nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯ і НАРОД: ПАПУЛЯЦЫЙНА-ЭКАЛАГІЧНАЯ АБ’ЕКТЫЎНАСЦЬ (кБНІ)

15 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Мы працягваем прэзентацыю матэрыялаў канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (18-19 красавіка 1999 г., Гародня). На гэты раз прадстаўляем два артыкулы з раздзела «Біялагічны аспект». Першы зь іх, які прадстаўлены ніжэй, належыць Валянціну Лучко.
Рэдакцыя.

Спытайце вучонага-«гуманiтарыя»: чым канкрэтна «нацыя» адрознiваецца ад «народа»? Чаму чачэнцы ў колькасцi менш за 400 тысяч чалавек – гэта нацыя, а якуты ў колькасцi звыш 300 тысяч чалавек – «народ» i не больш? [цяпер распаўсюджаны зьвесткі, што тых і тых прыкладна па мільёну – Рэд.] Упэўнены, што адказ будзе неканкрэтна-шматслоўным… Бiёлаг-эколаг адкажа пэўна i дакладна, бо адказы на такiя i падобныя пытаннi даўно ёсць у класiчных падручнiках па экалогii.

Чалавек для паразумення з другiм чалавекам (альбо спецыяльна для непаразумення) выкарыстоўвае розныя словы-тэрмiны. У навуковым асяроддзi яны маюць канкрэтны сэнс i азначаюць канкрэтныя з’явы знешняга i ўнутранага жыцця чалавека. Напрыканцы XX стагоддзя вельмi шырока ўведзены ў абыходак паняцце «экалогiя» i яе тэрмiны. З пункту гледжання бiёлага гэта можна толькi вiтаць. Але словы навуковыя нясуць дакладную iнфармацыю, на якую большасць людзей не зважае i карыстаецца навуковымi тэрмiнамi дзе трэба i дзе не трэба. Выходзіць, што дадатковае выкарыстанне слоў-тэрмiнаў часам «засмечвае» нашу мову, стварае «iнфармацыйны шум» i нават тармозiць успрыманне аб’ектыўных  паняццяў.

Важна аб’ектыўна разгледзець суадносiны экалагiчных навуковых тэрмiнаў: папуляцыя, дамiнавальная папуляцыя, мiгранты –  i тэрмiнаў палiтычна-грамадскiх: народ, нацыя, эмiгранты i iмiгранты.

Непасрэдна ж вызначым найважнейшы тэрмiн – «папуляцыя». Папуляцыя  (ад лац. populus – народ) ёсць група iстотаў пэўнага вiду, якая iснуе на канкрэтнай тэрыторыi працяглы час (звыш 3-4 пакаленняў), унутры якой магчымыя адносна свабодныя ўзаемаадносiны, накіраваныя на пакіданне нашчадкаў, i якая ў той ці іншай ступені iзаляваная ад суседніх групаў істотаў таго ж віду. На тэрыторыю, дзе ўжо даўно iснуе папуляцыя, могуць пранiкаць, мэтанакiравана цi выпадкова, асобiны альбо групы асобiнаў iншых папуляцый i ствараць дадатковую колькасць iстотаў дадзенага вiду – гэта «мiгранты»,  а дакладней «iмiгранты». Адчуваеце сувязь альбо тоеснасць з чалавечым грамадствам?!

Народ – гэта папуляцыя віду Homo sapiens (Чалавека разумнага, быццам бы?). Насельнiцтва пэўнай тэрыторыi складаецца з народаў (папуляцый) i iмiгрантаў. Колькасна чалавечыя папуляцыi могуць быць вельмi рознымi – ад некалькiх дзясяткаў асобiнаў (племя альбо iзалят) да дзясяткаў мiльёнаў (вялiкi народ альбо суперпапуляцыя). Тэрыторыi, на якiх размешчаны сярэднiя i вялiкiя народы, у апошнi час звычайна добра iзаляваныя, маюць дакладна вызначаныя межы i называюцца «дзяржавамi». Колькасныя суадносiны папуляцый i мiгрантаў таксама могуць быць рознымi. Так, iмiграцыя еўрапейцаў у ХVІІІ – ХІХ стагоддзях на тэрыторыi Паўночнай Амерыкi i Аўстралii ў некалькi разоў пераўзыходзiла колькасць карэнных жыхароў (мясцовых папуляцый). Мiгранты  праз некалькі пакаленняў пражывання на пэўнай тэрыторыi ўтвараюць новыя папуляцыi альбо злiваюцца з карэннымi.

Iзаляцыйнымi фактарамi для народаў з’яўляюцца не столькi тэрытарыяльныя, колькi культурна-бытавыя, рэлiгiйныя i самаiдэнтыфiкацыйныя межы. Як бачым, для станаўлення любой папуляцыi Н.sapiens патрэбна не менш за 3-4 пакаленні, гэта значыць 60-90 гадоў.

А дзе месца «нацыi»? Бiялагiчны вiд мае, як правiла, дамiнантныя i субдамiнантныя папуляцыi. У чалавечым аспекце «нацыя» ёсць дамiнантны народ (г.зн. народ, якi вызначае, падпарадкоўвае, пануе). У большасцi выпадкаў назва нацыi вызначае назву дзяржавы альбо iдзе на першым месцы сярод назваў народаў дзяржавы ці краiны-iмперыi. Нацыя як дамiнантная папуляцыя iснавала на ўсiм вядомым адрэзку гiсторыi чалавецтва, асаблiва выразна выяўляючыся ў iмперыях. Напрыклад, у Рымскай iмперыi нацыяй былi лацiняне (рымляне), у Расiйскай iмперыi – рускiя, у Брытанскай iмперыi – англiчане. Колькасна нацыя можа пераўзыходзiць iншыя народы дзяржавы (Расiя, Кiтай), а можа быць i меншай (Рымская, Брытанская iмперыi). У дзяржаве нацыяй можа быць толькi адзiн, дамінавальны народ!

Давайце паглядзім на гiсторыю тэрыторыi Беларусi праз папуляцыйна-экалагічную прызму:
–  Полацкае княства: крывiчы як дамiнавальны народ – нацыя;
– Вялiкае княства Лiтоўскае, Рускае i Жамойцкае: лiцвiны з’яўлялiся нацыяй, а рускiя (былыя крывiчы i русь) ды жамойты – падпарадкаванымi народамі;
–   Рэч Паспалiтая: палякi – нацыя; лiцвiны, рускiя i жамойты – проста народы;
–  Расiя: рускiя (былыя маскоўцы, цi маскалi) – нацыя; палякi, беларусы (былыя лiцвiны i рускiя), лiтоўцы (былыя жамойты) i iншыя – народы;
– Савецкi Саюз: рускiя – нацыя, усе iншыя – народы.

Тэзiс аб СССР як «дзяржаве многiх нацый» такi ж памылковы, як i гiпотэза марксiзму аб выключнасцi класавай барацьбы ў разьвіцці чалавецтва i магчымасцях пабудовы камунiстычнага грамадства. Барацьба памiж разнастайнымi групамi людзей (i «класамi» ў тым лiку) была, ёсць i будзе, але трэба iмкнуцца, каб гэтая барацьба не была агрэсiўнай, не прыводзiла да гвалту.

На сучаснай тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь пастаянна пражывае насельнiцтва (грамадзяне), якое складаецца з беларускага, рускага, польскага i iншых народаў, а таксама мiгрантаў. Апошнiя прыехалi сюды нядаўна (у межах 60 гадоў) i не злiлiся з карэннымi папуляцыямi. Рэспублiка Беларусь, якая ўтворана ўсяго некалькi гадоў таму, па iнэрцыi абставiн мае нацыю ў выглядзе рускага народу савецкай накiраванасцi. Рэальная спроба БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ (не савецкай накiраванасцi) стаць нацыяй на гэтай тэрыторыi доўжыцца некалькi гадоў i пакуль не рэалiзавалася толькi з-за знешняга фактару – дамiнанты Расii. Як пры далейшым працэсе адноснага аслаблення Расii, так i пры працэсе ўзрастання нацыянальнай самасвядомасцi беларускага народа станаўленне беларускай нацыi аб’ектыўна АМАЛЬ НЕПАЗБЕЖНАЕ. Беларускi народ – сталая, у бiялагiчным сэнсе, папуляцыя (вынік злiцця ў асноўным лiцвiнаў i русінаў ВКЛ у ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях), якая мае моцныя нацыянальныя гiстарычна-дзяржаўныя каранi: крывiчы i лiцвiны. Сталы i шматлiкi (больш васьмі мiльёнаў) народ можа хутка стаць маладой нацыяй, прычым надоўга.

Сталасць папуляцыi звычайна замацоўваецца на генетычным узроўнi [фармуецца сьпецыфічны  збаланаваны і высока стабільны генафонд папуляцыі – Рэд.]. Сучасныя навуковыя даследаваннi яскрава выявiлi высокую ступень генетычнай аднароднасцi па шэрагу паказчыкаў  папуляцыi (народу) беларусаў ад іншых народаў як у межах Рэспублiкi Беларусь, так i Беластоцкiм рэгiёне Польшчы i ў Смаленска-Бранскiм рэгiёне Расii.

Устойлiвасць беларускага народу як сталай папуляцыi абумоўлена комплексам экалагiчных фактараў. Мы – беларусы – трывала займаем сваю «экалагiчную нiшу» памiж такiмi вялiкiмi народамi, як палякi i рускiя (звыш 40 млн. і каля 100 млн. асобiн адпаведна). Чаму трывала? Добра вядома, што геаклiматычныя фактары рэзка змяняюцца па геаграфiчнай шыраце (з поўначы на поўдзень) i слаба – па геаграфiчнай даўгаце (з захаду на ўсход). Бiялагiчны вiд Homo sapiens шчыльна засялiў усе даступныя куткi планеты ўжо звыш 10 тысячаў гадоў таму, i яго разнастайнасць (у выглядзе папуляцый) звычайна ўстойлiва падтрымлiваецца пры рэзка зменлiвых геаклiматычных фактарах у горных раёнах Зямлi, астраўных рэгiёнах, у кiрунку поўнач – поўдзень. На адносна раўнiнных тэрыторыях кантынентаў з захаду на ўсход для ўстойлiвасцi розных папуляцый (народаў, народнасцяў, плямёнаў) недастаткова геаклiматычных фактараў. Таму яе вялiкасць Прырода выкарыстоўвае больш рухомы, але таксама досыць надзейны структуравальны фактар — псiха-фiзiялагiчны, якi праяўляецца ў эмоцыях, мове, паводзiнах, стылi працы i т.п. Псiха-фiзiялагiчны статус народаў з захаду на ўсход паводле пэўнага фактару носiць хвалевы характар (як i ўсе бiялагiчныя працэсы). У Еўропе папуляцыя эмацыянальна адкрытых, экстравертных французаў мяжуе з менш эмацыянальна адкрытымi, інтравертнымі немцамi, затым iдуць палякi (блiжэй да французаў, чым да немцаў па эмацыянальнай адкрытасцi), беларусы (блiжэй да немцаў), рускiя (блiжэй да французаў i палякаў).

Канешне, грамадская цывiлiзаванасць (г.зн. здольнасць хутчэй i мацней канцэнтраваць i распаўсюджваць энергiю i iнфармацыю) трохi нiвелюе бiялагiчныя адрозненнi ў папуляцыях Чалавека, але ў цэлым гэтая хвалiстая зменлiвасць азначае, што памiж эмацыянальна блiзкiмi народамi-канкурэнтамi, напрыклад рускiм i польскiм, заўжды будзе iснаваць рэальная прастора, своеасаблівая «сацыяльна-экалагiчная нiша» для народу, якi адрознiваецца паводле пэўнага фактару (беларусы).

Пры гэтым МОВА З’ЯЎЛЯЕЦЦА ВЫНІКАМ, А НЕ ПРЫЧЫНАЙ IСНАВАННЯ НАРОДА. Яна не ёсць гарантыя iснавання народа, але служыць выдатным фактарам для ўстойлiвасцi ў гiстарычным часе i абавязковым атрыбутам нацыi.

Папуляцыя можа пераходзiць у дамiнантны стан адносна iншых, страчваць сваю дамiнантнасць i зноў станавiцца дамiнантнай. Узаемапераходы «народ – нацыя» iлюструюцца на прыкладзе суседнiх прыбалтыйскiх народаў. Так, сучасныя летувісы – нацыя, а ў складзе СССР былi народам, якi памятаў, што з 1918 па 1940 год быў нацыяй (хоць i на значна меншай тэрыторыi са сталiцай Каўнасам). У Расii летувісы былi народам, у ВКЛ пад назвай «жамойты» таксама былi народам цi народнасцю. Пераходы «народ – нацыя» вельмi хуткiя ў бiялагiчным часе: ад аднаго-двух да дзясяткаў гадоў.

СЛОВА-ПАНЯЦЦЕ «НАЦЫЯ» МАЕ КРЫШТАЛЬНА ЧЫСТЫ I ТРЫВАЛЫ БIЯЛАГIЧНА-САЦЫЯЛЬНЫ СЭНС, з’яўляючыся азначэннем найвышэйшай формы развiцця народаў i iх лепшых прадстаўнiкоў. Нiякi псеўданародны лiдар-касмапалiт нiколi не зможа злiквiдаваць цi падмянiць гэтае паняцце iншым: яно – вечная аб’ектыўная каштоўнасць, як будзе вечным род Людскі.

Высновы:

Паняцці «нацыя» і «народ» адлюстроўваюць аб’ектыўную біясацыяльную сутнасць структуравання чалавецтва.

Ніякі псеўданародны лідар-касмапаліт не здольны зняважыць гонар нацыяналіста як элітарнага  прадстаўніка  адпаведнага народу.

Ад рэдакцыі: Валянцін  Лучко – кандыдат біялагічных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы; на час правядзеньня канферэнцыі старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыі БСДГ (Гародня).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы