nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЛЁЗУНГАВЫЯ ФОРМЫ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ IДЭІ І БЕЛАРУСКІ ДУХ (кБНІ)

25 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

Што ўжо сфармулявана

Беларускай нацыянальнай ідэі патрэбнае прапагандысцкае афармленьне, якое б дазволіла як мага большай колькасьці нашых людзей ня столькі зразумець, колькі адчуць карысьць ад незалежнасьцi Беларусі ўласна для сябе. Адсюль істотную актуальнасьць набываюць трапныя ідэі-лёзунгі накшталт шырокавядомай і эфектыўнай “амерыканскай мары”. Нават у варунках татальнага праімперскага прапагандысцкага ўплыву гэтыя формулы павінны ствараць у душах беларусаў своеасаблівыя псіхалягічныя апірышчы для адэкватнага ўспрыняцьця імі свайго ЗАКОННАГА мейсца у сучаснай рэчаiснасьцi, спараджаць пачуцьці, характэрныя для паўнавартасных прадстаўнікоў беларускай нацыі. У першую чаргу варта прышчапляць пачуцьці каштоўнасьці Беларусі, яе гісторыі, культуры, каштоўнасьці яе народу, пачуцьцё адказнага гаспадара на сваёй этнічнай тэрыторыi.

На сёньня вядомыя некалькі варыянтаў беларускай нацыянальнай iдэi, прапанаванай рознымі аўтарамі ў лёзунгавай форме. Рызыкую памыліцца, але паспрабую іх працытаваць: “Наш Дом – Беларусь” (У.Падгол); “Чалавек як асоба: яго лёс залежыць ад лёсу Беларусі” (У.Мацкевіч); “Бог, сям’я, бацькаўшчына” (Ю.Хадыка); “Найперш Беларусь” і “Беларусь – гэта сьвятое” (прадстаўнікі Маладога Фронту)… Кожная з гэтых формулаў мае сваё сацыяльнае гучаньне, па-свойму падкрэсьлівае каштоўнасьць свабоднай, незалежнай Беларусі.

Для мяне ж падаецца важным яшчэ адзін асьпект. Зьвярнуць увагу на яго дапамог выпадак.

Яшчэ адзін асьпект…

Вясной 1997 года мне давялося пабываць у Варшаве. Там, на Старым Месьце, пашчасьціла ўбачыць выступ ці то балівійскага, ці то перуанскага ансамбля. Чалавек 10-12, маленькага расточку, усе чарнявыя, з прамымі валасамі – яны, па ўсім відаць, былі нашчадкамі сапраўдных амазонскіх індзейцаў. Яны гралі і сьпявалі народную музыку, ды так, што выклікалі сапраўднае захапленьне. Нягледзячы на тое, што гэта былі прадстаўнікі вельмі далёкага ад нас народу, я адчуў нешта блізкае да нас – беларусаў. Толькі праз пэўны час я здагадаўся: агульнымі былі аптымізм, унутраная свабода, сапраўдныя радасьць і весялосьць, упэўненасьць у сваёй жыцьцёвай персьпектыве. У іх музыцы не было нават прымешку горычы, тугі, пачуцця ўласнай непаўнавартасці.

Тое самае адчуваем і мы, калі слухаем беларускую народную музыку ці то на звычайным вясковым вясельлі, ці ў выкананьні “Песьняроў”, “Палаца”, “Троіцы”, “Грамніц”… Дарэчы, пару год таму я па тэлевізары на ўласныя вочы бачыў, як на адной з рок-тусовак у С.Пецярбургу гурт “Троіца” выклікаў фурор. Пад розныя народныя інструменты хлопцы выконвалі старадаўнія беларускія песьні. Але ўся расейская моладзь у захапленьні аж вішчэла ад энэргіі, рытму, аптымiзму, ад жыцьцясьцьвярджальнай моцы.

Такі ж настрой узьнікае ў нас, калі мы слухаем шмат якія творы сучасных беларускіх рок-гуртоў: напрыклад, тых жа “Крамы”, “NRM”. Мы зараджаемся сьвежым, моцным, аптымістычным, свабодным, персьпектыўным, паўнавартасным настроем…

А беларускія барды… Калі слухаеш Шалкевіча, Мельнікава, Бартосіка, іншых – звонку, самыя разнастайныя формы беларускага гумару, а ў існасьці – непераможны аптымізм…

Калі слухаеш гурт “Камелот”, адчуваеш і натхняльны рамантызм, і ўсё той жа непераможны беларускі аптымізм…

Пералічаныя асаблівасьці беларускага фальклёру і аўтэнтычных формаў музычнай творчасьці беларусаў (а значыць, і асаблівасьці беларускай душы!), яшчэ выразьней відаць на фоне расейскага фальклёру і музычнай творчасьці расейцаў. У музыцы (а г.зн. і ў душах) апошніх практычна немагчыма знайсьці радасьці паўнавартаснага жыцьця – жыцьця натуральнага, свабоднага і толькі таму па-сапраўднаму шчасьлівага. Там засела рапуха тугі, горычы, адчаю, адчуваньня ўласнай непаўнавартасьці, прыгнечанасьці. Вазьміце для прыкладу: “Из-за острова на стрежень…”, “…Там, в степи глухой, замерзал ямщик” і г.д. Тое ж адчуваецца і ў сучаснай музыцы. Так, у адной з лепшых песень групы “ДДТ” гучыць спалучэньне “Родина-уродина”. А лідар групы “Наутилус помпилиус” абвяшчае аб сваім жаданьні зьліцца з памерлай дзяўчынай: “… Я хочу быть с тобой, я так хочу быть с тобой”.

Даводзілася бываць і ў расейскіх інтэлігенцкіх асяродках, дзе пад гітару сьпяваліся песьні. Здавалася б, маладыя людзі, а асноўны матыў усё той жа: туга, безвыходнасьць, бесьперсьпектыўнасьць. Я ня мог доўга знаходзіцца ў такой атмасьферы…

Калі ж у расейскай музычнай творчасьці і бывае весялосьць, дык гэта весялосьць разгульная, разьбітная, п’яная, разбуральная. Яна зьяўляецца зваротнай рэакцыяй усё на тыя ж тугу, адчай, бессэнсоўнасьць і безвыходнасьць існаваньня, рэакцыяй на адчуваньне ўласнай прыніжанасьці i бездапаможнасьцi. Успомніце, напрыклад, як “весяліўся” галоўны герой кінафільма “Курочка ряба” (дарэчы, адзіны нармальны, працавіты мужык на ўсю вялікую волжскую вёску) пасьля таго, як спаліў свой дом разам з усім дабром. Сваім “веселием” ён проста імкнуўся падавіць адчай, бо паміж радасьцю жыцьця і разгульным вясельлем такая ж розніца, як паміж усьмешкай, якая сьвеціцца на твары чалавека, калі радасьць перапаўняе яго душу, і ўсьмешкай, якую чалавек вымушаны штучна начапiць на твар, хаця ў яго душы могуць скрэбці пацукi.

Паўстае пытаньне: у чым прычына непераможнага душэўнага аптымізму беларусаў?

Аказваецца, каб чалавек быў унутрана свабодным, каб мог атрымліваць сапраўдную радасьць ад сваёй стваральнай працы, мог паўнавартасна кахаць, дый увогуле адчуваў сэнс, смак і радасьць жыцьця, – для ўсяго гэтага трэба, каб у яго сэрцы была Радзіма!

Зьвярніце ўвагу. У беларускіх песьнях вельмі часта прысутнічае сімвал Бацькаўшчыны: у выглядзе поля, лесу, рэчкі, неба, месяца, зор… І тады тое ж каханьне да дзяўчыны, нібы натуральным чынам, вырастае з самой Беларусі. У ёй яго карані, яго пачатак:

Ці помніш ты, Ганна, шчасьлівы мамэнт,
Як граў нам на дудцы нябожчык Вінцэнт?
А Нёман, а Нёман шырока сіяў,
І месячык ясны на нас паглядаў.

Скажы мне, Ганулька: ці любіш мяне?
“Люблю”, – ты сказала. Сэрсам знямеў.
Ганулька, Ганулька, павер, зразумей,
На сьвеце ня бачыў каханьня шырэй.

Сапраўднае каханьне да дзяўчыны можа ўзьнікнуць толькі ў сапраўднага беларуса, які любіць сваю Беларусь. Любоў жа да Радзімы па сваёй моцы можна параўнаць толькі з каханьнем да дзяўчыны…

Калі маеш у сэрцы Бацькаўшчыну – і праца набывае сэнс. Бо яна адбываецца на роднай зямлі, скіравана на яе паляпшэньне, упрыгожаньне, на тое, каб у гэтым упрыгожаным выглядзе быць перададзенай нашчадкам – тым, якія ўзьнікаюць у выніку сапраўднага, шчырага каханьня…

Успомніце: “Касіў Ясь канюшыну…”; “Ох, і сеяла Ульяніца лянок…”; “У суботу Янка ехаў ля ракі. Пад вярбой Алёна мыла ручнікі…”

Пры такім адчуваньні жыцьця чалавек успрымае сябе нібы ствалом дрэва, разьмешчаным паміж карэньнем (гэта яго продкі, яго зямля, Бацькаўшчына) і галінамі (гэта яго нашчадкі і, зноў, яго Бацькаўшчына ў будучыні) – галінамі, якія стануць каранямі наступных пакаленьняў. Вось адкуль бярэцца ў душы кожнага сапраўднага беларуса сэнс жыцьця, адчуваньне яго паўнавартасьці, натуральнасьці!

І тут становіцца зразумелым, што Беларусь (Бацькаўшчына, Радзіма, Айчына) ёсьць ня толькі матэрыяльны, але і духоўны падмурак паўнавартаснага жыцьця і разьвіцьця беларускай нацыі! Бо толькі чалавек, здольны ўспрымаць сваё значэньне і ў прасторы, і ў часе, можа пачувацца адказным гаспадаром на тэрыторыі ЯГО дзяржавы, разьмешчанай на тэрыторыі пражываньня ЯГО народу. Толькі ў такіх умовах у чалавека можа быць справа да самых розных грамадскіх недахопаў, якія трэба выпраўляць, і да дасягненьняў, якімі можна ганарыцца…

Дадатковая лёзунгавая форма беларускай ідэі

Беларуская нацыянальная ідэя ня можа не зафіксаваць сьпецыфічныя каштоўнасьці беларускай душы. Пры гэтым яе канкрэтная фармулёўка можа гучаць наступным чынам: радасьць паўнавартаснага стваральнага жыцьця ў вольнай Беларусі.

Сфармуляваная фальклёрная адметнасьць беларускай душы зьяўляецца ўнікальнай.

У беларускай ідэі ёсьць дадатковыя рысы, якія дазваляюць лічыць яе “інтэрнацыянальнай” каштоўнасьцю. Яна арыентуе на стварэньне; зьяўляецца аб’яднаўчай і структуруючай чалавецтва ідэяй; яе рэалізацыя забясьпечвае сьветлую персьпектыву любому сумленнаму чалавеку, які жыве сярод беларусаў; беларуская ідэя зьмяшчае патэнцыял да пераходу на супрацоўніцтва зь іншымі народамі… Усё гэта (разам з унікальнасьцю) ня толькі дае поўнае права беларусам упэўнена заняць сваё ўласнае і важкае месца сярод чалавецтва, але і абцяжарвае сумленне кожнага цывілізаванага чалавека абавязкам падтрымліваць беларускую культуру і супрацьстаяць разбуральнай, імперскай палітыцы “вялікай” дзяржавы, іншым вонкавым і ўнутраным ворагам беларускай нацыі.

Расейцы ня маюць сапраўднай Радзімы. Яны яе страцілі ў выніку шматвекавых імперскіх захопаў. Зараз у іх ёсьць яе сурагат, навеяны імперскай бюракратыяй пад выглядам радзімы, – гэта Расея. Але Расея ня можа рэальна адчувацца чалавекам як сапраўдная Радзіма. Яна так не ўспрымаецца душой, ня месьціцца ў сэрцы ў першую чаргу з-за дзьвюх акалічнасьцяў:
– з-за таго, што занадта вялікая (нельга нават пабываць па ўсёй Расеі);
– таму, што на яе тэрыторыі ёсьць паўнавартасныя Радзімы іншых народаў!

Запытайцеся ў расейцаў: Чачня, Татарыя, Башкірыя, Марыйскі край, Дагестан, Якуція, Сахалін, Чукотка, Комі-Пярмяцкая, Калініградская, Ямала-Ненецкая вобласьці і гэтак далей – гэта ўсё Расея? Дакладнага адказу ня будзе… Расея (у адрозьненьне ад Расейскай імперыі ці Расейскай Федэрацыі) – гэта міф, абстракцыя, прылада, створаная імперскай бюракратыяй для эксплуатацыі ўсіх тых, хто жыве на расейскіх прасторах, і для раскраданьня яе багацьцяў.

А калі ў чалавечай душы рэальна няма Радзімы, у яго ня можа быць і пачуцьця любові да яе… А значыць, і радасьці паўнавартаснага каханьня, і радасьці ад сваёй стваральнай працы, і, у выніку, ня можа быць шчырага чалавечага шчасьця… Ці не таму ў расейцаў так слаба адрозьніваюцца тыя сэнсавыя нагрузкі, якія нясуць у беларускай мове словы “любоў” і “каханьне”? Ці не таму расейская моладзь блытае паняцьці “каханьне” і “сэкс” (усё менш становіцца “каханых” і ўсё больш -“партнёраў па сэксу”)? Ці не таму ў іх народныя танцы ня ў парах, як у беларусаў, а строем ці ў варыянце выбрыкі скамарохаў на кірмашы? А між тым танец паміж маладымі людзьмі прызначаны менавіта для таго, каб зьліцца ў агульных рухах, у агульным рытме, сінхранізаваць дыханьне і нават біцьцё сэрцаў двух закаханых…

А прааналізуйце расейскія народныя казкі і песьні. Дзе там праца? Яе няма. І ня можа быць. Праца ва ўмовах так званай Расеі ня мае сэнсу, бо яна ня можа прывесьці да шчасьця. У адпаведнасьці з расейскай народнай казачнай міфалёгіяй дасягнуць шчасьця магчыма толькі ў выніку цуда, што ў рэальным жыцьці азначае: толькі ў выніку рабаваньня іншых…

Згубіўшы Радзіму ў шматлікіх імперскіх захопах, расейцы пазбавілі сябе асалоды ад сапраўднай стваральнай працы, радасьці бачыць у яе выніку разьвіцьцё; магчымасьці шчыра кахаць; радасьці поўнавартаснага жыцьця, сапраўднага шчасьця. Месца гэтых пачуцьцяў запоўнілі зайздрасьць і смутак, адчуваньне безвыходнасьці, бесперспектыўнасьці і, галоўнае, бессэнсоўнасьці ўласнага існаваньня. У выніку страты Радзімы рускія маюць падсьвядомаснае адчуваньне сябе не ствалом дрэва, а ўсяго толькі лісцікам на ім, які ў любы момант можа сарваць вецер і закінуць няведама куды… Ці не адсюль расейскія туга і п’янства? Ці не адсюль расейская бесшабашнасьць і прымітыўная, пустая ганарлівасьць, выбоховая злосьць і агрэсія?

Пазбаўленьне рэальнага пачуцьця Радзімы, комплекс імперскай непаўнавартасьці – вось прычына мук бессэнсоўнага існаваньня. Вось, яно пакараньне за шматвекавую імперскую палітыку!

Беларуская кветка-цуд

Калі прыгледзецца да ўсіх пададзеных варыянтаў лёзунгавых формаў беларускай нацыянальнай ідэі, можна ўбачыць, што, пры ўсіх адрозьненьнях, у кожнай зь іх ёсьць Беларусь. Гэта іх агульнае цэнтральнае вязьмо. Калі аб’яднаць агульныя часткі лёзунгавых формаў беларускай ідэі, атрымаецца своеасаблівая кветка, цэнтрам якой зьяўляецца Беларусь – Дом беларускага народу, а пялёсткамі – усе разнастайныя людскія каштоўнасьці, якія зь яе пачынаюцца і якія яна забясьпечвае. Уся гэтая структура разам і ёсьць кветка-цуд беларускай нацыянальнай ідэі.

Няхай пялёсткі цудоўнай кветкі беларускай ідэі служаць магутнай падтрымкай як кожнаму сьвядомаму беларусу, так і ўсім чарговым пакаленьням беларусаў у іх няспынным удзеле ў прагрэсіўным разьвіцьці Сусьвету!

Ад рэдакцыі: на час правядзеньня канферэнцыі Алесь Астроўскі – доктар медыцынскіх навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта; сябра Сойму БНФ “Адраджэньне”, старшыня Таварыства беларускай вышэйшай школы (Гародня).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы