nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

КАЛІ ВЫ ЧУЛІ «КОД ДА ВІНЧЫ» – ВЫ ЧУЛІ КАНАНАДУ ГЛАБАЛЬНАЙ ВАЙНЫ. Частка І (Д пр-п 17; П пр-п 1; кірункі глабалізацыі)

23 ліпеня, 2006 | 2 каментарыя

Рэдакцыя.

Кніга «Код да Вінчы» + фільм «Код да Вінчы» + глабальны скандал вакол яго (як ставіцца, у т.л. забараняць/не забараняць), сэнс якога ў тым, каб прыцягнуць дадатковую ўвагу = глабальная PR-акцыя, прызначаная ўкараніць у галовы людскай масы (ды яшчэ ў глабальным маштабе) нейкія новыя ўяўленьні.

Што гэта за ўяўленьні? На што яны скіраваныя? Хто зьяўляецца арганізатарамі гэтай акцыі й якія ў яго сапраўдныя мэты? Вось шэраг пытаньняў, на якія варта мець адказы.

Тое-сёй зь іх можна знайсьці, прачытаўшы кнігу.

ПАЧНЕМ З ФАКТАЎ

Рускамоўнае выданьне кнігі Дэна Браўна «Код да Винчи» мае 542 старонкі. Выдаўцы: выдавецтва АСТ (Цьвер, РФ) і ТАА “Харвест” (Менск, РБ). Як і трэба было чакаць, па законах НЛП самае цікавае (зьмест таго, для чаго прызначаўся ўвесь гэты вакол-код-да-вінчаўскі вэрхал) знаходзіцца ў сярэдзіне выданьня (урыўкамі, прыкладна ад ст. 280 да ст. 412). Менавіта ў дадзеным месцы кнігі ў канву апавяданьня ўплецена тая інфармацыя, якую невядомыя «добразычліўцы» хацелі б укараніць у масавы сьветагляд. Усё іншае, як на наш густ – тандэтны дэтэктыўна-крыптаграфічны раман, ня варты ўвагі. Дакладней не раман, а адразу сцэнар для фільма…

У кнізе на азначаных старонках прадстаўлены ўстаноўкі, якія падрываюць базавыя палажэньні хрысьціянскай дактрыны:
– Ісус Хрыстос ня Бог, а чалавек (праўда, з царскага роду – нашчадак габрэйскіх цароў Саламона і Давіда – і з выбітнымі харызматычнымі здольнасьцямі). Ключавое палажэньне хрысьціянства, што Ісус – гэта Бог, а не сьмяротны чалавек-прарок, чалавек-месія, было прынята хрысьціянскай царквой на адным з Усяленскіх сабораў шляхам галасаваньня (зь невялікай перавагай «за»);
– Ісус Хрыстос быў жанаты і меў дачку. Яго жонкай была Марыя Магдалена. Яна не была распутніцай. Гэта яе пазьней так прадставіла Царква, зыходзячы са сваіх інтарэсаў;
– пытаньне нараджэньня Хрыста ў кнізе не разглядаецца;
– Біблія (у тым ліку і асабліва Новы Запавет) не пісалася «пад дыктоўку Бога». Яе штучна склаў (дакладней фінансаваў і даваў загады як і што рабіць) рымскі імператар Канстанцін у 325 годзе, зыходзячы з уласных палітычных мэт. Праз стварэньне новай гібрыднай язычніцка-хрысьціянскай рэлігіі ён разьлічваў спыніць войны паміж язычнікамі й хрысьціянамі, якія ў той час разгараліся і пагражалі раскалоць імперыю. У час складаньня Новага Запавету ён адмыслова зьнішчыў дзесяткі Евангельляў, якія апісвалі жыцьцё рэальнага Хрыста, але зьмест якіх не адпавядаў інтарэсам Канстанціна. Ён жа сьвядома сказіў многія праўдзівыя зьвесткі пра Хрыста і Марыю Магдалену. Сам Канстанцін заставаўся язычнікам практычна да канца сваіх дзён;
– але многія дакументы – у тым ліку невядомыя Евангельлі – з апісаньнем сапраўднага жыцьця Ісуса Хрыста (аб’ёмам некалькі велічэзных скрыняў), а таксама мошчы Марыі Магдалены захаваліся і завуцца Грааль (варыянт, Сангрыл). Той перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне ў тайным таварыстве «Прыярат Сіёну» і ахоўваецца рыцарскім ордэнам Тампліераў. У наш час жывуць прамыя нашчадкі Хрыста, пра якіх вядома паінфармаваным;
– хрысьціянская царква (асабліва Ватыкан) усімі сіламі імкнецца знайсьці й зьнішчыць Грааль, а прадстаўнікі Прыярату Сіёну чакаюць спрыяльнага моманту, каб яго абнародаваць. Магчыма, гэта адбудзецца ўжо хутка, а, можа, і ня надта хутка…

Вось, амаль і ўсё (з галоўнага). Сюды можна дадаць толькі тое, што паралельна з рознымі падзеямі ў кнізе «адмываюцца»: сімвал сатанізму – пяцікутная зорка, і сімвал сіянізму – зорка шасьцікутная, а таксама прапагандуецца фэмінізм (дакладней, яму надаюцца сакральныя падставы).

НАШЫЯ МЕРКАВАНЬНІ
1.
У свой час мы пісалі пра наша стаўленьне да рэлігійнага пытаньня (https://nashaziamlia.org/2006/06/20/152). І некаторыя з нас, як людзі малаверуючыя, здольны прыняць, што Ісус Хрыстот быў ВЫБІТНЫМ ЧАЛАВЕКАМ. Але, уступаць у спрэчкі на гэтую тэму мы не зьбіраемся. Бо дадзеныя спрэчкі зь ідэалагічнай сьферы абавязкова пяройдуць у грамадска-палітычную. Мы ж ствараем ідэалагічны сайт і ўдзельнічаць у чужых палітычных гульнях ня будзем. Мы яшчэ ў сваёй не перамаглі…

Справа ў тым, што ёсьць людзі  – й іх ня мала (калі ня большасьць) –  ЯКІМ ТРЭБА, каб Ісус Хрыстос БЫЎ БОГАМ. Гэта ім дапамагала, дапамагае і будзе дапамагаць жыць-выжываць ва ўсе цяжкія часы. Акрамя таго, хрысьціянская вера дапамагае фармаваць і падтрымліваць агульную культуру, выхоўваць моладзь, ды й увогуле стабілізуе грамадства. Вось гэтыя псіхалагічныя і грамадскія функцыі хрысьціянскай веры і царквы зьяўляюцца надзвычай важнымі. І калі мы на адну чашу вагаў пакладзем дадзеную ролю хрысьціянства, а на другую «абавязковую неабходнасьць» высьвятленьня і глабальнага агучваньня (!) таго, кім сапраўды быў Ісус Хрыстос, дык мы ўбачым, што з агульнаграмадскіх пазіцый першае зьяўляецца нашмат больш важкім!

Пры гэтым мы канешне жа не адмаўляем права тых, хто імкнецца шукаць праўду, свабодна займаца і гэтым. Але ЗЬМЕШВАЦЬ навуку і рэлігію, веды і веру НЕЛЬГА, бо ўкараненьне навуковых прынцыпаў у рэлігійнае асяродзьдзе разбурае яго і вядзе да заняпаду тых грамадскіх функцый (пералічаны вышэй), якія зьяўляюцца абавязкам хрысьцянства перад грамадствам і чалавецтвам (дарэчы, і наадварот – укараненьне рэлігійнага сьветагляду ў навуковыя асяродкі – таксама разбурае навуку і вядзе да заняпаду яе грамадскіх функцый). Па прычыне сумеснага і ў той жа час адасобленага-сьпецыялізаванага (дыферэнцаванага) суіснаваньня розных сьветаглядаў КОЖНЫ ЧАЛАВЕК у цывілізаваным грамадстве мае магчымасць сам выбіраць тое, што яму бліжэй і патрэбней, задавальняўчы такім чынам свае інтарэсы, а ГРАМАДСТВА – можа стабільна існаваць і прагрэсіўна разьвівацца. І наадварот, усе касмапалітычныя падзеі, скіраваныя на хаатычнае перамешваньне аднаго з другім – ёсьць ні што іншае, як праявы прымяненьня супраць грамадства ТЭХНАЛОГІІ РАЗБУРЭНЬНЯ! Не, даражэнькія, і мёд, і дзёгаць рэчы патрэбныя, але толькі ў варыянце, калі мёд – асобна, а дзёгаць – асобна.

Зыходзячы з агаворанага, магутная грамадска-палітычная PR-кампанія пад агульным назовам «Код Да Вінчы» ёсьць (хутчэй за ўсё) нападам на хрысьціянства. Апошняе ў сваю чаргу мае на мэце дэзарганізацыю (а значыць і дэстабілізацыю, хаас, аслабленьне, разжыжэньне) усіх грамадстваў, дзе хрысьціянства зьяўляецца дамінуючым веравызнаньнем. Таму ў цэлым было зроблена правільна, што паказ фільму «Код Да Вінчы» быў абмежаваны. Адэкватным месцам, дзе варта абмяркоўваць ідэалагічныя пытаньні, узьнятыя ў аднайменнай кнізе, зьяўляюцца падрыхтаваныя асяродкі – напрыклад, студэнцкія аўдыторыі, навуковыя канферэнцы.

З нагоды падзеі, якая адбылася, фіксуем чарговы дактрынальны прынцып. У будучай беларускай дзяржаве сьферы навукі й рэлігіі будуць суіснаваць і разьвівацца як дзьве дыферэнцаваныя, цалкам самастойныя сьферы. Іх касмапалітычнае сутыкненьне і ўзаемапранікненьне вітацца ня будзе (Д пр-п 17). Напрыклад, мы здымем партрэт патрыяршага экзарха (патрыярх тут Алексій ІІ) Філарэта Менскага з дошкі ганаровых дактароў навук Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта (хто ня верыць у існаваньне гэтага «цуда», прыдзіце і паглядзіце), як і не зьбіраемся самі й ня будзем дазваляць іншым вывешваць партрэты Дарвіна ў цэрквах…

2.
Адбылая «падзея» стварыла неабходнасьць абмеркаваць яшчэ адно пытаньне, разгляд якога мусім пачаць з узгадваньня, што наш сайт ідэалагічны. Таму на сёньня мы ня ставім перад сабой задачу фармуляваньня ПАЛІТЫЧНАЙ СТРАТЭГІІ. Наша задача – фармаваньне ідэалагічных прынцыпаў Агульна-сьветагляднай і Беларускай сьветагляднай дактрын. І тут поўная ПРАЎДА – гэта тое, да чаго мы павінны імкнуцца ўсімі сіламі. Але наша рэальнае жыцьцё адбываецца адразу на ўсіх узроўнях: сьветаглядным, ідэалагічным, грамадска-палітычным, эканамічным, культурным, маральна-этычным, побытавым, іншых. І імкнучыся разглядаць праблему, напрыклад, з ідэалагічных пазіцый (але жывучы ў РЭЧАІСНАСЬЦІ), мы часта не па сваёй віне ня можам адысьці ад сутыкненьня з праяўленьнем рэчаіснасьці на іншых узроўнях. Каб не пагоршыць сітуацыю ў цэлым, мы вымушаныя адаптаваць НАШЫ ВЫШЭЙШЫЯ ПРЫНЦЫПЫ да ўмоў рэчаіснасьці.

Праўда – гэта магутная каштоўнасьць і зброя, але яна толькі частка Добра, а ня ўсё Добро. Вельмі многае залежыць ад таго ў чыіх руках можа апынуцца праўда і якім мэтам яна будзе вымушана служыць.

Уявіце сабе «знаёмую сітуацыю» з часоў апошняй вайны: эсэсавец пытаецца ў хлапчыка-беларуса, дзе яго бацька-партызан. Хлопец ведае праўду: бацька паблізу – за полем, лесам і яшчэ раз за полем, у другім лесе. Учора ён туды ежу насіў. Але сказаць у такой сітуацыі праўду – гэта і дапамагчы ворагу, і, фактычна, забіць свайго бацьку. Надзвычай благая справа. Нават хлопчыку гэта зразумела… І ён, хаваючы праўду, кажа: «Ня ведаю». І правільна кажа, у імя добра…

Відавочна: імкнуцца да праўды, знаходзіць яе, ведаць (ідэалагічная функцыя) і распараджацца праўдай (казаць ці не казаць праўду, каму і ў якой форме – грамадска-палітычная функцыя) – рэчы розныя. Праўда мусіць быць прыладай Дабра. Калі яна можа быць выкарыстана ворагамі на благія мэты, праўда не агалошваецца. Давайце будзем лічыць гэта аднім з прынцыпаў нашай будучай пераможнай дактрыны (П пр-п 1).

2 каментарыя

  1. Віталь кажа:

    Справа ў тым, што ёсьць людзі – й іх ня мала (калі ня большасьць) – ЯКІМ ТРЭБА, каб Ісус Хрыстос БЫЎ БОГАМ. Гэта ім дапамагала, дапамагае і будзе дапамагаць жыць-выжываць ва ўсе цяжкія часы. Акрамя таго, хрысьціянская вера дапамагае фармаваць і падтрымліваць агульную культуру, выхоўваць моладзь, ды й увогуле стабілізуе грамадства. Вось гэтыя псіхалагічныя і грамадскія функцыі хрысьціянскай веры і царквы зьяўляюцца надзвычай важнымі. І калі мы на адну чашу вагаў пакладзем дадзеную ролю хрысьціянства, а на другую «абавязковую неабходнасьць» высьвятленьня і глабальнага агучваньня (!) таго, кім сапраўды быў Ісус Хрыстос, дык мы ўбачым, што з агульнаграмадскіх пазіцый першае зьяўляецца нашмат больш важкім!

    гэта ўтылітарысцкая пазыцыя мне вельмі не спадабаецца. маўляў, хрысьціянства каштоўнае не само па сабе, бо ёсьць ісьцінай, а таму, што выконвае там нейкія сацыяльна-выхаваўчыя функцыі….

  2. Вітаўт кажа:

    Ня думаю, што цяпер, у 21 стагодзьдзі, Хрысьціянства засталося бяз выклікаў, з якімі б ня здолела развязаць праблемы, наскокі нязычліўцаў. Мяркую, што дыструкцыйныя ( з гледзішча Хрысьціянства, Мусульманства, ці кожнай іншай сьвятовай рэлігіі, філязофіі) праграмы, праз намеры на стварэньне хаоса ў чалавецтве, не асягнуць мэты. Ужо апошнія два стагодзьдзі сэкулярызацыя моцна падтачыла дактрынёрства, ці фанатычнае адстойваньне ідэі, якая б давяла да вайны ( калі казаць пра Эўропу, то дакладна). У цэрквах усіх паноўных канфэсіяў хрысьціянства прызнаецца, што Хрыстос Ешуа Ганоцры – Бога-чалавек, Чалавек, які мае дзьве прыроды, Спрэчны погляд, асабліва праз вывучэньне псыхааналіза. Але так прапісана.
    У гэтым Эгрэгары (Хрысьціянстве) стрыжань падвышэньне духоўнасьці на ровень, годны высокай маралі. У якой пануе добро, сардэчнасьць, адсутнасьць страху – бо жыцьцё Вечнае, павага да іншага сабе падобнага, нават калі ён чыніць табе няўсьвядомленую шкоду,
    Дзякуй.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы