шкадуе чорнай фарбы. Але трэба заўважыць, што ён адзін з першых звярнуў увагу на цэлую сетку навукова-культурных установаў, якія былі адкрытыя на Беларусі пад уплывам дзейнасці “западноруссов” і займаліся даследаваннямі па археалогіі, археаграфіі, гісторыі, статыстыцы і этнаграфіі” [13, с. 32]. Падкрэсліваючы русіфікатарскі характар гэтых установаў, аўтар не паказаў, што, нягледзячы на суб’ектыўныя мэты натхняльнікаў іх дзейнасці, аб’ектыўна яны спрыялі збору каштоўных навуковых матэрыялаў пра Беларусь, якія маглі быць выкарыстаны гісторыкамі з супрацьлеглымі пазіцыямі, што вяло да развіцця гістарычнай навукі.

Пасля выхаду ў свет працы Шчарбакова мінула больш за 20 гадоў, першы чым было сказана наступнае слова па гэтай праблематыцы. Слова гэтае сказаў вядомы беларускі гісторык У.М.Перцаў. Чалавек выключнай эрудыцыі, адзін з апошніх энцыклапедыстаў у беларускай гістарычнай навуцы, ён займаўся і праблемай гістарыяграфіі. Праблема заходнерусізму разглядаецца ім у нарысе “Историография Белоруссии”, які ўключаны ў другі том “Очерков истории исторической науки”, што выйшаў з друку ў 1960 г. Вось дадзеная ім Каяловічу характарыстыка: “Клерикально-монархическая тенденция ярко выразилась в работах наиболее крупного из историков этой группы [маюцца на ўвазе прадстаўнікі заходнерусізму – заўвага аўт.] М.Кояловича… Заслугу сохранения религиозной и политической самобытности белорусского народа… он описал русским царям и русскому православному духовенству” [8, с. 721-722]. Далей Перцаў указвае на пэўныя заслугі Каяловіча ў вывучэнні гісторыі Беларусі: грунтоўнае вывучэнне крыніц (на што звяртаў увагу і Цвікевіч), вылучэнне элементаў гісторыі Беларусі з гісторыі ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай Імперыі, факталагічнае багацце. Працы двух іншых прадстаўнікоў гэтай школы – Бацюшкава і Бранцава – ён ацэньвае ніжэй. Магчыма, для чытача, знаёмага з асноўнымі гістарыяграфічнымі канцэпцыямі беларускай гісторыі, будзе нечаканай думка Перцава аб тым, што “в работах М.О.Кояловича и П.Т.Батюшкова отразились и ложная теория «золотого века», которую позднее… защищали и развивали белорусские буржуазные националисты» [8, с. 722]. Крытыкуючы гэтую тэорыю, Перцаў фактычна пералічвае асноўныя палажэнні негатыўнага ў дачыненні да “літоўскага перыяду” ў гісторыі Беларусі міфу, які цвёрда ўсталяваўся Ў САВЕЦКАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ Ў ЧАСЫ СТАЛІНСКАГА ТАТАЛІТАРЫЗМУ: АБ ЛІТОЎСКІМ ЗАВАЯВАННІ БЕЛАРУСІ, аб кардынальным адрозненні між ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай на карысць апошняй, аб незайздросным становішчы беларускіх земляў у складзе Вялікага княства Літоўскага (“о полном отсутствии государственной самостоятельности”) [8, с. 723], аб тым, што толькі пры ўмове ўз’яднання “белорусских земель с единоплеменной Русью” [8, с. 723] магчымы быў прагрэс беларускага народу і г.д. Уважлівы разгляд нарысу Перцава дазваляе зрабіць вывад аб тым, што ён у крытыцы гістарыяграфіі заходнерусізму расстаўляе акцэнты інакш, чым Цвікевіч і нават Шчарбакоў.

Калі да двух апошніх непрымальнай з’яўлялася вялікадзяржаўнасць школы Каяловіча, то Перцаў крытыкуе іх за клерыкальна-манархічны кансерватызм, характэрны для метадалогіі рускай дваранскай гістарыяграфіі. Вось і выходзіць у яго, што “западноруссы” і “беларускія буржуазныя нацыяналісты” – бясспрэчна, ідэйныя апаненты – маюць сходныя погляды. Растлумачыць гэта можна тым, што афіцыйная, а часам афіцыёзная, савецкая гістарычная навука, адмяжоўваючыся ад дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі, на самой справе падтрымлівала тыя ж палажэнні, якія падыходзілі для кананізаванага рашэннямі камуністычных правадыроў і адзіна дазволенага светапогляду. А паколькі светапогляд гэты, з нашага пераканання, эклектычна СПАЛУЧАЎ МАРКСІЗМ З ТРАДЫЦЫЯМІ РАСІЙСКАЙ ВЯЛІКАДЗЯРЖАЎНАСЦІ і нават месіянізму, то тэзіс аб выратавальнасці “воссоединения” Беларусі і Расіі, які так апантана адстойвалі Каяловіч, Бацюшкаў, Бранцаў і іх аднадумцы, пачынаючы з 30-х гг. ХХ ст., ізноў займеў сілу аксіёмы (зразумела, без спасылак на аўтараў). Ва ўмовах монаідэалагічнага грамадства гэтая псеўдааксіёма аказалася вельмі жывучай і, шчасліва перажыўшы адносную, так званую “хрушчоўскую”, лібералізацыю, перыяды “застою” і “перабудовы”, і цяпер знаходзіць прыхільнікаў.

У цэлым трэба сказаць, што форма нарысу, для якой характэрная сціпласць і лаканічнасць, не дазволіла аўтару зрабіць падрабязны аналіз праблематыкі беларускай гістарыяграфіі, у тым ліку заходнерусізму.

Зусім небагатымі на сур’ёзныя працы па разгляданай праблематыцы былі і наступныя 60-80-я гг. ХХ ст. Не ў апошнюю чаргу гэта тлумачылася істотнай перавагай сацыяльна-эканамічнай тэматыкі твораў беларускіх гісторыкаў. А паколькі ў цэнтры ўвагі прадстаўнікоў заходнерусізму знаходзілася іншая палітычная і канфесійна-рэлігійная праблематыка, то ацэнцы іх твораў не знаходзілася, як правіла, месца ў гістарыяграфічных аглядах. Характэрны факт: у “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі”, якая выдавалася ў тыя гады, адсутнічае артыкул, прысвечаны заходнерусізму.

З рэдкіх артыкулаў, у якіх разглядаюцца праблемы дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі, неабходна адзначыць артыкул А.П.Грыцкевіча [4, с. 122-139] і Г.Я.Галенчанкі [3, с. 105-108]. У першым з іх канстатуюцца бяздоказнасць і спрашчэнне, а то і фальсіфікацыя гістарычных фактараў у навуковых пабудовах Каяловіча. Як і ягоныя нешматлікія папярэднікі на гістарыяграфічнай ніве, Грыцкевіч звяртае ўвагу на яскравы антыкаталіцызм Каяловіча і, адпаведна, на непрыхаваную апалогію праваслаўя і яго носьбітаў, а таксама на ігнараванне ім сацыяльна-эканамічнай гісторыі [4, с. 123-125]. Ніякіх станоўчых момантаў у творах Каяловіча аўтар артыкула не бачыць, ва ўсялякім разе не называе іх. А.П.Грыцкевіч паказвае падабенства пазіцыі Каяловіча і прадстаўнікоў афіцыйнай гістарыяграфіі праваслаўнай царквы, але не атаясамляе іх.

У артыкуле Г.Я.Галенчанкі вартым з’яўляецца паказ сувязі паміж светапоглядам Каяловіча і яго канкрэтна-гістарычнымі высновамі. Тлумачэнне апошнім прычыны супрацьстаяння беларусаў каталіцкай (“лацінскай”) цывілізацыі Г.Я.Галенчанка характарызуе як “убогае” [3, с. 106]. Усё ж ён падкрэслівае апраўданасць указання на “активность белорусского мещанства в борьбе с католической экспансией” [3, с. 107]. Своеасаблівай заслугай дваранска-буржуазнай гістарыяграфіі, да якой можна далучыць і школу Каяловіча, аўтар лічыць прызнанне першаснай ролі ўсходнеславянскай культуры ВКЛ, аднак выкарыстанне гэтага вываду ў вялікадзяржаўных мэтах абясцэньвае, на думку Г.Я.Галенчанкі, гэтае палажэнне.

Новы этап у асэнсаванні гістарычнага мінулага Беларусі, які быў звязаны з чарговым уздымам беларускага нацыянальнага адраджэння, пачаўся ў другой палове 80-х гадоў ХХ ст. і працягваецца да гэтае пары. Ён характэрны вызваленнем ад ідэалагічных путаў, якія стрымлівалі дагэтуль творчую актыўнасць гісторыкаў. Гэта прывяло да значнага ажыўлення дыскусіі па праблемах гістарыяграфіі. Аб тым, якая акрэсленая мяжа пралягла паміж даследаваннямі нават сярэдзіны 80-х гг. і пазнейшымі, сведчыць параўнанне храналагічна не такой далёкай ад нашага часу працы З.Ю.Капыскага і В.В.Чапко “Историография БССР: эпоха феодализма» (Мн., 1986), у якой не змешчана, на нашую думку, колькі-небудзь свежых ацэнак і вывадаў, найноўшых публікацыяў па разгляданай праблематыцы. Аднак большасць з іх носіць залішне публіцыстычны і таму эмацыйны характар, што ў некаторай ступені перашкаджае іх успрыняццю як грунтоўнай навуковай (акадэмічнай, калі хочаце) літаратуры. Характэрна, што нават у артыкуле, змешчаным у трэцім томе “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” [16, с. 417-418; гл. таксама спіс літаратуры па тэме], напісаным А.Каўкам, заходнерусізм трактуецца больш як грамадска-палітычны кірунак, чым гістарыяграфічная плынь. Магчыма, на аўтара артыкула аказаў уплыў размешчаны вышэй твор А.Цвікевіча, дзе менавіта так выкладаецца праблематыка заходнерусізму. Найбольш вартай рысай згаданага артыкула з’яўляецца падрабязны і амаль поўны пералік перыядычных друкаваных выданняў і арганізацыяў, праз дзейнасць якіх ажыццяўлялася прапаганда ідэй заходнерусізму. Адзначым таксама слушную заўвагу аб уплыве, які аказваў дадзены кірунак на савецкую палітычную практыку і гістарычную навуку. Няшмат сказана пра школу Каяловіча ў адпаведным раздзеле па гістарыяграфіі, змешчаным у гэтым жа томе (аўтары З.Капыскі і Г.Штыхаў) [16, с. 1-19]. У канцэнтраваным выглядзе пункт гледжання аўтараў на дадзены кірунак гістарыяграфіі выкладзены ў наступнай фразе: “Пры яўнай памылковасці і навуковай неабгрунтаванасці зыходных  тэарэтычных пазіцый і поглядаў гісторыкаў на далёкае мінулае беларускага народа ў асобных працах ёсць шэраг меркаванняў і ацэнак, якія мелі станоўчае значэнне для далейшага развіцця гістарыяграфіі Беларусі ў якасці самастойнага прадмета вывучэння, сістэматызавалі многія факты, спрабавалі высветліць прычыны перамен, што адбываліся ў жыцці беларускага народа ў сярэдневяковы перыяд” [16, с. 18-19]. Гэты вывад, у той або іншай форме, рабіўся і папярэднімі даследчыкамі.

Найбольш значнай з найноўшых прац па беларускай гістарыяграфічнай праблематыцы з’яўляецца праца Д.У.Карава “Белорусская историография конца XVIII – начала ХХ веков» – у нейкай ступені прамежкавы вынік яго ранейшых даследаванняў. Як гэта відаць з назвы, аналізуецца гістарыяграфія другога перыяду Новага Часу, для якога характэрнае значнае паскарэнне тэмпаў гістарычнага развіцця, што прыводзіла да частых зменаў метадалагічных парадыгмаў у навуцы. Пры гэтым новая парадыгма не выштурхоўвала цалкам ранейшую, а суіснавала з ёю. Паступальны ход гістарычнай навукі залежаў не толькі ад унутраных працэсаў у ёй самой, але і знаходзіўся пад уплывам іншых фактараў, перш-наперш палітычных. Так, падтрымка царскім урадам гістарыяграфічных школ, погляды якіх у цэлым супадалі з прынцыпамі яго палітыкі, прыводзіла да таго, што яны, нягледзячы на састарэласць сваёй метадалогіі, працягвалі сваё існаванне як своеасаблівы рэлікт. Перажыла свой век, на думку аўтара, і тэорыя заходнерусізму. Характарызуючы погляды М.В.Каяловіча, Д.У.Караў адзначае, што “…теоретически и морально несостоятельная концепция историка не была похоронена или «сдана с архив» в дооктябрьский период развития белорусской историографии. Причины ее политической и идеологической живучести заключались не только в заинтересованности в ней правящих кругов империи, для которых такая версия исторического прошлого Белоруссии давала наукообразную «аргументацию», обосновывающую присоединение Литвы и «Западной России»… Но, вероятно, и в том, что Кояловичу удалось основать в стенах ПДА [Петербургской Духовной Академии. – заўвага аўт.] своего рода «историческую школу» из своих учеников и союзников” [5, с. 345-346]. Аўтар пераканаўча паказвае палітычную ангажаванасць гэтай школы, якая асабліва выявілася ў дзейнасці “Вестника Западной России” (рэдактар – К.А.Гаворскі). Моцным бокам працы з’яўляецца аналіз дзейнасці тых установаў, якія жывілі, трэба сказаць, багатымі гістарычнымі матэрыяламі “заходнерускую” канцэпцыю. Найважнейшай з гэтых установаў была Віленская археалагічная камісія. Д.У.Караў прызнае заслугу такіх установаў у накапленні гістарычных крыніц і звяртае ўвагу на тое, што “обнародованные факты нередко наводили читателя на мысли, противоположные целям их создателей” [5, с. 336]. Як і вышэйназваныя папярэднікі, аўтар лічыць найбольш яркай фігурай заходнерусізму М.В.Каяловіча. Заўзяты антыпаланізм прафесара ПДА прыводзіў яго, на думку Карава, “к очевидному уже в 80-е годы XIX века искажению реальных исторических событий” [5, с. 345], напрыклад, пры тлумачэнні ім узнікнення прыгону на землях ВКЛ.

Вялікую ролю ў абвяржэнні канцэпцыі М.В.Каяловіча аўтар адводзіць прадстаўнікам расійскай ліберальнай гістарыяграфіі (М.К.Любаўскаму, В.Б.Антановічу, І.І.Лапа і інш.). Падкрэсліваецца, што нават пазнейшыя гісторыкі школы Каяловіча, такія як Жуковіч і Харламповіч, зрабілі крок наперад у параўнанні са сваім настаўнікам у навукова-метадалагічным плане.

Завяршаючы агляд беларускай паслякастрычніцкай гістарыяграфіі праблемы заходнерусізму, необходна адзначыць яўна недастатковую распрацаванасць гэтай тэмы. Калі аналіз агульных гістырычна-філасофскіх поглядаў прадстаўнікоў гэтага кірунку можна лічыць здавальняльным, то аналізу іх канкрэтна-гістарычных выкладак надавалася значна менш увагі, ад чаго крытыка гэтай канцэпцыі часам выглядае не зусім доказнай. Трэба высветліць, як спалучаліся ў творах “западноруссов” уплыў палітычнага заказу царызму, унутраныя перакананні гісторыкаў і чым апошнія былі выкліканы (для чаго неабходна шырэй прыцягваць звесткі з іх біяграфій, вывучаць сацыяльнае і духоўнае асяроддзе, якое паспрыяла фармаванню менавіта такіх поглядаў). Цікавым уяўляецца вывучэнне эвалюцыі заходнерусізму, узаемаўплыву “акадэмічнага” і публіцыстычнага бакоў прац яго тэарэтыкаў. Патрабуе ўвагі праблема ўплыву гэтага, як, дарэчы, і іншых кірункаў дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі на савецкую гістарыяграфію. Можна пагадзіцца з В.П.Грыцкевічам, калі ён заўважае, што “ў масавую свядомасць укаранялася ідэя пра асаблівую, авангарднарэвалюцыйную ролю Расіі ў сусветнай гісторыі, пра асобнае “месіяністычнае прадвызначэнне яе народа…” [1, с. 76], і ўказвае на дакастрычніцкія (у тым ліку і заходнерусісцкія) карані савецкай ідэалогіі. Аднак “механізм” захавання гістарыяграфічных і ідэалагічных традыцыяў ХІХ ст. у савецкай сацыяльнай і духоўнай практыцы вывучаны не ў належнай ступені. Неабходна даць тлумачэнне, чаму савецкія гісторыкі, фармальна адмаўляючы  і абвяргаючы тэорыю Каяловіча, фактычна пагаджаюцца з многімі яго высновамі. Разгляду павінны падлягаць формы мімікрыі заходнерусізму (да прыкладу, ПАЛАЖЭННЕ АБ АДЗІНЫМ РУСКІМ НАРОДЗЕ, ключавое для гэтай плыні, У САВЕЦКІЯ ЧАСЫ БЫЛО ЗАМЕНЕНА ПАСТУЛАТАМ АБ СТАРАЖЫТНАРУСКАЙ НАРОДНАСЦІ, з якой выйшлі велікарусы, украінцы і беларусы, – пастулатам вельмі блізкім да зыходнага).

Малавывучанай пакуль што застаецца ацэнка заходнерусізму ва ўласна расійскай, а таксама ў польскай, украінскай і літоўскай гістарыяграфіі. Гэта толькі некалькі аспектаў праблемы заходнерусізму ў беларускай гістарыяграфіі. Праблемы, якія чакаюць сваіх даследчыкаў.

Выкарыстаная літаратура.
1. Беларусіка – Albaruthenica.- Кн. 2. – Мн., 1992.
2. Беларусіка – Albaruthenica.- Кн. 3. – Мн., 1994.
3. Голенченко Г.Я. Дворянско-буржуазная историография белорусской культуры XV-XVI вв. // Белоруссика. Книговедение, источниковедение, библиография. – Мн., 1980. – С. 105-108.
4. Грицкевич А.П. Историография истории православной церкви в Белоруссии (XIV – середина XVI вв.) // Из истории книги в Белоруссии. – Мн., 1976. – С. 122-139.
5. Карев Д.В. Белорусская историография конца XVIII – начала ХХ вв. // Наш радавод.- Кн. 5.- Ч. 2. – Гродно, 1993. – С. 234-393.
6. Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР. Эпоха феодализма. – Мн., 1986.
7. Очерки истории исторической науки в СССР.- Т1. – М., 1955.
8. Очерки истории исторической науки в СССР.- Т2. – М., 1960.
9. Пичета В.И. Введение в русскую историю. – М., 1922.
10. Сагановіч Г. Нацыянальнасць гісторыі як навукі // Беларускі гістарычны агляд. – 1994. – Т 1. – С. 1.
11. Самбук С.М. Общественно-политическая мысль в Белоруссии во второй половине XIX в. – Мн., 1976.
12. Цвікевіч А. “Западно-руссизм”. – Мн., 1993.
13. Шчарбакоў В.К. Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі. – Мн., 1934.
14.  Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.- Т. 1. – Мн., 1993.
15.  Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.- Т. 2. – Мн., 1994.
16.  Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.- Т. 3. – Мн., 1996.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы