nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ГІСТОРЫЯ ЗАКАРПАЦЬЦЯ Ў ХХ СТАГОДДЗІ. Частка VІ.

12 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Ігар Макарэвіч

VI

Такім чынам, НЕЗАЛЕЖНАЯ ДЗЯРЖАВА КАРПАЦКАЯ УКРАІНА праіснавала меньш за тыдзень і ў ходзе вайны была анэксавана Вугоршчынай [ Вугоршчына не спынілася на гэтым. 23 сакавіка 1939 г. вугорскія войскі перайшлі мяжу Славаччыны і сталі займаць яе паўднёвыя тэрыторыі. Наноў створаныя аддзелы славацкага войска сталі аказываць вялы супраціў. З абедьвух бакоў у баі была ўведзена авіяцыя ды бронетэхніка. Славакі цярпелі паразу. 28 сакавіка канфлікт быў спынены. Згодна з дамовай, Славаччына перадавала Вугоршчыне памежную паласу сваіх тэрыторыяў шырынёй прыкладна 20 км. – І.М.].  За акупацыйным войскам у Закарпацьце хлынулі вугорскае чынавенства, паліцыя, якія ўсталявалі ў Краі дыктатарскі рэжым адмірала Хорці. Вугорцы пачалі мадзярызацыю. Гарады зноў пераіменавалі на мадзярскі манэр, напрыклад, Ужгарад на Унгвар, Мукачыва на Мункач і т.п. Этнічных украінцаў зноў сталі называць карпацкімі русінамі. Вугорскія ўлады адразу пачалі рэпрэсіі супраць чальцоў праўкраінскіх ды прарасейскіх партыяў.

У верасьні-кастрычніку 1939 г. польская дзяржава спыніла існаваньне і была падзелена паміж Нямеччынай ды Савецкім Саюзам [падзеі 17 верасьня 1939 г. рэдакцыя ацэньвае ня толькі негатыўна; значная частка беларускай этнічнай тэрыторыі была вернута беларускаму народу, а гэта – надзвычай пазітыўная падзея; НЯ БУДЗЕМ НІКОЛІ ГЭТА ЗАБЫВАЦЬ! – Рэд.], такім чынам тэрыторыя Ўкраінскай ССР наблізілася да мяжы акупаванага Закарпацьця. Каб пазьбегчы тэрору многія чальцы праўкраінскіх ды прарасейскіх партыяў вымушаны былі зьбегчы ў Савецкую Украіну. Аднак там іх чакалі арышты, турмы ды растрэлы.

Шмат простых закарпацкіх ўкраінцаў, не прынімаючы вугорскую рэчаіснасьць, імкнуліся пакінуць Закарпацьце. Да вясны 1941 г. некалькі тысячаў жыхароў Закарпацьця перайшлі савецкую мяжу ў Карпатах у пошуках лепшай долі ў Савецкай Украіне. У гэтым адыграла сваю ролю і савецкая прапаганда. Многія паверылі, што УССР – якая ні ёсьць, але ўсё ж такі Україна і там спакайней. Расчараваньне наступіла пазьней, аднак было ўжо позна.

У перадваенны перыяд вугоскія ўлады сталі выпускаць січавікоў з лягераў для ваеннапалонных. Яны накіроўваліся на нямецкую тэрыторыю, дзе былі ўключаны ў склад розных украінскіх вайсковых фармаваньняў пад эгідай ОУН, якія ў час нямецка-савецкай вайны мусілі наступаць у авангардзе нямецкіх войскаў ці праводзіць дыверсійныя акцыі ў тылу Чырвонай арміі. Адным з такіх фармаваньняў, батальёнам “Nachtigal” (“Салавей”),  камандаваў Раман Шухевіч (гл. фота).

З пачаткам нямецка-савецкай вайны вугорскія ўлады сталі праводзіць мабілізацыю “русінаў” ў вугорскае войска, і многія закарпацкія ўкраінцы ў складзе чужога войска былі ўцягнутыя ў чужую вайну. У той час у гарадах Закарпацьця падае ўзровень вытворчасьці, расьце безпрацоўе. Вугорскія ўлады зачыняюць украінскія школы ды пашыраюць рэпрэсіі супраць насельніцтва. За час вугорскай акупацыі з Унгвара (Ужгарада) вывезена каля 10 тысячаў жыхароў, з іх 2417 – у працоўныя лагеры. Пазьней савецкія ўлады выпусьцілі былых “карпатаросаў”, якія выжылі ў турмах і лагерах, прызвалі й мабілізавалі іх у чэхаславацкую прасавецкую армію пад камандай Людвіга Свобады.

Але нацыянальная-вызволная барацьба украінцаў працягвалася. На тэрыторыі Закарпацьця дзейнічала падполльле ОУН, якое ня прызнавала межаў, якімі акупанты штучна падзялілі Ўкраіну. У 1943 г. з моманту ўтварэньня тэрытарыяльных структур УПА, тэрыторыя Закарпацьця (разам з усімі заходне-украінскімі землямі) камандаваньнем УПА была ўключана ў склад Генеральнай вайсковай акругі (ГВА) “УПА-Захід”. З канца 1944 года УПА вяла актыўныя баявыя дзеяньні ў Карпацкіх гарах (у т.л. з боку Закарпацьця) з савецкімі вайскамі і аддзеламі НКВД.

Восеньню 1944 года савецкія войскі выйшлі ў Карпатах на былую мяжу ЧСР. Вайскоўцы чэха-славацкага корпуса пад камандаваньнем Л.Свобады радасна ўсталявалі памежныя слупы Чэха-Славацкай дзяржавы на ўчастках былой мяжы паміж СССР і Закарпацьцем. Аднак лёс Закарпацьця ўжо вырашаўся ў Крамлі. У гэты перыяд надзеі прарасейскіх дзеячоў у Закарпацьці на далучэньне Краю да Расеі атрымалі новы імпульс. У 1944 г. праваслаўныя сьвятары Закарпацьця зьвярнуліся да Сталіна з просьбай аб уключэньні “Карпацскай Савецкай Рэспублікі” у склад СССР. У студзені 1944 г. дэлегацыя духавенства Карпата-Рускай праваслаўнай царквы на чале з ігуменам Феафанам (Собавым) прыбыла ў Маскву, дзе была запрошана на прыём да старшыні Савета па справах Расейскай праваслаўнай царквы пры СНК СССР Карпава. У гутарцы Карпаў намякнуў карпата-рускім сьвятарам, што пытаньне закарпацкага рэгіёна ўжо вырашана і гэта тэрыторыя ўвойдзе ў склад УССР. Дэлегаты выказалі пратэст супраць такога рашэньня і прызвалі да адзінага магчымага, на іхную думку, рашэньня гэтае праблемы – перадаць Закарпацьце ў склад РСФСР. Пры гэтым было заяўлена, што іх народ ня хоча быць а ні чэхамі, а ні ўкраінцамі, і што русіны – гэта рускія, і, маўляў, яны жадаюць быць аўтаномнымі, але ў складзе Савецкай Расеі. Аднак было ўжо позна. У красавіку 1945 года з удзелам прадстаўнікоў ураду Бенеша і чэха-славацкай кампартыі ў Маскве была прынята г.зв. Кошыцкая праграма, якая прыняла новае ўладкаваньне ЧСР як краіны “дзьвух раўнапраўных народаў” і з прадстаўленьнем Закарпакай Украіне аўтаноміі ды правам самастойна вырашыць свой далейшы лёс. Саветы прысьпешвалі “воявыяўленьне” закарпацкіх украінцаў на ўзьяднаньне з УССР, і ў чэрвені 1945 года была падпісана дамова паміж урадамі СССР і ЧСР аб выхадзе Закарпацкай Украіны з складу Чэха-Славаччыны.

————

Вось такім супярэчлівым чынам адбылося ўзьяднаньне Карпацкай Русі з Украінай. Натуральна, гэта была гістарычная падзея, аднак прарасейская савецкая ўлада прынесла шмат бедаў усім украінцам, гэтак сама як і іншым народам Эўропы. Прайшлі гады ўзброенай барацьбы, мінулі часы падпольля, дысідэнтства, стагнацыі ды русіфікацыі. Мо нехта скажа, што тое змаганьне ды вялікія ахвяры былі дарэмнымі, бо бессэнсоўна ісьці ў адкрыты бой зь непараўнальна моцнымі ворагамі. Аднак гераізм і рамантызм той эпохі не забыты і пакладзены ў аснову пераменаў ва Украіне ў 1990-я гады ды ў нашыя дні.

На прыкладзе падзей у Закарпацьці (ды Заходняй Украіны ў цэлым) у 1918–20 гг. ды ў 1938–39 гг. прасочваецца прынцыповае падабенства з падзеямі ў Беларусі ў 1918–20 гг. (БНР) ды ў 1941–44 гг. (спроба стварэньня ўласнага войска). Праўда, у адрозняньне ад Беларусі, украінскім актывістам у Закарпацьці пашанцавала ў тым, што яны мелі магутную падтрымку Заходняй Украіны і ўкраінскай дыяспары ў Эўропе ды Амерыцы. Змагарам за незалежнасьць Беларусі ня было каму дапамагчы, што змаглі, тое зрабілі сваімі сіламі.

І апошняе. Вынікае так, што калі Мюнхен стаў пралогам II Сусьветнай вайны, то ў Закарпацьці прагучалі яе першыя залпы, а заходнія ўкраінцы першымі аказалі ўброены супраціў агрэсарам. Здаецца, аднак, што гісторыя вучыць таму, што нічому ня вучыць. Чаму ў крытычныя часы адны змагаюцца да канца (заходнія ўкраінцы, палякі, фіны), а іншыя, маючы для адпору ўсё, здаюцца бяз бою (напр. чэхі, французы)?… Чаму адні славяне прыгнятаюць іншых славянаў – сваіх братоў (палякі – украінцаў ды беларусаў, чэхі – славакаў ды карпацкіх украінцаў, сербы – харватаў ды славенцаў, а ўжо што вырабляюць маскалі…), і тым ствараюць сабе ворагаў? А ў выніку і тыя, і другія становяцца ахвярамі агрэсіўных імперый… Чаму вялікія дэмакратыі да пэўнай пары ЎПАРТА НЕ ЖАДАЮЦЬ ЗАЎВАЖАЦЬ ЗЛО, ставяцца да яго паблажліва, супакойваюць сябе ды іншых і не дапускаюць барацьбы з гэтым злом, а калі становіцца позна, яны кідаюць на сьмерць у змаганьні зь ім тысячы сваіх ды, што нярэдка, чужых салдат? Здаецца, адказу на гэтыя пытаньні няма і сёньня…

Скарыстаная літаратура:

1. Петро Цісарський. Жорсткий час.- ПАІС. Львів, 2004.
2. Петро Мірчук. Степан Бандера. Символ революційної безкомпромісовости. Хмельницький: Поділля, 1992.
3. С. Ткаченко. Повстанческая армия. Тактика борьбы. ХАРВЕСТ  АСТ. Минск – Москва, 2000.
4. Ю. Мухин. Крестовый поход на восток. “Жертвы” Второй мировой. ЯУЗА, ЭКСМО. Москва, 2004.
5. Л. Безыменский. Гитлер и Сталин перед схваткой. ВЕЧЕ. Москва, 2000.
6. С. С. Хромов (гл. ред.). Гражданская война и военная интервенция в СССР. Энциклопедия. СОВТСКАЯ ЭНЦИКЛОПЕДИЯ. Москва, 1987.
7. О. Ларионов (гл.ред.) Авиация и время. Журнал № 1(33), Киев, 1999.
8. А. Гогун. Между Гитлером и Сталиным. Украинские повстанцы. Издательский Дом «Нева», 2004.
9. О. Іванов. Мукачеве. Істория-культура-турізм. Тернопіль. 2004.
10. О. Іванов. Ужгород. Істория-культура-турізм.Тернопіль. 2004.
11. О. Іванов. Жовківщина. Істория– культура – туризм. Тернопіль. 2004.
12. Ю. Лоза. Україна. Історичний атлас. 9 клас. Видавництво «Мапа». Київ.
13. Е. Е. Ширяев. Беларусь: Русь Белая, Русь Чёрная и Литва в картах.- Мн.: Навука і техніка, 1991
14.  С. Чуев. Украинский легион (На стороне Третьего рейха). – М.: Яуза, 2006 .

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы