nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ МОВА – НАШАЕ НАЙВЯЛІКШАЕ БАГАЦЦЕ (Ч. ІІІ; кБНІ)

Ліпень 19, 2006 | Каментары (2)

Станіслаў Суднік

СТРАТА ДЗЯРЖАВЫ – СТРАТА МОВЫ.
ТЭОРЫЯ «МУЖЫЦКАСЦІ»

Працэсы паланізацыі і русіфікацыі найвышэйшых станаў ВКЛ ішлі настолькі імкліва, што адбылося адсяканне адукаваных станаў нацыі ад самой нацыі. Гэта прывяло да поўнай страты беларускай пісьмовай традыцыі. Нацыя, адна з найвялікшых у свеце, засталася без пісьменства і мусіла пачынаць усё з пачатку.

Тая лёгкасць, з якой беларус разумеў і пальшчызну, і расейшчыну, спараджала імкненне і тых і другіх да асіміляцыі беларусаў. Прапагандысцкія машыны абедзвюх метраполій – польскі касцёл і маскоўскае праваслаўе – узяліся за беларусаў. Але, лёгка справіўшыся з найвышэйшымі станамі, асімілятары па чарзе ламалі зубы на масе сялян, мяшчан і дробнай шляхты. Каб справіцца з гэтай масай, трэба было яе перавучыць. Спадзяванні на царкоўную унію не спраўдзіліся. Уніяцкая царква нечакана для яе тэарэтыкаў ператварылася ў нацыянальную царкву беларусаў, дзе ва ўсю моц загучала беларуская мова. Тады з розных бакоў была запушчана тэорыя пра “мужыцкасць” і “лапатнасць” беларускай мовы, каб канчаткова разарваць повязь паміж станамі нацыі. Гэта ў значнай ступені удалося. Мова, якая не мела пісьменства, насамрэч выглядала і больш беднай, і горшай перад мовамі, на якіх вучылі ў школах і ўніверсітэтах.

Тэорыя дала плён. Беларусы, якім удавалася атрымаць добрую адукацыю, пераходзілі на польскую ці расейскую мовы, адмаўляючыся ад сваёй як ад непатрэбнай. А яна і сапраўды была непатрэбнай – ні польскай дзяржаве, ні расейскай.

Але гэтая “мужыцкасць”, якая павінна была прынізіць і знішчыць нашу мову, можна сказаць, і выратавала яе. Абезгаловіўшы беларускую нацыю, пазбавіўшы яе пісьменства, асімілятары палічылі, што справа зроблена, і аслабілі націск на нізы беларускага народу. А гэтыя нізы былі далёка не быдла. Вялікі працэнт дробнай шляхты (у асобныя часы да 30 працэнтаў усяго насельніцтва) мусіў сказаць сваё слова. Застаючыся беларускамоўнай, шляхта назапашвала сілы для адраджэння. Пра яе арыентацыю сведчыць хаця б такі факт: паводле перапісу 1897 года з 153 тысячаў дваран беларускіх губерніяў 43,3 працэнта ПРЫЗНАЛІ РОДНАЙ МОВАЙ БЕЛАРУСКУЮ. А калі б адкінуць тую процьму расейскага дваранства, якое было нагнанае сюды дзеля русіфікацыі краю, то працэнт беларускамоўнай шляхты мог бы падвоіцца.

І адраджэнне пачалося. Прыстасоўваючы то лацінку, то кірыліцу, беларусы пачалі спрабаваць пісаць на роднай мове. Пакрысе пачала фармавацца новая пісьмовая традыцыя, заснаваная на жывой мове, без усякіх старажытных уплываў. Змаганне ўваходзіла ў паступовую і зацяжную фазу абуджэння нацыянальнай свядомасці цэлага народу. Бальшавіцкі пераварот абвастрыў і паскорыў усе працэсы. Фактычна, нацыянальнасвядомая эліта аказалася здольнай вырашаць задачы нацыянальнага адраджэння, не чакаючы “даспявання” ўсяго народу. І гэта было заўважана. Разграміўшы БНР, падзяліўшы Беларусь, наступны ўдар каланізатары з абодвух бакоў мяжы нанеслі па нацыянальнай эліце. Па абодва бакі мяжы турмы аказаліся забітымі беларускай інтэлігенцыяй. На 1940 год на тэрыторыі Польшчы не засталося ніводнай беларускай школы, у БССР на волі засталося толькі 14 пісьменнікаў. Усё начальства на адзін бок гаварыла па-польску, на другі – па-расейску. Тэорыя “мужыцкасці” вярнулася. Але на гэты раз асімілятары – што на ўсходзе, што на захадзе Беларусі, – дабраліся-такі да глыбінь народу. Усеагульная абавязковая адукацыя пры Польшчы вырашала задачу апалячвання. Пры саветах на першым этапе ішла інтэрнацыяналізацыя свядомасці, а ўжо праз пакаленне пачалася татальная русіфікацыя.

Пасля вайны ў БССР тэорыя “мужыцкасці” пачала рэалізоўвацца ў глабальным аб’ёме па ўсёй тэрыторыі з невялікім адставаннем заходніх раёнаў. Быў абмежаваны сацыяльны статус беларускай мовы. Мовай начальніка была расейская мова, мовай калгасніка – беларуская. Мова партыі, камсамола, войска, міліцыі – расейская мова.

У адпаведнасці з тэорыяй “мужыцкасці” ў невялікіх і занядбаных вёсках школы заставаліся беларускімі, а гарадскія ўсе былі расейскамоўнымі. Лепшую базу, лепшых выкладчыкаў сацыяльную перавагу горада над вёскай ператваралі ў перавагу расейскасці над беларускасцю.

Практычна ўся сфера навукі – расейскамоўная. Беларускай мове пакінулі вывучэнне сябе самой, беларускай літаратуры, кавалачак культуры (мастацкую самадзейнасць на вёсцы, дзе спявалі пра лапці ды гралі на піле). У канцы 60-х і беларускую літаратуру дазволілі (чытай – “абавязалі”) у многіх школах вучыць па-расейску.

Ні адной вышэйшай беларускамоўнай навучальнай установы, ні аднаго тэхнікума, ні аднаго ПТВ. Вясковых хлопцаў у ветэрынарных тэхнікумах вучылі па-расейску.

Да канца 70-х ні адна кніга сусветнай літаратуры не перакладзена на беларускую мову (дазвалялася перакладаць пісьменнікаў Сярэдняй Азіі, Казахстана, Грузіі і г.д., каб паказаць дружбу народаў). Дзюма, Твэн, Хэмінгуэй, нават Міцкевіч – толькі па-расейску. Не дубляваны ні адзін фільм. “Беларусьфільм” нават “Людзі на балоце” зняў па-расейску. Ні аднаго мультфільма. У рэпертуары опернага тэатра адна беларускамоўная опера “Алеся”. Толькі “Паўлінку” яшчэ дазвалялі паказваць па-беларуску, бо там ізноў жа лапці ды мужыкі як сімвал беларускага народу.

З’яўленне “Песняроў” стала магчымым таксама толькі таму, што пачалі яны з лапцяў: “… анучы ў Нёман ты мыць панясла”.

На канец 80-х ад беларускасці засталіся рэдкія выспачкі. Здавалася, што ўсё скончана. Але толькі таталітарная машына скрыгатнула словам “Перабудова”, як адкуль што ўзялося. У лічаныя гады, нават месяцы расквітнела ўся цывілізацыйная інфраструктура беларускай нацыі. Пачаўся прарыў беларускасці ва ўсе вобласці цывілізацыйнага спектру. І каланіяльная адміністрацыя забіла трывогу. Да ўлады былі прыведзены самыя цемрашальныя антыбеларускія сілы. І зноў загучала слова “мужыцкая”.

І зноў робіцца ўсё дзеля ліквідацыі беларускай адукацыі, дзеля недапушчэння беларускамоўнай вышэйшай адукацыі. Беларуская мова наўпрост выбітая з сістэмы кіравання, войска, міліцыі. Нават прысяга прымаецца ўжо па-расейску. Уся абслуга прамысловай вытворчасці расейскамоўная, справаводства – расейскамоўнае. Тэлебачанне і радыё трасянкамоўныя. Па-беларуску гучаць яшчэ бульба і бурак.  Наклады беларускіх выданняў мізэрныя. Адкрытая знявага мовы, як беднай, на якой “…нельга выказаць нічога вялікага”. Зноў ідзе змаганне за эліту, змаганне за ператварэнне нацыянальнай эліты ў каланіяльную.

І зноў сучасная беларуская шляхта, роля якой сёння адведзена нацыянальнай інтэлігенцыі, мусіць супрацьстаяць носьбітам тэорыі і практыкі “мужыцкасці беларусаў”. І зноў гэты не самы багаты, але шматлікі і адукаваны стан грамадства павінен узяць на сябе справу Вялікага Нацыянальнага Адраджэння Беларускага Народу.

І ЎСЁ Ж ТАКІ – ВЯЛІКАЯ.
ДЫЯЛЕКТНАЕ БАГАЦЦЕ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Безумоўнай бядой беларускай мовы з’яўляецца трасянка – даведзенае да абсурду спалучэнне словаў і гутарковых нормаў розных моваў у адной моўнай канве. Але далёка не кожнае адступленне ад нормаў літаратурнай мовы – трасянка. Беларуская мова, як і многія іншыя, багатая на дыялекты і гаворкі. ДЫЯЛЕКТ – паводле азначэння – генетычнае адзінства гаворак або іх групаў у складзе мовы, блізкіх асноўнымі асаблівасцямі сваёй будовы (фанетычнай сістэмай, граматычным ладам, слоўнікам) і сумесных па тэрыторыі размяшчэння.

Беларуская дыялектная мова складаецца з паўночна-ўсходняга дыялекту і паўднёва-заходняга дыялекту. Паводле мясцовых асаблівасцяў гаворкі паўночна-ўсходняга дыялекту падзяляюцца на тры групы – віцебскую, усходне-магілёўскую і полацка-менскую. Паўднёва-заходні дыялект дзеліцца на гарадзенска-наваградскую, слуцкую і мазырскую (усходне-палескую). Паміж паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім дыялектамі вылучаецца група сярэднебеларускіх (пераходных) гаворак, якія склаліся ў працэсе ўзаеманакладання і размывання берагоў супрацьлеглых дыялектаў на іх стыку. Паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні дыялекты разам з групай сярэднебеларускіх гаворак складаюць асноўны масіў гаворак беларускай нацыянальнай мовы, які тэрытарыяльна супрацьстаўляецца заходнепалескай групе гаворак. Апошняя з’яўляецца часткай дыялекту беларуска-ўкраінскага моўнага сумежжа. Гэты падзел цягнецца як бы з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад і вызначаецца асаблівасцямі маўлення, слоўнага поля. Разам з тым па шэрагу асаблівасцяў лексікі Беларусь дзеліцца яшчэ на дыялектныя зоны: паўночна-заходнюю, паўднёва-ўсходнюю, цэнтральную, або сярэднюю, заходнюю, усходнюю. Так, для заходняй зоны, да прыкладу, пры ўсёй размытасці дыялектаў і гаворак беларускай мовы, мае месца дастатковая колькасць паланізмаў. У паўночна-заходняй зоне існуе такая ўнікальная з’ява, як беларускі Perfekt, Plusquamperfekt i Futurm II – гэтая з’ява не назіраецца больш ні ў адной славянскай мове. І хоць мы кажам, што балцкіх элементаў у нашай мове амаль няма, тым не менш вытлумачыць гэтыя формы дзеясловаў нечым іншым, як уплывам летувіскай мовы, нельга, бо там такія формы ёсць. Але гэта позні ўплыў, бо беларусы фармуюць свае формы выключна беларускімі словамі ў поўным іх беларускім гучанні (я паеўшы, у сэнсе – я паеў; я быў заснуўшы – я заснуў; я буду паехаўшы – я паеду і г.д.)

Групы гаворак складаюцца з дзясяткаў, а то і соцень гаворак. Часткі гаворкі дзвюх суседніх вёсак, а то і двух канцоў адной вёскі, істотна адрозніваюцца. Так, у вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна даўжынёй каля трох кіламетраў, дзе праваслаўная сялянская вёска плаўна перацякае ў шляхочы засценак, на адным канцы кажуць: шапа, пляшка, лаўка, калодзезь; на другім, шафа, бутэлька, крама, студня – і так з дзясяткамі слоў.

Такім чынам, дыялектная мова Беларусі ў шмат разоў багацейшая за мову літаратурную. Калі ў літаратурнай мове мы можам цвёрда гаварыць пра 250-500 тысяч слоў, то ў дыялектнай – пра 1,5-2 мільёны. Такі аб’ём непасільны розуму аднаго чалавека. Наш найбуйнейшы руска-беларускі слоўнік зараз змяшчае толькі 125 тысяч слоў. Там большасці рускіх словаў адпавядаюць 2-3 беларускія. Паводле «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак», на кожнае слова можа прыходзіцца да дзясятка варыянтаў. Слова ІМЖА (дробны дождж) мае варыянты: імжака, мжачка, імжэль, імжак, імгла, мгліч, імла, мігла. Варыянты слова ВОРЫВА: аранне, гаранне, гаратте, арба, аральба і г.д. Пры гэтым трэба заўважыць, што сярод гэтых словаў практычна няма запазычанняў. А яшчэ зазначым, што расейцы надта ганарацца тым, што Пушкін ужываў у сваіх творах “ажно 10 тысяч слоў”. Куды нам, бедным беларусам, са сваёй мужыцкай мовай з яе мільёнамі словаў. Хіба каб “начальнік паньства” Лукашэнка сказаў, што беларуская мова бедная.

Дыялектнае і гутарковае багацце беларускай мовы – гэта тая бяздонная студня, адкуль чэрпаць і чэрпаць сотням пакаленняў і ніколі не вычарпаць, бо менавіта праз нашыя пракрыты – гаворкі і прыбываюць самабытныя словы ў наш санскрыт – літаратурную мову.

ФАНЕТЫЧНАЯ МІЛАГУЧНАСЦЬ

Паводле мілагучнасці  беларуская мова ставіцца ў Еўропе на другое месца пасля італьянскай. Ці ж ёсць падставы для гэтага, калі яе называюць грубай і “дзеравенскай”? Праўда, называюць тыя, хто яе не ведае і не любіць, але ўсё ж.

Пад мілагучнасцю (сінанімічная назва – эўфанія) разумеюць прыемнае гучанне мовы. Мілагучнасць беларускай мовы грунтуецца на яе нутраных уласцівасцях, абумоўленая фанетычнай сістэмай, найперш тым, што абсалютная большасць складоў у беларускай мове адкрытыя. Адкрытыя склады, пабудаваныя на прынцыпе ўзыходнай гучнасці, надаюць мове плаўную музычнасць. Павышае мілагучнасць беларускай мовы адметны санорны гук “ў”. Гэты гук вельмі спецыфічны. У стэнаграфіі яго называюць паўгалосным. У старажытнай лаціне, у адрозненне ад позняй лаціны, гэты гук разам азначаў і “в” і “у” і пісаўся як “V”. Кожны на каліва знаёмы з гісторыяй памятае подпіс на манеце “Sigismvndvs Rex”, дзе літара  “V” гучыць як “у”. Найвялікшыя тлумачы лаціны тлумачылі гэтую літару як “ў  нескладовае беларускае”. На самой справе, калі даўжыню “в” узяць за меру, а “у” за тры меры, то “ў” будзе мець дзве меры. А зараз мы возьмем два ідэнтычныя  тэксты на расейскай і беларускіх мовах па сто слоў у кожным і палічым колькасць галосных і паўгалосных “ў” і “й” у іх. Расейскі тэкст: галосных – 254, “й” – 4. Беларускі тэкст: галосных – 256, “й” – 4, “ў” – 18. Павелічэнне плаўнасці на 36 мераў. Для агульнага тэксту мала прыметнае, але для асобных словаў значнае. “Изб” і “хатаў”, “петель” і “завесаў”, “вёдер” і “вёдраў” і г.д.

“Ў” ужываецца ў шматлікіх словах і формах розных часцін мовы: галоўка, аўторак, ваўкоў, заўтрашні, за ўсё, паўсюль.

Спецыфічнае гучанне беларускай мовы шмат у чым ствараецца асаблівасцямі артыкуляцыі зычных. Так, вельмі мяккія ц’, дз’, с’, з’, н’, адметныя зычныя дж, ч, р, падоўжаныя  л’, н’, з’, с’, дз’, ц’ і іншыя надаюць гучанню характэрнае ўнікальнае, адзінае ў свеце адценне, якое ўсведамляецца носьбітамі беларускай мовы як яе эстэтычная ўласцівасць.

Можна назваць яшчэ некаторыя фанетычныя заканамернасці і з’явы, якімі забяспечваецца мілагучнасць нашай мовы: чаргаванне гукаў, поўнагалоссе, прыстаўныя галосныя і зычныя, асаблівасці націску і г.д. Беларуская мова – гэта жывая мова. Беларуская мова – гэта мова народу. Калі ў мове нечага не хапае, то народ дадасць, калі ў мове нешта лішняе, то народ адбярэ. Калі мова просіць прыстаўны гук, то народ і дадае; калі гук лішні, то народ адбірае. Ну не можа беларус па законах мілагучнасці пасля “акна” сказаць “окны” – ён кажа “вокны”. Калі разгледзець спектр гэтай з’явы, то адрыўное “о” высокай часткі спектру беларус панізіў гукам “в” і змясціў слова ў сярэдзіну акустычнага спектру, найбольш успрымальную для вуха.

Ну не можа беларус цягнуць, як гуму, усякія -нія, -ніё. Ён кажа: насеньне, адзеньне і інш. Ён не цягне гук. Ён яго канкрэтна паўтарае. Я не ведаю мовы, дзе было б двайное “ж”. А мы гаворым “збожжа”. Беларусы падзялілі гукі на цвёрдыя, мяккія, зацвярдзелыя, шыпячыя і свісцячыя. Нашым нацыянальным здабыткам ёсць гукі зацвярдзелыя: дж, ж, р, ч, ш. Гэтыя гукі даюць выразнасць нашай мове, бо нашае “чэ” і расейскае “че” – зусім розныя рэчы. Разам з тым трэба адзначыць, што сёння “дж” ёсць толькі ў нас, у сербаў і ў англічан.

Беларуская мова не церпіць як збегу зычных, так і збегу галосных. Нават навязаныя нам замежныя словы мы або пішам па нашых правілах: радыё (радыjо), або пішам прэзідыум, а кажам прэзідыюм (прэзідыjум). Тут няма збегу галосных, яны размежаваныя паўгалосным “j”. Збег зычных у дзве літары даволі лёгка пераносіцца мовай, але часта так і хочацца іх размежаваць, як, скажам, пра Полацк ці Слуцк хочацца сказаць Полацак ці Слуцак, і мясцовыя жыхары так і кажуць. Збег жа ў 3 зычныя мае месца толькі ў вельмі рэдкіх выключэннях (калі не лічыць прыстаўкі да збегу двух зычных).

Беларуская мова заснаваная на жывых гаворках. Яна не самамэта. Яна інструмент, прылада для аблягчэння побыту беларуса. Кожнае слова гаворыцца для таго, каб было пачутае і каб было пачутае выразна і правільна. Мова павінна дапамагаць жыць, а не абцяжарваць жыццё. Таму акустычны спектр беларускіх словаў імкнецца да сярэдзіны слыхавога спектру. Кожны фізік пацвердзіць, што адрыўныя і абрыўныя гукі выводзяць спектральныя складовыя словы ў высокі бок, цягучыя спалучэнні – у нізкі. І нізкія, і высокія складовыя дрэнна ўспрымаюцца вухам (часцяком зусім не ўспрымаюцца). Пазбягаючы і таго і гэтага, беларусы дасягаюць аптымальнасці супадзення спектраў слова вымаўленага і слова пачутага.

Мілагучнасць мовы – гэта не толькі мілагучнасць слова, а таксама мілагучнасць сказа. Словы ставяцца так, каб было выразна зразумела, што чалавек хоча сказаць. На пісьме часцяком сустракаюцца складаныя формы сказаў. У вуснай мове даволі рэдка. У побытавай мове яшчэ радзей.

Прастата выразаў, выразнасць словаў, яснасць думкі – гэтыя складовыя часткі мілагучнасці  зрабілі беларускую мову самай песеннай мовай. Па разнастайнасці мелодый, па іх самабытнасці і першаснасці ёй няма роўных у свеце. Ёсць такая з’ява у беларускай культуры, як Земавіт Фядэцкі, які выдаў унікальную кнігу “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі… czyli Сo śpiewano w Feliksowie”. Гэта зборнік песень, запісаных у адной вёсцы Феліксава Лідскага раёна падчас апошняй вайны. Дык  вось, выдадзеная колькі год таму гэтая кніга стала не проста кнігай, а стала з’явай у еўрапейскім мастацтве. У Італіі – сталіцы опер і іншых музык – гэтую кнігу называюць “Песнямі Атлантыды”, настолькі яны ўразілі музычных італьянцаў. А трэба ж разумець, што гэта самыя простыя словы і самыя простыя мелодыі, на якія быў здатны наш “просты” народ. А якія магчымасці адкрывае беларуская мова для прафесіяналаў музыкі! Уладзімір Мулявін з зусім простых мелодыі і словаў “Касіў Ясь канюшыну, паглядаў на дзяўчыну…” зрабіў усю сучасную беларускую эстраду. Паглядзіце толькі на гэтыя радкі, і вы зразумееце, чаму гэта адбылося: з 32 гукаў тут 14 галосных і 3 паўгалосныя. Менавіта дзякуючы гэтаму песня, а разам з ёй і мова нашая галосныя, спеўныя. Менавіта дзякуючы галоснасці нашай мовы тут неабсяжнае поле магчымасцяў для кампазітараў і спевакоў.

Праблема мілагучнасці беларускай мовы чакае далейшай навуковай і, зараз магу дакладна сказаць, навукова-тэхнічнай прапрацоўкі. Мы павінны да атамнага ўзроўню высветліць існасць кожнага слова, кожнага сказа.

ГРАМАТЫЧНАЯ  ДАСКАНАЛАСЦЬ

Калі я зараз пачну казаць пра граматычную дасканаласць беларускай мовы, то, калі ласка, не зразумейце так, што я кажу пра дасканаласць граматыкі. Граматыка ў нас не дасканалая, і пра гэта пісалі, пішуць і будуць пісаць усе ад вясковай настаўніцы да прафесара. Гэта так. Але я  пішу пра граматычную дасканаласць. Гэтага тэрміна няма ў энцыклапедыях, але я мушу пра гэта пісаць, бо так ёсць.

Кожная мова сама па сабе архаічная і неўладкаваная лінгвістычная сістэма. І толькі пачынаючы яе вывучэнне, пачынаюць разбірацца, што ў ёй ёсць, а чаго ў ёй няма. Так, у нас тры роды: мужчынскі, жаночы і ніякі; у расейцаў мужчынскі, жаночы і сярэдні, а ў французаў толькі мужчынскі і жаночы і г.д.

Таму, калі глянуць на ўсю існасць граматык як агульных правілаў карыстання мовай, становіцца зразумелым, што калі ўсе мовы паддаюцца нейкім правілам, то і нашая мова павінна паддавацца тым жа правілам. І глянуўшы ў падручнікі беларускай мовы, мы бачым, што ўсё так і ёсць. Наша мова раскладзена на назоўнікі, прыназоўнікі, дзеясловы і г.д.

Але граматычная дасканаласць мовы заключаецца не ў гэтым. Граматычна дасканалая мова – гэта тая мова, у якой няма выключэнняў. У беларускай граматыцы сёння ёсць выключэнні, бо сама граматыка  пашкоджаная і недасканалая. У БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ ВЫКЛЮЧЭННЯЎ НЯМА.

У беларускай мове пануюць два правілы. Я сказаў бы, вялікія правілы, самыя дэмакратычныя правілы ў свеце:
1. Як чуецца, так і пішацца;
2. Як напісана, так і чытаецца.
ГЭТА ХАРТЫЯ СВАБОДЫ МОВЫ.

Мы сёння змагаемся за правы чалавека, а што ён без мовы? Два выяўленыя лозунгі – гэта не толькі для беларусаў. Гэта для ўсяго свету.

Англічане на сваім востраве зблыталі ўсе галосныя, а сваімі караблямі гэтую блытаніну развезлі па ўсім свеце.

Немцы, як рацыянальная нацыя, паставілі ўсё на месца: як чуецца, так і пішацца, але ў немцаў таксама сотні дыялектаў, і каму як чуецца, трэба было нармаваць. І яны народнае “ў” пачалі часцяком чытаць як “й”. Дрэнна ці добра, Бог іх ведае. Гэта іхняя мова. Хай самі і разбіраюцца.

Мы, беларусы, маючы дзяцей сваіх, дасведчаных у мовах ад санскрыту да лаціны, паклалі сваю мову на стол і парэзалі яе на назоўнікі, прыназоўнікі, дзеясловы і г.д. І мы ўбачылі, што нашая мова не толькі ўкладваецца ў рамкі ўсіх цывілізаваных моў, а мусіць трымаць гэтыя рамкі, каб іншыя мовы ў іх упісваліся.

Мы маем усе часціны мовы. Мы маем дастатковую колькасць скланенняў і склонаў, спражэнняў і часоў і г. д., каб выказаць любую самую мудрагелістую думку, каб перакласці любую кнігу з любой мовы.

Каб дабіцца поўнай граматычнай дасканаласці, нам неабходна вярнуць дасканаласць нашай граматыкі, каб з клеткі яна ператварылася ў раскошныя пакоі для нашай мовы. Мы мусім вярнуць мяккае напісанне зычных перад мяккімі і “яканне” для прыназоўнікаў, магчыма, яшчэ сёе-тое. Мы, у прынцыпе, павінны вярнуць і першароднае гучанне такіх слоў, як “філязофія”, “філялёгія”, “газэта” і г.д., але мы мусім узгадніць гэта ўсё з першым правілам: ”Як чуецца, так і пішацца”. Як чуецца сёння на Беларусі. Ідзіце і слухайце. І думайце. І калі ў мове ўсяго народу змянілася ў некалькіх словах некалькі галосных, то не трэба з гэтага ствараць праблему. Ад Горадні і Бярэсця да Віцебска і Гомеля сёння кажуць “клуб”. Ну дык што, не прызнаць гэтага? Мусім прызнаць і згадзіцца. І ўводзіць “клюб” – толькі шкодзіць.

Ёсць у нашай мове шмат словаў, што з цяжкасцю вымаўляюцца па-беларуску, але яны або не нашыя, або ім нададзены не нашыя формы. Таму ёсць шмат працы ў ачышчэнні самой мовы ад наноснага, чужога. Але ўсю гэтую працу можна будзе правесці ў незалежнай Беларусі, пры нацыянальным урадзе. І заззяе нашая мова ўсімі гранямі граматычнай дасканаласці.

БЕССМЯРОТНАСЦЬ

І зараз мы нарэшце можам зусім коратка сказаць, што мова, усе якасці якой мы тут разгледзелі, што мова, якой 7 тысяч гадоў, не можа знікнуць ні за дзень, ні за год, ні за сто гадоў. Мы разбудзім народ, мы зачаруем яго нашай, ягонай мовай, і ён больш ніколі не забудзе і не пакіне яе.

Каментары (2)

  1. Valdas Banaitis says:

    …з 32 гукаў тут 14 галосных і 3 паўгалосныя…
    Дый дзеж яны, тыя тры, калi
    languages.miensk.com/tbm/Pashkievich/part1/kruh1.doc дае:
    I. Галосныя (vowels): a э o у ы я е ё ю i б ётаваныя
    ÍІ. Паўгалосныя (semivowels): й (і кароткае), ў (у кароткае).

    Але цi хтож мяне там пачуе?

  2. Я даўно чуў, што беларуская мова – другая ў Еўропе па мілагучнасці пасля італьянскай.
    Нават артыкул у свой блог напісаў на гэты конт.
    Але я ні разу не сустракаў падрабязнасці: хто, калі, дзе прызнаў бел.мову другой па мілагучнасці??? Падкажыце, калі ласка

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы