nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПРЫСУТНАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ ў КРАІНАХ ЦЭНТРАЛЬНАЙ і ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ ў 1991-96 гадах (Частка ІІ; кБНІ)

26 ліпеня, 2006 | Каментары (1)

Дзмітрый Крывашэй

6.  Выданні твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Відавочным з’яўляецца значнае скарачэнне выдання за мяжою перакладаў твораў нашых «майстроў слова». Калі раней пры адборы твораў для перакладаў выдавецтвы і рэдакцыі кіраваліся прынцыпамі партыйнасці, інтарэсамі ідэалагічнай падтрымкі развіцця палітычных кантактаў паміж краінамі, мінімальна ўлічваючы чытацкія запыты, то ў 90-х гадах становішча карэнным чынам змянілася. На месца былой ідэалогіі прыйшоў прынцып адбору твораў літаратуры з пазіцый адпаведнасці агульначалавечым каштоўнасцям, запатрабаванням мастацкага густу той ці іншай катэгорыі прыхільнікаў мастацтва. Новыя ўмовы патрабавалі правядзення адпаведнай работы ў кірунку рэкламы і менэджменту ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва, актывізавалі намаганні ў пошуку партнёраў за мяжою. Востра стала такая праблема, як адсутнасць сродкаў на рэалізацыю праектаў. У гэтых нялёгкіх умовах беларуская літаратура здолела не знікнуць з поля зроку замежнага чытача.

У 1991 годзе былі ўсталяваны сувязі паміж Саюзам пісьменнікаў Беларусі (з 1995 г. – Саюз беларускіх пісьменнікаў) і суполкай нямецкіх пісьменнікаў “Літаратурны калоквіум Берліна”. Прыкладам плённага супрацоўніцтва служаць публікацыі твораў У.Арлова, В.Быкава, В.Іпатавай, А.Разанава, Н.Мацяш і іншых беларускіх аўтараў у Германіі.

Аднак колькасць асобных выданняў кніг пісьменнікаў і паэтаў Беларусі ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы была нязначнай – усяго 7 найменняў (1992-96 гг.). Гэта творы М.Гусоўскага, С.Полацкага, А.Карпюка, В.Быкава, А. Разанава, А.Глобуса і інш.

У 1996 годзе ў варшаўскім выдавецтве «Pod wiatr» выйшла кніга Сяргея Законнікава «Чорны конь апакаліпсісу». Яе змест склалі паэмы «Чорная быль» і «Зязюля». Кніга была адзначана міжнароднай прэміяй імя Вітольда Гулевіча, польскага паэта і патрыёта, расстралянага фашыстамі ў 1941 годзе. У дыпломе, які ўручаны Сяргею Законнікаву ў заключны дзень юбілейнага XXV свята «Варшаўская паэтычная восень», гаворыцца, што ён узнагароджваецца «за чарнобыльскія паэмы, якія ўзнімаюць драматычныя праблемы сучаснасці, і асабісты ўклад у дапамогу ахвярам катастрофы» [17].

У тым жа годзе ў Германіі, у царкве Святой Троіцы г.Франкфурта-на-Майне, адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Законнікава «Вячэра пад райскім дрэвам».

Цікавасць да беларускай літаратуры была праяўлена і ў Швейцарыі. Там у 1995 годзе выйшаў першы за ўсю гісторыю зборнік беларускай прозы «Беларуская проза: Цётка – Змітрок Бядуля – Якуб Колас» у перакладзе з беларускай Ісака Марголіна.

7.  Абмен і гандаль кнігамі.

Галоўным агентам у прапагандзе беларускай навукі, культуры праз распаўсюджанне беларускіх выданняў у першай палове 90-х гадоў была Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Гэта адбывалася праз сістэму міжнароднага кніжнага абмену. За перыяд 1991-96 гадоў ён заўважна ажывіўся, што звязана са зменамі палітычных і эканамічных рэалій (у першую чаргу з узнікненнем суверэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь), якія стымулявалі цікаўнасць да нашай краіны, нашых традыцый і гісторыі. Так, калі ў 1985 г. ў Бібліятэкі было 170 партнёраў, то ў 1992 – 245, а на 01.01.1997г. – 297 у 43 краінах свету. Сярод партнёраў – нацыянальныя і найбуйнейшыя навуковыя бібліятэкі, бібліятэкі ўніверсітэтаў і ўстаноў культуры, навуковыя таварыствы і даследчыя арганізацыі, рэдакцыі часопісаў і г.д. Найбольшая колькасць партнёраў (на 01.01.1997 г.) была ў Германіі – 54, ЗША – 49, Польшчы – 34, Францыі – 23, Вялікабрытаніі – 17.

Не заставаліся ў баку ад супрацоўніцтва і рэгіянальныя бібліятэкі Беларусі. Прынамсі Брэсцкая абласная бібліятэка наладзіла сувязі з публічнай бібліятэкай Бяла-Падляскі (Польшча). У ходзе ўзаемакарысных кантактаў і абмену друкаванай прадукцыяй ваяводская публічная бібліятэка паступова стала галоўнай у Польшчы ў галіне збору гістарычных і сучасных ведаў аб беларускіх землях.

Абмен перыядычнымі выданнямі з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы наладжвала Рэспубліканскае аптова-рознічнае прадпрыемства «Белсаюздрук». Аднак гэтая работа ў вызначаны перыяд не набыла сістэмны характар. Сярод галоўных прычын – адсутнасць пэўнага попыту ў сувязі з незадаволенасцю замежнага чытача зместам рэспубліканскіх выданняў, вялікія выдаткі на перасылку. Не спрыяла гэтай справе і тое, што беларускія абшчыны і дзелавыя колы за мяжой атрымлівалі беларускія выданні па іншых каналах – праз дзяржаўнае прадпрыемства «Мінская пошта», а таксама грамадскую арганізацыю Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Вялікае значэнне для прапаганды і рэкламы, пошуку шляхоў рэалізацыі сучаснай беларускай кніжнай прадукцыі меў удзел нашай краіны ў кніжных кірмашах у Варшаве (з 1994 г.) і Франкфурце-на-Майне (з 1995 г.). Вынікі ўдзелу Беларусі ў кірмашах гавораць аб тым, што кнігавыданне краіны ў вызначаны перыяд знаходзілася на добрым узроўні паводле зместу і афармлення друкаванай прадукцыі. Разам з тым было яшчэ мала зроблена для таго, каб беларуская кніга выйшла на перадавыя пазіцыі ў падборы і раскрыцці цікавых тэмаў, канструяванні, мастацкім афармленні і паліграфічным выкананні выпускаемых выданняў [18]. Пашырэнню экспарту беларускай літаратуры за мяжу не спрыяла адсутнасць наладжанай сістэмы вывучэння чытацкага попыту і рэкламы айчыннай друкаванай прадукцыі ў краінах-партнёрах.

8.  Дапамога беларускай дыяспары, садзейнічанне захаванню гістарычна-культурнай спадчыны.

У асобны накірунак культурнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы ў 90-х гадах вылучыліся кантакты з беларускай эміграцыяй, сувязі з якой да канца 80-х гадоў практычна адсутнічалі.

У 1993 годзе Саветам Міністраў была распрацавана дзяржаўная праграма «Беларусы ў свеце». Яна вызначала асноўныя кірункі работы з беларусамі замежжа, тэрміны выканання і адказныя ўстановы. Асноўнай мэтай праграмы было мацаванне разнастайных сувязяў з суродзічамі, аказанне ім разнастайнай дапамогі ў захаванні нацыянальнай культуры, распрацоўку шэрагу мерапрыемстваў для знаёмства нашых суайчыннікаў з гісторыяй і культурай Беларусі, навуковае даследаванне гісторыі беларускай дыяспары, шырокае азнаямленне грамадскасці нашай краіны з культурна-мастацкай спадчынай беларускага замежжа. У структуры Міністэрства культуры быў створаны Каардынацыйны Савет па рабоце з беларускім замежжам. Штогод распрацоўваўся асобны план работы ў вызначаным кірунку.

На шляху выканання Праграмы Міністэрства арганізоўвала ўдзел беларускай дзяржавы ў падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю беларускай песні ў Беластоку (Польшча). У яе рамках адбывалася папаўненне беларускай літаратурай бібліятэк розных устаноў за межамі краіны. Сярод іншых месцаў, літаратура паступала на Беласточчыну, у Гайнаўскі музей, на кафедру беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта [19, c.3].

Трывалыя творчыя сувязі працягвалі развівацца паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы (БГКТ).

У 1995 г. была ўзгоднена і прынята да выканання навуковая канцэпцыя Музея і асяродка беларускай культуры, які з 1986 г. будаваўся ў м.Гайнаўка Беластоцкага ваяводства. Работа вялася за кошт сродкаў, якія вылучаліся з рэспубліканскага бюджэту на дзейнасць музеяў. Разам з навуковай была распрацавана мастацкая канцэпцыя і генеральнае рашэнне экспазіцыі, над якім працаваў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РБ, вядомы мастак Э.Г.Агуновіч.

Гродзенскае абласное аддзяленне Беларускага фонду культуры наладзіла супрацоўніцтва з Беларускім грамадска-культурным таварыствам, асноўнай мэтай якога з’яўлялася ўсебаковае спрыянне захаванню і развіццю на Беласточчыне беларускай культуры. Праз яго ж ішла асноўная фінансавая дапамога грамадскаму камітэту пабудовы Беларускага музея ў Гайнаўцы, стварэнні тэматычна-экспазіцыйнага плану і афармлення экспазіцыі.

Вывучэнню праблем, што назбіраліся за працяглы гістарычны перыяд, распрацоўцы навукова абгрунтаваных рэкамендацый урадам абедзвюх краін для стварэння ўзгодненай пазіцыі ў дачыненні да сумеснай гістарычна-культурнай спадчыны і да гістарычна-культурных каштоўнасцяў аднаго з бакоў, што знаходзяцца на тэрыторыі другога боку, а таксама выкананню шэрагу даручэнняў абодвух урадаў была прысвечана работа беларуска-польскай кансультацыйнай камісіі па справах гістарычна-культурнай спадчыны.

За перыяд з 1993 па 1995 гг. адбылося чатыры пасяджэнні паўнамоцных прадстаўнікоў урадаў і экспертаў сумеснай Камісіі. Падчас апошняга пасяджэння 25 сакавіка 1995 г. ў Варшаве было падпісана Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

У працы камісіі галоўная ўвага надавалася пытанням канкрэтнага ўзаемадзеяння ў справе рэгенерацыі комплексу гістарычна-культурных каштоўнасцяў Нясвіжа. Апрача таго, закраналіся канкрэтныя пытанні інвентарызацыі альбарутэнікаў, палонікаў, забеспячэння іх даступнасці для навуковых даследаванняў; пашырэння магчымасцяў і ўмоваў працы спецыялістаў аднаго боку ў архівах другога, абмену і арганізацыі музейных выставаў (у тым ліку і сумесных), публікацый, выдання каталогаў. Была выказана, абмеркавана і рэкамендаваная для рэалізацыі прапанова аб’яднаць намаганні Беларусі і Польшчы ў справе кансервацыі, фрагментарнага аднаўлення і адаптацыі замкаў у Навагрудку і Крэве.

Значнай падзеяй у беларуска-чэшскім супрацоўніцтве з’явілася адкрыццё ў апошнія дні кастрычніка 1996 г. у Празе мемарыяльнай дошкі на мурах Славянскай бібліятэкі, а таксама помніка Францыску Скарыне на Пражскім Градзе.

9.  Агляд быў бы няпоўным без асвятлення дзейнасці грамадскіх арганізацый у распаўсюджанні беларускай культуры ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.

Шматпланавую разнастайную работу праводзіла Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі (БелТД). Асноўная яго дзейнасць ў пачатку 90-х гадоў у сувязі з распадам СССР была скіравана на наладжванне ўзаемадачыненняў грамадскасці другіх краін з нашай дзяржавай. У выніку праведзенай работы ў канцы 1996 г. больш за 120 таварыстваў і іншых грамадскіх аб’яднанняў за мяжою падтрымлівалі дзелавыя адносіны з БелТД [20].

За перыяд з 1992 па 1997 г. амаль у тры разы павялічылася колькасць нацыянальных таварыстваў дружбы. У структуры БелТД дзейнічалі 25 нацыянальных сябрын. З іх 16 былі звязаныя з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Таварыства аб’ядноўвала да 300 першасных арганізацый, раённых, гарадскіх і абласных аддзяленняў.

Праграма культурных мерапрыемстваў Таварыства вызначалася перш за ўсё маштабнымі мерапрыемствамі. БелТД арганізавала і правяло Дні Беларусі ў Балгарыі (1991 г.), Германіі (1993 г.), Вялікабрытаніі (1994 г.), Францыі (1995 г.). Непасрэдны ўдзел бралі актывісты Таварыства ў падрыхтоўцы і правядзенні Дзён Рэспублікі ў Швейцарыі (1992 г.), Дзён беларускай літаратуры ў Балгарыі (1996 г.).

Шырокую геаграфію мелі паездкі за мяжу майстроў беларускага мастацтва праз БелТД. За пяць гадоў (1992-97 гг.) 49 мастацкіх калектываў рэспублікі далі ў замежжы звыш 500 канцэртаў. З іх творчасцю азнаёміліся амаль 150 тысяч чалавек. У іншыя краіны за гэты ж перыяд з выстаўкамі выязджалі 72 мастакі [20]. Толькі за 1993 г. БелТД арганізавала выезд 480 чалавек у складзе мастацкіх калектываў і для ўдзелу ў выставах.

Разам з тым у рабоце таварыства быў і шэраг недахопаў. Аб іх вялася гаворка на VII справаздачна-выбарчай канферэнцыі 14 лістапада 1997 г. У перыяд 1992-96 гадоў многія нацыянальныя таварыствы не змаглі рэалізаваць сваіх магчымасцяў у наладжванні актыўнай дзейнасці. З-за недахопу сродкаў, а таксама з-за недастатковай работы з замежнымі партнёрамі БелТД не ўдалося наладзіць у 1995 г. Дні Беларусі ў Італіі, Тыдзень балгарскай культуры ў Беларусі; у 1996 годзе не былі праведзены Дні культуры Беларусі ў горадзе Хом (ФРГ). Не ўдалося наладзіць рэгулярны інфармацыйны абмен з замежнымі партнёрамі. Не былі ўсталяваны трывалыя ўзаемакарысныя сувязі з найбольш кампактнымі нацыянальнымі асяродкамі замежжа [21].

У 1996 г. юрыдычны статус атрымала Беларуская асацыяцыя пародненых гарадоў, якая да гэтага ўваходзіла ў структуру Таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. На 1 студзеня 1992 г. 17 беларускіх гарадоў мелі 26 партнёраў з 12 краін свету. Па дадзеных 1997 г. ужо 26 беларускіх гарадоў супрацоўнічалі з 50 гарадамі за мяжой. Найбольш партнёраў было ў Германіі – 16.

Гэты від супрацоўніцтва дазволіў на мясцовым узроўні не толькі забяспечыць азнаямленне з беларускай культурай, але і наладзіць трывалыя кантакты творчых калектываў і асобных дзеячоў мастацтва.

У 90-х гадах у Беларусі быў створаны цэлы шэраг разнастайных міжнародных і рэспубліканскіх фондаў, мэтаю якіх было разнастайнае спрыянне развіццю культуры. Сярод іншых сваёй актыўнай дзейнасцю вылучаюцца Беларускі фонд славянскага пісьменства і славянскай культуры, Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА, Фонд развіцця традыцыйнай этнічнай культуры (ФРТЭК).

ФРТЭК падтрымліваў кантакты з навукова-культурнымі цэнтрамі і дзеячамі культуры Германіі, Францыі, Швецыі, Ісландыі, Грэцыі, Бельгіі, Польшчы і шэрагу іншых краін.

Пад эгідай Фонда дзейнічаў вайскова-гістарычны рыцарскі клуб «Калюмны», які аб’ядноўваў маладых энтузіястаў вывучэння і аднаўлення сярэднявечных строяў і ўзбраення беларускага войска, і Мінская дударская гільдыя, аснову якой складалі сапраўдныя знаўцы дуды, якія самі ўзнавілі тэхналогію яе вырабу, архаічнае гучанне і чыста беларускую традыцыю ігры. Узровень выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў гільдыі па праву ацанілі музыканты і майстры-дудары з краін Заходняй Еўропы і Скандынавіі, што прыязджалі ў Мінск у 1992 і 1993 гг. на I i II Балтыйскія дударскія фэсты.

У ліпені і жніўні 1996 г. клуб «Калюмны» браў удзел у рыцарскіх турнірах у Польшчы. У чэрвені гэтага ж года прадстаўнікі Мінскай дударскай гільдыі ўдзельнічалі ў штогадовым Галандскім нацыянальным дударскім свяце (з запрашэння Нацыянальнай асацыяцыі дудароў Нідэрландаў) [22].

Беларуская культура была рэпрэзентаваная на розных культурных мерапрыемствах за мяжою, арганізатарамі якіх выступалі грамадскія аб’яднанні. Папулярнасцю сярод беларускіх выканаўцаў карыстаўся фестываль музыкі Маладой Беларусі «Басовішча» (г.Гарадок, Беластоцкае ваяводства, Рэспублікі Польшча), што праводзіцца з 1990 г. У 1994 г. на «Басовішчы» адмовіліся ад аўтарскай песні і ў кастрычніку адбыўся I Фестываль беларускай бардаўскай песні  «Бардаўская восень – 94» (г. Бельск-Падляскі, Беластоцкае ваяводства), стаўшы штогадовым.

Пасля абвяшчэння Беларусі незалежнай краінай і распаду СССР па рашэнні 22-га кангрэсу Міжнароднай федэрацыі мастацкай фатаграфіі /FIAP/, які праходзіў у Галандыі, наша рэспубліка была прынятая як паўнапраўны сябра гэтай міжнароднай фатаграфічнай супольнасці. Прадстаўніком і каардынацыйным цэнтрам FIAP ад нашай краіны было прапанавана стаць Беларускаму клубу мастацкай фатаграфіі (БКМФ) з Магілёва. Беларускі клуб мастацкай фатаграфіі займаўся актыўнай выставачнай дзейнасцю на міжнародных фотасалонах, знаёміў іншыя краіны свету з творчасцю беларускіх майстроў фатаграфіі [23].

Высновы.

Дзяржаўная незалежнасць Рэспублікі Беларусь адкрыла новыя магчымасці для наладжвання і развіцця ёю культурнага супрацоўніцтва з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Асноўныя шляхі гэтага віду сувязяў былі вызначаныя ў шэрагу міжурадавых пагадненняў і міжгаліновых пратаколаў. У праграмы міжнародных міждзяржаўных арганізацый былі ўключаныя мерапрыемствы, якія спрыялі папулярызацыі беларускай культуры ў Еўропе, а таксама прадугледжвалі фінансаванне праектаў, падрыхтаваных беларускім бокам.

На дзяржаўным узроўні была наладжана гастрольная дзейнасць тэатральных калектываў і выканаўцаў. Дзеячы нацыянальнай культуры і мастацтва атрымалі вядомасць і папулярнасць за межамі краіны. Многія з іх сталі пераможцамі і прызёрамі міжнародных спаборніцтваў.

Значна пашырыць геаграфію сяброўства, напоўніць яе разнастайнасцю, распрацаваць новыя формы супрацоўніцтва змаглі грамадскія аб’яднанні і арганізацыі, творчыя саюзы.

Можна з упэўненасцю канстатаваць той факт, што НЕЗАЛЕЖНАЯ БЕЛАРУСЬ ЗДОЛЕЛА ЗАЯВІЦЬ АБ САБЕ ЯК КРАІНА З АДМЕТНАЙ, БАГАТАЙ І РАЗНАСТАЙНАЙ КУЛЬТУРАЙ.

Разам з тым зроблены аналіз дазваляе вызначыць і шэраг недахопаў.

У 1991-96 гадах дзяржаўныя органы ўлады не здолелі рэалізаваць большую частку намераў, аб якіх гаварылася ў двухбаковых дамовах урадаў і адпаведных устаноў. Развіццю трывалых культурных стасункаў Беларусі з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы не спрыяла адсутнасць распрацаванай дзяржаўнай канцэпцыі знешнепалітычнай дзейнасці, якая б ўключала перспектыўны прагноз развіцця разнастайных сувязяў.

Глыбокі эканамічны крызіс, які рэзка пагоршыў фінансавае становішча ўстаноў культуры, недасканалая прававая база не дазволілі нашым культурным установам наладзіць сістэматычны абмен культурнай прадукцыяй з краінамі-партнёрамі на парытэтнай аснове. Назіралася пэўная камерцыялізацыя гастрольных паездак нашых дзеячоў культуры і мастацтва за мяжу.

Слабая рэкламная дзейнасць у спалучэнні з няведаннем культурнага рынку Еўропы не спрыялі больш шырокаму распаўсюджанню ведаў аб нашай нацыянальнай культуры.

Урокі першых крокаў на шляху культурнага супрацоўніцтва паказваюць, што без належнага фінансавання культурная прысутнасць Беларусі ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы не будзе трывалай і заўважнай.

Вопыт разнастайнай дзейнасці замежных культурна-асветніцкіх устаноў у Беларусі дае падставы для сцвярджэння, што гэта найбольш дзейсная форма пашырэння ведаў аб краіне, яе культуры і мастацтве, павелічэння колькасці яе прыхільнікаў і знаўцаў.

На жаль, на сённяшні момант Беларусь знаходзіцца пад значным уплывам культур такіх краін Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, як Польшча, Германія, Францыя, Вялікабрытанія. Пры гэтым з нашага боку не існуе сістэмы культурных мерапрыемстваў для дасягнення парытэтнасці ў культурным абмене.

Гэтыя недахопы становяцца яшчэ больш яскравымі, калі правесці параўнанне прысутнасці беларускай культуры ў вызначаных краінах з сістэмай наладжанай шэрагам краін Еўропы сапраўднай экспансіі іх культуры ў нашу культурную прастору. Трывалая дзейнасць Нямецкага культурна-адукацыйнага цэнтра імя Гётэ, Брытанскага Савета, Франка-беларускай інфармацыйнай залы, Польскага інстытута на Беларусі не дазваляе весці гаворку аб парытэтнасці культурнага супрацоўніцтва, бо наша краіна не здолела адкрыць падобныя ўстановы за мяжою.

Амаль поўная адсутнасць інстытуту мецэнацтва ў Беларусі не дазволіла здзяйсненню цікавых міжнародных праектаў як дзяржаўнымі, так і грамадскімі культурнымі ўстановамі, арганізацыямі, калектывамі.

Літаратура:

1. Белорусская государственность и проблемы саморазвития нашего общества // Беларуская думка. – 1996. – №1. – С.6-18.
2. Рабочы фонд сакратарыята Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.
3. Дрозд Наталья. Совет Европы и Беларусь: проблемы и перспективы // Беларуская думка. –1996. – №10. – С. 167-172.
4. Беларускае акцёрскае мастацтва: шляхі станаўлення і развіцця ў кантэксце еўрапейскіх сцэнічных культур // Зб. матэрыялаў міжнар. навук.-творч. канф. (Віцебск, 20-21 лістап. 1996г.) / Адк. рэд. Р.Б.Смольскі. – Мінск: Выд. Т-ва з абмежаванай адказнасцю «Права і эканоміка», 1997. – 228с.
5. Мінскевіч Серж. –Дзе- Я?..—У Шатландыі // Культура. – 1996. – 24-30 верасня. – С.5.
6. Калумб пяе па-беларуску // Літаратура і мастацтва. – 1996. – 17 мая. – С.10.
7. Філармонія не ведае «міжсезоння» / Інтэрв’ю ў мастацкага кіраўніка Рэспубліканскай філармоніі Ю.Гільдзюка ўзяў Г.Загародні // Рэспубліка. – 1994. – 10 верасня. – С.6.
8. Гільдзюк Ю. Фартэпіяна: акорды дзяржаўнасці / Гутарыла А.Рыгорава // Культура. – 1997. – 21 чэрвеня. – С.8-9.
9. Казінец М. «Стаць незалежнымі ўнутрана – праз матчыну песню, праз песні сваёй вёскі, праз музыку, якая ствараецца тут сёння» / Гутарку вяла Л.Цімошык // Звязда. – 1995. – 17 студзеня. – С.4.
10. Карлюкевіч Алесь. Шапэн вучыць шчырасці // Культура. – 1995. – 4-10 кастрычніка. – С.1,4.
11. Александрович Андрей. «Золотой Фредерик» приехал в Беларусь // Белоруссия. – 1995. – 1 июля. – С.8.
12. С.Б. У Акадэмію – без экзаменаў // Літаратура і мастацтва. – 1995. – 30 чэрвеня. – С.10.
13. Беларусіка=Albaruthenica. – Кн. 7: Беларуска-нямецкае грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: гісторыя, сучаснасць, перспектывы / Рэд. А.Кулажанка, А.Мальдзіс і інш. – Мінск: Цэнтр імя Ф.Скарыны, 1996. – 176с.
14. Архіў Беларускага саюза музычных дзеячоў. Справаздача аб дзейнасці СМДБ. 1991-1995 гг.
15. Архіў Беларускага саюза кампазітараў. Справаздача аб дзейнасці Саюза кампазітараў БССР у 1990 г.
16. Архіў Беларускага саюза мастакоў. Стэнаграма ХV з’езда мастакоў Беларусі. 19.10.1995 г.
17. «Чорны конь апакаліпсісу» // Літаратура і мастацтва. – 1996. – 12-17 лістапада. – С.6.
18. Иванов Юр. Франкфуртская ярмарка: итоги и уроки // Книга и мы. – 1997. – 7-13 ноября. – С.3.
19. Бутэвіч Анатоль: «Калі прышчапіць высокую культуру людзям, то яны не захварэюць на духоўную заразу…» // Беларуская думка. – 1994. – №7. – С.1-3.
20. Рабочы фонд Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі.
21. Архіў Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Матэрыялы VІІ справаздачна-выбарчай канферэнцыі.
22. Фонд развіцця традыцыйнай этнічнай культуры // Культурнае жыццё Беларусі (Хроніка падзей). – 1996. – №5. – С.18-21.
23. Цітоў Васіль. За кубак свету // Культура. – 1995. – 19 красавіка. – С.4.

Ад рэдакцыі: на час правядзеньня канферэнцыі  Зьміцер Крывашэй – асьпірант кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (пас. Пагранічны, Бераставіцкі раён, Гродзенская вобласьць).

Каментары (1)

  1. Дзмітры Крывашэй кажа:

    Зноу прыклад грэбавання аўтарскімі правамі ў Інтэрнеце…
    Як аўтар прашу накіроўваць заўвагі і прапановы на мой адрас.
    Д.Крывашэй
    к.г.н.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы