nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПРЫСУТНАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ ў КРАІНАХ ЦЭНТРАЛЬНАЙ і ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ ў 1991-96 гадах (Частка І; кБНІ)

26 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Гэты артыкул Зьміцера Крывашэя ў перыяд правядзеньня канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя” (вясна 1999 г.) выглядаў трохі сухаватым. Але на фоне цяперашняга стану беларускай культуры ў Беларусі ён набыў зусім іншае гучаньне. Можна ўбачыць, як хутка пачынала падымацца і годна прэзэнтаваць сябе наша культура ў час, калі ёй было дадзена хоць трохі свабоды…
Рэдакцыя.

У духоўным жыцці народаў, іх прагрэсіўным развіцці важную ролю адыгрываюць культурныя сувязі. Яны спрыяюць усебаковаму росквіту, духоўнаму самавыяўленню як асобнага чалавека, так і народа ў цэлым. Дзякуючы ім адбываецца ўзаемаўзбагачэнне нацыянальных культур, далучэнне народаў да найвышэйшых каштоўнасцяў сусветнай культуры і адначасова ўмацаванне ўнутраных, духоўных сувязяў у межах сваёй айчыннай культуры.

Рэспубліка Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, дзе сустракаюцца розныя культуры, традыцыйна была і застаецца адкрытай для абменаў духоўнымі каштоўнасцямі. Пры гэтым, вітаючы дасягненні іншых краін, актуальнай для нашай дзяржавы стала задача азнаямлення краін Еўропы з нацыянальнай беларускай культурай. Шырокае культурнае супрацоўніцтва, папулярызацыя культурных здабыткаў Беларусі – гэта сродкі будаўніцтва свайго, адметнага вобразу, які дазваляе краіне самаідэнтыфікавацца на палітычнай мапе свету. Праз культурнае ўзаемадзеянне можна дабіцца ўзаемапаразумення ў развіцці і паглыбленні эканамічных і палітычных стасункаў.

На наш погляд, падаюцца цікавымі першыя гады існавання Рэспублікі Беларусь (1991-96) – перыяд станаўлення суверэнітэту краіны, калі адбылося вызначэнне ўласнага як унутрыдзяржаўнага, так і знешнепалітычнага курсу, яго прыярытэтных кірункаў, нарматыўна-прававой базы, фармаванне адметнага іміджу дзяржавы.

Пры пошуку асноўных партнёраў краіны асобна вылучалася Заходняя Еўропа, якая працягвала адыгрываць адну з ключавых роляў у сістэме міжнародных дачыненняў. Адначасова разглядалася як вельмі каштоўнае наладжванне дзейсных дачыненняў з сярэднімі і малымі дзяржавамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы [1, с.18].

Паспрабуем прааналізаваць, што з нацыянальнага мастацтва Беларусь змагла прапанаваць замежнаму гледачу, у якой меры наша культура была рэпрэзентаваная за мяжою, якія поспехі і недахопы існавалі на шляху прасоўвання беларускай нацыянальнай культуры на Захад.

1. Прававое забеспячэнне супрацоўніцтва.

Рэспубліка Беларусь на пачатак 1995 г. была прызнаная 123 дзяржавамі свету, яна ўстанавіла дыпламатычныя адносіны з 97 дзяржавамі. На той час у Мінску функцыянавалі 19 пасольстваў, з іх 7 – краін Цэнтральнай і Заходняй Еўропы (Польшчы, Германіі, Францыі, Англіі, Італіі, Балгарыі, Румыніі). Дзейнічалі аддзяленне ААН і прадстаўніцтва Сусветнага банка і Еўрапейскага Саюза.

У сваю чаргу, Беларусь (на канец 1996 г.) мела дыпламатычныя і консульскія прадстаўніцтвы ў такіх цэнтральна- і заходнееўрапейскіх краінах, як Польшча (у Варшаве, Гданьску, Беластоку), Германія (у Боне і Берліне), Італія, Швейцарыя, Нідэрланды, Чэхія, Аўстрыя, Балгарыя і Грэцыя (сумяшчаючы), Бельгія, Вялікабрытанія і Ірландыя (сумяшчаючы), Румынія, Францыя, Іспанія і Партугалія  (сумяшчаючы), Югаславія. Пры гэтым паслы нашай краіны з’яўляліся адначасова прадстаўнікамі Беларусі пры міжнародных арганізацыях, сярод якіх, ЮНЕСКА, Савет Еўропы, Еўрапейскі Саюз.

Міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне культуры былі заключаны з Рэспублікай Балгарыя (10.1993), Федэратыўнай Рэспублікай Германія (03.1994), Румыніяй (05.1993), Злучаным Каралеўствам Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (07.1995), Саюзнай Рэспублікай Югаславія (03.1996). Акрамя гэтага, Рэспублікай Беларусь былі падпісаны Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве з Еўрапейскай Супольнасцю і яе ўдзельнікамі (Брусэль, 03.1995) і Канвенцыя краін Чарнаморскага рэгіёну аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі і інфармацыі (Стамбул, 03.1993).

З Італьянскай Рэспублікай была падпісана Рабочая праграма супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі і навукі на перыяд 1996-99 гадоў (09.1996). Абодва ўрады прызналі сілу Пагаднення па культуры паміж Італіяй і СССР ад 02 лютага 1960 г. у дачыненні да беларуска-італьянскіх сувязяў.

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь былі заключаны: Пратакол аб супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры і мастацтва Рэспублікі Польшча на 1995-96 гг. (03.1995); Пагадненне аб супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры Славацкай Рэспублікі на 1994-95гг. (1994 г.).

Пагадненні і пратаколы аб супрацоўніцтве прадугледжвалі шырокі ўзаемны абмен дасягненнямі нацыянальных культур у самых разнастайных формах, а таксама магчымасць узнікнення і развіцця непасрэдных сувязяў паміж культурнымі ўстановамі, а таксама асобнымі рэгіёнамі краін.

2. Беларуская нацыянальная культура ў дзейнасці міжнародных міжурадавых арганізацый.

Вялікае значэнне для прапаганды і папулярнасці беларускай нацыянальнай культуры ў свеце мела дзейнасць нашай краіны ў ЮНЕСКА.

Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай усіх канвенцый ЮНЕСКА ў галіне культуры, што дае ёй права браць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, што праводзяцца ў рамках рэалізацыі гэтых канвенцый. У 1995 г. (лістапад) РБ прыняла ўдзел у чарговай асамблеі краін-удзельніц Канвенцыі па абароне сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. З сакратарыятам праграмы «Развіццё краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы» (ПРОЦВЕ) была дасягнута дамоўленасць аб уключэнні Мірскага замка ў план работы ЮНЕСКА на 1996 г. Для падрыхтоўкі міжнароднага энцыклапедычна-даведачнага выдання «Жанчыны з легенды» быў падрыхтаваны інфармацыйны і ілюстрацыйны матэрыял па Ефрасінні Полацкай і Рагнедзе.

На сутыку культуры, адукацыі і інфарматыкі была створана праграма ЮНЕСКА «Памяць свету» – Memoria mundi. Праграма займалася пытаннямі захавання, папулярызацыі і пераносу на электронныя носьбіты дакументальнай культурнай спадчыны. Нацыянальная бібліятэка Беларусі на вельмі высокім узроўні падрыхтавала матэрыял, у тым ліку і на электронных носьбітах, для ўключэння ў сусветны рэгістр па гэтай Праграме. Якасць падрыхтоўкі была высока ацэнена ў Сакратарыяце ЮНЕСКА.

У 1996 г. Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА распачала работу па падрыхтоўцы матэрыялаў на архітэктурныя каштоўнасці Беларусі, якія ў далейшым павінны былі быць прапанаваныя ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

На прапанову Міністэрства культуры быў праведзены адбор кандыдатаў на ўдзел у конкурсе стыпендыятаў ЮНЕСКА ў розных галінах культуры і мастацтва. Міністэрствам культуры былі падрыхтаваны для разгляду ў Сакратарыяце ЮНЕСКА праекты аднаўлення гістарычных і культурных помнікаў, якія належаць да нацыянальных дасягненняў Беларусі (сярод іх планы рэстаўрацыі Нясвіжскага і Мірскага замкаў).

З атрыманнем незалежнасці Беларусь упершыню змагла самастойна выступіць з прапановамі, якія дазволілі карыстацца сродкамі з рэгулярнага бюджэту Арганізацыі.

Стала традыцыяй правядзенне ў дні сесій Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА беларускай дэлегацыяй нацыянальных вечарын. У 1991 г. – з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння М.Багдановіча, у 1993 г. – да 100-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, а ў 1994 г. у Штаб-кватэры ЮНЕСКА – Дзён беларускай культуры.

Як адзначалася на пасяджэнні Камісіі РБ па справах ЮНЕСКА 05.02.1996 г., «Рэспубліка Беларусь, з’яўляючыся адным з найбольш значных плацельшчыкаў і выплачваючы поўнасцю свой узнос, магла б разлічваць на атрыманне ад арганізацыі сродкаў, якія значна пераўзыходзяць суму яе ўзносу. Набыты за чатыры гады вопыт самастойнага, па-за рамкамі СССР, удзелу ў арганізацыі і напрацаваны Рэспублікай за гэты час аўтарытэт дазваляюць гаварыць аб гэтым з дастатковай доляю ўпэўненасці… Беларусь заявіла аб сабе як краіна з высокім інтэлектуальным патэнцыялам, з багатымі нацыянальнымі традыцыямі і культурай, здольнай працаваць з сусветым супольніцтвам на роўных і прапанаваць яму многія са сваіх дасягненняў» [2].

Пачынаючы з 16 верасня 1992 г. РБ мела статус “спецыяльна запрошанай дзяржавы” ў рамках дзейнасці Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы. Дэлегацыя Вярхоўнага Савета Беларусі чатыры разы ў год брала ўдзел у рабоце ПАСЕ.

Далучэнне Рэспублікі Беларусь да Еўрапейскай культурнай канвенцыі ў кастрычніку 1993 года дазволіла атрымаць доступ да праграм еўрапейскага супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі, спорту, СМІ і інш. Савет Еўропы выдаткоўваў сродкі на стажыроўкі, кансультацыі, правядзенне міжнародных семінараў, канферэнцый і г.д. За няпоўныя 5 гадоў (09.1992 – 12.1996 гг.) больш за 300 прадстаўнікоў разнастайных галін улады Беларусі (сярод іх і прадстаўнікі ўстаноў культуры) бралі ўдзел у канферэнцыях, семінарах, стажыроўках, арганізаваных у рамках СЕ [3, с.172].

Савет Еўропы наладжваў і фанансаваў аналагічныя мерапрыемствы і ў Беларусі. Сярод іх – Міжнародны семінар ІКАМОС па праблематыцы аховы паркаў і ландшафтаў (05 – 06.1995 г., Нясвіж), Міжнародны семінар «Трансрэгіянальныя і інтэрнацынальныя аспекты культурнай палітыкі» (10 – 11.1996 г., Мінск), міжнародны семінар-прэзентацыя праграмы «Культурныя шляхі праз Беларусь» (09.1995 г., Полацк).

Аднак адсутнасць належнай зацікаўленасці з боку ўладных структур краіны не дазволіла развіццю больш насычанага і разнастайнага супрацоўніцтва з Саветам Еўропы. Пэўныя перашкоды стварыла запазычанасць РБ у бюджэт гэтай арганізацыі.

З чэрвеня 1994 года РБ з’яўлялася асацыяваным, а з чэрвеня 1996 года – паўнапраўным удзельнікам рэгіянальнага аб’яднання Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва /ЦЕІ/. У рамках гэтай арганізацыі рэалізуецца шэраг разнастайных праектаў, якія скіраваныя як на правядзенне палітычных і эканамічных пераўтварэнняў, так і на культурную кааперацыю. Пры гэтым удзел у ЦЕІ не патрабуе ні ўступных, ні ўдзельніцкіх узносаў. Кожная краіна нясе выдаткі толькі ў тых галінах супрацоўніцтва і па тых канкрэтных праектах, у якіх яна зацікаўленая.

Неабходна адзначыць, што за час свайго ўдзелу ў рабоце Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы Рэспубліка Беларусь да пачатку 1997 года не выступіла з праектам якога-небудзь мерапрыемства ў разнастайных галінах супрацоўніцтва. Хаця не выклікае сумнення, што актывізацыя ўдзелу ў рабоце гэтай арганізацыі дазволіла б наладзіць больш гнуткую і прагматычную рэгіянальную кааперацыю ў правядзенні дадатковага маста з Еўрапейскім Саюзам пры садзейнічанні такіх краін-удзельніц, як Італія і Аўстрыя. Не трэба забывацца і пра тое, што гэтае рэгіянальнае аб’яднанне з сярэдзіны 90-х гадоў ставіць сваёй асноўнай задачай спрыянне тым дзяржавам-удзельніцам, якія жадаюць уступіць у Еўрапейскі Саюз.

На канец 1996 года Рэспубліка Беларусь супрацоўнічала з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы праз няўрадавыя грамадскія, прафесійныя міжнародныя арганізацыі: Міжнародны савет па ахове помнікаў і славутых месцаў (ІКОМАС), Міжнародны савет музеяў (ІКОМ), Міжнародны савет арганізатараў фестываляў фальклору (МСАФФ), Міжнародны інстытут тэатру (МАТ), Міжнародны савет музыкі (МСМ), Міжнародная асацыяцыя мастацкіх крытыкаў (МАМК), Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (ІФЛА), Міжнародны архіўны савет (МАС), Міжнародная федэрацыя па інфармацыі і дакументацыі (МФД), Міжнародная федэрацыя тэлевізійных архіваў (МФТА) і Міжнародная асацыяцыя архіваў гуказапісу (МАЗА).

3.  Беларускае тэатральнае мастацтва.

У разгляданы перыяд беларускі тэатр упэўнена ўваходзіў у супольнасць еўрапейскіх тэатраў, маючы змястоўны і пераканаўчы фон (сваю гістарычную спадчыну і творчы патэнцыял). Нашы тэатры супрацоўнічалі з тэатрамі Польшчы, Францыі, Іспаніі, Італіі, Германіі і іншых краін.

Да 90-х гадоў беларускі тэатр ва ўмовах Савецкага Саюза адчуваў на сабе ўплыў практычна толькі адной тэатральнай культуры – рускай. Уплыў іншых нацыянальных еўрапейскіх сцэнічных культур быў вельмі абмежаваны – фактычна толькі праз адпаведную драматургію – польскую, англійскую, французскую, нямецкую і г.д. Абмежаванасць міжнародных творчых сувязяў не спрыяла больш актыўнаму мастацкаму развіццю беларускай тэатральнай культуры [4, с.24].

Сітуацыя пачала кардынальна мяняцца ў 90-я гады, калі Беларусь стала на шлях будаўніцтва ўласнай дзяржавы і сталі актыўна пашырацца міжнародныя сувязі.

Аднак замежнаму гледачу нашы тэатры прапаноўвалі ў асноўным пастаноўкі п’ес не беларускай драматургіі. Таму вельмі прыемна адзначыць поспех за мяжою сапраўднага беларускага тэатральнага мастацтва. У 1995 і 1996 гадах на Эдынбургскім фестывалі мастацтваў з пастаноўкамі п’есаў «Круці не круці…» і «Чорт і баба» па творах Францішка Аляхновіча выступаў тэатр «Дзе-Я?». Па водгуках, тэатр трапіў у двадцатку лепшых тэатраў свету [5].

Небывалы ўзлёт і прызнанне беларускага балету ва ўсім свеце ў апошнія два дзесяцігоддзі звязаныя з імем балетмайстра Валянціна Елізар’ева, творчасць якога стала з’явай культурнага жыцця рэспублікі. Падзеяй не толькі сезону, але і ўсяго тэатральнага жыцця, гісторыі беларускай харэаграфіі стала пастаноўка ў 1995 г. В.Елізар’евым балету «Страсці» («Рагнеда») на музыку А.Мдзівані. Упершыню балетны спектакль на музыку беларускага кампазітара атрымаў найвышэйшае міжнароднае прызнанне. 29 красавіка 1996 г. у Парыжы В.Елізар’еву была ўручана узнагарода Міжнароднай асацыяцыі танцу пры ЮНЕСКА за лепшую сучасную харэаграфію – прыз і дыплом «Бэнуа дэ ля данс». Гэтая ўзнагарода ўручаецца штогод пачынаючы з 1991 г. У склад міжнароднага журы ўваходзілі лепшыя харэографы свету. Да гэтага прыз атрымвалі харэографы Францыі (двойчы), Германіі і Галандыі.

Разам з тым багаты ўдзел у сумесных пастановачных праектах, міжнародных фестывалях беларускіх тэатральных дзеячоў спрыяў не столькі папулярызацыі за мяжою традыцый беларускага тэатральнага мастацтва і драматургіі, колькі спасціжэнню новых пластоў нацыянальных тэатральных культур, іх багатага вопыту і традыцый.

4.  Музычнае мастацтва.

Беларускія музыканты і выканаўцы спрыялі пашырэнню вядомасці нашай культуры за мяжою.

Значна пашырыла ў 90-х гадах міжнародную дзейнасць Беларуская дзяржаўная філармонія. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца паспяховыя выступленні салістаў і калектываў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў прэстыжных музычных цэнтрах Германіі, Галандыі, Іспаніі, Італіі, Францыі і іншых краін, выпуск найбуйнейшымі еўрапейскімі фірмамі гуказапісу кампакт-дыскаў з запісамі беларускай і еўрапейскай музыкі.

Адметнай падзеяй у музычным жыцці краіны стала прэм’ера ў Мінску ў 1994 манументальнай сцэнічнай кантаты «Хрыстафор Калумб», падрыхтаванай да прэм’еры двума калектывамі і салістам-барытонам Віктарам Скарабагатавым. Твор гучаў на беларускай мове. Выкананне сталася пачаткам творчага праекту, наконт якога дамовіўся з аўтарам, італьянскім кампазітарам Леапольда Гамберыні, намеснік міністра культуры Беларусі У.Рылатка падчас свайго візіту ў Геную. Неўзабаве быў зроблены запіс у нашай радыёстудыі, а на аснове яго ў Мілане выпусцілі кампакт-дыск [6].

У жніўні 1994 г. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр РБ браў удзел у музычным фестывалі ў Францыі, прысвечаным французскаму кампазітару і дырыжору Г.Берліёзу, пасля якога аркестр атрымаў запрашэнне на два самастойныя канцэртныя выступленні, якія прайшлі з вялікім поспехам і паказалі добры творчы патэнцыял калектыву, адпаведны еўрапейскаму ўзроўню [7].

У пачатку 90-х гадоў вядомасць у свеце атрымала беларуская музычная школа, калі ў новых умовах наша таленавітая моладзь атрымала магчымасць выязджаць на міжнародныя конкурсы. Раней гэтага не было, бо існаваў вельмі складаны адбор: рэспубліканскі, міжзанальны, затым адбор у Маскоўскай кансерваторыі. Таму беларускіх прадстаўнікоў на міжнародных конкурсах практычна не было. З атрыманнем незалежнасці з’явілася магчымасць дэлегавацьць нашых маладых талентаў без непатрэбнага пасрэдніцтва [8].

Поспехамі сваіх выхаванцаў можа ганарыцца Беларуская акадэмія музыкі. За 1991-95 гады акадэмія падрыхтавала 75 лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. Кожнае лета выязджалі за мяжу для ўдзелу ў розных мерапрыемствах каля 150-200 чалавек [9].

Выканаўчая школа музыкантаў Беларусі была прэзентаваная на XIII міжнародным конкурсе піяністаў імя Ф.Шапэна, які адбыўся ў кастрычніку 1995 г. у Варшаве. Для ўдзелу ў гэтым прэстыжным творчым спаборніцтве адзін раз у чатыры гады ў Варшаву з’язджаюцца музыканты з усіх кантынентаў. Ад Беларусі з поспехам выступілі піяністы Цімур Сергіеня і Андрэй Паначэўны [10]. Летам 1995 г. юныя беларускія выканаўцы Вольга Сцяжко і Таццяна Гаўрылава ўзялі ўдзел у III Міжнародным конкурсе піяністаў імя Ф.Шапэна для дзяцей і моладзі, на якім атрымалі першае і другое месцы [11]. Баяніст Аляксандр Севасцьян у 1995 г. бліскуча выступіў на Міжнародным конкурсе баяністаў у германскім горадзе Клінгенталі, заняўшы II месца. У конкурсе ўдзельнічалі 32 прадстаўнікі баянных школ найвышэйшага ўзроўню з Германіі, Іспаніі, Францыі і іншых краін [12].

Значны ўклад у працэс пашырэння прысутнасці беларускай культуры ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы ўносілі творчыя саюзы.

З 1990 г. Беларускі саюз музычных дзеячоў (БСМД), створаны ў 1988 г. як Музычнае таварыства БССР (у 1991-95гг. – Саюз музычных дзеячоў Беларусі), устанавіў творчыя сувязі з Музычным саветам зямлі Бадэн-Вюртэмберг. У рамках гэтага супрацоўніцтва за 1990-95 гады 19 беларускіх музычных калектываў (з агульнай лічбай удзельнікаў 620) ужо прадэманстравалі сваё майстэрства на прэстыжным міжнародным фестывалі «Еўрапейскія музычныя сустрэчы» [13, с.114].

Яскравым прыкладам актыўнай работы Беларускага саюза музычных дзеячоў у прапагандзе музычнага выканаўчага мастацтва за межамі Беларусі служыць работа ў арганізацыі ўдзелу нашых выканаўцаў у разнастайных конкурсах у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Сярод якіх – конкурсы выканаўцаў у ФРГ, Італіі, Швейцарыі, Англіі, Францыі, Іспаніі.

БСМД змог забяспечыць шырокі ўдзел калектываў, як самадзейных, так і шэрагу прафесійных, у міжнародных еўрапейскіх фестывалях.

Асобна неабходна адзначыць дзейнасць БСМД у вылучэнні на міжнародную авансцэну беларускай цымбальнай школы, якая да гэтага ўвесь час незаслужана знаходзілася ў цяні. З 1993 г. прадстаўнікі Беларусі з’яўляюцца правадзейнымі сябрамі Міжнароднай Асацыяцыі цымбалістаў, штаб-кватэра якой знаходзіца ў Будапешце [14]. На ІІІ Сусветным кангрэсе цымбалістаў у Браціславе у 1995 г. бліскуча выступіў ансамбль Беларускай Акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Е.П.Гладкова.

Некаторыя самадзейныя беларускія калектывы змаглі паказаць сваё майстэрства ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы дзякуючы непасрэдным запрашэнням замежных партнёраў.

Значныя намаганні ў наладжванні міжнародных сувязяў у сферы музыкі і музыказнаўства з мэтай распаўсюджання беларускай музыкі, абмену вопытам у галіне музычнага мастацтва прыкладаў Беларускі саюз кампазітараў (БСМ, у 1991-95 гг. – Саюз кампазітараў Беларусі). У 1990 г. Саюз кампазітараў БССР атрымаў права наладжваць кантакты без дазволу на гэта СК СССР. Аднак на гэтым шляху першапачаткова існавала шмат цяжкасцяў. Самыя значныя з іх – адсутнасць адпаведнага досьведу на гэтай ніве і недахоп матэрыяльных рэсурсаў [15].

Таму пра сапраўдную прапаганду беларускай музыкі за мяжою ў 1991-96 гг. гаварыць не даводзіцца, аднак відавочным было пашырэнне міжнародных сувязяў. Музыка беларускіх кампазітараў гучала ў Германіі і Іспаніі. Упершыню за мяжой у 1993 г. былі выпушчаны кампакт-дыскі з музыкай Я.Глебава, У.Солтана, Дз.Смольскага.

Старшыня фальклорнай камісіі СКБ З.Мажэйка ў жніўні 1993 г. на XІ Міжнародным з’ездзе славістаў у Браціславе была выбраная сябрам Міжнароднага камітэту славістаў.

5.Беларускае выяўленчае мастацтва ў еўрапейскіх краінах.

Сярод найбольш цікавых падзей вылучаецца выстава твораў маладых беларускіх мастакоў у г.Нітры (Славакія), якая адбылася ў 1994 годзе на падставе папярэдняй дамоўленасці міністэрстваў культуры Славакіі і Беларусі.

Да 10-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Германіі прайшла вялікая дабрачынная выстава беларускага выяўленчага мастацтва, якая выклікала значную цікавасць у нямецкага гледача.

Беларускі саюз мастакоў наладзіў стабільныя сувязі з Франкфурцкай выставачнай кампаніяй у галіне шкла і керамікі. Дзякуючы гэтаму ў Германіі прайшлі выставы работ шэрагу беларускіх мастакоў [16, c.21].

У 1995 годзе вядомы беларускі мастак Віктар Шматаў на запрашэнне французскіх калег наведаў гэтую краіну. Падчас знаходжання адбылося шмат сустрэч з дырэктарамі музеяў, галерэяў Тулузы і іншых гарадоў Францыі. Там жа прайшла выстава беларускіх ікон. З французскага боку было выказана вялікае жаданне наладзіць сувязі [16, c.58-59].

Неабходна заўважыць, што беларускія мастакі самастойна знаходзілі шляхі кантактаў з Еўропай. Так, у вызначаны перыяд выстаўлялі свае работы за мяжою: у Францыі – Р.Заслонаў і А.Задорын, Іспаніі – В.Ціханаў, Швецыі – З.Літвінава, Аўстрыі – Г.Гаравая, Нарвегіі – В.Альшэўскі, Галандыі – Л.Кальмаева.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы