nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ і НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СІМВАЛЫ (кБНІ)

24 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Юрась Хадыка

Нацыянальная ідэя – несумніўна, складанае паняцьце. З аднаго боку, яна характарызуе нацыю, падкрэсьлівае яе ўнікальнасьць і самабытнасьць, адлюстроўвае яе культурную гісторыю, фармулюе яе ідэальны вобраз, замацоўвае і натхняе нацыю на імкненьне да гэтага ідэала. Таму, зь іншага боку, нацыянальная ідэя – гэта працэс. Працэс станаўленьня і разьвіцьця непаўторнай агульнасьці – соцыюму, бесперапыннай калектыўнай працы, працэс барацьбы з вонкавымі й унутранымі перашкодамі, у якой нацыянальная ідэя выступае як маяк і сьцяг. І, нарэшце, гэта – форма самасьцьвярджэньня. Нацыя, якая стварыла незалежную нацыянальную дзяржаву, можа згубіць яе. Але адмовіцца ад аднаўленьня дзяржавы – ніколі. Прыкладна як чалавек, які згубіў свабоду, ніколі ня зможа вызваліцца ад мары атрымаць яе зноў.

Таму нацыянальная ідэя можа быць разгорнута – стаць тэмай гістарычных, культуралагічных, палітычных, педагагічных альбо філасофскіх трактатаў. Але можа быць і згорнутай, зьведзенай да лаканічных сімволаў. Так, як хрысьціянскае вучэньне зводзіцца да крыжа – старажытнага сімвала сонца, які стаў сімвалам крыжовай сьмерці й уваскрэшаньня Хрыста, сімвалам веры і абароны. Дакладна так і нацыі, якія стваралі дзяржавы, стваралі й дзяржаўныя сімвалы, якія пераўтвараліся ў сімвалы нацыянальныя. Яны суправаджалі ў далейшым усю гісторыю нацыі, станавіліся сімваламі яе нацыянальнай ідэі.

Усе гэтыя тэзісы лёгка пацьвердзіць шматлікімі гістарычнымі прыкладамі. Некаторыя зь іх выключна цікавыя.

Нямногія, магчыма, задумваліся, чаму Гітлер назваў створаную ім дзяржаву Трэцім Рэйхам – г.зн. трэцяй імперыяй. І чаму гербам гэтай імперыі стаў чорны арол. Гітлер, пасьля абраньня яго прэзідэнтам рэспублікі серыяй рэферэндумаў гэтую рэспубліку зьнішчыў. Захапіўшы сілай землі, якія Германія страціла ў выніку 1-й сусьветнай вайны, аднавіў Германскую імперыю, створаную Бісмаркам у 70-я гады ХІХ стагоддзя. Гэта другая, па падліках Гітлера, імперыя была практычна монанацыянальнай дзяржавай. І, здавалася б, імперыяй называцца ня мела права. Але яна была ўтворана ў выніку ваеннага захопу Прусіяй цэлага шэрагу незалежных нямецкіх дзяржаваў. Памяць пра іх да сёньня захавалася ў федэральнай будове ФРГ. Першай жа імперыяй – крыніцай нямецкай вялікадзяржаўнай традыцыі – была Сьвяшчэннай Рымская імперыя нямецкага народа, якую стварыў Атон І яшчэ ў ХV стагоддзі, і якая праіснавала да 1806 г., калі была ліквідавана Напалеонам І.

Слова «Рымская» ў назьве імперыі Атона І указвае на крыніцу гітлераўскай сімволікі. Бо ўзорам для ўсіх гербоў з выкарыстаньнем арла зьяўляецца сімволіка Старажытнарымскай дзяржавы. Белы арол і чырвоны сьцяг былі яе сімваламі. Рымляне ўвогуле любілі чырвоны колер – колер вайны і ўлады. Белы рымскі арол пераўтварыўся ў чорнага дзьвюхгаловага мутанта на сьцягах Візантыі – Усходней рымскай імперыі, чые ўладаньні распасьцерліся на два кантыненты, а сталіца ляжала на берагох Басфора, які гэтыя кантыненты падзяляў. Пасьля гібелі Візантыі ў 1453 г. на яе імперскую спадчыну аб’явіліся аж тры прэтэндэнты.

Першым, і найбольш натуральным, стала Атаманская імперыя. І туркі, якія захапілі Канстанцінопаль, не спынялі сваёй агрэсіі, пакуль не ўключылі ў склад сваёй дзяржавы ўсе землі, якія калі-небудзь належылі Візантыі. Але, як мусульмане, яны адмовіліся ад сімволікі хрысьціянскай імперыі.

Тады зьявіўся чорны дзьвюхгаловы арол на штандарах Сьвяшчэннай рымскай імперыі германскага народа, сэрцам якой у XV стагоддзі была Аўстрыя. З таго часу і да канца ХІХ стагоддзя цягнуліся амаль бесперапынныя “балканскія войны”, прычынай якіх было імкненьне Вены, а затым і Масквы захапіць Канстанцінопаль. І калі Бісмарк, разбіў Аўстрыю і зрабіў аб’яднаную Германію спадкаемніцай яе імперскіх амбіцый,  чорны арол (але ўжо аднагаловы!) стаў гербам Германскай імперыі. Так акольным шляхам пачарнелы арол даляцеў да гітлераўскага Рэйха.

Апошнім, трэцім, прэтэндэнтам на імперскую веліч Візантыі стала Расея. У канцы свайго жыцьця цар Пётр І (гэта было ў 1721 г.) дамогся міжнароднага прызнаньня Расеі імперыяй і зрабіў яе гербом чорнага дзьвюхгаловага арла. Ён адмовіўся ад Георгія-пераможцы, які да таго быў сімвалам Вялікага княства Маскоўскага і Расейскага царства. Арол як сімвал Расеі адрадзіўся пасьля 80 гадоў камуністычнага бяспамяцтва, хаця і стаў залатым.

Але белы рымскі арол усё ж такі выжыў, як герб Польскага каралеўства, а потым і польскі нацыянальны сімвал. Гэта ўказвае на глыбінныя гісторыка-культурныя сувязі польскай дзяржаўнасьці са старажытнарымскай традыцыяй [так у аўтара – Рэд.]. Больш за тое, арол, але шэры, стаў гербам ЗША, паколькі для амерыканцаў таксама важнымі ёсьць рэспубліканскія прынцыпы.

Беларуская нацыянальная сімволіка ў параўнаньні з “арлінай” сімволікай суседзяў куды больш арыгінальная і самабытная. Добра вядома, што “рацыр на кані зь мечам” стаў гербам Вялікага княства Літоўскага і Рускага ў канцы ХІІІ стагоддзя. У гэты час памацнелая дзяржава, якая выстаяла ў час татара-мангольскага націску, пераходзіла да рэканкісты – адваёўваньню зямель, якія былі заселеныя адзінавернікамі, і да аднаўленьня свайго кантролю над важнейшым гандлёвым маршрутам з поўначы на поўдзень Еўропы.

Як узьнік гэты сімвал? Хто і чаму даў яму імя – “Пагоня”? Верагодна, мы ніколі не даведаемся дакладных адказаў на гэтыя пытаньні. Графічна, кампазіцыйна ён блізкі да кананічнай выявы сьв. Дзьмітрыя. Але Вялікі князь Віцень, які зрабіў “Пагоню” сваім гербам, быў язычнікам. Таму герб мог быць падказаны ўзорам язычніцкага бога Ярылы – бога сонца, свабоды і вайны. Яго прадстаўлялі ў выглядзе юнака на белым кані. На карысьць гэтай гіпотэзы сьведчыць чырвоны фон беларускага герба. Сімволіка колеру была ў старажытнасьці і папулярная, і шматзначная. У славян, як і ў японцаў, сонцы было “чырвоным”. Таму паўднёвая Русь была Чырвонай Русьсю. А белы колер быў сімвалам чысьціні, сьвятасьці.

Паходжаньне нашага бел-чывона-белага сьцяга выглядае значна больш ясным [так у аўтара – Рэд.]. Яго першакрыніцай зьяўляецца штандар Хрыста. Хто хоць раз уважліва разглядаў ікону “Уваскрэшаньне Хрыстовае”, ня мог ня бачыць, што паўсталы з труны Хрыстос трымае ў руках белы сьцяг з чырвоным крыжом. Гэты сьцяг і стаў сімвалам хрысьціянства, асабліва папулярным на ўскраінах хрысьціянскага сьвету. Так, напрыклад, англійскі нацыянальны сьцяг – гэта белае палотнішча з чырвоным крыжом. І нашыя продкі знаходзіліся з пачатку ХІІІ да канца XVIII стагоддзя ў бесперапынным баявым кантакце з мусульманскім сьветам, а таму ўспрымалі сябе фапостам, бастыёнам хрысьціянства. Таму і стаў сьцяг Хрыста адметным знакам хрысьціянскага воіна. Таму і бачым мы на старажытнейшай карціне, прысьвечанай бітве пад Оршай, літоўскіх воінаў зь дзідамі (коп’ямі), упрыгожанымі трохкутным сьцяжком з чырвоным крыжом.

Але дзяржаўны трохпалосы сьцяг даў бел-чырвона-белую камбінацыю. Гэта нагадвае тое, як і на вопратках сьвятароў сімвал уваскрэшаньня Хрыста пераўтварыўся ў бел-чырвона-белую стужку.

Пры стварэньні канфедэратыўнай Рэчы Паспалітай у 1569 годзе ў якасьці сьцяга новай дзяржавы была зацьверджана камбінацыя сьцягоў Кароны і Вялікага княства. Гэта дала ў выніку чырвона-бела-чырвона-белую камбінацыю. Але ні чырвона-белы польскі, ні бел-чырвона-белы беларускі сьцягі функцыянаваць не перасталі.

Больш за тое, сімволіка белага і чырвонага пранізвае ўсю культурную гісторыю Беларусі. І карані яна мае ня толькі хрысьціянскія, але і дахрысьціянскія. Пакуль не ўвайшло ў моду тынкаваць каменныя будынкі, усе культавыя і абаронныя збудаваньні, складзеныя з абпаленай чырвонай цэглы, дэкараваліся тынкам – белым цэментам альбо вапнам. Праёмы вокнаў, фальшывыя нішы і пілястры “падымаліся” белым колерам. Дакладна так, як белая сялянская вопратка ўпрыгожвалася чырвоным арнаментам альбо вышыўкай.

Сама гісторыя дала беларусам сапраўды сьвятыя сімвалы – “Пагоню” і бел-чырвона-белы сьцяг. Яны і ёсьць канцэнтраваны і лаканічны выраз нашай нацыянальнай ідэі, якая выразна і наглядна адрозьніваецца ад “ідэяў” суседніх нацый. Нельга ж усур’ёз успрымаць папрок, што і ў летувісаў герб – конны ваяр. Летувісы мелі з намі доўгую агульную дзяржаўнасьць. Да і ваяра свайго яны тактоўна назвалі “Віцязь”, а не “Пагоня”. Прыхільнікам абсалютнай унікальнасьці сёньняшніх дзяржаўных гербоў і сьцягоў варта нагадаць, што і Англія (не Вялікабрытанія) і Масква (а раней і ўся Маскоўская дзяржава) маюць аднолькавы герб – сьв.Георгія, які паражае зьмея.

Затое наш найпрыгажэйшы бел-чырвона-белы сьцяг абсалютна ўнікальны. Ні адна дзяржава ў сьвеце такога ня мае. І для нашага шматканфесійнага народа, які выпакутаваў на шляхах сваёй тысячагадовай гісторыі такую зайздросную і паважаную ва ўсім сьвеце рысу нацыянальнага характара, як талерантнасьць [так у аўтара – Рэд.], ня можа быць лепшага сімвала.

Таму ганьбай і фарсам быў першы рэферэндум, які ініцыяваў А.Лукашэнка і які праводзіўся на фоне “Детей лжи”. Хлусьня бумерангам вернецца да аўтараў кампазіцыі “ручнік на фоне заката на балоце”. Зьлёгку мадэернізаваная сталінская бязглуздая сімволіка – гэта зьнявага беларусаў. І відавочнае злачынства з боку тых, хто прагаласаваў за яе вяртаньне. Вольна альбо не, але ў сілу душэўнай ленасьці яны галасавалі за палітыку “манкуртызма” [так у аўтара – Рэд.].

Выдатны кіргіскі пісьменьнік Ч.Айтматаў назваў манкуртамі людзей, якіх невыноснымі катаваньнямі даводзілі да страты памяці. З таго дня, калі нейкі І.Ціценкоў спусьціў з флагштока прэзідэнцкай рэзідэнцыі і парваў бел-чырвона-белы сьцяг, аднавілася гэтае невыноснае катаваньне, якую распачаў рускі царызм і працягвалі бальшавікі. Але не дарма кажуць: колькі вяровачцы ня віцца, канец будзе. Будзе канец і палітыцы нацыянальнага нігілізма. Бо нацыянальныя сімвалы валодаюць цудадзенай сілай духоўнага лéкарства. Празь іх і зь іхнай дапамогай людзі засвойваюць нацыянальную ідэю, набываюць самапавагу і веру ў будучыню. Аднойчы вярнуўшыся зь небыцьця, яны больш не пакінуць свой народ. Гэтага не дапусьцяць тыя, у каго адкрыліся вочы – духоўныя вочы, якімі чалавек пазнае ісьціну…

Між іншым, нацыянальнымі сімваламі бываюць ня толькі герб і сьцяг. Гэта могуць быць і збудаваньні, якія праславілі краіну, сталі яе зрокавым вобразам. Як “Біг-Бэн” у Англіі, Эйфелева башня – у Францыі, Парфенон – у Грэцыі, піраміды Егіпта. Беларусь страціла многія свае выбітныя помнікі. Ды й сучасныя нашы сбудаваньні, накшталт менскага “саркафага”, наўрад ці стануць “візітоўкай” Беларусі. Але задача выбара і папулярызацыі такога сімвала не ўяўляецца безнадзейнай. Мне, напрыклад, вельмі падабаюцца ўнікальныя цэрквы-крэпасьці. У сьвеце іх усяго чатыры. Прычым, тры ў Беларусі [! – Рэд] і адна ва Украіне. Цэрквам у Сынкавічах і Маламажэйкава можна лёгка вярнуць іх сапраўдны выгляд. Калі, канешне, лёс гэтых помнікаў будзе вырашацца беларускай дзяржавай, а не адной з канкуруючых канфесіяў.

Ускосным сімвалам народа і краіны могуць стаць выявы звяроў, птушак і нават кветак. Так, як вялікая панда – чорны мядзьведзь зь белымі плямамі вакол вачэй – стала сімвалам Кітая, кенгуру – Аўстраліі, кляновы ліст – Канады, туліпаны – Галяндыі й г.д. Ужо даволі ўстойлівым сімвалам Беларусі сталі выявы зубра і бусла. Нельга сказаць, што гэты выбар кепскі. Асабліва прыгожы бусел. Бела-чырвоная птушка [так у аўтара – Рэд.]. Высакародная і грацыёзная. Але побач з зубром можа быць і конь. У старажытнасьці конь быў галоўнай “прыладай працы”, галоўным транспартным сродкам, падставай абароназдольнасьці краіны. Была нават асаблівая – літоўская – парода, якая распусьцілася ў арлоўскіх рысаках і будзёнаўскай пародзе за час панаваньня расейскай улады. Дзіўным чынам ідэолагі АГП сімвалам сваёй партыі абралі менавіта каня – жывёлу, якая больш за ўсё шанавалася нашымі продкамі.

Беларуская флора вельмі багатая на кветкі. Яшчэ больш іх вырошчваецца ў палісадніках і на лецішчах. Але няма больш папулярнай, чым васілёк. Гэтая нябесна-блакітная кветка, услаўленая М.Багдановічам, была асновай дзявочых вянкоў – абавязковым атрыбутам купальскага сьвята.

Яшчэ ў савецкія часы праводзіліся масавыя кампаніі па выбару прыродных сімвалаў радзімы. Яны прыцягвалі ўвагу да яе прыроды і гісторыі. Не пазбаўлены сэнсу такія кампаніі й сёньня, калі ўсьведамленьне, засваеньне нацыянальнай ідэі стала агульнаграмадскай задачай. Як бы ні падавалася гэта дзіўным для перакананых лібералаў, ня пойдзе Беларусь ні польскім, ні летувіскім шляхам, не вытрымае выпрабаваньняў рэформамі, калі беларусы ня будуць так трапятліва любіць сваю бацькаўшчыну, як палякі й летувісы – сваю.

Такога ж масавага абмеркаваньня заслугоўвае і пытаньне пра гімн краіны. Гэту праблему, якую падняў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, цяперашні прэзідэнт вырашыў проста. Вярнуў гімн няпаўнавартаснай, паднявольнай краіны – БССР, чым зьняважыў нацыянальныя пачуцьці беларусаў. Што, між іншым, не зьяўляецца дзіўным, паколькі ўся ідэалогія сёньняшняй улады антынацыянальная. Гэта праяўляецца ня толькі ў вяртаньні савецкіх сімвалаў, але і ў прафанацыі беларускай гісторыі, у выбары дзікага зубра ў якасьці міліцэйскай эмблемы, у арганізацыі й прапагандзе “славянскіх базараў”. Хаця татарскае слаўцо, абранае для абазначэньня гэтага нібы культурнага мерапрыемства, вельмі дакладнае. Дзікі рынак, дзе прадаецца нацыяналная годнасьць разам з выканаўцамі сьвядома прымітывізаванага відовішча. Гледзішча, якое немагчыма ўяўвіць пад знакам “Пагоні”.

Лаканізм і дзіўная эстэтычная чысьціня нашых галоўных нацыянальных сімвалаў паўстаюць і лямантуюць супраць палітыкі прымітывізацыі беларускай культуры, супраць гістарычнага бяспамяцтва. Яны зьяўляюцца самым даступным і дасканалым сродкам прапаганды нацыянальнай ідэі. І ў гэтым заключаеца іх вялікая роля ў беларускім Адраджэньні.

Ад рэдакцыі: Юрась Хадыка – доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, шматгадовы намесьнік старшыні БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ.
У матэрыялах канферэнцыі дадзены артыкул быў прадстаўлены па-руску. Пераклад на нашу мову зроблены сіламі рэдакцыі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы