Барыс Керзач, Віталь Хромаў
Не ў прамым, канешне, сэнсе расьце, а ў пераносным – як грамадскі дзеяч. Чалавек за ўсю сваю кар’еру палітыка атрымаў самыя “заслужаныя” 10 сутак…
“Чаму вы зьвяртаеце ўвагу менавіта на гэтага чалавека”? – могуць запытацца ў нас. Маўляў, людзей зараз саджаюць сотнямі, многіх на шмат гадоў. Адказ: Анатолю Лябедзьку не хапіла толькі 8 галасоў (зь некалькі сотняў удзельнікаў “Дэмкангрэсу”), каб стаць “адзіным”! Сёньня ён “афіцыйна” стаіць непасрэдна за Мілінкевічам у чарзе на атрыманьне гэтага званьня. Сачыць за яго лёсам, а тым больш ЗА ЭВАЛЮЦЫЯЙ ЯГО ПОГЛЯДАЎ – ледзь не прамы наш абавязак.
Судзіце самі.
Для пачатку давайце вернемся ў 1994-ы год. “Маладыя ваўкі” – ганчары, булахавы, заханакі й пр-ыя фядуты – сярод іх й наш Анатоль – кінуліся дапамагаць Лу-ку стаць ПП РБ. Тады Лябедзька быў абсалютна перакананы ў правільнасьці сваіх дзеяньнях. У штабе “Очищения” (так звалася тады галоўная структура, якая дапамагала Лу-ку) працаваў азартна, так што любыя заўвагі й заклікі, тыпу: “Анатоль, адумайся, што ты робіш!!!” – ён рашуча з парогу адкідаў (дарэчы, рашучасьці, эмацыйнасьці ў Анатоля заўсёды хапала; гэта ўзьдзейнічала на многіх і працягвае ўзьдзейнічаць як апошні аргумант перакананьня).
У гэтым выпадку Анатолю хапіла аднаго году, каб разабрацца, што ён рабіў усё ж такі нешта ня тое, і спачатку адысьці ад Лу-кі, а затым перайсьці ў “жорскую апазіцыю” да яго, дзе Лябедзька стаў працаваць настолькі ж азартна, эмацыйна, рашуча, як і раней (толькі ў адваротным кірунку).
А цяпер давайце ўспомнім 2002 год, ліпень. Пуцін прапануе Беларусі ўступаць у расейскую імперыю… губернямі. Усю (!) апазіцыю (далучыўся, нават, Гайдукевіч) ахоплівае “праведны гнеў”. Сабраўшыся ў жніўні “апазіцыя” вырашае, што ў лістападзе яна правядзе “масавую вулічную акцыю пратэста”. “Чаму аж у лістападзе? Чаму не, напрыклад, 8 верасьня – у Дзень беларускай вайсковай славы?” – пыталіся тады многія. “Каб за тры месяцы добра падрыхтавацца” – у адзін голас адказвалі ўсе “апазіцыянеры”. Праўда да лістапада – часу прызначаных “масавых вулічных акцый пратэсту” – з аргкамітэту чамусьці (?!, вось яна – самая цікавая тайна найноўшай гісторыі Беларусі) ціха паадыходзілі практычна ўсе партыі (і АГП, і Гайдукевіч, і сацыял-дэмакраты). Нават Партыя БНФ прыняла была рашэньне адысьці, але потым перадумала. Засталіся толькі БПС (на чале з Сяржуком Высоцкім) і Малады Фронт (на чале з Паўлам Севярынцам). У асноўным на плячах беларускай моладзі й адбыліся тады і мітынг пратэсту, і марш да расейскай амбасады зь перадачай адпаведнай рэзалюцыі…
А ў гэты час (не, каб “ціха адысьці” й затаіцца, як усе іншыя) АГП на чале зь Лябедзькам закладае яшчэ адзін дзіўны фінт, які ўразіў тады многіх. Ён запрашае ў Беларусь прадстаўнікоў расейскай апазіцыі, каб абмеркаваць шляхі “новай лепшай інтэграцыі Беларусі з Расеяй” (?!). Маладому Фронту і БПС нават давялося праводзіць пікетаваньне будынку, дзе адбывалася сустрэча АГП з расейцамі. У сваю чаргу, на сустрэчы Лябедзьку давялося асуджаць “няправільную апазіцыю”, якая арганізавала пратэст каля расейскай амабасады. Бо “Расея і Пуцін – гэта тыя, хто могуць вызваліць Беларусь ад дыктатарскага рэжыма Лу-кі” – лічыў і распаўсюджваў у тыя часы тав. Лябедзька.
І вось, прайшло роўна 4 гады (ліпень 2006 г.). І што мы даведваемся. Анатоль арыштаваны і асуджаны на 10 сутак за тое, што ішоў да расейскай амбасады, каб падтрымаць беларускую моладзь, якая патрабавала ТАМ (!) вызваліць палітзьняволеных і пратэставала супраць планаў Масквы анэксаваць нашу Бацькаўшчыну!!! (гл. http://www.svaboda.org/xml/articles/2006/07/F96C2B21-075F-4744-8593-3EA6E44D00C5.html).
Такім чынам, на высьвятленьне чарговага стратэгічнага пытаньня – што імперская расейская бюракратыя ніколі ня будзе дапамагаць нам – беларусам – набываць свабоду і незалежнасьць, што быць у лапах Масквы пры ўсіх абставінах ня лепш, чым жыць пры дыктатуры хаця б на палову беларуса Лу-кі – тав. Лябедзьку спатрэбілася 4 гады…
А цяпер зробім разьлікі.
Паколькі сьветагляд сучасных псеўда-лібералаў – палітычны, ідэалагічны, арганізацыйны – адрозьніваецца ад сьветагляду сапраўдных беларускіх дэмакратаў па некалькі дзесятках пунктах, і паколькі на пераход на пазіцыі апошніх у кіраўніка АГП, як мы высьветлілі, ідзе 1-4 гады, сп-ру Лябедзьку, каб стаць сапраўды БЕЛАРУСКІМ ПАЛІТЫКАМ, спатрэбіцца пад 100 гадоў…
Аднак праз 100 год ні Лябедзькі, ні многіх з нас у Беларусі ўжо ня будзе.
Таму мы вымушаны «забракаваць» сп-ра Лябедзьку, як «маладога персьпектыўнага палітыка». Проста тэмпы яго палітычнага росту недастатковыя. Значна лепш падтрымоўваць іншых людзей, у якіх уяўленьні аб рэчаіснасьці ЗАРАНЁЎ значна больш супадаюць з рэчаіснасьцю…
Але, паколькі, любыя, нават самыя мізэрныя зрухі ў сьветаглядах людзей у правільным кірунку мы заўсёды будзем падтрымліваць, так і ў дадзеным выпадку, апошнюю перамену ў палітычнай пазіцыі Анатоля Лябедзькі мы лічым важнай і ад усёй душы вітаем.