nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ГІСТОРЫЯ ЗАКАРПАЦЬЦЯ Ў ХХ СТАГОДДЗІ. Частка ІІ.

9 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Ігар Макарэвіч

ІІІ

У чэрвені 1919 года ў ходзе Парыжскай мірнай канфэрэнцыі было прынята рашэньне аб перадачы Польшчы тэрыторыі ўсходняй Галічыны. Палякі зноў пачалі наступ на ЗУНР і ў ліпені акупавалі амаль усю Галічыну. Адначасна румыны поўнасьцю акупавалі Букавіну. Урад і установы ЗУНР былі эвакуяваныя. Франты яшчэ некалькі разоў пракатываліся па заходне-украінскіх землях: то палякі йшлі ў наступ, то Саветы, то зноў палякі… Хаця баявыя дзеяньні ў асноўным абмінулі Закарпацьце, але ў выніку вайны Край апынуўся адрэзаным ад астатніх украінскіх земляў.

У гэткіх абставінах ў пачатку лістапада 1919 г. ў Скрэнтане (штат Пенсільванія, ЗША) лідары закарпацкай эміграцыі падпісалі пагадненьне з прадстаўнікамі Т.Масарыка аб далучэньні Закарпацьця да Чэха-Славаччыны на ўмовах шырокай аўтаноміі. 10 верасьня 1919 г. гэтая дамова была пацьверджана пастановамі міжнароднай мірнай канферэнцыі ў Сэн-Жэрмэне. Ва ўмовах прысутнасьці чэха-славацкіх войскаў на тэрыторыі Закарпацьця быў праведзены плебісцыт, на якім большасьць насельніцтва прагаласавала за далучэньне да Чэха-Славацкай Рэспублікі (ЧСР). Край атрымаў назоў “Падкарпацкая Русь” з цэнтрам Ужгарад (былы Унгвар).

Аднак спадзяваньні сьвядомых украінцаў на тое, што чэхі будуць трымацца дамоўленасьцяў аб аўтаноміі Падкарпацкай Русі ня спраўдзіліся. У рэальнасьці чэская палітыка сьведчыла аб тым, што аніякіх аўтаномных правоў ані славакі, ані карпацкія русіны-украінцы ў ЧСР мець ня будуць. Напрыклад, да 1923 г. муніцыпалітэт Ужгарада назначаўся чэскімі ўладамі. Чэскі ўрад стаў разглядаць ЧСР як краіну з пераважна чэскай дамінантай, што выклікала незадаволенасьць як славакаў, так і закарпацкіх украінцаў. У Закарпацьці чэскія ўлады не прызнавалі ды баяліся украінскасьці карпацкіх русінаў-украінцаў і з тае нагоды распачалі ў Краі наступ чэхізацыі, абсадзіўшы ўсе найважнейшыя адміністратыўныя пасады чэскімі чыноўнікамі, ды пачалі праводзіць чэхізацыю школьніцтва. Хаця чэскія ўлады не перасьледавалі ў Закарпацьці сьвядомых украінцаў так жорстка, як палякі на заходне-ўкраінскіх землях, ці як расейскія бальшавікі ў савецкай частцы Украіны, праводзячы дэнацыяналізацыйную палітыку знешне далікатна, але сваю справу рабілі паслядоўна, сістэматычна, ды нярэдка чужымі рукамі.

На пачатку 20-х гадоў этна-культурніцкая ды палітычная сітуацыя ў Закарпацьці была складаная. Значная частка 700 тыс. насельніцтва Закарпацьця жылі цалкам апалітычна – пытаньне нацыянальнага самавызначэньня іх ня вельмі цікавіла. Да таго ж шмат карпацкіх русінаў не лічылі сябе ўкраінцамі (адна з прычынаў – мясцовы дыялект істотна адозьніваўся ад іншых дыялектаў украінскай мовы).

На палітычным узроўні насельніцтва Закарпацьця было разьмежаванае ў сваіх сімпатыях да розных (нярэдка варагуючых паміж сабой) плыняў і груповак. З аднаго боку – сьвядомыя украінцы, аб’яднаныя ў культурніцкія, асьветніцкія ды палітычныя суполкі, якія змагаліся за украінскасьць карпацкіх русінаў, маючы важкія аргуманты – адзіную украінскую мову, старажытную ды зусім нядаўнюю (кароткі перыяд ЗУНР) агульную гісторыю. Аднак з іншага боку вялікую актыўнасьць у Закарпацьці праяўлялі розныя антыўкраінскія групоўкі. Найперш, гэта былі мясцовыя “масквафілы”. У аснову іхняй ідэалёгіі было пакладзена тое, што “карпацкія русіны – не ўкраінцы, а частка рускага этнасу”. Актыўна дзейнічалі ў мясцовым асяроддзі “мадзьярафільскія” групоўкі, г.зв. “мадзяроны”, якія адкрыта агітавалі за далучэньне Закарпацьця да Вугоршчыны. Таксама існавалі ў Закарпацьці мясцовыя пракамуністычныя суполкі. Неспрыяльную сітуацыю ўскладнялі эканамічны заняпад, неразьвітасьць індустрыі, цяжкі стан сялянства.

Для таго, каб не дапусьціць мажлівай кансалідацыі карпацкіх русінаў на ідэях украінскасьці, чэская адміністрацыя падтрымоўвала ўсё тое, што правакавала палітычнае і культурна-нацыянальнае разьмежаваньне ўкраінскага насельніцтва Закарпацьця. З тае мэты чэхі адначасна падтрымоўвалі і “масквафілаў”, і “мадзьярафілаў”, ды іншыя антыўкраінскія плыні. Каб наўмысна ўскладніць нацыянальна-дэмаграфічны стан Закарпацьця, чэскія ўлады скіроўвалі туды на жыхарства расейскія белагвардзейскія эмігранты. Тыя ў сваю чаргу вялі вялікарускую агітацыю, ганьбілі ды нішчылі вакол сябе ўсё ўкраінскае, актыўна стваралі расейскія культурніцкія асяродкі ды сеялі рэлігійную варожасьць, навязваючы ды прапагандуючы насуперак уніяцтву расейскае праваслаўе.

Аднак, не зважаючы на ўсе перашкоды, працэс нацыянальнага ўздыму закарпацкіх украінцаў станавіўся больш шырокім ды моцным. Паступова адбудоўвалася ўкраінскае школьніцтва, дзейнічала “Просвіта” [”Просвіта”(укр.) – культурна-асьветнае таварыства, створанае ўкраінскімі актывістамі ў 20-х гадох на заходніх украінскіх тэрыторыях – Галічыне, Валыні ды Закарпацьці. – І.М.], друкаваліся ўкраінскія часопісы, нараджалася найноўшае ўкраінскае палітычнае жыцьцё, праводзіліся сходы ды зьезды актывістаў, узмацнялася рашучасьць украінскіх суполак у палітычных намаганьнях.

Адметным фактарам у змаганьні за нацыянальныя правы ўкраінскага народу ў Закарпацьці стала барацьба супраць г.зв. “масквафілаў” розных адценьняў (у т.л. так званых “карпатаросаў”). У канцы 20-х гадоў “масквафілы-карпатаросы” сталі асноўнай антыўкраінскай сілай у Закарпацьці. Яны стварылі “Рускую нацыянальную партыю”. Яе лідар, былы дэпутат аўстра-вугорскага парляманта С. Фенцык, выступаў за зацьверджаньне рускай мовы для карпацкіх русінаў, ды адкрыта сцьвярджаў, што ў будучым “карпатаросы” (карпацкія русіны) павінны ўвайсьці ў склад Расеі. У гэты ж перыяд адным з кіраўнікоў руху “карпатаросаў” быў Аляксей Героўскі – вядомы “карпатарускі” філёляг, аўтар “Карты наречий Подкарпацкой Руси”. У свой час ён вывучаў моўнае асяроддзе Букавіны ды свае лінгвістычныя высновы падвёў пад тэорыю, што “ўсе мовы рускіх народнасьцяў паходзяць ад расейскай” [знаёмы почырк, знаёмая ідэалагема – Рэд.]. Яшчэ ў 1914 г. А.Героўскі некалькі разоў арыштоўваўся аўстрыйскімі ўладамі, але яму разам з братам удалося зьбегчы ў Расею і пазьней ён вярнуўся на Галічыну разам з расейскімі войскамі. У 1915-1917 гг. Героўскі быў дарадцам міністра замежных спраў Расейскай імперыі па справах Аўстра-Вугоршчыны ды Балканаў. Пад час грамадзянскай вайны ў Расеі ён быў актыўным удзельнікам белага руху. Пасьля перабраўся ў Падкарпацкую Русь у складзе Чэха-Славаччыны і вёў там культурніцкую і прапагандысцкую дзейнасьць па падтрымцы “русафільства” ды расейскага праваслаў’я. У 1927 г. чэскія ўлады выслалі яго з тэрыторыі ЧСР, і ён асеў у Югаславіі.

Сваёй дзейнасьцю “карпатаросы” скажалі нацыянальную сьвядомасьць украінцаў ды правакавалі раскол у грамадстве. Пазіцыя “Рускай нацыянальнай партыі” задавальняла ня толькі чэскія ўлады, але нават рэжымы Вугоршчыны ды Польшчы, якія напрамую аказвалі ёй шчодрую фінансавую ды палітычную падтрымку [Некаторыя сучасныя гістрыкі маюць меркаваньне, што за пэўнымі структурамі, якія аказвалі фінансавую падтрымку “карпатаросам”, стаяў Камінтэрн. – І.М.]. Мабыць, тыя лічылі, што прарасейская арыентацыя “масквафілаў-карпатаросаў” для іхных краінаў менш небясьпечная, чым персьпектыва ўтварэньня побач аб’яднанай Украінскай дзяржавы. Абапіраючыся на такую моцную падтрымку, “масквафілы” рознымі спосабамі перашкаджалі ў працы украінскім актывістам, ня грэбуючы даносамі на іх чэскім уладам. А ўлады ўжывалі ня толькі арышты, яны нярэдка проста высялялі трапіўшых пад падазрэньне актывістаў з тэрыторыі Закарпацьця.

У такіх абставінах ОУН [“Організація Українських націоналістів”(укр.). Арганізацыя украінскіх нацыяналістаў. Створана у 1929 годзе ў ходзе аб’яднаньня розных нацыяналістычных арганізацый і “Української Військової Організаціі” (УВО) пад адзіным палітычным кіраўніцтвам. ОУН мела баявыя аддзелы. У 1940 г. фактычна раскалолася на дзьве арганізацыі – ОУН пад кіраўніцтвам Сьцяпана Бандэры (рэвалюцыйная) і ОУН пад кіраўніцтвам А.Мельніка (ліберальная, пранямецкай арыентацыі). – І.М.] прыняла рашэньне здзейсьніць супраць “масквафілаў” гучную акцыю, якая магла б прыцягнуць увагу грамадскасьці да пратэстаў украінцаў. Такой акцыяй стаў стрэльны замах студэнта ужгародскай грэка-каталіцкай семінарыі Фёдара Тацінца на аднаго з кіруючых дзеячоў “ масквафілаў” – Еўгэна Сабо.

Тацінец выканаў замах 1 чэрвеня 1930 г. ва Ужгарадзе, калі “масквафілы” ладзілі г.зв. “дзень расейскай культуры”, які мусіў падцьвердзіць “рускасьць” Карпацкай Украіны. Ф. Тацінец стрэліў у Сабо, калі той выходзіў з залі імпрэзы, але не патрапіў. Тацінец адразу быў схоплены чэскай паліцыяй. Разам зь ім былі арыштаваныя іншыя удзельнікі тэракту – студэнт Мікола Байда, Валадымер Федарчук і жонка адваката Новакіўскага Стэфанія.

Суд адбыўся ў лістападзе 1930 г. Усю адказнасьць за падрыхтоўку тэракту і за дастаўку Тацінцу рэвальвера пані Стэфанія ўзяла на сябе, такім чынам ратуючы маладых студэнтаў ад суровага пакараньня. Маючы магчымасьць адкрыта выказацца пад час працэсу, падсудныя Тацінец і Новакіўская растлумачылі прычыны акцыі. У ходзе сьледства і на працэсе Тацінец заявіў, што ягоны ўчынак быў актам пратэсту ўкраінскага насельніцтва супраць разбуральнай дзейнасьці “масквафілаў”. Ён прызнаўся, што плянаваў застрэліць галоўнага правадыра “карпатаросаў”, або дэлегата “масквафілаў” з Галічыны, аднак тыя не з’явіліся на імпрэзу, таму ён выбраў іншага лідара – Еўгэна Сабо. Суд прызначыў пакараньне Стэфаніі Новакіўскай – да пяці год пазбаўленьня волі, Фёдару Тацінцу – адзін год, астатніх апраўдалі.

Хаця тэракт ня ўдаўся, акцыя атрымала вялікі розгалас сярод украінскага насельніцтва Закарпацьця. Асабліва тая акцыя ўзрушыла ўкраінскую моладзь – менавіта тады шэрагі актывістаў папоўніліся шматлікімі маладымі патрыётамі. Вынікам актывізацыі маладзёвых суполак стаў II З’езд Народніцкай моладзі Закарпацьця, які адбыўся ў ліпені 1934 г. ў Мукачыве. Удзельнікі з’езду насуперак забароне чэскіх уладаў разгарнулі сіне-жоўты прапар і пад ім правялі маніфестацыю. Паступова актывізавалася праца і ў “Просвіте”, якая пачала пасьлядоўна ахопліваць новыя мясцовасьці, выціскаючы зь сёлаў культурна-асьветніцкія філіялы “масквафільскіх” супернікаў.

У той перыяд большасьць кіраўнікоў Провіду Украінских націоналістів (ПУН) [”Провід украінских націоналістів” (укр.) – найвышэйшае палітычнае кіраўніцтва ОУН. “Провід, провідник” (укр.) – кіраўніцтва, кіраўнік структуры ОУН. – І.М.] знаходзілася ў сталіцы Чэха-Славаччыны Празе, пачувала сябе там даволі камфортна і карысталіся адноснай свабодай у сваёй дзейнасьці, не маючы шчыльнага кантролю з боку чэхаў. Многія чальцы ПУНу лічылі, што ў момант будучага аднаўленьня ўкраінскай дзяржаўнасьці на этнічных украінскіх землях урад Чэха-Славаччыны дабраахвотна пагодзіцца на далучэньне Закарпацьця да незалежнай Украіны. Яны адстойвалі пазіцыю, што ОУН не павінна ўмешвацца ў падзеі ў Карпацкай Украіне, каб не даводзіць сітуацыю да рэвалюцыйных дзеяў ды не правакаваць Прагу на рэпрэсіі. У той час, калі на Заходне-Ўкраінскіх землях у барацьбе супраць польскага рэжыму ОУН была рэвалюцыйна-баёвай арганізацыяй, то закарпацкія групы ОУН доўгі час абмяжоўваліся толькі палітыка-ідэалагічнымі метадамі ды культурна-асветніцкай дзейнасьцю, скіраванай супраць “масквафільства” ды “камунафільства”.

Аднак палітыка ПУНу на неўмяшальніцтва ў справы Закарпацьця не адпавядала поглядамі мясцовых кіраўнікоў ОУН, якія лічылі, што чальцоў ОУН у любых абставінах немажліва стрымліваць ад актыўнай барацьбы, бо ідэалйгія ўсёй арганізацыі заснаваныя на прынцыпах рэвалюцыйнай бескампраміснасьці.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы