На днях карэспандэнт радыё «Свабода» Ганна Соўсь ўзяла інтэрвю ў надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ЗША ў Беларусі сп-ра Джорджа Альбэрта Крола (гл. http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/7/F840FEF0-94FA-4265-AA7A-1B767B4F6ACB.html). Інтэрвю было прысьвечана завяршэньню 3-гадовага перыяду яго амбасадарскай дзейнасьці ў нас. Прыводзім некаторыя выказваньні сп-ра Крола, з-за якіх і без асаблівых каментароў становіцца відавочнай прычына, па якой мы ўносім яго ў наш СПІС ГРАМАДЗЯН ЗАМЕЖНЫХ КРАІН (гл. наступны матэрыял), якія сьвядома ўнесьлі часьцінку сябе ў будучую перамогу сапраўднай беларускай дэмакратыі (часта насуперак «агульнай плыні»).
Рэдакцыя.
(Г.Соўсь: ) “Цяпер паміж Менскам і Масквой вядуцца жорсткія перамовы наконт цэнаў на газ. Сытуацыя чымсьці падобная на тую, якая была ва ўкраінска-расейскіх дачыненьнях летась. Як вы ацэньваеце сёлетнія заявы “Газпрому” аб пераходзе ў гандлі зь Беларусьсю на рынкавыя цэны — гэта нармальны камэрцыйны разьлік, гэта газавы шантаж, гэта спыненьне ўскоснай падтрымкі беларускай улады ці нешта іншае?”
(Дж.Крол: ) “Паколькі я амбасадар ЗША ў Беларусі, то гаварыць пра палітыку трэцяй краіны не адпавядае пратаколу й этыкету. Магу толькі згадаць выказваньне віцэ-прэзыдэнта ЗША Дыка Чэйні на Віленскай канфэрэнцыі. Ён казаў пра занепакоенасьць ЗША тым, што Расея выкарыстоўвае сваю энэргетычную сілу і ўплыў для прэсінгу на іншыя краіны з палітычных матываў. Патрэбны дыялёг, ПАТРЭБНАЯ ПАВАГА ДА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ І СУВЭРЭНІТЭТУ ДЗЯРЖАВАЎ, ЯКІЯ МАЮЦЬ ЭКАНАМІЧНУЮ ЗАЛЕЖНАСЬЦЬ”.
(Г.Соўсь:) “Перад вашым прыездам у Беларусь у рангу амбасадара вы вывучылі беларускую мову, і першыя вашы словы па прыбыцьці ў беларусь былі па-беларуску. На працягу трох гадоў вы вельмі шмат гаварылі па-беларуску і ўсё лепш і лепш…”
(Дж.Крол:) “Недасканала, але лепш і лепш! Дзякуй. Мне патрэбна яшчэ некалькі гадоў”.
(Г.Соўсь:) “А ці часта і з кім падчас вашай кадэнцыі даводзілася размаўляць па-беларуску?”
(Дж.Крол:) “УСЕ МАЕ АФІЦЫЙНЫЯ ПРАМОВЫ — НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ. Я ТАК ВЫРАШЫЎ, БО ПАВАЖАЮ ГЭТУЮ МОВУ, ЯНА ВЕЛЬМІ ПРЫГОЖАЯ І МІЛАГУЧНАЯ. КАЛІ Я ВАНДРУЮ ПА КРАІНЕ, ТО Я ЗАЎСЁДЫ РАЗМАЎЛЯЮ ЗЬ ЛЮДЗЬМІ ПА-БЕЛАРУСКУ. Першая рэакцыя — мне адказваюць па-расейску, АЛЕ ПРАЗЬ ДЗЕСЯЦЬ-ДВАЦЦАЦЬ ХВІЛІНАЎ ПАЧЫНАЮЦЬ ГАВАРЫЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ ЗЬ ВЯЛІКІМ ЗАДАВАЛЬНЕНЬНЕМ”.
(Г.Соўсь:) “З 1997 да 2002 году вы працавалі на расейскім кірунку — спачатку дырэктарам аддзелу расейскіх справаў у Дзярждэпартамэнце, потым — дарадцам у палітычных пытаньнях у амбасадзе Злучаных Штатаў у Маскве. Якую ролю адыгрывае Расея ў беларускай палітыцы? Чым розьняцца й чым падобныя беларусы й расейцы?”
(Дж.Крол:) “Канечне, Расея адыгрывае вялікую ролю ў палітычным і эканамічным жыцьці Беларусі. Гэта вялікі сусед, вялікія эканамічныя дачыненьні й залежнасьць з боку Беларусі, і з боку Расеі таксама. З МАЙГО АСАБІСТАГА ДОСЬВЕДУ: БЕЛАРУСЫ І РАСЕЙЦЫ — ГЭТА АБСАЛЮТНА РОЗНЫЯ НАРОДЫ З РОЗНАЙ ГІСТОРЫЯЙ І РОЗНЫМІ ТРАДЫЦЫЯМІ. І ХАРАКТАР БЕЛАРУСАЎ І РАСЕЙЦАЎ ТАКСАМА АДРОЗЬНІВАЕЦЦА”.
(Г.Соўсь:) “Спадар амбасадар, некалькі гадоў таму, прыехаўшы напярэдадні Дзядоў у Курапаты, я выпадкова засьпела там вас разам з вашай намесьніцай спадарыняй Фліпот і яе мужам. Вядома, што вы былі адным з арганізатараў візыту прэзыдэнты ЗША Біла Клінтана ў Беларусь у 1994 годзе й бралі ўдзел у адкрыцьці гэтага мэмарыяльнага знаку. Падчас вашага знаходжаньня ў Беларусі “Лава Клінтана” неаднаразова зьведвала барбарства вандалаў, і цяпер пасьля чарговага акту вандалізму ў Курапатах на ёй дагэтуль няма мэталічнага вянка. Ці плянуеце на завяршэньне сваёй дыпляматычнай місіі ў Беларусі зьезьдзіць у Курапаты і паспрыяць аднаўленьню мэмарыяльнага знаку?”
(Дж.Крол:) “Нядаўна быў там і бачыў, што гэтая лава ня ў вельмі дрэнным стане. Так, няма мэталічнага вянка. Паспрабуем скантактавацца з МЗС Беларусі, каб вызначыцца, як можна ахоўваць гэты помнік і адрамантаваць яго, калі гэта патрэбна. Гэта быў ПАДАРУНАК АД НАРОДУ ЗША НАРОДУ БЕЛАРУСІ. І я лічу, што гэта абавязак беларускага боку — паважаць гэты падарунак. Напрыклад, калі б Статую Свабоды (падарунак Францыі ЗША) у Нью-Ёрку апаганілі вандалы, мы, амэрыканцы, аднавілі б гэты падарунак, паколькі мы лічым гэта сваім абавязкам. І мы лічым, што гэта абавязак беларускага боку — захоўваць падарунак беларускаму народу”.
(Г.Соўсь:) “Вы сёньня прыйшлі ў студыю Радыё Свабода, і на вас вельмі прыгожы льняны гарнітур — вы папярэдне патлумачылі, што гэта беларускі лён, гарнітур вы набылі ва ўнівэрмагу Віцебску. А якое яшчэ і матэрыяльнае, і маральнае ўвасабленьне Беларусі вы з сабой павезяце ў Амэрыку?”
(Дж.Крол:) “Назаўсёды застанецца беларускі дух. Тыдзень таму я быў на Віцебшчыне ў Бычках, месцы нараджэньня Васіля Быкава. Гэта мяне вельмі моцна эмацыйна ўразіла. Асабліва прыгажосьць гэтага месца. Калі я чытаў выдатны твор Быкава “Доўгая дарога дадому”, там было апісаньне ягонага дзяцінства. Я бачыў гэтае возера, гэты лес, і гэтыя пагоркі, гэтую хату. Нешта падобнае я адчуваў, калі быў на месцы нараджэньня Ўладзімера Караткевіча. Таксама я быў моцна ўражаны, калі наведваў такія гістарычныя мясьціны, як Гальшаны, розныя палацы, сядзібы, палі бітваў. Я САМ СА СЛАВЯНСКАГА РОДУ і асабліва на Прыпяці адчуваю магнэтычную прыцягальнасьць. Нядаўна я там бачыў на драўляным чоўне старога ў старажытнай беларускай вопратцы. Гэта было як мара, як вестка зь мінуўшчыны, якая яшчэ існуе ў Беларусі. Я ЛІЧУ, ШТО БЕЛАРУСЬ МАЕ СВОЕАСАБЛІВУЮ ДУХОЎНАСЬЦЬ — ГЭТА СУМЛЕНЬНЕ НЯ ТОЛЬКІ ЭЎРОПЫ, АЛЕ ЎСЯГО ЧАЛАВЕЦТВА. ТОЕ, ШТО ТУТ АДБЫВАЛАСЯ, І ТОЕ, ШТО ТУТ ЯШЧЭ БУДЗЕ, ВЕЛЬМІ ВАЖНА”.