nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ГІСТОРЫЯ ЗАКАРПАЦЬЦЯ Ў ХХ СТАГОДДЗІ. Частка ІІІ.

10 жніўня, 2006 | 2 каментарыя

Ігар Макарэвіч

IV

На пачатку 1938 г., асабліва пасьля аншлюсу Аўстрыі, нацысты пачалі правакаваць  напружанасьць у чэска-нямецкіх стасунках, аднак і тады чальцы ПУНу не лічылі неабходным мяняць тактыку нацыянальнай барацьбы ў Закарпацьці. Аднак галава ПУНу палкоўнік Еўгэн Канавалец (гл. фота) быў больш абачлівы. [Еўгэн Канавалец – у 1918-1919 г. ваеначальнік УНР, камандуючы корпусам Січавых стральцоў, стваральнік і галоўны камандант УВО ў 1920-1929 г. У 1929 г. аб’яднаў УВО з палітычнымі нацыяналістычнымі арганізацыямі у адзіную ОУН ды стаў Галавой ПУНу. – І.М.].

�ака�па���е. �анавале�.jpg

Ён адчуваў, што ва Ўсходняй ды Цэнтральнай Эўропе набліжаюцца палітычныя ды тэрытарыяльныя зьмены. Таму, ў перыяд магчымага аслабленьня Чэха-Славаччыны пад ціскам агрэсіўных суседзяў, Закарпацьце мае шанец на пэўную форму самавызначэньня, што ў перспектыве магло б стаць этапам на шляху аднаўленьня дзяржаўнасьці на ўсіх украінскіх землях. Для ОУН Закарпацьце магло б стаць вайскова-стратэгічнай базай у барацьбе з Польшчай, а потым і з СССР.

Па загаду палк. Канавальца ў структуры  ПУНа былі створаны два адмысловых штабы. Першы, палітычны – для вывучэньня сітуацыі ў Закарпацьці і вызначэньня палітычных перспектываў Краю. Другі штаб, вайсковы, пад кіраўніцтвам афіцэраў  Капустынскага, Курмановіча, Каласоўскага, Каладзінскага. Ён павінен быў займацца арганізацыяй вайсковых структур Карпацкай Украіны ды распрацоўкай стратэгіі будучых дзеяньняў ў крызісны перыяд. Для здзяйсьненья такога пляну ОУН мела неабходныя кадры. Была сфармавана група з 12 чальцоў КЕ-ОУН [“КЕ-ОУН” – “Крайова Екзекутива ОУН”(укр.). Найвышэйшы выканаўчы орган ОУН на Заходне-Украінскіх землях. – І.М.] з Заходне-Украінскіх земляў пад началам палкоўніка М.Каладзінскага (“Гузара”), паручніка Р.Шухевіча (“Шуха”) [Паручнік Роман Шухевіч (“Шух”, “Тарас Чупрынка”, “Тур”) –  з 1943 года – галоўнакамандуючы Ўкраінскай Паўстанцкай Арміяй (УПА), генэрал. Адначасна займаў пасаду Старшыні ОУН (рэвалюцыйнай). Загінуў у 1950 г. – І.М.], З. Косака (“Тарнаўскага”), якая павінна была непасрэдна на мейсцы пачаць стварэньне вайсковых структур. Праз некаторы час група Каладзінскага, Шухевіча, Косака прыбыла ў Закарпацьце. На месцы дзейнасьць па арганізацыі ўкраінскіх збройных фармаваньняў пачалася неадкладна.

Далейшыя падзеі пацьвердзілі неабходнасьць іхнай рашучасьці. На жаль неспадзяваная сьмерць Еўгэна Канавальца перарвала заплянаваную ім працу [Еўгэн Канавалец загінуў 23 траўня 1938 года ў Ротэрдаме у выніку тэракту, здзейсьненага агентам савецкіх сьпецслужбаў. – І.М.]. Па загаду ПУНу начале з новым кіраўніком Андріям Мельнікам дзейнасьць абодвух штабоў была прыпынена [Пасьля гібелі Канавальца Андрій Мельнік пэўны час займаў пасаду Галавы ПУНа, але фармальна. Фактычным кіраўніком быў рэферэнт ПУНа Яраслаў Бараноўскі, які праводзіў пранямецкую лінію. Менавіта палітыка Мельніка-Бараноўскага прывяла да расколу ОУН у 1940 г. Арыштаваны палякамі Краёвы провіднык ОУН Стэпан Бандэра меў падазрэньне, што Я.Бараноўскі мог быць завербаваны польскай агентурай… – І.М.].

Калі праз колькі месяцаў вакол Чэха-Славаччыны і ў Закарпацьці пачаліся бурлівыя падзеі, то паміж ПУНам і кіраўнікамі групы КЕ-ОУН начале з палк. Каладзінскім выявіліся глыбокія і прынцыповыя разыходжаньні ў ацэнцы сітуацыі і тактыцы будучых дзеяньняў ОУН. Шмат каму стала відавочна, што новае кіраўніцтва ПУНа дзеля будучых палітычных прэферэнцый ды паблажлівага стаўленнья да ОУН з боку Нямеччыны [У той перыяд ня ўсе здагадваліся, што аднаўленьне незалежнасьці Украіны ў будучыні супярэчыць палітыцы нямецкіх нацыстаў на Ўсходзе. – І.М.] гатова моўчкі пагадзіцца са “здачай” Закарпацьця нямецкай хаўрусьніцы Вугоршчыне. Аднак палк. Каладзінскі ды ягоныя саратнікі не зважалі на тое, што іхняя дзейнасьць не стасуецца з  нямецкай палітыкай. Будучы прыхільнікамі рэвалюцыйнай плыні ОУН, яны лічылі, што нацыялістычная арганізацыя мусіць кіравацца толькі украінскімі інтарэсамі, не азіраючыся на тое, падабаецца гэта нейкаму іншаму боку ці не. Яны бачылі, што на дадзеным этапе сумніўныя тактыка ПУНу ў выбары палітычных прыярытэтаў стала абсалютна памылковай ды процілеглай ідэйна-палітычнаму характару ОУН, што можа прынесьці ў будучым шкоду ўкраінскай справе. Ніводны з бакоў не хацеў саступаць, і таму дайшло да канфлікту. Ад імя ПУНу Я. Бараноўскі перадаў  загад Каладзінскаму, Шухевічу, Косаку  – тэрмінова адкласьці заплянаваную акцыю і найхутчэй ад’ехаць з Карпацкай Украіны. Але М. Каладзінскі ды ягоныя саратнікі не падпарадкаваліся загаду Бараноўскага, праігнараваўшы ПУН, ды прадоўжылі сваю дзейнасьць у рэгіёне. Вайсковая падрыхтоўка абароны Карпацкай Украіны патрабавала больш вайсковых сьпецыялістаў, і на дапамогу першай групе кіраўнікоў КЕ-ОУН у Закарпацьце нелегальным шляхам сталі прыбываць былыя камандзіры УГА, корпуса УСС, а таксама вайскоўцы-ўкраінцы з польскага войска. Пазьней ў Закарпацьце прыбыў прадстаўнік ПУНу генэрал Курмановіч.

У другой палове 1938 года, калі Нямеччына пачала выказваць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Чэха-Славаччыны ды правакаваць беспарадкі судэцкіх немцаў, Вугоршчына гэтаксама стала адкрыта прэтэндаваць на кавалкі чэха-славацкай тэрыторыі, найперш на ўсё Закарпацьце. Захопніцкім намерам Вугоршчыны пачала выказваць падтрымку Польшча. Улетку 1938 года вугорскія і польскія сьпецслужбы сталі засылаць на тэрыторыю Закарпацьця сваіх дыверсантаў з мэтай дэстабілізацыі эканомікі, сабатажу на транспарце ды правакаваньня неспакою сярод насельніцтва. Праўда, ўрад ЧСР для аховы межаў Закарпацьця пачаў ствараць адмысловую памежную стражу. Аддзелы, зарганізаваныя з чэскай жандармерыі ды мытнай стражы, былі разьмешчаны ўздоўж вугорскай ды польскай мяжы, але стража ўсур’ёз нічога ня супрацьпаставіла дыверсійным акцыям палякаў ды вугорцаў. Чэхі разьлічвалі на тое, каб Закарпацьце мела як мага больш праблемаў і праз тое вымушана была б зьвяртацца да чэскага ўраду па апеку. Ахову сваіх межаў ад вугорцаў ды палякаў ВЫМУШАНЫ БЫЛІ АРГАНІЗАВАЦЬ САМІ КАРПАЦКІЯ ЎКРАІНЦЫ, якія пачалі створаць уласныя мясцовыя атрады. У той перыяд жандармерыя ў Закарпацьці налічвала каля 1000 чалавек. Але ў ёй не было ні воднага ўкраінца.  Нацыяналісты патрабавалі, каб хаця б палова была ўкамплектаваная ўкраінцамі, аднак чэхі пагадзіліся ўзяць на службу ўсяго каля двадцаці чалавек.

У гэтай неспакойнай сітуацыі лідары асноўных палітычных плыняў Закарпацьця – украінскіх нацыяналістаў ды “масквафілаў”, ў т.л. “карпатаросаў”, пачалі шукаць паразуменьне і кампраміс паміж сабой на падставе прызнаньня самабытнастьці Закарпацьця. Была ўтворана г.зв. Цэнтральная Рада – кансультатыўны орган для каардынацыі ды ўзаемадзеяньня  ў палітычных намерах. 4 верасьня 1938 г. Цэнтральная Рада склікала ў Ужгарадзе першы палітычны кангрэс прадстаўнікоў усіх палітычных плыняў, у якім прынялі ўдзел каля тысячы дэлегатаў з усяго Закарпацьця. На кангрэсе было ўзьнята пытаньне аб неабходнасьці аўтаноміі для Закарпацьця ў складзе ЧСР. Чальцы ОУН выкарысталі гэты кангрэс для таго, каб правесьці адмысловыя нарады з моладдзю ды загітаваць як мага больш актывістаў на стварэньне дабраахвотніцкай ваенізаванай арганізацыі, якая стала б часьцінай будучага войска Карпацкай Украіны. Каля двухсот дэлегатаў з гатоўнасьцю прынялі гэтую прапанову. У той самы дзень была створана першасная структура гэтай арганізацыі з назовам “Украінська Національна Оборона” (УНО) і быў абраны яе провід.

У канцы верасьня чэска-нямецкі канфлікт абвастрыўся [Гітлер пачаў падрыхтоўку да вайны з Чэха-Славаччынай і аддаў загад аб канцэнтрацыі аддзелаў Вермахту ўздоўж чэска-нямецкай мяжы. Немцы меркавалі, што чэхі, маючы добра ўзброенае войска ды ўмацаваньні на мяжы, акажуць  моцны супраціў. – І.М.]. Адчувалася набліжэньне вайны. Аднак у выніку пастановы Мюнхенскай канфэрэнцыі Чэха-Славаччына капітулявала [29 -30 верасьня 1938 года у Мюнхене адбылася канфэрэнцыя з удзеам А. Гітлера (Германія), Б. Мусаліні, Г.Чіано (Італія), Н.Чэмберлена (Вялікабрытанія), Э. Даладзье (Францыя).  Гітлер ва ўльтыматыўнай форме патрабаваў перадачы Судзецкай вобласьці Нямеччыне. Н.Чэмберлен і Э.Даладзье фатычна падтрымалі пазіцыю Гітлера. Чэха-Славаччына апынулася ў палітычнай ізаляцыі. 30 верасьня Прэзідэнт Чэха-Славаччыны Эдуард Бенеш са згоды прадстаўнікоў  ураду, дэпутатаў парляманту ды лідараў партый вымушаны быў прыняць ультыматум Гітлера. – І.М.].

1 кастрычніка 1938 г. пачаўся ўвод нямецкіх войскаў ў  Судзецкую вобласьць. У краіне пачаўся палітычны крызіс. Неўзабаве прэзідэнт ЧСР Э.Бенеш пайшоў у адстаўку. Прэзідэнтам быў абраны доктар Эміль Гаха, састарэлы і слабавольны палітык. Адчуваюча аслабленьне цэнтральнай улады, славацкія  ды карпата-украінскія палітычныя сілы выставілі Чэскаму ўраду патрабаваньне аб дзяржаўным пераўладкаваньні рэспублікі на падставе прызнаньня шырокай аўтаноміі Славаччыны і Карпацкай Украіны. Да гэтае пары чэскія ўлады ўпарта адмаўляліся прызнаваць такія патрабаваньні, аднак пасьля адстаўкі Бенеша далейшае ігнараваньне славакаў ды закарпацкіх украінцаў стала немагчымым. Прэм’ер-міністр ЧСР генэрал Ян Суровы вымушаны быў прызнаць аўтаномію Славаччыны і Карпацкай Украіны, што фактычна азначала федэралізацыю рэшткавай Чэха-Славаччыны. Адначасна Суровы ўпарта намагаўся, каб на кіруючыя пасады ва ўрад аўтаномнай Падкарпацкай Русі былі прызначаны абодва лідары антыўкраінскіх партыяў – А.Бродзій (ад прамадзьярскіх груповак) ды С.Фенцык (ад “карпатаросаў”), што ў будучыні павінна было выклікаць у Закарпацьці этнічную ды палітычную нестабільнасьць.

11 кастрычніка Закарпацьце АТРЫМАЛА АЎТАНОМІЮ. У гэты ж дзень прэм’ер ЧСР Ян Суровы зацьвердзіў склад ПЕРШАГА ЎРАДУ аўтаномнай КАРПАТА-РУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ ў наступным складзе: Андрый Бродзій – прэм’ер-міністр, Юльян Рэвай, доктар Эдмунд Бачынскі ды доктар С. Фенцык – намесьнікі, доктар Аўгустын Валошын ды доктар Пешчак – дзяржаўныя сакратары. Аднак з першых дзён у якасьці прэм’ера Бродзій занадта нахабна і адкрыта пачаў весьці правугорскую палітыку. Гэта прымусіла чэскую ўладу праз два тыдні прэм’ерства Бродзія правесьці рэвізію ягонай канцылярыі. Пад час ператрусу ў Бродзія была знойдзена вялікая сума грошай і перапіска з вугорскім урадам, якая выкрывала яго як вугорскага агента,  які паводле  інструкцый з Будапешта вёў палітыку па далучэньні Закарпацьця да Вугоршчыны. Бродзія адхілілі ад пасады прэм’ера ды арыштавалі па абвінавачваньню ў дзяржаўнай здрадзе. Адбылася зьмена ўраду. 26 кастрычніка 1938 г. Прагай быў прызначаны новы прэм’ер-міністр аўтаномнай Карпацкай Украіны  доктар Аўгустын Валошын (гл.фота), ягонымі намесьнікамі – Юльян Рэвай і доктар Еўгэн Бачыньскі.
�ака�па���е. �ало��н.jpg
Менавіта ад гэтага моманту пачынаецца стварэньне мясцовай аўтаномнай адміністрацыі ў Краі, украінізуецца сістэма асьветы, выдавецкая справа.

2 каментарыя

  1. Аўтар кажа:

    Дзякуй за аператыщнасьць. За мапы асобна. Я б толькі трохі зьмяніў шрыфт у бок павелічэньня і асобным шрыфтоі – ссылкі. ix’ раз вялики дзякуй.

  2. Аўтар кажа:

    І яшчэ – я б падпісаў фотаздымкі, а то не зразумела хто дзе.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы