Ігар Макарэвіч
У гэтыя дні ўрад Вугоршчыны пачаў настойліва дамагацца у г.зв. Венскім арбітражы [Венскі арбітраж – міжнародны орган, створаны нацыстоўскай Нямеччынай і фашыстоўскай Італіяй восеньню 1938 года для прыданьня выгляду законнасьці анэксіям й зьменам межаў краін ў Цэнтральнай Эўропе на карысьць Нямеччыныі, Італіі ды іхных патэнцыйных хаўрусьнікаў. – І.М.] санкцыі на анэксію Закарпацьця і паўднёвых тэрыторыяў Славаччыны [Паўднёвыя тэрыторыі Славаччыны – раўніны са зьмешаным ці з пераважна мадзьярскім насельніцтвам. – І.М.]. Неўзабаве нямецкі ды італьянскі міністры замежных спраў І.ф.Рыббентроп і Г.Чіано падтрымалі захады Вугоршчыны, і 2 лістапада 1938 года пастановай Венскага арбітражу за Вугоршчынай было прызнана права на анэксію паўднёва-заходняй паласы тэрыторыі Закарпацьця з гарадамі Ужгарад, Мукачыва ды Берэгава. Прага была пастаўлена перад фактам. Урад аўтаномнай Карпацкай Украіны вымушаны быў падпарадкавацца, бо сілаў для супраціву не было – занадта нечакана ўсё адбылося. Трэба было хутка правесьці эвакуацыю. Урад тэрмінова прыняў рашэньне аб пераносе сталіцы ў Хуст і выдаў адпаведны маніфест (гл. ніжэй выдзеленая нахіленым шрыфтам).
Мы, Урад Карпацкай Русі, як дзяржавы вялікай нацыі, якую ўсталявалі дня 2 лістапада 1938 года у рэшткавых межах, абумоўленых у Вене, і натуральна назвалі Карпацкай Украінай, зьвяртаемся ў гэтую вырашальную хвіліну з гарачым заклікам да вас, Браты ды Сёстры.
Адарваньне спрадвечных нашых гарадоў Ужгарада й Мукачыва ад Карпацкай Украіны – гэта раненьне нашай Бацькаўшчыны. Але ў гэтыя цяжкія хвіліны памятайма, што коштам гэтае нашае раны здабыта Ўкраінская Дзяржаўная Незалежнасьць. Той цяжкі ўдар, які наненсены нам, не пахісьне нашае волі выканаць тое вялікае заданьне, якое ўжо паставіла перад намі Гісторыя. Насуперак волі прызнаючы новы стан рэчаў, сталіцу нашай краіны пераносім з адабранага Ужгараду ў Хуст, у той горад, ў якім 21 студзеня 1919 года абвешчана першая Дэклярацыя нашае Незалежнасьці. Мы вырашылі ўзяць на сябе гістарычную працу па пабудове нашае ўрэзанай, але паўзьнятай да Незалежнасьці Краіны. Паміж вамі ходзяць агенты чужых інтарэсаў, якія запалохваюць Вас, што мы на астатнім кавалку сваёй зямлі ня зможам існаваць, бо ня будзе з чаго жыць і на чым працаваць. Такое сцьвярджюць толькі тыя фальшывыя “прыяцелі”, якія хацелі б падпарадкаваць усю нашу зямлю ворагам, якія сёньня адабралі гарады нашых прадзедаў, хоць ім тыя гарады не патрэбныя ды ня прынясуць ім ані якай карысьці. Вы павінны ведаць, што нашыя ворагі хацелі б захапіць усю нашу зямлю ды багацьце, якое ў будучыні зможа забясьпечыць нам лепшае жыцьцё.
Для разбудовы нашае Краіны маем неабходныя ўмовы, а менавіта капітал і працоўныя сілы, якія дапамогуць нашае ўладзе павесьці Вас да найлепшае будучыні. Наша незалежная дзяржава дае нам ня толькі культурную ды палітычную свабоду, але й забясьпечыць таксама для ўсіх нас хлеб і працу.
Ужо ў гэтым годзе пачынаем будаўніцтва новых дарог і чыгунак. Заклікаем усіх Вас, сьвядомых братоў ды сёстраў, каб Вы на пачатку нашае незалежнасьці паказалі сябе годнымі свабоды й дапамагалі ўладзе ў разбудове нашае дзяржавы. Хай зьнікнуць усе рэлігійныя, моўныя ды класавыя спрэчкі, якія да сёньня выклікалі паміж намі ворагі нашага народу.
Еднасьць нашага народу, спакой ды парадак стануць важкім залогам хуткага разьвіцьця нашае дзяржавы. Гісторыя прызнае праўду за тымі, хто ўмее за яе пастаяць. Таму пастаім і мы за сваю праўду, дзеля таго будуць усе нашы далейшыя дзеяньні, якія мы прымаем у выкананьні сваіх абавязкаў. Чакаем цьвёрдай маральнай падтрымкі насельніцтва Карпацкай Украіны і ўсяго Украінскага народу. Божа, дапамажы нам выканаць нашу адпаведную працу!
Ужгарад, 3 лістапада 1938 года,
Доктар Аўгустын Валошын. Прэм’ер-міністр.
Для карпацкіх украінцаў гэта быў нечаканы ды цяжкі ўдар, які вызваў страх і неспакой у грамадстве, бо старажытны Ужгарад быў сталіцай Карпацкай Украіны, у якім месьціўся ўрад аўтаноміі, тут былі разьмешчаны ўсе цэнтральныя асяродкі ўкраінскіх арганізацый. Да таго ж мясцовыя вугорскія элементы разам з тымі, што прыбылі ў Ужгарад з Вугоршчыны, справакавалі паніку сярод украінскага насельніцтва. Аднак група ўкраінскіх нацыяналістаў начале з чальцамі ОУН рашуча ўзяла ініцыятыву ў свае рукі, навялі парадак ды супакоілі людзей. Сфармаваўшыся ў Першую чоту УНО пад камандаваньнем палкоўніка Каладзінскага, яны занялі галоўны будынак Карпацкага ўраду, дзе месьціліся ўсе дзяржаўныя ўстановы, і пад збройнай аховай распачалі эвакуацыю дзяржаўнай маёмасьці. У той дзень, дзякуючы рашучым дзеяньням чальцоў ОУН, з Ужгараду пасьпелі арганізавана эвакуявацца тыя жыхары гораду, якія баяліся магчымых рэпрэсіяў вугорскіх уладаў. Рашучасьць і арганізаванасьць чальцоў ОУН–УНО пад час эвакуацыі з Ужгарада здабыла ім вялікі аўтарытэт і давер сярод насельніцтва ўсяго Закарпацьця.
Пасьля завяршэньня эвакуацыі з раўніннай часткі Закарпацьця тэрыторыя аўтаномнай Карпацкай Украіны стала амаль на 1/5 меньшай ды прыцістнутай да Карпацкіх гор. Гэта рэзка пагоршыла стратэгічнае становішча Краю, які ўсё яшчэ фармальна ўваходзіў ў склад ЧСР.
Марудзіць з арганізацыяй абароны Закарпацкай аўтаномі было нельга. Аднак урад А.Валошына праяўляў нерашучасьць – актыўнасьць ОУН–УНО ня ўсім была да спадобы. Провід УНО вымушаны быў аказаць пэўны ціск на А.Валошына. Па выніках перамоваў урад рэспублікі прыняў рашэньне аб паскоранай арганізацыі карпата-ўкраінскіх збройных сілаў. Тады ж было прынята рашэньне аб рэарганізацыі УНО на вайсковы лад ды перайменаваньні яе ў “Карпацкую Січ”(КС). Была уведзена вайсковая дысцыпліна, уніформа ды званьні. Арганізацыйная сетка Карпацкай Січы вельмі хутка ахапіла ўвесь Край. Запіс дабраахвотнікаў ў Карпацкую Січ праходзіў ў адкрытую ды пры падтрымцы насельніцтва Закарпацьця. Жадаючых уступіць у збройныя сілы Рэспублікі было вельмі шмат. Камандаваньне КС прыступіла да падрыхтоўкі ўласных кадраў. Была створана падстаршынская школа ў колькасьці каля 40 чалавек. Выкладалі ў ёй украінцы, былыя афіцэры ды паручнікі аўстра-вугорскага і польскага войска, альбо дзеючыя афіцэры-ўкраінцы чэскага войска. Пасьля заканчэньня 2-месячных курсаў (студзень–люты) курсанты атрымалі званьне “падхарунжы-вістун”. Колькасны склад КС пакуль быў невялікі. Значная частка (каля 4 тыс.) знаходзіліся ў рэзерве па мейсцы жыхарства. На казарменным становішчы знаходзіліся ў асноўным дабраахвотнікі, якія прыбылі ў Закарпацьце з Галічыны ды Валыні (ад 500 да 1000 чал.). Аднак зброі ў Карпацкай Січы ня было, толькі некаторыя афіцеры, і то не зусім легальна, насілі зброю. Ва ўсёй Карпацкій Січы было только некалькі аўтамабіляў. Камандзірамі і камендантамі КС у мястэчках і сёлах як правіла прызначаліся былыя афіцэры-ўкраінцы з баявым досьведам 1914 – 1920 гг. Дысцыпліна атрадаў КС была высокая. Некаторыя атрады КС колькасьцю 35 – 40 чалавек разьмясьціліся ў Карпатах на мяжы з Польшчай, каб недапусьціць пранікненьня польскіх, савецкіх ды вугорскіх агентаў, колькасьць якіх павялічылася настолькі, што ў Карпатах пад Рахавам быў створаны лагер для затрыманых шпіёнаў.
У кастрычніку-лістападзе 1938 года у Львове праходзілі дэманстрацыі ў падтрымку Закарпацкай Украіны, пасьля чаго пачаліся сутыкненьні польскай шавіністычнай моладзі з украінскімі нацыяналістамі. Каб пазьбегнуць рэпрэсіяў шмат актывістаў ОУН вымушаны былі нелегальна перайсьці ў Карпацкую Украіну. На тое польскія ўлады выказвалі пратэст Чэха-Славаччыне і патрабавалі інтэрнаваць перабежчыкаў. Аднак Прага ўжо не магла задаволіць гэтыя патрабаваньні.
У лістападзе 1938 году камандант штабу Карпацкй Січы палкоўнік М. Каладзінскі распрацаваў план стварэньня збройных сілаў Закарпацьця, у адпаведнасьці зь якім базы для іхняй арганізаціі ды забесьпячэньня павінны быць утвораны на заходне-ўкараінскіх землях (ЗУЗ). Падпольныя ўкраінскія ўстановы мусілі аказаць фінансавую падтрымку і для гэтага правесьці збор сродкаў сярод украінскага насельніцтва ЗУЗ. ПУН мусіў забясьпечыць пастаўку зброі з-за межаў, а таксама арганізаваць адпраўку ў Закарпацьце байцоў-дабраахвотнікаў. Вайсковую ўніформу трэба было здабываць у адпаведны час праз раззбраеньне аддзелаў чэха-славацкага войска на Закарпацьці. Пасьля ўзгадненьня плану ў штабе Карпацкай Січы паручнік Раман Шухевіч ад’ехаў у Львоў, каб правесьці перамовы з прадстаўнікамі маладзёвых ды камбатанскіх арганізацыяў. Ён сустрэў поўнае паразуменьне і быў запэўнены ў адпраўцы ў Закарпацьце блізу 5 – 6 тысяч дабраахвотнікаў ОУН.
Аднак прыкрая неспадзяванка перакрэсьліла ўсе захады. Яраслаў Бараноўскі ад імя ПУНа перадаў у штаб Карпацкай Січы забарону на рэалізацыю плану Каладзінскага. Пасьля ад’езду паручніка Р.Шухевіча з ЗУЗ Краёвы провіднык КЕ-ОУН Леў Рэбет [Леў Рэбет, будучы прыхільнікам Бараноўскага, быў прызначаны ім на пасаду Краёвага провідныка замест арыштаванага С.Бандэры. – І.М.] папярэдзіў усіх тых, зь кім дамаўляўся Шухевіч, што з улікам міжнародных абставінаў ПУН санкцыянуе толькі фінансавую дапамогу ўкраінскім эканамічным установам Закарпацьця. Такім чынам, дастаўка зброі з-за мяжы было затрымана. У той час ПУН атрымліваў вялікую фінансавую дапамогу ад украінскай дыяспары ЗША і Канады. Галоўны штаб Карпацкай Січы дамагаўся, каб тую дапамогу выкарыстаць на закуп зброі, для ўзбраеньня хаця б некалькіх вайсковых аддзелаў, але і гэта ня мела посьпеху. Рэферэнт ПУНу, адказны за дапамогу з-за мяжы, Я.Бараноўскі санкцыянаваў адпраўку для Карпацкай Січы толькі невайсковага грузу. Чальцам ОУН на ЗУЗ Я.Бараноўскі перадаў катэгарычную забарону выязжаць у Закарпацьце, пагражаючы таму, хто не паслухае загаду, пакараньнем сьмерцю па прысуду арганізацыі.
4 Студзеня 1938 года камандаваньнем КС ў Хусьце былі праведзены першыя вайсковыя зборы асабовага складу Карпацкай Січы, у якіх прыняло ўдзел каля 10 тыс. чалавек, прыбыўшых з усіх рэгіёнаў, у т. л. жаночы аддзел КС. У ходзе збораў адбыўся вайсковы парад Карпацкай січы, які прымаў прадстаўнік ПУНа генэрал Курмановіч, а таксама чальцы ўраду Закарпацьця начале з прэм’ер-міністрам А. Валошыным. Тады ж паўсталі вялікія праблемы са зброяй, абмундзіраваньнем, харчамі ды медыкаментамі. Плянавалася, што зброю для Карпацкай Січы павінна была перадаць вайсковая камандаваньне Чэха-Славаччыны. У той час у Закарпацьці дыслякавалася дывізія чэскага войска, у Хусьце быў расквартыраваны полк. Аднак цэнтральная ўлада ЧСР ды чэскае войсковае камандаваньне былі супраць утварэньня збройных сілаў Карпацкай Русі, бо баяліся, што тое ўзмацніць урад аўтаноміі, які, у выпадку канфлікту, можа выйсьці з падпарадкаваньня. Захады ўраду А.Валошына на тое каб Карпацкая Січ атрымала зброю, амуніцыю ды поўнае вайсковае абмундзіраваньне са складоў чэха-славацкага войска ня мелі посьпеху. Такім чынам Карпацкая Січ мусіла задавальняцца той зброяй, якую ўдасца здабыць у чэскіх паліцэйскіх пастарунках.
Тым часам чэскія ўлады зноў пацьвердзілі сваю варожасьць у адносінах да карпацкіх ўкраінцаў. У студзені 1939 г. яны самавольна, не зьвяртаючы ўвагу на пратэст ўраду А.Валошына, прызначылі міністрам унутраных спраў Карпацкай Русі генэрала Л.Прхалю. Пасьля прыбыцьця ў Хуст Прхаля, абапіраючыся на аддзелы чэскага войска, аб’явіў, што чэскія дзяржаўныя ўстановы ды асабіста ён маюць вяршынства па-над Закарпацкім урадам і тым справакаваў чэска-ўкраінскі канфлікт.
На 12 лютага былі абвешчаны выбары ў Сэйм. Украінскія нацыяналісты аб’ядналіся ды выставілі адзіны сьпіс сваіх кандыдатаў. “Масквафілы” ды “мадзьярафілы” скарысталі дэмакратычную працэдуру і таксама вылучылі сваіх кандыдатаў. Перадвыбарчая кампанія адбывалася ў напружанай атмасферы, пад час здараліся непрыемныя эксцэсы, што потым дало падставу некаторым прайграўшым сцьвярджаць, што выбары не цалкам адпавядалі дэмакратычным нормам.
Напрыклад, здарыўся наступны выпадак. Напярэдадні выбараў “масквафілы” сабраліся на таемную нараду. Аб месцы збору стала вядома агентуры КС. Січавікі акружылі дом і арыштавалі ўсіх удзельнікаў, сярод якіх былі праваслаўныя сьвятары. Як толькі прэм’еру А.Валошыну стала вядома пра тое, ён загадаў усіх выпусьціць. Прадстаўнікі КС уступілі ў перамовы з прэм’ерам і спрабавалі яго пераканаць, што “масквафілы” – гэта ворагі. Аднак А.Валошын быў няўхільным, бо лічыў, што дзеньні КС адносна палітычных супернікаў незаконныя. Нарэшце перамовы скончыліся кампрамісам – у абмен на арыштаваных А.Валошын дазволіў выдаць са складоў чэскай жандармерыі 100 вінтовак для Карпацкай Січы. Нярэдка “масквафілы” і “мадзярафілы” самі правакавалі ўкраінскіх нацыяналістаў, і тыя адказвалі жорстка: напрыклад, зрывалі іхныя плякаты, рабілі засады ды запужвалі іх. Нярэдка паміж праціўнікамі адбываліся бойкі, якія, аднак, ня мелі цяжкіх наступстваў. У той перыяд паміж ОУН-КС і больш памяркоўным прэм’ерам А.Валошыным нярэдка ўзнікалі канфлікты, бо некаторыя зьнешне радыкальныя дзеяньні чальцоў ОУН–КС маглі выклікаць праблемы ў стасунках закарпацкага ўраду з чэскімі ўладамі.
Усеагульныя выбары ў Сэйм аўтаномнай Карпацкай Русі адбыліся 12 лютага 1939 г. На выбарах прыкладна 75% насельніцтва прагаласавала за прадстаўнікоў блёка ўкраінскіх нацыяналістаў і А.Валошына, каля 25% – за “масквафілаў” ды “мадзярафілаў”. Такім чынам выбары прынесьлі пераканаўчую перамогу ўкраінцам Закарпацьця ды іхняму ўраду, начале з д-рам Аўгустынам Валошыным. Неўзабаве мусіў быць скліканы Сэйм, аднак чэскія ўлады спрабавалі сарваць яго, што і стала адной з прычын чэска-ўкраінскага канфлікту, які перарос ва ўзброеныя сутычкі.
Нягледзячы на тое, што Провід ОУН (мельнікаўскі) быў часткова паінфармаваны, што Гітлер схіліўся да сдачы Закарпацьця Вугоршчыне, у самой Карпацкай Украіне дзейнічалі ў асноўным чальцы ОУН (ревалюцыйнай плыні). Яны наіўна спадзяваліся, што Нямеччына возьме Карпацкую Украіну пад сваю апеку гэтаксама як і Славаччыну. Каб абнадзеіць насельніцтва, рэвалюцыянеры вялі адкрытую прапаганду гэтых спадзяваньняў. На адным са сьвятаў, якое адбывалася 22 студзеня 1939 г., людзі сьпявалі:
“Нам поможе вуйко Гітлер [Вуйко – дзядзька (зах. укр.). – І.М.]
І батько Волошин
Чехів воювати…”
Чэхі, ў чарговы раз гатовыя капітуляваць ужо перад вугорцамі, працягвалі ўпарта перашкаджаць разьвіцьцю карпата-украінскай дзяржаўнасьці. Асабліва іх палохала перспектыва стварэньня украінскіх збройных сілаў. Таму чэхі пайшлі на абвастрэньне канфлікту з украінцамі. Фактычна чэхі рыхтавалі глебу для мірнай здачы Закарпацьця Вугоршчыне, ідучы ў рэчышчы нямецка-вугорскай палітыцы.
Тым часам з Вугоршчыны даходзілі трывожныя весткі. Яшчэ ў пачатку сакавіка агентура Карпацкай Січы паведаміла пра канцэнтрацыю вугорскага войска на новай карпата-вугорскай мяжы. Было відавочна, што вугорцы рыхтуюцца анэксіі Карпацкай Украіны. Аднак урад Валошына турбуюць пераважна гуманітарныя пытаньні. Напрыклад, 12 сакавіка было прынята рашэньне аб стварэньні Ўкраінскага алімпійскага камітэта, бо ў 1940 г. павінна была прайсьці чарговая Алімпіяда.
У такіх абставінах КС бярэ ініцыятыву на сябе. У ноч з 13 на 14 сакавіка атрад січавікоў начале з М.Каладзінскім пайшоў на канфіскацыю зброі ў чэскіх вайсковых казармах. Чэхі аказалі супраціў, пачалася сутычка і стрэляніна, у якой адзін чэскі вайсковец быў забіты. У адказ генэрал Прхаля аддаў загад чэскім войскам раззброіць Карпацкую Січ. Ранкам чэскія войскі выйшлі з казармаў і паспрабавалі заняць установы Карпацкай Січы. Гэта стала нечаканасьцю для камандаваньня КС. Чэскія салдаты сталі арыштоўваць січавікоў, пры гэтым адкрылі пальбу прама на вуліцы, застрэлілі аднаго чальца КС. Некаторых арыштаваных чэхі адводзілі ў сутарэньне будынку, дзе знаходзіўся ўрад Карпацкай Украіны. Чальцам ураду, мабыць, было не да таго. Арыштаваных было шмат, таму ім прыйшлося шчыльна стаяць суткі, пакуль іх ня вызвалілі іншыя січавікі.