nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ГІСТОРЫЯ ЗАКАРПАЦЬЦЯ Ў ХХ СТАГОДДЗІ. Частка V.

12 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Ігар Макарэвіч

V

Нечакана крызіс вакол Чэха-Славаччыны абвастрыўся. 14 сакавіка 1939 г. Гітлер аб’явіў вызванаму ў Берлін прэзідэнту ЧСР Э.Гахе пра ліквідацыю дзяржаўнасьці Чэха-Славаччыны і аб далучэньні рэшткавай Чэхіі да Райху у якасьці г.зв. “пратэктарату”. Запалоханы Гаха прыняў ультыматум Гітлера і скапітуляваў. Адначасна славацкі парлямант абвясьціў НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ СЛАВАЧЧЫНЫ [Фармальна Славаччына стала незалежнай краінай, але фактычна была пад кантролем Нямеччыны. У Славаччыне ўсталяваўся лаяльны нацыстам рэжым на чале з прэзідэнтам Патэрам Тісо. – І.М.]. У гэты ж дзень, 14 сакавіка 1939 г., урад на чале з А.Валошыным абвесьціў НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ КАРПАЦКАЙ УКРАІНЫ. У гарадох, мястэчках ды сёлах Закарпацьця ўкраінскія актывісты ды чальцы КС сталі браць уладу ад чэскай адміністрацыі ў свае рукі. Закарпацкая рэвалюцыя пачалася.

15 сакавіка нямецкія войскі ўвайшлі ў Прагу. Чэха-Славацкая рэспубліка перастала існаваць. Гэта стала для вугорцаў сігналам для збройнага выступу супраць Карпацкай Украіны. Як толькі прагучала паведамленьне пра нямецкі ультыматум, вугорскае радыё абвясьціла аб тым, што Вугоршчына далучае Закарпацьце. На тую вестку камандаваньне КС запатрабавала ад ураду Карпацкай Украіны зброю для вайсковых аддзелаў, якія павінны былі неадкладна выйсьці на ўкраінска-вугорскую мяжу для абароны Рэспублікі. Прэм’ер-міністр д-р А.Волошын зьвярнуўся з гэтай справай да камандуючага чэскіх войскаў на Закарпацьці генэрала Прхалі і да камандаваньня жандармерыі. Жандармерыя выканала даручэньне прэм’ера Валошына, а генэрал Прхаля забараніў сваім войскам выдаваць зброю.

Ранкам 14 сакавіка 1939 года пачаўся заплянаваны наступ 40-тысячнага вугорскага войска на Карпацкую Украіну па ўсёй яе паўднёвай мяжы. Як толькі перадавыя аддзелы вугорскага войска паспрабавалі перайсьці мяжу, яны былі абстраляныя байцамі КС. Вугорцы вымушаны былі адыйсьці на сваю тэрыторыю. Пасьля першых няўдалых спроб у наступ пайшла ўся сканцэнтраваная на мяжы маса вугорскай пяхоты, ўзмоцненая артылерыяй, танкамі ды самалётамі. Галоўны наступ вугорцы павялі ўздоўж чыгункі Ужгарад–Пярэчын–Ужок, каб адрэзаць Карпацкую Украіну ад Славаччыны, якая, на думку вугорскага штабу, магла перадаць украінцам зброю. Другі напрамак вугорскага наступу йшоў уздоўж шляху Мукачыў–Свалява–Лавочне, трэці – уздоўж чыгункі Іршава–Кушніца, а чацьвёрты – на Саўлюш-Каралёва–Хуст–Ясіня.

14 сакавіка, ў першы дзень вайны, была аб’яўлена ўсеагульная мабілізацыя ў шэрагі Карпацкай Січы. Загад стаў выконвацца па ўсёй тэрыторыі Рэспублікі. На дапамогу сваім закарпацкім братам праз мяжу перайшлі сотні дабрахвотнікаў ОУН. Але зброі катастрафічна не хапала. Вечарам 14 сакавіка, калі атрады Карпацкай Січы кінуліся ўзбройвацца ад чэскай жандармеры, у Хусьце чэскія салдаты нечакана акружылі будынак галоўнага штаба Карпацкай Січы і загадалі ўсім здацца. Атрымаўшы адмову, чэхі па загаду Прхалі пачалі абстрэліваць будынак. У адказ січавікі адкрылі агонь. Завязаўся бой, у які чэхі ўвялі некалькі гарматаў і танкаў. Заблакаваныя ў штабе камандзіры ды байцы КС былі ўзброены толькі вінтоўкамі, некалькімі кулямётамі ды ручнымі гранатамі, але яны пад асабістым камандаваньнем палкоўніка Каладзінскага адбілі ўсе атакі. Стрэлы і выбухі бою грымелі на ўсё навакольле, і з найбліжэйшых сёлаў на дапамогу сваім камандзірам пасьпяшаліся групы січавікоў. Чэхі не чакалі такой рашучасьці і ўзаемавыручкі ад Карпацкай Січы, і генэрал Прхаля вымушаны быў прыпыніць актакі ды адвёў свае аддзелы.

15 сакавіка 1939 г. ў экстрэннай сітуацыі была склікана надзвычайная сэсія Сэйма. На сваім першым пасяджэнтні новаабраны парлямант прыняў да разгляду законапраект аб пацьверджаньні рашэньня ўраду аб абвяшчэньні незалежнасьці Карпацкай Украіны – Першы Закон новаўтворанай Дзяржавы. Уносячы законапраект на зацьвярджэньне, кароткую прамову сказаў пасол Мыхайла Брашчайка: “Сьветлы Сойме! Пад час учорашніх трагічных падзеях у галоўным горадзе Карпацкай Украіны пралілася Ўкраінская кроў. Абгаворым сёньня пад гукі гарматных выбухаў Першы Канстутыцыйны Закон Карпацкай Украіны. Па тысячагадовай няволі наша зямля становіцца вольнай, незалежнай ды абвяшчае перад усім сьветам, што яна была, ёсьць ды будзе ўкраінскай. І калі нашай маладой Дзяржаве не наканавана доўга жыць, то наш Край застанецца назаўжды ўкраінскім, бо няма такой сілы, якая магла б зьнішчыць душу ды моцную волю нашага народу”.

З увагі на тое, што ўрад Карпацкай Украіны і ўсё насельніцтва Рэспублікі не прызналі Венскі арбітраж ды з увагі на вайсковыя дзеяньні, якія пачаліся папярэдняга дня, у першым Канстытуцыйным Законе пытаньне дзяржаўных межаў Карпацкай Украіны не ўзгадвалася.

Законапраект быў зацьверджаны Сэймам аднагалосна – Карпацкая Україна дэ-юрэ СТАЛА НЕЗАЛЕЖНАЙ ДЗЯРЖАВАЙ.

ЗАКОН 1

1. Карпацкая Украіна – незалежная Дзяржава.
2. Назва Дзяржавы – Карпацкая Украіна.
3. Карпацкая Украіна – рэспубліка з Прэзідэнтам на чале, абраным Сэймам.
4. Дзяржаўная мова Карпацкай Украіны – Украінская мова.
5. Колер дзяржаўнага прапара Карпацкай Украіны –  сіні ды жоўты, пры гэтым колер сіні ёсьць верхні, а жоўты ніжні.
6. Дзяржаўным гербам Карпацкай Украіны ёсьць сучасны краёвы герб: Мядзьведзь у левым чырвоным паўколе і Трызуб сьвятога Валадымера Вялікага з Крыжам на сярэднім зубе. Апісаньне выявы герба зьмяшчаецца ў адмысловым законе.
7. Дзяржаўны гімн Карпацкай Украіны: “Ще не вмерла Україна”.
8. Гэты закон абавязковы з моманту яго прыняцьця.

Пасьля прыняцьця Закону аб незалежнасьці Сэйм абраў першага Прэзідэнта Дзяржавы – доктара Аўгустына Валошына. Прэзідэнт А.Валошын прапанаваў урад Карпацкай Украіны ў наступным складзе: Юліян Рэвай – прэм’ер і міністр замежных спраў, Сцяпан Клачурак – міністр вайсковых і хлебаробскіх спраў, д-р Юліян Брашчайка – міністр фінансаў, прамысловасьці ды гандлю, Юры Перэвузнык – міністр унутраных спраў, д-р Мікола Долынай – міністр здароўя ды сацыяльнай апекі, д-р Аўгустын Штэпан – міністр культаў, школьніцтва ды асьветы.

Атрымаўшы адпор ад Карпацкай Січы, чэха-славацкае камандаваньне ў Закарпацьці аб’явіла неўтралітэт і аддала загад на эвакуацыю ўсіх чэскіх вайсковых аддзелаў разам з маёмасьцю і зброяй. Чэхі аператыўна сфармавалі калёну з 62 грузавых машын, гружаных вайсковай маёмасьцю ды 5 цыстэрнамі з палівам для вывазу яе ў Румынію. Калёна накіравалась у бок Цячыва (невялікага мястэчка на мяжы з Румыніяй). Чэскія вайсковыя аддзелы таксама сталі хутка сыходзіць з Хуста, вайскоўцы ЧСР з мясцовых жыхароў разьбегліся, у казармах засталася пэўная колькасьць збоі. Байцы КС забіралі тую зброю – вінтоўкі, кулямёты – і адразу накіроўваліся на перадавую. Нярэдка, зброю прыходзілася здабываць ў баі. У цяжкіх баях з агрэсарамі абаронцы Закарпацьця выявілі адвагу і мужнасьць: былі выпадкі, калі захопленымі ў ворага гарматамі ды звязкамі гранат байцы КС падбівалі вугорскія танкі, а з кулямётаў зьбілі некалькі іхных самалётаў.

Групе байцоў КС з трох чалавек было даручана спыніць чэскую клёну, якая ўжо шпарка рухалася ў бок Цячыва, каб адтуль праз мост сыйсьці ў Румынію. Аднак на шляху калёны атрады січавікоў ужо былі папярэджаны. У Цячыве ўсталявалася двоеўладдзе. Січавікі (маленькі атрад дабраахвотнікаў-украінцаў з чэскага войска) узяла на сябе ахову мястэчка. Як толькі ў Цячыў прыбыла група перахвату, адміністрацыя адразу перадала січавікам уладу. Былі раззброены чэскія жандармы і памежнікі. Памежную стражу замянілі січавікамі. Быў аб’яўлены набор дабраахвотнікаў у КС. Тым часам пад’ехала калёна. Пачаліся перамовы. Січавікі выставілі ўмову – здаць зброю, пакінуць машыны ды спакойна сыйсьці.Чэхі сталі гандлявацца, але ўрэшце дамовіліся: 10 машын застаецца зь імі. На жаль, мелі месца прыкрыя факты: за чэхамі пабеглі і некаторыя ўкраінцы, у тым ліку командант узброеных сілаў Закарпацьця полкоўнік Яфрэмаў, командзір Січы ў Цячыве Кліменка. Гэтая вестка абурыла шараговых байцоў КС. Пасьля ўцёкаў Яфрэмава камандантам КС быў прызначаны палкоўнік Міхайла Каладзінскі.

Вугорцы ды палякі былі ўпэўненыя, што на сур’ёзны супраціў карпацкія ўкраінцы ня здольныя. 15 сакавіка польскі ўрад выслаў на мяжу з Карпацкай Украінай сваіх прадстаўнікоў для сустрэчы перадавых вугорскіх аддзелаў. Аднак польская дэлегацыя чакала падыходу мадзяраў цэлы дзень. Не адбылася сустрэча і на наступныя дні…

Вечарам 15 сакавіка ў Хуст прыбыў адмысловы пасол вугорскага ўраду і перадаў прэзідэнту Валошыну патрабаваньне аб безумоўнай капітуляцыі. Нямецкі консул запрасіў да сябе прадстаўнікоў галоўнага камандаваньня Карпацкай Січы ды параіў ім неадкладна капітуляваць, спасылаючыся на тое, што калі з анэксіяй Карпацкай Украіны пагадзіліся Германія ды Італія, усялякі супраціў стаў безперспектыўны. На гэта палкоўнік Каладзінскі адказаў консулу: “У слоўніку ўкраінскага нацыяналіста няма слова “капітуляваць”. Мацнейшы вораг можа нас у баю перамагчы, але паставіць нас на калені – ніколі” [Пасьля Мюнхенскай капітуляцыі гэта была першая адкрытая адмова патрабаваньням ды плянам гітлераўскіх нацыстаў. – І.М.].   Пазіцыя нямецкага консула вызвала шок у грамадстве, шмат хто ня мог паверыць, што Гітлер здаў Закарпацьце вугорцам. Аднак вырашылі ваяваць самастойна.

Ранкам а 2-й гадзіне 15 сакавіка  вугорцы кірункам праз Саўлюш кінулі вялікія сілы пяхоты, артылерыю ды самалёты, бо хацелі за некалькі гадзін перамаршыраваць невялікую адлегласьць у 50 кіламетраў і з ходу захапіць Хуст. Аднак на шляху наступу вугорцы натрапілі на супраціў атрадаў Карпацкай Січы. У Саўлюшы невялікі атрад студэнтаў-дабраахвотнікаў з педагагічнай вучэльні пад камандай выкладчыка Галоты заняў абарону і ўступіў у бой з вугорцамі. Ім на дапамогу падасьпеў атрад КС пад камандай былога афіцэра чэскага войска. Бой цяжкі быў, амаль усе студэнты ды січавікі загінулі, аднак вугорцы вымушаны былі прыпыніць наступ. Толькі праз дзень, 16 сакавіка з ранку,  вугорцы з баямі змаглі падступіцца да ўскрайкаў Хуста. Каля мосту пры ўваходзе ў горад січавікі ўступілі ў бой з вугорцамі. Абаронаю сталіцы асабіста кіраваў палкоўнік Міхайла Каладзінскі ды ягоны памочнік чотар Зянон Косак. Да ўкраінцаў далучыўся атрад чэскіх дабраахвотнікаў на чале з падпалкоўнікам Земанам. Бой за горад ішоў цэлы дзень. Але доўга абараняцца січавікі не маглі, бо сілы былі няроўныя – вугорскіх салдат было дзясяткі тысяч. Узважыўшы абстаноўку, камандаваньне абароны гораду прыняло рашэньне адыйсьці, і толькі 16 сакавіка вечарам мадзьяры ўвайшлі ў Хуст.

Адыйшоўшы ад Хусту, січавікі ня склалі зброі. Баі ды асобныя сутычкі абаронцаў Карпацкай Украіны з вугорцамі працягваліся каля тыдня. Вугорцы панеслі вялікія страты, але гінулі і байцы КС. У баі з пераважаючымі сіламі праціўніка пад Буштыном загінулі галоўны камендант Карпацкай Січы палкоўнік М.Каладзінскі ды ягоны памочнік чотар Зянон Косак. Увогуле ў баях з вугорцамі палягло каля пяці тысяч украінцаў Закарпацьця ды некалькі соцень іхных братоў з іншага боку Карпатаў. Удзел і роля чальцоў ОУН у падзеях, што адбываліся ў Карпацкай Украіне стала адной з найважнейшых старонак гісторыі ОУН.

Падзеі ў Закарпацьці ды геройскі ўзброены супраціў Карпацкай Січы войскам Вугоршчыны атрымалі гучны розгалас за межамі, што выклікала хвалю зацікаўленасьці ды сімпатыі да абаронцаў Карпацкай Украіны ў многіх краінах. Аднак вайсковая сітуацыя пагаршалася. Да таго ж на дапамагу вугорскаму войску Польшча заслала на тэрыторыю Закарпацьця добра вышкаленыя ды ўзброеныя дыверсійныя групы.

У той час, калі асобныя аддзелы КС вялі баі з ворагам, іншыя пачалі эвакуацыю і сталі адыходяць да румынскай і польскай мяжы. Шмат січавікоў з Закапацьця разыйшлася па дамах. У некаторых населеных пунктах жыхары рыхтаваліся да прыходу вугорцаў ды павывешвалі белыя сьцягі, а мясцовыя січавікі хутка пераарыентаваліся ды запісаліся ў правугорскія фармаваньні, якія выставілі пасты на мастах. У Цячыве чэхі зноў захапілі ўладу і адкрылі агонь па січавікам, якія рухаліся да мяжы. У Румынію эвакуяваліся ў асноўным чальцы ОУН з Галічыны, Валыні ды Букавіны. Групы січавікоў аб’ядноўваліся каля ракі Цісы і разам яе пераходзілі са зброяй. Румынскія памежнікі не перашкаджалі. Далей было інтэрнаваньне і эміграцыя ў іншыя краіны Эўропы. Шмат січавікоў трапілі ў вугорскі палон.

Праз тыдзень усё было скончана. Аднак і пасьля спыненьня адкрытага супраціву шмат патрыётаў не склалі зброю, а пайшлі ў падпольле ды ў партызаны. Невялікія партызанскія аддзелы паручніка Тацінца ў раёне Валаўца ды паручніка Крупы ў раёне Рахава пратрымаліся да зімы 1939 – 1940 гг.

Польскі часопіс “Век Новы” (24.03.1939) здзіўляўся, што другі тыдзень пасьля наступу вугорцаў на Карпацкую Украіну ўсё яшчэ йдуць зацяжныя баі, і ў гэтую хвіліну ў Закарпацкай Украіне паўстае новая легенда. А “Меркурыюша польскі” (№ 15) вызначыў наступнае: “На старонках” Меркурыюша” мы выступалі з недальнабачнасьцю супраць Закарпацкай Украіны. Мусім, аднак, чэсна сказаць, што ў выніку апошніх падзей, мы маем большую пашану да украінцаў, чым да чэхаў ды славакаў. Якія б там не былі ды хто б там не былі тыя січавікі, але ўсёж-такі гэтыя людзі не скуголілі, не склалі зброі, а біліся ў найцяжэйшых палітычных і стратэгічных умовах”.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы