(Абнаўленьне 1)
Рэдакцыя.
АНЫШКЕВІЧ Януш – віцэсьпікер Эўрапейскага парлямэнту. Унесены ў сьпіс за тое, што рэзка скрытыкаваў пляны Эўрапейскай камісіі й умовы тэндару адносна новых праграм замежнага радыёвячшаньня для Беларусі (у дадатак да перадачаў «Нямецкай хвалі»). Паводле словаў Анышкевіча, выглядае на тое, што як і ў выпадку зь нямецкай радыёстанцыяй, пераможцы тэндару могуць атрымаць хвалю пратэстаў ад саміх беларусаў, бо іхныя перадачы, хутчэй за ўсё, будуць расейскамоўнымі. «Чыноўнікі ў Брусэлі ўвогуле не разумеюць, якую ролю адыгрывае беларуская мова, якая ў сучаснай Беларусі, акрамя іншага, ёсьць носьбітам грамадзянскай сьвядомасьці».
БЯЛІНІС Лаўрас – літоўскі адмыслоўца ў беларускіх справах. Унесены ў сьпіс за тое, што лічыць вяшчаньне на Беларусь толькі па-расейску – вялікай памылкай. “Нацыянальная мова Беларусі ня ёсьць забытая мова. Так, можна казаць, што Беларусь русіфікаваная, што значная частка насельніцтва гаворыць на расейскай мове, але радыёвяшчаньне на расейскай мове пэўным чынам сымбалізуе тое, што на Захадзе беларуская нацыя прыпісваецца да Расеі, да расейскага культурнага і моўнага ўплыву. Я мяркую, што гэта памылка… Так наўпрост сьпісаць беларускую мову, нібыта яе і не існуе, гэта тое самае, што сьпісаць душу нацыі… Тым самым замест таго, каб згуртаваць апазыцыю, Захад адштурхнуў яе ад сябе… Нельга выкрэсьліваць адну мову толькі таму, што камусьці падаецца, што гэта мёртвая мова. Яна ня мёртвая, а жывая”.
ІЛВЭС Тоомас Гендрык – эстонскі дэпутат, намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Эўрапарлямэнту. За тое, што 14 верасьня 2005 г. падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце заявіў, што менавіта нацыянальныя, а не расейская, мовы былі маторам дэмакратычных пераменаў ва Ўсходняй Эўропе. Ён зьвярнуўся да нацыянальнай сьвядомасьці малых заходнеэўрапейскіх нацыяў: “Уявіце сабе, што ў гэтым парлямэнце мы б сказалі: “Ну, усе славакі разумеюць чэскую, усе датчане разумеюць швэдзкую, усе партугальцы разумеюць гішпанскую, усе галяндцы разумеюць нямецкую?” Якой была б рэакцыя на такія заявы? Мы зразумела можам сказаць, што “Усе беларусы разумеюць расейскую,” але што гэта азначае для людзей, да якіх мы зьвяртаемся?”
КРОЛ Джордж Альбэрт – надзвычайны і паўнамоцны амбасадара ЗША ў Беларусі. За тое, што ўсе яго афіцыйныя прамовы былі на беларускай мове, падчас розных неафіцыйных сустрэчаў у Беларусі ён таксама размаўляў зь людзьмі па-беларуску.
ПОСЭЛЬТ Бэрнт – нямецкі хрысьціянскі сацыяліст, сябра Эўрапарлямэнту. За тое, што ў верасьні 2005 г. патрабаваў ад Эўракамісіі і Рады Эўразьвязу аказаць куды больш рашучую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці. Паводле ягоных словаў, Беларусь ёсьць часткай агульнаэўрапейскай супольнасьці і любыя спробы зрабіць зь яе савецкае грамадзтва ў той ці іншай форме недапушчальныя. У сваёй заяве спадар Посэльт скрытыкаваў нямецкае радыё “Deutsche Welle” за вяшчаньне для Беларусі “на мове яе колішніх каланізатараў”. (Посэльт: ) “ Беларускі народ, які гістарычна доўгі час знаходзіўся пад прыгнётам самых розных акупантаў, стаіць перад чарговай пагрозай аднаўленьня Савецкага Саюзу ў той ці іншай форме. Аб’ектыўна такія спробы ня маюць ніякіх шанцаў на посьпех. Аднак падобныя, гэтак званыя, гульні розуму існуюць на ўсходзе Эўропы. Таму ў інтарэсах ўсяго Эўразьвязу куды больш рашуча, чым дагэтуль падтрымаць свайго ўсходняга суседа, падтрымаць беларускі народ, беларускую грамадзянскую супольнасьць, свабоду прэсы ў гэтае краіне”. Адначасна эўрапейскі парлямэнтар і дэпутат Бундэстагу Бэрнт Посэльт рэзка крытуе будучыя беларускія праграмы радыёстанцыі “Нямецкая хваля” на мове былой “каляніяльнай улады”. Паводле спадара Посэльта, “беларускі народ мае сваю непаўторную культуру, якая належыць да агульнаэўрапейскай, і гэты момант павінны улічваць эўрапейскія мэдыі”.
СЎОРЦ Дэйвід – першы амбасадар ЗША ў Беларусі. Унесены ў сьпіс за тое, што ўзначальваемы ім Фонд ЕГУ спыніў спонсарскую фінансавую падтрымку г.зв. «Эўрапейскага гуманітарнага універсітэту», калі высьветлілася, што ў гэтай навучальнай установе ня толькі не разьвіваецца беларусістыка, як планавалася, а і праводзіцца беларусафобская ўнутрыуніверсітэтцкая палітыка.
СЭВЭРЫН Адрыян – спэцыяльны дакладчык ААН у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. За тое, што на сэмінары па пытаньнях Беларусі ў Вільні, арганізаваным Парлямэнцкай асамблеяй НАТО і Літоўскім Соймам (версень 2005 г.), сказаў, што “людзі бяз нацыянальнай ідэнтычнасьці ня здольныя абараніць дэмакратыю”. Паводле яго, “Беларусь сутыкаецца ня толькі з праблемамі дэмакратыі, але з праблемамі ўзмацненьня нацыянальнай ідэнтычнасьці й нацыянальнай незалежнасьці.”
ЮКНЯВІЧЭНЕ Раса – дэпутатка Літоўскага Сойму. За тое, што на сэмінары па пытаньнях Беларусі ў Вільні, арганізаваным Парлямэнцкай асамблеяй НАТО і Літоўскім Соймам (версень 2005 г.), сказала: «Праблема палягае ня толькі ў тым, што Лукашэнка адняў у беларусаў права выбару, але ў тым, што заходні сьвет часткова заплюшчвае вочы і ня вельмі ўсьведамляе, што там адбываецца».