Васіль Сёмуха
Мне хацелася б пачаць з добрага пажадання ўсім маім калегам-перакладчыкам дачакацца светлага дня, калі ў нашай краіне, як у Арменіі, будзе ўсталявана нацыянальнае свята – свята перакладу. Такі гонар трэба заслужыць. А гэта магчымае толькі праз якасць нашай працы ў такой спецыфічнай галіне літаратуры, дзе творчы чалавек не можа быць ніколі заменены машынай. Прынамсі я сумняваюся ў магчымасці запраграмаваць эмацыянальнае ўспрыняцце вобразнасці, якая ёсць самая першая ўмова мастацкага перакладу.
Сказанае падводзіць да думкі пра неперакладальнасць мастацкага, вобразна-эмацыйнага твора з адной мовы на другую. Чым больш я служу музе перакладу, тым больш у гэтым пераконваюся. Кожная мова, маючы вялікі арсенал сродкаў выказвання думкі, так бы мовіць, матэрыяльны арсенал, трымае яго ў духоўна-семантычным полі, якое склалася толькі ў гэтага народу і толькі ў гэтай мове. Каб звесці тэзіс да прымітыўнага прыкладу, скажу, што дам цэлага рубля таму, хто здолее кангеніяльна перакласці, скажам, на вельмі блізкую нам багатую, ярка-эмацыйную рускую мову просценькую фразу з просценькай беларускай песенькі “пасею гурочкі нізка над вадою”. Гэта немагчыма, бо эмацыйна-семантычныя палі моваў нават на ўзроўні асобных слоў розныя. Можна перакласці толькі фізічны сэнс, духоўна-эмацыйная сфера застаецца часткова недасягальнай альбо дасягальнай прыблізна, аналагічна, бо эмацыйна сэнс фразы можа быць зразуметы і ўспрыняты толькі носьбітам мовы арыгіналу. А наблізіцца да арыгіналу можна толькі напаўняючы фізічны сэнс твору эмацыйным сэнсам сваёй мовы. Гэта адкрывае незвычайныя магчымасці для ўзаемаўзбагачэння моваў за кошт узаемапранікнення іх у духоўныя сферы розных народаў, куды я адношу і эмацыйны лад мовы. Гэта была, ёсць і будзе вечная задача перакладу, бо і сам працэс развіцця моваў няспынны і бясконцы.
Дзень перакладу Арменія адзначае ўжо стагоддзі, і за гэтым стаіць прызнанне армянскім народам вялікай ролі перакладу ў захаванні, абароне і развіцці нацыянальнай культуры. Тым творам, з якога пачалася армянская пісьмовасць, быў пераклад Бібліі.
Першай фразай, напісанай Мэсропам Маштоцам, аўтарам і перакладу, і самога армянскага алфавіта, быў пачатак Выслоўяў Саламона: ”Каб спазнаць мудрасьць i настаўленьне, зразумець разумныя выслоўi; засвоiць правiлы добрай разважлiвасьцi, справядлiвасьцi, права i слушнасьцi; прастадушным даць кемнасьць, юнаку – веды i разважлiвасьць; паслухае мудры i памножыць веды, i разумны знойдзе мудрыя парады; каб разумець выслоўе i загадкавую мову, словы мудрацоў i загадкi iхнiя”. У гэтым крыецца перадумова для самаацэнкі кожнага чалавека і нацыі – ЗРАЗУМЕЦЬ СЯБЕ Ў КАНТЭКСЦЕ СУЦЭЛЬНАСЦІ.
Армянская нацыя, адна з самых старажытных нацый свету, зразумела гэта і захавала сябе, баронячы сваю адметную культуру, рэлігійную самабытнасць у асяроддзі суседніх народаў і іх культур. Натуральна, што народ бараніў тую Біблію, якую разумеў і прымаў розумам і душою. Гэта была Біблія на армянскай мове. У гонар гэтага яны сёння і маюць такое незвычайнае светлае і радаснае свята.
І грузінская літаратура пачыналася з перакладу Бібліі.
У Латвіі пачаткам унармаванай літаратурнай мовы лічыцца таксама пераклад – а менавіта пераклад Яна Райніса трагедыі Гётэ “Фаўст”. Было гэта на пачатку нашага стагоддзя.
З перакладу Бібліі на старабеларускую мову і яе надрукавання пачалося ўсходнеславянскае кнігадрукаванне. І гэта быў подзвіг аднаго ўзроўню з подзвігам Мэсропа Маштоца.
Зрэшты, чаму быў? Ён ёсць і будзе быць, пакуль будзем мы, беларусы. Ён прызнаны ўсімі, хоць недастаткова ўсвядомлены намі, беларусамі.
З 6 жніўня 1517 года, калі ў чэшскай Празе з варштата Францішка Скарыны выйшла першая перакладзеная ім біблейская кніга “Псалтыр”, мы, беларусы, пачынаем адлік беларускага літаратурнага, кніжнага перакладу, літаратурнай старабеларускай мовы і таго разумення слова Божага, якое ў хрысціяніна асяляецца ў душы і сэрцы, калі яно ўсвядомлена розумам, як пра тое сказаў апостал Павел у Першым пасланні да карынфянаў: “Калі я малюся на незнаёмай мове, дык хоць дух мой і моліцца, але розум мой застаецца без плоду. Што ж рабіць? Пачну маліцца духам – пачну маліцца і розумам; буду спяваць духам – буду спяваць і розумам” (1Кар.14:14-15). Адмыслова сказана якраз для перакладчыка, якраз пра тое, што я называю якасцю перакладу і той яго дасканаласцю, якая дазваляе ўспрымаць чужамоўны твор, як свой.
Гэтых некалькіх прыкладаў дастаткова, каб вынесеная ў загаловак тэма “Пераклад як форма абароны нацыянальнай культуры” была трактаваная прадметна і відавочна: Францішак Скарына даў беларускаму народу магчымасць спяваць духам і розумам. Пакуль народ спявае – ён жыве. Спявайма ж!
Што да беларускай літаратурнай мовы часоў Францішка Скарыны, дык тады яна ўжо існавала. Існавала і багатая перакладная літаратура. Але гістарычная заслуга Скарыны ў тым, што ён першы вывеў кнігу з тупіка, у які яе загнала царква. Яго Біблія сталася канцом панавання царквы ў выдавецкай справе, і ўпершыню свяшчэнную кнігу пераклаў і надрукаваў не багаслоў, а свецкі вучоны і асветнік ды выдаў яе “людзям паспалітым ко наученію” на зразумелай народу роднай мове. Ад тых даўніх часоў і да сённяшняга дня беларуская мова з’яўляецца ключавым пунктам беларускай культуры наогул, вызначальным момантам існавання беларускай нацыі. І тады і цяпер. Сёння, бадай, больш, чым калі. Сёння, калі нас дзяржаўным гвалтам змушаюць спяваць чужыя песні і маліцца толькі духам без удзелу ў свяшчэнным акце нашага розуму. Сёння, калі не трэба вялікага розуму, каб зразумець, што свой розум у нас ёсць, а чужым розумам не пражывеш. Дык жывема ж!
Аднак нягледзячы на папулярнасць Скарынавай Бібліі ў Беларусі, Расіі і Украіне, яна, на жаль, не сталася ў гісторыі беларускага народу тым сцягам, вакол якога гуртаваўся народ. Чаму? Няўжо не хапіла розуму? Не дазволілі, не дапусцілі. Задушылі “гусіцкую ерась” у корані. Агульнымі намаганнямі тых сілаў, якія не хацелі дапусціць беларусаў, КАБ ЖЫЛІ СВАІМ РОЗУМАМ. Не дапусцілі ўлады свецкія і клерыкальныя, выдатна ведаючы сілу Божага слова ў форме песні розуму нашага народу.
У Беларусі не было самастойнай, незалежнай царквы, якая падтрымала б нацыянальныя інтарэсы і памкненні беларусаў. Праваслаўная царква была, як і сёння, падначаленая Маскоўскаму патрыярхату, і шматлікія спробы вырвацца з-пад яго ўлады аказаліся марнымі. Каталіцкі касцёл на Беларусі быў падначалены Варшаве і нават не рабіў ніякіх крокаў у бок незалежнасці. Праваслаўная царква карысталася царкоўна-славянскай і рускай мовамі, каталіцкая – лацінаю і польскай. У такіх умовах смелы чын Францішка Скарыны аказаўся голасам таго, хто лямантуе ў пустыні. Да сёння пераклад Скарыны цэрквамі не прызнаны і не прыняты да ўжытку ў царкоўным жыцці. Апошнім часам праваслаўная царква, сціснуўшы зубы, мусіла прызнаць Скарынаву Біблію як “вялікі помнік беларускай культуры”. Але і толькі. І рана ставіць помнікі нашай культуры і мове, бо і стараармянскі грабар, і старагрузінская, і старабеларуская мовы – гэта жывы падмурак жывых сучасных армянскай, грузінскай і беларускай моў. Не забывайма ж, на якім моцным падмурку мы стаім.
Нашым часам Скарынаў пераклад набыў у Беларусі новае жыццё і служыць народу як ахоўны слуп беларускай культуры, як фундамент для новых прац у галіне перакладу і, зрэшты, як пашпарт беларускай нацыі, як сведчанне яе багатай гістарычнай спадчыны, як неабвержны аргумент супроць сцверджанняў шавіністычных сілаў, якія спрабавалі і спрабуюць пераканаць беларусаў і свет у тым, што ніколі ніякага беларускага народа не было, не было ў беларусаў ні гісторыі, ні культуры, ні мовы, а сапраўдная гісторыя, культура, літаратура пачаліся з 1917 года. А мова – гэта толькі крыху сапсаваная руская, якую трэба паправіць, ці, як мы часта чулі і ад нашых заходніх суседзяў-палякаў: “беларуская мова – гэта “зэпсута польшчызна”. Дык вось гэтая “зэпсута польшчызна”, “испорченная русская” выстаяла стагоддзі, стаіць і сёння, калі за яе ўзяліся не расейцы, не палякі, а “спорчаныя беларусы”, нашыя родненькія дэнацыяналізаваныя ўлады.
Такі лёс Скарынаўскага перакладу на Беларусі, якому антынацыянальныя сілы перашкодзілі стацца тым, чым ён вартасна мог бы і павінен быў стацца. На Беларусі беларускасць пераважна жыла і жыве ў падполлі. Але заўсёды жыла, вырываючыся напаверх часам вельмі нечакана і ў неспадзяваным месцы.
Напрыклад – праз пераклад.
На пачатку нашага стагоддзя вялікую сілу гучання набыў верш народнага паэта Янкі Купалы “А хто там ідзе?” Крыху нязвыклы беларускаму вуху па форме (сілаба-танічны верш? не ўкладваецца ў традыцыйную, знаёмую нам са школы метрыку?), вельмі сціслы ў аб’ёме (пяць трохрадковых строфаў), ён умясціў у сябе цэлую формулу беларускай нацыі, яе лёс, яе памкненні, яе самабытнасць, яе крыўду, яе модную ў вуснах сучасных русіфікатараў талерантнасць, на якой так зручна ездзіць вярхом. Верш варты таго, каб працытаваць яго лішні раз цалкам:
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
– Беларусы.
А што яны нясуць на худых плячах,
На руках у крыві, на нагах у лапцях?
– Сваю крыўду.
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць напаказ сваю?
– На свет цэлы.
А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несць наўчыў, разбудзіў іх сон?
– Бяда, гора.
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
– Людзьмі звацца.
Каментаваць змест лішне. Ён выразны, ясны, недвухсэнсоўны. Гэты верш Янкі Купалы стаўся ў свой час тэкстам першага гімна Беларускай Народнай Рэспублікі, быў гімнам вызвольнага руху на пачатку стагоддзя. Сёння знайдзіце вы мне беларуса, які не ведаў бы яго альбо не чуў – гэта твор хрэстаматыйны.
І ў той самы час мала хто ў Беларусі ведае, што верш такой магутнай сацыяльна-выбуховай сілы ёсць фактычна пераклад, ці, дакладней сказаўшы, мастацкае пераасэнсаванне, верш паводле матываў, з якіх засталася толькі знешняя форма, рытм руху, дыялогавая манера выказвання, – матываў верша сорбскага (лужыцкага) паэта Гандрыя Зэйлера (1.2.1804 – 15.10.1872) “Wjesele spewančko”, у сваю чаргу, апрацоўкі народнай песні (1828 г.). Працытую толькі тры першыя страфы, і вы зразумееце, пра што вядзецца гаворка:
Sto ha z tych Lipsčanskich murjow won dze?
Kak so ta črjodzička pomienuje?
Wjeseli Serbja su,
kiz z teho mesta du –
tralala lalala, Serbja to su.
Kajke to wobleča precelniwe?
Kajka ta radosć jich wobchadzuje?
To je to precelstwo,
kiz jim je zakćelo –
tralala lalala, zakćelo jim.
Sto ha ći prećtljo zastawaja?
Sto ha ta črjodka sej wuradzić ma?
Wohen sej klepaja,
trubki sej zazehla –
tralala lalala, kurić so ma.
(Вясёлая песенька.
Хто там ідзе з лейпцыгскіх муроў? Як гэтая чародка называецца? Вясёлыя сорбы гэта, ідуць з таго горада — траляля, ляляля, гэта сорбы.
Чаго ў іх твары вясёлыя? Чаго гэта радасць на іх найшла? Гэта дружная кампанія, якой ім і хочацца быць — траляля, ляляля, хочацца ім.
Што гэтыя сябры намыслілі? Што гэта чародка збіраецца рабіць? Красаюць агонь, люлькі запальваюць — траляля, ляляля, будуць курыць.)
І гэтак далей. Карацей, чародка сорбскіх хлопцаў ідзе з-пад самага Лейпцыга. Яднае іх усіх моцнае сяброўства і кампанейства, жаданне разам пакурыць, павесяліцца. Куды яны так весела ідуць з горада, куды вядзе іх дарога? Хлопцы ідуць на піва. У аднаго карчмара водзіцца піва, моцнае і смачнае, як віно. Далей – хлопцы пілі, выпівалі, па новай налівалі, радаваліся жыццю – ну, было, як у добрых людзей вядзецца і пад чарку кладзецца. І – хай жыве сяброўства, піва і радасць. Звычайная песенька. Якіх тысячы ў кожнага народа. І Купалава пераробка. Што лепшае – пераклад ці арыгінал? Адкажу: усё лепшае. Бо ўсё на сваім месцы, служыць сваю службу, кожнае ўпісана ў культуру свайго народа, ёсць частка яе (вядома, калі арыгінал добры па мерках свайго народу, калі пераклад альбо інспіраваны арыгіналам зусім новы тэкст добры па мерках і крытэрыях свайго народу).
Але адкуль узялася такая нязвыклая нашаму вуху форма? Чаму яна ў Купалы не цалкам супадае з формай Зэйлеравага верша? І ў той жа час у нечым вельмі супадае. Па гэтым “нечым” якраз і пазнаецца аўтар першакрыніцы.
А ёсць тым часам і яшчэ адна першакрыніца – пра-пракрыніца. Гэта старажытнагабрэйская паэзія, якая не ведала сучаснай нам разнастайнай метрыкі, рыфмы, рытміка якой цалкам іншай, чым сучасная, прыроды. Выдатныя ўзоры старажытнагабрэйскай паэзіі мы ведаем па паэтычных кнігах Старога Запавету Бібліі: “Кнігі Ёва”, “Псалтыры”, “Найвышэйшай песні Саламонавай”, “Плачы Ераміі”, часткова “Кнігі Ісаі”, “Кнігі Ёны”, “Кнігі Эклезіяста” і інш. Гэта была паэзія, рытм якой дасягаўся не паўторам падобных гукаў (рыфмай), не рытмічным націскам, колькасцю складоў, – а паўторам, ідэнтычнасцю, супрацьстаўленнем думкі, самой ідэі, яе ўдакладненнем, развіццём, узбагачэннем праз паралель, параўнанне, г. зн. праз чыста выяўленчыя мастацкія сродкі. Гэта называецца “паралелізмам”.
Гэтая біблійная рытміка сталася выдатнай асновай для развіцця еўрапейскай паэзіі, яна ўзбагачалася ўласцівымі еўрапейцам рытмамі і рыфмай, і мы маем шэдэўры такой сінтэтычнай паэзіі. Скажам, “Песня пра Гаявату” Г.Лангфэла, эпас карэльскага і фінскага народаў “Калевала”, эстонскі эпас “Калевіпоэг”, многія нашы народныя казкі, самы яркі прыклад сярод якіх – неўміручая міфічна-алегарычная “Курачка раба”. Усё ўзаемна звязана ў свеце паэзіі, усё ўзаемна ўплывае, усё непаўторна-самабытнае ў кожнага народу, і таму ўсё неперакладальнае, а толькі пераймальнае, і ўсё ў спалучнасці складае КУЛЬТУРНЫ СКАРБ ЧАЛАВЕЦТВА. У гэтым скарбе ёсць і наш, беларускі ўклад, без якога агульначалавечы скарб быў бы няпоўны.
І таму толькі добры, творчы пераклад стаецца фактарам абароны нацыянальнай культуры, мовы, годнасці народу. Слабы твор пісьменніка трактуецца, прынамсі ў нас у Беларусі, проста як слабы, няўдалы твор, на што кожны пісьменнік мае права, бо, зрэшты, не ўсё пісьменніку ўдаецца ў поўнай меры. Няўдалы, слабы пераклад выдатнага твору, перакладзены выдатным пісьменнікам (што здараецца даволі часта), сарамліва трактуецца не як перакладчыкава няўдача, а як немагчымасць перадаць сродкамі нацыянальнай мовы складанасць, багацце мовы арыгіналу, – як беднасць нацыянальнай мовы. Тым часам гэта не беднасць мовы, а беднасць таго, хто ёю багата карыстацца не ўмее, хто сваю асабістую нізкую культуру ставіць над культурай цэлага народу. “Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут делать ничего, кроме как разговаривать на белорусском языке, потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык — бедный язык. В мире существует только два великих языка – русский и английский” (А.Лукашэнка. З выступу на сесіі Гомельскага гарсавета 1 снежня 1994 г. “Народная газета”. 1.2.1995 г.; “Свабода”. 18.6.1996 г.). Гэта, бадай, самы яркі прыклад ацэнкі мовы чалавекам нізкай культуры і дрэннай выхаванасці, якому не дадзена зразумець закліку апостала Паўла – “спяваць духам і розумам”.
Верш Гандрыя Зэйлера мае ў сербалужыцкай культуры сваю вагу, верш Янкі Купалы – сваю. І ў кожнага аказаліся свае непаўторныя функцыі і свае ўплывы. Як прадстаўнік перакладчыцкага цэху, я асабіста ганаруся тым, якая вялікая вага ў Купалаўскага перакладу.
І яно, бескультур’е тое, з пазіцый фізічнай сілы будзе гаварыць мне пра беднасць сербскалужыцкай мовы? Пра беднасць беларускай мовы? Пра беднасць старажытнагабрэйскай мовы?..
І на заканчэнне я хацеў бы звярнуцца да ролі перакладу ва ўмовах таго, што робіцца ў Беларусі.
Я і большасць маіх калегаў абарону культуры бачым найперш у абароне мовы, дзяржаўнасці і незалежнасці. На працягу двухсот гадоў гэтае звяно нашай культуры паслаблялася, разбуралася, падточвалася з адной мэтай – з мэтай знішчэння яго, з’асімілявання нацыі. І нікому гэта не ўдалося. Але праз шматвекавы супор і праз эканамічны крызіс наша нацыя сёння моцна аслабленая. Пануюць шавіністычныя сілы, якія бачаць свайго ворага ў любых праявах беларускасці, і найперш – у мове.
Наша ўлада вуснамі найвышэйшага дзяржаўнага чыноўніка абвяшчае: “Я своё государство за цивилизованным миром не поведу!”(З выступу А.Лукашэнкі па беларускім тэлебачанні з нагоды другой гадавіны яго прэзідэнцтва 10 ліпеня 1996 г.), не задумваючыся над тым, што дзяржава знойдзе дарогу ў цывілізаваны свет і без самазваных месіяў, колькі б іх, новых пугачовых, ні аб’яўлялася. “…Тогда привели к Пугачёву Ивана Игнатьевича. “Присягай, – сказал ему Пугачёв, – государю Петру Фёдоровичу!” – “Ты нам не государь, – отвечал Иван Игнатьевич, повторяя слова своего капитана. – Ты, дядюшка, вор и самозванец!” Пугачёв махнул опять платком, и добрый поручик повис подле своего старого начальника.” (А.С.Пушкин. “Капитанская дочка”).
Гэта сказана на рускай мове, якой у гняздо падкладваюць байстручка – беларуска-рускую “трасянку” з яўным намерам узбагаціць яе, зрабіць яшчэ больш вялікай: “Русский язык наполнен за советское время за 70, уже 80 лет нашей общей жизни наполнен больше чем наполовину душой других народов. И от этого наследства мы ни в коем случае не должны отказываться” (З выступу А.Лукашэнкі на першым з’ездзе настаўнікаў Беларусі 4 кастрычніка 1997 года. Беларускі Маніторынг № 218 06.10.1997).
На якой жа мове гаворыць улада з народам? Менавіта вось на гэтай “большей половине” рускай, на мове “наследственной”.
Гэта і ёсць оруэлаўская “новамова” – не беларуская, не руская, не, нарэшце, таксама вялікая англійская. Беларускае навамоўе – гэта сумесь дрэннай беларускай і дрэннай рускай, і нам, беларусам, кажуць на гэтай мове: “Мы имеем два маменты, каторыми крупна распалагаем!” Паспрабуйце, спадарства перакладчыкі, калі ўжо не выказваць на вашых “бедных мовах” нешта вялікае, дык хоць бы зразумець гэтую ўстаноўку. Гэта, так бы мовіць, “адзін мамент”. А другі – новая рэлігія, новая духоўнасць, сэнс якое закладзены ў дэклараванай яе назве “праваслаўны атэізм” ці ў іншым варыянце – “атэізм праваслаўнай арыентацыі”. Удумайцеся ў сэнс гэтай тэрміналогіі, і мне не давядзецца нічога тлумачыць.
Барані мяне Божа, я не хачу нічога благога сказаць пра нашага прэзідэнта асабіста. Я кажу пра з’яву, тэндэнцыю, пра адну са шматлікіх формаў і праяваў расейскага нацыяналізму ў Беларусі. І тут ужо, кажучы па-беларуску, не да парасят свінні, калі самую смаляць. Наш прэзідэнт выказвае думкі і пачуцці той часткі народу, якая абрала яго на высокую пасаду, і значная частка гэтай часткі дасюль яшчэ актыўна яго падтрымлівае. Гэта тая частка народу, якая, падобна старажытным габрэям, якіх Майсей вёў праз пустыню да свабоды, настальгічна енчыць у дарозе, прагнучы вярнуцца ў рабства: “Прыхаднi сярод iх пачалi аддавацца прыхамацi; а зь iмi i сыны Iзраiлевыя сядзелi i плакалi i казалi: хто накормiць нас мясам? мы памятаем рыбу, якую ў Егiпце мы елi задарам, гуркi i дынi, цыбулю-рэпку i часнык: а цяпер душа нашая зьнемагае; нiчога няма, толькi манна ў вачах нашых” (Лікі, 11: 4-6).
Сёння беларусы ідуць па пустыні, але вядзе іх не мудры Майсей, а мяцежны Карэй, і вядзе не ў зямлю абяцаную, а назад у Егіпет, дзе нават манны даўно ўжо няма.
Ад рэдакцыі: Васіль Сёмуха – славуты перакладчык, пісьменьнік (Менск). Ягоны поўны пераклад Бібліі на нашу мову можна знайсьці па адрасе: http://txt.knihi.com/biblija/