Эдуард Дубянецкі
У сучасны перыяд, ва ўмовах татальнага крызісу, становіцца надзвычай важнай і неабходнай задачай пошук найбольш эфектыўных шляхоў пераадолення ўсеагульнага заняпаду, выратавання самабытнай беларускага культуры, мовы, захавання і адраджэння багатай народнай спадчыны нашага народу. Значную, а часам і проста неацэнную дапамогу ў падобных пошуках могуць аказаць многія меркаванні і высновы, зробленыя ў розны час прадстаўнікамі беларускай інтэлектуальнай эліты — навукоўцамі, пісьменнікамі, грамадска-палітычнымі і культурнымі дзеячамі Беларусі.
Бадай не будзе перабольшваннем сцвярджаць, што для вызначэння прыярытэтаў і асноўных кірункаў развіцця беларускага грамадства самымі каштоўнымі з’яўляюцца менавіта тыя працы творчай інтэлігенцыі, у якіх рабіліся спробы спасціжэння існасці і вызначэння адметных рысаў беларускай нацыянальнай ідэі. У гэтым сэнсе значную цікавасць уяўляюць многія публіцыстычныя творы Янкі Купалы, дзе неаднаразова закраналіся пытанні, так ці інакш звязаныя з беларускай нацыянальнай ідэяй.
Мною было прааналізавана пятнаццаць публіцыстычных прац Янкі Купалы, напісаных і апублікаваных ім на працягу аднаго дзесяцігоддзя — з 1910 па 1920 г. У гэты спіс уваходзяць наступныя творы Купалы: “Ці маем мы права выракацца роднай мовы” (1910), “Чаму плача песня наша? (1913), “А ўсё ж такі мы жывём!..” (1914), “Вера і нацыянальнасць” (1914), “Больш самачыннасці” (1919), “Адбудова Беларусі” (1919), “Незалежнасць” (1919), “Незалежная дзяржава і яе народы” (1919), “Моладзь ідзе!” (1919), “Беларускае войска” (1919), “Торжышча” (1919), “Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год” (1920), “Думка за думкай” (1920), “Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы” (1920), “Справа беларускага нацыянальнага гімна” (1920).
Як вядома, у публіцыстычнай спадчыне Купалы няма спецыяльнага артыкула, прысвечанага асэнсаванню менавіта беларускай нацыянальнай ідэі. Але апошнюю ўсё ж такі ўяўляецца магчымым, так бы мовіць, “рэканструяваць” на аснове ўважлівага вывучэння вышэйназваных публікацый. Іх комплексны, рознабаковы аналіз дазваляе зрабіць адпаведныя высновы аб тым, як Купала разумеў сутнасць беларускай нацыянальнай ідэі, як вызначаў яе характэрныя рысы, месца і ролю ў жыцці кожнага чалавека і ўсяго беларускага грамадства.
Зараз паспрабуем высветліць асноўныя “складовыя часткі” (або “складнікі”) беларускай нацыянальнай ідэі ў разуменні Янкі Купалы. Адным з такіх найбольш важных складнікаў з’яўляецца, паводле поглядаў і выказванняў народнага песняра, “ВОЛЬНАЯ, НЕЗАЛЕЖНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА”, бо толькі “адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу” (артыкул “Незалежнасць”). У гэтым жа творы Купала падкрэсліваў, што ўсялякая залежнасць ад каго б ні было заўсёды “бокам залежнаму народу вылазе”. Але адначасова ён аптымістычна сцвярджаў, што Беларусь, як і кожная іншая краіна свету, “мае права і даб’ецца раней ці пазней гэтага права стаць роўнай і вольнай дзяржавай паміж сваімі суседзямі”. Зыходзячы з падобных меркаванняў, Паэт акрэсліў і галоўную мэту дзейнасці ўсіх свядомых беларусаў-патрыётаў — “завяршыць будову светлага, незалежнага існавання Беларускай дзяржавы” (артыкул “Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год”).
Яшчэ адным вельмі істотным “элементам” нацыянальнай ідэі можна лічыць усведамленне непаўторнасці сваёй Бацькаўшчыны, а таксама САМАБЫТНАСЦІ, УНІКАЛЬНАСЦІ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ І МОВЫ. Купала ў сваіх творах даў шмат прыгожых, паэтычна-ўзнёслых вызначэнняў роднай мовы, сярод якіх, напрыклад, такія: “выразіцелька душы і думак чалавека”, “душа душы народа” і да т.п. У вядомым артыкуле “Ці маем мы права выракацца роднай мовы” класік беларускай літаратуры адзначаў, што “самы важнейшы і непраломны закон жыцця — гэта людская мова, праз каторую чалавек стаў найвышэй ад усякага стварэння пад сонцам”. Далей Купала сцвярджаў, што кожны народ у свеце адрозніваецца адзін ад аднаго найперш яго “адвечнай уласнай мовай, той мовай, якую вякі ўсвянцілі і ўкаранілі ў ім, на якой ён і яго продкі, з самага пачатку свайго паяўлення на зямлі, узраслі і ўзгадаваліся”. Зыходзячы са свайго гістарычнага досведу, “народны пясняр” упэўнена сцвярджаў, што практычна “ніколі ў заваяваным ці забраным народзе няможна выдзерці яго душы і яго роднага слова”.
Акрамя таго, Купала вызначаў яшчэ і такі адмысловы складнік нацыянальнай ідэі, як агульнабеларуская “НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЕДНАСЦЬ”. Неаднаразова ў публіцыстычных творах Паэта сустракаюцца такія паказальныя словы і словазлучэнні, як, напрыклад, “братэрства”, “братцы”, “супольная і згодная праца”, “наш народ, як адзін” і да т.п. А ў артыкуле “Незалежная дзяржава і яе народы” Янка Купала падкрэсліваў, што “шчыра дэмакратычныя думкі аб волі, роўнасці, братачнасці найглыбей запалі і западаюць у нашыя гаротныя душы і сэрцы”. Падобныя ідэі аб “братачнасці” па сваёй існасці прыблізна адпавядаюць такому феномену грамадскай жыццядзейнасці, які французскі сацыёлаг Э.Дзюркгейм калісьці называў “АРГАНІЧНАЙ САЛІДАРНАСЦЮ”.
На думку Купалы, у нацыянальнай ідэі заўсёды даволі выразна і яскрава выяўляюцца спецыфічны “вольны народны дух”, асаблівасці культуры і мовы народу, адметныя рысы яго гістарычнага шляху, ментальнасці (складу розуму, спосабу мыслення). Мала таго, можна нават сцвярджаць, што фактычна менавіта асаблівасці гістарычнага і этнакультурнага развіцця, нацыянальнага характару народу аказваюць найбольш прыкметны ўплыў на ўнутранае “выспяванне” і, нарэшце, сфармуляванне нацыянальнай ідэі. Дзеля таго каб лепш зразумець апошнюю, неабходна больш уважліва спыніцца на тым пытанні, у чым жа бачыў Купала унікальнасць гістарычнага шляху і ментальнасці беларускага народу.
Бадай найважнейшай адметнасцю гістарычнага развіцця Беларусі з’яўляецца, паводле Купалы, амаль несупынная і зацятая барацьба за авалоданне Беларуссю паміж нашымі больш магутнымі суседзямі з Захаду і Усходу (найперш, зразумела, паміж Польшчай і Расіяй). Гэтае змаганне доўжылася некалькі стагоддзяў і ў большасці выпадкаў нанесла велізарную шкоду самабытнай культуры, мове, свядомасці спакойнага, талерантнага беларускага народу. Таму нездарма ў творах “песняра” сустракаюцца такія выказванні, як “заваяваны, забраны народ“, “ВЕКАВЕЧНАЕ ПАДНЯВОЛЛЕ”, “падняволле Беларусі” і да т.п.
І менавіта з-за таго, што наша Бацькаўшчына працяглы час знаходзілася ў падняволеным стане, яна цяпер (г.зн. у пачатку ХХ ст. — Э.Д.) мае ўсе належныя падставы для абвяшчэння яе сапраўды свабоднай, вольнай і незалежнай дзяржавай. Прычым за сваё вызваленне, за дасягненне незалежнасці Бацькаўшчыны ўсім беларусам-патрыётам неабходна смела і рашуча змагацца з усялякімі незычліўцамі і “ворагамі беларушчыны”. Купала лічыў, што кожны падняволены народ павінен у сваім нацыянальна-вызваленчым руху кіравацца несмяротнымі ідэаламі свабоды, роўнасці і братэрства.
Зыходзячы з гістарычных рэалій, Янка Купала сцвярджаў, што Захад і Усход працяглы час таргаваліся паміж сабой за цэлыя дзяржавы, за цэлыя народы дзеля таго, каб дабіцца для сябе пэўнай эканамічнай і палітычнай карысці. Гэта прывяло да таго, што многія народы былі паняволены, “стагналі пад ярмом” больш магутных і агрэсіўных дзяржаў. І выйсце з гэтага найскладанейшага становішча “народны пясняр” слушна бачыў найперш у імкненні паняволеных народаў да дасягнення сапраўднай свабоды і дзяржаўнай незалежнасці.
Купала лічыў, што жыццё беларусаў у параўнанні з іншымі народамі было, мажліва, найцяжэйшым з-за “няшчаснай залежнасці ад нашых мацнейшых суседзяў” (артыкул “Незалежнасць”). Аднак нягледзячы на ўсялякія перашкоды і цяжкасці, “просты” беларускі народ (найперш сяляне і местачкоўцы) усё ж такі заўсёды “… цвёрда трымаўся ўсяго таго, што яму пераказалі на божай пасцелі дзяды і прадзеды, і не зацёр сваёй асобенасці, свайго нацыянальнага духу, астаўся да сягонняшняга дня тым, чым быў… хоць і валок на сабе ярмо кольківяковага чужога ўладарства” (артыкул “Ці маем мы права выракацца роднай мовы”).
У артыкуле “Вера і нацыянальнасць” Купала яшчэ раз выказаў сваё перакананне ў тым, што нашай Бацькаўшчыне “вечна ні ў чым не шанцавала”, і яна “вечна павінна была несці на сваіх плячах ярмо той ці іншай няволі”. Беларусь, на думку Янкі Купалы, нярэдка падпадала пад эканамічную і палітычную залежнасць ад усялякіх чужынцаў, і таму, каб далей выйсці з падобнага заняпаду, наш народ павінен нарэшце СТАЦЬ САПРАЎДНЫМ ГАСПАДАРОМ СВАЙГО КРАЮ. Толькі ў такім выпадку беларускі народ зможа дабіцца для сябе “лепшай і святлейшай долі”.
Яшчэ адной важнай асаблівасцю гістарычнага жыцця беларусаў з’яўлялася, на погляд Купалы, іх своеасаблівая рэлігійная “расколатасць” (ці, лепей сказаць, “раздвоенасць”) на дзве найбольш шматлікія канфесіі — каталіцтва і праваслаўе. Гэтай праблеме прысвечаны асобны публіцыстычны твор Паэта пад назвай “Вера і нацыянальнасць”. У ім Купала адзначаў, што адвечнае змаганне дзвюх вер (праваслаўя і каталіцтва) не толькі дзеліць беларусаў на дзве часткі па рэлігіі, але і “забівае ў іх свядомасць і пачуццё нацыянальнай еднасці”. Акрамя палітычнай і эканамічнай залежнасці, светапогляд беларусаў быў “аслеплены” і рэлігійнай нязгодай двух вышэйназваных хрысціянскіх абрадаў у нашым краі. Выйсце з падобнага стану канфесійнай “разарванасці” Купала бачыў у тым, каб і беларус-католік, і беларус-праваслаўны заўсёды памяталі пра тое, што ў іх “адна Бацькаўшчына — Беларусь, адна мова родная — беларуская, адны звычаі і абычаі, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне”.
Адметнасцю Беларусі ў сучасны яму перыяд Купала лічыў і тое, што тады, у пачатку ХХ ст., сярод мясцовага насельніцтва пачало “будзіцца самапачуццё народнае”, адчуванне свайго ўласнага нацыянальнага “Я”. Прычым у справе падняцця свайго нацыянальнага багацця, развіцця культуры і паглыблення нацыянальнай самасвядомасці мы, беларусы, у некалькі гадоў зрабілі тое, што “ў палякаў і расійцаў рабілася чуць не цэлымі сталеццямі”. Гаворачы пра гэта, Купала мае на ўвазе найперш відавочныя поспехі ў выданні беларускіх кніг, часопісаў, газет, у стварэнні і дзейнасці беларускіх выдавецкіх суполак, кнігарань, разнастайных таварыстваў, палітычных аб’яднанняў, суполак, у арганізацыі шматлікіх выстаў, вечарын, канцэртаў і да т.п. (артыкул “А ўсё ж такі мы жывём!”).
Адзначаючы, што “склад душы беларуса, яго думак, звычаяў, поглядаў на жыццё быў свой”, Купала найбольш тыповымі рысамі беларускага нацыянальнага характару лічыў гуманнасць, талерантнасць, лагоднасць, дэмакратызм. У сваім артыкуле “Незалежная дзяржава і яе народы” ён задаваў, відаць, рытарычнае пытанне: “Ці ж знойдзецца на свеце болей дэмакратычны па сваёй прыродзе і болей ужыўчывы народ, як народ беларускі?” Прычым “пясняр” своеасаблівым чынам звязваў пытанне аб беларускай талерантнасці (цярпімасці) з дасягненнем дзяржаўнай незалежнасці і асабістай свабоды, калі сцвярджаў, што “свабодны беларус у сваёй незалежнай дзяржаве будзе куды прыхільней да іх (г.зн. прадстаўнікоў іншых нацый і канфесій. — Э.Д.), чымся беларус, падняволены чужынцам”. У Купалавым разуменні для беларускай нацыянальнай ідэі павінна быць заўсёды ўласцівая такая рыса, як адмаўленне ўсялякіх скрайніх формаў нацыяналізму і рэлігійнага шавінізму.
У сваёй публіцыстыцы Янка Купала не толькі больш-менш дакладна вызначыў адметныя рысы беларускай нацыянальнай ідэі, але і фактычна прапанаваў адмысловую праграму выратавання беларускага народу, яго шляху да лепшай долі.
На думку Купалы, самы лепшы шлях да адраджэння Беларусі — гэта АКТЫЎНАЯ І МЭТАНАКІРАВАНАЯ СУПОЛЬНАЯ ПРАЦА ўсіх грамадзян на карысць сваёй роднай зямлі, сваёй агульнай Бацькаўшчыны. Таму дзеля практычнага ўвасаблення і рэалізацыі светлых мэтаў беларускай нацыянальнай ідэі ўсяму нашаму народу неабходна “спольна і згодна працаваць над адраджэннем сваёй вялікай старонкі, здабываць для сябе лепшую долю” (артыкул “Вера і нацыянальнасць”). Паэт лічыў, што ўсе мы, жыхары Беларусі, як сапраўдныя гаспадары сваёй зямлі, павінны праяўляць “больш самачыннасці, больш смеласці к будаванню свайго новага незалежнага жыцця”, а таксама заўсёды “сеяць на роднай зямельцы здаровыя зярняты праўды, брацтва і свабоды” (артыкулы “Больш самачыннасці” і “А ўсё ж такі мы жывём!..”). Дарэчы, цікава падкрэсліць, што названыя арыентацыі Купалы практычна адпавядаюць агульнавядомаму лозунгу Вялікай французскай рэвалюцыі – “Свабода – Роўнасць – Братэрства”.
Акрамя таго, беларусам ніколі і НІ ПРЫ ЯКІХ АБСТАВІНАХ НЕЛЬГА “ВЫРАКАЦЦА РОДНАЙ МОВЫ”, а наадварот, патрэбна імкнуцца ўсяляк пашыраць беларускую мову, развіваць сваю ўласную самабытную культуру праз адраджэнне забытых народных традыцый, звычаяў, абрадаў, святаў, праз стварэнне нацыянальных навучальных і культурна-асветных устаноў, выданне беларускамоўных перыядычных выданняў (кніг, часопісаў, газет) і да т.п. Паэт заклікаў жыхароў нашай краіны заўсёды помніць, што ў нас адна “ядыная Бацькаўшчына-Беларусь, адна мова родная — беларуская, адны звычаі і абычаі, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне”.
Дзеля лепшага жыцця ў будучыні беларусы мусяць захоўваць і паглыбляць пачуццё “нацыянальнай еднасці”, асабістай адказнасці за лёс сваёй Бацькаўшчыны. У артыкуле “Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год” Купала адзначаў, што мы ніколі (нягледзячы нават на найскладанейшыя абставіны і перашкоды) не павінны падаць духам, а наадварот, рашуча дабівацца сваіх мэтаў і “моцна трымаць сцяг змагання за вызваленне, за незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны”. І калі мы зможам аб’яднацца, згуртавацца і смела ісці наперад, то перамога абавязкова “будзе на нашай старане”. Прычым беларусы сваёй дзяржаўнай незалежнасці павінны “дамагацца і мірна, і з аружжам у руках, бо жыццё не чакае і ВОРАГІ НАШЫ НЕ ДРЭМЛЮЦЬ” (артыкул “Незалежнасць”). Вялікія спадзяванні ў гэтай пачэснай справе Купала ўскладаў на беларускую моладзь, на плечы якой ужо ў бліжэйшы час выпадзе задача “адбудавання незалежнасці Беларускай дзяржавы” (артыкул “Моладзь ідзе”).
Купала лічыў надзвычай неабходным зрабіць усё магчымае для забеспячэння неад’емных сацыяльна-эканамічных, грамадска-палітычных і маральна-духоўных правоў і інтарэсаў кожнага чалавека, а таксама для свабоднага развіцця нацыянальных моў і культур. І таму Паэт слушна сцвярджаў, што ўсе грамадзяне, незалежна ад іх сацыяльнай, этнічнай, канфесійнай і моўнай прыналежнасці, “роўныя перад правам і законам, усе вольна развіваюць сваю нацыянальную культуру і самабытнасць і кіруючыся ў сваёй грамадзянскай працы дабрабытам сваёй агульнай Бацькаўшчыны-Беларусі”.
Яшчэ Купала падкрэсліваў і даволі значную ролю ў далейшым лёсе Беларусі і т.зв. “знешняга фактару”. Народны пясняр выказвае слушную думку аб тым, што калі нашыя магутныя суседзі з Усходу і Захаду дадуць, нарэшце, поўную “волю народам самім будаваць сваю долю”, то гэта дазволіць ужо ў бліжэйшай перспектыве пераадолець цяжкія наступствы былога “векавечнага падняволення” і паспяхова вырашыць многія складаныя пытанні грамадскага развіцця (артыкул “Торжышча”). Нягледзячы на разнастайныя перашкоды і цяжкасці, Купала практычна ніколі не губляў пачуцця жыццесцвярджальнага аптымізму, і ў артыкуле “Чаму плача песня наша? (Адказ Юрцы Верашчаку)” выказваў шчырую веру ў тое, што не за гарамі ўжо той час, “калі ўзбудзіцца наш беларускі народ, як адзін, к новаму, светламу жыццю”.
Улічваючы ўсё сказанае, можна з некаторай доляй умоўнасці сцвярджаць, што беларуская нацыянальная ідэя ў публіцыстыцы Купалы сваім зместам і глыбіннай існасцю прыблізна адпавядае такім асноўным ідэалам грамадзянскай супольнасці (або “цывільнага грамадства”) і т.зв. “адкрытага грамадства” (па словах англійскага сацыёлага і філосафа Карла Попера), як дэмакратызм, гуманізм, грамадска-палітычны і культурны плюралізм, дзяржаўная незалежнасць, грамадзянская згода і сацыяльная салідарнасць, талерантнасць да “іншадумцаў” і “іншаверцаў”, свабоднае развіццё нацыянальных культур, моў, творчая самарэалізацыя кожнай асобы і г.д.
Такім чынам, выходзіць, што наш беларускі “народны пясняр” у пэўным сэнсе быў своеасаблівым прыхільнікам грамадзянскай супольнасці і адкрытага грамадства (хаця, зразумела, у тыя часы, у пачатку ХХ ст., такія паняцці і тэрміны практычна не выкарыстоўваліся). Пры гэтым цікава адзначыць, што менавіта на мяжы ХІХ-ХХ стст. у краінах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі якраз і адбывалася фармаванне грамадстваў падобнага тыпу. Значыць, Купала як бы “ішоў у нагу” з т.зв. “агульнасусветным часам” і ў той самы час даволі прыкметна апярэджваў тагачасны “агульнарасійскі час”.
Увогуле, Купала — гэта наш сапраўдны прарок, бо многія яго ідэі, меркаванні альбо ужо зрэалізаваліся на Беларусі, альбо яшчэ чакаюць часу свайго практычнага ўвасаблення ў бліжэйшай перспектыве. І ад таго, ці збудуцца ў рэчаіснасці запаветы вялікага Купалы, будзе залежаць толькі ад усіх нас, ад нашай сілы волі і нашых супольных намаганняў. Таму і цяпер, як і амаль стагоддзе таму назад, перад намі стаяць падобныя задачы, вырашаць якія неабходна абавязкова і неадкладна, бо ў адваротным выпадку зноў пад пагрозай знікнення апынецца не толькі самабытная беларуская культура і мова, але і ўвесь наш народ як унікальная этнічная супольнасць у свеце.
Многія пададзеныя думкі і меркаванні Купалы маглі б і сёння служыць нам сапраўдным арыенцірам, своеасаблівай “пуцяводнай зоркай” у нашым сённяшнім нялёгкім жыцці, у самаадданай дзейнасці на карысць дабра і дабрабыту нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны. І зразумела, асабліва важна, каб узнёслыя заклікі нашага прарока, выказаныя ім у пачатку ХХ ст., пачула і ўспрыняла, як кажуць, усёй душой і сэрцам наша сённяшняя моладзь, якая будзе працаваць дзеля Бацькаўшчыны ўжо ў новым, ХХІ стагоддзі, якое надыходзіць разам з ІІІ тысячагоддзем.
Ад рэдакцыі: на час правядзеньня канферэнцыі Эдвард Дубянецкі – кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтра імя Ф.Скарыны (Менск)