nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

«СЛАВЯНСКІ БАЗАР»: БАЗАРУ – ЦЭНТНЕРЫ, СЛАВЯНСТВА – З ГУЛЬКІН НОС (ЦП; Д пр-п 18)

27 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Віталь Хромаў

У знакамітым беларускім горадзе Віцебску адшумеў чарговы (ужо 15-ы) «Славянскі базар». Пара падводзіць вынікі.

Цяжкая была праца – сачыць за гэтым убогім гледзішчам нармальнаму славяніну-беларусу. Уключаў тэлевізар і выключаў, зноў уключаў. Ну, проста, усю душу выматаў… Калі б не абавязкі перад рэдакцыяй, на прафанацыю ідэі «аб’яднаньня славянскіх народаў» пад назвай «Славянскі базар» не прысьвяціў бы і хвіліны ўвагі.

Пагадзіцеся. Гэтыя асалавелыя, вульгарныя, аблезлыя «поп-зоркі» з Расеі, гэтыя дзяўчынкі й хлопчыкі з Ізраілю і мусульманскіх краін, гэты Бора Маісееў са сваім вяртлявым задам, гэтае ўсё спрэс фармальнае, непраўдзівае, папсовае, рускамоўнае, і г.д., і да т.п. Дайшло да таго, што нейкая маленькая істотка пачварнага выгляду з нейкай заходняй краіны беснавалася на сцэне віцебскага амфітэатру, імітуючы нейкую англамоўшчыну. Пры чым тут славянства?

І на фоне ўсяго гэта «вялікі інтэгратар славянскіх народаў і славянін» – А.Лукашэнка… Ці то ён нічога не разумее, ці то ўжо нічога ня можа зьмяніць…

Жахлівае відовішча.

У цэлым, на дадзены напалову кітч, напалову шабаш можна было напляваць, калі б ён адбываўся не на нашай зямлі й не за нашыя грошы. А так, прабачце, мы – беларусы – гаспадары, таму гэта цалкам нашая справа. Непрыемная, канешне, як і шмат з таго, што адбываецца ў апошнія гады ў Беларусі, але нашая.

Хто ж са славянаў будзе супраць славянаў? Відавочна, што ніхто. Але ж найпеш «за» павінны быць арганізатары – тыя, хто падае ініцыятыву, фармулюе лозунгі, дыктуе стратэгію мерапрыемства. А яны якраз, на словах – адно, на справе – зусім іншае.

Як могуць усур’ёз ставіцца да таго, што адбываецца ў Віцебску кіраўнікі славянскіх дзяржаваў ды й звычайныя грамадзяне, калі арганізатары ўсім кантэкстам праводзімага мерапрыемства дэманструюць усяго толькі жаданьне выкарыстаць ідэю славянскага братэрства для сваіх імперскіх, прыватна-жлобскіх мэт. Хто паверыць у славянскую шчырасьць галоўнага арганізатара «Славянскага базару» – Лукашэнкі, калі той з нябачным у гісторыі імпэтам зьдзяйсьняе ЭТНАЦЫД (а разам зь ім і генацыд) аднаго са славянскіх народаў і пад выглядам «інтэграцыі» Беларусі з суседняй імперыяй рэалізуе ПАЛІТЫКУ ЗЬНІШЧЭНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ. Хто паверыць, што Масква гатовая прэзентаваць рускі народ на роўных зь іншымі славянскімі народамі – шчыра, бескарысьліва працягнуць руку братэрства (а бяз гэтага ні пра якае сапраўднае аб’яднаньне ня можа быць гаворкі), калі нават на агульнаславянскім культурным форуме яна ўсё задавіла расейшчынай, імкнучыся ПЕРАЎТВАРЫЦЬ ІДЭЮ СЛАВЯНСКАСЬЦІ Ў ІДЭЮ ЎСЕРАСЕЙСКАСЬЦІ. Нават маладасьведчаныя ў палітычных інтрыгах грамадзяне замест кірмашу культур славянскіх народаў, які ў адпаведнасьці з заявамі арганізатараў здавалася б павінен мець месца ў Віцебску, паўсюль бачаць велічэзныя «вушы» імперскай Масквы.

Відавочна, што «Славянскі базар» у яго цяперашнім выглядзе – мерапрыемства штучнае і бяз штучнай падтрымкі яму ня вытрываць (нагадаем, усё натуральнае – гэта тое, што здольна само сябе падтрымліваць і самастойна разьвівацца). Больш за тое, дазволю сабе гіпотэзу, што яно 15 гадоў таму якраз і планавалася такім. Галоўным БЫЛО НЕ ДАПУСЬЦІЦЬ УТВАРЭНЬНЯ НАТУРАЛЬНАГА ФОРУМУ АБ’ЯДНАНЬНЯ СЛАВЯНСКІХ НАРОДАЎ, які б мог стаць небясьпечным для імперскай Масквы апазіцыйным цэнтрам у перыяд яе аслабленьня. Тады б стала яшчэ выразьней бачна, што Расея – краіна не славянская (а, значыць, і не для рускіх), і пытаньне: «Хто кіруе Расеяй? У імя чыіх інтарэсаў існуе гэтая імперыя?» – набыло б дадатковую актуальнасьць. А якраз гэтага пытаньня расейская імпербюракратыя хацела б пазбегчы любым коштам.

Прадчуваючы, што віцебская імпрэза дажывае апошнія гады, у Расеі запачаткавалі правядзеньне нейкага новага фестывалю «славянскіх і праваслаўных народаў». Паколькі арганізатары тыя ж, лёс яго напэўна будзе той жа. Хворае нутро новай вопраткай ня вылечыць…

Думаю ня варта далей губляць час на аналіз віцебскай імпрэзы. Няхай сабе памірае. Але, на сёньня актуальнымі зьяўляюцца два пытаньні:
– як мы – беларусы – павінна ставіцца да ідэі братэрства славянскіх народаў?
– як павінен выглядаць фестываль культур славянскіх народаў (умоўная назва «Славянскі кірмаш»), калі акажацца, што такі ўсё ж такі варта праводзіць?

Думаю тут могуць быць прыняты наступныя падыходы.

1. Ідэя славянскага братэрства, узаемадзеяньня, яднаньня – гэта жывая, натуральная ідэя. Абумоўлена яна АБ’ЕКТЫЎНЫМІ ЧЫНЬНІКАМІ – найперш генетычнай і культурнай блізкасьцю славянскіх народаў. І падабаецца гэта камусьці ці не, так выглядае факт: славяне, як правіла, аўтаматычна ўспрымаюць адзін аднаго бліжэй, чым прадстаўнікоў іншых народаў. Так, колькі б мяне ні ўгаворвалі з Масквы «хварэць» на апошнім чэмпіянаце сьвету па футболе за аўстралійцаў (?!), я ўсё роўна найбольш жадаў посьпеху ўкраінцам. Нічога ня зробіш, голас крыві…

2. Беларусь разьмешчана ня толькі ў цэнтры Еўропы. Яна разьмешчана і ў цэнтры славянскага сьвету. Таму нам – беларусам – сапраўды наканавана лёсам і сачыць за разьвіцьцём працэсу славянскага яднаньня, і ўсяляк спрыяць яму.

3. Галоўнай перашкодай на шляху да нарастаньня ўзаемадзеньня і яднаньня славянскіх народаў зьяўляюцца імперскія амбіцыі Масквы. Калі мы сапраўды жадаем усеславянскага зьбліжэньня, мы найперш павінны неўтралізаваць жлобскія памкненьні расейскай імпербюракратыі на славянскім геапалітычным «полі».

4. Цалкам магчыма, што імпрэзу пад назвай «Славянскі кірмаш» варта будзе праводзіць і ў будучай Беларусі. Можа ня кожны год, а раз у 2 гады. Але, канешне жа, фармат правядзеньня такога «Кірмашу» павінен быць кардынальна іншым у параўнаньні з тым, што адбываецца на «Славянскім базары». Па-першае, не абавязкова «Кірмаш» павінен адбывацца толькі ў Віцебску. Чаму б не праводзіць яго таксама, напрыклад, у Гомелі й Бярэсьце (па чарзе). Па-другое, будучы «Славянскі кірмаш» павінен стаць сапраўды фестывалем культур славянскіх народаў, дзе кожны народ (ад рускіх да чарнагорцаў) павінен быць прадстаўлены АБСАЛЮТНА НА РОЎНЫХ. Для гэтага ў рамках фестывалю варта адводзіць прадстаўнікам кожнага народу (беларусам, украінцам, рускім, палякам, чэхам, славакам, балгарам, сербам, харватам, славенцам, чарнагорцам) па аднаму дню (кожны раз чаргуючы іх пасьлядоўнасьць), у які яны самі будуць вырашаць, што і як ім рабіць. Галоўным мерапрыемствам павінен стаць вялікі 3-4-гадзінны вечаровы канцэрт. Па-трэцяе, на час фестывалю «Славянскі кірмаш» мовай міжславянскіх зносінаў ПАВІННА СТАЦЬ БЕЛАРУСКАЯ МОВА.

Ад рэдакцы: рэдакцыя з задавальненьнем прымае прапановы нашага сябра. З мэтай падтрыманьня агульнаславянскага адзінства мы прапануем у будучай Беларусі раз у два гады ў гарадах Віцебск, Гомель, Бярэсьце (па чарзе) праводзіць фестываль культур славянскіх народаў «Славянскі кірмаш». У рамках імпрэзы прадстаўнікам кожнага народу будзе прадстаўлена па аднаму дню, у які галоўным мерапрыемствам будзе вечаровы канцэрт. Мовай міжславянскіх зносінаў у час правядзеньня фестывалю будзе беларуская. Давайце лічыць гэта чарговым дактрынальным прынцыпам (Д пр-п 18).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы