nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ МОВА – НАШАЕ НАЙВЯЛІКШАЕ БАГАЦЦЕ (Ч. І; кБНІ)

18 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Гэтым артыкулам Станіслава Судніка пачынаем прэзентацыю раздзела «Культура, мова, сімвалы» міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (18-19 красавіка 1999 г., Гародня).
Рэдакцыя.

Без мовы няма нацыі, няма народа. Гэтае выслоўе часцей за ўсё паўтараецца рэпразантантамі народаў, якія нядаўна сталі на шлях самастойнага развіцця, вызваліліся з-пад каланіяльнай залежнасці, народаў, на якія доўгі час уздзейнічалі культуры і мовы каланізатараў, якім трэба даказаць усяму свету і перш за ўсё самім сабе сваю самабытнасць, гістарычныя падставы свайго існавання, самабытнасць сваёй мовы і культуры, іхнюю неабходнасць для паўнавартага існавання нацыі, этнасу. Нам, беларусам, на сённяшнім этапе нацыянальнага адраджэння даводзіцца займацца тым самым.

Мэта гэтага артыкула – крануць некаторыя факты гістарычнай самабытнасці беларускай мовы, яе даўніны і непаўторнасці, яе цэльнасці і распрацаванасці, паказаць, што менавіта беларуская мова – гэта тая першааснова ў фанетычным плане, на якой грунтаваліся і грунтуюцца практычна ўсе сучасныя і зніклыя славянскія мовы.

АРЫЙСКАЯ АСНОВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
З сям’і індаеўрапейскіх моваў

Беларуская мова належыць да сям‘і індаеўрапейскіх моваў. Гаварыць сёння пра нейкую індаеўрапейскую першамову не выпадае, паколькі ў чыстым выглядзе яна ніколі не існавала, як і не існавала ніякая старажытнаруская ці старажытнаславянская мова. Мы сёння можам гаварыць пра нейкі набор арыйскіх і даарыйскіх дыялектаў, пракрытаў, на аснове якіх узнікла большасць індаеўрапейскіх моваў. Магчыма, мы калі-небудзь і дойдзем, гаворачы ўмоўна, да мовы Адама і Евы як першамовы  чалавецтва, але пакуль што ў акрэсе даступных для даследавання 5000 гадоў да н. э. справа выглядае такім чынам. На аснове пракрытаў былі сфармаваныя і першыя старажытныя мовы.

Найбольш старажытнай мовай лічыцца мова “Ведаў” – адной з першых на Зямлі кнігаў. Мова “Ведаў” сфармавалася на аснове даарыйскіх і нават дахецкіх пракрытаў. Час станаўлення мовы “Ведаў” – з ІV тысячагоддзя да н.э. Дапісьмовыя пракрыты ўяўлялі сабою мовы,  дзе аднаму слову адпавядала некалькі паняццяў, а аднаму паняццю – некалькі словаў. Яшчэ большая колькасць словазлучэнняў вынікала з гэтага багацця пракрытаў. Так, калі слова “белы” мела пяць гучанняў і слова “кветка” – таксама пяць, то словаспалучэнне “белая  кветка” магло мець да 25 гучанняў.

На аснове ўсходніх пракрытаў Краіны арыяў, якая размяшчалася на Інда-Гангскай раўніне паміж Гімалаямі і гарамі Віндх’я, у VII ст. да н.э. выкрышталізавалася мова, якая атрымала назву “эпічны санскрыт”. “Санскрыт” – значыць “апрацаваны”. У V-IV стст. да н.э. Паніні ў трактаце “Васьмікніжжа” сфармуляваў нормы класічнага санскрыту. Эпічным санскрытам напісаны славутыя паэмы “Махабхарата” і “Рамаяна”, класічным – мноства твораў старажытнай і індыйскай літаратуры. У нарысе “Падарожжа ў Краіну арыяў” (ЛіМ. 1994. 2 і 9 верасня) было паказана, што прабеларускія плямёны крыві і гуда паходзяць з Індыі, таму менавіта санскрыт павінен  быць найбліжэй да беларускай мовы, хаця ён сфармаваўся ўжо пасля таго, як беларускія плямёны пакінулі Індыю. Можна спрачацца наконт таго, што санскрыт і беларуская мова належаць сёння да розных моўных груп, але санскрыт – самы старажытны так поўна прапрацаваны пласт. Хецкае клінапіснае пісьменства, магчыма, старэйшае, але ў фанетычнай дакладнасці перадачы мовы непараўнальна менш дакладнае. Таму мы абапромся на санскрыт і зробім параўнальны аналіз санскрыцкага і беларускага слоўных палёў. З “Санскритско-русского словаря” А.Карчагіной (М.,1987; 30.000 словаў) выбіраем прабеларускія словы. Справа цяжкая, але ўдзячная. Даволі беглы прагляд дае да 750 прабеларускіх словаў наўпроставага ці ўскоснага супадзення, а гэта – 4 %. Безумоўна, што такіх словаў болей, але нават і 4 % словаў, што прайшлі праз тоўшчу як мінімум у 3.000 гадоў, нешта значаць. Аднак, улічваючы, што мы працавалі толькі з літаратурнай мовай, можна смела сцвярджаць, што з улікам дыялектаў санскрыцкі элемент складае каля 10%, і мы маем самую сур`ёзную падставу, каб назваць беларускую мову самай арыйскай мовай свету. Звернемся непасрэдна да санскрыцкай лексікі і пакапаемся ў гэтых самых прабеларускіх каранях.

Цікавай асаблівасцю санскрыцкай лексікі з’яўляецца наяўнасць характэрных беларускіх элементаў. Напрыклад, у санскрыце, як і ў беларускай мове, ёсць гук “дж” (пры гэтым ён абазначаецца асобнай літарай), гук “ў” (у нескладовае), які ўжываецца толькі пасля літары “а”, г.зн. пасля галоснай. Ёсць гук “г” фрыкатыўнае (беларускае). Абазначаецца асобнай літарай. Характэрным з’яўляецца і наяўнасць прыстаўнога зычнага “г” фрыкатыўнага, падаўжэнне зычных. Таму неправамоцнымі з’яўляюцца пасылкі, што прыстаўныя зычныя мы запазычылі ад балтаў. Слова “гэй” пісалася праз г яшчэ 3.000 гадоў таму.

А зараз пяройдзем да непасрэднага параўнання беларускага лексічнага поля з яго арыйскай протаасновай, зафіксаванай у санскрыце. Усе словы будзем даваць у беларускай транслітарацыі.

КАВАЛА – кавалак, глыток. Тут амаль поўнае супадзенне словаў у гучанні і значэнні.
СВІЯ – свой, уласны, сваяцкі. Параўнайце са словам «свая».
ВРАНА – рана, раненне. За тысячагоддзі згубіўся першы гук «в», цяжкі для вымаўлення зычны перад іншым зычным. Не будзем забываць, што ў беларускай мове пачатковае “в” перад зычнымі прапала ва ўсіх без выключэння словах, у некаторых выпадках перайшло ў гук “у”.
САМАВАРТАНА – вяртанне вучня дадому. Захавалася і гучанне, і значэнне частак  лексемаў.
СВАР – сварыцца, прыдзірацца, лаяцца. Параўнаем са словамі «сварка, сварлівы» і г.д. Корань слова захаваўся выключна.
ГІМА – зіма, холад, снег. Слова, праўда, пачынаецца з гука “г”. Улічым, што ў санскрыце гука “з”  няма зусім, але ў пракрытах мог быць. Па-другое, менавіта для беларускай мовы характэрны пераход “г” у “з” (дарога – на дарозе). Адсюль вытворныя:
ГІМА-ПАТА – снегапад;
ГІМА-ГІРЫ – снежныя горы (Гімалаі);
ГІМАЛАЯ – Гімалаі («Прытулак снягоў»). Мне думаецца, сумневу ў паходжанні слова «зіма» быць не можа.
ГРАМА – грамада, натоўп, людзі, жыхары. Але гэта сінонімы. Вытворныя грамадства, грамадзяне, грамадскі і інш. поўнасцю захоўваюць першааснову.
ПРАЧАР – рабіць, здзяйсняць, працаваць.
ПРАЧАЯ – збіранне. Але як збіранне ў старажытнасці было самай што ні ёсць працай, так і рабіць што-небудзь – значыць працаваць.
ПРАЧАС – нож, сякера. Гэта – прылады працы.
ПРАЧАРАНА – прыступаць да працы. Так, да «працы» прыступаюць сапраўды звычайна «рана». Такім чынам, беларускае слова «праца», а таксама вытворныя «працаваць, працаўнік, працавіты, працоўны» і інш. маюць настолькі  старажытнае паходжанне, што ўсялякія спробы вучоных-лінгвістаў вывесці яго з суседніх моваў не маюць падставаў.
МА – няма. Цераз гэтае ма заміж няма прайшлі ўсе дзеці Беларусі!
ПЛАВАНА – плаванне, купанне. Тут усё відавочнае.
САМАРУХ – рухацца ўверх, падымацца, узыходзіць. Усё гэта –  рух. «Рухомы, рухавы, рухавік».
САБАР – той, хто дае. (Але той, хто дае, і ёсць «сябар»).
САБРАХТА-ЧАРЫН – сабрат, аднадумец. Гэтая форма і раскрывае паходжанне слова «сябар». Менавіта слова «сабрат» ляжыць у яго аснове. Дарэчы, ні расейскага «друг», ні польскага «пшыяцель» санскрыт не фіксуе, таму што яны значна пазнейшага паходжання: «друг» паходзіць ад словаў «другі, сам друг», прычым у значэнні «второй», а не «иной», г.зн. у беларускім значэнні гэтага слова. Што датычыцца слова «пшыяцель», то ў санскрыце ёсць слова «апрыя» – неприятель. Праўда, наяўнасць адмоўнай формы не абавязкова прадугледжвае наяўнасць формы станоўчай. Напрыклад, ёсць слова «неабходнасць», але няма слова «абходнасць». Аднак з побач  даўно вядомым словам «небяспека» цяпер шырока ўжываецца слова «бяспека». Так мог і «прыяцель» з’явіцца з «непрыяцеля». Замена “р” на “ш” адбылася не раней чым у XII-XIII стст. н.э.; тое ж самае мы можам сказаць пра словы «труд, общество, движение», якія ў санскрыце не праглядваюцца.

Разгледзім яшчэ некалькі дзясяткаў словаў:
КАРА – падаткі, даніна. (Сапраўды, «кара» – што тады, што цяпер).
КАРА – вязніца, турма, зняволенне, месца адбыцця пакарання. Гэтае слова пішацца праз падоўжаную літару «а» ў адрозненне ад першага.
ТАТА – бацька. Не многія славянскія мовы захавалі такую форму.
ДАМ – дом.
ДАЛЯ – частка, доля.
ШВЕТА – светлы, белы. Згадаем імя Света. Пераход «с» у «ш» і наадварот – з’ява вельмі пашыраная ў індаеўрапейскіх мовах. Так, у нямецкай мове ў шмат якіх словах пры напісанні «с» чытаецца «ш». Можна параўнаць расейскае «счастье» і беларускае «шчасце», нямецкае «швайн» і беларускае «свіння» і г.д.
ПРАЦІВАЦ – працівіцца, пярэчыць.
КАВАЧА – панцыр, кальчуга. Але гэтыя дэталі ўзбраення сапраўды кавалі. Ёсць у нас і «каваль», і «кавадла». «Каваль» па-балгарску «ковач», а па-польску – «коваль».
АМУЛЬЯ – каштоўны, бясцэнны. Параўнаем са словам «амулет», назвай рэчы сапраўды каштоўнай па розных прычынах, але важнай і каштоўнай для таго, хто яе носіць.
ВЕДА – веды, святыя веды. Назвы гімнаў, песняў, сабраных у самхіты (сшыткі, зборнікі). Старажытнаіндыйскі філосаф-багаслоў В’яса раздзяліў іх на 4 зборнікі: “Рыгведу”, “Яджурведу”, “Самаведу”, “Ашхарведу”. Увогуле “ВЕДЫ” – НАЗВА ПЕРШАЙ НА ЗЯМЛІ КНІГІ. Дарэчы, менавіта ў “Ведах” выкладзены прынцыпы пабудовы Сусвету, згодна з якімі наш Сусвет з’явіўся ў выніку ўзаемадзеяннях трох гунаў: “тамас”, “раджас” і “сатва”, якія адпавядалі наступным разумовым крытэрыям: “тамас” – інерцыя, МАТЭРЫЯ, рэчыва; “раджас” – рух, ЭНЕРГІЯ, поле; “сатва” – яснасць, мудрасць, ІНФАРМАЦЫЯ. Толькі навука ХХ ст. высветліла, што наш Сусвет можна ва ўсёй яго дынаміцы апісаць у трох катэгорыях: рэчыва, поле, інфармацыя.
ВЕДА-ВІД – той, хто ведае “Веды”.
АВІДЗІТА – невядомы. Прыстаўка «а-» ў якасці адмоўнай ужываецца і ў сучасных  мовах (амаральны, алагічны і г.д.).
ВІД – ведаць.
ВІДАТХА – мудрасць. Параўнаем з адзнакай «выдатна», якую ставяць за талковыя (мудрыя) адказы.
АГІТА – кепскі, шкодны, злы. Параўнайце «агідны, нягодны».
ГАВА – крык, загад. Параўнайце «гаварыць».
АСТА – страла. Параўнайце «асцюк, астрога». Адно «вострае» начынне.
СТУПА – будзійскае культавае збудаванне канічнай формы, але беларуская ступа формаю якраз нагадвае гэтыя культавыя пабудовы.
СТАНА – жаночыя грудзі. Такую дэталь жаночага туалету, як «ліфчык», старэйшыя людзі на Беларусі яшчэ і цяпер называюць «станік».
СТХАЛА – посуд. Параўнайце са словам «стол», на якім гэты посуд стаіць (нельга адразу сказаць, якое слова ад якога тут пайшло).
САЛАКТАРА – пакрыты лакам.
САЛАМКАРА – упрыгожаны. Параўнайце са словам «саломка». Мо беларусы з таго часу робяць упрыгожанні з саломкі?
СІЧ – край, кайма. Параўнайце «сячы, адсячы».
САТА – рой. Параўнайце «соты», у якім гэты рой жыве.
САМА – такі самы. Параўнайце «таксама».
ШАПТАР – той, хто кляне. Параўнайце «шаптун», які таксама займаўся кляцьбой.
ШАСТРА –  нож, кінжал. Параўнайце «востры».
ШАТА – прасторная вопратка. Параўнайце «шаты».
ШАРА – стракаты. Параўнайце «шэры, шары».
ВІЛУП – рабаваць, абдзіраць. Параўнайце «луп, лупіць, лупіна».
ВІВАРТ – вярцецца.
ВІВАРТА – вадаварот. Параўнайце «выварацень».
ВЫСАНТА – вясенні ці вясновы.
АВІКА – авечка.
ВІЧАР – разыходзіцца. Параўнайце са словам «вечар» – парой, якой сапраўды разыходзяцца па дамах, а таксама са словам «развітвацца».
ВІДХУРА – неспрыяльны, небяспечны. Параўнайце «віхура».
ВІПРАВАСА – ад’езд. Параўнайце «выправа, выправодзіць».
ВІМА – вымяраць.
ВІРАХ – пакідаць. Параўнайце «вырай».
РАЙ – царства.
ВІРОДХІН  – вораг, супраціўнік. Параўнайце «вырадак, вырадзіцца».
ЛІПЦІ – мазь, цеста. Параўнайце «ліпкі».
ЛЕПА – абмазванне, пабелка. Параўнайце «лепка».
ЛЮБХ – любіць.
ВАНЦІ – ванты.
ВАДЖА – вада.
ВАДАВАГНІ – “вада в агні” – падводны агонь, агонь у вадзе.
ВАР – гарачая вада. Параўнайце «вар, варыць».
АГНІ – агонь, бог агню – у ведыйскі час адзін з галоўных багоў. Параўнаем «агністы, агнявы, агні».
ЛЮТА – павук. Павукі бываюць вельмі атрутныя. Параўнайце «люты».
ВАСА – жытло, хата. Параўнайце «весь, вёска».
МАСА – мяса.
МЕСА – баран.
МЕСІ – авечка.
УРАНА – ягня, баран.
МЕДА – тлушч. Параўнайце «мёд».
РАТХА – воін на калясніцы. Параўнайце «раць, ратны, ратнік».
БАНДЗІН – палоннік, вязень. Параўнаем са словам «бандыт». У вязніцу напачатку саджаліся «бандыты», гэта ўжо пасля хто папала.
БАНДЗІНА – палонніца.
ПАРВАТА – які складаецца з вузлоў. Параўнайце «парваць, парваны».
ПУТА – загон для жывёлы. А ў нас жывёлу «путаюць путам».
ПАДА – нага. Параўнайце «падэшва».
НІПІЦІ – напітак, піць.
НІРДЖЫВА – нежывы.
НІВАРТАНА – вяртанне.
НІВЕДАНА – паведамленне. Параўнайце «невядомае».
Н’ЯДА – яда, ежа. Параўнайце «наедак».
ПАРАДЖАЯ – паражэнне, страта.
НАГАРА – горад. Тут трэба задумацца, ад якога ж слова ўзнікла слова «горад»: ад словаў «гарадзіць, агароджа» – ці ад словаў гара, на гары. Санскрыт схіляе да апошняга. Мала таго, атрымліваецца, што самі словы «агарод, агароджа, гарадзіць» і інш. паходзяць ад таго ж «горада».
НАГАРА–ДЖАНА – гараджане.
ДВАРА – дзверы.
НАВА – новы. Параўнайце «навіна, навасёлы».
ДРАВ’Я – драўляны.
КЛЕЧА – мука, боль, нядуг. Параўнайце «калецтва».
ВАРДЖАТА – вар’ят.
ГРЫВА – шыя, патыліца. Параўнайце «грыўня» – абруч з дарагога металу, які насіўся на шыі, пазней – грашовая адзінка. У каня ці льва «грыва» таксама на шыі і патыліцы.
ДХАРА, ДХАРЫЦІ, УРУЦІ – зямля. Параўнаем са словам «араць»: тое, што «аруць».
АКАРНА – бязвухі, глухі. Параўнайце «абкарнаць» –  коратка абрэзаць.
САДА – плод. Параўнайце «сад, садавіна» – тыя ж плады.
САДАС – сядзенне, паседжанне.
САПІЦІ – сумесная выпіўка, гулянка.
ВІДЖНЯНІН – вучоны.
МАДХУ – мёд.
МАГАТА – веліч. Параўнайце «магнат, магутны».
ПРАБУДХА – прабуджэнне. Параўнайце «пабудка».
БАРБАРА – варвар, дзікун, варварскі, дзікі.
ПАЧ – пячы.
НІРА – вада. Параўнайце «ныраць, ныркі».
ДЖЫВА – жывы, душа.

Прыпынімся яшчэ раз. Мы паднялі некаторы пласт лексікі, невялікі ў параўнанні з магчымым, аднак дастатковы для пераканання, што аснова беларускай мовы – адна з самых старажытных у свеце. Зараз мы дадамо да гэтага нізку словаў, якія абазначаюць ступені сваяцтва.
СНУСА – нявестка, залвіца, снаха.
СВАСАР – сястра. Тут бліжэй да нямецкага «швэстэр», але сугучча ў наяўнасці.
ШВАШУРА – свёкар.
ШВАШРУ – свякруха.
МАТАР – маці. Параўнайце «мацярынскі».
МАТУЛЯ – брат маці, дзядзька. Слова з выключным беларускім гучаннем, але са змененым сэнсам.
ДЭВАР – дзевер.
ШВАГАР – швагер.
БХРАТАР – брат.
ТАТА – бацька, сынок. Гэта ласкава-памяншальная двухбаковая форма звароту паміж бацькам і сынам.
ДУХІТАР – дачка, таксама бліжэй да “тохтэр” (ням.).

Што тут можна сказаць? У наяўнасці вялікі ўхіл у бок нямецкай мовы. Але шмат і выключна беларускіх словаў. Напэўна, у адным з пракрытаў сямейная лексіка развітая лепш і яна ўвайшла ў санскрыт, ва ўсякім разе беларуская сямейная лексіка значна бліжэйшая да санскрыцкай, чым, скажам, расейская.
Яшчэ адзін цікавы пласт лексікі – гэта лічэбнікі. Разгледзім першы дзясятак:
ЭКА – адзін;
ДВА – два;
ТРЫ – тры;
ЧАТУР – чатыры;
ПАНЬЧА – пяць;
ШАШ – шэсць;
САПТА – сем;
АШТА – восем;
НАВА – дзевяць;
ДАША – дзесяць.

Можна адзначыць як відавочны той факт, што ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах лічэбнікі змяняліся найменей.

Яшчэ некалькі словаў:
ЯШМА – камень, скала. Параўнайце «яшма».
МАНІ – перл, пярліна. Параўнайце «маніста» – нітка пярлінаў.
ДРАВ’Я – драўляны, зроблены з дрэва.
АЯС – руда, медзь, жалеза.

Такія выбаркі можна працягваць і працягваць. Калі ў санскрыце захавалася столькі арыйскіх прабеларускіх словаў, то такія ж прабеларускія словы павінны быць і ў іншых індаеўрапейскіх мовах. Не цяжка заўважыць мноства блізкіх гучаннем словаў і ў германскіх, і ў раманскіх мовах. Некалькі прыкладаў з нямецкай:
Штэен – стаяць;
Ліген – ляжаць;
Эсэн – есці;
Брудэр – брат.

Але шырокая даступнасць еўрапейскіх моваў і літаратуры дае магчымасць кожнаму зрабіць параўнанні самастойна. Я ж хачу закрануць другую галіну арыйскай мовы – іранска-дардска-індыйскую, якую склалі мовы народаў, што засталіся ў Краіне арыяў ці ў яе ваколіцах.

Адпаведныя цяжкасці з мовазнаўчай літаратурай Усходу змушаюць мяне карыстацца наяўным матэрыялам. 4 верасня 1994 г. “Настаўніцкая  газета” надрукавала артыкул “Трапіўшы ў індыйскі рэстаран, беларус лёгка пазнае “сваё” слова” дацэнта тады яшчэ Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моваў А.Шыдлоўскага, які, будучы ў Індыі, на працягу года вывучаў хіндзі і заўважыў у гэтай мове вялікую колькасць беларускіх словаў. Вось некаторыя прыклады супадзенняў беларускай мовы і хіндзі. Для хіндзі засталіся характэрнымі гукі “дж” і прыстаўныя галосныя перад збегам зычных, чаргаванне зычных. Не патрабуюць асаблівага тлумачэння і словы:
МАТА – маці, матка;
ДЖЫВАН – жыццё (параўнайце «жывы»);
ДАДА – дзед;
ДЫН – дзень;
БХАРАТА – брат;
ДВАР – дзверы;
АГНІ – агонь;
ВАСАНТ – вясна;
ВЭД – веды;
СОНА – сон.

Некаторыя з іх супадаюць з санкрыцкімі, іншыя адрозніваюцца, але да беларускіх падобныя. Гэта вынік таго, што частка словаў з нейкіх пракрытаў у санскрыт не трапіла, а ў беларускую і хіндзі прабралася, але большасць усё-такі абапіраецца на санскрыт.

Шмат цікавага ёсць і на мапе Індыі:
Корба – назва горада ў штаце Мадх’я-Прадэш;
Думка, Банка – гарады ў штаце Біхар;
Куфры – вёска ў штаце Гімачал-Прадэш.

Можна дадаць назву горада Ітва і параўнаць з назвамі нашых вёсак Літва, Дзітва і г.д.

Але зробім крок убок і заглянем у яшчэ адну ўсходнюю мову – курдскую. Размяшчаецца Курдыстан якраз на шляху з Індыі ў бок Еўропы. Што ж мы бачым тут? Ды ўсё тое ж:
ДЭРЫ – уваход. Параўнайце «дзверы».
ДАРА – дрэва.
ДЖЫН – баба. Параўнайце «жанчына».
БЭРАН – баран. Давайце згадаем, што ў санскрыце адна з назваў барана – «урана».
МАЙДАН – поле. А мы гадаем, адкуль у нас такая назва плошчы.
СЭРДАР – буян. Параўнайце «сярдзіты».

Не будзем разглядаць і нават чапаць усёй складанай гісторыі Курдыстана і курдскай мовы. Заўважым толькі, што нават геаграфічнае становішча мае адпаведны ўплыў на наяўнасць і захаванасць старажытных элементаў мовы. Пажадана было б заглянуць ці зрабіць нават і грунтоўныя падарожжы ў мовы: бенгальскую, маратхі, панджабі, раджастані, гуджараці, біхары, кашмірскую, непальскую, ды і цыганскую заадно, але ці будзе калі для таго мажлівасць? Сёння ж мы вырашылі асноўную задачу – заглянулі ў непраглядную даўніну, у часы, з якіх не дайшло да нас ні летапісаў, ні каменных сякераў, ні нават якога-небудзь чарапка. З гэтай даўніны да нас дайшло толькі нашае найвялікшае багацце – наша мова. Яна, на першы погляд забітая і занядбаная, спрадвек патрабуе абароны і змагання за яе, а зірні глыбей – і яна сама выступае наймагутнейшым волатам, які бароніць ад зайздросных незычліўцаў нашую гістарычную велічнасць і самабытнасць. Толькі нашыя словы, якім сёння па 5-7 тысяч гадоў, неабвержна сцвярджаюць той факт, што носьбіты гэтых словаў – нашыя прашчуры жылі ў тыя часы. Можна спрачацца, за якую тысячу гадоў ці кіламетраў, але нельга не пагадзіцца з тым, што слова «сябар», якое існуе на Зямлі больш за 3 тысячы гадоў і носьбітам якога з’яўляецца адзіны ў свеце беларускі народ, не мае права знікнуць з гэтай Зямлі, і адказнасць за гэта нясуць не толькі беларусы, але і ўсё чалавецтва.

На гэтым можна было б спыніцца, але я яшчэ раз прашу шаноўных чытачоў удумацца ў лічбы – 3-7 тысяч гадоў таму. Яшчэ не было грэцкіх міфаў, не было егіпецкіх пірамідаў, не было Вавілона, а дзесьці ў далёкай невядомасці ўжо гучалі словы, якія сёння паўтараюць беларусы.

Згодна з Бібліяй, сёлета 7506 год.  Дык ці не ўзыходзіць мова нашая калі не да Адама і Евы, то да пачатку нейкай новай людской цывілізацыі, якая ўзнікла па тысячагоддзях пітэкантрапаў і неандэртальцаў?

Ад рэдакцыі: на час правядзеньня канферэнцыі Станіслаў Суднік – рэдактар газеты “Наша слова”, сябра Сойму БНФ “Адраджэньне”, сябра Рэспубліканскай Рады ТБМ (г.Ліда).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы