nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ГІСТОРЫЯ ЗАКАРПАЦЬЦЯ Ў ХХ СТАГОДДЗІ. Частка І.

8 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Ігар Макарэвіч

Прысьвячаецца Аранжавай рэвалюцыі

Але перад тым, як пачаць знаёміцца з тэкстам варта “зарыентавацца на мясцовасьці”. Прапануем вам 4 мапы.
�ака�па���е 1.jpg
На першай зь іх бачна, што Закарпацьце – гэта самая заходняя вобласьць сучаснай Украіны, якая на поўначы і ўсходзе мяжуе з Львоўскай (Л) і Івана-Франкоўскай (І-Ф) абласьцямі.
�ака�па���е 2.jpg
На другой мапе бачна, што Карпаты на тэрыторыі сучаснай Украіны праходзяць якраз па мяжы паміж гэтымі абласьцямі.
�ака�па���е 3.jpg
З трэцяй вынікае, што на захадзе і поўдні Закарпацьце мяжуе з 4 краінамі – Польшчай, Славакіяй, Вугоршчынай і Румыніяй.
�ака�па���е 4.jpg
А чацьвертая паказвае асноўныя закарпацкія гарады, пра якія будзе гаворка ў тэксьце.
Рэдакцыя.

І

Доўгія стагоддзі Карпацкая Русь (варыянты назвы – Падкарпацкая Русь, Закарпацкая Русь, Закарпацкая Украіна, ЗАКАРПАЦЬЦЕ) была пазбаўлена права на самастойнае існаваньне і была пад уладай больш моцных суседніх дзяржаў.

У X-XI стст. Карпацкая Русь знаходзілася ў межах вялікіх славянскіх тэрыторый, вядомых як Кіеўская Русь. У 1086 г. Карпацкая Русь перажыла першае разбуральнае нашэсьце качэўнікаў – полаўцаў. Пасьля падзелу Кіеўскай Русі на княствы на пачатку ХІІ ст. і ў выніку міжусобіц паміж імі, славяне былі адціснуты да Ўсходніх Карпатаў больш магутнымі ды ваяўнічымі вугорцамі. Буйныя гарады Закарпацьця Ужгарад і Мукачыва апынуліся на самой мяжы паміж вугорскім і славяна-русінскім этнасам ды паступова былі мадзярызаваныя. Пазьней тэрыторыя Карпацкай Русі была цалкам захоплена вугорскімі каралямі. У 1241 г. Закарпацьце апынулася на шляху нашэсьця 40-тысячнай мангола-татарскай арды. Вугорскія войскі аказалі супраціў, але мангола-татары спустошылі Ужгарад (Унгвар) і Мукачыва (Мункач). У 1242 г. качэўнікі пакінулі Край. У канцы XIII ст. галіцкі князь Леў Данілавіч далучыў частку Карпацкай Русі да свайго княства, але пасьля ягонай сьмерці Край зноў апынулася пад уладай Вугоршчыны. У перыяд сярэднявечча ўсходнія межы Вугорскага каралеўства стабілізаваліся па горнаму ланцугу Ўсходніх ды Паўднёвых Карпатаў, ахопліваючы ня толькі этнічныя мадзярскія землі, але й спрадвечныя славянскія тэрыторыі, у тым ліку і Карпацкую Русь. Гэта азначала, што карпацкія русіны ды іншыя славяне з заходняга боку Карпатаў доўгія часы знаходзіліся пад моцным культурніцкім уплывам вугорскага этнасу. Мяжа па ўсходніх Карпатах паміж Карпацкай Русьсю ды Галіцкай зямлёй стала гістарычнай лініяй падзелу сьфераў уплыву Польшчы ды Вугоршчыны, геапалітычна падзяліўшы адзіны славянскі народ – русінаў. Калі ў ХVII – XIII стст. на ўсходзе ад Карпатаў РУСІНАЎ сталі назваць УКРАІНЦАМІ, то ў Закарпацьці назоў “русіны” захаваўся і надалей.

У XVI ст. Асманская імперыя актывізавала экспансію на Балканах і ўварвалася на тэрыторыю Вугорскага каралеўства. У ходзе вайны з туркамі Вугоршчына пацярпела паразу, аслабла і страціла вялікія тэрыторыі. У 1526 г. рэшткі вугорскіх земляў трапілі пад уладу Аўстрыйскай манархіі Габсбургаў. На ўсходзе Вугоршчыны Семіградскае княства (Трансільванія) засталося самастойным і пашырыла свае валоданьні на частку Закарпацьця з горадам Мункач. Улетку 1566 г. войскі аўстрыйскіх магнатаў уварваліся ў Закарпацьце ды разбурылі Мункач. Ад гэтага часу горад і ягоныя ваколіцы сталі местам вайсковых сутычак паміж Габсбургамі і Семіградскімі князямі, адзін зь якіх, Стэфан Баторый, 18 красавіка 1575 г. быў абраны каралём Рэчы Паспалітай.

У 1633 г. семіградскі князь Дьёрдзь І Ракоці пераўтварыў Мункач у сталіцу княства. У гэты перыяд Закарпацьце было ўцягнутая ў рэлігійную барацьбу паміж рэфарматарскім Семіграддзем і каталіцкаю Аўстрыяй. У 1646 г. у Закарпацьці пад эгідай Ватыкану абвешчана Ужгародская унія і утворана грэка-каталіцкая царква ў краі. Пад час польска-украінскай вайны насельніцтва Закарпацьця сімпатызавала Б. Хмяльніцкаму. У 1649 г. пасланцы Б. Хмяльніцкага прыбылі ў Мункач і вялі перамовы з князем Дьёрдзем ІІ аб сумесных дзеях супраць палякаў. У адместку ў 1657 г. польскія войскі перайшлі Карпаты і напала на мукачыўскую дамінію, учыніўшы жорсткую расправу над жыхарамі. Мункач быў разрабаваны ды спалены. Аўстрыйцы ды палякі яшчэ некалькі разоў нападалі на Закарпацьце. У 1685 г. аўстрыйцы захапілі Унгвар ды атачылі Мункач. Пасьля доўгай асады гораду і княскага замка у 1686 – 1688 гг. абаронцы капітулявалі, пасьля чаго Сяміграддзе было далучана да Аўстрыі. У гэты перыяд пад ціскам Аўстрыі Турцыя страціла пазіцыі ў Цэнтральнай Эўропе і ўтрымоўвала толькі Балканы.

У 1703 г. пачалася нацыянальна-вызвольная барацьба вугорцаў супраць Габсбургаў, якое ўзначаліў Ферэнц ІІ Ракоці. На пачатку вайны паўстанцы Ракоці распачалі наступ на Мункач. У 1703 г. паўстанцы з баямі вызвалілі Мункач ад аўстрыйскіх войскаў і атачылі Унгвар, дзе знаходзіўся аўстрыйскі гарнізон. У лютым 1704 г. гарнізон капітуляваў, і ў горад увайшлі аддзелы паўстанцаў. З 1707 г. Унгвар стаў рэзідэнцыяй кіраўніка паўстаньня Ферэнца ІІ Ракоці. Аднак у 1711 годзе з-за здрады вышэйшых камандзіраў армія паўстанцаў была разьбітая, паўстаньне жорстка падаўленае, а ўсе валоданьні Ферэнца ІІ Ракоці перайшлі да Габсбургаў.

Такім чынам Аўстрыйская імперыя цалкам паглынула ранейшыя вугорскія ўладаньні. У канцы XVIII cт. Аўстрыя зноў пашырыла свае межы, прыняўшы ўдзел у падзелах Рэчы Паспалітай. Украінцы з абодвух бакоў Карпатаў урэшце былі “ўзьяднаныя” пад эгідай магутнай шматнацыянальнай імперыі. Аднак, нягледзячы на нямецка-мадзярскую культурніцкую дамінанту, карпацкія русіны ды украінцы Галічыны (як й іншыя народы ў складзе імперыі) ў ЦЭЛЫМ ЗАХАВАЛІ СВАЮ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ АДМЕТНАСЬЦЬ І ГАЛОЎНАЕ – ЗАХАВАЛІ СВАЮ РОДНУЮ УКРАІНСКУЮ МОВУ.

Рэвалюцыя ў Вугоршчыне ў 1848-49 гг. закранула частку Закарпацьця, населеную вугорцамі, асабліва гарады Мункач ды Унгвар. З дапамогай расейскіх войскаў Аўстрыйская імперыя ўтрымалася. Аднак рэвалюцыйныя падзеі прымусілі манархію пачаць рэформы. Многія гарады сталі вольнымі. Вена фармальна прызнала роўнасьць Вугоршчыны. Адзіная імперыя рэфармавалася ў дуалістычную, што прагучала у новай назве краіны – “Аўстра-Вугоршчына”. Непасрэдна ў аўстрыйскіх ўладаньнях, акрамя нямецкай этнічнай Аўстрыі са сталіцай Венай, засталіся славянскія Чэхія ды Маравія, Славакія, польская Заходняя Галічына з Кракавам ды ўкраінская Ўсходняя Галічына з Львовам. У склад вугорскіх тэрыторыяў перайшлі ўсе этнічныя вугорскія землі з гістарычнымі межамі па горнаму ланцугу Карпатаў з Семіграддзем (Трансільваніяй), Карпацкай Русьсю, Славаччынай, а таксама Харватыя.

У другой палове XIX ст. Закарпацьце і Галічына лічыліся перыфярыяй Аўстра-Вугоршчыны, але разьвіваліся як й іншыя рэгіёны імперыі. Прамысловасьць, гандаль, індустрыя паступова набіралі абароты ўсюды. Мункач (Мукачыва), Унгвар (Ужгарад) сталі буйнейшымі гандлёвымі цэнтрамі Закарпацкіх земляў імперыі. Актыўна будаваліся чыгункі: 1878 г. – чыгунка Унгвар – Чоп, 1886 г. – чыгунка Львоў – Будапешт праз Мункач ды інш. Адкрываюцца першыя банкі, усталёўваецца тэлеграфная і тэлефонная сувязь. З 1800 г. па 1900 г. колькасьць насельніцтва Закарпацьця ўзрасла амаль у 3 разы і дасягнула 750 тыс. чалавек. Доля ўкраінскага насельніцтва тут амаль 400 тыс. Асноўную частку неўкраінскага насельніцтва складалі этнічныя вугорцы, якія пражывалі кампактна на раўнінных тэрыторыях і ў буйных гарадах – Унгвары (Ужгарадзе) ды Мункачы (Мукачыве). Шмат пражывала ў Закарпацьці славакаў, палякаў, а таксама цыганаў.

У канцы ХІХ – пач. ХХ ст. пачынаецца працэс актыўнага перасяленьне украінцаў у Амерыку (ЗША, Бразілію, Аргентыну). Па веравызнаньню большасьць украінцаў былі грэка-каталікі. На ўсёй этнічнай украінскай тэрыторыі ў складзе Аўстра-Вугоршчыны дзейнічаюць грэка-каталіцкія эпархіі, у т. л. Мукачыўская – ў Закарпацьці. Разам з тым у Галічыне ды Закарпацьці актыўна дзейнічала праваслаўная царква ў т.л. сербскага патрыярхату, якая фактычна прапагандавала ідэі “рускости” сярод украінцаў. На пачатку ХХ ст. у Галічыне ды Закарпацьці пад уплывам “масквафілаў” знаходзіліся цэлыя сёлы. У той час пад выглядам малочных кааператываў, іншых таварыстваў ды ўстаноў “масквафілы” займаліся агітацыяй на карысьць Расеі. У некаторых навучальных установах (бурсах) вывучалася расейская культура ды гісторыя, а на сьценах вывешваліся партрэты цара ды расейскіх палкаводцаў. Сялянскім дзяцям з маленства ўводзілі ідэалягічныя догмы, што яны не ўкраінцы, а расейцы. Пад уплывам “масквафілаў” знаходзілася вялікая колькасьць перыядычных выданьняў: “Спас”, “Пролом”, “Червонная Русь”, “Беседа”, “Русская библиотека”, “Живое слово” ды інш., наклады якіх дасягалі тысячаў экзэмпляраў. Атрымоўваючы фінансавую падтрымку з Расеі, “масквафілы” ўтрымоўвалі разгалінаванае культурніцкае “Общество им. Михаила Качковского”, якое выпускала свае выданьні і займалася прапагандай расейскай мовы ды культуры. Фактычна “МАСКВАФІЛЫ” РЫХТАВАЛІ ПАТЭНЦЫЙНЫЯ КАДРЫ ДЛЯ ПРАСОЎВАНЬНЯ РАСЕЙСКАЙ ПАЛІТЫЦЫ НА ЎКРАІНСКІХ ЗЕМЛЯХ АЎСТРА-ВУГОРШЧЫНЫ.

У 1907 г. пад час выбарчай кампаніі ў Аўстра-Вугорскі парлямант прарасейская прапаганда на ўкраінскіх землях ўзмацняецца. У Галічыне мелі мейсца сутычкі паміж “масквафіламі” і актывістамі ўкраінскага руха. Па выніках выбараў дэпутацкія мандаты атрымала ня толькі шмат украінскіх нацыяналістаў, але і некалькі “масквафілаў”. Украінскія палітыкі-нацыяналісты зьвярталіся да аўстра-вугорскіх уладаў за падтрымкай у барацьбе з “масквафіламі”. Разумеючы небясьпеку прарасейскага ўплыву, аўстра-вугорская сьпецслужбы сталі больш пільна адсочваць факты шпіянажу.

У той жа час Вена станоўча ставілася да разьвіцьця самасьвядомасьці украінцаў. На пач. XX ст. у Галічыне актыўна разьвіваюцца ўкраінскія асьвета і школьніцтва: амаль 100% украінскіх школьнікаў вучыліся на роднай мове (у той жа час у Закарпацьці – усяго ад 2 да 10%). Украінцы стварылі шмат грамадскіх арганізацый: культурніцкіх, спартовых, дзіцячых, школьных. Самымі ўплывовымі й масавымі сталі дабраахвотніцкія пажарныя дружыны – “Січы”, якія займаліся ня толькі барацьбой з пажарамі, але прапагандай украінскай культуры, гісторыі ды традыцыяў. Пазьней на базе пажарных Січаў былі створаны дабраахвотніцкія напаўвайсковыя арганізацыі.

ІІ

Першая Сусьветная вайна прынесла сур’ёзныя выпрабаваньні Аўстра-Вугорскай імперыі ды стала пралогам вялікіх пераўтварэньняў у Еўропе. На пачатку лета 1914 г. Аўстра-Вугоршчына разам з Нямеччынай, Турцыяй ды Баўгарыяй утварылі г.зв. “Хаўрус Цэнтральных дзяржаў”. Расея, Францыя, Брытанія ўтварылі вайсковы хаўрус “Антанта”. Амаль усе краіны варагуючых бакоў мелі планы анэксій чужых тэрыторый. Так, напрыклад, Расея планавала анэксаваць усе этнічныя украінскія тэрыторыі – Галічыну, Закарпацьце ды паўночную частку Букавіны. Румынія плянавала захапіць Трансільванію. У сваю чаргу Аўстра-Вугоршчына.мела свае прэтэнзіі на Балканах. На самым пачатку вайны расейскія войскі пачалі наступ на Аўстра-Вугоршчыну і напрыканцы 1914 г. занялі амаль усю Галічыну і падыйшлі да перадгор’яў Карпатаў. Аўстра-Вугорскія войскі контратакавалі, але вымушаны былі адыходзіць.

У той перыяд аўстра-вугорскае войска камплектавалася па нацыянальным прынцыпе. Складовай часткай войска імперыі былі нямецкія, вугорскія, чэха-славацкія аддзелы. З палякаў ды ўкраінцаў былі сфармаваныя г.зв. “легіёны” – дабраахвотніцкія вайсковыя аддзелы. Нацыянальныя фармаваньні (у т. л. украінскія) мелі свае афіцэрскія і падафіцэрскія кадры ды ўласную уніформу. У верасьні 1914 г. першы сфармаваны легіён Украінскіх Січавых стральцоў (УСС) эшэлонамі перавезены ў Мункач (Мукачыва) і далучаны да аўстра-вугорскай групоўкі генэрала Гофмана. Гуцульская сотня УСС дыслякуецца ў мястэчку Кірлібаба на Букавіне. Пад час контрнаступу аўстра-вугорскіх войскаў у верасьні 1914 г. легіён УСС адпраўляецца на фронт у Карпаты. 28 верасьня 1914 г. на Ужоцкім і Вярэцкім перавалах адбываюцца першыя сур’ёзныя баі аддзелаў УСС з расейскімі войскамі. У кастрычніку 1914 г. тры групоўкі УСС, ідучы ў авангардзе аўстра-вугорскіх войскаў, павялі новы наступ у Галічыне, з баямі вызваляючы ўкраінскую тэрыторыю.

Пад час расейскай акупацыі Галічыны “масквафілы” актыўна дапамагалі расейцам. Таму аўстра-вугорскія ўлады распачалі рэпрэсіі супраць “масквафілаў” ды ўсіх, хто сімпатызаваў расейскаму цару. Некаторыя зь іх былі пакараны турэмным зьняволеннем, некаторыя разам з сем’ямі былі інтэрнаваныя ў канцлягер Талергоф у Альпах. Згодна з вайсковым часам у прыфрантавой зоне (ў т.л. ў Закарпацьці) мелі месца экзекуцыі ды растрэлы тых, хто быў западозраны ў шпіянажы ды супрацоўніцтве з праціўнікам. 30 верасьня 1914 г. ў Мукачыве на падставе даносу былі повешаныя сьвятар, пісар ды селянін. Пазьней у ходзе судовага разьбіральніцтва было высьветлена, што данос быў паклёпам. У цэлым сітуацыя для “масквафілаў” пад час абвастрэньня баявых дзеяньняў і контрнаступу аўстра-вугорцаў склалася неспрыяльная.

У лютым–сакавіку 1915 г. расейскія войскі зьдзейсьнілі спробу прарыву праз Карпаты на флангах аўстра-вугорцаў, каб выйсьці на раўніну ў напрамках на Хуст і Кошыцэ. Аднак расейцы былі спынены і пачалі адыход. Аўстра-вугорцы пачалі другі контрнаступ. У 1915-18 гг. легіён УСС, аб’яднаны ў адзіную групоўку, пад час агульнага наступу аўстра-вугорцаў рухаецца з баямі далей на ўсходнія межы Галічыны.

Напрыканцы вайны ў Нямеччыне, Расеі ды ў іншых краінах пачынаецца агульны крызіс, сацыяльныя хваляваньні ды ўздым нацыянальна-вызвольных рухаў. У 1918 г. Аўстра-Вугорская імперыя, аслабленая імперыялістычнай вайной, прыйшла ў поўны заняпад ды пачала распадацца. 28 кастрычніка 1918 г. Нацыянальны камітэт абвясьціў утварэньне незалежнай Чэха-Славаччыны. 31 жніўня 1918 г. у Вугоршчыне адбылася буржуаза-дэмакратычная рэвалюцыя і абвешчана незалежнасьць краіны ў сваіх этна-гістарычных межах (уключаючы Трансільванію і тэрыторыі з пераважна вугорскім насельніцтвам). Адначасна паўднёвыя польскія землі (Заходняя Галічына з Кракавам) узьядноўваюцца з цэнтральнай Польшчай.

Свой шанец выкарысталі і ўкраінцы. 1 лістапада 1918 г. ў Львове была абвешчана незалежная дзяржава – ЗАХОДНЕ-ЎКРАІНСКАЯ НАРОДНАЯ РЭСПУБЛІКА (ЗУНР), якая ўтварылася ў межах былой Аўстра-Вугорскай імперыі на этнічных украінскіх тэрыторыях: Усходняй Галічыне, Закарпацьці ды Букавіне. У тыя дні на Заходе-Украінскіх земляў прайшлі зьезды дэлегатаў насельніцтва па стварэньню новых органаў улады. Украінскае насельніцтва Закарпацьця гэтаксама падтрымала далучэньне да ЗУНР на сваіх зьездах у гарадох: Любоўне 8 лістапада 1918 г., у Сваляве 8 сьнежня 1918 г., у Сыгоце 18 сьнежня 1918 г. і ў Хусьце 21 студзеня 1919 г. Гарады Унгвар (Ужгарад) і Мункач (Мукачыва) засталіся ў межах вугорскай тэрыторыі. У найвышэйшы прадстаўнічы ворган ЗУНР Нацыянальную Раду ўвайшлі прадстаўнікі розных партыяў і палітычных групаў, былыя дэпутаты аўстрыйскага і вугорскага парлямантаў ды іншыя. 3 лістапада Нацыянальная Рада выдала маніфест, у якім дэкляравалася скліканьне Ўстаноўчага сходу, аўтаномія нацыянальным меньшасьцям, аграрная рэформа, заснаваная на ліквідацыі буйной зямельнай маёмасьці, падзел зямлі паміж малазямельнымі і беззямельнымі сялянамі, абвяшчалася недатыкальнасьць прыватнай маёмасьці. Восеньню 1918 г. з аддзелаў Січавых стральцоў фармуецца Ўкраінская Галіцыйская армія (УГА) – збройныя сілы ЗУНР.

Аднак амаль адразу ЗУНР стала аб’ектам агрэсіі Польшчы ды іншых суседніх дзяржаў. ТОЛЬКІ ШТО АДНАВІЎШЫ ЎЛАСНУЮ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ, ПОЛЬСКАЯ КІРУЮЧАЯ ЭЛІТА НЕ ПРЫЗНАЛА ГЭТАГА ПРАВА ЗА ЎКРАІНЦАМІ, бо традыцыйна лічыла Ўсходнюю Галічыну сваёй неад’емнай часткай. Спакойнага жыцьця ня было. 4 лістапада у Львове адбыўся ўзброены мяцеж польскіх груповак і адначасна з захаду пачаўся наступ польскіх легіёнаў на тэрыторыю ЗУНР. З поўдня на Букавіну пачалі наступ румынскія войскі. Мяцеж у Львове быў здушаны, горад вызвалены. Аднак на франтах сітуацыя склалася неспрыяльная. Вайсковыя аддзелы УГА стрымлівалі націск ворагаў, але вымушаны былі адыходзіць. Даводзілася весьці барацьбу і з унутраным ворагам. У некаторых мясьцінах выбухнулі сацыяльныя канфлікты, справакаваныя бальшавікамі. У сьнежні 1918 года Дзяржаўны сакратарыят ЗУНР (урад рэспублікі), заключыў папярэднюю дамову з Украінскай Народнай рэспублікай (УНР) аб аб’яднаньні ў адзіную дзяржаву, аднак да траўна 1919 года УНР фактычна пала пад ударамі бальшавіцкай Чырвонай Арміі. Цяпер галоўным ворагам ЗУНР стала Савецкая Расея, аднак і на Захадзе для ЗУНР сітуацыя была неспрыяльная. 12 студзеня 1919 г. у Унгвар ўвайшлі чэхаславацкія акупацыйныя войскі. У суседняй Вугоршчыне на хвалі бязладдзя ды палітычнай нестабільнасьці ў лютым 1919 года да ўлады прыйшлі левыя партыі й групоўкі начале з камуністамі, і 21 красавіка была абвешчана Вугорская Савецкая рэспубліка [У Вугоршчыне ўсталявалася г.зв. “дыктатура пралетарыяту”. Была створана Чырвоная армія і ўстаноўлена сувязь з Масквой. Бальшавісцкае кіраўніцтва ўзяло курс на злучэньне тэрыторыі Савецкай Расеі з Савецкай Вугоршчынай шляхам прарыву калідора праз Букавіну. Быў распрацаваны сумесны план баявых дзеяньняў. Аднак у красавику 1919 года па рашэньню Антанты Вугоршчына вымушана была перадаць значныя тэрыторыі іншым: Трансільванію – Румыніі, а некаторыя паўночныя тэрыторыі – Чэха-Славаччыне. Чэха-Славаччына ды Румынія пры падтрымцы Антанты арганізавала вайсковую блакаду ды інтэрвенцыю супраць Вугоршчыны. Аднак Вугорская Чырвоная армія прарвала паўночны фронт ды заняла частку Славацкай тэрыторыі, у выніку чаго у чэрвені 1919 года была ўтворана Славацкая Савецкая рэспубліка. Аднак па патрабаваньні Антанты вугорския войскі адыйшлі са Славакіі. Чэха-славацкая армія ачысьціла Славакію ад саветаў да 7 жніўня, аднак румыны прадоўжылі наступ. Унутры Вугоршчыны пачаўся поўны разлад, эканамічны крызіс ды грамадзянскі канфлікт. Саветы былі разгромленыя. – І.М.].

Такім чынам у закарпацкай даліне, ў тым ліку ў Мункачы ўсталявалася вугорская савецкая улада. 28 траўня 1919 г. румынскія акупацыйныя войскі уварваліся ў Мункач і ўсталявалі ў горадзе вайсковы рэжым. Праз 2 дні сюды ўвайшлі войскі Чэха-Славаччыны. 1 жніўня 1919 г. ўладу ва ўсечанай Вугоршчыне захапілі антыкамуністы начале з адміралам Хорці, якія ўсталявалі ў краіне аўтарытарную дыктатуру. Новы рэжым не губляў надзею на тэрытарыяльны рэванш (у адносінах да Трансільваніі – справядлівы), таму Закарпацьце ды іншыя сумежныя терыторыі з пераважна вугорскім насельніцтвам заставаліся пад увагай Хорці.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы