Барыс Керзач, Алесь Астроўскі
Значэньне матэрыяльных рэсурсаў у апазіцыйнай дзейнасьці – важнае пытаньне сучаснага змаганьня за дэмакратыю на постсавецкай прасторы.
З аднаго боку, многія лічаць, што без вялікіх грошаў (якія, па вядомых прычынах, немагчыма ўзяць ні зь мясцовых бізнесоўцаў, ні сабраць з насельніцтва) ніякая апазіцыйная дзейнасьць у сёньняшніх варунках немагчымая – настолькі немагчымая, што, маўляў, любую справу варта пачынаць зь іх пошуку. Значыць, на іх думку, усё трэба пачынаць са звароту ў заходнія дабрачынная фонды. А калі ж сродкаў здабыць не ўдалося, дык і рабіць нічога ня варта… З другога боку, вядомыя выказваньні, напрыклад, Пазьняка, які яшчэ ў канцы 1990-х папераджаў, што спробы ўзмоцніць беларускай апазіцыю з дапамогай грашовага фактару толькі пагоршаць палітычную сітуацыю ў краіне (дарэчы, у час, калі Пазьняк быў старшынём БНФ, па шэрагу сьведчаньняў грошы на Фронт з Захаду не паступалі. Да гэтай пары не вядома: ці таму, што Зянон ня браў, ці таму, што Захад пад Пазьняка не даваў…).
Дзе тут ісьціна?
Думаем, недзе па сярэдзіне. Як заўсёды.
Канешне, калі дзейнасьць апазіцыянераў праплочваецца – ды яшчэ добра – яна звычайна адбываеца весялей, жвавей. Але гэта дае толькі тактычную перавагу. Тут жа праз пэўны час пачынаюць праяўляць сябе і адмоўныя моманты. Давайце пералічым тыя зь іх, якія маюць універсальнае значэньне для ўсёй постсавецкай прасторы, дзе на фоне барацьбы паміж сучасным Захадам і расейскай імперыяй працягваецца змаганьне за самастойнасьць некалі паняволеных народаў. Сярод такіх адмоўных момантаў можна назваць:
– разбэшчваньне апазіцыянераў (як кіраўнікоў, так і шэраговых сябраў), якія пачынаюць прывыкаць працаваць за грошы, а не за ідэю. Бывае, што некаторыя кіраўнікі дэградуюць да прысябечваньня сродкаў, выдзеленых на грамадскую справу;
– унутры арганізацыі можа нарастаць узаемная падазронасьць і зайздрасьць, могуць узьнікаць свары, а атмасьфера сяброўства й ідэйнасьці адпаведна згасае. Усё гэта знутры істотна падрывае моц арганізацыі;
– лепшыя ў пытаньнях стратэгіі й тактыкі, а таксама лепш арганізаваныя партыі, якія здавался б, павінны перамагаць у змаганьні за розум і сэрцы выбарцаў (але ня маюць вялікіх сродкаў), на справе аказваюцца малаканкурэнцыйнымі ў параўнаньні зь іншымі лепш забясьпечанымі апазіцыйнымі структурамі, якія за грошы могуць наймаць і сьпецыялістаў-PRшчыкаў, і шэраговых “добраахвотнікаў”;
– фінансуемая з-за мяжы партыя заўсёды можа стаць «лёгкай здабычай» уладаў. Праімперскаму рэжыму становіцца лёгка весьці супраць яе дыскрэдытацыйную прапаганду (маўляў, «грошы з варожага Захаду», «умяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувярэннай краіны» і г.д.; колькі разоў мы ўжо чулі гэтыя плыты?), а ў крызісных сітуацыях – мець фармальную падставу для больш жорсткіх рэпрэсіўных мер. Гэты рэсурс – забараняць/не забараняць партыю – улады цяпер могуць выкарыстаць у адпаведнасьці з уласнымі інтарэсамі. Лёс партыі апынецца ў лапах рэжыму. Хаця, канешне, выкарыстаньне ўладай народных грашаў для ўласнага самазахаваньня ёсьць злачынствам у разы большым;
– агенты рэжыму, укаранёныя ў шэрагі апазіцыі, пачынаюць атрымліваць двайны даход (зь імперыі й з Захаду). Атрымліваецца, Захад з пэўнага этапу фінансаваньня апазіцыі пачынае сваімі грашовымі сродкамі спрыяць дзейнасьці сіл расейскага імперыялізму, скіраваную на дэзарганізацыю дэмакратычных сіл. Ці ж ня лепш, каб маскалі сваіх агентаў праплочвалі выключна самі?;
– партыя можа падпасьці ў залежнасьць ад тых, хто выдае сродкі (грошы проста так ніхто не дае, заўсёды толькі на пэўных умовах). Яны («заходнікі») пачынаюць патрабаваць дзейнасьць, якая па зьместу і форме адпавядае іх мэтам і задачам. А гэтыя мэты далёка не заўсёды могуць супадаць з нашымі (мы на гэта ўжо некалькі разоў зьвярталі вашую ўвагу). Прычым, па меры нарастаньня «супрацоўніцтва» нарастае і залежнасьць. У рэшце рэшт апазіцыйная арганізацыя можа поўнасьцю страціць грамадска-палітычную самастойнасьць, суб’ектнасьць і пераўтварыцца выключна ў АБ’ЕКТНУЮ ПРЫЛАДУ ў руках грантадаўцаў. Для партыі, ідэйная платформа якой у значнай ступені супадае з дамінуючай заходняй (скажам: АГП і псеўдалібералізм) – гэта вялікай праблемы не стварае. А вось для партый, якія засноўваюць сваю дзейнасьць, напрыклад, на ўніверсальна-нацыянальнай ці хаця б на сацыял-дэмакратычнай ідэалогіі – гэтая праблема набывае значэньне стратэгічнай.
Калі пачынаеш узважваць усё пералічанае, становіцца відавочным, што грошы ў апазіцыі – гэта ня толькі ня «ўсё», але хутчэй наадварот – вельмі небясьпечная прылада для рэалізацыі апазіцыяй сваіх грамадска-палітычных задач (больш небясьпечная, чым дынаміт у руках дыверсанта для яго самаго).
Каб паменьшыць магчымасьць разьвіцьця падзей па негатыўным сцэнары патрабуецца распрацоўка строгіх прыцыпаў узаемадзеяньня апазіцыйных нацыянальна-дэмакратычных партый (а толькі такія і маюць шанец зрабіць у Беларусі нешта прыстойнае ў грамадска-палітычнай сьферы) і, напрыклад, заходніх грантадаўцаў. Гэтыя прынцыпы могуць быць наступнымі:
1. Мінімізацыя залежнасьці ад грошаў за кошт эканоміі й максімальна магчымага выкананьня сваіх задач бяз выкарыстаньня грошаў (апошнія павінны ісьці толькі на заробак сьпецыялістам, якія працуюць на прафесійнай аснове, арэнду цэнтральнага офісу, паездкі, матэрыяльную дапамогу сем’ям пацярпелых у выніку рэпрэсій). Напрыклад, збор подпісаў павінен адбывацца як правіла без аплаты (магчыма прэмірваньне); «офісы» абсалютнай большасьці рэгіянальных філій павінны быць у прыватных кватэрах сябраў арганізацыі; можна рэзка скараціць паездакі для нарадаў за кошт выкарыстаньня Інтэрнэту і электроннай пошты; і г.д.
2. Абавязковае прыцягньне сродкаў сябраў арганізацыі (хаця складкі неабавязковыя). Нават паездка на зьезд партыі павінна праплочвацца толькі на 50-90% (ніколі на 100%). Грошы назьбіраць, каб раз у год зьезьдзіць у Менск (у адзін бок), можа практычна кожны.
3. Трэба імкнуцца зьбіраць ахвяраваньні з грамадзянаў Беларусі – вядомых і патэнцыйных прыхільнікаў арганізацыі (бізьнесоўцаў і небізьнесоўцаў), бо гэта – недыскрэдытуемыя сродкі. Па-першае, яны не з-за мяжы, а па-другое, зь іх ужо сабраны падаходны налог.
4. Калі ўсё ж такі грошаў катастрафічна не хапае (а гэта можа быць толькі тады, калі яны ёсьць адзінам фактарам, які абмяжоўвае магчымасьці арганізацыі значна больш уплываць на грамадства; усе іншыя магчымасьці для павелічэньня ўплыву і ўласнага росту вычэрпаны поўнасьцю!), толькі тады можна зьвярнуцца да пошуку дадатковых рэсурсаў у замежжы. І вось тут наступае самае важнае. Узаемадзеяньне паміж беларускай дэмакратычнай грамадска-палітычнай арганізацыяй і заходнімі патэнцыйнымі фундатарамі могуць адбывацца толькі на такіх прынцыпах, калі беларуская арганізацыя ўкладае свае ідэі, арганізацыйныя магчымасьці, людзей, а заходні бок – толькі матэрыяльныя сродкі. Ніколі не павінна быць так, што беларуская дэмакратычная арганізацыя ПАДСТРОЙВАЕЦЦА ПАД інтарэсы і мэты Захаду! Пры праявах малейшай спробы з таго боку навязаць свае ідэі, прынцыпы, падыходы ўсялякае супрацоўніцтва спыняецца! Апошняе ёсьць надзвычай сур’ёзная справа, самая важная, базавая ўмова, якая павінна выконвацца абсалютна!
Давайце лічыць апісаны падыход чарговым прынцыпам нашай пераможнай дактрыны (П пр-п 3).