nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ДА ВЫВУЧЭНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ ЭТНАКУЛЬТУРНАЙ САМАБЫТНАСЬЦІ. Частка ІІІ, заключная (кБНІ)

1 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Юры Сураўцаў

4.

…Ці не задалёка адышлі мы ад сваёй непасрэднай, зь метадалагічнай акцэнтыроўкай, тэмы?

Ды не, бадай што.

Перш за ўсё таму, што «даўлее дневі злоба яго». А цяперашняя «злоба дня», як яна складаецца ў «лукашэнкаўскай» Беларусі, асабліва заклікае да атрыманьня ўрокаў «беларусізацыі» і «дэбеларусізацыі»,  разортваньня і згортваньня «другога нацыянальнага Адраджэньня». Шмат, як уяўляецца, зроблена ў цяпершняй РБ для згортваньня і «трэцяга Адраджэньня».

Пра што кажа, напрыклад, распараджэньне прэзідэнта А.Лукашэнкі выключыць са школаў і ВНУ падручнікі, якія былі выпушчаныя ў набыўшай сувярэннасьць РБ у 1992-95 гадах, і выкарыстоўваць падручнікі савецкай «духоўнай вытворчасьці»? Тыя, дзе той жа «нацыянал-дэмакратызм» і яго прадстаўнікі калі й нагады, дык лáяльна. Тыя, дзе ўзьніклыя на «ускрайках» былой царскай імперыі пасьля яе распаду дзяржавы – несавецкія, сацыял-дэмакратычныя, хай сабе і з уключэньнем у іхнае грамадскае жыцьцё агрэсіўна-нацыяналістычных элементаў – аб’яўляліся цалкам антынароднымі й былі затым падаўлены Чырвонай Арміяй, якая прыйшла «на дапамогу працоўным масам» [але чамусьці “забыла” сысьці – Рэд.]. У Арменіі, Грузіі, Азербайджане, ва Украіне такія нацыянальныя рэспублікі трактуюцца сёньня як прамыя папярэдніцы цяперашняй дзяржаўнасьці, а даты ўзьнікненьня гэтых рэспублік сьвяткуюцца як нацыянальныя ўрачыстасьці. Паўсюль, але не ў цяперашняй РБ, дзе менш года праіснаваўшую – сапраўды ў складанейшых, найсупярэчлівых умовах – Беларускую Народную Рэспубліку, урад якой спавядаў перш за ўсё менавіта нацыянал-дэмакратычныя, шмат у чым «нашаніўскія» ідэі (гісторык, паэт, публіцыст В.Ластоўскі быў адзін час старшынём Ураду БНР) [28], цяпер, здаеца, зноў пачынаюць успрымаць у афіцыйных і афіцыёзных колах “па-старому”, “па-савецку”, праўда, без ранейшай “класава-пралетарскай” лютасьці. Не хацім сказаць, што ў падручніках, якія былі выпушчаны ў кароткі “шушкевічаўскі” час, усё было добра і правільна. Але вяртаньне да “савецкіх” падручнікаў – ва ўмовах Беларусі – сапраўды ёсьць спроба “павярнуць назад”; такі крок з боку ўладаў “перакрэсьлівае грамадскую работу па пераарыентацыі адукацыі на сучасны лад, па вяртаньню гістарычнай праўды і вызваленьню грамадства ад дурману таталітарызма”. Гэта меркаваньне выдатных беларускіх пісьменьнікаў – В.Быкава, Н.Гілевіча, Р.Барадуліна, Ул.Арлова, С.Алексіевіч, В.Зуёнка, К.Шэрмана, Г.Бураўкіна, С.Законьнікава, А.Кудраўца – уяўляецца абаснаваным, як і агульная іх пазіцыя – супрацьдзеяньне “замаху на будучыню нацыі” [29]. Прыкладаў такога роду замахаў становіцца ў сёньняшняй Беларусі ўсё больш.

… Але вернемся ад “злобы дня”, надзённасьці да “бінарных апазіцыяў” і “ключавых сімвалаў” культурна-гістарычнай самабытнасьці беларускай культуры.

Мы сказалі, што «сон//абуджэньне” і “страта сябе, забыцьцё//адраджэньне” ўтвараюць аснову парадыгмы, што гэтыя апазіцыі – карэнныя для беларускай этнакультуры, што ЯНЫ – галоўнае поле напружаньня, вырашэньнем якога вызначаўся яе рух. Гэтая карэнная для ўсёй парадыгмы апазіцыя мела і мае сёньня велізарную творча-рэпрадуктыўную здольнасьць. У прыватнасьці, на яе аснове нарадзіўся ў параўнальна нядаўнія часы новы гістарычны раман-жанр, які ня быў ўласьцівы прозе Беларусі (наватарскую ролю меў тут “шасьцідзесятнік” Ул.Краткевіч, цяпер цікавую прозу пра мінулае этнаса піша Ул.Арлоў, В.Іпатава, В.Данейка й інш.). Гістарычная тэма займае заўважнае – і вялікае – месца ў сучаснай драматургіі й тэатры, паэзіі й выяўленчым мастацтве, нават у праграмнай музыцы.

Цяпер пра сацыяльныя трансфармацыі ўнутры этнакультурнай беларускай парадыгмы… Беларускі этнас многія, у розныя часы і з рознымі ацэначнымі характарыстыкамі, звалі “сялянскай нацыяй”, “мужыцкім народам”. Падставы для такой – сацыялагічна, пэўна ж, у цэлым некарэктнай – характарыстыкі былі. Гарады ў эпоху “гістарычнага тупіку” ў значнай меры, як мы бачылі, страцілі сваю “беларускасьць”. Верхнія пласты вёскі (панства) былі ў значнай меры дэнацыяналізаваныя, амаль 90% (у 1926 годзе) беларусаў жыло ў вёсцы зь яе бядотай, малазямельлем, непісьменнасьцю і цяжкай-цяжкай працай на ня вельмі-та ў цэлым урадлівых глебах у Беларусі. Крывава-тэрарыстычная сталінская калектывізацыя павялічыла складанасьці й пакуты, якія выпалі на долю беларускага селяніна. Пра іх цудоўна расказана ў раманным цыкле І.Мележа “Палеская хроніка”, які, паказаўшы і прыгажосьць, і паэзію земляробскага быцьця і быту, тым ня менш паказаў галоўным чынам сацыяльныя бедствы і псіхалагічныя ўзрушэньні ў душы селяніна. І.Мележ абапіраўся не на рамантычнае ўяўленьне пра “абуджанага мужыка” перыяду “нашаніўскай” рамантыкі ды й тым больш не на вымушаную рамантызацыю з-пад бізуна перыяда калектывізацыі (даніну ёй давялося аддаваць пасьля крушэньня “беларусізацыі” нават Янку Купале), ён абапіраўся на суровы рэалізм сваіх папярэднікаў-эпікаў: Я.Коласа, М.Гарэцкага, К.Чорнага. Разам з сурова-рэалістычным В.Быкавым, які дзейнічаў нібы паралельна на дзялянцы “тэмы вайны”, цяпер жа і тэмы сталінскіх бясчынстваў у гісторыі Савецкай Беларусі, І.Мележ праклаў дарогу наступнаму пакаленьню моцных эпікаў-“вяскоўцаў”: І.Чыгрынаву, В.Адамчыку, І.Пташнікаву, Я.Сіпакову, В.Казько й інш.

“Мужык//ворагі, прыгнятальнікі мужыка”, сутыкненьне “мужыцкай праўды//антысялянскай праўды” – такія апазіцыі акрэсьлівалі русла гістарычнага руху беларускай этнакультуры з даўніх часоў. Невыпадкова першая на беларускай мове нелегальная газета К.Каліноўскага, па паходжаньні шляхціча, звалася “Мужыцкая праўда”. Першы апублікаваны верш Янкі Купалы быў названы “Мужык” (і надрукаваны ён быў у 1905 годзе ў рускай газеце “Паўночна-Заходні край”  разам з публікацыяй “сялянскага” апавяданьня Льва Талстога). Ідэям і настроям дзеячаў “другога Адраджэньня”, “абуджальнікам”, прадстаўнікам “сялянскай дэмакратыі” супрацьстаялі спачатку паланізаваныя і проста польскія памешчыкі-“паны”, імперскія чыноўнікі-русіфікатары, а затым і савецкія ўжо “дэнацыяналізатары”. Сацыяльна-эканамічныя працэсы часоў індустрыялізацыі, калектывізацыя зь яе тэрарыстычным “раскулачваньнем” [зьвярніце ўвагу, як дакладна (да месца) выкарыстоўвае аўтар тэрмін “тэрарызм”; а гэта яшчэ толькі 1999 г. – Рэд.], а затым і пасьляваенная індустрыялізацыя пад кіраўніцтвам “цэнтру”, які не лічыўся з рэспубліканскімі сьпецыфікамі, падмялí беларускую вёску, і працэс гэты працягваецца і цяпер [30].

Але справа ня толькі ў колькасных паказьніках. Вось характэрнае меркаваньне культуролага В.Зінава зь яго артыкула “Крызіс заходняй сьвядомасьці”: “Пасьляваенная індустрыялізацыя прынесла ня толькі тэхнічны прагрэс, але і невядомы ў Еўропе і (да таго часу) ў пераважна сельскай Беларусі рускі тып субкультуры індустрыяльных гарадоў… Беларускае насельніцтва гарадоў цяпер амаль цалкам прайшло стадыю субкультуры прамысловых гарадоў расейскага тыпу, і культура гэтая ня можа быць ніякай іншай, акрамя як рускамойнай…” [31]. Адносна “ніякай іншай” можна і паспрачацца,  ва ўсякім разе, пра персьпектывы разьвіцьця гарадоў РБ, але сувязь сацыяльна-эканамічных і этнакультурных працэсаў схоплена В.Зінавым слушна. Старая апазіцыя “мужык//варожы мужыку чужы сьвет”, згубіўшы сацыяльна-гістарычную акрэсьленасьць і зьмест, паўстала цяпер у апазіцыях “сёньняшняя вёска//сучасны горад”; зноў жа: “сваё, беларускае//небеларускае альбо не зусім беларускае, нейкае заходне-рускае, што перамагае хай сабе і не ў цалкам чужым, але апазіцыйным горадзе”.

Горад сёньня беларусізаваўся па этнічнай большасьці свайго складу, але бытавыя, этычныя, культурныя яго перавагі толькі пачынаюць структуравацца. На новым гістарычным вітку менавіта ў горадзе стала шмат “тутэйшых”. Нацыянальнай інтэлігенцыі даводзіцца жыць у сукупнасьці розных субкультураў; і разам з “нацыянальна арыентаванымі” гуманітарыямі, большасьцю іх, нямала і “сучасных” “тутэйшых”, якія мысьляць тэхнакратычна. Пачуцьцё роднасьці зь вёскай, так моцнае ў гуманітарыяў, у прадстаўнікоў іншых культурных сьфераў аслаблена. У тым ліку, дарэчы, і ў кіраўнікоў, якія павыходзілі зь недраў “гома саветыкус”: там сьляды менталітэту аўтарытарна-таталітарнага адчуваюцца паўсюдна і на ўсіх узроўнях “кіроўна-уладнай” піраміды.

Як адказвае мастацкая этнакультура на выклік часу, на гэтую яго стракатасьць, заблытанасьць, неструктураванасьць?

Перш за ўсё (ў 1960-я,70-я, даперабудовачныя і часткова перабудовачныя 80-я гады) абвостранай цікавасьцю да “каранёў”, да сьвету дзяцінства, традыцыяў “роднай вёскі”. Тэма гучала моцна, на яе аснове было створана шмат яркіх твораў. Яна гучала па ўсім сьпектры мастацкай літаратуры. Аўтар дадзенага артыкулу добра памятае свае ўражаньні ад выдатнага сьпектаклю “купалаўцаў”, БДТ-1, – інсцэніроўкі рамана Мележа “Людзі на балоце”, сьпектакля, які стаўся сапраўды агульнакультурнай, этнакультурнай падзеяй 1970-х гадоў у Беларусі.

Трэба сказаць і пра тое, што пры неўтаймаванай эксплуатацыі “вясковай тэмы” ў літаратуры і мастацтве Беларусі ёй стала пагражаць ня толькі ўласна мастацкае вычарпаньне, распаўсюджваньне пэўных сьхем, але і небясьпечныя для этнакультуры, для разьвіцьця “нацыяналнай ідэі” абертоны.  Маралістычнае супрацьпастаўленьне “вёскі” “гораду”, “этыкі вёскі” “гарадской” разбэшчанасьці, антыгуманнасьці і да т.п. стала перашкаджаць менавіта канструктыўнаму, плённаму вырашэньню традыцыйнай для беларускай культуры “бінарнай апазіцыі”. Адбывалася штучная рэанімацыя ня столькі “мужыцкай праўды”, колькі псеўда-рамантычнай міфалогіі. Гэтую небясьпечную тэндэнцыю своечасова заўважылі найбольш рэалістычна думаючыя мастакі й крытыкі.

Прывядзем ёмкае меркаваньне акадэміка В.Каваленкі, якое, на наш погляд, абаснавана зьвязвае мастацка-культурныя зьявы й іх ідэйна-палітычныя “адэкваты”: “На першых парах зварот да вясковай тэмы імпульсаваўся цьмяным пачуцьцём віны пісьменьнікаў за шэрасьць, нерухомасьць і маразм бягучага жыцьця. Высьпявала ўнутранае перакананьне знайсьці чыстыя маральныя вытокі абнаўленьня існуючай рэчаіснасьці. Сялянства, пасьля жахлівых выпрабаваньняў у вайне зь гітлераўскім нашэсьцем, аказалася найбольш пакрыўджаным лёсам і ўладай і заслугоўвала лепшай долі. У мастацкім плане гэтая сьветаглядная канцэпцыя была глыбока і па-мастацку моцна ўвасоблена ў творчасьці рускіх пісьменьнікаў Ф.Абрамава, А.Кудраўца. Нездарма  А.Адамовіч у кнізе “Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры” так упэўнена зьвязаў у адзіны вузел духоўныя вынікі вайны і перамогі са сьветам вёскі. Літаратура павярнулася тварам да сялянства. Аднак хутка на гэтым тэматычным кірунку зьявілася шмат эпігонства. У творах эпігонаў прыглушаўся боль жывога чалавека, дамінавала верхаглядства, ігнаравалася дзеля ўтульных сьхемаў праўда жыцьця. Вёска пры яе жабрацтве, якога саромеліся нават самі ўлады, пракладваючы вялікія магістралі ў далечыні ад сельскіх населеных пунктаў, каб замежнікі не ўбачылі сапраўднага становішча там, – гэтая вёска паказвалася як “вырай для душы”, як Меккай духоўна абноўленага чалавека. Эстэтычныя каноны ўсё часьцей і часьцей сталі пераўтварацца ў афіцыйныя. Больш за тое, у паказе вёскі сталі яўна праглядацца тыповыя рысы таталітарнай ідэалогіі. Згодна кандовых імперскіх уяўленьняў вёска – гэта спрадвечная апора моцнай маналітнай дзяржавы, сховішча здаровага нацыянальнага духу, якая быццам бы супрацьстаіць маральна няўстойліваму, разбэшчанаму гораду, дзе абітае прагнілая інтэлігенцыя, якая зьненавідна ўсім дыктатарскім рэжымам. Дарэчы, менавіта гэты пастулат быў аднім з асноўных у ідэалогіі гітлераўскага рэйха”.

Нагадаў В.Каваленка і пра невыпадковасьць таго, што іншыя з рускіх “пісьменьнікаў-вяскоўцаў” цяпер спавядаюць нешта “ўра-патрыятычнае”, што ідэйна блізкае да рускага “нацызма”. Пра сваіх беларускіх “пісьменьнікаў-вяскоўцаў” – зразумела, некаторых зь іх – В.Каваленка сказаў мякчэй: “Яны апынуліся сёньня ў ідэйнай разгубленасьці. Гэта, магчыма, карная плата за папярэднюю ідылічную бяздумнасьць” [32].

Сказана мякка, але ў адзіным кантэксьце з думкамі пра “тыповыя рысы таталітарнай ідэалогіі” сказана недвухсэнсоўна. Ідыліі такога роду і сапраўды не-небясьпечныя: у цяперашняй РБ іх падтрымліваюць тыя, КАМУ ТРЭБА.

Каму? Як казалі старажытныя: sapient sat. (Разумны – зразумее).

5.

Думкі, выказаныя ў папярэдняй шматслоўнай (не хацелася скарачаць!) цытацыі, актуальныя для беларускай этнакультуры яшчэ і вось у якіх адносінах… Сярод характэрных апазіцыяў культурна-гістарычнай беларускай парадыгмы істотная, важная наступная: “сваё//чужое”, “свой кут, вугал//сьвет вакол нас, беларусаў”. У вялікай беларускай літаратуры, у вялікім беларускім мастацтве ніколі ня мелі ўласьцівасьці “тона, што робіць музыку”, ідэі аўтаркічнай замкнёнасьці, правінцыйнай самазадаволенасьці. Не ў традыцыях гэта Багдановіча і Купалы, Коласа і Бядулі, Чорнага і Дубоўкі, не ў традыцыях агульнавядомых – і заслужана – беларускіх паэтаў савецкай эпохі, такіх, як Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Максім Танк й інш., бліскучай плеяды “шасьцідзесятнікаў” (Пысіна, Стральцова, Барадуліна, Вярцінскага, Бураўкіна й інш.). І тыя, хто прыйшоў у беларускую літаратуру ў 1970-я і 80-я гады, – што вельмі істотна для будучыні гэтай культуры! – не прыймаюць небясьпечнага, але, бывае прыцягальнага для нястойкіх душаў і вузкіх дараваньняў прынцыпу: няхай саплівенькае, затое – сваё. Для ніх, усіх тут згаданых і колькіх яшчэ не згаданых, СВАЁ АЗНАЧАЕ ВЫСОКАЕ, ТАКОЕ, ШТО ЎСІМ ЛЮДЗЯМ НЯ СОРАМНА ПАКАЗАЦЬ, усім людзям убачыць цікава будзе. “Свой кут” не супрацьпастаўлены “сьвету”, але павінен быць зьліты зь ім.

У цяперашняй Беларусі далёка ня ўсе на “афіцыйных узроўнях” гэта разумеюць: адсюль зьдзіўляючая кожнага непрадузятага назіральніка дыспрапорцыя паміж, скажам, шумнай – і вялікай! – падтрымкай якога-небудзь “Славянскага базару”, дзе ў істотнай долі зьместу трыюмфуе эстрадная “папса” (але ж  пад лозунгам “славянскага братэрства”!), і, мякка кажучы, няўвагай “уладу трымаючых”, а то і прамым актам ціску іх на людзей, складаючых сёньня славу белаускай культуры (але ж яны апазіцыйныя да “прэзідэнцкага курсу”!). Гэтая няўвага і непрыхільнасьць адчувацца і ў сьферах літаратурнай творчасьці, і тэатральнага мастацтва, і ў кінематографе. Культурная “ўлада” ўсё-ткі не павінна забывацца на крытэры мастацкія, хаця, зразумела, апазіцыянеры-мастакі ніякай “уладзе” ніколі не падабаліся.

Сёньня ў “складзе” сучаснай беларускай культуры ёсьць сілы, ёсьць зьявы вельмі высокага, сапраўды сусьветнага ўзроўню. Не гаворачы пра літаратуру… ёсьць раскошная рэжысура на тэатры, якая шукае, самабытная; выканаўчая музычная творчасьць ведае “беларускія”, “менскія” школы, якія зарэкамендавалі сябе выдатна на міжнародных конкурсах, сустрэчах, фестывалях, – сімфанічны акадэмічны аркестр Беларусі, які нядаўна адзначыў 70-годдзе, фартэп’янная, а ў апошні час і скрыпічная школа выкананьня; шырокае прызнаньне ў сьвеце атрымаў беларускі балет. Ёсьць і яркія ўзоры нацыянальна-своеасаблівай эстрады.

Гэта ўсё – прадукт ГАРАДСКОЙ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ. Гэта вынік плённага, на карысьць чалавеку, НА ПРЫБЫТАК ГУМАНІСТЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ вырашэньня той самай “бінарнай апазіцыі”, якая харчавала ад веку беларускую этнакультуру: «вёска//горад», «свой кут//сьвет», «наш кут як частка нашага гуманістычнага сьвету, культуры». Беларусь – ня «кут», не замкнёны ў самім сабе «востраў». Вельмі часта пра Беларусь кажуць, што яна – «мост» (паміж Усходам і Захадам, гістарычна паміж Расеяй і Польшчай і г.д.). Да такога тыпу інтэгралам-вобразам трэба, на наш погляд, праяўляць асьцярожнасьць: сьпецыфікі яны як раз не перадаюць, бо і Расею палатыкі параўноўваюць з «мастом», і Эстонію, і Украіну, і Казахстан… Але вось у апазіцыі «мост//востраў” вобразы гэтыя ў адносінах да Беларусі “працуюць”. Ды й геапалітычна Беларусь сапраўды была і ў пэўнай меры застаецца “мастом”, па якому ідзе жвавы рух з захаду на ўсход і з усходу на захад. Але, так сказаць, транзіталагічнае “вымярэньне” небясьпечна трансфармаваць у этнакультурнае.

Дзеячы беларускай культуры цяпер часта драматызуюць геаграфічнае становішча сваёй краіны. Так, Ніл Гілевіч на ІІ Міжнародным кангрэсе беларусістаў казаў: “Тое, што павінна было забясьпечыць беларускаму народу заўсёдна высокі дабрабыт – росквіт і шчасьце, стала прычынай яго бясконцых няшчасьцяў, яго цяжкага жыцьцёвага лёсу, яго глыбока драматычнай гісторыі. Маю на ўвазе геапалітычнае становішча Беларусі на мапе Еўропы, што зрабіла яе пакванным кавалкам для больш энэргічных блізкіх і далёкіх суседзяў і ўвесь час натхняла іх на тое, каб прыбраць гэты кавалак да рук, на эканамічную, палітычную і духоўна-культурную экспансію” [33].

Дазволю ўзяць пад сумнеў такую аднабаковую абсалютызацыю сапраўды няпростага геапалітычнага фактару. Калі сказанае Н.Гілевічам абсалютызаваць і беларускі “мост” успрымаць толькі ў пакутніцкім значэньні, як канструкцыю, па якой, спустошваючы Беларусь, ішлі адныя толькі заваёўнікі й асімілятары, ці то з захаду на ўсход, ці то з усходу на захад, – выйсьця здавалася б і не знайсьці. Але ў гісторыі беларускага этнасу “мост”, калі прыняць гэты вобраз-сімвал, не ствараўся толькі іншымі. Яго будавала сама Беларусь. У імя сваіх карысьцяў, якія яна набывала разам з тым злом, якое таксама, вядома, атрымлівала ад суседзяў.  Этнакультурныя працэсы гэтага “мосту” як самаго па сябе супярэчлівага вобраза-сімвала, дзе панавала б самазадавальненьне і… правінцыйнае самадавольства, – таксама, як і драматычныя яго мінусы, відавочныя.

…Тыя “бінарныя апазіцыі”, якія мы разгледзілі, зразумела, не вычэрпваюць усёй этнакультурнай парадыгмы беларускай самабытнасьці. Але мы і не ставілі перад сабой такой задачы. Невыканальнай хаця б у сілу абмежаванасьці памераў артыкула, а таксама і непасільнай для аўтара, патрабуючай калектыўных высілкаў. Наша задача была куды сьціплей: абазначыць магчымую і, як уяўляецца, навукова плодную метадалогію дасьледваньня цікавага для нас прадмета. Ад правільнага – адэкватнага прадмету – метадалагічнага падыходу залежаць, дарэчы сказаць, цяперашнія і заўтрашнія расейска-беларускія стасункі [34].

Зьнешнепалітычна цяперашняя (дазволім сабе распаўсюджаны і ў “пралукашэнкаўскай” прэсе эпітэт – “лукашэнкаўская”) Беларусь, нельга сказаць, што адчынена сьвету. Няверна, на наш погляд, думаць і адваротнае: маўляў, высілкамі цяпершніх замежных урадаў, якія не прымаюць “лукашэнкаўскага курсу”, яна загнаная ў дыпламатычную блакаду, ізаляцыю і да т.п. Не, гэта ня так, гэтае перабольшваньне таксама небескарысьлівае і на карысьць беларускаму грамадству, беларускай дэмакратыі яно ня йдзе. Але сапраўды: многае, што адбываецца сёньня ва ўнутрыпалітычным жыцьці РБ, адштурхоўвае, дыстанцуе ад яе іншыя краіны, замежныя культурныя сілы ў тым ліку. Аднак сама па сабе беларуская культура, “нацыянальна арыентаваная” на па-сапраўднаму дэмакратычны, гуманістычны лад, адчыненая міру і патрэбная яму. Патрэбная і каштоўная сваім гістарычным досьведам, сваёй этнакультурнай самабытнасьцю.

ГРАМАДСТВА РАСЕІ МЕНАВІТА ГЭТА ПАВІННА ЗРАЗУМЕЦЬ. МЕНАВІТА САМАБЫТНАСЬЦЬ БЕЛАРУСКУЮ, ПРАЦЭСЫ, ЯКІЯ МЫ ПАЗНАЧЫЛІ ЯК “ТРЭЦЯЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЕ АДРАДЖЭНЬНЕ”, – ПАДТРЫМАЦЬ. ПАВАГА І ДЗЕЙСНАЯ ПАДТРЫМКА БЕЛАРУСКАЙ САМАСТОЙНАСЬЦІ, САМАБЫТНАСЬЦІ, ЭТНІЧНАЙ САМАСЬВЯДОМАСЬЦІ – ГЭТА, У ДАДАТАК ДА ІНШАГА, ЯШЧЭ І ПРАВЕРКА ТАГО, НА КОЛЬКІ РАЗВІТА, НА КОЛЬКІ САПРАЎДНАЕ ПАЧУЦЬЦЁ “СПАГАДЛІВАСЬЦІ” Ў РУСКАЙ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ, ПАЧУЦЬЦЁ ДЭМАКРАТЫЧНАСЬЦІ – і ў тых, хто спавядае “ліберальныя свабоды”, і ў тых, хто прагне зьдзяйсьненьня “славянскага брацтва” ў нейкай адзінай дзяржаве [35; не, з апошнімі нам зусім не па дарозе, ды й зь першымі не зусім – Рэд.].

Для ўсіх нас, рускіх людзей, якія лічаць, што яны ёсьць рускія інтэлігенты, гэта яшчэ і праверка сапраўднасьці нашага ўласнага рускага патрыятызму. Бо ТОЛЬКІ ПРЫ БЕЛАРУСІ – “РОЎНАЙ І ВОЛЬНАЙ” (так казаў пра яе, адстойваючы яе дзяржаўную самастойнасьць, Янка Купала ў 1919 годзе!) [36] – БУДЗЕ ВОЛЬНАЙ САМА РАСЕЯ, менавіта тады яна будзе ЖЫЦЬ СА СПАКОЙНЫМ СУМЛЕНЬНЕМ, паважаная іншымі як брацкая краіна, брацкі народ, брацкая культура.

Літаратура:
1. Беларусазнаўства. Навучальны дапаможнік.- Мінск, 1997.
2. Богдановіч М.: Зб. тв.- Т. 2.- Мінск, 1968.- С. 167.
3. Ю. Суровцев. …Быть вместе, оставаясь каждый самим собой // Вопросы литературы.- 1996.- Ноябрь-декабрь;  Беларусь паміж Усходам і Захадам.- Частка 1.- Мінск, 1997.- С. 148.
4. Топоров Владимир. Работа русского самопознания продолжается // Литературная газета.- 13.05.98.
5. Тычына М.А. Народны светапогляд і сучаснае духоўнае жьщцё // Незалежнасць Беларуси: актуальныя праблемы і шляхі іх вырашэння. Беларусістыка.- Мінск, 1994.- С. 277-278.
6. Чаквін Ігар. Нацыя ліцвінаў у этнагенезе беларусаў: параўнальна-тыпалагічны і гістарычны аспекты; Віктар Цітоў. Беларусь на гістарычных картах: эвалюцыя паняцця // Беларусь паміж Усходам і Захадам.- Частка 1.- С. 37-41, 42-46.
7. Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.- Мінск.- 1992.- С. 138, 140-141.
8. Шманаў Віктар. Старажытнае беларускае мастацтва ў кантэксце ўсходніх і заходніх традыцый Х-ХVІІІ ст. // Беларусь паміж Усходам і Захадам.- Частка 1.- С. 207, 208.
9. Энциклопедический словарь Россія / Изд. Ф.А.Брокгауз, И.А.Ефрон.- СПб., 1998.- Табл. С. 86, 142, 143.
10. Практычнае вырашэньне нацыянальнага пытаньня ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы.- Частка I: Беларусізацыя.- Мінск, 1928.- Табл. на с. 11.
11. Гарэцкі Г. Нацыянальныя асаблівасці насельніцтва БССР і беларускага насельніцтва СССР паводле перапісу 1926 году // Полымя.- 1929.- № 5.- Табл. на с. 112.
12. Нарысы на гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей.- Кн. 1.- Мінск, 1993; Скарына і яго эпоха.- Мінск, 1990; Belarus, Luthuania, Poland, Ukraine.- Rome, 1994; Беларусь. Гістарычны лёс народа і культуры.- Мінск; Беларусазнаўства. Навучальны дапаможнік.- Мінск.- 1997.
13. Каваленка В.А. Вяртанне нацыянальнай ідэі // Незалежнасць Беларусі… Беларусістыка.- Мінск, 1994.- С. 82.
14. Кнорын В. За культурную рэволюцыю: Збор артыкулаў.- Мінск, 1928.- С. 21, 68-69, 80.
15. Капустин Б. Г. Россия и Запад на пути к миру миров // Кентавр.- 1993.- № 1.- С. 48 и след.
16. Лёсік Язэп. Беларуская Акадэмія Навук і мэтад яе работы // Савецкая Беларусь.- 1.11.1928; Пічэта У. Аб пралетарызацыі і беларусізацыі БДУ// Савецкая Беларусь.- 5.10. и 11.10. 1928; Зажынкі.- М.: Изд. Белорусского национального комиссариата, 1918.- С. 135; Узвышша.- 1927.- № 1.- С. 168.
17. Дубянецкі Эдуард. Ментальнасць грамадзян Беларусі ў сучасны перыяд // Кантакты і Дыялогі .- 1996.- № 7-8.- С. 20-21.
18. Наша ніва. Факсімільнае выданне.- Выпуск I.- 1906-1908.- Мінск: Навука і тэхніка, 1992.
19. Наша ніва.- 1.02.1908.
20. Белорусская культура.- Сб. I.- Минск, 1928.- С. 7-8 на русском яз.
21. Второй всесоюзный съезд советских писателей. Стенографический отчет.- М., 1956.- С. 174; Первый Всесоюзный съезд советских писателей. 1934. Стенографический отчет.- М., 1934.- С. 51; Наша ніва.- 1906.- № 14,12.
22. Маладняк.- 1923. № 1.- С. 5, 28, 10-11.
23. Практычнае вырашэньне нацыянальнага пытаньня… – Мінск, 1928.- С. 96.
24. Известия.- 8.10.1988; Неман.- 1997.- № 7.- С. 60-61.
25. Гилевич Нил. Реплика по поводу одной мысли В.С.Розова // Книжное обозрение.- 7.10.1988.
26. Літаратура і мастацтва.- 24.02.1995.
27. Советская Белоруссия.- 11.01.1927.
28. Скарыніч.- Выпуск 3.- 1997. Cоставитель и аналитик-комментатор белорусовед Алексей Кивко (по-белорусски: А. Каўка).
29. Літаратура і мастацтва.- 25.08.1995.
30. Літаратура і мастацтва – 1.05.1998; Растуць толькі гарады… // Звязда.- 8.04.1998; Пракопчык Барыс. Паміраюць вёскі // Звязда .- 15.04.1998.
31. Літаратура і мастацтва.- 22.07.1994.
32. Неман.- 1997.- № 1.- С. 197.
33. Беларусь паміж Усходам і Захадам.- Частка 1.- С. 15.
34. Суровцев Ю.И. Российско-белорусские отношения в контексте политической борьбы в Республике Беларусь // Вестник научной информации ИМЭПИ РАН.- 1995.- № 11; Его же. К вопросу о культурно-историческом «измерении» российской внешней политики в отношении стран «нового зарубежья» // Там же.- 1996.- № 1 (о российско-белорусских отношениях см. с. 9-54); Его же. Пристрастие к миражам // Неман.- 1997.- № 8.
35. Народная Воля.- 13.05.1998.
36. Гніламёдаў Ул. Там чутна: Беларусь! там – незалежнасць! (Янка Купала і адраджэнне беларускай дзяржаўнасці). Беларусістыка.- Вып. 2.- Мінск, 1993.- С. 36.

Ад рэдакцыі: мы лічым, што аўтарам была цудоўна прадстаўлена «бінарна-апазіцыйная» парадыгматыка, якая тлумачыць шмат якія феномены беларускай гісторыі. Аднак фенаменалогія – гэта толькі першы ўзровень успрыняцьця і асэнсаваньня рэчаіснасьці. Нам таксама цікава ведаць пра механізмы, якія нараджаюць і штурхаюць гэтыя феномены, а тым больш – пра сілы, структуры, асобы, якія ў сваю чаргу запускаюць адпаведныя механізмы. Гэтыя пытаньні больш высокіх узроўняў, а адказы на іх у дадзеным артыкуле адсутнічаюць. Наша ж рэдакцыя сабралася і дзейнічае як раз для таго, каб асьвятляць ГЭТЫЯ (АПОШНІЯ) ПЫТАНЬНІ…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы